Назад

Валерый Антоній Урублеўскі 1836–1908
Валерый Урублеўскі. Партрэт

Дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Нарадзіўся ў мястэчку Жалудок непадалёк ад Шчучына на Лідчыне. Скончыў Віленскі дваранскі і Пецярбургскі лясны інстытуты. У часы студэнцтва завязаў знаёмства з многімі рэвалюцыянерамі, пасябраваў з К. Каліноўскім. З 1857 г. працаваў памочнікам загадчыка, а пасля загадчыкам лясное школы ў Саколцы на Гародзеншчыне. Актыўна дапамагаў Каліноўскаму ў ягонай падпольнай працы, у тым ліку ў выданні й распаўсюджванні "Мужыцкае праўды". Падчас паўстання кіраваў вайсковымі дзеяннямі інсургентаў. Быў начальнікам штаба паўстанцаў, пазней – камандуючы сіламі Гародзенскага, Люблінскага й Падляшскага ваяводстваў. Паранены ў жніўні 1864 г., выехаў у Францыю. У 1871 г. – генерал Парыжскай камуны, камандуючы паўднёвым фронтам. Пасля паразы камунараў завочна прысуджаны да смерці. Вымушаны выехаць у Лондан. З восені 1871 г. член Генеральнага савета І-га Інтэрнацыянала. Пасля амністыі дзеячам Камуны вярнуўся ў Францыю. Пахаваны каля сцяны камунараў на парыжскіх могілках Пер-Лашэз.