
Перш за ўсё — трэба думаць
ЭсэУступ
Усё, што я хачу тут сказаць, — не следства нейкіх паспешлівых высноў. Гэта — вынік доўгіх роздумаў над шляхамі беларускага народа. Як тых, па якіх ён ужо прайшоў, так і па якіх яму яшчэ наканавана прайсці.
На жаль, сёння мы не надта імкнемся вярнуцца да сваіх каранёў. У грамадстве па-ранейшаму бытуюць старыя стэрэатыпы ў дачыненні не толькі да беларускай мовы і культуры, але й да беларускай справы ўвогуле. І горш за ўсё тое, што гэтыя стэрэатыпы актыўна падтрымліваюцца большасцю сродкаў масавай інфармацыі.
Як гэта пераадолець? Перш за ўсё — трэба думаць. Не ўспрымаць паказанае і напісанае як аксіёму, а разважаць, дакапвацца да ісціны, самому імкнуцца да яе. Менавіта імкнуцца, бо дасягнуць ісціны ў абсалюце немагчыма, як нельга дасягнуць бесканечнасці.
Дык ці заўсёды нам кажуць праўду? Давайце проста падумаем, памяркуем, паразважаем…
Пытанне 1. "Нацыяналізм"
Ці не здзіўляліся Вы, чаму тых, каго называюць нацыяналістамі, гэтак шмат сярод адукаваных людзей, у тым ліку навукоўцаў? Здавалася б, хто-хто, а яны ўжо павінны дакладна ўсведамляць аблуднасць і небяспеку нацыяналізму. Парадокс? Не будзем, аднак, спяшацца рабіць высновы.
Давайце перш за ўсё паспрабуем разабрацца, што ж гэта такое — нацыяналізм. Возьмем слоўнік аўтарытэтнага расейскага савецкага мовазнаўцы С. Ожагава, знойдзем патрэбнае слова і прачытаем:
"НАЦИОНАЛИЗМ — 1. Реакционная буржуазная и мелкобуржуазная идеология и политика, направленная на разжигание национальной вражды под лозунгом защиты своих национальных интересов и национальной исключительности и практически служащая интересам эксплуататорских классов. 2. В порабощённых и зависимых странах — движение, направленное на борьбу против империализма, за национальную независимость."
Прыкладна такія ж азначэнні даюць іншыя рускія й беларускія слоўнікі.
Такім чынам, тлумачэнняў у разглядаемага намі паняцця два. Калі ўдумліва прачытаць абодва, дык можна адзначыць пэўнае падабенства. Па-сутнасці яны абазначаюць адну і тую з'яву — нацыянальны рух. І там і там гучаць лозунгі абароны нацыянальных інтарэсаў. Але вось стаўленне да кожнага з іх рэзка адрозніваецца.
Ды й ці можа быць іначай? У другім выпадку гэта — вызваленчы рух, барацьба за нацыянальную, а часцяком і дзяржаўную самастойнасць, незалежнасць. Да гэтага звычайна ставяцца станоўча. Першы жа варыянт выклікае да сябе адназначна негатыўныя адносіны, таму што нацыяналізм у свабоднай, рэальна суверэннай дзяржаве заўсёды азначае ўціск элементарных правоў нацыянальных меншасцяў. А гэта — сур'ёзная пагроза, бо ў будучыні на глебе такога нацыяналізму могуць вырасці шавінізм і фашызм.
Усё вышэйсказанае агульназразумела, і, думаю, ніхто не будзе гэта аспрэчваць. Але ці не заўважылі Вы, чытаючы гэтыя радкі, вельмі цікавую рэч: пры вялікім жаданні другую іпастась нашага паняцця можна лёгка выставіць за першую.
Дык ці ёсць нацыяналізм (у першым значэнні) на Беларусі? Напэўна, ёсць. Відаць, у кожнай краіне існуюць яго парасткі, у нас — таксама. Парасткі гэтыя праяўляюцца перш за ўсё ў зняважлівых адносінах да іншых народаў. Адны пагардліва называюць рускіх маскалямі, другія — палякаў пшэкамі. І тыя і тыя могуць сабе дазволіць "ахрысціць" украінца хахлом, а яўрэя — жыдам і г. д.. У прынцыпе, мянушкі ў народаў былі, ёсць і будуць, такім, відаць, створаны свет. Але калі ў гэтыя мянушкі ўкладаецца пагарда і нават часам нянавісць, робіцца па-сапраўднаму трывожна.
Кожная нацыя — таленавітая, кожны народ нараджае геніяў — гэта агульнавядомая ісціна. Як нельга зневажаць людзей, так нельга зневажаць народы. Барані нас Божа калі-небудзь, жывучы ва ўласнай краіне, зрабіць сваім дэвізам лозунг "Беларусь — для адных беларусаў", фанатычна маршыраваць пад свастыкай, заклікаць біць кагосьці пад маркай ратавання Беларусі ці адмежавацца ад якогась суседа бар'ерам кшталту "жалезнай заслоны", бо гэта і ёсць сапраўдны нацыяналізм.
Мы павінны паважаць іншыя нацыі. Але мы ў праве патрабаваць элементарнай павагі і да сабе, да сваіх культурных набыткаў, гістарычнай спадчыны. І гэта ўжо — ніякі не нацыяналізм, а нармальнае, здаровае пачуццё нацыянальнай годнасці. Дзіўна чуць фразы кшталту "Что у вас за литература, если не было своего Пушкина". Дазвольце, а хіба ў рускіх быў свой Багдановіч? Хіба ў англічан быў свой Гётэ, а ў немцаў — свой Байран? Як можна ўвогуле вымяраць дасягненні літаратуры ў шэкспірах, купалах і лермантавых. Кожны геніяльны пісьменнік, паэт, мастак ці навуковец — унікальны, а тут з аднаго спрабуюць зрабіць эталон для ўсіх часоў і народаў.
У нас багатая літаратура. Яна магла б быць яшчэ багацейшай, калі б у 18-19 стст. большасць літаратараў ураджэнцаў Беларусі не былі вымушаны працаваць на ніве польскай і рускай культур з-за немагчымасці надрукавання мастацкіх твораў на беларускай мове.
У нас шмат выдатных архітэктурных помнікаў, шэдэўраў музыкі і выяўленчага мастацтва.
У нас багатая, глыбокая гісторыя, поўная як слаўных, так і трагічных старонак.
Дык хіба ведаць усё гэтае і ганарыцца гэтым — нацыяналізм?
Хіба любоў да роднай зямлі, жаданне жыць сваёй, незалежнай дзяржавай пад старадаўнімі сімваламі — нацыяналізм?
Логіка падказвае, гэта — звычайны патрыятызм. І сумленныя дзеячы навукі і мастацтва ніякія не нацыяналісты, а шчырыя патрыёты сваёй зямлі. Ці ж гэта не так?
Пытанне 2. "Тарашкевіца"
Сьнег. Сьвятло. Сьвята. Шчасьце… Думаю, многія з Вас хоць раз сустракалі гэткае напісанне беларускіх слоў. Нехта са здзіўленнем, нехта з зацікаўленасцю, нехта з пагардлівай усмешкай — вось, маўляў, прыдумалі сабе новую граматыку.
Але ці новую? І ці прыдумалі?
Беларускае пісьмовае слова паўставала з небыцця, грунтуючыся толькі на жывых народных гутарках, бо повязь з сярэднявечнай старабеларускай мовай была страчана, дзякуючы "клопатам" спярша польскіх, а пасля расейскіх вялікадзяржаўнікаў. Не было ні распрацаваных літаратурных нормаў, ні акрэсленых патрабаванняў правапісу. Беларускім адраджэнцам даводзілася практычна пачынаць з нуля. Кожны з іх, пішучы апавяданні і вершы, выдаючы газеты і кнігі, арыентаваўся на тую гаворку, якую чуў з маленства. У выніку ў літаратуры і са старонак нешматлікіх яшчэ беларускамоўных перыядычных выданняў загучалі розныя беларускія дыялекты. Гэты разнабой узмацняўся адсутнасцю агульнапрынятых правілаў арфаграфіі. Тым часам патрэбы ўзнаўлення беларускай дзяржаўнасці вымагалі стварэння агульных нормаў літаратурнай мовы, якая магла б набыць статус дзяржаўнай і абслугоўваць усе сферы жыцця новай Беларусі. Неабходна было падрыхтаваць, напісаць і выдаць падручнік па беларускай мове, які мог бы вывучацца дзецьмі ў школах.
![]() |
Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч |
Гэта зрабіў чалавек, імя якога — Браніслаў Тарашкевіч. Выдатны дзяржаўны дзеяч і навуковец, актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, акадэмік АН БССР, ён напісаў з прапановы Я. Купалы "Беларускую граматыку для школ", упершыню выдадзеную ў 1918 г. Аўтару ўдалося вызначыць, апрацаваць і абагульніць найбольш характэрныя рысы беларускай мовы, стварыць стройную сістэму навучання ёй. Праца Тарашкевіча аказалася настолькі ўдалай, што вытрымала 7(!) перавыданняў, а сама граматыка пазней атрымала ад прозвішча вучонага назву "тарашкевіца".
Сьнег. Сьвятло. Сьвята. Шчасьце… Так прапанаваў пісаць Тарашкевіч. Так пісалі і ў Савецкай Беларусі ў 20-я гады, у светлыя часы беларусізацыі, калі дзяржава стаяла на ахове нашай нацыянальнай ідэі, калі нават часткі Чырвонай арміі, што дыслацыраваліся на нашай тэрыторыі, пераводзіліся на беларускую мову.
Зразумела, з'яўленне граматыкі Тарашкевіча не магло зняць усіх пытанняў і вырашыць усе праблемы адразу. З мэтай канчатковага ўдакладнення нормаў правапісу Інстытутам беларускай культуры (будучай Акадэміяй навук) у 1926 была склікана спецыяльная канферэнцыя. На ёй прысутнічалі не толькі беларускія вучоныя, але і навукоўцы з Расеі, Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Германіі. Удзельнікамі пасяджэнняў выказваліся самыя розныя меркаванні і прапановы. Даволі папулярнай была ідэя аб увядзенні ў беларускую азбуку сімвалаў для абазначэння гукаў [дз] і [дж]. Маскоўскі прафесар П. А. Растаргуеў прапанаваў выкарыстаць для гэтага літары сербскага алфавіту ђ і ћ. Аднак праца спецыяльна створанай камісіі, у якую для канчатковага разгляду былі накіраваны прапановы, што прагучалі на канферэнцыі, перапынілася чорнай хмарай сталінскіх чыстак.
![]() |
Так маглі б выглядаць сёння словы "дзеці" і "дождж" |
Эпоха беларусізацыі скончылася. Адбылося тое, што павінна было адбыцца. Ідэя роўнасці народаў больш не адпавядала інтарэсам вярхоўнага кіраўніцтва. Была ўзята на ўзбраенне дактрына аб зліцці народаў СССР у адзіны — савецкі, і таму ўсё, што працавала на нацыянальную адметнасць, знішчалася метадычна, бязлітасна.
Рэформа правапісу, якую рыхтавала канферэнцыя 1926 г. адбылася менавіта ў гэты жорсткі для Беларусі час, дакладней — у 1933. Зразумела, былі ў ёй свае пазітыўныя бакі, але ў цэлым яна несла на сабе адзнакі нечуванага гвалту, які чыніўся над духоўнасцю беларусаў як нацыі. У выніку рэфармавання беларуская мова была істотна набліжана да рускай. З матэрыялаў 1926 г. ўзялі толькі тое, што пажадалі ўзяць. Многія мяккія знакі зніклі. Пісаць нібыта стала лягчэй. Але разам з тымі мяккімі знакамі паступова стала знікаць спрадвечная мяккасць беларускага слова.
Некаторыя палажэнні рэформы проста ўражваюць сваёй антынавуковасцю. Для прыкладу скажу, што правапіс 1933 г. прадугледжваў максімальна набліжанае да рускага напісанне слоў "рэвалюцыйна-інтэрнацыянальнай" тэматыкі.
большэвік, рэволюцыя, совет…
Гэтая і некаторыя іншыя найбольш адыёзныя пастановы рэформы былі адменены праз чатыры гады пасля смерці Сталіна — у 1957 г., але мяккі знак на свае былыя месцы ў шматлікія беларускія словы так і не вярнуўся.
Сьнег. Сьвятло. Сьвята. Шчасьце… Гэта — асаблівасць беларускай мовы. Мяккасць зычнага часта пераносіцца на зычны, што стаіць перад ім. Менавіта такога вымаўлення патрабуюць і сучасныя сур'ёзныя падручнікі. Патрабаваць то патрабуюць, але хто ў нас цяпер так вымаўляе? У лепшым выпадку гавораць так, як напісана.
Сучасны правапіс не зусім дасканалы, і, можа ўсё ж такі, патрабуе ўдакладнення? Вядома, наўрад ці сёння можна казаць аб поўным вяртанні да "тарашкевіцы", але некаторыя нормы могуць і, на маю думку, павінны быць вернуты, каб зноў надаць нашай мове яе сапраўднае гучанне.
Сьнег. Сьвятло. Сьвята. Шчасьце… Вымавіце гэтыя словы так, як яны тут напісаны. Гэта — ніякая не прыдумка. Гэта мова нашая вяртаецца да нас праз тоўстыя пласты хлусні, здзекаў і бяспамяцтва.
Пытанне 3. Сімволіка
Увогуле, аб пытанне беларускай сімволікі ўжо зламана шмат коп'яў. Зараз дзяржаўнымі з'яўляюцца практычна савецкія сімвалы БССР з нязначнымі зменамі ў іх. Ці могуць шалі лёсу зноў схіліцца на бок тых, што былі адменены рэферэндумам? Так, могуць. І на гэты раз — канчаткова. Гэта рана ці позна адбудзецца, калі толькі Беларусь не страціць свае незалежнасці. Бо хочам мы цяпер гэтага ці не, а бел-чырвона-белы сцяг і "Пагоня" назаўсёды застануцца нашымі нацыянальнымі, гістарычнымі сімваламі.
Галоўны аргумент праціўнікаў гістарычнай сімволікі — тое, што яна выкарыстоўвалася падчас фашысцкай акупацыі калабарантамі — беларускімі дзеячамі, якія супрацоўнічалі з немцамі. Гэта — праўда. Але да калабарацыі наўрад ці можна ставіцца адназначна. Бо там сярод сапраўдных здраднікаў-кар'ерыстаў былі шчырыя патрыёты незалежнай Беларусі. І ў тым, што яны там аказаліся, у значнай ступені вінаватыя перадваенныя рэпрэсіўныя акцыі сталінскага ўрада.
Поўная, праўдзівая карціна беларускай калабарацыі можа з'явіцца толькі пасля аб'ектыўнага разгляду ўсіх матэрыялаў, што маюць да яе дачыненне. А гэта ў сваю чаргу стане магчымым хіба толькі праз шмат дзесяцігоддзяў, калі ў адносінах да падзеяў перыяду ІІ сусветнай вайны знікне той суб'ектывізм, які заўсёды так характэрны для блізкай гісторыі.
Аднак, калі нават безагаворачна прыняць традыцыйны погляд: "усе калабаранты як адзін — здраднікі і злачынцы", дык, даруйце, пры чым тут сімволіка? Хіба могуць быць вінаватыя сцяг і герб у тым, што нехта іх выкарыстоўваў у сваіх мэтах?
Сімвалы, у адрозненне ад людзей, апаганіць сябе не здольныя. Сёння ў Расеі ніхто і не ўспамінае пра тое, што іхнюю сімволіку скарыстоўвала ўласаўская РОА (Русская освободительная армия). Гэта — нармальна. І нічога дзіўнага тут няма. Бо ў вачах кожнага расейскага патрыёта трыкалор і дзвюхгаловы арол — неад'емныя старажытныя атрыбуты радзімы, з якімі асацыіруюцца слаўныя падзеі далёкай мінуўшчыны. А што імі нехта там карыстаўся ў мэтах хай нават і небяспечных для краіны, дык гэта кідае цень менавіта на тых карыстальнікаў, але аніяк не на сімвалы.
![]() |
Наша "Пагоня" сягае сваімі каранямі глыбока ў стагоддзі. Увогуле, гэта — адзін з самых старых гербаў сучаснай Еўропы. Хронікі прыпісваюць увядзенне "Пагоні" розным вялікім князям — Віценю, Нарымунту і інш. Адпаведна называюцца і розныя даты. Але ўсе яны прыпадаюць на апошнюю трэць ХІІІ ст. Такім чынам, наш старажытны герб мае ўжо больш як семісотгадовую гісторыю.
Першапачаткова "Пагоня", хутчэй за ўсё, была асабістым знакам вялікага князя, пазней — дынастычным сімвалам. Але яна не знікла, не згубілася ў стагоддзях, як многія сучасныя ёй знакі. І галоўным чынам таму, што выява збройнага вершніка з мячом напаўнялася для жыхароў Вялікага княства асаблівым сэнсам: яна асацыявалася з вобразам мужнага абаронцы Айчыны, са звычаем ваеннай Пагоні.
Звычай гэты нарадзіўся не ад добрага жыцця. Наша зямля з-за свайго надзвычай выгаднага геаграфічнага становішча адвеку была прыцягальнай для заваёўнікаў. Асабліва павялічылася пагроза ў ХІІІ ст., калі на нашых межах з'явіліся адразу два небяспечныя ворагі — тэўтоны і мангола-татары. Рэдкі год тады абыходзіўся без вайны. Рэдкі год — без крыві, без дыму пажараў, без плачу і енку мірных жыхароў, якіх ворагі тысячамі выводзілі ў палон.
![]() |
Выгляд з акна вежы Заслаўскага кальвінскага збору Фота С. Панізніка |
Атрымаўшы вестку аб чарговым нападзе, вялікі князь абвяшчаў Пагоню. І ўсе дарослыя мужчыны, якія здатныя трымаць у руках зброю, мусілі ісці на вайну адбіваць нашэсце. Можа, нехта чуў "Баладу" ў выкананні І. Дарафеевай? Вось ён — звычай ваеннай Пагоні ва ўсёй яго трагічнай высакароднасці, самаахвярнасці.
Кожны чалавек бачыў ва ўзброеным вершніку на тарку (шчыце) ці сына, ці брата, ці каханага… І ў гэтым галоўная прычына надзвычай высокай папулярнасці "Пагоні" ў народзе. Яе выяву можна ўбачыць не толькі на старых актах, манетах, але і на пячной кафлі, у аздабленні будынкаў.
![]() |
Ківерны герб Гродзенскага лейб-гвардыі гусарскага палка. 1818 г. |
Нават пасля "далучэння" нашай зямлі да Расейскай імперыі, Пецярбург не насмеліўся адразу пазбавіць "Пагоню" яе правоў. Даволі доўгі час яна працягвала фігураваць у беларускай геральдыцы, праўда, у падначаленым стане, і толькі пазней пачала паступова выцясняцца.
"Пагоня" — знак беларускі, сімвал славянскага паходжання. Таму цалкам натуральна, што ў 1918 г. "збройны муж на белым кані" зноў набыў статус дзяжаўнага герба Беларусі. Але, на жаль, Беларуская народная рэспубліка не здолела ўмацаваць свой суверэнітэт, і была проста змецена далейшай віхурай падзей.
Вызначыць час з'яўлення бел-чырвона-белага сцяга складаней, бо харугві, у адрозненне ад гербаў, не выразаюцца на пячатках, а значыць не фіксуюцца на шматлікіх гістарычных дакументах і могуць разлічваць толькі на апісанне ў крыніцах. Таму афіцыйна наш сцяг узнік напачатку ХХ ст., гэта значыць у той час, калі сур'ёзна паўстала пытанне аб узнаўленні беларускай дзяржаўнасці. Але ён, несумненна, існаваў задоўга да гэтага.
Напрыклад, ёсць звесткі, што паўстанцы К. Каліноўскага карысталіся трохкутнымі бел-чырвона-белымі сцяжкамі. З пэўнай доляй упэўненасці (па чорна-белых выявах) можна сцвярджаць аб наяўнасці на абмундзіраванні першых беларускіх узброеных адзінак расейскай арміі (напачатку Пецярбург "міласціва" дазваляў іх стварэнне) элементаў з бел-чырвона-белай афарбоўкай. Ды й наогул, гэтыя два колеры — белы і чырвоны — заўжды былі для беларусаў (ліцьвінаў) сваімі, роднымі. Гэта на іх раскладаецца "Пагоня". Гэта яны луналі над нашым войскам пад Грунвальдам у 1410. Гэта з іх складаецца беларускі нацыянальны арнамент.
Напачатку існавання Савецкай Беларусі бел-чырвона-белая стужка магла нават стаць часткай дзяржаўнага герба БССР. Справа ў тым, што на разгляд былі прадстаўлены два варыянты праекта герба работы В. В. Воўкава: адзін з бел-чырвона-белай стужкай, другі — з чырвонай. Зразумела, абралі апошні.
Увогуле, савецкая сімволіка распрацоўвалася без уліку гістарычных традыцый саюзных рэспублік. У геральдыцы за аснову прымаўся ў асноўным герб РСФСР, у які ўносіліся змены адпаведна з асаблівасцямі прыроды кожнай рэспублікі.
Прыкладна такімі ж метадамі ствараліся і рэспубліканскія сцягі. Што ж датычыць чырвона-зялёнага дзяржаўнага сцяга БССР, дык ён з'явіўся толькі ў 1951 г. А значыць распаўсюджанае сцвярджэнне аб тым, што беларусы пад ім змагаліся з фашызмам, не адпавядае ісціне: у 1937-1951 гг. беларускім сцягам лічылася фактычна копія дзяржаўнага сцяга СССР з абрэвіятурай "БССР" пад сярпом і молатам.
Штучнасць савецкай сімволікі перадумовіла тое, што адразу пасля распаду Саюза ССР усе былыя рэспублікі вярнуліся да сваіх спрадвечных сімвалаў. Вярнуліся і мы. Але толькі на чатыры гады.
Гэта сумна, калі з-за нейкіх палітычных меркаванняў асуджаюць на забыццё выдатных людзей, пачынаюць дзе толькі магчыма шальмаваць іх. Але калі бязвінна асуджаць і бэсціць людзей — непрыстойна, а то й проста подла, дык таптаць у бруд, называць фашыстоўскімі нацыянальныя сімвалы, пад якімі столькі стагоддзяў ішоў уласны народ, — проста кашчунна. І ці доўга яшчэ будзе працягвацца гэтае блюзнерства — залежыць толькі ад нас саміх.
Заключэнне
Пытанняў, якія яшчэ можна было б вынесці ў падзагаловак, шмат. І разабрацца ў іх можа толькі думка. Жывая, глыбокая, праніклівая.
Мы павінны думаць і аналізаваць, як бы цяжка ні прыходзілася, каб ніхто не мог затуманіць нашу свядомасць хлуснёй. Цяпер гэта вельмі важна.
Мы павінны з'яднацца ў гэты няпросты час, адкінуць уласныя амбіцыі і працаваць на карысць нашай БЕЛАРУСІ, бо мы — нацыя.
Ведаю, многія са мной будуць не згодныя, але 1991 г. падараваў нашаму народу шанц. І мы ні ў якім разе не павінны яго згубіць, калі хочам выжыць на Зямлі, застацца нацыяй. Бо, можа стацца, гэты шанц — апошні.
- Бацькаўшчына-7. — Мн: 1999;
- Беларуская мова: энцыклапедыя. — Мн: 1994;
- Тарашкевіч Б. Беларуская граматыка для школ: факсімільнае перавыданне віленскага выдання 1929 г. — Мн: 1991;
- Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня. — Мн: 1993;
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Тт. 1-6/ч. 1/. — Мн: 1993-2001;