Святлана Куль
Каліна
Колер маюць адметны расліны,
І таму па прыродных законах
Белым-белым красуе каліна,
Каб зімой адгукнуцца чырвоным.
Ці прымроіцца хлопцу-гарэзе,
Што паўстане аднойчы старонка,
Дзе пад ветрам на студзеньскім снезе
Нібы кроў — загараюцца гронкі,
Што для Волі агульнай і Славы,
Дзеля Княства і дзеля Кароны
Белым знічам успыхне Варшава,
І што Вільня адкажа чырвоным?
Ці прымроіў, што будзе паўстанцам,
Што на снезе, падобным да сцяга,
Будзе цёплая кроў запякацца,
Нібы сок ад калінавых ягад?
Што на плошчы ў нядзелю ў кайданах
Пад пятлёй давядзецца прарочыць,
Што адзінай, таемна каханай
Перад смерцю не гляне у вочы?
Ранак быў і празрысты, і звонкі...
Для адзінай, для любай дзяўчыны
Ён збіраў не крывавыя гронкі,
А бялюткія кветкі каліны.
2013
Публікацыя паводле:
Аўтарскі дакумент