Назад

Аркадзь Куляшоў

Хамуціус

Паэма

Ствараючы аблічча свету новага,
Ствараем мы і новае аблічча
Тым, хто загінуў. М. Бануш

“Мой родны брат! Я пакідаю свет,
Пішу табе не ліст, а запавет...
Узняўшы бунт, народу-жабраку
Мы камень падалі, а не руку.
Мы гінем ад таго, што абяцалі
Зямлю яму, а не далі ні цалі,
Калі затрубіць новай бітвы рог,
Паўстанец пакладзе на твой парог
Мой запавет, а ў ім — зямлю магната:
Тваю, маю... Раздай жа долю брата
Тым, хто яе арэ. На гэта права
Не я табе даю, а наша справа”.
                                 3 ліста Юрася Старжыцкага

 

Пад вячыстай хвояй

Год 1862. Гасціная ў дробнапамесным доме. Летняя раніца. Хвоя за акном. Гаспадыня Гелена Ямант услухоўваецца ў яе вячысты шум. Уваходзіць сястра Гелены — Рагнеда Старжыцкая, маладая, зграбная жанчына.

ГеленаРагнеда, ты? Ні свет і ні зара...РагнедаНавіны ёсць... Геленачка, сястра,
Як маешся?Гелена               Як верны пёс руіны,
Вартую дом, дзе мы з табой раслі,
Крыжы бацькоў ды ўласныя ўспаміны.РагнедаЗдароўе як? Гелена                                Тапчуся па зямлі.
А дзе ж твой муж?Рагнеда                              Пацеха! Пан маршалак
Не страціў спрыт да выразання палак,
Прабач яго за гэтыя дзівосы, —
3 карэты злез і паімчаўся, босы,
У твой ляшчыннік. Я трымаць не стала.ГеленаА што, яму сваіх лясоў замала? —
Не выхадзіш за тыдзень...Рагнеда                                             Гэты кут
Ён любіць. А яшчэ — сцяжынкі тыя,
Што некалі таптаў са мною тут.ГеленаРазьбяр па дрэву... Забаўкі пустыя,
Магната дурасць.Рагнеда                              Бога не гняві.
У графа дурасць гэтая ў крыві.
Хіба, скажы, не стаў бы мастаком
Ягоны брат, каб не паўстання гром?
Ты пазмрачнела? Можа, нам не рада?ГеленаНе ўспамінай, Рагнеда, чорных дзён,
Боль непазбыты.Рагнеда                              Нас трывожыць ён.
Нядаўна муж ліст атрымаў ад брата.ГеленаАд Юрася? Як гэта так? Дальбог,
Не разумею... Што за ліст?Рагнеда                                                            Мы самі
Здзіўляемся. Не ўласнымі ж рукамі
Паклаў нябожчык графу на парог
Ліст, што гучыць сягоння як паданне...
Граф быў малы, калі мяцежны рог
Паклікаў Юрася...Гелена                              Правоў і звання
Пазбавілі няшчаснага бацькі
За гэта.Рагнеда               А яшчэ... тваёй рукі.ГеленаЮрась мяне з сабою на паўстанне
Зваў... Не пайшла.Рагнеда                              Не варта шкадаваць.ГеленаШкадуе памяць. Рагнеда                              Муж хацеў бы знаць,
Як жыў Юрась пасля?Гелена                                             Аб тым, відаць,
Вядома толькі кірмашам і пушчам,
Дзе ён старцом відушчым, невідушчым
Хадзіў, быў ганчаром, быў багамазам,
Быў цыганом, — жыў з цыганамі разам.РагнедаАх, бедны! Лепей катарга, палон,
Чым лёс такі. Сюды прыходзіў ён?ГеленаЖыў... У сялян. Хаваўся ў іх зімой
3 Анэляй — спадарожніцай сваёй.
Вясной ён маляваў з яе партрэт,
Сам, як вясна, шчаслівы, закаханы,
Не багамаз, а бог, мастак, паэт.РагнедаАле!.. Так пачынаюцца раманы.ГеленаТрагедыі, старыя быццам свет:
Пралог лірычны, дзеі нечаканы
Канец, а там — і змрочны эпілог
Паўстання і блукання па народзе.Рагнеда3 табою толькі ў сорак трэцім годзе
Ён бачыўся?Гелена                              Дзіця на мой парог
Прынёс Юрась, як бог забраў Анэлю
3 пасцелі парадзіхі ды ў пасцелю
Бязведамную.Рагнеда                              Пухам ёй зямля! ГеленаЖыццё было ўжо Юрасю няміла,
У лес сышоў і там прапаў пасля.РагнедаПад прозвішчам сваім удачарыла
Малую ты... Марыська праўду знае?ГеленаЯ ёй сказала, што яна дачка
Старжыцкага. Паўстанца. Мастака.РагнедаА больш... А пра Анэлю?Гелена                                                            Не пытае,
А можа, і сама не хоча знаць.
Яна — дзіця бясшлюбнае, я — маці
Яе, пасмешышча мясцовай знаці,
Што трэба больш? Аб чым яшчэ пытаць?
Яна маўчала, я не гаварыла,
Язык — замок, калі душа — магіла.РагнедаДаруй, сястра, яшчэ не ўсё спытала:
Як быць з Марыськай? Пра яе так мала
Я думала. Ёй колькі год? Відаць,
Вясельны ўзрост? Ёсць на прыкмеце зяць?ГеленаНе смейся. Хто палічыць за выгоду
Ісці за Нёман, не спытаўшы броду.РагнедаМарыська не без племені і роду.
Старжыцкі дзядзька ёй, а не вараг.
Я гаварыла з ім. Ён дасць пасаг.
Мы так рашылі. Што Гелена скажа?
Ці, можа быць, не верыць?Гелена                                                            Воля ваша,
А толькі...Рагнеда                              Што?Гелена                                             Пранёсся слых такі,
Што хоча граф раздаць зямлю сялянам.РагнедаТой слых, сястра, і нас трывожыць з панам.
Хлусня!Гелена               А ўжо на графа мужыкі,
Як на святога, моляцца ў касцёле
Ды і ў царкве.Рагнеда                              Пустое нехта меле.
Няпэўны час! Турбацыя адна.
(Падыходзіць да акна.)
А вунь і муж ідзе. Шчаслівы, босы,
I не адзін... 3 Марыськаю?Гелена                                                            Яна.РагнедаВянок на галаве. А што за косы,
Як вырасла! Якія ножкі, стан!
Пры кавалеры... Гэта што за пан?
Прыемны з выгляду...Гелена                                             Адукаваны.
Зваць Кастусём.Рагнеда                              Хто пазнаёміў іх?ГеленаВядома хто — выпадак нечаканы,
Спрадвечны спадарожнік маладых,
Стрэч і разлук нязведаная сіла.РагнедаГасцюе ў вас?Гелена                              Марыська запрасіла. РагнедаДаўно ён тут?Гелена                              Ды ўжо чатыры дні. РагнедаА ён ёй падабаецца. Зірні:
Між ім і ёй ідзе вачэй размова,
Пан русы, а дзяўчына чарнаброва...

Уваходзіць граф Віктор Старжыцкі. Босы, кашуля на ім расхрыстана, у руках кіёк з ляшчыніны. Ён шчаслівы, вясёлы. Следам ідуць Марыська і Кастусь Каліноўскі.

СтаржыцкіГелена, добры дзень!
(Цалуе руку, звяртаецца да ўсіх.)
                                             Хачу я ўсім
Прысутным абвясціць, у добрым часе,
Аб змене той, якая адбылася
У лёсе брата, вашым і маім.
Дык слухайце, што я скажу вам... Згодна
Хадайніцтва майго, маіх сяброў,
Самім царом, за даўнасцю гадоў,
Грэх брату дараваны пасмяротна.
Яго імя не пахаваў гушчар,
Ягоны род не згінуў... Не загіне.
Марыся — больш не Ямант, а графіня
Старжыцкая. А я — не гаспадар
Таго маёнтка, што мяжуе з вамі.
Не я, а лёс яго вяртае вам.
Гелена, плачаш ты? Не плач. Слязамі
Не вернеш Юрася. Хай лепей нам
Накрые стол доўгацярплівы дом!
Наш дом!.. 3 вячыстай хвояй за акном.

 

Знаёмства

Жанчыны, а следам за імі Марыська, праходзяць у суседні пакой. Там яны займаюцца гаспадарчай справай — накрываюць стол. Мы бачым іх, але не чуем, бо ўвагай скіраваны на гасціную, дзе ў гэты час размаўляюць Віктор Старжыцкі і Кастусь Каліноўскі.

КаліноўскіНябожчыкам не трэба даравання
Былых грахоў. Калі ім сніцца сон,
То сніцца ім не тытул, а паўстанне
Наступнае. Яго набатны звон.
3 марудных дыліжансаў на чыгунку
Час перасеў і ў тым імчыць кірунку,
Якога час мінулы не дасяг.
Паўстанне ўжо не за гарамі, вашаць...
А выбухне, што тытул будзе важыць,
Пазбаўлены мінулых пераваг?
Што граф? Што князь?Старжыцкі                                                Прашу вас, дзеля бога,
Цара хоць не чапайце!Каліноўскі                                             Засцярога? СтаржыцкіТак. Я ж — маршалак. Каліноўскі                                             Вас мы не чапаем.
Але ж і вы і я хіба не знаем,
Што ўвесь наш бедны край прыйшоў у рух,
Цара і канцылярыю ўсім краем
Клянуць... А мы тут баімося ўдвух.СтаржыцкіВам лёгка. Вы ад царскіх слуг далёка.
А я? Я — знатны лёкай для паслуг,
Нядрэмнае за каркам чую вока.
Дзе ні ступлю, хлусню на слых лаўлю,
Ліхія чуткі, быццам я зямлю
Хачу раздаць...Каліноўскі                              Я чуў. Але не верыў.
Не веру ў філантропію намераў.
Калі б намер сур’ёзны быў у пана,
То здзейсніў бы яго ён нечакана
У зручны момант, улічыўшы ўмовы,
А не для слоў пустых.Старжыцкі                                                Святыя словы!
Ніхто не стане жартаваць з пятлёю
Намыленай.Каліноўскі                              Аднак я чуў другое...
Не знаю, ці казаць?Старжыцкі                                                Чаму б і не?КаліноўскіПра нейкую наяўнасць запавету...
Нібы яго пакінуў брат ваш.Старжыцкі                                                                Мне?КаліноўскіХто кажа вам, хто кажа — камітэту
Паўстанцкаму.Старжыцкі                                А хіба ёсць такі?КаліноўскіДы рознае гавораць дзецюкі
Пра камітэт той самы і пра справу.
Нібыта граф Старжыцкі ў пэўны час,
Паўстанца-брата помнячы наказ,
Не стане спадзявацца на Варшаву
3 няпэўнасцю яе, ні на Парыж,
Сам панясе пачэснай справы крыж.
Яму, — гавораць, — наш давер і зброя.
Ён — сам герой, не толькі брат героя!

Словы Каліноўскага ўразілі графа. Страх маршалка і адвага паўстанца адбіваюцца на яго твары. Што пераважыць — адвага ці страх — невядома.

СтаржыцкіЯк бачыце, зусім нядобры слых.КаліноўскіНа рэха слых падобны: быў і сціх.СтаржыцкіВось брата ліст! Пасланне дзён былых,
Паслухайце... “Я пакідаю свет.
Пішу табе не ліст, а запавет...
Узняўшы бунт, народу-жабраку
Мы камень падалі, а не руку,
Мы гінем ад таго, што абяцалі
Зямлю яму, а не далі ні цалі”.
Так напісаў Юрась!Каліноўскі                              Тут праўда ўся.СтаржыцкіЯна і вас, як бачу, ўсхвалявала.
Яна яму магілы каштавала,
А нам — заўчаснай смерці Юрася.
Фінал трагічны!Каліноўскі                              Не!.. Хутчэй завязка
Для новых дзей. Марыська(уваходзячы)
                              Прашу вас. Калі ласка!

Заклапочаны граф ідзе следам за Марыськай і Каліноўскім. Паступова настрой яго ўраўнаважваецца. І вось ужо Старжыцкі — ранейшы маршалак, задаволены госць і гаспадар. Ён падыходзіць да стала і налівае па поўнай чарцы спачатку дамам і пляменніцы Марысі, а потым — Каліноўскаму і сабе.

СтаржыцкіЯ ўсцешаны за ціхі дом, які
Сабраў нас тут, між сцен сваіх утульных.
Мы ўсе з яго гасціннае рукі, —
Хто выразаў кійкі, хто плёў вянкі, —
Адна сям’я... Па родзічах агульных...
А з Кастусём — па думках сваякі.РагнедаЧаму па думках толькі? Ён жа госць
Марыські.Старжыцкі                                Знаю. Густ у пана ёсць!
Да гэтага ж і хіліцца гаворка,
Каб тут жаданы госць не быў гасцём.
За шчасце!Рагнеда                              За Марыську з Кастусём.

Усе выпіваюць.

СтаржыцкіНу, што ж вы, маладыя... Горка!Рагнеда                                                            Горка!
Рашайцеся. Смялей, такой бяды!КаліноўскіНе згодны мы.Старжыцкі                                Між вамі нелады?КаліноўскіКазаць, Марыська?Марыська                                             Так.Каліноўскі                                                               Раскрыем карты.
Мы гэты тост, які не жартаў варты,
Адтэрміноўваем на два гады.РагнедаВар’яты вы!Каліноўскі                              Для тых, хто сэрцу люб,
Не тэрмін нават вечнасць.Рагнеда                                                            Глупства вечнасць!
Для шчасця асцярожнасць — недарэчнасць.КаліноўскіА можа, шлюб?Рагнеда                              Хто зганіць шчыры шлюб?
Яе пасаг — зямля, а ваш — асвета.КаліноўскіУ нашы дні так мала значыць гэта!..РагнедаДзе пан Кастусь вучыўся, не сакрэт?КаліноўскіУ Пецярбургскім універсітэце.СтаржыцкіПан скончыў юрыдычны факультэт.РагнедаЁсць служба?Каліноўскі                              Ёсць — бадзяюся па свеце.РагнедаНу як то можна жыць без пэўных спраў?
Ах, дарагі, бацькі вас білі мала.
Як можна так?Каліноўскі                              Спытайце генерала
Назімава. Прашэнне падаваў.
Адмовілі.Гелена               Без жоднае прычыны?КаліноўскіАдна прычына — патрыёт айчыны,
Якіх цяпер — лічыць і не злічыць
У Вільні, Гродні, тут.Старжыцкі                                                Ах, паважаны,
Я разумею вас. Нялёгка жыць,
Калі і чалавек адукаваны
Не мае дзе свой талент прылажыць...
За жарт прабачце, маладыя, нас.
Забаве час, але і справе — час.
Чакаюць коні, гасне ў небе дзень,
Чырвоны сонца кідае прамень,
Даўжэе цень, глыбее ў лесе рэха,
Пара і нам. Дык вып’ем стшэменнэго!

Усе выпіваюць. Першай пакідае пакой Рагнеда, за ёю, пабраўшыся за рукі, — Марыська і Каліноўскі. Затрымліваюцца толькі Гелена і граф.

ГеленаЯ слухаю. Вы нешта мне сказаць
Хацелі?Старжыцкі                Каліноўскі — вам не зяць.ГеленаЯк можна, граф? Адзін другому слова
Яны далі.Старжыцкі                                Ён меціць у царкі
Мужыцкія, на месца Пугачова,
Крывавай пласе просіцца ў зяцькі.
Юрась — мой брат. Аб шлюбе сам падбаю.
Яшчэ адно сказаць Гелене маю
Для пільнасці... Даходзяць да мяне
У Гродню чуткі, пэўныя даволі,
Што нехта тут адозвы сее ў полі,
Мужык знаходзіць іх у збажыне.
І нехта ўжо чытаў іх на млыне.
Гасця свайго, Марыську папярэдзь:
Чытаць іх нельга, можна загрымець,
Ды як яшчэ!.. Мне дораг ваш спакой.
(Выходзіць.)ГеленаГраф помніць нас! Паводзіўся як свой.

 

Допыт

Дом Гелены Ямант. Пакой, дзе жыве Каліноўскі. Вокны ў сад. За сталом Жандарскі афіцэр. Ён вядзе допыт. Каля дзвярэй узброены салдат. Капітан удакладняе пратакол.

КапітанЗавуць вас Каліноўскі Канстанцін,
3 дваран.Каліноўскі               Дробнапамесны дваранін. КапітанСюды вы з Ваўкавыскага павету
Прыехалі... Якую мае мэту
Прыезд?Каліноўскі               Не разумею капітана:
Спачатку арышт, потым пратакол,
Хоць для каго — такое нечакана.
Між тым мне не належыць тут ні стол,
Ні гвалтам распатрошаная шафа.КапітанШто гэта дом сваячаніцы графа,
Я ведаю, аднак...Каліноўскі                              Вы ні ў стале
Нічога не знайшлі, ні пад падлогай.
Прыстойны дом такою мерай строгай
Вы крыўдзіце.Капітан                              Не крыўдзіў бы... Але,
На жаль, мы маем факт найдакладнейшы,
Што чалавек прыезджы, не тутэйшы,
Чытаў лісток крамольны на млыне.
Па справе следства строгае вядзецца.
Ёсць сведкі адпаведныя ў мяне.КаліноўскіПры чым тут я?Капітан                              Лісток, які завецца
“Мужыцкай праўдай”, кліча дзецюкоў
Ісці з касой, з сякерай на паноў.
Не ўсё так нечакана, як здаецца.
Вы ў ролі бунтара, а я — суддзі.КаліноўскіДзе ж сведкі?Капітан                              Тут. Гаўрылаў, прывядзі.
Ды не марудзь!Салдат                              Ёсць, ваша благароддзе!

Салдат казырае і выходзіць з пакоя.

КапітанНе апазнаюць вас — вы на свабодзе.
Хаджу пад богам, пад царом жыву.
Нікому не раблю я выключэння.
Не вінаваты — дом без прабачэння
Я не пакіну. Пратакол парву.

Уваходзяць салдат і сяляне.Тут і маладыя дзецюкі і сталейшага веку людзі.

КапітанХто тут старэйшы?Арцём                                             Я. Арцём Яцына.КапітанУважліва глядзі на гаспадзіна.
3-пад Вільні Яська? Той?Арцём                                                            Не той.Дзяцюк                                                                                          Не той.Другі дзяцюкЧарнейшы той, з калматай барадой,
У світцы быў.Капітан                              А што чытаў з лістка
Вам Яська-гаспадар?Арцём                                             Пра мужыка.ДзяцюкАб вольнай волі.Другі дзяцюк                              Аб сярмяжнай долі.КапітанI не змаглі звязаць бунтаўшчыка?АрцёмЗбаяліся.Дзяцюк               А раптам пры пістолі.
Яшчэ нам пра цара казаў...Капітан                                                            Даволі
Вы вольныя.

Салдат адпускае сялян і ўслед за імі выходзіць сам. Капітан ірве пратакол на дробныя шматкі і кідае іх у кошык.

Капітан               Раблю, як абяцаў.
Жадаю вам прыемных сноў і спраў.
Даруйце... Ёсць яшчэ адно пытанне:
Марыся Ямант запрасіла вас
У госці?Каліноўскі                              Так.Капітан                                             Знаёмства ці каханне?
Маўчыце. Красамоўней за адказ
Мужчынскае маўчанне.Каліноўскі                                             Новы допыт?КапітанПаверце, не. Хутчэй — службовы клопат,
Міжвольная даніна пекнаце
Марысі Ямант... круглай сіраце...
Вы здзіўлены? Так, так, не ў гэтай хаце
Яе, а ў лесе нарадзіла маці,
Сама ж памерла. Круглай сіратой
Расло дзяўчо.Каліноўскі                              Гелена Ямант ёй
Не маці?.. Глупства нейкае.Капітан                                                            Ну што вы!
Не мог архіў сакрэтны спудлаваць.
3 прычыны гэтай — клопат мой службовы:
Я вам не раю масла падліваць
У той агонь, што выбухнуць гатовы.
Палітыка, дальбог, не для кахання,
Яна — цяжкі ланцуг для светлых мар.
Ёсць прыклады... Трагедыі паўстання...КаліноўскіПры гэтым вы так мнагазначна ў твар
Зірнулі мне.Капітан                              Што зробіш, я — жандар. КаліноўскіНе... Гэтак на нябожчыка трунар
Глядзіць, калі з яго здымае мерку
Для справы: на чарзе — труна і дол.КапітанШкадую я. Каліноўскі                              Каго? Капітан                                             Не вас. Паперку,
Што ў кошыку... Парваны пратакол.
Шкадую я, што выканаў фармальна
Свой доўг. Усіх не вычарпаў да дна
Магчымасцяў. А следчага віна,
Як правіла, канчаецца фатальна.
Баюся я, што і для вас яна
Так скончыцца... Прызнайцеся мне шчыра,
Прадухіліце горшую бяду.КаліноўскіI што далей?Капітан                              Паклічу канваіра,
На год, на два за краты адвяду.
Год альбо два і нават тры — не кара,
Грашок юнацтва спішаце ў архіў.
Дзеля Марысі, не дзеля жандара,
Вы вернецеся зноў да гэтых ніў.
Вам не зашкодзяць строгія парадкі:
Лепш змрок турмы, чым чорны гвалт пятлі.
Хіба не так?.. А горкія выпадкі
У практыцы маёй, на жаль, былі.
Пад шыбеніцай, як ратунку, моляць
У суддзяў — пажыццёвых ланцугоў...КаліноўскіЯ б не прасіў.Капітан                              Ну, што ж... Ах, моладзь, моладзь,
Шкадую вас! Бывайце. Я пайшоў.

Капітан пакідае пакой. Праз некалькі хвілін уваходзіць устрывожаная Гелена Ямант.

ГеленаШто адбылося?Каліноўскі                              Непаразуменне.
Жандар прасіў у пані прабачэння?ГеленаАле, прасіў... Нішто сабе манера,
Пад выглядам гасця і кавалера
Ашукваць дом. Не сорам, ягамосць?
Я так мяркую: вы для нас — не госць,
А мы для вас — не тайная кватэра.КаліноўскіПрабачце.Гелена                              Прабачэння не прымаю.
Былі вы на млыне?Каліноўскі                                             Не адмаўляю.
Не ашуканец я. Не вораг вам.
Дазвольце мне, я тлумачэнне дам
Марысі, як не вам.Гелена                                             Забараняю.КаліноўскіЯк можна?Гелена                              Каліноўскі Канстанцін,
Не я вас разлучаю з ёй, а — млын!

Абураная Гелена выходзіць. Каліноўскі паволі асоўваецца на канапу. Да яго паціху падыходзіць Арцём Яцына. Зазірнуў у твар. Падобна на тое, што Кастусь прыдрамнуў. Арцём здзіўлена паківаў галавой, пасля асцярожна вынес з-за стала крэсла. Так яны і сядзяць: Кастусь, а насупраць яго ў крэсле — Яцына. Але вось Каліноўскі ачнуўся.

КаліноўскіХто гэта тут?Арцём                              Пан не пазнаў Арцёма?
Яцыну?Каліноўскі               Ты?.. Пазнаў, пазнаў, вядома.
Яшчэ тут нехта быў...Арцём                                             Хто ж быў?.. Сяляне,
Жандарскі афіцэр. Ён вёў дазнанне,
Пасля яго была Гелена ў вас.КаліноўскіЯ не пра іх... Мне гэта сном якраз
Здаецца ўжо... А іншае яскравай,
Хоць і далёкай, падаецца явай.
Тут лес шумеў... Тут чалавек між дрэў
Стаяў. Ды на мяне ён не глядзеў,
А на магілу свежую, і слёзы
Яго цяклі на крыж, на ліст бярозы,
Што ўжо жаўцеў на тым лясным грудку.
Дзіцё грудное, стоячы ўбаку,
Трымала бабка... Пэўна, павітуха.
А лес шумеў так безнадзейна глуха...
Ты пабляднеў, Арцём? Цябе здзіўляе
Мой прывід?.. То не прывід, а такая
Хвароба... Нервы... Нечаканы ўдар.АрцёмАх, Яська, Яська! Яська-гаспадар
3-пад Вільні! Хіба жартаваць так можна
3 жыццём... Лісткі чытаць неасцярожна.
Каб мы не згаварыліся гуртом,
Гарэў бы, Яська!Каліноўскі                                             Ведаю, Арцём.АрцёмХадзем са мной. Жаню я заўтра сына.
Пасля хаўтур, што стацца тут маглі,
Вяселле Яську памагчы павінна.КаліноўскіАле ж, збірацца трэба.Арцём                                             Дык пайшлі.

 

Дажджавік

Ганак хаты Арцёма Яцыны. Падворак. 3 трох бакоў яго абступілі хвоі, якія далей пераходзяць у бор. Праз расчыненыя вокны далятае людская гамана, песні, музыка. Вяселле. 3 хаты выходзяць, а пасля ідуць падворкам Марыська і Каліноўскі.

КаліноўскіПрыйшла!Марыська               Ад нас да гэтай хаты блізка,
Вярста, не больш, калі ісці напрост.КаліноўскіАдна вярста? Не! Тысячаю вёрст
Учора мне мой кожны крок, Марыська,
Здаваўся, калі я пакінуў дом
3 тваім акном, што над маім акном.
Не думаў я, хоць мне сказаў Арцём,
Што ты таксама прыйдзеш на вяселле.
А ты прыйшла. Якраз насупраць села.
Не верыў я... Не ведаў, што скажу,
Пакуль сляза твая не паглядзела
Праз дым застолля на маю слязу.
Я ўдзячны ёй.Марыська                              За што? Каліноўскі                                             Слязе маёй
Твая сляза сказала без вагання,
Што, варты ганьбавання і выгнання,
Я ўсё ж не вінаваты перад ёй.МарыськаЯ ведаю, што не ліхі намер
Цябе ў наш дом прывёў, куды цяпер
Табе навек заказана дарога.
А ўсё ж, Кастусь, чаму ты мне нічога
Не гаварыў?Каліноўскі                              Для рызыкоўных спраў
Разумная не шкодзіць засцярога.МарыськаПра млын маўчаў.Каліноўскі                                             Я хіба не казаў
Табе аб грознай навальнічнай хвалі,
Якая можа знішчыць караблі,
Не толькі човен той, што мы абралі?
А слова, а зарок, што мы далі
На два гады з табой адзін другому,
Хіба яны — не прадчуванне грому
Таго, які над намі прагрымеў?
Дык радуйся. Яшчэ маланка дрэў
Не спапяліла! Нельга вінаваціць
За гэта лёс.Марыська                              Ты не баяўся страціць
Мяне.Каліноўскі               Прабач. Я сам таму не рад.МарыськаТо як нам быць? Як мне пазбыцца страт
Не відавочных... тых, якіх нямала
Вакол мяне? Хіба не бачыш ты,
Не заўважаеш — я ўжо іншай стала.
Душу рассеклі мне на два пласты,
На зоркі дзве. Адна з іх счэзне знічкай...
Але якая?.. Я табе мілей
Графіняю, Кастусь, альбо мужычкай?КаліноўскіТы для мяне адна, як і раней.
Як і раней, ты для мяне — дзяўчына,
Якую навучаў Арцём Яцына
Зямлю араць і слаць у лузе лён.
3 якой гуляў ягоны сын Лявон
У хованкі на бацькавым гарышчы
Тады, як быў, як ты, яшчэ малым,
3 якім ты бульбу ў вогнішчы лясным
Пякла і танцавала на ігрышчы.МарыськаЯ так і знала. Сядзем.Каліноўскі                                             Пасядзім.

Яны садзяцца на паграбню. Земляны верх яе зарос густой, наўмысля не пакошанай травой. Зацішна тут і ўтульна пад зялёным крылом бярозы.

МарыськаНам не зашкодзіць даўняе суседства
Ляснога дрэва, цёплай паграбні.
Я тут сядзець любіла з малалецтва,
3 бярозкай размаўляць у цішыні.
3 ёй уяўлялі мы гушчар глыбокі
І племя невядомых нам бяроз,
Дзе, можа быць, і мой пачуўся лёс,
Для сэрца блізкі, для вачэй далёкі
І таямнічы — для міжвольных слёз.
Да дрэў, як да калысак, цягне, браце,
Народжаных у лесе, а не ў хаце.КаліноўскіТы пра сябе гаворыш?Марыська                                             Не. То — сон,
А можа, летуценне даўніх дзён.
Мне плакаць бы цяпер, ды я не плачу,
Хоць і выразна ў цёмных хмарах бачу
Наступны дзень... Ужо ахутаў змрок
Сланечнікі... Хадзем туды, мой любы,
Каб іх пялёсткі апалілі губы,
А іх пылок мне вочы завалок,
Марыся Ямант не баіцца згубы.КаліноўскіТы не павінна гэтак гаварыць.
Пылок... пялёсткі... Што яшчэ за спевы?
Адкуль такія?Марыська                              Ад прабабкі Евы
Хутчэй за ўсё. Адкуль яшчэ ім быць?КаліноўскіЗабудзь іх. Супакойся. Прытуліся
Да сэрца, як да цёплай паграбні.
Пабудзь са мной, як у былыя дні.
Ты для мяне адна... адна, Марыся.

Дагарэла ў небе зара. Праспявалі пеўні. Змаўкае вясельная музыка, і ў вокнах гасне святло. Ноч ахутала падворак, але ненадоўга. Пачынае світаць. Першыя промні сонца застаюць Марыську і Каліноўскага на тым жа месцы. Яны цалуюцца.

МарыськаНас бачыць сонца — сорам! Час дадому.КаліноўскіПара і мне.Марыська                              А можа б, пачакаў?..КаліноўскіНе зручна мне.Марыська                              Чаму?Каліноўскі                                             Казаў Арцёму
Я, што пайду.Марыська                              Аднекуль, з-пад Пастаў,
Вандроўныя прыехалі музыкі.
У іх, я чула, танцаў кош вялікі!
Застанься! Не адзін гуляюць дзень
Вяселле ў нас.Каліноўскі                              Я на яго наклікаць
Магу бяду, як з’явіцца мой цень —
Нядрэмны капітан, яго Вялікасць
Жандар... (Цалуе Марыську.) Пайду!Марыська                                                                           А сонечны прамень
Так і цікуе нас праз рэдкалессе.
Ах, бедны, бедны! — я яму скажу...
Сачы за намі, сонца, колькі ўлезе,
Не бойся, я прыстойнасці мяжу
Не перайшла! Ад сораму ніколі,
Як не згарэла ўжо, то не згару.КаліноўскіНяўжо?Марыська               Маўчы. Я з сонцам гавару!КаліноўскіПагавары са мной. А з ім — даволі.МарыськаТы ж ведаеш і сам, які цяжар
На плечы мне ўзвалілі. Я — тавар,
А мой пасаг — разменная манета.
Мне ўжо сватоў падшуквае Рагнеда.КаліноўскіРаздай зямлю сялянам. Жаніхі
Адваляцца, як п’яўкі... У спакоі
Пакінуць кут, што пад аховай хвоі.МарыськаЗямля, зямля... Як гром на лес сухі,
Як костка ў горле! Я лічыцца мушу
Са згодай маці, будучага мужа...
Абмежавалі круг маіх правоў
Казённыя паперы і атрамант.
Лягчэй было нашмат Марысі Ямант
Не мець зямлі, не думаць пра сватоў.
Паны не для давання, а для брання...КаліноўскіНічога, пачакай... І наш ланцуг
Не вечны, рассячэ яго паўстанне,
Мяжу пераарэ мяцежны плуг.МарыськаЦі ж будзе так? Каліноўскі                              А іншага ў нас выйсця
Няма. Надзей на іншае — няма.МарыськаА раптам... Раптам катарга, турма —
Яны часцей здараліся калісьці.
Зрабі прасцей. Забудзь няпэўны шлях
Дзеля мяне, калі я сэрцу міла.
Пажэнімся, я б маці ўгаварыла.КаліноўскіМне трэба ты, а не чужы пасаг
Мне без Марысі Ямант свет — магіла.МарыськаМаўчы. Яе ты ўчора пахаваў,
Як пачуццю адкрытаму не даў
Быць не цнатлівым, грэшным і шчаслівым.
Яе ты зблытаў з полем неўрадлівым,
Яна ж магла б раджаць на зайздрасць нівам,
Калыскі калыхаць, як каласкі.
Чым лепш ты за цара таго, які
Даў ёй зямлю, але пазбавіў долі,
Сялянам волю даў — зямлі не даў?
Ты не яе, сябе пашкадаваў,
Збаяўся, што апынешся ў няволі
Сланечнікаў яе. Не ганарыся
Бязгрэшнасцю, ты не Хрыстос.Каліноўскі                                                                           Марыся!
За што мяне ты крыўдзіш? Сэрца стыне
Ад слоў такіх.Марыська                              Яны мае, аднак.КаліноўскіНе веру я. Гаворыць іх графіня
Старжыцкая.Марыська                              Няхай сабе і так!
Ты ўлады прагнеш. Не баішся кары.
Што ж мне рабіць?.. Чуваць грымот удары,
За хмары сонца свой хавае твар.
Мне час дамоў! Там ходзіць адзінота
3 кута ў куток, чарнейшая ад хмар.
Ну што ж, праводзь мяне, калі ахвота.
Не, лепш не трэба... Лепей пустата
У вокнах засцянковых, як і ў лёсе.
Сама дайду! Тут усяго вярста,
Не тысяча — як некаму здалося.КаліноўскіЯ правяду!Марыська                              Праз два гады прыходзь. КаліноўскіПрыйду раней, насуперак парогу...МарыськаБывай, Кастусь!

Марыська пакідае падворак. Да Каліноўскага падышоў Арцём Яцына.

Арцём                                             Куды так рана госць
Сабраўся ўжо?Каліноўскі                              Куды ж, як не ў дарогу. АрцёмЧаму так хутка, бражка ёсць яшчэ?!. КаліноўскіВы ж знаеце прычыну.Арцём                                             Глупства, Яська!
Прычына ўбачыць гурт, сама ўцячэ.
Грымяць грымоты... Недзе дождж сячэ...КаліноўскіЗайду пасля вяселля.Арцём                                             Калі ласка!КаліноўскіЯ не адзін прыйду. Мы цішыню
Парушыць можам.Арцём                                             Я не праганю.

Каліноўскі падаўся на лясную дарогу. 3 супрацьлеглага боку спяшаецца Марыська. У руках дажджавік. Задыхалася. Убачыла Арцёма.

МарыськаПайшоў?Арцём                              Пайшоў.Марыська                                                            А я вось дажджавік
Нясу... Даўно пайшоў?Арцём                                             Нядаўна.Марыська                                                                                Знік!..
О дзядзечка, як можаш, дагані!АрцёмНе даганю ўжо.Марыська                              Дзядзечка мой шчыры!
Не ён пайшоў — майго юнацтва дні.
Іх менш, чым пальчыкаў на пяцярні
Было... Чатыры дні... ўсяго чатыры...
Калі не іх, дык хоць яго вярні.
Я, дзядзечка, люблю яго, дурная.
Не вернецца... Яму я брыдкіх слоў
Нагаварыла.
(Прыпадае да грудзей Арцёма. Плача.)Арцём                              Сціхні. Раз такая
Бяда... То, можа, лепш, каб не прыйшоў.

3 хаты на ганак выйшлі музыкі. Зайгралі запрашальны марш. Немаведама адкуль пачалі збягацца хлапчукі і падлеткі, сыходзіцца хлопцы і дзяўчаты. Паважна ўзышоў на падворак жандарскі афіцэр і салдат Гаўрылаў. На нейкі момант музыкі пакінулі іграць. Але тут жа, нібы не заўважыўшы няпрошаных гасцей, хвацка ўрэзалі танец-песню “Каробушку”. Пад гэтую музыку, якая прыйшла здалёк і, пэўна, не так даўно бытуе тут, пайшлі танцаваць людзі. Капітан заўважыў Марыську, што самотна стаіць каля прасла. Падышоў, запрасіў. Усё гучней і гучней чуваць удары грому, бліжэй і бліжэй насоўваецца хмара. Вяселле танцуе “Каробушку”.

 

Арцём Яцына

У хаце Яцыны. Гаспадар сядзіць на ўслоне, побач з ім — салдат Гаўрылаў. За сталом жандарскі афіцэр.

КапітанТы не марудзь лепш, падпішы паперу,
Праўдзівым патрабуе быць закон.АрцёмНе згодны я... “Мужыцкай праўды” ён
Нам не чытаў.Капітан                              Чытаў. Я вам не веру,
Не забывайся, я не на гулянку
Сюды з’явіўся.Арцём                              Знаю, не п’яны.КапітанГаўрылаў, выйдзі! Пасядзі на ганку!

Салдат выходзіць.

Не хочаш сведак? Мы цяпер адны.
Падпісвайся.Арцём                              Не ўмею я.Капітан                                                            Здарэнні
Былі й такія... Закапчу пятак
Над свечкаю... Пакінеш пальцаў знак
Пад дакументам.Арцём                              Плямы на сумленні
Поп не даруе.Капітан                              Крыжычак пастаў.
Царква даруе богаўгодны вышук.
Бяры пяро...Арцём                              Баюся, каб той крыжык
Вялікім крыжам нада мной не стаў.КапітанХітруеш... На свае не хочаш плечы
Адказнасць браць. Ну што ж, ты не адзін
Быў на млыне... Былі браты... Дарэчы,
Вы прышлыя? Адкуль, з якіх мясцін
Вы збеглі? Ад каго?Арцём                                             Уласнай воляй.
Мне і братам маім даў волю князь.
Ёсць грамата.Капітан                              А часам не Юрась
Старжыцкі прыгразіў яму пістоляй?
Ці не былі і вы ў яго атрадзе?
Мне хтось казаў...Арцём                              А пан і веры даў?КапітанПадпісвай лепш, пакуль мінулых спраў
Не варухнуў я. То ў маёй уладзе.
Я ўжо дазнаўся: трыццаць год назад,
Тады, як быў разбіты ўшчэнт атрад
Старжыцкага, з’явіўся тут Яцына
Арцём з братамі...Арцём                                             Для таго прычына
Была ў нас.Капітан                              Так. Я ж і кажу — была.
Гелена Ямант лесу вам дала
На хаты.Арцём               Мы за лес сплацілі працай.КапітанЗямлю ў арэнду... Без рэкамендацый
Хіба? Адкуль такая дабрата?
Тут нешта ёсць. Я чуў, былі сябрамі
Гелена і Юрась.Арцём                              Як у Хрыста
За пазухай, яна жыла за намі.
Мужык апошні хлеб свой аддае
За дабрату.Капітан                              Шануючы яе,
Паверыў я. Не даў падзеям ходу,
Бунтаўшчыка не затрымаў дарма.
Зрабіў не на карысць вам, а на шкоду...
Памылка... Каліноўскага сама
Прагнала Ямант. Ты аб гэтым знаеш?
Горш, калі госць зноў прынясе лісткі...АрцёмНе прынясе. Мы з ім не сваякі.

Адчыняюцца дзверы. На парозе — Каліноўскі.

КапітанА!.. Вось і той, каго ты не чакаеш.КаліноўскіНе да яго, да вас я, капітан.
Я аб візіце вашым да сялян
Даведаўся нядаўна выпадкова.КапітанПрыемна ведаць — на лаўца і звер...КаліноўскіНе, капітан. Вы не лавец цяпер,
На гэты раз са мной мая ахова.

Узброеныя людзі вядуць у хату салдата. Рукі ў Гаўрылава звязаны. Капітан схапіўся за зброю, але пісталет у яго адабралі. Каліноўскі бярэ са стала пратакол допыту.

КаліноўскіЗноў пратакол. Знаёмая размова,
Запозненыя пошукі ахвяр.

Пратакол перадаецца з рук у рукі. Людзі чытаюць, абураюцца.

Малады паўстанецЧаго тут думаць. Гада на асіну!ПажылыСпакою людзям не дае жандар.
Звязаць яго!Каліноўскі                              Чакайце. Я Яцыну
Хачу спытаць.Арцём                              Ён — чалавек службовы,
Па справе тут.Малады паўстанец                              У багну і — канец!
Шкадуеш маскаля?Арцём                                             Пустыя словы.
Ёсць жонка, дзеці ў пана...Капітан                                                            Я ўдавец.
Дзяцей не маю. Смерць прыняць гатовы.КаліноўскіНе, капітан... Я не магу пятлёй
Вам пагражаць. Гуляць у жмуркі годзе:
Я з вашай ласкі сёння на свабодзе.
Салдат Гаўрылаў помніць арышт мой.СалдатТак точна. Помню, ваша благароддзе!КаліноўскіМяне з-пад варты вызвалілі вы.
За дабрату плачу я дабратою.
(Да людзей.)
Частуйце іх віном! Вярніце зброю!
Глядзіце, каб не ўпала з галавы
Ні валаска, ні гузіка — з мундзіра.
Мы не забойцы.

Людзі Каліноўскага развязалі рукі салдату.

Салдат                              Дзякую вам шчыра.Каліноўскі(да капітана)
Разыдземся, як даўнія сябры.
А хто рашыў, што — вось яно! — паўстанне,
Той памыліўся... Мы на паляванне
Ішлі, ды заблудзіліся ў бары.

Дружны смех.

Вядзіце іх, частуйце на двары!

Хата апусцела. Засталіся толькі Каліноўскі і Валеры Урублеўскі.

УрублеўскіДакладваю: ўсе сотнікі са мною
Паўстанцы ў пушчы.Каліноўскі                                             Вольна, генерал!

Каліноўскі і Урублеўскі абдымаюцца. Смяюцца.

УрублеўскіТы з Гродні?Каліноўскі                              Так.Урублеўскі                                             Які даваць сігнал?
Трубіць у рог?Каліноўскі                              Іграць сігнал адбою. УрублеўскіХто так распарадзіўся? Не сакрэт?КаліноўскіЦэнтральны Нарадовы Камітэт.
Ганец з Варшавы зразумець мне даў,
Што план, які Дамброўскі Яраслаў
Распрацаваў, быў ЦНК сарваны...
Змяніўся склад яго, а з ім — і планы.
Рух, скіраваны на сумесны рух
Сіл вызваленчых Польшчы і Расіі,
Ярмо царызму меўся скінуць з шыі...
Мяцеж у войску, поціск братніх рук,
Такі быў план.Урублеўскі                              Дамброўскага ідэя?КаліноўскіДамброўскага і Патабні Андрэя.УрублеўскіНаш аднадумец?Каліноўскі                              Рускі афіцэр.
Прыхільнік Герцэна. “Зямлі і волі”.
Я сустракаўся з ім.Урублеўскі                                             Дзе ён цяпер?КаліноўскіАд арышту хаваецца ў падполлі.
План гэты скасаваны...Урублеўскі                                             Недаверам,
Адрасаваным рускім афіцэрам?..КаліноўскіАле.Урублеўскі               Хіба, паўстанню на бяду,
Заняўся хтось гульнёй у чахарду
Амбіцый, намінацый, дэкларацый?
Няўжо не зразумеў бяспечны пан,
Пасля мінулагодніх дэманстрацый,
Што Польшча — не курган, а ўжо — вулкан?
Так, так, вулкан, які дыміцца зноў
Над кратэрамі польскіх гарадоў!
Вулкан, які рукамі дэманстрантаў
Шпурляў каменне ў твар паліцыянтаў.КаліноўскіУздым патрыятычны, то — не рэч
Для забавак.Урублеўскі                              Вулкан дыміць пагрозна,
А выбухне не ў час, то будзе позна
Накіраваць Агонь яго і меч
У рэчышча Свабоды.Каліноўскі                                             Так, Валеры,
Стыхійны рух, які не знае меры,
Служыць і праўдзе можа і мане.
Што станецца, калі ён захлісне
Сваім сляпым шавіністычным чадам
Славянскае яднанне брата з братам?
Калі да ўлады той жа ЦНК
Запросіць графа, а не мужыка?УрублеўскіБратэрства, роўнасць і свабода нам
Дакляраваны.Каліноўскі                              Кім дакляраваны?УрублеўскіВаршаваю. Каліноўскі                              Што парушае планы?..
Дзеля чаго?.. Каб дагадзіць панам, —
3 іх марамі аб адраджэнні славы,
Што некалі грымела на ўвесь свет, —
Альбо народу?.. Мне ганец з Варшавы
Прагаварыўся, што прывёз пакет
Ад князя Н... Старжыцкаму Віктору.
Я думаў, граф староніцца падзей,
А ён, хутчэй, за спінамі людзей
Хаваецца, падобна рэжысёру.
Рыхтуюць бой... Рыхтуйся да адпору...
У Вільню еду я.Урублеўскі                              Які загад
Мне пакідаеш?Каліноўскі                              Распускай атрад.
Без шуму толькі.Урублеўскі                                             Што сказаць, не знаю,
Мне людзям тым, якіх пазваў я ў бор.КаліноўскіСкажы, была праверка баявая,
Агляд наяўных сіл... Ваенны збор...
Падзякуй за парадак, дысцыпліну...УрублеўскіДа хуткіх стрэч!Каліноўскі                              У лепшую гадзіну!

Яны развітваюцца. Каліноўскі зморана апускаецца на ўслон.

КаліноўскіНа сэрцы блага... Нудны боль, тупы...Арцём(уваходзячы)
Па хатах раз’язджаюцца паўстанцы.КаліноўскіАдкуль вядома? Арцём                              Бачу, не сляпы. КаліноўскіДзе капітан?.. Салдат?Арцём                                             Іх на фурманцы
Павезлі п’яных. Недзе на палянцы
Пакінуць спаць, як на мяжы снапы.КаліноўскіПрачнецца капітан, то на дазнанне
Не прыйдзе ўжо... Ад сораму згарыць.АрцёмПерахітрылі, што і гаварыць.
А толькі зноў няпэўнасць. Зноў чаканне.КаліноўскіХіба Арцём чакае на паўстанне?АрцёмКаб хто сказаў: твая зямля... бяры,
Не ўседзеў бы і я, хоць і стары.

 

Партрэт Анэлі

Хата Яцыны. Гаспадар і Каліноўскі працягваюць размову.

АрцёмХто я? Адкуль? — цікавіўся жандар.
То я рашыў, хай лепей спавядае
Арцёма Яська...Каліноўскі                              Дзякуй, гаспадар.
А граф, як ён?..Арцём                              Вяльможны пан не знае,
Што ліст ад брата на яго парог
Я палажыў... Я ўсё зрабіў, што мог.
Вось ліст яшчэ...
(Перадае Каліноўскаму ліст.)Каліноўскі                                              “Народ абрабаваны!
Мой ліст да брата, гербам змацаваны, —
Той запавет, які ты знойдзеш тут, —
Перадае на твой вышэйшы суд
Паўстанец мой”... Хіба Арцём не рады,
Што граф Марысі даў пасаг?Арцём                                                            Мана
Яго пасаг. Пазбавіў ён улады
Марысю над маёнткам і зямлёй.
Я ўсё скажу... Гелена Ямант ёй
Не маці. Граф забыўся аб Анэлі.КаліноўскіТы знаў яе?Арцём                              Яна мая сястра!
Не для Гелены Ямант мы гібелі...
Ды што тлумачыць, волю даць пара
Нявольніцы, замкнёнай у куфэрку.

Арцём дастае з куфэрка партрэт Анэлі. Гэта карціна, маляваная маслянымі фарбамі. На ёй можна пазнаць двор Яцыны, паграбню і бярозку, ля якой стаіць сястра Арцёма.

АрцёмСястра!.. Хто на партрэт зірне хоць раз
Марыську ўбачыць быццам у люстэрку.КаліноўскіЯкая пекната!Арцём                              Чым не абраз?
Пісаў Юрась.Каліноўскі                              Мастак, не багамаз!АрцёмТак, так...Каліноўскі(гледзячы на карціну)
               Заходзяць і ўзыходзяць дні
Над паграбнёй... Бярозка карані
Пускае ў грунт. У зрэбнай даматканцы
Стаіць каханне! За яго спіной
Вясна-красуня крочыць па палянцы,
Зграбаючы зіму пад засень хвой.
Прабач мне, гаспадар... Хоць пяць хвілін
Хачу пры ім я пасядзець адзін.

Арцём на дыбачках выходзіць з хаты. Каліноўскі абапёрся рукой на стол, глядзіць на карціну. Але нечакана ён задрамаў... Заходзіць сонца. Промні яго падаюць праз расчыненае акно на падлогу, дзелячы хату на дзве палавіны: светлую і цямнейшую. У зацемненай паласе вырысоўваецца лясная палянка. Відаць засыпаны снегам магільны грудок з крыжам і бярозамі над ім. А побач, стоячы ў яме, чалавек сячэ рыдлёўкай мёрзлы грунт. На снезе ляжыць яго кажух і пісталет... Гэта ўсё прымроілася Каліноўскаму.

КаліноўскіЦяпер я знаю, хто ты. Ты — Юрась,
Каму каля Анэлінай магілы
Капаеш дол?Юрась                              Сабе на гэты раз.
Капаю дол, бо жыць не маю сілы.КаліноўскіЯ б не рабіў так. Шкода белы свет,
Зямлю, людзей з іх доляю жабрачай.
На снезе твой кажух і пісталет...
Страляцца будзеш?Юрась                                             Я рашыў іначай.
У ямку лягу. Зверху кажухом
Накрыюся. Засну пад спеў мяцелі
І думаць буду — гэта спеў Анэлі.КаліноўскіХто ж пахавае? Юрась                              Можа быць, Арцём? КаліноўскіА як не знойдзе? Юрась                              То бяда малая... —
Засыпле снег, а цёплы дождж вясной
Абмые, грунт размые, пахавае
І прашуміць травой над галавой.
Хто субяседнік мой? Чаго жадае?КаліноўскіТы — час былы, я — час наступны твой,
Нас раздзяліў рубеж святла і ценю.
Ты не пакінуў мне і зерня жменю...ЮрасьПакінуў я...Каліноўскі               Не шмат. Адзін партрэт
Анэлі.Юрась               Я пакінуў запавет.КаліноўскіТы запавет не мне пісаў, а брату.ЮрасьЯк брат адмовіцца, то на расплату
3 адступнікам я даў табе дазвол.
Са зброяй разам пакладзі на стол,
Адхілены, аддадзены знявазе,
Мой ліст!Каліноўскі               Твой запавет — адчаю крык.ЮрасьЯ знаю: брат мой — пан, а ты — мужык.
Варожасць паміж вамі пачалася
Не сёння і заціхне не цяпер,
І, можа быць, перажыве цябе.
Хто ведае? А можа, ёй і ў часе
Канца няма?.. Маўчыш? Не забывай:
Калі адчай, то ў гэтым — мой адчай.

Каліноўскі ачнуўся. Побач з ім на ўслоне сядзіць гаспадар.

КаліноўскіЯцына?Арцём               Я.Каліноўскі                              Нядаўна тут са мной
Хтось размаўляў?Арцём                              Не. Яська сам з сабой
Тут гаварыў. Так, як у сне гавораць.
Стаміўся... Сном кароткім не агораць
Дарог, трывог з відна і да цямна.КаліноўскіМарыська дома?..Арцём                              Тут яшчэ яна.
3 маёнтка наязджае рэпецітар,
Што граф наняў. Цалюткі дзень амаль
Чытае кніжкі... Так... 3-за чорных літар
Не бачыць свету белага, на жаль.КаліноўскіВыходзіць, не ў настроі. Арцём                                             Не ў настроі.
Сланяецца, змрачнейшая ад хмар.
Перасялілася, жыве ў пакоі
Тым самым, дзе дазнанне вёў жандар.КаліноўскіЯк нам сустрэцца з ёй?.. Хоць на паўслова.АрцёмКрый божа! Не карай яе сурова!
Яна, як пакахае, то ні вір
Не страшны ёй, ні жвір, ні манастыр.
Яна, як маці... Свет забыць гатова.
Ты пашкадуй яе, мой камандзір!
Я ўжо на ты, як свой... і прабачэння
Не папрасіў...Каліноўскі                              Кажы, Арцём, кажы... АрцёмЯ ведаю, у Яські ёсць сумленне.
Не пераходзьце страшнае мяжы...
Перачакай, яна перачакае,
А можа, і забудзецца.Каліноўскі                                             Наўрад.АрцёмНе кліч.Каліноўскі               Хай так!.. А пра мяне спытае,
Скажы — я слова не бяру назад!

 


 

“Ледзь толькі мы склікаць на бой атрады,
Варшаву падтрымаўшы, пачалі,
Інтрыгамі і коштам чорнай здрады
Да ўлады ў Вільні белыя прыйшлі.
Яны застацца прагнуць на чале
Паўстання, намі ўзнятага... Але
Хамуціус, хоць змушаны панамі
Пакінуць Вільню, праз сваіх людзей
Падтрымлівае з Гродні сувязь з намі,
Мы — з вамі. Так і будзе надалей.
Не трацім мы надзей у абцугі
Дваранства ўзяць. Хамуціус Другі".
                                3 ліста Малахоўскага ў атрад Віславуха

Змова

Канец лютага, год 1863. Вільня. Касцёл. У захрысным пакоі сабраліся на нелегальную сустрэчу прадстаўнікі камітэта “белых” — Гейштар, Аскерка, Яленскі і камітэта “чырвоных” — Каліноўскі, Малахоўскі, Чаховіч. Сход вядзе камісар з Варшавы — Дзюлеран.

ДзюлеранЦішэй, сябры! Адну мы варым кашу.МалахоўскіАле ядзім з катла не аднаго.ДзюлеранПан Малахоўскі, на сустрэчу нашу
Я вас паклікаў не дзеля таго,
Каб зноў распачынаць старыя спрэчкі.
Час, ведаеце самі, не такі...
Пан Гейштар, пан Яленскі не ваўкі,
А вы і Каліноўскі не авечкі.
Паўстанне ўзняўшы, вы не свой урад
У Вільні абвясцілі, а — разлад!
Я вас пазваў... Чаму не ў поўным складзе
Ваш камітэт? Дзе Длускі Баляслаў?КаліноўскіУ Ковенскіх атрадах. На пасадзе
Начальніка.Дзюлеран                              Дзе Козел?Каліноўскі                                                                Я паслаў
У Пецярбург яго па ваяводу.Гейштар(да Дзюлерана)
Хто ж гэта?Дзюлеран                              Серакоўскі. Даў ён згоду
Заняць у нас пачэсны свой пасад.ГейштарДзяржаўны муж.Аскерка                                             Герой!
Яленскі                                                                           Я вельмі рад..ДзюлеранДзе ксёндз Мацкявічус?Каліноўскі                                                            У Панявежы.МалахоўскіАдтуль чакаем мы на вецер свежы...
Пазваў да лесу шляхту і сялян
Карэва ў Троках. Круціць завіруха
Пад Лідаю. Паўстанцы Віславуха
Сутычку з войскам мелі ля Свянцян.ДзюлеранДык вось... Я склікаў вас не для нарады.МалахоўскіА для чаго?Дзюлеран                                Для перадачы ўлады.КаліноўскіВам? Дзюлеран               Гейштару. Чытайце, ёсць загад
3 Варшавы — распусціць Часовы ўрад,
Стварыць “Аддзел”.Каліноўскі(Бярэ загад.)
                              А кіраваць “Аддзелам”
Не нам прапанавана тут, а белым.ДзюлеранІначай, Каліноўскі, не магло
І быць. І вам лічыцца трэба з фактам.Аскерка“Чырвонае”, ці левае, ці як там
Яшчэ — рэвалюцыйнае крыло
Для справы адраджэння — костка ў горле.ЯленскіТрадыцыі шляхецкія не ўмёрлі,
Зноў будзе так, як некалі было.КаліноўскіНе прызнаём!Аскерка                              Як так? То воля ўрада
Цэнтральнага.Каліноўскі                              То ганьба!Малахоўскі                                                            Здрада!Чаховіч                                                                                                Здрада!
То гвалт!Гейштар               Прашу зважаць на цішыню.
Мне загадана — быць за старшыню!КаліноўскіА пану Дзюлерану пры “Аддзеле”
За камісара. Ён і тут як свой:
“Чырвоныя” раптоўна “пабялелі”.
Ці не за вашай, старшыня, спіной
Адбыўся цуд свяцейшы ў афарбоўцы?МалахоўскіПан Дзюлеран прыслугачом у іх!КаліноўскіАле, як гаварылі ў Якушоўцы,
Няма дурных, паны!.. Няма дурных!
Заместа Малахоўскага — Аскерка...
Вось ваш загад! Бярыце, Дзюлеран!
Я чуў, што не здароў на шлунак пан,
Яму згадзіцца тонкая паперка.ДзюлеранНу, гэта ўжо — нахабства!Аскерка                                                            Крымінал!ЯленскіЯк слухаць можна, я не разумею!
Адступніка аддаць пад трыбунал!ДзюлеранАддаць!Каліноўскі               Судзіць сабраліся ідэю
Братэрства, роўнасці... Чаму б і не?
Любы прысуд ваш — гонар для мяне.
Судзіце. За братэрства я гатовы
На той памост, дзе кат сячэ галовы.ГейштарВы супраць нас?Малахоўскі                              Мы супраць чорнай змовы.ГейштарАдступніцтва не сыдзе гладка з рук
Адступнікам. Ёсць жорсткія законы
На гэты конт. Пра вашыя імёны
Мы знаць дадзім праз наш, замежны друк.

Каліноўскі, які нешта піша, седзячы за столікам, насцярожваецца.

КаліноўскіВыходзіць, нас — жандарам на расправу,
А нашыя імёны — на няславуГейштарВыходзіць, так! На гэта ёсць правы.
Мы з вамі памяняліся на ролі:
Мы — штаб паўстання, радавыя — вы.
Закон ваенны парушаць даволі!
Што скажа Каліноўскі?Каліноўскі                                             Я не стану
Адказваць пану. Я на гэты раз
Варшаве, не яму, даю адказ.
І трапіць ён не вам, а Дзюлерану
У рукі, Гейштар!Гейштар                              Красамоўны жэст!КаліноўскіВазьміце, Дзюлеран. Тут наш пратэст!
3 ім разам выпраўляецца ў дарогу
Паўстання лёс. (Да Гейштара.) А вас прашу к парогу,
Шаноўныя.Яленскі                              Вы чулі?Аскерка                                                            Што за тон!КаліноўскіТак, так, паны... Я застаюся богу
Маліцца тут. Я дзіўны бачыў сон...
Хто разгадаць яго мне дапаможа,
Ды так, каб сон нядобры — не ў руку?
Па Вільні ехаў на чацверыку.
Хто б думалі? — вядомы ўсім вяльможа.
Сядзеў на козлах знакаміты пан...
Яленскі з Гейштарам караннікамі
Былі ў яго, і, стрыгучы вушамі,
Аскерка — справа, злева — Дзюлеран.
А ззаду воз жандар штурхаў рукамі.
На возе — дамавіна. У труне
Ляжаў мужык, даўно знаёмы мне.
Ён, бедны, век галеў, зямлі чакаў,
А дабрадзей, што коней паганяў,
Рашыў яму адмераць тры аршыны.
О, божа літасцівы мой, адзіны,
Перакулі на брук жалобны воз,
Зрабі, каб крэўны брат мой уваскрос!

Абураныя Гейштар, Яленскі, Аскерка і Дзюлеран пакідаюць касцёл. 3 бакавых дзвярэй уваходзіць ксёндз і Антанас Мацкявічус, таксама ў адзенні ксяндза. Яны спыніліся, слухаюць Каліноўскага.

КаліноўскіУваскрасай, народзе мой сярмяжны,
3 маўклівых курганоў і дамавін.
Паўстань для новай бітвы, дух адважны,
Як з каменю агонь, як дым з агню.Мацкявічус                                                                           Амін!КаліноўскіМацкявічус? Адкуль ты?Мацкявічус                                             Костас, браце,
Што за скандал у богаўгоднай хаце?
Выходзячы, паны крычалі: — Хам!
Хто іх пакрыўдзіў?Каліноўскі                                             Негасцінны храм.МалахоўскіНе так было. Тут хам самога бога,
Каб выгнаць іх, хаўруснікам зрабіў.МацкявічусХамуціусам грэшніка такога
Я б за кашчунны ўчынак ахрысціў.
Хамуціус і Хам — не проста цёзкі.
Хамуціус! Хіба не выклік дзёрзкі
У гэтым імені?Каліноўскі                              Яно нашмат
Гучнейшае.Мацкявічус                                Ну так! (Да ксяндза.) Ідзі, мой брат,
У спіс касцельнай кнігі спавядальнай
Хамуціуса прозвішча ўпішы.
Ён грэх прызнаў. Здымі з душы апальнай
Той грэх. Дай супакой яго душы!КсёндзІду.
(Выходзіць.)Каліноўскі               Ты з Панявежы? 3 поля бітвы?МацкявічусЯшчэ ў нас ціха. Я для пільных спраў
Сюды прыехаў... Бог, відаць, малітвы
Твае пачуў і вось мяне прыслаў.
Я з весткай, што замежныя дзяржавы
Рашылі падтрымаць нас і дэмарш
Цару рыхтуюць.Каліноўскі                              Гэты слых?Мацкявічус                                                            3 Варшавы
Прывёз такую вестку біскуп наш,
Што ў Ворні.Каліноўскі                              Што ж, цяпер мне зразумела
Чаму паны спяшаліся ў касцёл,
А Дзюлеран паводзіўся так смела.
3 замежнымі дзяржавамі за стол
Жадаюць сесці! Не благія планы!МалахоўскіСтаць на чале паўстання, то — разлік!.. КаліноўскіЯны не спадзяюцца, што мужык
Для іх пачне цягаць з агню каштаны.
Дык вось адкуль — высакародны гнеў,
Паток патрыятычных слоў узнёслых!МалахоўскіА ты, Кастусь, як у ваду глядзеў...КаліноўскіТак... Так... Іх падганяючы, сядзеў
Сам граф Старжыцкі на высокіх козлах!

 

Граф

Апошнія дні красавіка. Дом Старжыцкага ў Гродні. Кабінет графа на першым паверсе з выхадам на тэрасу. За столікам каля каміна сядзяць граф Старжыцкі і Аскерка. Старжыцкі дачытвае ліст, які толькі што прынёс яму cлуга.

СтаржыцкіХто ліст прынёс? Слуга                              Чарноцкі. Старжыцкі                                                                Я такога
Не знаю.Аскерка               Знаеце.

Аскерка нахіляецца да графа і нешта шэпча яму на вуха.

Старжыцкі                                Не можа быць!АскеркаЯ запэўняю... Горай чорт нічога
Не мог прыдумаць.Слуга                                             Што сказаць?Старжыцкі                                                                                Прасіць.СлугаЦяпер прасіць?Старжыцкі                                                Пасля таго, як дам
На тое знаць.

Слуга выходзіць.

Аскерка                              Шаноўны граф, не раю
Прымаць яго. Ён несусветны хам!..
Фанатык!Старжыцкі                Фанатычных паважаю.АскеркаШто ён для вас?.. Звычайны камісар,
Што скача ў брычцы з гушчару ў гушчар.
Мы ў Вільні ўсе яго апале рады.
Пазбаўлены былой сваёй улады,
Ён нам намнога карысней, дальбог,
На Гродзеншчыне... Тут... На полі бою.СтаржыцкіЁн думаў, што за вашаю спіною
Я вёў з ім несумленны дыялог.
Ён кінуў выклік. Выклік я прымаю.АскеркаАдкіньце гонар. Ваша хата — з краю.
Я хама не пусціў бы на парог.СтаржыцкіЯ змушаны. Не будзем траціць часу.АскеркаТо лепей мне прайсціся на тэрасу.СтаржыцкіЯк хочаце.Аскерка(Адчыняе дзверы на тэрасу.)
                              На Гродзеншчыне ў вас
Ужо сады цвітуць... Цудоўны час!
Цвітуць, цвітуць — на ўдачу ці няўдачу?
Я пагуляю, граф. Прайдуся ў сад.

Аскерка прычыніў за сабою дзверы, Старжыцкі падышоў да каміна, пачакаў, пасля падняў над сталом званок і пазваніў. У кабінет заходзіць Каліноўскі.

Старжыцкі(Ідзе насустрач.)
Прызнацца, не чакаў... Каго тут бачу,
Вось дык сустрэча! Вельмі, вельмі рад.
Сам-насам з панам мы не размаўлялі
Даўно.Каліноўскі               Даўно. Старжыцкі                                Амаль што год назад.
Дзе ж пан цяпер?Каліноўскі                              Хіба вы не чыталі
Ліст Юрася, што я падаў?Старжыцкі                                                                Чытаў.
Я, помніцца, калісьці цытаваў
Па памяці яго.Каліноўскі                              Так. Цытавалі,
Але не ўвесь.Старжыцкі                Бываюць дні, што век
Нам помняцца... Хадзілі мы па жыце,
Марыся, вы і я... На глум, на здзек
Усё пайшло. Дзе дзелася, скажыце?
Марысю заручае лёс з другім,
А вам — усватаў прозвішча другое.
Але, калі не думаць пра благое,
Той дзень, напэўна, дораг нам усім.КаліноўскіНе знаю, граф. Сюды я не за тым
Наведаўся, каб варушыць старое.
Той дзень асобна ад мяне жыве,
Як сонца ў хмарах, як рака ў тумане.
Я сёння — там, дзе па былой траве
Свой след крывавы валачэ паўстанне,
А месяца танюткі веташок
Знікае з неба ў непраглядны змрок.
Адтуль — і ліст...Старжыцкі(Чытае ўслых.)
                               “Народ абрабаваны!
Мой ліст да брата, гербам змацаваны, —
Той запавет, які ты знойдзеш тут, —
Перадае на твой вышэйшы суд...”
То пан Чарноцкі, можа быць, мяне
Судзіць сабраўся?Каліноўскі                                             Не.Старжыцкі                                                                Няславіць?Каліноўскі                                                                                                Не...
Хоць гэты ліст, калі б надрукаваны
Ён быў, здзівіў бы Лондан і Парыж
І пэўны ўплыў зрабіў бы на прэстыж...СтаржыцкіДазвол на ганьбаванне, паважаны,
Патрэбна мець.Каліноўскі                              Юрась нам даў дазвол
Са зброяй разам палажыць на стол
Свой запавет. А друк сягоння — зброя.
Граф знае гэта. І не горш, чым я.
Хіба не так?Старжыцкі                Я памяці героя
Не зганьбаваў: пляменніца мая
У спадчыну маёнтак атрымала.
Я над яе зямлёй не гаспадар.КаліноўскіНе аб героі ваша светласць дбала,
Аб іншым... Турбаваўся граф, што цар
За дзейнасць недазволеную можа
Аддаць пад суд Старжыцкага — крый божа!
Тады — ланцуг, тады — сям’я ў бядзе,
Тады зямля ўся — невядома дзе,
Тады Марысі спадчына — дарэчы...
Я разумею ўчынак чалавечы:
Граф год назад радню застрахаваў
Ад грозных дзён.Старжыцкі                                У вас няма падстаў
Так разважаць.Каліноўскі                              Няўжо князь Ч. з Парыжа
Ужо лістоў Старжыцкаму не піша?
Няўжо князь Н. таксама перастаў
Яму з ганцом навіны слаць з Варшавы?СтаржыцкіЦішэй, цішэй...

Размову перапыняе слуга. Ён ставіць на столік перад камінам каву і каньяк і выходзіць з кабінета.

Старжыцкі                                Прашу гасця да кавы.КаліноўскіНе той настрой.Старжыцкі                                То зараз будзе той!
Давайце... (Налівае ў чаркі каньяк.)
                              Каб палепшала ў настроі,
Як некалі, пад шум вячыстай хвоі,
За Кастуся!Каліноўскі               Хіба што па адной.

Чокаюцца. Выпіваюць.

СтаржыцкіХто ўласнай ахвяруе галавой,
Той аб сям’і падумаць права мае.
Я рад, што пан Чарноцкі гэта знае.КаліноўскіЁн знае больш.Старжыцкі                                Дык, пэўна, скажа мне?КаліноўскіХаўтурны звон у гэтай навіне.
Разбіты Серакоўскага паўстанцы,
Не ўзята імі крэпасць Дынабург,
Французскі корпус не прыйшоў на Буг,
Не высадзілі свой дэсант брытанцы.СтаржыцкіДзе Серакоўскі, ваявода наш?КаліноўскіЦяпер ужо не наш ён і не ваш.
Ён у цяжкім палоне... А ў ахвяры
Двайны палон: турмы і дум аб кары.СтаржыцкіБяда ўслед за бядой! За звонам звон
Хаўтурны!..Каліноўскі               Там, дзе мяцяжу пажары
Шугаюць, ліхаманкава закон
Касуе паншчыну. Цар думае, што ён
Тым самым пераб’е паўстанню ногі.СтаржыцкіХод змушаны.Каліноўскі                              Але разумны ход.
Граф, калі вы сапраўдны патрыёт,
Не з-за мяжы чакайце дапамогі.СтаржыцкіХто ж родны край пазбавіць змрочных крат?КаліноўскіЛіст Юрася — у ім адказ. Ваш брат
Сваю руку падаў вам для ратунку,
Не адхіляйце верную руку!
Век перасеў з карэты на чыгунку,
Яго не абагнаць чацверыку.
Ад зрэбнай світкі бітвы лёс залежа.
Тых, што хітруюць з ёй, народ кляне,
Асудзіць час — аддасць зямлю казне,
А ім ланцуг — казённае жалеза.
Падумаць раю!Старжыцкі                                Як звязацца з вамі?КаліноўскіУ графа ёсць падручны — Дзюлеран.
Ён звяжацца, як не са мной, з сябрамі
Маімі ў Вільні.

Каліноўскі выходзіць з кабінета праз тэрасу.

Старжыцкі                                Моц адчуў! Мужлан.
Ён знае: мужыкі панам на слова
Не вераць больш. Надзелы наразаць
Ён хоча іх дварам адначасова
3 паўстаннем. Хоча ім зямлю раздаць
Без выкупу, без чыншаў, без аброкаў.
Галетнікаў склікае, абібокаў!
Мы вастраўкі ў іх цёмным акіяне,
Аазісы ў халодных іх пясках.
Нас хваля змые, смерч засыпле прах.
Што станецца на свеце, як паўстане
Нястрымная стыхія ў поўны рост?
Не, лепш зямлю — казне, чарцям пад хвост
Маёнткі ўсе, чым злыбяда ліхая!
Я напішу ў Варшаву... Князю Н.
(Садзіцца за стол. Піша.)
“Шаноўны князь! Для адбудовы сцен
Прышліце мне — была такая ўмова! —
Шэсць дужых дзецюкоў з-пад Аўгустова,
Дасведчаных умельцаў і майстроў,
Такіх, каб тысячы адзін быў варты.
Дом старажытны рушыцца. Не жарты...
Выдаткі ўзяць я на сябе гатоў”.
Князь зразумее, ратнікаў прышле —
Шэсць тысяч! А не знойдзе ваяводу
Для іх, то сам я стану на чале
Змагання!

Адчыняюцца дзверы, што вядуць на тэрасу. Уваходзіць разгублены Аскерка.

Аскерка               Граф, я трапіў у прыгоду
Найпрыкрую. Мяне заўважыў ён
Ды так зірнуў, што горшага нічога...СтаржыцкіПан Аляксандр! Бывае горш намнога
Тады, калі трапляюць у палон.
Вы гаварылі — едзеце ў Варшаву...
Нялёгкую вам даручаю справу.
Ліст тэрміновы князю Н...Аскерка                                                            Сакрэт?СтаржыцкіПан будзе заўтра знаць яго з газет.АскеркаНяшчасце?Старжыцкі                                Так. Пан вернецца — адразу
Хай знаць дае... Выходзыде праз тэрасу,
Пасля — праз сад. Там ёсць патайны лаз.АскеркаЯ ведаю.Старжыцкі                Чакаю на адказ!

Аскерка выходзіць.

СтаржыцкіНяпраўда, Каліноўскі! Мы яшчэ
Жывём!.. 3 Парыжа мне той самы Ч.,
Шаноўны, урачыста пацвярджае,
Што ў чэрвені — праз месяц! — наш Арол,
Як роўны, сядзе за агульны стол
3 брытанскім львом, з аўстрыйскаю каронай,
А над былой дзяржаваю ягонай
Не будзе больш ні бур, ні чорных хмар.
Так, так, шаноўны!Слуга (уваходзячы)
                                             Граф, да вас жандар!
І не адзін...

Слуга прыбірае на паднос чаркі, каньяк, накрывае іх сурвэткай. У дзвярах ён сутыкаецца з жандарскім афіцэрам. Гэта той самы капітан, які некалі дапытваў Каліноўскага.

Капітан                              Дзень добры, паважаны
Віктор Старжыцкі! Вы арыштаваны.
Вышэйшай канцылярыяй была
На гэты конт інструкцыя даслана:
Трымаць пад хатнім арыштам васпана.
І дапытаць. Прашу вас да стала!
Што гэта за пісьмо?

Капітан заўважыў на стале ліст, які не паспеў прыбраць слуга.

Старжыцкі                                                Слугу спытайце.КапітанЧыё пісьмо?Слуга                              Не знаю. Праз акно,
Я думаю, падкінута яно.КапітанПісьмо ад Юрася... Так, так... Ступайце!

Слуга выходзіць.

КапітанПакуль гарыць камін, я знішчыць вам,
Граф, дазваляю падазроны хлам.СтаржыцкіНішто сабе дазвол. Нязграбна сеці
Пляце павук.Капітан                              Шаноўны, мы не дзеці.
Я следчы ваш, а вы, я чуў, мастак,
Разьбяр па дрэву.Старжыцкі                                                Дылетант. Аматар.КапітанКіёчкі выразаеце? Старжыцкі                                                Ну так.
Які ж тут грэх? Капітан                              Не грэх. Сам губернатар
Назімаў іх прымаў не раз як дар...СтаржыцкіСардэчны дар, па зручнаму выпадку...
То ў чым бяда?Капітан                              3 кійкамі ўсё ў парадку.
Яны сяброўскі дар, пакуль разьбяр
Пад арыштам. Пакуль не на вяроўцы!
А трапіць на вяроўку — па галоўцы
Жазлом сваім пагладзіць гасудар
Назімава за слабасць да кійкоў.
У тайніках уласнымі рукамі
Зрабіце вобыск, граф.Старжыцкі                                                Я тайнікоў
Для выпадку такога не завёў.КапітанТым лепш, тым лепш... А пісьмяцо часамі
Прынёс не Каліноўскі Канстанцін?
Ён і Марыся некалі сябрамі
Лічыліся.Старжыцкі                Пакуль гарыць камін,
Ліст, што турбуе вас, спаліце самі.КапітанНаадварот! Пісьмо — то козыр наш!
Падкінулі паўстанцы... Вымаганне
Ад графа — далучыцца да паўстання.
Кваліфікую гэта як шантаж...
У следчага ў руках закон як дышла...
Марыся замужам?Старжыцкі                                Яшчэ не выйшла.
Вы з ёй хіба знаёмы?Капітан                                             Вельмі рад
Быў пазнаёміцца... Выпадак мелі
Шчаслівы... Танцавалі на вяселлі.СтаржыцкіВось як! Пан не жанаты?Капітан                                                            Быў жанат,
Ды аўдавеў... Так, так... Не галадранцам,
Марысі Ямант граф аддаў зямлю.
Факт гэты ў следстве будзе новым шанцам
Для вас, Марысі зла я не зраблю!

 

Думкі

Дом Гелены Ямант. Сад глядзіць у вокны таго пакоя, дзе некалі жыў Каліноўскі. Ён і цяпер тут: нешта піша за сталом. На канапе сядзіць Арцём Яцына.

КаліноўскіЗямля!.. Людзей спакою пазбаўляе
Яна на гэтым свеце і на тым.
Зямлёю стаўшы, на зямлю жывым
Свае правы нябожчык прад’яўляе.
Вядуць за ўласнасць цёмную вайну
Нашчадкі між сабой на свеце гэтым,
Сумленне, што пярэчыць прагным мэтам,
Шляхетны гонар кладучы ў труну.
Паны зямлю сваім прыгонным хлудам, —
Ад мора і да мора даўжынёй, —
Зрабілі, падзялілі між сабой.
Зямля!.. Адным хіба цыганскім будам
Яна яшчэ здаецца нічыёй —
Гвалтоўным межам не падлеглым цудам.АрцёмЗдарожыўся?.. Змарыўся?..Каліноўскі                                                            Не, Арцём,
Мне шлях — не страх. Стамляюць думкі толькі.
Іх больш, чым вёрст пад коламі двухколкі
Намерана за тыя дні, што сном
Здаюцца неадчэпным... Ноччу, днём
Крывёй сцякалі думкі, як атрады,
Што даць бядзе сваёй не могуць рады.
Не спыніш думак, не пераімчыш...АрцёмДзе Яська быў?Каліноўскі                              Гуляў са смерцю ў жмуркі,
На рызманах паўстання латаў дзюркі
То там, то тут... За ўсім не даглядзіш...
Наведаў бацьку, родныя мясціны,
Магілу маці, брата свежы крыж.
Адтуль сюды прыехаў. Да Яцыны.
Ці не пара братам яго пачаць
Дзяліць на трох зямлю Гелены Ямант?
Маўчыш? Не хочаш, каб пачаўся лямант
І гвалт?.. Вось акт. Пад ім стаіць пячаць
Паўстанцкая.Арцём                              Без гвалту дамагліся
Мы праўды.Каліноўскі                              Як?Арцём                                             Гелена і Марыся
Братам паабяцалі, што зямлёй
Надзеляць іх... Жадаюць за сабой
Пакінуць толькі хвою векавую
Ды старажытны дом, што я вартую.КаліноўскіВартуеш дом... А можа быць, Арцём
У ім захоча жыць?Арцём                                             Я мужыком
Радзіўся і памру.Каліноўскі                                             А сын, Лявон?АрцёмПакуль жыву, таго не зробіць ён.
І ўнук мой не зняважыць памяць дзеда
Мянушкай графа альбо міраеда.
На звод пайшлі паны!Каліноўскі                                             О не, Арцём!
Магната ўнук, зямлю прадаўшы, стане
Як не ранейшым панам, то купцом.
Махлярскае адродзіць панаванне
Над мужыком яго гандлярскі дом.
Мужык і пан. Пан і мужык. Не ў слове
Хаваецца іх сутнасць, а ў аснове,
3 якой яны, як з плесені грыбы,
Растуць... Дзе ўладары, там — і рабы.
О не, Арцём! Зямля яшчэ не ваша.
3 Геленай Ямант я пагавару.
А раптам перадумае, дакажа
Жандарам дабрадзейка не ў пару —
Хто вы такія тут? Скуль узяліся?АрцёмНе зробіць так!Каліноўскі                              Глядзі не пралічыся.
Ёсць пэўнасць?Арцём                              Поўнай пэўнасці няма.
Хіба што проста так, для інтарэсу,
Пастраш, пакуль паны баяцца лесу...
Пагавары, каб знаць, што недарма
Гнаў Яська брычку да майго парога.КаліноўскіПагавару. Пабачыш веставога
Майго, то загадай, каб запрасіў
Гелену да мяне.Арцём                              Ледзь не забыў,
Дэпешу ён мне даў... Прабач старога...

Арцём дастае з кішэні пакет і, аддаўшы яго, выходзіць.

КаліноўскіЗямля, зямля!.. Хвалюецца стары.
Зямля — непрачытаная дэпеша.
(Распячатаў пакет. Прачытаў ліст.)
У Вільню зноў завуць мяне сябры!
Так!.. Лёс змагання болей не залежа
Ад тых, хто чорнай змоваю сваёй
Прыйшлі да ўлады. Толькі я не рады
Няшчасцю іх... Цяпер за іх спіной
Не графа цень, а Мураўёва краты.
Стараліся, каб не аддаць зямлі
Аратаму. А што ўзамен знайшлі?
Здань шыбеніцы ў іх над галавою,
А пад нагамі бездань. За сабою
Яны астатніх цягнуць... Памагчы
Паўстанню цяжка. Кружаць крумкачы
Над полем бою. Яська, нам з табою
Вядома тое!.. У глухой начы
То здрада нас пільнуе, то няўдача.
А час — шалёны конь — нястрымна скача...

Каліноўскі раскрыў насцеж акно і зняможана сеў на канапу. Падобна на тое, што яму не хапае паветра... У пакоі паступова цямнее. 3 паўзмроку вырысоўваюцца галіны саду. Расхінуўшы іх, да акна набліжаецца цыганка. Села на падаконнік і не зводзіць вачэй з Каліноўскага... Але гэта ўжо не ява, а сон.

КаліноўскіЦыганка Стэфа?.. Зноў паваражыць
Прыйшла? На жаль, я звонкае манеты
Не маю, каб руку пазалаціць.
Як і раней, не скажаш праўды мне ты.СтэфаНе Стэфа я. Мяне дарэмна з ёй
Ты блытаеш. Я з табара другога
Вандроўніца. Я — неадчэпны рой
Тых дум, што растрывожыла дарога.КаліноўскіТы прывід... Да мяне з імглы зімы
Юрась прыходзіў так.Стэфа                                             Мы не хімеры.
Не прывіды, а думкі. Ты за дзверы
Нас гоніш, праз акно заходзім мы.
Юрась і я, мы — з аднае кібіткі,
Якой кіруе час.Каліноўскі                              Чаму ж тады,
Зацьміўшы дзень, з’явілася сюды
Ты ў вобразе знаёмай варажбіткі?СтэфаДзівак. А сам ты пад мянушкай Світкі
Не вандраваў? А Яська-гаспадар,
Хамовіч, Макарэвіч, камісар
Чарноцкі — хто?Каліноўскі                                             То прозвішчы мае.СтэфаПяць прозвішчаў, як пяць падсудных лёсаў...КаліноўскіТы чуеш, недзе жаўранак пяе,
Раллю ўслаўляе пад страхой нябёсаў.
Пяць прозвішчаў — пяць жаўранкаў, іх ніць
Не рвецца і ўначы.Стэфа                                             То запрашэнне
У вечны змрок.Каліноўскі                              О не! На ўваскрашэнне
Жыцця. Хоць ноч, а жаўранак звініць,
Світальнай песняй славячы зямлю!
Пакінь мяне, пад спеў яго пасплю
Перад дарогай.Стэфа                              Засынай шчасліва
3 надзеяю. Няхай і ў змрочны час
Той жаўранак не пакідае нас.

Каліноўскі ачнуўся. Летні дзень за акном. Побач з Кастусём на канапе сядзіць Марыська.

КаліноўскіМарыська!Марыська                              Я.Каліноўскі                                             Адкуль ты?.. Вось дык дзіва!
Няўжо са мной нядаўна ты вяла
Размову тут, як не было святла?МарыськаТы сам сабе тут задаваў пытанні.КаліноўскіЯкія?Марыська               Разабраць я не магла.КаліноўскіІ жаўранак спяваў, як на світанні?МарыськаСпяваў, я чула, за акном тваім.КаліноўскіА можа, ты — не ты, а прывід з пушчы?МарыськаЗаплюшчы вочы! Так. Цяпер расплюшчы.
Пазнаў Марысю Ямант?Каліноўскі                                                Не зусім.
Яна, са мной заручаная ўчора,
Сягоння заручаецца з другім.МарыськаАдкуль такія чуткі?Каліноўскі                                             Ад Віктора
Старжыцкага. Ад графа. Так ці не?..МарыськаГраф пад замком. Пасаг мой не ў цане.
Зноў я з табой. Зноў сэрцы нашы з намі.
Маё — за год адбіла пяць атак
Рагнеды на чале з яе сватамі.
Ты да мяне, Кастусь? Ці проста так,
Каб глянуць на забыты дом дзявочы,
Наведаць той пакой, дзе жыў раней,
І пакаціць далей?Каліноўскі                                Заплюшчы вочы.
Ну, а цяпер расплюшчы іх хутчэй.
Пазнала?Марыська               Не.

Каліноўскі цалуе Марыську.

                              О, родны мой! Той самы... КаліноўскіХто?Марыська               Пацалунак. Паліць, як агонь...
Ад хмелю галава ў Марысі Ямант
Зноў кружыцца, і кроў штурхае ў скронь,
Цвіце сланечнік... Помніш?Каліноўскі                                                            Я нічога
Не забываў. Той самы я, што быў...
Ты толькі прозвішча майго былога
Не ўспамінай. Забудзь. Як я забыў!МарыськаЗабыць яго? Навекі?Каліноўскі                                             Мне паўстанне
Вярнуць яго павінна.Марыська                                             Альбо суд
Ваенна-палявы праз пакаранне?
Застанься тут. Сібіры ржавых пут
Ты не парвеш.Каліноўскі                              Бяры вышэй!.. Збаіцца
Пад свой нагляд прыняць мяне Сібір.
(Падыходзіць да шафы.)
Пакойчык ціхі... Кніжная паліца...
Твая?Марыська               Мая. Тут Гётэ і Шэкспір. КаліноўскіТут лёсы нашы... Каб маглі праліцца
Слязьмі, то затапілі б паўзямлі.
Хто мы з табой? Бед непазбытых дзеці.
Мантэкі гнеў, нянавісць Капулеці
Вякі з парогаў нашых не змялі.МарыськаНяшчасці пагражаюць нам расправай...
За грэх які? За шчасце спаць на правай
Тваёй руцэ. Спаць бесклапотным сном.
Мой любы! Я сама прыйшла ў твой дом,
На двор шырокі — лёгкаю хмарынкай,
На ціхі ганак — дробненькім дажджом,
У ложак твой — маленькаю дзяўчынкай.
Цяпер ты гаспадар мой, а не госць.
Пакойчык наш утульны прыбірала
Не я, а служка верная — мілосць.
Цябе чакала я... і прычакала
КастусьКаліноўскі               Я за Геленай пасылаў
Ганца, не за табой.Марыська                                             Мне ўсё вядома.
Ганец твой запрашэнне перадаў
Мне, а не ёй... Не асуджай Арцёма...КаліноўскіАрцём асудзіць нас.Марыська                                             Няхай. Маўчы.
Лёс не для слоў прызначыў нам спатканне.
Я дзверы ўсе замкнула, а ключы
Каханню аддала на захаванне.КаліноўскіТы плачаш?Марыська                              Глупства. То замілаванне,
Мой любы, а не горыч льецца з воч.
Каб ты не бачыў слёз, мы зробім ноч:
Акно зачынім і апусцім штору,
Насуперак Старжыцкаму Віктору.

 

Сватанне

Той жа пакой. Акно расчынена. Марыська і Кастусь сядзяць на падаконніку. Яны развітваюцца.

КаліноўскіЗвініць паветра ад чмялёў і пчол!МарыськаСпакой.Каліноўскі               Лясная ціхая старонка...
У Вільні будзеш, з’явішся ў касцёл
І скажаш: — Я Хамуціуса жонка.МарыськаХамуціус! Хто ён такі — латыш?
Ці, можа, грэк?Каліноўскі                              Пад гэтай клічкай знае
Ксёндз Кастуся. Табе ён, дарагая,
Дасць адрас мой. Прыедзеш?.. Што ж маўчыш?МарыськаКастусь!.. Ты чуеш, пошчак барабанны?
Салдаты.Каліноўскі               Так.Марыська                              Спяшайся, мой каханы!КаліноўскіЯ не паспею. Брычка на двары.МарыськаБяжы праз сад! Майго каня бяры,
За брамкаю стаіць ён, асядланы.

Кастусь пацалаваў Марыську. Саскочыў з падаконніка ў сад.

Ідзе спакойна. Куляй пагарджае.
За брамку выйшаў. Конь яго вітае
Іржаннем ціхім, тыцкае ў далонь
Вільготнай пысай. Пэўна, чуе конь,
Што ўжо — сваім жыццём і новай доляй
Тутэйшым нівам не належыць болей.

Уваходзіць Арцём. У руках яго куфэрак, які ён асцярожна ставіць на стол.

АрцёмПакінуў нас Кастусь. Марыська, з ім
Ты гаварыла?Марыська                              Дзядзечка, аб чым?АрцёмНяўжо ты выйдзеш замуж за другога?МарыськаТо клопат мой... Граф піша, што ў пятлю
Сваёй нязгодай я яго пашлю.
Рагнеда, як жабрачка ля парога,
Ратунку просіць... Сёння сам жаніх
3 Геленай будзе тут. Я мушу іх
Прыняць.Арцём               Не схіб. Яны жадаюць долю
Тваю распяць на графавым крыжы.МарыськаСвой крыж нясу. Цягнуць на крыж чужы,
Хаця б і залаты, я не дазволю
Сябе, Арцём.
(Заўважыла куфэрак.)
               Прынёс куфэрак ты?АрцёмЯк абяцаў... Дар Юрася святы...
Жадаў ён, каб вісеў партрэт Анэлі
Залогам шчасця на тваім вяселлі.
У горкі час такі даваў наказ
Мне бацька твой.Марыська                              Арцём, здымі абраз,
Павесь партрэт. Бог крыўды на мужычку
Не будзе мець.

Арцём здымае абраз і на яго месца вешае партрэт Анэлі. Адыходзіцца. Хрысціцца.

Арцём                              Абраз.Марыська                                             Цяпер, Арцём,
Пакуль няма Гелены з жаніхом,
Паўстанца Кастуся каня і брычку
Ад іх вачэй дапытлівых схавай.

Арцём выходзіць. Марыська глядзіць на карціну.

Пад засень дрэў зіму зганяе май...
Стаіць каханне ў зрэбнай даматканцы!
Жыццё мне даўшы, на лясной палянцы,
Анэля, ты бязведамнай зямлёй
Не стала. Ты жывеш!.. Нібы паўстанцы,
На варце хвоі за тваёй спіной
Стаяць.

Уваходзяць Гелена і жандарскі афіцэр. Капітан вітаецца, цалуючы руку Марыські.

Капітан               Марыі Юр’еўне сардэчны
Праз следчага прывет перадае
Віктор Старжыцкі, апякун яе!МарыськаЯк граф?Капітан               Нішто... Перыяд небяспечны
Не скончыўся. Але міне, дасць бог.
Віктор нарэшце трапіў у астрог.ГеленаЁн вінаваты?Капітан                              Доказаў няма
У следчага.Гелена               Чаму ж тады турма? КапітанГраф сувязь меў, гаворачы між намі,
3 даволі падазронымі сябрамі,
Так, так... Быў пад наглядам асабняк...
А хатні арышт, то не ўвагі знак
Да графа, а капкан, падрыхтаваны
Для доказаў магчымых, ад якіх
Своечасова граф ізаляваны
Законнай мерай, што ў руках маіх.
Цяпер, калі Назімаў Мураўёву
Здаў справы, нам — не да сяброў былых.ГеленаПайду. А вы працягвайце размову.

Гелена выходзіць.

КапітанМарысі дваццаць. Мне ўжо трыццаць пяць.
Ёсць розніца ва ўзросце. Разумею.
Але прашу, пакіньце мне надзею.
Хоць год, хоць два гатовы я чакаць...МарыськаПытанне можна, капітан, задаць?КапітанПрашу.Марыська               Кар’ера следчага ў зеніце...
Навошта рызыкуеце?Капітан                                             Лічыце,
Што я люблю вас болей, чым цара.МарыськаДаўно?Капітан               3 тых пор, як пасярод двара
Сялянскага ў шалёнай каруселі
3 Марысяй мы кружылі на вяселлі,
Ні дождж спыніць не мог нас, ні віхор.
Калі маланка асвятляла двор,
Я вочы бачыў, што з тугой глядзелі
У змрок... Не кропелькі дажджу на іх
Былі, а слёзы.Марыська                              Той віхор не сціх
Дагэтуль.Капітан               Знаю, знаю... Ах, Марыя
Свет Юр’еўна, абранцу вашых мар
Зайздросціў я тады, хоць і жандар.
Але, паверце, грозных дзён стыхія
Усё змяце. Яму не абмінуць
Дарог, дзе косіць дрэвы навальніца.
Магчыма, потым будзе ганарыцца
Ім свет, аднак не зможа свет вярнуць
Таго, што пад сабою пахавае
Дрыгва, дзірван, бур’ян, халодны жвір.
Няўжо Марыся спадзяванне мае
На нейкі цуд?Марыська                              О не! На манастыр.КапітанПрашу вас, маладосці не губіце!
Як любіце другога, то любіце.
Я не рашэнне выслухаць прыйшоў,
Пабачыцца... Як раб, чакаць гатоў
Я волі неба, што кіруе намі.МарыськаНадзей няма ў вас, ведаеце самі.
Другому слова я дала даўно
На ўсё жыццё. Не зменіцца яно.
Бывайце, капітан!Капітан                                             Ну, што ж, прызнанне
Чыстасардэчнае перад судом
Суровае змяншае пакаранне.
Як і раней, пакорлівым рабом
Я застаюся.

Капітан казырае і выходзіць. З’яўляецца Гелена.

Гелена               Што ты нарабіла! МарыськаАдмовіла.Гелена               Ён змрочны, як магіла,
Быў з выгляду. Віктора пагубіла
Твая нязгода, жорсткі твой адказ.
Граф наш сваяк. Мы хлеб ягоны елі,
Так, так... Ты не дачка мне!Марыська                                                            На абраз
Зірніце.Гелена               Божа мой! Партрэт Анэлі...МарыськаКупляюць, прадаюць маю душу.
Я чалавек? О не! Я — горш чым быдла.
Не плачце, маці. Вам самой абрыдла
Глядзець на гнюсны торг. Я адпішу
Маёнтак вам. За гэта папрашу,
Не крыўдзячы крыжы сваіх бацькоў,
Пакіньце ім для вечнага спакою
Язмін і бэз і гучных салаўёў,
А жаўранкаў над даллю палявою
Маім дзядзькам: Арцёму і братам...ГеленаА ты?Марыська               Бог знае, ды не скажа нам.

 

Сустрэча з генералам

Куча хворасту на краю ляснога балота. 3 супрацьлеглага берага далятае страляніна. Пасецца ў бары конь. Хвоя. Да яе прывязаны Каліноўскі. На паляну выходзяць рускія салдаты і афіцэр.

Першы салдатБалота непралазнае...Другі салдат                                              Чароту,
Дрыгве — канца і краю не відаць.ПаручнікАд хвоі чалавека адвязаць!Першы салдат Ёсць адвязаць!

Салдаты выконваюць загад.

Паручнік                              Цяпер ідзіце ў роту!

Салдаты выходзяць.

Уласны конь?Каліноўскі                              Уласны. Паручнік                                             Мой патруль
Гаспадара прызнаў за канакрада.
Я спадзяюся: вы з таго атрада,
Што гіне за балоцінай ад куль?КаліноўскіПаручнік здагадаўся. Я адтуль.
А вы — той афіцэр, што памагчы
Жадае нам?..Паручнік                              На гэты бераг выйсці
Ці зможа пад аховаю начы
Атрад? Калі не зможа, то карысці
Не прынясе намер мой.Каліноўскі                                             План такі
Не проста здзейсніць.Паручнік                                             Тут праваднікі
Патрэбны, знаю. 3 багны і трысця
Без іх не выйдзеш.Каліноўскі                                             Прага да жыцця,
Адвага і адчай праваднікамі
Былі заўсёды, ведаеце самі.
Прывесці можна прыклад не адзін.ПаручнікЯ адыду. Мая на маршы рота.
Не будзем траціць дарагіх хвілін.КаліноўскіПаручнік знае, што за ўзнагарода
Яго чакае?Паручнік               Братняга народа
Падзяка.Каліноўскі               Альбо куля ад цара.ПаручнікТут назбірана хворасту гара...
Каб даць сігнал?Каліноўскі                              Але.Паручнік (падпальваючы хвораст)
                                             Няхай шугае
Агонь, хай людзям, што на тым баку,
Працягвае гарачую руку,
На вольны бераг кладкі асвятляе.
Бывайце!Каліноўскі               Дарагі грамадзянін,
Як ваша імя?Паручнік                              Крупскі Канстанцін.

Паручнік пакідае паляну. Да Каліноўскага падыходзіць веставы.

ВеставыЯк кажуць, свет вялік і ўсё бывае.
На захад афіцэр салдат павёў.
Пашчасціла!Каліноўскі                              Як бачыш.Веставы                                                            Галубоў
Паштовых з данясеннем ад разведкі
Час, мусіць, выпускаць на волю з клеткі?
3 атрадам так умоўлена было.КаліноўскіСпяшайся, покуль сонца не зайшло
За край зямлі, а шчасце за палеткі
Не адышло раптоўна ў змрочны цень.
Спяшайся! Вестка даляцець павінна
Да берага таго, дзе трэці дзень
Надзеі нашы косіць страляніна.
Героі там! Атрад перадавы
Гісторыі. Спяшайся, веставы,
Атрад чакае!

Веставы выходзіць. На лясной паляне з’яўляюцца цыганы. Кожны нясе пасільную ношу на агонь. Да Каліноўскага падыходзіць цыганка Стэфа.

Стэфа                              Слухай, гаспадар,
Ты — хто?Каліноўскі                              Не пазнаеш?Стэфа                                                            Не помню ў твар.КаліноўскіЗабылася?Стэфа               Знаёмыя — не коні,
Я не па выгляду, а па далоні
Іх пазнаю.Каліноўскі               Як выгляду майго
Не помніш, то далонь не дапаможа.Стэфа(разглядаючы далонь)
Пабачым... Лінія жыцця твайго
Кароткая. Ды быць даўжэйшай можа.
Ты хочаш жыць і хочаш вольным быць...
Змяні галоп на ціхі рып калёсаў
Цыганскіх, змрочны брук — на сінь нябёсаў,
Тлум — на спакой, як хочаш вольна жыць.КаліноўскіНе ўводзь у зман. Былых дзяцей прыроды
Па свеце гоніць, як гусей са шкоды,
Землеўладання хлуд. Бізун даўгі.СтэфаУспомніла. Табе на пастаялым
Двары я варажыла... Там другі
Дзяцюк з табою быў... Ён генералам
Не стаў?Каліноўскі               Не стаў.Стэфа                              Няпраўда. Не мані.
Ты разам з ім па стромкай кручы скачаш,
Я знаю. На далонь сваю зірні,
На ёй, як на зямлі, не перайначыш
Ні сцежак шчасця, ні шляхоў пакут,
Ні рысак смерці.Каліноўскі                              Хутка будзе тут
Твой генерал. Сама яго пабачыш.
Прыслухайся, ідуць...Першы цыган(гучна)
                                             Ідуць!Другі цыган(змрочна)
                                                                                Ідуць. Веставы(Падыходзіць да Каліноўскага.)
Ідуць.Першы цыган               Жывыя раненых нясуць.Другі цыганНябожчыкаў.Першая цыганка                              На бераг іх кладуць. Другая цыганка О, божа, колькі іх! Што ж гэта будзе? Першая цыганка Вяртаюцца дадому з кірмаша...
Яшчэ душа... Яшчэ адна душа...Першы цыганАпошняга нясуць.Другі цыган                                             Паклалі.Урублеўскі(падыходзячы да агню)
                                                            Людзі!
Мы на сабе прынеслі сто магіл.
Але ні часу, ні лапат, ні сіл
Няма ў нас развітацца з дзецюкамі
Так, як належыць...Першы цыган                                             Пахаваем самі.УрублеўскіМы пакідаем іх без дамавін
І без крыжоў. Капайце дол глыбокі
Адзін на ўсіх. Як зможаце, адзін
На ўсіх пастаўце крыж.Другі цыган                                             Паставім крыж.УрублеўскіЗрабіце ласку. Пахавайце. Мы ж
Ісці павінны, хоць цяжкія крокі
І раны не даюць далей ісці.
Як толькі мясам нашыя шкілеты,
А раны скурай змогуць абрасці,
Атрад — людзьмі, — мы ўспомнім бераг гэты.
Успомнім, каб не сцежкай па трысці
Прайсці, а ў ногі пакланіцца хвоі,
Дзе дзецюкі ў абдымках лесу спяць,
Каб небу, як не схоча іх прыняць,
У твар халодны выпусціць набоі.
Мы іх не пакідаем. Не зямлі
Іх аддаём, а песням, а цымбалам,
А водгуллю ў бары.
(Да паўстанцаў.)
                                             Цяпер пайшлі
Далей, сябры!Стэфа(гледзячы ўслед)
                              Ён будзе генералам.

.....................................................................................

На шырокім лясным пні сядзяць Каліноўскі і Стэфа.

Каліноўскі(устаючы)
Развіднела. Паўзе з трысця туман...
Ну вось і ўсё. Няма смяротных ран,
Вачэй, зашклёных смерцю. Пад сабою
Сто лёсаў пахаваў нямы курган.СтэфаЧакай. Мінулагодняю вясною,
Варожачы табе, я ў варажбе
Праўдзівай не была, дзяцюк, з табоюКаліноўскіПашкадавала, мусіць?Стэфа                                             Не цябе,
Дзяўчыну, што была ў дарозе з вамі.
Хоць і варожым мы, але і самі
Жахаемся, чытаючы ў вачах
Дзявочых за людзей любімых страх.
Ах, людзі, людзі, каб наперад зналі
Вы шлях, крывёй паліты і слязьмі,
То не пакутвалі б і не кахалі,
Не плакалі і не былі б людзьмі.КаліноўскіНавошта ж знаць табе?Стэфа                                             Здымі калоду!
Хачу я паглядзець на абразкі,
Што іншы раз выказваюць нязгоду
3 тым, што паказвае далонь рукі.

Каліноўскі здымае калоду. Пакідае паляну.

Панёсся, уцякае на кані
Ад дум сваіх, як быццам ад пагоні,
Ад слоў маіх. Ад лёсу, што на пні
Перада мной ляжыць, як на далоні
(Глядзіць на карты.)
Дарога... Конь, які дарогу чуе...
Кароль... І дом казённы караля
Бубновага, якога карануе,
На трон дашчаны ведучы, пятля.

 


 

“Марыська чарнабровая мая,
Дзе шчасце, доля ясная твая?
Усё прайшло і не збылося ў часе,
Адна страшэнна горыч засталася,
І каменем на сэрца смутак лёг.
Калі ўжо нас за нашу праўду бог
Пачаў караць і, з вісельняй у згодзе,
Нам прападаць прызначыў пры ўваходзе
У вечны сад, то мы хутчэй загінем,
Чым скардзіцца пачнём на марны лёс,
Хутчэй ад шчасця і саміх нябёс
Адмовімся, а праўды не пакінем”.
                                3 ліста Каліноўскага да Марысі

 

Канец следства

Турма ў Вільні. Камера. За сталом разьбярыць Старжыцкі. Наглядчык упускае ў камеру наведвальніка, апранутага ў цывільную вопратку.

НаведвальнікДзень добры!.. Выразаеце кійкі
У вольны час? Разьбярыце?Старжыцкі                                                                Разьбяру.НаведвальнікВітаю майстра ходкага тавару. СтаржыцкіПрабачце, хто вы? Наведвальнік                                             Прыяцель, які
З’явіўся, каб палепшыць вязню ўмовы.СтаржыцкіНяйначай следчы новы? Наведвальнік                                             Што вы, што вы,
Не маю дачынення. Я з купцоў.
(Паказвае пропуск.)
Чытайце.Старжыцкі                                Пропуск. Наведвальнік                                                            Подпіс? Старжыцкі                                                                                Мураўёў. НаведвальнікЯк бачыце, вядома ў коле вузкім
Маё імя.Старжыцкі                То чым магу служыць?НаведвальнікХацеў бы на маёнтак пад Бабруйскам
Я з панам пагадненне заключыць.
Граф не супроць?Старжыцкі                                Супроць не я, а краты. НаведвальнікЯснавяльможны пан не вінаваты,
Вядома мне, ні ў чым, апроч размоў.СтаржыцкіАднак я тут.Наведвальнік                              Часова. Хто не вёў
Пустых размоў за шклянкаю гарбаты?
Хай не здзіўляе графа мой прыход.
Я — той, хто рыхтаваў для следства глебу,
Як сейбіт для раллі. Дазнання ход
Спрыяльны быў... Дык дзякуйце не небу,
Не следчаму... Ён радавы салдат,
Рабіў і робіць тое, што дыктуе
Вышэйшы чын, мой кампаньён — Загад.СтаржыцкіНе можа быць! Наведвальнік                              То колькі, граф, каштуе
Двор? Сотню тысяч? Болей? Паўтары?..

Старжыцкі маўчыць.

Належыць суму гэтую на тры
Дзяліць. За трыццаць тысяч я купляю
Маёнтак пана. Згодны?Старжыцкі                                                На грабеж?НаведвальнікНа клопаты.Старжыцкі                                Не набіваўся.Наведвальнік                                                            Знаю.
Прыкіньце, я не парушаю меж
Магчымага. Барыш дзялю законна,
Не ганьбячы прафесію сваю:
Не крыўджу ні сябе, ні кампаньёна,
Зямлю купляю, волю прадаю...
Яна не тысяч варта. Міліёна!СтаржыцкіХто ён, нябачны цень ваш — кампаньён?НаведвальнікНе трэба турбавацца, граф: не ён,
А я, гаворачы на вашай мове,
Ягоны цень.Старжыцкі                                А ён? Наведвальнік                                             Пры Мураўёве,
Як я — пры ім... Рашайцеся хутчэй.СтаржыцкіНа волі пагаворым.Наведвальнік                                             Тут зручней.СтаржыцкіНе для мяне.Наведвальнік                              Баюся, каб размовы,
Што вы з Аскеркам, з Гейштарам вялі,
Характар пратакольны, папяровы,
У выніку разваг не набылі...
Сягоння канчатковае рашэнне
Па справе графа прыме Мураўёў.
То як?Старжыцкі               Я — вязень.Наведвальнік                                             Пойдзеце дамоў
Сягоння.Старжыцкі                Калі так, то пагадненне,
Хоць з ведзьмаром, я падпісаць гатоў.НаведвальнікУсё яшчэ не верыце? Паверце,
Такім, як вы, дзяцей калышуць чэрці.
Ёсць ром?Старжыцкі               Няма.Наведвальнік                              Шкада! Абмылі б справу.
У друк мясцовы неадкладна я
Аб продажы маёнтка дам аб’яву...
Вядома, граф, ад вашага імя.СтаржыцкіЯк хочаце.Наведвальнік               Сем тысяч. Мой задатак —
Для пэўнасці. Парадак ёсць парадак.

Кладзе на стол пачак грошай і выходзіць. Старжыцкі хавае грошы ў тумбачку. Дастаў адтуль бутэльку рому і дзве чаркі. На парозе з’яўляецца наглядчык.

СтаржыцкіПрашу на чарку!Наглядчык(нерашуча)
                              Граф, я пры пістолі.

Старжыцкі налівае чаркі наглядчыку і сабе. Чокаюцца. П’юць.

СтаржыцкіНе першы раз!.. Што новага на волі?НаглядчыкУ горадзе аблавы. Ноччу, днём.СтаржыцкіЗлавілі ваяводу?Наглядчык                                                На свабодзе.
Цяпер яго іначай у народзе
Завуць.Старжыцкі                Ну, ну!..Наглядчык(пераходзячы на шэпт)
                              Мяцежным каралём
Дыктатарам Літвы і Белай Русі.СтаржыцкіЗа што такая чэсць?Наглядчык                                                Не дабяруся
Паняція...Старжыцкі(наліваючы чаркі)
               Яшчэ?Наглядчык                                Магу.Старжыцкі                                                А ўсё ж?

Чокаюцца. Выпіваюць.

НаглядчыкЗакон дыктуе свой: за здраду — нож,
Кінжалы ў ход пусціў...Старжыцкі(хмялеючы)
                                             Кароль, Дыктатар!..
Яшчэ?Наглядчык                Магу... 3 ног збіўся губернатар,
Злуецца... Калі гэтая напасць, —
Гаворыць, — пакрасуецца з паўгода,
То цар абвесціць роўнасць для народа...
Усе маёнткі мужыкам раздасць.Старжыцкі(П'е.)
Як імя караля?Наглядчык                                Цішэй. (П'е.) Хто знае?СтаржыцкіА прозвішча?Наглядчык                                Бог ведае адзін.СтаржыцкіВідаць, часцей, чым падышах жанчын,
Імёны ён і прозвішчы мяняе.НаглядчыкТо я пайду. Старжыцкі                                Чакай.Капітан(уваходзячы)
                                             Прынёс загад!СтаржыцкіСвабода?Капітан                              Так. Старжыцкі                                                Не думайце, што рад
Я навіне.
(Налівае чарку капітану, потым — сабе.) Капітан               Забараняю. Досыць. СтаржыцкіАх, любы капітан. Мой дом — астрог.
Не сам іду, мяне адсюль выносіць
Гісторыя... Нагамі за парог.

 

Асабняк у Вільні

Кабінет на другім паверсе. Гарыць камін. Каля яго, седзячы ў крэсле, вяжа панчохі Рагнеда. У крэсле насупраць яе — Віктор.

СтаржыцкіСябры ў бядзе. Не можна адкупіцца
Ад мук сумлення. “Годзе ныць, Віктор”, —
Шапчу, а ў сэрцы пуста. Я — званіца
Нямая. Языкі званам віхор
Павыдзіраў. Я — абабраны двор,
Пастух без пугі, посуд без палуды.
Заместа чарады ля ачага
Сямейнага пасу свае пакуты.
А нехта кайданы, там, дзе тайга,
Пасе і двор мой на Беразіне,
Што я прадаў, каб вольным быць, кляне...
Як свішча сівер у ягоных словах!РагнедаБеразіна!.. Мы страцілі, на жаль,
Не грошы — тры вярсты бароў сасновых
І больш чым тры вярсты нястрымных хваль.СтаржыцкіГісторыя!.. Патокам дзён імклівых
Яна падобна сёння на раку —
Імчыць, нас пакідаючы ўбаку,
Ад нас хавае твар у неўрадлівых
Сялянскіх нівах... Некалі была
Пакорлівай, цяпер грыміць: скарыся!..
Адзін свой двор я сам аддаў Марысі,
Другі — турма гвалтоўна адняла,
Не зняўшы з твару марадзёрскай маскі.
Як не было маёнткаў — двух з пяці!РагнедаЖыццё пражыць — не поле перайсці.СтаржыцкіЯшчэ не ўсё. 3 чыёй, Рагнеда, ласкі
Цураюцца, як чорнае чумы, —
Так, так! — знаёмыя майго парога?РагнедаБаяцца крат. Тут дзіўнага нічога
Няма.Старжыцкі                Яшчэ не ўсё. Калі з турмы
Выходзіў я, рукамі капітана
Гісторыя свой ліст перадала
На подпіс мне. Аж белы свет імгла
Ахутала! Чытай жа. Рана, рана
Нам баляваць. (Перадае ліст.) Уважліва чытай.РагнедаТы падпісаць павінен адрачэнне
Ад мяцяжу? Для друку?Старжыцкі                                                Мне сумленне
Не дазваляе цераз ганьбы край
Пераступіць. Лепш ланцугом па бруку
Звінець, чым бачыць сорам свой у друку.
Што скажуць людзі?Рагнеда                                             Праўда. Божа мой,
Што скажуць тут? Што скажуць за мяжой?
Прыкінься хворым. (Вяртае ліст.)
                                             Можа, ўсё тым часам
Міне.Старжыцкі                Сягоння зойдуць за адказам.РагнедаТвой следчы?Старжыцкі                                Іншы распарадчык лёсаў.
Ад Мураўёва.Рагнеда                              Хто?Старжыцкі                                                Палкоўнік Лосеў.Слуга(уваходзячы)
Да вас!Старжыцкі               Ну вось!Слуга                              Купец... Па важнай справе.

Рагнеда, прыбраўшы з крэсла вязанне, ідзе ў суседні пакой.

СтаржыцкіТы б мог сказаць: — Няма гаспадара...
Ён — захварэў.Слуга                              Не сцяміў.Старжыцкі                                                                А пара.

Слуга выходзіць, прапускаючы ў кабінет Каліноўскага.

КаліноўскіГраф, бачу, не чакаў. Я — па аб’яве
Аб продажы Бабруйскага двара.Старжыцкі(разгублена)
Двор куплены... Атрыманы задатак...
Сем тысяч.Каліноўскі                              Усяго? Куш невялік
Мне трэба больш.Старжыцкі                                Чарноцкі — рабаўнік?
Забаўна.Каліноўскі               Прыкусіце, граф, язык.СтаржыцкіНе разумею.Каліноўскі                              Я прыйшоў падатак
Рэвалюцыйны з пана спаганяць.СтаржыцкіНе разумею... Цішыня ды гладзь
На моры. Улягліся хваляванні
Мінулыя, а новых — не відно.КаліноўскіЯшчэ судно не канула на дно,
А ўжо з яго ўцякаюць спадзяванні,
Як пацукі, трымаючы ў зубах
Паперачкі свае аб пакаянні,
Прашэнні аб не гучных ланцугах.
А ці не так і графа спадзяванне
За стырнавога быць на караблі
Не здзейснена?.. Французы, англічане
Надзей не апраўдалі. Падвялі.СтаржыцкіНяпраўда... Ходзіць слых аб каралі
Мяцежным. Хіба гэта не надзея?
Хвала таму, хто з палубы не ўцёк.
Вы, часам, — не кароль?Каліноўскі                                             За казначэя
Я ў караля. Выкладвайце даўжок!..

Старжыцкі дастае з шуфляды стала пачак грошай і перадае яго Каліноўскаму.

СтаржыцкіСем тысяч тут.Каліноўскі(уручаючы распіску)
                              Нам трэба болей. Дзесяць.
Наяўнымі.Старжыцкі(Садзіцца за стол. Піша.)
                              Паверце, я гатоў
За крыўды незлічоныя павесіць
Цара ў пятлі мужыцкай між слупоў —
Каб першы слуп быў Гродняй, а другі
Быў Вільняю. Сам рваў бы ланцугі
Для гэтай мэты.Каліноўскі                              Для яе замала,
Граф, двух слупоў. Ёй трэба, каб шугала
Народная рашучасць, гнеў жывы,
Каб ён на часткі рваў турэмны кратэр
Імперыі... Так думае дыктатар
Сярмяжнай Беларусі і Літвы,
А казначэй яго дае распіскі
У тым.Старжыцкі                Ён — на кані, а пад канём —
Яго даўжнік. Трымайце.
(Дае Каліноўскаму запіску.)
                                                            Аканом
Адплоціць доўг мой падаўцу запіскі.
Куды ж вы? Пачакайце.Каліноўскі                                             Час ісці. СтаржыцкіМне сорак год. У кожнага ў жыцці
Ёсць свой палын. Цяпер, пасля астрога,
Калі майго цураюцца парога,
Свабода — мой палын... Сяджу адзін,
Спрабую размаўляць, — калі камін
Гарыць, — з гісторыяй. Не пазнае
Мяне яна чамусьці, я — яе.
Знаць хочаце, аб чым у нас размова?..КаліноўскіНе, граф. Ёй важна справа больш, чым слова.

Выходзіць.

СтаржыцкіРагнеда! Рагнеда(уваходзячы)
               Я. Што ты хацеў сказаць?СтаржыцкіЯ — нуль для іх! Я — дойная карова,
Горш нават — шалудзівая каза.
Хто б думаць мог? О не! Я прычакаю
Сваёй чаргі. Тады і пагляджу,
Чаго іх гонар варты, як адчаю
Апошняга пяройдзе ён мяжу.
Пабачу: спадзяванні іх ці — самі
Яны ў тым труме стануць пацукамі.
Каб так мяне зняважыць!Рагнеда                                             Ты аб кім,
Віктор? Аб чым?Старжыцкі                Аб чым?.. Ды ўсё аб тым,
Што дарагім было, што не збылося,
Не збудзецца.

Уваходзіць слуга.

Слуга                              Да вас палкоўнік Лосеў. СтаржыцкіПрасі!

Слуга выходзіць.

Рагнеда(перад тым як выйсці)
               Віктор, ты знаеш: я чакаю
Дзіця... Не забывай...Старжыцкі                                                Ідзі. Я знаю,
Як мне трымацца. Госць непажаданы
Цяпер не страшны мне.Лосеў(уваходзячы)
                                             Вы ўсхваляваны,
Шаноўны граф. Хацеў бы ведаць чым?
Візітамі?Старжыцкі                Становішчам сваім.
Няпэўнасцю.Лосеў                              Няпэўнасць і адмова
Нам паспрыяць — сюрпрыз для Мураўёва,
А за сюрпрыз — сюрпрыз: ланцуг, Сібір.СтаржыцкіУ нас вайна, палкоўнік, а не мір.
Я паспрыяю вам, і я — нябожчык:
Злачынны акт! На вуліцах, на плошчах
І ў друку — палітычны рэзананс,
Патрэбны вам...Лосеў                              Не думайце за нас.СтаржыцкіЯ за сябе... Вы ж чалавек, палкоўнік.ЛосеўЯ дома чалавек, а тут чыноўнік. СтаржыцкіЯ паміж двух агнёў.Лосеў                                             Не засталося
Кінжальшчыкаў. Усе яны ў пятлі,
Кінжалы ў шафах.Старжыцкі                                Ах, палкоўнік Лосеў,
Каб так!.. Яны нядаўна тут былі.ЛосеўЖартуеце. Марудзіце з адказам,
Забылі, хто мяне прыслаў сюды.
Я вас згнаю ў астрозе з жартам разам.
Дзе доказ? Доказ!Старжыцкі(працягваючы распіску)
                                             Вось яго сляды.ЛосеўЯк прозвішча?Старжыцкі                                Не знаю. Не пытаўся.ЛосеўРост?Старжыцкі                Я не мераў. Лосеў                                             Твар?Старжыцкі                                                                Не прыглядаўся.ЛосеўУзяў сем тысяч?Старжыцкі                                Роўна. У мяне
Больш не было.Лосеў                              За рэштаю, вядома,
Ён з’явіцца сюды?Старжыцкі                                                Да аканома
Майго. Маёнтак — на Беразіне.ЛосеўРаспіска. А пад ёй стаіць пячаць:
Літоўскі камітэт. Свабода. Роўнасць.СтаржыцкіГрашовы дакумент.Лосеў                                             Я захаваць
Хачу для справы гэткую каштоўнасць.
Не пашкадуеце... Даю ўзамен
Дазвол, паперцы гэтай раўназначны —
У Гродню ехаць, падалей ад сцен
Турэмных, што на твары вашым значны.
Гаспадара чакае родны дом,
І вольны Нёман, і сцяжынкі ў садзе.СтаржыцкіА ліст для друку? Подпіс пад лістом?..Лосеў(спяшаючыся)
Пасля, пасля... Няхай сабе ў шуфлядзе
Да лепшых дзён спакойна адпачне,
Пакуль маёнтак на Беразіне
Не дапаможа мне, маёй засадзе
Па тонкай нітцы разматаць клубок,
На віленскі натрапіць адрасок...

Лосеў выходзіць з кабінета. Старжыцкі падкідвае паліва ў камін. Вяртаецца Рагнеда і займае сваё месца ў крэсле. Вяжа

СтаржыцкіШто новага?Рагнеда                              Ёсць вестка ад Гелены.СтаржыцкіТурботная?Рагнеда                              Там адбыліся змены —
Марыся ёй маёнтак адпісала.СтаржыцкіНу, што ж, ну, што ж. Турбацыі тут мала.РагнедаМарыся ў Вільню едзе. Асабняк
Належыць ёй... Ты ж ведаеш...Старжыцкі                                                                Так, так.
Ну, што ж, і гэты клопат не вялік.
Нас заўтра ў Гродню паімчыць ямшчык.РагнедаВіктор, няўжо?!Старжыцкі                                Вяртаемся назад
Да дарагіх лясоў, палёў, прастораў!..
Пазбавіцца б хутчэй ад Вільні... Ад
Кінжальшчыкаў, жандараў, марадзёраў.
За брамай, на якой вісіць замок —
Жалезны знак кандальнае эпохі,
Ты будзеш зноў вязаць свае панчохі,
А я — разматваць змрочных дзён клубок.

 

Напярэдадні Новага года

Касцёл. Захрысны пакой. Каліноўскі і Парфіяновіч — паўстанцкі камісар па Магілёўскай губерні.

КаліноўскіЛес чорны ў снежні. Луг у снежні белы.
Зіма. Дрымотны сон на многа дзён.
Араты сніць мізэрныя надзелы,
Якія са стала свайго прыгон,
Што костку, кінуў згаладалым вёскам.
Абшар дваранскі мроіцца палоскам
І думкам іх спакою не дае.
Тым думкам зброю даць — і стануць войскам.ПарфіяновічТакіх салдат нам сёння нестае!..КаліноўскіПад кіраваннем белага “Аддзела”
Паўстанне ў нас, як мокры хмыз, гарэла.
Зракліся справы, безнадзейна хворай,
Прэлаты каталіцкіх кансісторый.
Вернападданніцкія адрасы
Падпісвае здрадліваю рукою
Цару дваранства. Надышлі часы
Цяжкія. Сівер агаліў лясы —
Пяць тысяч інсургентаў склалі зброю.ПарфіяновічА іншыя?..Каліноўскі               Літоўскі камітэт
Паспеў ім выдаць адпускны білет
Як восень — птушкам. 3 выраю вясною
Яны да гнёздаў вернуцца назад,
Пакуль жывём, для іх і наш загад
Жыве. Аднак, чакаючы на гэта,
Не маем права ў цёплы колер лета
Мы фарбаваць халодны снегапад.
Даводзіцца ўсё аднаўляць спачатку:
Паролі, яўкі, апарат, пячатку.
Расце графа выдаткаў, як на грэх.
Збірайце грошы... Неабходны сродкі
Нам, як паветра, гэтак жа, як снег
Патрэбны вольным рэкам для паводкі...
Рад касу Магілёва падтрымаць,
А чым? Хоць горад свой, але — не блізкі.
Запіска ёсць... Праз падаўца запіскі
Ці зможаце тры тысячы спагнаць?Парфіяновіч(беручы запіску)
Маёнтак графа. На Беразіне.
Знаёмы двор. Ён па дарозе мне.
Мяркуеце, што гэта небяспечна?
На візіцёра могуць там чакаць
Не грошы, а наручнікі?Каліноўскі                                             Бясспрэчна,
Ёсць рызыка.Парфіяновіч                              Гатоў рызыкаваць.КаліноўскіАд пастак, ад жандарскага этапу
Нічога я, на жаль, не ўсцерагу,
Таксама, як нікога не магу
Зрабіць мядзведзем, каб смактаў ён лапу
Зімовых сноў у цёплым берлагу.ПарфіяновічЯ сёння ад’язджаю.Каліноўскі                                                Год стары
Мінае. Можа, на маім парозе
Адзначым Новы год?Парфіяновіч                                             Яго ў дарозе
Я прывітаю бомамі ў бары.
Згадаю Святаянскія муры,
Парог далёкі вашае кватэры,
Храм гэты.Каліноўскі                              Што ж, тады я адамкну
Касцёла дзверы ў добрыя намеры,
У Новы год і ў новую вясну.
Фарсіруйце ж хутчэй Беразіну!

Каліноўскі выпускае з касцёла Парфіяновіча. 3 бакавых дзвярэй заходзіць ксёндз.

КсёндзНа вуліцах спакойна. Паступова
Жыццё старыя рэчышчы свае
Знаходзіць, ёлкі дзецям дастае,
Танцуе пад аркестры Мураўёва,
Наладжвае патрыярхальны быт.
Няўжо канец?Каліноўскі                              Сягоння расстраляны
Не пад аркестры, а пад барабаны
Былы паплечнік мой Далеўскі Ціт.
Нядаўна ў Коўне смерцю пакараны
Мацкявічус.Ксёндз                              А летам — ксёндз Ішора,
Калышка, Серакоўскі. Слёз і гора
Не бачыць бог!Каліноўскі                              Не ўмею суцяшаць.
Але магу, пакуль не позна, зняць
3 таго, хто суцяшае, даручэнне
Па справе нашай ехаць за мяжу.
Служыце богу, дбайце пра імшу!
Ад бізуна патрэбна суцяшэнне
Пакорлівай спіне.Ксёндз                              Я не прашу
Збавення для сябе. Адна бяда нас
Звязала. За адступніцтва Антанас
Мацкявічус мяне б пракляў навек
На свеце тым. О, гэта чалавек
Вялікі быў! Зямелька паглынула,
На жаль, яго. Не верыў ён панам,
Не давяраўся членам капітула,
Хоць быў ксяндзом. Ён верыў толькі вам.
Не раз, не два мой небагаты храм
Чуў ад яго: “Каб міліён талераў
Я меў, то, божы занядбаўшы сан,
Наймаў бы генералаў, каб сялян
Вучылі за мяжой на афіцэраў...”
Здагадвацца магу, што даручэнне
У Кенігсберг паехаць дачынення
Не мае да маіх духоўных спраў.КаліноўскіТак... Малахоўскі, Длускі Баляслаў
Чакаюць сродкаў, неабходных школе
Ваеннай.Ксёндз               І яны ў маім касцёле
Былі не раз!.. Цяпер мы толькі ўтрох
Тут засталіся: вы, ды я, ды бог.КаліноўскіБог, кажаце? Не, пробашч! Я мяркую,
Што ён даўно аглух для нашых слоў,
Аслеп для праўды нашай, за якую
Загінулі найлепшыя з сяброў.
Хіба не іх бязлітаснай рукою
3 яго дазволу вешаў Мураўёў
І засыпаў бязведамнай зямлёю?
Цяпер ім — без магіл і без крыжоў —
Заказана ў спрадвечны сад дарога.
То дзе ж ён, бог?.. Тут, апроч нас, нікога
Няма, айцец. Бог з храма выгнаў бога!КсёндзКалі для нас аглух ён і аслеп,
Дык як жа ў Вільні аднаго пакіну
Я ваяводу ў чорную часіну?КаліноўскіЯкіх выпрабаванняў есці хлеб
Мы будзем праз гадзіну ці хвіліну,
Хто ведае?

Чуваць настойлівы стук у дзверы. Ксёндз зірнуў у акно.

Ксёндз                              Грэх нейкую дзяўчыну
На споведзь мне прыслаў. (Адмыкае дзверы.)
                                                                Дачка мая,
Спазніліся. Замкнёны дзверы звонку.
Касцёл ужо закрыты... Хто вы?Марыська(уваходзячы)
                                                                              Я
Хамуціуса жонка.

 

Новы год

Асабняк у Вільні. Той жа кабінет. Каліноўскі і Марыська.

КаліноўскіХто б спадзявацца мог, што так сустрэнем
3 табой мы Новы год?Марыська                                             Адны.Каліноўскі                                                                Але.МарыськаЗноў ява абнялася з летуценнем.
Гарыць спакойна свечка на стале.
Гарачы пацалунак, стаўшы ценем,
Не астывае на марозным шкле.
Чаму ж, Кастусь, ад саменькага рання
Рвуць кіпцюры цяжкога прадчування
Маю душу?Каліноўскі                              Марыська, доўгі шлях
Стаміў цябе.Марыська                              Шчаслівых падарункаў
Пад нашу ёлку добры Дзед Мароз
Не пакладзе ўжо...Каліноўскі                              3 дарагіх малюнкаў
Што-кольвеч ён і нам з табой прынёс.
Ты толькі глянь, як пабяліў ён дахі,
Аздобіў шкло, нябёсы падсініў!Марыська(падыходзячы да акна)
Ва ўзорах шкла вачам вярзуцца жахі,
Якіх не бачыў ты ды і не сніў.
Прыгледзься... Паміж дзвюх ямшчыцкіх станцый
Стаіць бяроза.Каліноўскі                              Так.Марыська                                             На ёй паўстанцы
Удаўкай задушылі мужыка.КаліноўскіШто ты пляцеш?Марыська                              А вунь, з таго ляска,
Вядуць на шлях паўстанца-дзецюка
Пад вартай мужыкі. Заплюшчы вочы,
Каб у святле станцыйных ліхтароў,
Як я, не ўбачыць раптам сярод ночы
Крывавы ланцужок яго слядоў.
А вунь, а вунь... Яшчэ адзін узор
Відаць на шкле акна... Заезны двор.
Той самы дом, дзе некалі, вясною,
Выпадак пазнаёміў нас з табою.
Упершыню Ўрублеўскі, я і ты
Там стрэліся... А сёння дом пусты
І непрытульны. Злосны вецер дзверы
Тармосіць дзень і ноч. Глыбокі снег
Замёў мясціну майскую да стрэх.
Дзе ён цяпер, таварыш наш? Валеры?КаліноўскіДзе ж быць салдату, як не на вайне.МарыськаЖывы?Каліноўскі               Напэўна. Марыська                              Там яму і мне,
Ды і табе, цыганка варажыла.
Сказала праўду нам, тваю — ўтаіла.
Але, зірнуўшы на мяне, адкрыла
Маім вачам нядобры свой сакрэт.
Я прачытала ў іх... Крывавы след...КаліноўскіІ ўсё ж мяне ты ў госці запрасіла?МарыськаАх, не жартуй, не смейся, так было...КаліноўскіТы не хвалюйся. Не глядзі на шкло.
Дай мне руку. Я пагашу святло.
(Гасіць свечку. Абдымае Марыську.)
Гарыць камін. Святла яго даволі
Для нас з табой! Няхай, у час такі,
Падвойны цень наш зыбаюць па столі
Каміна трапяткія языкі,
Малюнкі шкла не смуцяць сэрца скрухай.МарыськаНе суцяшай мяне, а лепш даслухай...
На тым двары, дзе нас знаёміў май,
На гэты раз мяне да чорнай кавы
Граф запрасіў. Ён быў такі ласкавы
3 Марысяй, хоць да раны прыкладай.
Пасля таго як кампліментаў міску
Я з’ела, граф Віктор мне расказаў,
Што даў табе грашовую запіску...КаліноўскіПашкадаваў?Марыська                              Ну так... Нібыта з Мінску,
Перад ад’ездам з Вільні, атрымаў
Ад некага ён вестку... аб засадзе
Магчымай...Каліноўскі(устрывожана)
                              Дзіўна! Ад каго пачуў
Такое граф? Няўжо на вуха здрадзе
Сам аб ліхой магчымасці шапнуў?
Ад’ехаўся — і мучае сумленне?..МарыськаДзівак, дзівак!.. Не можа быць сумнення —
Ты ў пастцы! Для цябе, як для ваўка,
Раскідана здрадлівая прынада,
Цікуе шпік, выследжвае засада
Па храмах, па кустках асабняка,
Дзе, рукі склаўшы, я цяпер сяджу,
Не ведаючы, што рабіць з бядою.
Я чула, ёсць дыктатар над табою,
Кароль, які паехаць за мяжу
Дае дазвол? Сама яго ўпрашу...КаліноўскіНе трэба. Ён пакінуць поле бою
Дазволіць можа ўсім, апроч мяне.МарыськаНяўжо кароль адчай мой адштурхне?
Усіх правоў яго Марысі права
Вышэйшае.Каліноўскі(прыслухоўваючыся)
                                Я чую стук.Марыська                                                            Аблава!Каліноўскі(апранаючы паліто)
Не бойся. Адчыняй.Марыська                                             Не адчыню!КаліноўскіЯ праз акно — на дах. Не ўпершыню!

Каліноўскі вылез на дах, прычыніў за сабою акно.Запаліўшы свечку, Марыська ідзе на грукат, які не змаўкае на ніжнім паверсе асабняка.Вяртаецца ў суправаджэнні жандарскага афіцэра, капітана.

МарыськаПраходзьце. Не чакала.Капітан                                             3 Новым годам
Марыю Юр’еўну паздравіць рад!МарыськаІ не адзін, як бачу, а са ўзводам...КапітанДарэмны страх. Я адпусціў салдат.
Нядаўна я мужчынскі бачыў профіль
На шкле акна. Хто гэта?Марыська                                             Мефістофель,
Напэўна.Капітан               Дзе ж ён?Марыська                                             Знік праз дымаход.
То першы цуд яго на Новы год.КапітанАдказ хоць і містычны, але шчыры.
Ды я не стану вобыск учыняць.МарыськаЧаму ж?Капітан               Мне невыгодна цуд штурхаць
На шлях, які канчаецца ў Сібіры,
А пачынаецца раней — з турмы.
Папераджаю, што шукаем мы
Дыктатара Літвы і Беларусі.
Так. Ён жа — Каліноўскі... Спадзяюся,
Астрог Марыю Юр’еўну міне.
За вас баюся... Пасвяціце мне!

Марыська вядзе капітана на выхад. Каліноўскі паказаўся ў акне. Адчыніў яго, саскочыў з падаконніка. Сеў каля каміна. Увайшла Марыська.

МарыськаА ты ўжо тут?Каліноўскі                              Азяб. Вярнуўся з даху,
Што з полюса.Марыська                              Дрыжыш?Каліноўскі                                                            Але, дрыжу
Ад холаду.Марыська               І я дрыжу... Ад страху...
Нам трэба ехаць. Ехаць за мяжу!
Нам трэба ашукаць абавязкова
Яе... Каліноўскі               Каго?Марыська                              Бяззубую каргу,
Якая зноў махнуць касой гатова.
Паедзем. Не пярэч.Каліноўскі                                             Я не магу.
Не маю права. Марыська                              Гэта канчаткова?КаліноўскіАле.Марыська               Сагрэўся?Каліноўскі                                             Не.Марыська                                                            Што ж!.. Чаркай рому
Сагрэем, Яська, кроў... Тут недзе ром
Пакінуў граф... Памінкі па Арцёму
Нам трэба справіць.Каліноўскі                                             Як?.. Памёр Арцём?..МарыськаПаўстанцы пакаралі... Так, мінула
Сягоння сорак дзён... Спіць, дзе заснула
Яго Мальвіна непрабудным сном.
Яна мяне калісьці малаком,
Як я маленькаю была, карміла.
Далёкая, забытая магіла!..
Арцём, калі ад кулі паміраў,
То мне і ўсёй радні сваёй жадаў
Жыць доўга, не спяшацца з дамавінай.
Так і сказаў: — Чым будзеце радзей
Вы засяляць клады мае з Мальвінай,
Тым будзе нам з ёй спачываць лягчэй...КаліноўскіЗа што ж яго?Марыська                              Гаўрылава... салдата,
Каб ён не трапіў сотніку ў палон,
Арцём схаваў, пашкадаваў, як брата.
Памянем жа! Мінула сорак дзён.

Моўчкі выпіваюць.

Ах, Яська, Яська, дарагі мой госць,
Любіў Яцына паўтараць бывала.КаліноўскіАле, любіў... Чаму ты не сказала
Адразу мне?Марыська                              Бо Яську шкадавала.
Цяпер кажу. Знай праўду ўсю як ёсць.
Мне Яську шкода. Караля не шкода!..
За ўладу ён усіх панішчыць рад.КаліноўскіПры чым тут я?Марыська                              Не ты, дык твой загад
Штурхнуў Арцёма ў ямку, ваявода!
Адважыўся штурхнуць — трымай адказ!
Я на паўстанне мела спадзяванне
Адзінае. Цяпер само паўстанне,
О божа, не за нас, а супраць нас!
Свет — наш Мантэкі, час — наш Капулеці!
Мы ўладай іх асуджаныя дзеці.
Пераараная іх лемяхамі,
Знясіленая злом, стаю адна.
Арцём, Арцём!.. Чаму ты паміж намі
Сцяною вырас? Да нябёс сцяна!
О божа, стыне кроў мая ад жаху!КаліноўскіСябе я вінаватым не лічу...МарыськаТы барабаншчыку і трубачу,
Якія павядуць цябе на плаху,
Скажы лепш гэта... Ты цяпер караеш
Мяне. Сябе. Хацела б знаць віну
Сваю перад табой?Каліноўскі                              Ты праклінаеш
Мяне?Марыська               Ідзі!.. Не я цябе кляну,
А дзеці, што каханнем не зачаты,
А сонца, што ўставала над зямлёй,
Калі мы цалаваліся з табой
На паграбні каля зычлівай хаты,
Вяселле, што тады не знала бед,
Грымоты, пад якімі танцавала
Я, плачучы, цябе правёўшы ў свет!
Яшчэ кляне цябе твой кожны след,
Які пасля дажджу я цалавала...
Ідзі хутчэй, пакуль я не кляну
Сама цябе. Пакінь мяне адну!

 

Канцылярыя Мураўёва

Мураўёў і чыноўнік Масолаў.

Мураўёў3 цікавасцю чытаў я дзённік ваш.
Мне спадабаўся ў ім запал юначы,
Жывое слова, бойкі карандаш.
Што ж, бласлаўляю і жадаю ўдачы
Далейшай нашаму карандашу,
Каб ён у апісанні мяцяжу
Трымаўся летапіснага настрою,
Заходзіў за парадай да мяне.
Дзярзайце!.. Што, дарэчы, за мяжою
Апошнім часам пішуць аб вайне
3 паўстанцамі?Масолаў                              3’явілася паэма,
Напісаная прозаю. А тэма
Яе — пакуты інсургентаў. Кроў,
Якая льецца пад выццё ваўкоў,
Свіст куль...Мураўёў               ...І каламбуры Мураўёва.
Чытаў. Не адмаўляю, пачуццёва
Напісана. Ніяк не могуць слоў
Забыць маіх: што я, хоць Мураўёў,
А толькі выпаў гонар мне належаць
Да Мураўёвых, не да тых, якіх
Калісьці вешалі, а да жывых,
Прыбыўшых з місіяй караць і вешаць.
Паэма ў прозе... Не заціхла бура
Ваяк-пісак у шклянцы каламбура.
Паэма — што? Была карыкатура,
Дзе над Расіяй я — хто б думаць мог! —
Пяньковую пятлю, як німб, трымаю,
Мяцеж — апірышча яе! — з-пад ног
Пакутніцы абцасам выбіваю.
Ідэя знамянальная!.. Я знаю,
3 якіх яна пазычана галоў.
То “Колакал”, то Герцэн, Агароў!..
Мяцежных блох набраліся ў іх будцы
Тутэйшыя, чырвоныя давудцы,
Цяпер вярнуць Расіі хочуць іх.
Запомніце. Не выпадковы штрых!
Ён нарысіста з важнай думкай звяжа...

Уваходзіць ад’ютант.

Ад’ютантДазвольце патрывожыць?Мураўёў                                                            Што там?Ад’ютант                                                                                          Ваша
Правасхадзіцельства, ёсць навіна,
Якой даўно чакалі. Вось яна!
(Працягвае тэлеграму.)
Зрабіце ласку глянуць, а таксама
Рашэнне адпаведнае прыняць
Па тэлеграме.Мураўёў                              3 Мінска тэлеграма,
Ад Лосева... Ну, што ж!.. Удакладняць
Не будзем. Святаянскія муры
Салдатамі надзейна ачапіце.
Бярыце роту, дзве, а мала — тры.
Схапіце Каліноўскага! Судзіце!

Ад’ютант выходзіць.

Закончыўся як быццам паспяхова
Жандарскага палкоўніка ваяж.
Разблытаўся клубок!.. За вамі слова,
Масолаў. Навастрыце карандаш,
Запісвайце ў свой дзённік, літаратар:
Нарэшце ў сеці трапіў нам Дыктатар,
Кароль мяцежны!.. Я яго злаўлю
І світы каралеўскае пазбаўлю,
І кропку, што падобна на пятлю,
Ваенна-палявым судом пастаўлю
На аркушы апошнім мяцяжу.
Што трэба больш? Запісвайце.Масолаў                                                            Пішу.

 

Камера №3

Дамініканскі будынак. Камера №3. Каліноўскі і Масолаў.

МасолаўВы знаеце прысуд свой, безумоўна?КаліноўскіАле.Масолаў               Я разумею, нетактоўна,
Ды і не час пытанні задаваць.
Я скромны нарысіст. Хачу пісаць
Пра час наш успаміны.Каліноўскі                                             Мне ўсё роўна.
Прывык да следства. Можаце пытацьМасолаўНаш час — арэна боек... Як пасмелі
Вы, раб яго, не бог, а чалавек,
Аддаць жыццё юнацкае на здзек
Уладару вядзьмарскай каруселі?
Дужэйшыя скарыць яго хацелі,
Ды не змаглі. Не выйгралі вайну.КаліноўскіЯ ім не стаўлю гэтага ў віну.
Яны ляглі ў зямлю, мы следам ляжам.
Ды нехта ж прыйдзе, стаўшы мсціўцам нашым,
І скруціць д’яблу рог, як барану.
Не раджу адпяваць нас канчаткова.
Чакае зерне наша на ўзыход
3 раллі.Масолаў               На ўвазе маеце народ?..КаліноўскіЯшчэ свайго не вымавіў ён слова.МасолаўАле чаму?!. Пакуль з Варшавай вы
Спрачаліся за ўладу, за правы
Сярмяжнай Беларусі і Літвы,
Па вёсках, пад наглядам Мураўёва,
Цар касаваў прыгонныя правы.КаліноўскіСтрах касаваў. Тут не цара заслуга:
Збаялася сякер мужыцкіх пуга
Прыгонніцтва. Праз мутны Рубікон
Не цар, паўстанні страшны след праклалі.
Яны крывёю фарбавалі хвалі
Ракі пад назвай д’ябальскай — Прыгон.
Ён многіх паглынуў. Мы можам згінуць,
Кат можа нам заткнуць зямлёю рот,
Але сякеры пушчаны у ход,
Ужо з крутога берага не скінуць,
Не сцерці наш, на ім прыкметны, знак.МасолаўЯшчэ хачу спытаць. Хто вы? Паляк
Альбо літвін? Ці беларус, якога
Не ведае ніхто, апроч лясоў,
Ды лесуноў, ды курнага парога?..
Хто будзеце?Каліноўскі                              Мне дваццаць шэсць гадоў.
Край беларускі, з матчынай калыскі
Да гэтых дзён, мне дарагі і блізкі.
Я сын яго і ганаруся тым,
Што з ім паветрам дыхаю адным.
Я знаю, маюць права ўсе народы
На ўвагу праўды, шчасця і свабоды.
Я зычу ўсім дабра.Масолаў                              А рускім, нам?КаліноўскіЯ прыяцель Расіі, той, якая
Дабра жадае нам, а не панам,
Сваім і польскім, той, што не жадае
Свайму народу згубнага жыцця,
Бурлацкіх стогнаў, катаргі кандальнай.
Яшчэ пытанні ёсць?Масолаў                                             Не!.. Спавядальнай
Размовай, бачу, злоўжываю я.
Хто вы — я зразумеў. Вы сацыяльнай
Сусветнай рэвалюцыі дзіця.

Масолаў выходзіць з камеры. Каліноўскі садзіцца за стол, дзе для яго патрэб стаіць чарніліца, ляжыць папера. Бярэцца за пяро. Піша. Незаўважаны ім, у камеру ўвайшоў капітан.

КапітанДазвольце прывітаць!Каліноўскі                                             А! Капітан!КапітанПазналі?.. Не заслаў яшчэ туман
Стрэч нашых вольных светлыя хвіліны?КаліноўскіНяўжо і ў вас таксама выспеў план
Пісаць аб днях мінулых успаміны?КапітанКрый бог!.. Славеснасць, кажучы банальна,
Супрацьпаказана са школы мне.КаліноўскіПрыйшлі ў былой пакаяцца віне,
Што скончылася для мяне фатальна?
Прыйшлі, каб дакараць? Не трацьце слоў.
Як і раней, магу я капітану
Сказаць, што не прасіў, прасіць не стану
У суддзяў пажыццёвых ланцугоў.
Ці, можа, што суду няясна?Капітан                                                            Ясна
Усё. Даўно. Ствараючы зямлю,
Бог даў на гора людзям адначасна
Дабро і зло, каханне і пятлю...
Прыйшоў, каб вызваліць, пакуль не позна,
3 астрога Кастуся... Марыся слёзна
Прасіла. Я адмовіць ёй не мог.КаліноўскіНе веру. Капітан(паказваючы прадпісанне)
               Што ж, зірніце на паперу.
Загад?Каліноўскі               Загад.Капітан                              Фальшывы... Бачыць бог,
Іду дзеля Марысі на падлог,
На крок, недаравальны афіцэру.
Я вызваляю вас, мяне яна
Ратуе, як злачынца, за мяжою,
Паабяцаўшы жонкай стаць маёю.
Як бачыце, нас трох бяда адна
Звязала непазбежнасцю адною.
Другіх, на жаль, магчымасцяў няма.КаліноўскіУзяць Марысю капітан гатовы
У рабства?Капітан                              Папікаеце дарма.
Не я, яна прадыктавала ўмовы,
Я — толькі раб няшчаснай прапановы.
Не я цяпер рашаю лёс яе, —
Заложніцы святой любві свае,
Любві, якой не мне даваць парады, —
Над ёй адказ ваш мае сілу ўлады.
Прымаеце свабоду?Каліноўскі                                             Не прыму.КапітанНяўжо Марысю кінеце ў турму?
Так, так! У манастыр!.. І вам не шкода
Красы, якой аздобіла прырода
Яе?.. А я — гатоў маліцца ёй,
Аб косах марыць, як сляпы аб цудзе!КаліноўскіЗазнаўшы лёс нявольніцы, не будзе
Марыся ўжо Марысяю былой.
А я, аддаўшы глуму і пакуце
Усё, што сэрца лічыць дарагім,
Хіба не стану для яе чужым?
Не!.. Хай даруе мне высакародны
Злачынец, толькі ў час перадсмяротны
Я за сваю свабоду не прадам
Яе свабоду!Капітан                              Што сказаць мне вам?
Я не шкадую, што пабачыў вас,
Шкадую толькі — што ў апошні раз!

Капітан пакідае камеру. Каліноўскі падыходзіць да закратаванага акна.

КаліноўскіТам, за акном, — абрыс пятлі мае...
Жыцця, што праўдзе я аддаў дазвання,
Не шкода... Шкода толькі ў час расстання
Мне волі ў полі, як народ пяе,
На небе сонца, на зямлі кахання.
(Бярэ са стала ліст да Марысі. Чытае ўслых.)
“Марыська чарнабровая мая,
Дзе шчасце, доля ясная твая?
Усё прайшло і не збылося ў часе.
Адна страшэнна горыч засталася,
І каменем на сэрца смутак лёг.
Калі ўжо нас за нашу праўду бог
Пачаў караць і, з вісельняй у згодзе,
Нам прападаць прызначыў пры ўваходзе
У вечны сад, то мы хутчэй загінем,
Чым скардзіцца пачнем на марны лёс,
Хутчэй ад шчасця і саміх нябёс
Адмовімся, а праўды не пакінем...”

Каліноўскі зноў сеў за стол. Абапёрся на яго рукой... У камеру, пакінуўшы незачыненымі дзверы, увайшоў малады чалавек... Але гэта ўжо не ява, а сненне.

КаліноўскіТут адзіночка, а не прахадны
Двор... Госць дзвярэй з падвойнымі замкамі
Не зачыніў.Малады чалавек               Так. Кастуся яны
Цяпер з астрога выпускаюць самі.
Пайшлі са мной!Каліноўскі                              Куды? Я не ўяўляю
Хто ты такі. Мяне ты знаеш?Малады чалавек                                                            Знаю
І помню Кастуся даўно, з часоў
Свайго маленства. Я магу паймённа
Пералічыць усіх яго сяброў,
Арцёма, і Мальвіну, і Лявона,
І іншых... Я па сцежках тых блукаў
Над Нёманам, дзе ён гуляў з Марысяй,
Вянкі і пальцы, як вянкі, сплятаў.
Здзіўляешся? Дарэмна. Не дзівіся.КаліноўскіАдкуль ты можаш ведаць гэта?Малады чалавек                                                                           3 кніг.КаліноўскіА!..Малады чалавек               І яшчэ са следчых пратаколаў.
Чаму ты пазмрачнеў ад слоў маіх?
Хадзем ад мёртвых продкаў да жывых
Патомкаў. Не схіляй на грудзі голаў.КаліноўскіЧакай... Жыццё, на жаль, у нас адно...Малады чалавекБяры пяро, паперу, верш прачуты,
Што ты Марысі склаў, а заадно
Вазьмі з сабою і яе пакуты,
Вынось адгэтуль і цяжкі свой крыж,
Нічога тут не пакідай... Ты спіш?
Паспі перад дарогай... Заўтра рана,
Пад гук трубы і пошчак барабана,
Цябе канвой на плошчу павядзе.
Натоўп расступіцца і прагудзе
Трыццацітысячнымі галасамі.
Пасля, калі яго бязладны хор
Пачне сціхаць, бядзе наперакор,
Вясёла страсянуўшы валасамі,
Ты смела ўзыдзеш на круты памост
І станеш перад смерцю ў поўны рост.
Праз мутнае акно сваёй пятлі
Зірнеш у вочы людзям, а калі
Зямлю асвеціць сонца, што ў засадзе
Таілася да гэтае пары,
Ты ўчуеш песню жаўранка ўгары,
Убачыш мужыка на даляглядзе
3 канём і сошкай і шапнеш: “Ары!”...

 

Эпілог

1871 год. Парыж. Вясна. У вестыбюлі гасцініцы, то тут, то там, спяць на падлозе федэраты — байцы Парыжскай Камуны. Світае. 3 другога паверха спускаецца Марыська ў адзенні манашкі, з драўляным распяццем на грудзях. Углядаецца ў твары федэратаў, нібы некага шукаючы сярод іх. Заўважыла крэсла, у якім дрэмле чалавек. Адна рука яго, як перабітае крыло, звісае долу. Падышла. Гэта Урублеўскі. Адчуўшы на сабе ўважлівы позірк, ён ачнуўся. Глядзіць на Марыську.

МарыськаНе можаце пазнаць?.. А я пазнала
Парыжскае Камуны генерала.УрублеўскіНяўжо Марыська?..Марыська                                             Так.Урублеўскі                                                            Даруйце, цяжка
Вачам згадзіцца... Не! Вы не манашка
Для іх... А незабыўная радзіма,
Якой да твару не пасуе схіма.
Даруйце... І расказвайце хутчэй,
Ну як там Нёман наш?.. Як і раней,
Ён у Балтыйскае ўпадае мора?МарыськаСама хацела б ведаць... Я не ўчора
Прыехала сюды з манастыром
Візітанцінскім. Ён цяпер — мой дом,
Мой край, мой Нёман.Урублеўскі                                             Што на барыкады
Марыську прывяло?Марыська(гледзячы на камунараў)
                                                Трывожным сном
Спяць перад новым боем федэраты,
3 рук стрэльб не выпускаючы сваіх.
Я Кастуся шукаю сярод іх.
Ён, пэўна, тут? Даведацца прыйшла...

Урублеўскі маўчыць.

Сем доўгіх год не верыць сэрца страце.
Я Кастуся калісьці пракляла,
Ён мне назад вярнуў маё пракляцце.
Больш, чым сябе, ён, грэшных, нас любіў...
На злосць манастыру і змрочным ночкам
Не раз мне ў снах з’яўляўся ён Чарноцкім,
А ў ясны дзень у марах — Яськам быў.
Здаецца, што і тут я размаўляю
3 ім, як з жывым. Ён не памёр. Я знаю,
Ён тут павінен быць.Урублеўскі                                             Каб не прысуд
Смяротны, каб не смерць, ён быў бы тут.МарыськаАх, генерал! Маўчыце. Я не веру.

Перадсвітальную цішыню парушыў гул гармат. Затрымцелі шыбіны ў вокнах. Прахапіліся камунары.

Першы федэратЗноў Цьер паспаць не даў.Другі федэрат                                                            Паспім, сябры,
Пасля, як зубы абламаем Цьеру
Аб форт Іўры.Урублеўскі                              Усе на форт Іўры!

Вестыбюль гасцініцы апусцеў. Недзе непадалёк часцей і часцей кладуцца снарады. Парахавы дым засцілае вокны.

Марыська(прыслухоўваючыся да гукаў бою)
Хамуціус, Хамуціус!..

1974–1975

Публікацыя паводле: Куляшоў А. Дарогі, – Мн., 2003.