Назад

Вперед, Россия,
або Чаму апошнім часам не "хварэецца" за расейскіх спартоўцаў

Роздум

Суседнія дзяржавы павінны жыць у паразуменні і згодзе. Вельмі часта яны знітаваныя паміж сабой шматлікімі сувязямі. Жыхары адной краіны, як правіла, цікавяцца жыццём у суседзяў: эканамічнымі праблемамі, падзеямі ў палітыцы, культурнымі здабыткамі. Людзі здзяйсняюць турыстычныя падарожжы, аглядаюць архітэктурныя славутасці і музеі, знаёмяцца з гісторыяй суседняй краіны. І (амаль заўсёды) падтрымліваюць суседзяў на спартыўных ды іншых спаборніцтвах. Дастаткова толькі прыгадаць, з якім імпэтам раздаюцца суседзям найвышэйшыя адзнакі на папулярным музычным конкурсе "Еўравізія". Гэта натуральна. Так і павінна быць.

Яшчэ падлеткам я апантана хварэў за аб'яднаную зборную СНД, што на першых пасля распаду СССР гульнях выступала пад алімпійскім сцягам. Пазней, калі ўжо Беларусь стала асобнай камандай, безумоўна, перш за ўсё зычыў перамогі нашым. Але ў той жа час перажываў і за расейскіх спартоўцаў. Засмучаўся паразамі некалі непераможнай хакейнай дружыны. Шчыра радаваўся неверагодным поспехам Алены Вяльбе, фантастычным секундам Аляксандра Папова, бездакорным выступленням Ірыны Слуцкай, бліскучай гульні расейскай пяцёркі "Дэтройт Рэд Уінгз".

Гэта было. А потым... Потым усё стала паступова мяняцца. І цяпер, калі, скажам, у матчы на першынство свету сыдуцца футбольныя зборныя Расеі і Галандыі, мае сімпатыі адназначна будуць на баку галандцаў.

Чаму? Відаць, прычына ў натуральнай рэакцыі адпрэчвання. Калі чалавеку нешта гвалтам навязваюць звонку і пры гэтым руйнуюць усё мілае і дарагое — непазбежна выспявае пратэст. Гэты пратэст можа выяўляцца ў розных формах, у тым ліку ў антыпатыі да ўсяго, што звязана з навязанымі каштоўнасцямі.

Пачынаючы з другой паловы 1990-х гадоў у Беларусі ідзе няспынны працэс татальнае русіфікацыі, роўнага якому па маштабах не было нават за савецкім часам.

Беларуская мова аказалася выкінутай амаль адусюль. Усюды пануе рускамоўе. Беларускамоўнае яшчэ пакуль толькі дзяржаўнае радыё. Але хто яго слухае? Нашыя дзеці нідзе не могуць пачуць слова па-беларуску. І калі яны прыходзяць у школу, вывучэнне роднае мовы даецца ім ці не цяжэй, чым вывучэнне замежнай.

У загоне апынулася і нацыянальная гістарычная навука. Рознага роду прыстасаванцы ды й проста невукі з "зайздроснай" рэгулярнасцю перапісваюць школьныя падручнікі па гісторыі, замоўчваючы асабліва "праблемныя" гістарычныя падзеі ці асвятляючы іх з прарасійскай, імперскай пазіцыі.

Нават сама краіна праектам пад назвай "Союзное государство" пастаўлена на мяжу страты самастойнасці. Быццам бы можа быць нейкі раўнапраўны саюз паміж невялікай Беларуссю і магутнай шматмільённай Расеяй.

З аднаго боку, вядома, адказнасць за гэтыя падзеі ляжыць на самім беларускім народзе. Людзі маўчаць: хто з абыякавасці, хто з боязі. Кагось гэткая сітуацыя наогул задавальняе. Аднак жа з другога боку, тое, што адбываецца ў Беларусі вельмі стасуецца з вялікадзяржаўнымі шавіністычнымі настроямі, якія пасля краху Савецкага Саюза ў расейскім грамадстве не толькі нікуды не зніклі, але яшчэ і ўзмацніліся.

Ці не даводзілася вам бачыць у руках расейскіх спартыўных заўзятараў сцяг-трыкалор з надпісам "Вперёд, Россия" і выявай жахлівага раз'юшанага мядзведзя? Гэткі сцяг, паказаны на ўвесь экран тэлевізара, — відовішча незабыўнае. Можна яшчэ неяк зразумець яго прысутнасць на трыбунах футбольнага стадыёна ці хакейнай пляцоўкі. Але калі ён з'яўляецца на біятлоннай трасе ці на лядовай арэне, дзе выступаюць фігурысты, — гэта ўжо, выбачайце, нейкае дзікунства. Дарэчы, нічога падобнага ў руках балельшчыкаў з іншых краінаў я ніколі не бачыў.

Сцяг "Вперёд, Россия"
Сцяг "Вперед, Россия"

Не ведаю дакладна, які сэнс укладаюць стваральнікі гэтага "шэдэўра" і фаны, што ім карыстаюцца, у выяву агрэсіўнай раз'ятранай жывёліны на фоне нацыянальнага сцяга. Але мне вельмі хочацца думаць, што гэта ўсё ж не вобраз сучаснай Расеі.

Вядома, можна спісаць усё на жарт. Пажартавалі хлопцы. Ці, як зараз модна казаць, "прыкалоліся". Але ж у кожным жарце ёсць доля праўды. І калі чытаеш паведамленні на некаторых расейскіх інтэрнэт-форумах, робіцца не да жартаў. Беларусь, Украіна не ўспрымаюцца тут як асобныя краіны. Гэтыя землі — частка Расеі. І кропка. Нязгодных з гэтым беларусаў і ўкраінцаў імгненна абліваюць брудам. А тым, хто насмеліцца выказаць крытычную заўвагу ў адрас расейскай палітыкі, пагражаюць асабістай расправай "когда наши танки будут во Львове". На ўсё гэтае можна было б дужа не звяртаць увагі. Шавінізм быў, ёсць і будзе ў любой краіне. Яго немагчыма выкараніць, можна толькі кантраляваць. Але праблема не абмяжоўваецца нешматлікімі суполкамі нацыянал-радыкалаў. Імперскія вялікадзяржаўныя ноткі чуюцца ў Расеі на самым высокім узроўні. Пачынаючы ад старых баек пра адзінства і братэрства народаў і канчаючы прапановамі абсекчы з рускага дрэва беларускія і ўкраінскія галінкі.

Для расейцаў (за рэдкім выключэннем) мы — іхняя правінцыя. Нашыя сённяшнія дзяржаўнасць і суверэнітэт — часовая гістарычная недарэчнасць, якая рана ці позна мае быць выпраўлена. І тое не можа не насцярожваць.

Яшчэ Кастусь Каліноўскі ў свой час пісаў, што ён не праціўнік Расеі "калі яна дабра нам жадае". Я гатовы падпісацца пад гэтымі словамі. У мяне няма ніякае русафобіі або (крый Бог) нянавісці да ўсяго расейскага. Але я люблю сваю краіну і не хачу, каб яе ператварылі ў які-небудзь 84-ы суб'ект федэрацыі.

Хочацца толькі аднаго: элементарнай павагі. Да нашай краіны, да нашага народа, да нашай культуры. Бо толькі на ўзаемнай павазе грунтуецца сапраўднае добрасуседства. І калі яно стане рэальным, калі мы станем проста блізкімі суседзямі, а не "старэйшым і малодшым братам", тады я, напэўна, зноўку змагу шчыра перажываць за расейскіх спартоўцаў, радавацца ўдалым ударам Алены Дзяменцьевай, трапным стрэлам Вольгі Зайцавай ды забітым галам Андрэя Аршавіна.