Анатоль Сыс
Вільня, 1864 год
Эшафот на Лукішкаўскім пляцыПерад смерцю зязюля кувае,
перад смерцю жыцця многа зычыць,
а паходня, як сонца, палае,
ды жыцця, як агню, не пазычыць...
Ты адкуль прыляцела, зязюля?
Можа, гоніць цябе па ўсім свеце,
быццам ястраб, шалёная куля,
быццам коршак, драпежны вецер.
Сціхні ж, сціхні, дурніца-птушка!
Ці не чуеш: гудуць вяругі,
вецер шыбеннікаў гушкае
і, як коршак, ірве харугвы.
Памаўчым...
Не збылася воля,
толькі лепшых сяброў забрала,
і пакінула сярод поля
кос ды вілаў зламаных джалы.
Памаўчым,
але боль не сцішым —
будуць помніць забойцаў раны.
Слоў і клятваў не трэба лішніх,
шлях да волі навек абраны.
Публікацыя паводле:
Сыс А. Пан Лес, – Мінск, 1989