
У далёкія часы Вітаўта
Гісторыка-папулярны нарысУ далёкія часы, на нашых землях існавала магутная дзяржава — Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ). Узнікла яно ў ХІІІ ст., калі вакол старажытнага Новагародка аб'ядналіся навакольныя княствы. Новая дзяржава атрымала назву ад балцкага племені літва, тэрыторыя якога таксама трапіла пад уладу Новагародка. Пазней межы нашай сярэднявечнай краіны паступова пашыраліся. Акрамя цяперашніх беларускіх земляў у яе склад увайшла Ўкраіна, а таксама тэрыторыі сучаснай Літоўскай рэспублікі, якія ў тыя часы называліся Жамойціяй або Жмуддзю. Але старая назва захоўвалася, нягледзячы на тое, што племя, ад якога яна пайшла, даўно спыніла свае існаванне.
Найвышэйшага росквіту дзяржава нашых продкаў, якія, дарэчы, называлі сябе ліцвінамі, дасягнула ў княжанне Вітаўта (1392-1430 гг.). У тыя часы межы яе сягалі ад Балтыйскага да Чорнага мора. Але не толькі ў гэтым была моц Вітаўтава княства. Удала скарыстоўваючы імкненні магутных дзяржаў, вялікі князь (гаспадар) здолеў настолькі ўзмацніцца, што яго ўладу над сабой часам, прызнавалі нават татары. Ніхто, нават самы магутны вораг, не мог беспакарана напасці на ліцвінскія землі.
А пачыналася ўсе вельмі і вельмі складана.
Вітаўт Кейстутавіч узышоў на велікакняжацкі пасад толькі пасля шматгадовай барацьбы са сваім стрыечным братам Ягайлам. Паводле Востраўскага пагаднення 1392 года, Ягайла ўсе ж быў змушаны прызнаць Вітаўта вярхоўным уладаром ВКЛ. Але з гэтым не згадзіліся іншыя сыны Альгерда, якія лічылі, што маюць больш правоў на віленскі пасад, чым сын Кейстута.
Адзначым, што Вялікае княства складалася ў той час з шэрагу ўдзелаў, на чале кожнага стаяў свой князь, пазіцыя якога магла не толькі не супадаць з пазіцыяй вялікага гаспадара, але і супярэчыць ей. Усе князі мелі свае войскі-дружыны, а значыць, у выпадку нязгоды з вярхоўнай уладай, маглі выступіць супраць яе са зброяй.
Паспрабавалі ўзняць узброены мяцеж і ўдзельныя Альгердавічы. Аднак, ваяры аднаго з іх, Дзмітрыя Карыбута, былі разбітыя велікакняжацкім войскам непадалёк ад Ліды, ля в. Дакудава. Не мелі поспеху і выступленні іншых князёў.
Першыя гады Вітаўтава княжання напоўнены барацьбой супраць удзельных уладароў. Для дасягнення сваіх мэтаў вялікі князь выкарыстоўваў любыя сродкі, не спыняючыся ні перад чым. Жорстка і бязлітасна знішчаў ён усіх супернікаў. Але ці можна яго за гэта вінаваціць? Вітаўт жыў у часы, у якія ўладары карысталіся гэтакім прынцыпам: калі ты не знішчыш сваіх супернікаў, дык яны знішчаць цябе. Ці пры дапамозе войска, ці паводле мірнага пагаднення ўсе значныя ўдзелы ліквідаваліся. Замест іх уводзіліся намесніцтвы, Улада намеснікаў не была спадчыннай, іх прызначаў сам вялікі князь, I яны таксама былі пазбаўлены права кіраваць войскам, што было вельмі важна.
У выніку спыніліся свавольствы ўдзельных уладароў, міжусобныя войны паміж імі. Гэта дало штуршок да развіцця гаспадаркі. Асабліва падтрымліваў Вггаўт гандаль, які даваў значную долю паступленняў у дзяржаўную скарбніцу. Будаваліся новыя шляхі, пераправы і масты праз рэкі. Дзяржава пастаянна кантралявала гандаль. На дняпроўскім востраве Тавані нават існавала мытня (так званая Вітаўтава баня), якая абкладала пошлінай увесь "імпарт".
На рубяжы Х1V-ХV ст. узнікла велікакняжацкая канцылярыя, праз якую праходзілі ўсе дакументы, створаныя ў ВКЛ. Дзяржаўнай моваю была наша, беларуская мова. На ёй пісаліся шматлікія дакументы, вялася дыпламатычная перапіска.
Шмат імкнуўся зрабіць Вітаўт. Была нават ідэя аб'яднаць каталіцтва і праваслаўе ў адну царкву, каб пазбавіць краіну ад пагрозы расколу ў ёй. Аднак, задума гэтая не здзейснілася.
На жаль, не здзейснілася і мара жыцця Вітаўта — пераўтварыць свае княства ў каралеўства, каб канчаткова адасобіцца ад Польшчы. Шматлікія дагаворы аб уніі-саюзе з ёй сур'ёзна пагражалі незалежнасці нашай дзяржавы, і толькі атрыманне каралеўскай кароны магло скасаваць іх. Усё ўжо было вырашана Каранацыя павінна была адбыцца ў Вільні ў 1430 годзе, але карону, якую везлі паслы германскага імператара перахапілі палякі. Далейшая барацьба за яе была перапынена нечаканай смерццю Вітаўта.
38 год сын Кейстута ўладарыў Вялікім княствам. Былі ў яго і бліскучыя перамогі, і трагічныя паражэнні. Але ў любым выпадку Вітаўт не апускаў рукі, не страчваў надзеі. Доўгія часы жывою сярод ліцвінаў заставалася памяць аб іхнім выдатным князі. У 1492 годзе, узводзячы на свой пасад Аляксандра Ягелона, яны патрабавалі, каб той кіраваў дзяржавай "...па праўдзіваму Вітаўтаваму звычаю".