Святлана Куль
Пяці паўстанцам,
Пяці паўстанцам,
павешаным каля вёскі Пяшчаны
"Жоўты пясок на шляху,
Слёзы струменем салёным,
Еду і еду, пакуль
Ззаду праклятыя клёны
Горка лісцём шапацяць,
Невадам цень адбіваюць.
Колькі там шыбеніц? Пяць.
Шостая вісне — пустая.
Не пераехаць бяды,
Знішчана воля дашчэнту.
Не паглядзець бы туды.
Хлопцы вісяць. Інсургенты.
Паніч павешаны наш.
А маладзенькі, нябога!
Шлях на нядзельны кірмаш —
Лепей да пекла дарога.
Не паглядзець і не зняць,
Бо каравул на гадзінах.
Колькі там шыбеніц? Пяць.
Грузам на моцных галінах.
Нібы прыблудных сабак,
Нібы забойцаў шалёных
Вешаў маскоўскі казак
На прыдарожныя клёны."
Конік бяжыць вараны,
Побач з паночкам не стане.
Знакам мужыцкай віны
Шостая вісне — пустая.
2013
Публікацыя паводле:
Аўтарскі дакумент