
Наступны прыпынак — Щэрбіны
ЗацемкаПа гэтай шашы мы ездзім вельмі часта. Амаль кожны тыдзень. На лецішча. Яна, гэтая дарога паміж Заслаўем i Радашковічамі, вядомая да драбніц. Здаецца, ну што такое дзіўнае можна ўбачыць у даўно знаёмай прыдарожнай вёсцы, праз якую праязджаў ужо, можа, сотню разоў. Але... Чыста машынальна чытаю назву, вялікімі літарамі выведзеную на шыльдачцы аўтобуснага прыпынку, i ўнутры нешта абрываецца.
Калі б мне нехта пра гэтае расказаў, я б не паверыў. А тут — бачу сам, на ўласныя вочы, дзікі па непісьменнасці надпіс... Ён прамільгнуў, застаўся ззаду. "А можа, не дагледзеў, можа, падалося, — думаецца мне. — Машына ішла тады даволі хутка..." Але на зва-ротным шляху ўпэўніваюся ў тым, што бачыў — чорнымі літарамі на жоўтым полі вышэйпамянёнай шыльдачкі значыцца: ЩЭРБІНЫ.
Сапраўдны "шэдэўр", ці не праўда? Так i хочацца спытацца ў яго аўтараў: шаноўныя, а на якой такой мове гэта напісана? Ці гэга наша ўсюдыісная "трасянка" перайшла з вуснай формы ў пісьмовую i стала трэцяй дзяржаўнай мовай? Ці гэта такое звышарыгінальнае выкананне нейкай новай устаноўкі на двухмоўе: першую частку слова паспрабавалі напісаць па-руску, а другую — па-беларуску?
Сорамна. Нават вучань пачатковых класаў добра ведае, што ў беларускім алфавіце няма літары "щ", а літара "э" ў ненаціскным стане ў такіх словах — проста недарэчнасць. Але тое, што ведаюць малыя дзеці, відаць, не заўсёды вядома дарослым...
Мы хочам, каб нас паважалі заходнія краіны, Расея, усе дзяржавы свету, каб з намі лічыліся, i гэта натуральна. Але спярша нам трэба навучыцца паважаць саміх сябе. Любіць i цаніць сваю гісторыю, культуру, мову, спыніць здзек над імі. Трэба ўсведамляць сябе нацыяй. А пра якую будучыню нашай краіны можна казаць, калі зусім нядаўна цягнікі прыбывалі ў Менск на ЧУГ. ВАКЗАЛ (чугунны вакзал?!), а ў менскім метро i па сённяшні дзень ходзяць ПАЯЗДЫ.