Алесь Каско
1862 год. Слова Каліноўскага
Ты, народ мой, — не слабы.
Дзецюкі!
Слязу сатрыце,
для вялікае касьбы
свае косы навастрыце.
Біце ў звон ва ўсе канцы
ў непахіснасці і веры.
Сёння вы яшчэ касцы,
заўтра вы — касіянеры.
Заўтра — з крыўдай змагары,
ганьбаю, жыццём ярмовым
і, бог дасць, гаспадары
і зямлі сваёй, і мовы.
А не дасць... Не знікне след.
Жыць надзея застанецца,
гулкім рэхам пойдзе ў свет,
з хаты ў хату, з сэрца ў сэрца.
Адгукнецца не адзін
ваш і сын і ўнук;
над краем
нават серпік-маладзік
пра касу ім нагадае...
Яны скажуць, дзецюкі,
імем новых пакаленняў:
"Таго роду мы, які
назаўсёды ўстаў з каленяў!"
Публікацыя паводле:
Каско Алесь. Набліжэнне. – Мінск, 1989.