Кастусь Каліноўскі
"Мы сягодня ўсе ўжо ведаем, што чалавек вольны — гэта калі мае кусок сваёй зямлі, за каторую ані чыншу і аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць; калі плаціць малыя падаткі, і то не на царскія стайні, псярні і курвы, а на патрэбу цэлага народа; калі не ідзе ў рэкруты чорт ведае гдзе, а ідзе бараніць свайго краю тады толькі, калі непрыяцель надыдзе, калі робіць усенька, што спадабае і што не
крыўдзіць бліжняга і хвалы боскай; і калі вызнае ту веру, якую вызнавалі яго бацькі, дзяды і прадзеды. От што вольнасць значыць…"
"Мужыцкая праўда"
1
Касінеры
Косы звіняць і сякеры,
Гоман і смех ля мяжы.
Хлопцы ідуць, касінеры —
У бітве галовы злажыць.
Не дзеля нейкай забавы —
У бой за свабоду ідуць.
Хутка на дол на крывавы
Голавы іх упадуць.
І захлынецца гарачай
Кроўю святая зямля.
Горка матулі заплачуць.
Птушкі пяяць у палях
Сціхнуць... Сялянскія хаты
Ў сінім заенчаць агні.
Сеяць не выйдзе араты
Ў поле ў гэтыя дні.
2
За кратамі
...І слёзы — стануць торфам і каменем,
Крывёю сок кляновы пацячэ.
Але народ не стане на калені,
Народ жывы... Народ жыве яшчэ.
Няхай вы рукі струшчыце і ногі,
І вочы, з жаху, выкалеце нам —
Мы будзем жыць і са сваёй дарогі
Не звернем... свой народ я не прадам!
3
Мы помнім пра цябе, Кастусь!..
Ёсць шлях адзіны —
Скрозь змрок і жах.
Ён да Айчыны —
Адвечны шлях.
Шлях праз нядолю,
Дзе снег, імгла.
Той шлях — да волі
І да святла
Той шлях — з палону...
Не, ён не ў сне...
Па ім да скону
Ісці і мне.