Назад

Змітрок Кузменка

1863

Толькі модлы раслі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцце расло пакрыёма.
Янка Купала

Душнай хмарай бяда
Атачыла сівую сталіцу.
У жалобе ўвесь горад.
Вятры безнадзейныя дзьмуць.
У суворым здранцвенні
Зацята маўчаць камяніцы.
Па забітых героях,
Па краі, што ўзяты ў турму.

Скрозь цікуюць жандары.
Лютуюць казачыя сотні.
Ператрусы. Аблавы.
Этапы і здзек дзень пры дні.
Рвуць жалобныя стужкі
З ліхтарняў і дрэваў самотных.
Прымушаюць святочныя
Ў вокнах запальваць агні.

Слова нельга сказаць,
Што яшчэ не памерла Айчына.
Што жыве яна вечна
Ад Нёмана аж да Дзвіны...
І выходзяць на вуліцу
Ў чорных сукенках жанчыны.
Завушніцы — як цёрн.
Бранзалеты — нібы кайданы.

Пад паглядам жаночым
Міжволі спыняюцца каты
Хтосьці вочы хавае,
На крок адыходзіць назад.
Ды ў палацы сваім
Ашалеў генерал-губернатар
І дае неадкладна
Чарговы ганебны загад.

Не зважаць на гады.
Арыштоўваць старых і паненак,
Каб і думаць забылі
Ў жалобе хадзіць да крыжоў.
Штрафаваць! Штрафаваць!
Замыкаць у турэмныя сцены!
Ды ў адстаўку паўсюль адпраўляць
Іх нікчэмных мужоў.

І выконваць загад
Паляцелі адданыя служкі.
Край збялеў ад жуды,
Бо тым служкам імя — легіён.
Ціха месяцца ў пыл
Пад нагамі жалобныя стужкі.
І расце пакрыёма
Цяжкі чалавечы праклён.

4.ІІІ.2021

Публікацыя паводле: Аўтарскі тэкст