Назад

Зьміцер Захарэвіч

Віно перамогі1

Хай віно перамогі ня выпіта
І ў касьцёлах нас не адпяюць,
Пад бізун самаўладнага скіпэтра
Нас нікому ўжо не вярнуць.

Больш ніколі ня будзем "падданымі",
Хай шалеюць праз тое віжы —
Птушкі вольна зьвіняць над палянамі,
Дзе па нас паўсталі крыжы.

Душы нашы з малечаю цешацца,
Бо ня здольны ніхто пакараць
Нас, пайшоўшых бацькоўскімі сьцежкамі,
Каб Айчыну сваю адзыскаць2.

Па начох яшчэ зьзяюць полыскі
Інсургенцкіх паходных агнёў,
А тых, хто ўпадзе сьцятым коласам,
Зямля прыме, як годных сыноў.

Бо Яе мы ня косткамі спрахлымі
Пасьвянцалі, а верай сваёй, —
У імя Жыцьця пад штандарамі нашымі
Спадкаемцы пойдуць на бой.

28.VI.2016

Публікацыя паводле: Аўтарскі тэкст.