
Жыццё Дмахоўскага
Гэты чалавек уславіў сябе як таленавіты скульптар і адважны змагар за волюПаўстанне 1863 года. Чалавек, прызначаны камісарам Дзіснянскага павета, узначальвае атрад паўстанцаў. У сутычцы з царскімі войскамі ў яго трапілі восем куль. Звалі гэтага чалавека Генрых Дмахоўскі, у свеце ён больш вядомы як Генры Д.Сандэрс.
Нарадзіўся Генрых у 1810 годзе ў сям’і сакратара Адукацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. Месца яго нараджэння дакладна невядома. Адны крыніцы сцвярджаюць, што ён з’явіўся на свет у Вільні, другія – што ў маёнтку бацькі Заблуддзе Браслаўскага павета. Рос Генрых без маці, якая памерла, калі ён быў яшчэ немаўля.
Прыроджаныя мастацкія здольнасці паспрыялі таму, што ў часе вучобы на прыродазнаўчым факультэце Віленскага універсітэта Дмахоўскі браў прыватныя ўрокі ў скульптара Казіміра Ельскага і вучыўся жывапісу.
Французская рэвалюцыя 1830 года стала іскрай, якая запаліла ўзброенае паўстанне ў Рэчы Паспалітай. Генрых Дмахоўскі, як і большасць моладзі, далучыўся да паўстанцаў, а пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Парыж. Тут ён зблізіўся з замежнымі дэмакратычнымі арганізацыямі, асабліва з італьянскімі карбанарыямі. Пэўна, менавіта яны падказалі нашым землякам ідэю партызанскай экспедыцыі, якая павінна была прывесці да паўстання на тэрыторыі Расійскай імперыі. Арганізатары экспедыцыі рабілі стаўку на шырокі сялянскі рух. Яны спадзяваліся адцягнуць такім чынам увагу "жандара Еўропы", якім у той час з’яўлялася Расія, ад рэвалюцыйных падзей у Заходняй Еўропе. Разлік быў на тое, што пасля перамогі ў Італіі карбанарыі дапамогуць ім у барацьбе супраць царскага самаўладдзя. Маючы гэтыя дадзеныя, аўстрыйскія ўлады арыштавалі Дмахоўскага. Суд прыгаварыў яго да пяці гадоў зняволення ў крэпасці Куфтайн. Генрых адбыў у ёй з 1834 па 1841 гады. Пасля вызвалення з турмы Дмахоўскі накіроўваецца ў Францыю і вучыцца ў мастацкай школе, наведвае майстэрні вядучых скульптараў. У 1846 годзе полымя нацыянальных рэвалюцый зноў разгараецца па ўсёй Еўропе. Дмахоўскі едзе ў Львоў, і тут у вулічных баях быў цяжка паранены асколкам. Пакуль Генрых лячыўся, рэвалюцыйны рух быў падаўлены. Зноў Парыж, майстэрня, атмасфера рэакцыі... Генрых вырашыў пакінуць Еўропу. У 1852 годзе ў Злучаных Штатах Амерыкі з’яўляецца скульптар Генры Д.Сандэрс. Хутка ён становіцца настолькі вядомым, што яму заказваюць для будынка кангрэсу (у Вашынгтоне) бюсты Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэферсона, Бенджаміна Франкліна, Тадэвуша Касцюшкі. Гэта шчаслівыя гады Генрыха Дмахоўскага. У яго ёсць сям’я, слава, павага акружаючых. У гэты час ён робіць медальён з сілуэтамі пакараных смерцю дзекабрыстаў, бюст Л.Кошута, скульптурную групу "Гарыбальдзі з воінамі". Але лёс не пашкадаваў яго сям'ю – паміраюць жонка і дзеці. Пахаваны яны ў Філадэльфіі, дзе над магіламі асірацелы Генрых паставіў помнік, выкананы са снежна-белага мармуру. Сям'я – адзінае, што ўтрымлівала Генрыха ў Злучаных Штатах. Да таго ж пасля смерці Мікалая І была аб’яўлена амністыя палітычным злачынцам. Дмахоўскі падае прашэнне аб дазволе вярнуцца на радзіму. Амаль чатыры гады цягнулася чыноўніцкая валынка, і толькі ў траўні 1861 года Генрых змог вярнуцца ў родныя мясціны. Адразу пасля прыезду за ім устанавілі сакрэтны паліцэйскі нагляд. Хаця ні ў чым заганным заўважаны ён не быў, але супраць яго прозвішча жандары пазначылі: "недабранадзейны". Далейшыя падзеі паказалі, што яны мелі рацыю. Дмахоўскі адкрывае скульптурнае атэлье ў Вільні. Тут ён працягвае займацца сваёй любімай творчай справай. Сярод найлепшых твораў, зробленых у гэты час, – мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл, фігура святога Уладзіслава для віленскай катэдры, помнік Уладзіміру Сыракомлю. Яго талент і веды атрымоўваюць прызнанне, грамадства абірае правадзейным членам Віленскай археалагічнай камісіі. У сакавіку 1863 года на Беларусі і Літве ўспыхнула паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Дмахоўскі ўдзельнічаў у яго падрыхтоўцы, быў прызначаны камісарам Дзісненскага павета. Ён фарміруе атрад паўстанцаў, і вымушаны сам яго ўзначаліць. У адным з першых баёў з царскімі войскамі ён загінуў. Напэўна, ворагі апазналі ў ім кіраўніка, бо па сведчанню відавочнікаў цела яго было зрашэчана кулямі. Здарылася гэта 26 мая 1863 года каля вёскі Парэчча (сучасны Барысаўскі раён). Было таленавітаму скульптару і адважнаму змагару 53 гады.