Назад

№39.
Жменька ўспамінаў з 1863 года
Людвіка Радзевіч

Людвіка Ямант (па мужу Радзевіч) нарадзілася каля 1840 года ў Вільні ў прагрэсіўнай сям'і, члены якой былі цесна звязаны з нацыянальна-вызваленчым рухам Беларусі і Літвы сярэдзіны XIX стагоддзя. Брат Людвікі — Іосіф Ямант (вучыўся разам з Кастусём Каліноўскім у Пецярбургскім універсітэце) на заключным этапе паўстання 1863–1864 гадоў на Беларусі і Літве быў рэвалюцыйным камісарам Мінскай губерні. Сястра Людвікі — Алёна (нявеста саратніка К. Каліноўскага Цітуса Далеўскага) прымала актыўны ўдзел у рабоце віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі, актыўным членам якой была таксама Людвіка Радзевіч.

Летам 1863 года ў доме Ямантаў у Вільні пасля прыезду з Гродна пасяліўся Кастусь Каліноўскі. Тут адбылося яго знаёмства яшчэ з адной сястрой Людвікі, Марыяй, якой Кастусь Каліноўскі потым прысвяціў верш "Марыська чарнабровая, галубка мая...". (Адзіны, які ўцалеў і дайшоў да нас).

Успаміны Л. Радзевіч напісаны, відаць, пасля вяртання з ссылкі ў пачатку XX стагоддзя. Засталіся неапублікаванымі. Рукапіс захоўваецца ў бібліятэцы імя Асалінскіх у Вроцлаве (Польшча). Публікуемы ўрывак з успамінаў Л. Радзевіч цікавы тым, што дадае невядомыя штрыхі да дзейнасці як самога К. Каліноўскага, так і блізкіх да яго на апошнім этапе паўстання людзей — Караліны Яцыны і Ядвігі Макжыцкай. Яны добра перадаюць атмасферу апошніх дзён паўстання 1863–1864 гадоў.

Кожнае слова пра Кастуся Каліноўскага, напісанае рукой яго сучаснікаў і паплечнікаў, нам, яго нашчадкам, дарагое тым, што дадае новыя рысы да вобраза нацыянальнага героя, 150-годдзе з дня нараджэння якога мы сёлета будзем адзначаць.

Вячаслаў Шалькевіч.

Аднойчы раніцай я была разбуджана весткай, што ноччу зграя жандараў нечакана з'явілася ў доме маіх бацькоў і пасля стараннага вобыску1 ўсіх, хто быў там, пачынаючы з брата Юзэфа, арыштавалі, а дом апячаталі. Забралі бацьку і маці, людзей пажылых, вядомых і паважаных у горадзе, тры сястры: Марыю, Алену і Схаластыку (яшчэ непаўналетнюю), а таксама служанку Карусю. У апошні час маці, апасаючыся лішніх сведак дзейнасці і сувязей сына Юзэфа, выправіла мужчынскую прыслугу, а з жаночай пакінула толькі адну дзяўчыну. Маці не згадзілася на жаданне Юзэфа жыць асобна ад сям'і, як ён таго хацеў для бяспекі бацькоў.

Штохвілінна прыходзілі новыя, хутчэй трагічныя весткі.

Адначасова (з бацькамі) быў арыштаваны і Канстанцін Каліноўскі, які жыў пад прозвішчам Вітажэнца ў былых універсітэцкіх будынках, што прымыкалі да касцёла Св. Яна. Яго кватэру з асцярожнасці наведвала абмежаваная колькасць людзей, паколькі асоба яго — важная для справы — выключна аберагалася. Для сувязі з ім, дастаўкі яму і адсылкі яго карэспандэнцыі выдзелена была (арганізацыяй) цудоўная дзяўчына — Караліна Яцына.

Нечуваная па маштабу здрада Парфіяновіча ўскалыхнула ўсю Вільню. Немагчыма пералічыць усіх ахвяр, звязаных з ёю. Сярод іншых два браты Каліноўскія, сыны дырэктара дваранскага інстытута ў Вільні, Сілістроўскі Казімір, студэнт універсітэта, і столькі іншых, што нават знаёмых і родных — не ўсіх помню. З мінскай арганізацыі Аскерка, Свіда…

Цяжка сабе ўявіць больш страшнае становішча. Поўная разгубленасць у гэтым моры смутку і болю. Нялёгка было арыентавацца ў тых незлічоных ударах, што абрушваліся на горад. Каго аплакваць мацней? Каму больш спачуваць у няшчасці? Аб якой-небудзь дапамозе, акрамя дастаўкі ежы і задавальнення самых неабходных жыццёвых патрэб арыштаваных (нават далёка не ўсіх сваякоў), у той час нельга было і марыць.

У Кастуся Каліноўскага (жандары) спадзяваліся знайсці важныя дакументы, якія, дарэчы, захоўваліся ў полай ножцы яго стала; аднак у момант вобыску яе не знайшлі, відаць, аб ёй не ведалі, а калі назаўтра жандары прыйшлі зноў, яна ўжо была пустая. Падвяргаючы сябе вялікай небяспецы, Яцына іх апярэдзіла.

У той жа дзень прыйшла да мяне развітацца, бо была ўпэўнена, што, вярнуўшыся дамоў, сустрэне жандараў. Прадчуванне не падманула яе! Гэта была наша апошняя сустрэча, бо неўзабаве пасля вяртання з Сібіры, дзе яна выйшла замуж за паляка Саковіча, Яцына памерла якраз перад самым нашым прыездам з ссылкі. Яе дачка Алена засталася ў Пярмі, далейшы лёс яе мне невядомы.

Дзейнасць Кастуся Каліноўскага, гэтай трагічнай ахвяры, добра вядома не з аднаго сачынення. Ён узвышаўся над іншымі не столькі з пункту гледжання вышэйшага становішча, якое займаў у рэвалюцыйнай арганізацыі, колькі як чалавек жалезнай сілы характару. Таму не буду спецыяльна спыняцца на паўтарэнні вядомых фактаў, падкрэслю толькі, што яго слава заслужана выключна дзейнасцю, а ў нашай сям'і ён быў надзвычай любімы за свае маральныя і душэўныя якасці.

Паколькі не меў у Вільні блізкіх, а сябры не маглі клапаціцца аб важных палітычных зняволеных, таму што гэта магло выклікаць ускладненне адносін, апеку над ім, наколькі гэта было магчыма, на выключна строгіх умовах, узяла на сябе асоба надзвычай дзейная ў той час, калі размова ішла аб дапамозе найбольш важным палітычным зняволеным, удава Ядвіга Макжыцкая2. Жанчына элегантная, немаладая, адукаваная, добра выхаваная, у сціплым адзенні, яна заўсёды знаходзіла магчымасць пракладваць шляхі там, дзе іншыя не маглі і падступіцца. Яе сэрца заўсёды рвалася на дапамогу тым асуджаным людзям, нават калі асабістае знаёмства з імі было самым нязначным.

Не прыпамінаю цяпер, як яна атрымала права дастаўкі Каліноўскаму неабходных рэчаў. Наладзіла пры дапамозе хабару жандарам магчымасць абмену сакрэтнымі запіскамі ў інтарэсах зняволеных, сярод якіх мела блізкіх знаёмых.

Вядома, тыя запіскі не мелі сапраўдных тайн, таму што на такую вялікую жандарскую паслужлівасць ніхто не спадзяваўся. Як высветлілася потым, асцярожнасць не была залішняй, бо былі доказы, калі запіскі, аплачаныя па 10 рублёў, часта траплялі да “нявіннага” Лосева (палкоўніка жандармерыі — В.Ш.) і толькі потым адрасату. У адной з гэтых запісак, якая несла няшчаснаму слабое дыханне жыцця і падтрымлівала ілюзорную сувязь з тым светам, куды ўжо не меў надзеі вярнуцца, помню яго (Каліноўскага — В.Ш.) словы: "Зайздрошчу свабодзе нават той вароны, якую са свайго акна бачу на снезе".

Макжыцкая, захоўваючы выключную асцярожнасць, хаця ўвогуле грэбавала асабістай бяспекай, старалася не паказваць сваю дасведчанасць пад маскай прастаты і наіўнасці ў палітычных справах. І хаця гэтым засцерагала сябе ад праследаванняў, бывалі выпадкі, калі яе выклікалі ў следчую камісію для тлумачэнняў. Зразумела, гэта былі размовы сумнага зместу, якія яна нам перадавала пасля вяртання з камісіі. Гэта быў сапраўдны паядынак дзвюх сіл з узаемным імкненнем ашукаць праціўніка. З аднаго боку, "дабрата і шчырасць" Лосева, з другога — "наіўнасць і прастата" Макжыцкай, пры дапамозе якой тая перамагала. Найлепшае сведчанне гэтаму выдаў сам "майстар хітрасці" (Лосеў — В.Ш.). Аднойчы пасля дарэмных, безвыніковых намаганняў звярнуўся да Югана (жандарскі паручнік — В.Ш.), які з цікавасцю пры­слухоўваўся да размовы, сказаў раздражнёна і стомлена: "Comme elle est fin!"3 А можа быць, гэта быў жаль, што не меў дастатковых падстаў адправіць яе на шыбеніцу!

Публікацыя паводле: Голас Радзімы. – 1988, №1(2039).