Назад

На святло

Водгук гледача

Напачатку верасня тэлеканал "Белсат" прэзентаваў новы дакументальны фільм "Глыбоцкая змова", зняты рэжысёрам Валерам Мазынскім. Сцэнар стужкі напісаў Уладзімір Халіп.

Дакументальная хроніка мяжуецца з успамінамі непасрэдных удзельнікаў далёкіх падзей, а мастацкая рэканструкцыя вяртае гледача ў пасляваенны 1945 год... На вызваленай ад нацыстаў Беларусі адбываецца новая беларуская трагедыя. Чарговыя гаспадары гэтае зямлі аддаюць пад суд юнакоў і дзяўчат, віна якіх палягае толькі ў тым, што яны навучаліся пад акупацыяй. А пасля выгнання акупантаў наважыліся выступіць супраць русіфікацыі, патрабавалі дзяржаўнасці беларускай мовы, марылі пра рэальны, а не намінальны суверэнітэт беларускай рэспублікі. І (які жахлівы крымінал!) стварылі асветніцкую суполку на ўзор колішняга Таварыства філаматаў і філарэтаў.

"Глыбоцкая змова". Кадр з фільма"
"Глыбоцкая змова". Кадр з фільма

Гісторыя пастаўска-глыбоцкага "Саюзу беларускіх патрыётаў" страшная ў сваёй традыцыйнасці. Чарговы раз пад корань высякаліся парасткі беларушчыны, выпальва­лася пад ёй глеба. Гэта адбывалася рэгулярна, ледзьве не кожнае пакаленне, у меншым ці большым маштабе. За стагоддзі прыгнёту беларусы сядзелі ў турмах розных дзяржаў. Беларускую мову, культуру і нацыянальную свядомасць бязлітасна пераследавала царская ахранка, польская дэфензіва... Але ў расійскіх імперскіх чыноўнікаў і польскіх службоўцаў, прынамсі, было нейкае паняцце гонару, шляхетнасці. Заставалася нейкая павага да арыштантаў. Прысуды беларусам былі жорсткія. Але 25 гадоў катаргі ці смяротнае пакаранне за "культуру" не давалі.

"Саюз беларускіх патрыётаў" быў ідэйным нашчадкам Таварыства філаматаў-філарэтаў. Гэтая паралель неаднакроць прасочваецца ў фільме. Але літаральна праз некалькі год пасля разгрому царскімі ўладамі віленскага Таварыства, у непрыкметным мястэчку Крошын, што на Баранавіччыне, быў аддадзены ў салдаты сын мясцовага каваля. Хлопцу было прыкладна столькі ж гадоў, колькі і героям "Глыбоцкай змовы". Ён нават не ствараў ніякіх суполак, нічога дужа не патрабаваў. Ён проста пісаў вершы. Па-беларуску. А яшчэ — насмеліўся падтрымаць сялянскі антыпрыгонніцкі бунт…

У цудоўным вершы Уладзіміра Караткевіча "Паўлюк Багрым" ёсць шчымліва-балючыя радкі, якія не забываюцца і праз доўгія гады пасля прачытання:

А ў краіне так цяжка
(Асіны ад ганьбы палаюць),
І над ёй фанабэрыцца
П'яны, разбэшчаны гун...

Гэтыя словы не маглі гучаць у свядомасці Васіля Мядзельца, Янкі Рымдзёнка, Антона Фурса, Алесі Умпіровіч, бо яшчэ не былі напісаныя Караткевічам. Але думкі маладых патрыётаў былі, несумнеўна, ім сугучныя.

На шлагбаумы мёртвыя
Пассякалі жывыя бярозы,
На шпіцрутэны гнуткія
Запаветныя вербы звялі.

Мёртвыя бяздушныя шлагбаумы апусціліся перад жывой беларускай мовай, беларускай песняй, беларускай думкай. А шпіцрутэны — улюбёны сродак пакарання ў Расійскай імперыі — былі замененыя на кулі бальшавіцкіх наганаў.

Спроба савецкіх спецслужбаў зрабіць з моладзевай асветніцкай суполкі тэрарыстычную адзінку, нягледзячы на ўсе намаганні правакатара, поспеху не мела. Судзіць юнакоў і дзяўчат, здаецца, не было за што. Яны не збіраліся рабіць нейкія дыверсіі, ці некага (крый, Божа!) забіваць. Яны не заклікалі да звяржэння савецкай улады. Але іх судзілі. За контррэвалюцыю і нацыяналізм. І трох юнакоў засудзілі да расстрэлу. Цудам Валянцін Лагунёнак, Мікола Асіненка і Васіль Мядзелец не былі расстраляныя, бо ў СССР (якраз на момант вынясення прысуду) на кароткі час смяротная кара была забароненая. Расстрэл замяняўся на 25 год лагераў. Астатнія ўдзельнікі таксама атрымалі шматгадовыя тэрміны, і толькі смерць Сталіна выратавала іх ад знікнення ў ГУЛАГу.

Сёння цяжка меркаваць, якім вярнуўся з салдатчыны Паўлюк Багрым. Вядома, што вершаў ён болей не пісаў. Але затое, стаўшы, як і бацька, кавалём, выштукаваў для крошынскага касцёла знакамітую жырандолю... А вось якімі вярталіся з катаргі ўдзельнікі пастаўска-глыбоцкай "змовы" мы ведаем. Яны засталіся. Засталіся адзінай суполкай, не здрадзілі ні сваім сябрам, ні сваім перакананням. Яны вярталіся дадому, ды вяртацца не было куды. Радзіма сустрэла холадам, непрыхаванай непрыязнасцю і нават варожасцю на тварах людзей. Чаму ўсё настолькі змянілася за нейкае дзесяцігоддзе? Што сталася?

Пытанне вельмі складанае, яно вымагае асобнага ўзважанага вывучэння, але, думаецца, асноўную ролю тут адыгралі неадольны страх самому апынуцца на месцы выгнанцаў і, вядома ж, масіраваная прапаганда. Калі чалавеку штодня паўтараць нават зусім неверагодную рэч і пазбавіць іншых крыніц інфармацыі, ён, урэшце, пачне верыць. Удзельнікі Саюзу беларускіх патрыётаў за доўгія гады перасталі быць блізкімі суседзямі, знаёмымі, аднавяскоўцамі, аднакурснікамі, а сталі "ворагамі народа". Як жа! У нас проста так не саджаюць! Дыму без агню не бывае!

Яшчэ адзін жахлівы ўдар горкага лёсу... Былыя беларускія катаржнікі зноў кіруюцца ў месцы свайго зняволення. Ужо вольнымі працаўнікамі. Тут яны былі запатрабаваныя, тут іх ведалі, тут іх не цураліся... І толькі на схіле жыцця некаторым пашчасціла вярнуцца ў Беларусь.

Гранічна шчырыя аповеды Антона і Алесі Фурсаў, Льва і Марыі Бялевічаў, Яўгена Сідаровіча, Міколы Конана… Сённяшнія пастаўскія школьнікі ў ролях маладых патрыётаў 1945–46 гадоў… Ці змаглі яны, нашы цяперашнія юнакі і дзяўчаты, адчуць, глыбока асэнсаваць памкненні і лёс сваіх колішніх аднагодкаў, "перажыць" яго ў сваіх думках? Перажыць… Напэўна, не… Усё ж розныя эпохі, розныя пакаленні. Але вось судакрануцца юнымі сэрцамі — несумнеўна.

Нельга сказаць, што дзякуючы фільму "Глыбоцкая змова" з аналаў беларускай гісторыі знікла яшчэ адна "белая пляма". Бо тая "пляма" мусіла знікнуць яшчэ ў 1997 годзе, калі выйшла ўкладзеная Германам Кірылавым кніжка ўспамінаў удзельнікаў Саюзу беларускіх патрыётаў "Гарт", паводле якой, уласна кажучы, і зняты фільм. Але дзякуючы якасна зробленай дакументальнай стужцы мінуўшчына ажывае, а малавядомыя яе старонкі выносяцца на святло, трывала замацоўваюцца ў грамадскай памяці. І менавіта ў гэтым вялікі плён зробленай аўтарамі фільма працы. У тым, што сёння кожны з нас можа ўсвядоміць увесь трагізм лёсу беларускіх хлопцаў і дзяўчатак, якія адважыліся кінуць выклік магутнай сістэме (можа, нават да канца не разумеючы наступстваў свайго ўчынку).

І сапраўдную гераічнасць іх лёсу.

Артыкул надрукаваны ў газ. "Народная воля", №85(3826) ад 29.10.2013
пад загалоўкам "Святло, якое запаліў Валерый Мазынскі".