Назад

№17.
[1863 г. Чэрвень - жнівень.] - Пісьмо ад Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай
"Пісьмо..." – дакумент неадназначны, спрэчны. З'явіўся ўлетку 1863 г. у выглядзе лістоўкі. Подпіс "Яська гаспадар з-пад Вільні", быццам бы, дазваляе аднесці яго да спадчыны Каліноўскага. Агульны пафас і моўная стылістыка таксама вельмі нагадваюць вядомыя творы беларускага рэвалюцыянера. Але ў той жа час асобныя пасажы (у нацыянальным пытанні) рэзка разыходзяцца з прынцыпамі, якія вынікаюць з іншых ягоных твораў. Таму многія даследчыкі небеспадстаўна ставяць пад сумнеў аўтарства Каліноўскага, гавораць аб магчымай падробцы з боку цэнтральнага паўстанцкага ўрада. Больш падрабязна на гэты конт гл.: Генадзь Кісялёў "Здарэнне з Яськам-гаспадаром"

ПІСЬМО АД ЯСЬКА-ГАСПАДАРА С-ПАД ВІЛЬНІ ДА МУЖЫКОЎ ЗЯМЛІ ПОЛЬСКАЙ.1

Пісьмо ад Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай. ФаксімілеДзецюкі!

Калі Бог даў мне розум, то я вам буду радзіць, як рабіці трэба, каб было па справядлівасці і па праўдзе, а калі вы маеце розум, то мяне паслухаеце.

Як толька запамятаюць нашыя бацькі, маскаль* жыў адно ашуканствам і нячыстаю сілаю. Пакасаваў ён усё добрае, а ўстанавіў, што адно можа выдумаць чартоўская хітрасць. Былі малыя падаткі, а ён, горла яго нясытае, устанавіў вялікія, якіх няма на цалюскам свеце; былі прывілеі Каралёў Польскіх, а цяпер гдзе яны? Сыноў нашых бяруць у рэкруты да і гоняць чорт ведае гдзе, каб прападалі марне, як сабакі. Народ гіне, не мае чым пражыці, [а яны] рвуць, як могуць, нігдзе не найдзеш ніякай справядлівасці. Скасавалі нашу Уніяцку Веру, адарвалі нас сілаю ад праўдзівага Бога, уагналі ў вечнае патэнпенне*. Пад Севастопалем калі Пранцуз* прыняволіў Маскаля* даці нам вольнасць, то ён адно ашуканствам займаўся. Прайшло шэсць лет, і мы ніякай вольнасці і ў очы не бачылі. Цяпер, калі Ронд* Польскі аб'явіў, што зямлю мужыкоў панскіх і казённых аддае на вечнасць мужыкам, а хто не мае зямлі і пойдзе да паўстання — той дастане найменш тры моргі*, то цар маскоўскі выдаў Маніфест, што мужык мусіць плаціць кожны рок* вялікія грошы за сваю зямлю, што Ронд* Польскі ім ужэ аддаў.

Дзецюкі, калі цяпер Ронд* Польскі, падняўшы паўстанне проціў маскаля*, дае нам зямлю, справядлівую вольнасць і Веру нашых Бацькоў, калі Пранцуз*, Англічанін і цэлы свет ідзе нам памагаці, калі, як шырока зямля наша, народ — хто са стрэльбаю, а хто з касою ідзе на адвечнага нашага непрыяцеля, маскаля* паганага, калі маскаль* ад нашых кос агнём уцякае, ці ж мы, дзецюкі, сядзеці будзем? Мы, што жывемо на зямлі Польскай, што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі з вякоў вечных. Трэба, нарэшце, і нам прыйсці да таго розуму, што адно сілаю да й касою даб'ёмся справядлівай вольнасці і веры нашых дзядоў і прадзедаў.

Даволі, дзецюкі, ужэ ждаці, настаў ужэ час, Божы час. Хто за Рондам* Польскім, таму праўдзівая вольнасць, хто проціў яго — таму вечная няволя на гэтым і вечнае патэнпенне* на тамтам свеце! Выберайце, што каму лепшае.

Што да мяне, то я Вам, дзецюкі, кажу: бярэце за косы. Гэта мая рада, а навекі расстанемся з маскалём* паганым, з яго здзерствам*, з яго сызмаю*, з яго рэкрутчынаю, з яго сабачымі памерамі і аброкамі.

ЯСЬКА гаспадар с-пад Вільні

Публікацыя паводле: Album Pamiątek Roku 1863. – Lwów, 1913.