Назад

З Ражджаством Хрыстовым!

Зацемка

Недзе год таму, чытаючы газеты, натрапіў быў на невялічкую зацемку, у якой паведамлялася, што свята Нараджэння Хрыстовага прапануецца называць па-беларуску “РАЖДЖАСТВОМ”. Прызнаюся, тады я палічыў гэта за нейкі недарэчны жарт. У хуткім часе забылася і назва газеты, якую тады чытаў, і загаловак артыкула, і прозвішча аўтара. Ніколі б, напэўна, не ўспомніўся і сам той выпадак. Аднак, зусім нядаўна, напрыканцы снежня, узяў у рукі паштоўкі, каб павіншаваць сваіх родных і знаёмых са святамі. Што й казаць, срэбны віншавальны надпіс на прыгожай, добра выкананай паштоўцы агаломшыў: “З Новым Годам і Ражджаством Хрыстовым!”. Вось табе і недарэчны жарт.

Навошта? Каму патрэбна ўводзіць бязглуздыя неалагізмы аднолькава чужыя як беларускаму вымаўленню, так і беларускаму слыху?!. Беспадстаўнае запазычанне іншаземных слоў — засмечванне сваёй мовы. Няўжо так цяжка гэтае ўсвядоміць? Пагляньце, як жорстка змагаюцца французы супраць англамоўнай экспансіі.

І няпраўда, што ў беларускай мове няма адпаведніка рускаму Рождеству. Адвеку нашыя продкі называлі яго — адно з найгалоўнейшых хрысціянскіх святаў — Калядамі. Дык чаму мы павінны раптам выдумляць нешта новае?

Каляды — колішняе язычніцкае свята, прысвечанае зімоваму сонцастаянню. Менавіта колішняе, бо за шмат стагоддзяў і яго назва, і непарыўна знітаваныя з ім старадаўнія абрады напоўніліся хрысціянскім сэнсам. Пра гэта красамоўна сведчыць як фальклор, так і тое, што нікога, напрыклад, не здзіўляе святкаванне Калядаў праваслаўнымі праз паўмесяцы пасля 22 снежня.

Такім чынам, сёння Каляды ўсё ж такі свята хрысціянскае, а што да яго язычніцкіх каранёў, дык нічога, на мой погляд, у тым жудаснага няма. Усе мы — у нейкай ступені язычнікі. Так-так, і застанемся такімі да скону вякоў. Язычніцтва жыве ў нашых арнаментах, у нашых казках і спевах, падсвядома жыве і ў нас саміх.

Ды й як яно магло бясследна некуды знікнуць, тым больш, што хрысціянская царква на раннім этапе сама паспрыяла жывучасці прашчураўскіх уяўленняў і абрадаў. Першыя святары, якія распаўсюджвалі тут веру Хрыстовую сутыкнуліся з упартым супрацьдзеяннем язычнікаў. Адной толькі сілай дамагчыся паслушэнства не ўдавалася. Новаахрышчаныя ў большасці сваёй душою заставаліся “паганінамі”, а часцяком казалі пра гэтае адкрыта. Тады і былі “звязаныя” царквой тыя язычніцкія святы, якія супадалі па часе, з асноўнымі святамі хрысціян. Атрымоўвалася свайго роду паралельнае святкаванне. Просты люд працягваў адзначаць святы паводле традыцый продкаў, а святары ў сваіх казаннях паступова ўносілі ў душы пакуль яшчэ намінальных сваіх вернікаў прынцыпы Хрыстовавга вучэння, паняцці хрысціянскай маралі. Вось так і дажылі да нас Каляды, Радуніца, Купалле…

Язычніцтва – гэта натуральны этап, праз які мусяць прайсці ўсе расы і ўсе народы. Дык чамусь калі справа датычыць язычніцтва грэчаскага альбо рымскага – усе захапляюцца, а калі нашага – у большасці выпадкаў праяўляецца абыякавасць ці пагарда.

Ды і ў прынцыпе Каляды не адзінае слова ў беларускай мове, якое можа быць адпаведнікам рускага Рождества. Калі хто па нейкіх прычынах не жадае яго ўжываць — калі ласка. Можна ж скарыстоўваць слова Раство, якое ўжо трывала замацавалася ў беларускай літаратурнай мове. Нарэшцэ можна проста сказаць: Нараджэнне Хрыстовае. У любым выпадку гэтае будзе гучаць прыемна, натуральна і па-беларуску.