Назад

№38.
З Гародзенскага ваяводства
Успаміны Ф. Ражанскага
Фелікс Ражанскі — адзін з найбліжэшых паплечнікаў К. Каліноўскага, аўтар беларускіх паўстанцкіх спеваў. Прымаў удзел у выданні "Мужыцкай праўды". Пасля паразы паўстання выехаў на эміграцыю ў Кракаў. Успаміны "З Гародзенскага ваяводства", напісаныя ад трэцяй асобы і апублікаваныя ў 1903 г. у юбілейным зборніку "W czterdziestą rocznicę powstania styczniowego" з'яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі паўстання 1863-64 гг.

У 1861 г. у Гародню з мэтай утварэння патаемнай суполкі і палітычнай дзейнасці, бліскуча скончыўшы юрыдычнае навучанне, прыехаў Канстанцін Каліноўскі.

На падставе асабістых знаёмстваў і стасункаў гэткую суполку яму ўдалося стварыць. У яе ўвайшлі: губернскі сакратар Эразм Заблоцкі, доктар Юзаф Заблоцкі, афіцэр і інспектар лясной школы Валеры Урублеўскі, афіцэр Ян Ваньковіч, каморнікі Фелікс Ражанскі і Ільдэфонс Мілевіч, ксёндз Гінтаўт з Гародні, ксяндзы Ян Зарыцкі і Ігнат Казлоўскі з ваколіцы і яшчэ некалькі чалавек, прозвішчаў якіх не памятаю альбо не быў з імі знаёмы асабіста. Усе вышэйзгаданыя былі дэмакратычных прынцыпаў і іх называлі чырвонай партыяй, з увагі на тое, што яны развівалі праграму падрыхтоўкі народа да нацыянальнага паўстання супраць маскоўскага ўрада, які, прадбачачы вызваленне [сялян] і знішчэнне паншчыны праз польска-шляхецкі элемент, дэклараваў скасаванне паншчыны праз два гады, гэта значыць, у 1863 г.

Доктар Заблоцкі пісаў польскія патрыятычныя вершы, а Ражанскі — такія ж песенькі на беларускай гаворцы. І гэты апошні разам з Канстанцінам Каліноўскім друкаваў народную газету пад назвай "Мужыцкая праўда" і з подпісам "Яська, гаспадар з-пад Вільні", а пару песенек і "гутарак" на той жа мове выдаў Браніслаў Шварцэ ў Беластоку.

Канспірацыйная арганізацыя пашыралася на Гародзенскую, Віленскую, Мінскую і Ковенскую губерні, прасоўваючы на пасады вясковых настаўнікаў і валасных пісараў студэнтаў ды іншых патрыётаў, якія, працуючы з запалам і самаахвярнасцю, разгортвалі сваю станоўчую дзейнасць.

Народ чакаў пазбаўлення ад маскоўскай няволі ды ўціску прыгону і па ўсім краі ставіўся да барацьбітоў зычліва. Доказы гэтаму ён даў цягам усяго часу канспірацыі, а потым падчас паўстання.

Каб пераканацца ў сапраўдным настроі народа, а таксама супрацьдзейнічаць агітацыі, наладжанай урадам праз папоў і розных прыслужнікаў, Каліноўскі і Ражанскі час ад часу пад выглядам розных людзей здзяйснялі паспяховыя пешыя вандроўкі па шырокім краі: наладжвалі асабістыя стасункі, распаўсюджвалі свае газеты і пераконвалі, на чыім баку трэба змагацца, як і дзе належыць шукаць вызвалення ад прыгнёту. Дзякуючы гэтым намаганням і працы паўстанне магло пратрымацца на Літве з вясны да позняй восені, бо правіянт і праваднікоў дастаўлялі паўстанцам выключна адны сяляне, нягледзячы на цяжкасці і строгую адказнасць, якая пагражала ім з боку маскоўскага ўрада.

З прычыны сістэмы, уведзенай Аддзелам Нацыянальнага ўрада ў Вільні, найбольш дзейным сябрам якога быў Канстанцін Каліноўскі, у студзені 1863 г., калі ў Каралеўстве выбухнула паўстанне, Літва не была падрыхтаваная да ўзброенага руху. Бо тут разлічвалі на інтэрвенцыю іншаземных дзяржаў і адкладалі збройнае выступленне да больш спрыяльнага часу. Найбольш гарачыя патрыёты, тым не менш, кіраваліся ў Каралеўства для ўзмацнення паўстанцкіх шэрагаў.

У лютым адбылася бітва пад Сямяцічамі. Камандзір Рагінскі мусіў адысці ў Каралеўства, пасля чаго зрабіў рэйд у Пружанскі павет, дзе, не знайшоўшы падмацавання, быў разбіты Маскалямі і патрапіў у палон.

У сакавіку ў наваколлі Друскенікаў Нарбут правёў пераможную бітву з Маскалямі, але, смяротна паранены, перадаў камандаванне Ляскевічу, які фарміраваў гародзенскі атрад.

У красавіку ў Гародні пад кіраўніцтвам Калыскі1 сабралася некалькі дзесяткаў добраахвотнікаў, дамовіўшыся папярэдне з машыністам, што павінен быў весці цягнік у Вільню. Верагодна, у выніку здрады, калі добраахвотнікі ўжо запоўнілі вагоны, у самую апошнюю хвіліну перад ад'ездам паравоз быў адчэплены ад вагонаў, якія акружаліся маскоўскім войскам. Калыска з машыністам ад'ехаліся, пакінуўшы на вырак лёсу сваіх таварышаў у вагонах. Ноч была цёмная і дажджлівая. Паляванне маскалям не ўдалося, бо добраахвотнікі ўцяклі ў горад. Толькі назаўтра іх пазнавалі па запэцканых ботах, саджалі ў вязенне і потым высылалі ў Сібір. Калыска ж, пакінуўшы паравоз у полі, неўзабаве сфармаваў атрад. Але, заатакаваны і паранены, трапіў у палон, дзе, як і многія, быў пакараны смерцю.

У гэты час у Каралеўстве паўстанцкі рух узмацняўся з кожным днём, і Нацыянальны ўрад патрабаваў, каб Літва таксама выступіла са зброяй.

Адзін за адным утвараліся атрады: гародзенскі атрад пад камандаваннем Ляневіча-Сандэра2, ваўкавыскі атрад Густава Стравінскага, бельскі Антонія Баранцэвіча, сакольскі Багуслава Эйцміновіча, кобрынскі Рамуальда Траўгута, пружанскі Самулевіча, брэсцкі Улодака, слонімскі Лукашэвіча, слуцкі Свентахоўскага і г. д.

Кожны атрад складаўся з 200–300 таварышаў і падзяляўся на секцыі ад 12 да 24 чалавек з далучэннем афіцэра і 2 унтэр-афіцэраў. Зброя была паляўнічая, старога ўзору. Навейшыя стрэльбы і штуцэры былі рэдкасцю. Ужываліся лёткі3 і буйны шрот, зрэдку — кулі. З боку паўстанцаў страляніна пачыналася толькі з адлегласці 50 крокаў, каб стрэлы былі трапныя. Харчаванне складалася з вяндліны, часам — свежага мяса, малака і сыроў, калі атрад стаяў лагерам паблізу вёскі ці праз вёску праходзіў. А найчасцей жаўнеры задавальняліся сухарамі, хлебам і вадой, якую кіпяцілі ў гаршчках, усыпаючы гарбату. Кожны мусіў мець конаўку і лыжку, а ў торбе — трохі хлеба і сала, бо кухні ў лагеры не было. Вылучаліся толькі афіцэры, для якіх быў асобны самавар і некалькі большых гаршчкоў.

Раскрываю гэтыя падрабязнасці дзеля таго, каб паказаць характар і стойкасць таварышаў, якія цягам усяго паўстання не згадвалі пра лепшыя ўмовы, а таксама не хацелі прымаць жалаванне ці плату, перакананыя, што Нацыянальны скарб не меў у распараджэнні шмат [грошай].

Дзе ж ёсць больш ахвярныя, мужныя і шляхетныя жаўнеры, чым у нашай улюбёнай Айчыне?!

Пры сакольскім атрадзе сфармаваўся штаб Гародзенскага ваяводства, якому загадам Нацыянальнага ўрада былі падначаленыя ўсе вышэйзгаданыя атрады. На чале стаў палкоўнік Духінскі, афіцэр з 1831 г., што прыбыў з Парыжа з гатовай намінацыяй. Шэфам штаба прызначыў Валерыя Урублеўскага, дарэчы, будучага генерала Парыжскай камуны 1870 г. Ад'ютантамі сталі: Чэслаў Калупайла, Булгарын, Здзяхоўскі і Арамовіч, які выдаў успаміны пра паўстанне, партызанскі рух ў Гародзенскім ваяводстве.

Штаб гэты перамясціў сваю сядзібу да ваўкавыскага атрада, дзе камандзірам быў дзейсны афіцэр Густаў Стравінскі, што вёў паспяховыя сутычкі з Маскалямі пад Савіцкімі Корчмамі, Вялікім Кутом, Мілавідамі, Жаркаўшчынай і ў многіх лясных мясцовасцях.

Са штаба выходзілі загады ўсім падпарадкаваным атрадам, якія ён у стратэгічных мэтах аб'ядноўваў ці раздрабняў, складаў рапарты Аддзелу Нацыянальнага ўрада ў Вільні аб становішчы, патрэбах, а таксама сутычках, што адбыліся з Маскалямі.

Няпростай і часта невыканальнай была задача падтрымання пэўнай сувязі паміж атрадамі і Нацыянальным урадам, бо Маскалі, высачыўшы ўсе атрады і маючы пад пагрозлівым Мураўёвым-Вешальнікам пільную паліцыю, стараліся адрэзаць паўстанцаў ад свету, нападалі пераважаючай сілай на паасобныя атрады. Ведучы бітву, найчасцей беспаспяхова, абкладалі нас у лагерах у глухіх Белавежскай і Сакольскай пушчах ды бліжэйшых лясах.

У чаканні спадзяванай інтэрвенцыі замежных дзяржаў, якая дала б магчымасць дастаўкі зброі і амуніцыі, мы ўстрымліваліся заклікаць народ да зброі. Часовай агульнай тактыкай з боку паўстанцаў было збройна абараняцца ад прыгнёту і трымаць ворага ў непакоі.

З гэтых прычын, а таксама з увагі на цяжкасці дастаўкі харчавання і зброі, у Гародзенскім ваяводстве у паўстанцкія шэрагі вельмі мала прымалі сялян. Касінерам не заўсёды знаходзілася месца, таму, хоць яны і гарнуліся да нас, мы адсылалі іх дахаты.

Тыя ж, што паўсталі на заклік "Да зброі!" і папоўнілі шэрагі паўстанцаў, — былі кветам народа. Пераважна гэта была шляхта, студэнты ці моладзь з вышэйшых школ, рамеснікі, службоўцы, няшмат людзей дворнай службы і сялян. Былі прадстаўлены ўсе саслоўі. Яны, ахвяруючы сваёй маёмасцю, становішчам, сямейнымі сувязямі, уласным жыццём, добра ведалі, што перад тварам рашучага і жорсткага ворага не здолеюць узняць заняпалую Айчыну сваімі сіламі. Але супрацьдзейнічаць прыгнёту мусяць, павінны. Хаця б дзеля таго, каб даць братам у Каралеўстве Польскім чынную дапамогу, адцягнуўшы [на сябе] частку маскоўскага войска. Зрэшты, тады быў такі час і такія абставіны, што разважанні не маглі прынесці аніякага плёну. Толькі ганьбу, калі б мы ўхіліліся ад чыннага ўдзелу ці падтрымкі паўстання, якое мусіла выбухнуць з прычыны гістарычнай і нацыянальнай неабходнасці.

Пасля многіх крывавых сутычак з Маскалямі, у якіх мы панеслі адносна мала страт, бо з нашага боку стрэлы былі трапныя, заўсёды з блізкай адлегласці, а лясы дарылі бяспеку, аднак, надышла сумная восень. За ёй набліжалася зіма.

Мураўёў-Вешальнік выдаваў для выканання штораз больш дзікія і лютыя распараджэнні, з-за чаго далейшае ўтрыманне атрадаў у пушчах стала бессэнсоўным і, нарэшце, немагчымым.

Пра тое, каб скласці зброю ці здацца гаворкі не было. Usque ad finem4 — мовілі мы сабе, і калі не маглі прарвацца ў Каралеўства Польскае згуртаванымі сіламі, каб узмацніць там шэрагі барацьбітоў, дык падзяляліся на драбнейшыя атрады і ішлі да пастаўленай мэты.

Пашанцавала не ўсім. Аднак значная частка таварышаў прарвалася праз маскоўскія заслоны і каравулы і, згуртаваўшыся пад камандаваннем Багуслава Эйцміновіча і Валерыя Урублеўскага, далей вялі змаганне з ворагам. Мураўёў накіраваў за намі свае орды, не даючы ўздыхнуць ні на хвілю. Доблесны Багуслаў Эйцміновіч сустрэў геройскую смерць, а цяжка паранены Урублеўскі, перанесены таварышамі за мяжу, да вясны лячыўся ад атрыманых ран у доме гр. Тарноўскіх у Дзікаве5. А калі трохі ачуняў — паўстанне ўжо скончылася. І ён, як і многія таварышы, мусіў падацца на эміграцыю.

Канстанцін Каліноўскі заставаўся на чале Аддзела Нацыянальнага ўрада ў Вільні цягам усяго паўстання. Ён не хацеў захаваць сабе жыццё, хаця зрабіць гэтае мог. І ўрэшце, схоплены ў сакавіку 1864 г.6, голасна і бясстрашна пярэчачы прыгнятальнікам і злодзеям, быў павешаны на шыбеніцы ў Вільні, як і геройскі Траўгут з таварышамі. Гонар яму і ўсім тым, што неслі свае жыцці ў ахвяру за Край і праявілі сведчанне ахвярнасці і любові да Айчыны!

Кожны з удзельнікаў і ўсе бесстароннія ды шляхетныя людзі засведчаць, што народ, гэтаксама як і адзіночны жывы арганізм, бадай, і ў канвульсіўных сутаргах мусіць праявіць сваю жыццяздольнасць. І Наканаванне, неспасціжнае ў сваіх выраках, для выяўлення жыцця і духу народа абрала 1863 г.

Карманцін7, у студзені 1903 г.

Пераклад з польскай Зміцера Кузменкі.

Пераклад паводле: W czterdziestą rocznicę powstania styczniowego. – Lwów, 1903. S. 396–400.