За волю
Старонкі кнігіАд аўтара
Падзеі 1863–1864 гг. для беларусаў застануцца на вякі важнейшым этапам на шляху да незалежнасці. Да іх мы будзем звяртацца і ў юбілейныя гады, і штогодна, бо яны з'явіліся чарговым яркім парывам народа да волі.
Хочацца звярнуцца да рэгіянальных падзей паўстання, што адбываліся на тэрыторыі тагачаснага Гродзенскага павета і горада Гродна. Паўстанню прысвечана вялікая літаратура, але гэта не гарантавала добрае веданне яго падзей і асобы яго кіраўніка асабліва людзьмі старэйшага веку, выхаванымi на савецкай трактоўцы гэтага паўстання. Памятаючы аб гэтым, хацелася б вярнуцца да незабыўных падзей паўстання 1863–1864 гг., аддаць даніну павагі, выказаць захапленне подзвігам маладога пакалення, якое адважылася на самаахвярную барацьбу з адладжанай рэпрэсіўнай машынай Расійскай імперыі.
Падзеі памянёнага паўстання разглядаюцца ў нарысе ў межах сучаснага Гродзенскага раёна з улікам зацікаўленасці сучасных яго жыхароў. Тэрыторыя раёна часткова не супадае з тэрыторыяй павета другой паловы ХІХ стагоддзя: так, левабярэжная частка раёна ад дзяржаўнай мяжы з Літвой да в. Ласосна адносілася да Аўгустоўскага павета Царства Польскага, сучасны Адэльскі сельсавет — да Сакольскага.
Падрыхтоўка паўстання
Само паўстанне 1863 г. не было выпадковай з'явай у гісторыі нашай краіны, а звязана з барацьбой нацыянальна-свядомай часткі нашага грамадства за незалежнасць краіны, якая была страчана ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя. Кожнае новае пакаленне грамадзян падзеленай дзяржавы праз 33–36 гадоў узнімалася на барацьбу за волю і незалежнасць, натхнёнае подзвігам і ідэаламі сваіх бацькоў і папярэднікаў, і знаходзіла падтрымку розных сацыяльных слаёў. Паўстанне адбывалася на фоне агульнага ўздыму дэмакратычнага руху ў Расіі, нацыянальна-вызваленчых і аб'яднаўчых працэсаў у некаторых краінах Заходняй Еўропы (Італіі, Германіі, Аўстрыйскай імперыі). Да выбуху 1863 г. спрычыніўся і працяглы крызіс прыгонніцкай сістэмы, і нявырашанасць зямельнага пытання ў краіне, і падаўленне правоў і свабод чалавека і народаў у Расійскай імперыі. У такой сітуацыі даволі было з'яўлення іскры, каб патэнцыяльная энергія незадавальнення перарасла ў канкрэтныя паўстанцкія дзеянні. Такім дэтанатарам стаў набор у рэкруты нацыянальна-свядомай моладзі ў Царстве Польскім, які прывёў да выбуху паўстання, што перакінулася на беларускія землі. Вядома, што расійскія ўлады ведалі пра падрыхтоўку паўстання і прынялі меры, каб яго не дапусціць ці, наадварот, справакаваць!
Вялікую работу па падрыхтоўцы паўстання на Гродзеншчыне выканалі Кастусь Каліноўскі і створаная ім рэвалюцыйная арганізацыя. Пасля заканчэння Пецярбургскага ўніверсітэта ён вярнуўся на радзіму, на Беларусь, поўны планаў рэвалюцыйнага вызвалення краю. У Вільні і Варшаве ён устанаўлівае сувязі з падпольнымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі і ў хуткім часе становіцца членам Літоўскага правінцыяльнага камітэта. Аб членах гэтага камітэта пазней пісаў удзельнік паўстання 1863 г., член Варшаўскай арганізацыі Нацыянальнага ўрада Польшчы Юзаф Яноўскі:
"Былі гэта людзі маладыя, поўныя гарачай любові да сваёй бацькаўшчыны, канспіратары, гатовыя да бязмежнай самаахвярнасці... Самай выдатнай у гэтых адносінах асобай быў Канстанцін Каліноўскі. Ён быў адным з найшляхетных тагачасных мужоў Літвы, адукаваны, чысты, поўны высакароднасці, розуму і энергіі. Абходзіў пешкі Літву і Беларусь, несучы ў народ жар любові да бацькаўшчыны".
Як рэвалюцыянер, дэмакрат ён фарміраваўся ў час навучання ў Пецярбургскім універсітэце ў 1856–1860 гг., у асяроддзі расійскага рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху, у асяроддзі такіх жа выхадцаў з Паўночна-Заходняга краю і Польшчы, як і ён, якія марылі аб незалежнасці краіны і складалі планы яе вызвалення. У студэнцкія гады Кастусь з старэйшым братам Віктарам уваходзілі ў склад пецярбургскай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі, якую ўзначальвалі афіцэры Генеральнага штаба Зыгмунд Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Пасля заканчэння ўніверсітэта К. Каліноўскі вярнуўся ў 1861 г. да бацькі ў в. Якушоўка і ўвесь свой час аддаў стварэнню арганізацыі, распрацоўцы планаў паўстання і яго падрыхтоўцы. Яго надзейнымі паплечнікамі і аднадумцамі былі Валерый Урублеўскі, інспектар егерскага вучылішча ў г. Саколка, акцызны чыноўнік Станіслаў Сангін, Фелікс Ражанскі, ксёндз Ігнат Казлоўскі з в. Бераставіцы і іншыя. У час паездак і вандровак па вёсках і гарадах Гродзенскай губерні яны сустракаліся з шляхтай, мяшчанамі, простым людам у маёнтках, корчмах, сялянскіх хатах, раскрывалі слухачам вочы на гаротны стан краю, на неабходнасць перамен, сярод іх вербавалі прыхільнікаў і памочнікаў.
"Мужыцкая праўда" ў павеце
Важную ролю ў падрыхтоўцы грамадства да паўстання 1863 г. выканала газета "Мужыцкая праўда", якую выдавалі сам К. Каліноўскі, С. Сангін, Ф. Ражанскі, доктар Баляслаў Заблоцкі і іншыя сябры гродзенскай паўстанцкай арганізацыі і распаўсюджвалі ў час шматлікіх паездак па губерні, пакідаючы яе ў наведаных вёсках. Месца выдання газеты гісторыкам дакладна ўстанавіць не ўдалося, але выказваецца думка, што гэта найверагодней адбывалася на Гродзеншчыне, дзе ў К. Каліноўскага было шмат памочнікаў (Г. Кісялёў). У невялікіх памерам лістках газеты "Яська-гаспадар з-пад Вільні" (К. Каліноўскі) звяртаўся найперш да "мужыкоў панскіх і казённых", таму што верыў у іх прыродны розум і сілу: "Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і ўчыць мужыцкай праўдзе". Ён тлумачыў, што "ад маскаля і паноў няма чаго спадзявацца, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць", што "з мужыка дзяруць на ўсякія падаткі астатнюю кашулю", паказваў рабаўніцкі характар рэформы па адмене прыгоннага ладу. У сялянах К. Каліноўскі бачыў асноўную сілу паўстання, але звяртаўся і да шляхты, чыноўнікаў, памешчыкаў як да нацыянальна-свядомай часткі грамадства ў барацьбе за вольнасць Беларусі-Літвы. Таму так пільна сачылі за газетай паліцэйскія чыны. З'яўлялася яна ў розных месцах і Гродзенскага павета.
Яшчэ да пачатку паўстання, 14 студзеня 1863 г., гродзенскі павятовы спраўнік рапартаваў губернатару І. В. фон Галеру: "Пристав 1-го стана… донес, что 10 января на Волковысском тракте в селении Коптевщизна найдены были два пакета без адреса, один при кузне недалеко от речки сыном крестьянина Якова Вашкевича Адамом, глухонемым, а другой найден посредине деревни… Михаилом Садовским". Находку ўбачыў унтэр-афіцэр з размешчанай у вёсцы вайсковай часці, ідучы насустрач, забраў і аднёс дзячку Капцёўскай царквы. Выяснілі, што "...это бумаги возмутительные, один экземпляр "Мужицкой правды", а другой — "Гутарка", в коих написано, чтобы не слушаться никого из начальников, а быть с топорами, ножами и прочим оружием. Злоумышленник не найден". "Гутарка" — гэта хутчэй за ўсё "Гутарка двух суседзяў", блізкая па духу да "Мужыцкай праўды".
Вядомы гродзенскі краязнаўца Апанас Цыхун адшукаў матэрыялы аб распаўсюджванні "Мужыцкай праўды ў ваколіцах Адэльска. Для барацьбы з распаўсюджваннем газеты і іншымі падрыўнымі выданнямі была створана спецыяльная камісія пад кіраўніцтвам генерала Абрамовіча і размяшчалася ў заштатным горадзе Адэльску Сакольскага павета. Камісія выявіла некалькі жыхароў, якія займаліся падрыўной дзейнасцю і распаўсюджвалі "Мужыцкую праўду". Такімі былі мешчанін Мацей Цюхна і батрак Казімір Статкевіч. Яны заклікалі мясцовых жыхароў не выконваць загады царскага ўрада, не аддаваць сваіх сыноў у рэкруты, перадавалі ім газету К. Каліноўскага. Трэцім з падбухторшчыкаў быў Іосіф Гарчак з вёскі Скраблякі, былы студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях 1861 г. ён быў арыштаваны і сядзеў у Кранштацкай крэпасці. Пасля яго выслалі на радзіму пад нагляд паліцыі. А тут якраз і разгарнулася тайная падрыхтоўка да паўстання, і пачаліся самыя ваенныя дзеянні. Іосіф Гарчак раз'язджаў па суседніх вёсках, заклікаў сялян уступаць у паўстанцкія атрады, распаўсюджваў "Мужыцкую праўду". Царскія ўлады яго арыштавалі, але, не даказаўшы яго віны, як небяспечнага чалавека выслалі ў Пермскую губерню на пасяленне. Больш жорсткі прысуд чакаў Мацея Цюхну. Па прыгаворы ваенна-палявога суда 6 чэрвеня 1863 г. ён быў расстраляны ў г. Саколка. Следчая камісія ген. Абрамовіча ў сувязі з актыўнымі дзеяннямі паўстанцкіх атрадаў з Адэльска хутка з'ехала.
А ўжо ў час паўстання сакольскі ваенны начальнік 11 ліпеня 1863 г. паведамляў губернатару, што ў паўвярсце ад вёскі Дубавая селянінам гэтай вёскі Вікенціем Дамшэлем знойдзена пракламацыя Часовага польскага ўрада, дзе змешчаны "приказ Жонду Польского над целым краем Литовским и Белорусским" (напісана лацінкай на беларускай мове). Праз пяць дзён, 16 ліпеня, ён інфармаваў аб знойдзенай каля Кузніцы "Мужыцкай праўдзе". Небяспечная газета з'яўлялася то ў адным, то ў другім месцы павета і рабіла сваю падрыўную справу. У жніўні 1862 г. яна была знойдзена парабкам Міколам Таўрэлем пры ўездзе ў вёску Грандзічы з боку горада. Два месяцы газета хадзіла па руках сярод жыхароў вёскі, і толькі 29 кастрычніка 1862 г. засядацель Гродзенскага земскага суда Лясота рапартаваў свайму начальству, што адабраў у мешчаніна в. Грандзічы Антона Яроцкага другі нумар газеты "Мужыцкая праўда". У канцы ліпеня два лісты "мятежнических приказов… найдены в имении Нетечи помещика Клюковского старостою Шидловским позади дворов на тропинке… около деревни", — паведамляў гродзенскі павятовы спраўнік 1 жніўня 1863 года.
Названыя факты сведчаць, што, нягледзячы на перашкоды ў распаўсюджванні, у давядзенні да ведама непісьменнага народа "Мужыцкай праўды", улётак, загадаў рэвалюцыйнага ўрада і кіраўнікоў паўстання, змест іх усё ж даходзіў да жыхароў павета, узнімаў іх на барацьбу.
Гродзенская рэвалюцыйная арганізацыя
Намаганнямі К. Каліноўскага і яго паплечнікаў у 1861–1862 гг. у Гродзенскай губерні і паветах была створана разгалінаваная нелегальная арганізацыя, вызначаны задачы і абавязкі кіраўнікоў розных напрамкаў дзейнасці, наладжана сувязь паміж акруговымі цэнтрамі.
У яе ўваходзілі гродзенскі чыноўнік Эразм Заблоцкі, яго брат доктар Баляслаў Заблоцкі, каморнікі Фелікс Ражанскі і Ільдафонс Мілевіч,чыноўнік з Саколкі Станіслаў Сангін, інспектар лясной школы ў Саколцы Валерый Урублеўскі, ксяндзы Гінтаўт з Гродна, Ян Заржыцкі і Ігнат Казлоўскі з Гродзенскага павета і іншыя. Пазней да яго далучаліся новыя члены. На пачатку 1863 г. Кастусь Каліноўскі ўзначаліў Літоўскі правінцыяльны камітэт, які стаў на чале паўстання ў Беларусі і Літве. Адхілены ў канцы лютага 1863 г. ад кіраўніцтва Часовага рэвалюцыйнага ўрада Літвы і Беларусі за незалежніцкія і радыкальныя памкненні, ён быў прызначаны камісарам Гродзенскай губерні і накіраваў усю энергію на пашырэнне і ўмацаванне на яе тэрыторыі паўстанцкага руху і створанай арганізацыі. Пазней, калі яе ўдзельнікі былі арыштаваны расійскімі ўладамі, некаторыя з іх катэгарычна адмаўлялі свой удзел у арганізацыі і паўстанні, спадзеючыся на вызваленне ад пакарання з-за недаказанасці. Але ў час паўстання яны добрасумленна выконвалі свае абавязкі. Іншыя, абвінавачаныя прамымі і ўскоснымі доказамі, прызналі свой удзел у паўстанні. З іх паказанняў і матэрыялаў следства мы даведваемся аб структуры арганізацыі, яе ўдзельніках і іх дзейнасці.
Грамадзянскім (цывільным) начальнікам губерні спачатку з'яўляўся ўраджэнец Брэста 38-гадовы Апалон Гофмейстар, які кіраваў паўднёвымі паветамі губерні, а яго памочнікам і куратарам паўночных паветаў стаў Эразм Заблоцкі, 33-гадовы чыноўнік Гродзенскай будаўнічай і дарожнай камісіі. Але для большай аператыўнасці кіравання і сувязі губерня ў красавіку была падзелена на Гродзенскае ваяводства з Эразмам Заблоцкім у якасці цывільнага начальніка і Брэсцкае, якое ўзначаліў А. Гофмейстар. У кожным павеце (паўстанцы карысталіся гэтым тэрмінам замест рускага "уезд") былі прызначаны павятовы цывільны і ваенны начальнікі.
Разам з Эразмам Заблоцкім у ваяводскай арганізацыі працавалі дэмакратычна настроеныя людзі:
- чыноўнік палаты дзяржаўных маёмасцяў Ільдафонс Мілевіч у якасці сакратара, адказнага за сувязь з павятовымі начальнікамі і Літоўскім камітэтам;
- чыноўнік Ігнат Геніуш як начальнік ваяводскага бюро складаў і рассылаў у паветы розныя дакументы, адозвы, улёткі рэвалюцыйнага зместу;
- вольна практыкуючы ўрач Брыерэ дэ Мартэрэ і чыноўнік Адольф Талочка, якія былі перапісчыкамі рэвалюцыйных папер, а А. Талочка яшчэ і захавальнікам ваяводскай пячаткі (яе і неабходную фарбу трымаў у вазонах);
- чыноўнік палаты дзяржмаёмасцяў Людамір Абрэмскі, які па настойлівым перакананні К. Каліноўскага прыняў абавязкі ваяводскага касіра. Праз рукі гэтага сумленнага чалавека і даволі высокага чыноўніка прайшлі (і не прыліплі да рук) тысячы рублёў, ахвяраваных на паўстанне.
Гродзенскім павятовым начальнікам быў намінаваны ў сакавіку 1863 г. Станіслаў Сільвестровіч, 30 гадоў, які з братам Казімірам валодаў вялікім маёнткам Гожа-Пералом. Ён скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт, быў чалавекам ліберальных поглядаў, за што карыстаўся павагай гродзенскай моладзі. Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. гожскія сяляне былі пераведзены ім на самы ўмераны аброк і атрымалі ў валоданне ад 16 да 36 дзесяцін зямлі — у тым ліку прыдатнай, лесу, пашы і іншага. Гэта выклікала ў некаторых памешчыкаў-суседзяў незадавальненне і апасенні за паводзіны сваіх сялян. Прыходу Станіслава Сільвестровіча ў шэрагі "мяцежнікаў" садзейнічала пашырэнне нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі-Літве і Царстве Польскім. Весткі аб мірных дэманстрацыях у Варшаве ў лютым 1861 г. і расправе царскіх салдат з іх удзельнікамі праз некалькі дзён даходзілі да Гродна і выклікалі салідарнасць грамадскасці. Абурэнне рэпрэсіямі, крытыка расійскіх улад гучалі на ўсіх сходах шляхты, чыноўнікаў; праводзіўся збор сродкаў на ўзвядзенне помніка ахвярам беззаконня. Сваёй актыўнасцю вызначыўся і С. Сільвестровіч, які ахвяраваў і сабраў значную суму грошай (80 руб.) на гэтую справу. Абмеркаванне і польскіх, і мясцовых падзей пры частых прыездах у Гродна ўсё больш збліжала яго з братамі Заблоцкімі. І нездарма Эразм Заблоцкі, стаўшы ваяводскім начальнікам, прапанаваў С. Сільвестровіча прызначыць цывільным начальнікам Гродзенскага павета. Яшчэ да гэтага прызначэння ён прапанаваў лясныя ўгоддзі ў сваім маёнтку Гожа для збору гродзенскай моладзі і фарміравання там паўстанцкага атрада. Але маладыя людзі на чале з начальнікам чыгуначнай станцыі Гродна Лявонам Кульчыцкім вырашылі па-іншаму: на цягніку 2 сакавіка паспрабавалі прабіцца ў Парэчча для сустрэчы з атрадам Людвіга Нарбута.
Вайсковым начальнікам Гродзенскага павета быў зацверджаны чалавек, вопытны ў ваеннай справе — падпалкоўнік царскай арміі Аляксандр Алойзавіч Лянкевіч, 40 гадоў, якому Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК) надаў званне палкоўніка. Ён выйшаў у адстаўку, быў чалавекам несямейным і разам з братам Антонам валодаў нераздзеленым невялікім маёнткам Панюкі (109 дзесяцін) каля р. Пыра ў 7 вёрстах ад Скідзеля. Пасля смерці брата Аляксандр Лянкевіч кіраваў гэтым маёнткам, але на пачатку 1863 г. ён пісьмова адмовіўся ад сваёй часткі ўласнасці і "пайшоў з інсургентамі ў мяцежніцкія шайкі". Пазней царская ўлада прызнала гэтую адмову несапраўднай.
Да пачатку паўстання для аператыўнасці ў яго падрыхтоўцы Гродзенскі павет быў падзелены на 5 акруг (у адпаведнасці з пяццю паліцэйскімі станамі) і прызначаны ЛПК іх кіраўнікі (акруговыя), а таксама вызначаны адказныя за накірункі дзейнасці (рэферэнты).
Акруговымі начальнікамі сталі:
- у Індурскай акрузе — Эмільян Рэдых, аканом маёнтка Свіслач памешчыка В. Пуслоўскага;
- у Лунненскай акрузе — Іван Каменскі, уладальнік з сёстрамі маёнтка Міневічы;
- у Крынскай акрузе — памешчык Кандрат Дашкевіч;
- у Азёрскай акрузе — Пётр Пакубята з маёнтка Заблаць каля Гродна, чыноўнік грамадзянскай палаты;
- у Скідзельскай акрузе — Андрэй Чаповіч, ксёндз-пробашч Мастоўскай парафіі.
Адказнымі за пэўныя ўчасткі дзейнасці (рэферэнтамі) з'яўляліся:
- касірам — Севярын Ромер, уладальнік маёнтка Губінка, былы павятовы маршалак шляхты;
- ваенным — Восіп Вайсятыч, аканом з маёнтка Краснік, былы міравы пасрэднік;
- рэферэнтам камунікацый — Люцыян Завістоўскі, уладальнік маёнтка Алекшыцы;
- рэферэнтам апекі — Франц Багатка, уладальнік маёнтка Котра в. Кашубінцы;
- па надзяленні сялян зямлёй — Іван Каменскі (маёнтак Міневічы), былы міравы пасрэднік.
Надзейным памочнікам павятовага, а пасля і ваяводскага начальніка Станіслава Сільвестровіча быў яго стрыечны брат 18-гадовы Сігізмунд Урублеўскі, які вёў усю канцылярыю і перапіску. Студэнт-першакурснік Кіеўскага ўніверсітэта, ён пакінуў вучобу, як толькі даведаўся аб выбуху паўстання ў Польшчы і Беларусі. З'явіўшыся ў Гродне, ён шукаў магчымасці далучыцца да паўстанцаў і ўступіць у які-небудзь атрад, але Станіслаў пераканаў яго застацца з ім, весці канцылярыю і трымаць сувязі з паўстанцкімі атрадамі і іншымі паветамі.
З пачаткам паўстання цывільным начальнікам г. Гродна быў зацверджаны аўтарытэтны ў горадзе доктар Цэлясцін Цэханоўскі, былы штатны лекар дваранскага пансіёна; яго надзейным памочнікам стаў Іосіф Руткоўскі, былы пакаёвы наглядчык таго ж пансіёна, і чыноўнік канцылярыі губернатара Уладыслаў Жалкоўскі.
Сябры Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі ў большасці былі маладымі, гарачымі прыхільнікамі вызвалення свайго краю ад царска-расійскага панавання і дэмакратычных пераўтварэнняў у ім, хаця дакладную праграму не кожны з іх уяўляў. Аб баявым уздыме, які панаваў сярод іх, сведчыць выказванне сакратара арганізацыі і захавальніка пячаткі Адольфа Талочкі, 30-гадовага чыноўніка казённай палаты:
"У час мінулага мяцяжу воляй або няволяй амаль кожны служыў яму чым-небудзь, і цяжка за кагосьці паручыцца, што ён быў выключэннем з агульнага правіла".
Літоўскі правінцыяльны камітэт распрацаваў і перадаў у паветы ў кастрычніку 1862 — лютым 1863 г. інструкцыі аб асноўных абавязках ваенных, павятовых і акруговых начальнікаў і камандзіраў паўстанцкіх атрадаў. Ад іх патрабавалася пастаянна клапаціцца аб стане арганізацыі і дзейнасці яе членаў, стане і папаўненні павятовай касы; ведаць настроі ўсіх саслоўяў, урадавыя распараджэнні, перамяшчэнні войскаў; прымаць меры для вырабу і набыцця зброі, харчавання, адзення, медыкаментаў, для пашырэння паўстання; забяспечыць выкананне пастаноў Часовага правінцыяльнага ўрада аб арганізацыі ўлады на месцах, аб надзяленні сялян зямлёй, падтрымліваць рэгулярную сувязь з вышэйшымі органамі — словам, вырашаць дзясяткі розных практычных пытанняў.
Сустрэчы і гарачыя спрэчкі ў падпольнай арганізацыі праходзілі ў Гродне на кватэры або ў гасцініцы Севярына Ромера на вул. Дамініканскай (цяпер — вул. Савецкая, 23), на кватэры ў Э. Заблоцкага або І. Мілевіча (дом Фукса насупраць мужчынскай гімназіі), у маёнтку Станіслава Солтана па пытанні адшукання грошай на набыццё і выраб зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў, выплату жалавання паўстанцам. С. Сільвестровіч у сваіх паказаннях асобай Віленскай следчай камісіі пасведчыў, што на пачатку сакавіка сабраліся ўсе ў гасцініцы С. Ромера, дзе атрымалі намінацыі (дакумент аб прызначэнні). Прысутнічалі ваяводскі начальнік Э. Заблоцкі, Слонімскі павятовы Ф. Юндзіл, Станіслаў Солтан, акруговыя начальнікі, рэферэнты. Як і прапанавала Вільня, устанавілі 10-працэнтны грашовы збор з чыстага прыбытку ад усіх памешчыкаў уезда (за 3 мінулыя месяцы). Спісы асоб для збору грошай тут жа ўручылі акруговым начальнікам. Было ўстаноўлена, што сабраныя грошы акруговыя здаюць С. Ромеру і паведамляюць аб гэтым С. Сільвестровічу, а апошні перадаваў іх ваяводскаму касіру Людаміру Абрэмскаму для адсылкі ў Вільню. Усё рабілася для таго, каб грошы ішлі на прызначаную справу — на патрэбы паўстанцаў.
С. Ромер у Гродзенскай следчай камісіі катэгарычна адмаўляў свой удзел у падпольнай арганізацыі, заяўляў, што ніякім касірам не быў, а толькі меў цяжкі жалезны сейф, прывезены з Германіі. Маўляў, у такі небяспечны час ён прымаў ад некаторых знаёмых памешчыкаў грошы для захавання, ды і самому ён патрэбны, што ў Гродне пабудаваў і здае ў арэнду два дамы, трымае гасцініцу, валодае маёнткам у Губінцы. Царскія следчыя не дазволілі яму абвесці сябе вакол пальца і лёгка яго расшыфравалі. Хаця ён і не прызнаўся ва антыўрадавых дзеяннях, але быў пакараны ссылкай у Сібір.
Сур'ёзную цяжкасць для падпольнай арганізацыі і паўстанцкіх атрадаў уяўляла сувязь паміж імі: ад Часовага правінцыяльнага ўрада да акруговага начальніка зносіны адбываліся часта па пошце, але гэта быў небяспечны шлях. Выкарыстоўвалася становішча Гродзенскага павятовага начальніка С. Сільвестровіча ў якасці перадатачнага звяна ў зносінах ваяводскага начальніка з Ваўкавыскім і Слонімскім павятовымі. Для гэтага была наладжана паштовая сувязь Гродна з Ваўкавыскам і Слонімам праз Уладыслава Спірыдовіча (уладальнік маёнтка Навасёлкі) і Люцыяна Завістоўскага (маёнтак Алекшыцы), якія, атрымаўшы пісьмовую інфармацыю, дастаўлялі яе па прызначэнні. Акрамя таго, С. Сільвестровіч купіў экіпаж з парай коней для тэрміновай перавозкі пошты ў названыя паветы і сваім акруговым. Гэтай справай было даручана займацца адстаўному падпаручніку Юльяну Тржацяку (Трацяку), шляхціцу з в. Шымакі каля Адэльска, які жыў у Гродне. З Беластокам, дзе часова знаходзіўся ваяводскі камісар К. Каліноўскі, зносіны падтрымліваліся праз аканома маёнтка Каўбасін (каля Гродна) Баляслава Лапінскага і праз Саколку. Акрамя таго, паўстанцам ахвотна дапамагалі ў сувязі, у забеспячэнні інфармацыяй леснікі, аднадворцы, зямельная і беззямельная шляхта. У падпольнай арганізацыі, у паўстанцкіх атрадах існавала, аднак, шмат цяжкасцяў у падтрымцы сувязяў паміж сабой.
Гэтага нельга сказаць аб магчымасцях зносін паміж урадавымі ўстановамі і карнымі атрадамі. Да іх паслуг ужо працавала чыгунка ад Пецярбурга і Вільні да Варшавы праз Гродна, дзейнічала тэлеграфная сувязь. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, паўстанцы не вялі барацьбы па разбурэнні тэлеграфнай сувязі, у чым была важная перавага расійскіх карнікаў.
Атмасфера ў Гродне напаляецца
Весткі аб падзеях 1861–1863 гг. у Варшаве хутка даходзілі да Гродна і выклікалі хвалі салідарнасці ва ўсіх слаях грамадства. У горадзе і ваколіцах распаўсюджваліся "возмутительные листки" пад назвамі "Гутарка двух соседов", "Воззвание русским войскам в Польше", "Мужыцкая праўда". Найбольш бурна рэагавала вучнёўская моладзь: навучэнцы мужчынскай гімназіі ў пратэстах даходзілі да зрыву ўрокаў, незадаволенасць выказвалі аптэкарскія вучні. Настаўнік польскай мовы гімназіі Станіслаў Навакоўскі агітаваў вучняў далучацца да паўстання і накіроўвацца ў паўстанцкія атрады.
У казённых установах, сустракаючыся, чыноўнікі абмяркоўвалі падзеі, перадавалі і захоўвалі паперы рэвалюцыйнага зместу. Пра такія факты ўспамінаў на допытах касір рэвалюцыйнай арганізацыі Людамір Абрэмскі. Варшаўскія падзеі былі галоўнай тэмай абмеркавання на прыватных вечарах, сустрэчах у тракцірах і шынках, знаходзілі выражэнне ў пратэстах на бытавым узроўні. Нават да генерал-губернатара Назімава ў Вільню дайшла інфармацыя, што "дворяне и помещики кроме траурного одеяния начали носить еще... костюмы отличительные, как-то: конфедератки, гарибальдийские шляпы, польские чемарки, жупаны серые крестьян, жупаны с поясами из лакированной кожи и другое".
Улады пільна адсочвалі пратэстныя паводзіны жыхароў і прымалі меры для іх падаўлення і недапушчэння. Таму 9 жніўня 1861 г. міністр унутраных спраў праінфармаваў губернатара Шпеера, што "по случаю возникших в последнее время в некоторых Западных губерниях в разных видах политических манифестаций Его Императорским Величеством утверждено создание временных полицейских судов". Прапанавана гэтым "судам вменить в обязанность не затрудняться излишними формальностями па сему предмету, так как доказательства одежды служат достаточным фактом обвинения". Прадугледжана такія суды ўтрымліваць за кошт штрафаў з асуджаных. І паліцэйскія суды запрацавалі. У горадзе да канца 1861 г. да судовай адказнасці былі прыцягнуты 15 чалавек, чатыры з іх пакараны штрафам і арыштам, а тры — штрафам.
Аднак прынятыя меры па ўспакаенні грамадства не давалі вынікаў, і генерал-губернатар 14 студзеня 1863 г. увёў у Гродзенскім, Сакольскім, Бельскім і Брэсцкім паветах ваеннае становішча, адмененае 3 месяцы таму. Калі 22 студзеня 1863 г. у Варшаве ўспыхнула паўстанне, "в связи с появлением злоумышленных людей" ваеннае становішча было ўведзена ва ўсёй губерні. У горадзе, на чыгуначным вакзале, у мястэчках Азёры, Каменка, Крынкі былі размешчаны вайсковыя падраздзяленні Калужскага пяхотнага палка, а ў горадзе — і артылерыйскія батарэі.
Але і гэтыя меры не папярэдзілі выбух.
Трывожную ноч правялі гродзенцы з суботы 2 сакавіка на нядзелю 3 сакавіка 1863 года. Суботнім вечарам вялікая група (ад 70 да 100 чалавек) жыхароў горада (вучнёўская моладзь, рабочыя, чыноўнікі) здзейсніла ўзброены напад на чыгуначную станцыю з мэтай захапіць цягнік і рушыць у Парэчча для далучэння да паўстанцаў. Вось як па гарачых слядах у той жа вечар гродзенскі губернатар фон Галер дакладаў тэлеграмай генерал-губернатару У. Назімаву ў Вільню:
"В 10 часов вечера сделано было сегодня нападение на Гродненскую станцию железной дороги. Мятежники, пользуясь необыкновенной темнотою ночи, при содействии начальника станции поляка Кульчицкого и с ним вместе, захватив поезд, уехали в Поречье. Ранено два чиновника... Захвачено также два... По словам одного из арестованных, мятежники, собираясь около Поречья, намерены сделать на Гродно сильное нападение".
Лявон Кульчыцкі паходзіў з шляхты Марыямпальскага павета Аўгустоўскай губ., служыў на чыгунцы і, уліўшыся ў паўстанцкі атрад, удзельнічаў у баях з расійскімі войскамі, памёр ад атрыманых ран летам 1863 года.
На працягу тыдня жандарска-паліцэйскія службы грунтоўна даследавалі здарэнне, і 9 сакавіка губернатар праінфармаваў міністра ўнутраных спраў і Вільню. Гэты даклад дае і нам магчымасць прасачыць усе драматычныя перыпетыі нападу (прашу прабачыць за доўгае цытаванне):
"В 8 часов пополудни, при совершенной темноте ночи, начали собираться в находящийся вблизи станции деревянный сарай, где прежде ставились вагоны, подготовленные к бегству для участия в шайках мятежников люди разного звания. Там роздано было им оружие, состоявшее из ружей, пистолетов, кинжалов, топоров, не бывших в употреблении, и кос.Затем они перешли к товарным крытым вагонам и платформам и заняли на них места. Когда ротный командир Калужского пехотного Его Величества короля Прусского полка штабс-капитан Макаров отдал приказание о выводе наружных часовых, то начальник станции Кульчицкий заметил еще, что рано и что можно будет сделать это перед прибытием экстренного поезда с Софийским батальоном, о чем дано будет с последней перед Гродно станции, сам вышел к вагонам и поместился на локомотиве вместе с другими участниками. Машина эта как дежурная была в готовности. Первый поданный с нее свисток заставил машиниста Винтера выйти со станции, чтобы посмотреть, кто распорядился вверенным ему локомотивом. В то самое мгновение, как [он] подошел к машине, он окружен был тремя неизвестными людьми, из коих два по обеим сторонам с винтовками, а третий, приставив пистолет ко лбу, под угрозою смерти требовали, чтобы он сел на машину и вез их туда, куда будет приказано. Не смея противиться, машинист исполнил требование, но прежде ответа крикнул своему помощнику Якимовичу: "Вагон!" Последний, как оказалось, понял значение сего сигнала, ибо, пользуясь темнотою ночи, отцепил локомотив от вагонов... Машинист, дав ход одному локомотиву, сам успел соскочить с него.
Между тем перед самым движением машины кочегар, подошедши к вагонам, заметил, что в них сидели какие-то люди, а оружие стояло около, готовились последовать примеру, дал знать о происходившем ротному командиру. Последний с патрулем выбежал к вагонам и на троекратный отклик: "Кто туг? Что за люди?" — вместо ответа просвистели мимо него две пули, и он получил удар большим железным винтом в левое плечо без вредных последствий на здоровье. Затем шайка, сделав залп из имевшегося у нее оружия, бросилась бежать, а нижние чины ответили выстрелами... Темнота ночи лишила возможности преследовать бежавших, так точно как и им возвратиться в свои квартиры...".
Познім вечарам на чыгуначную станцыю прыбыў і губернатар і распарадзіўся ўзмацніць патруляванне горада, пошук і арышт мяцежнікаў, якіх на працягу сутак схапілі каля 70 чалавек. Сярод затрыманых у спісах было 16 гімназістаў, адзін выключаны з гімназіі, адзін студэнт, пяць аптэкарскіх вучняў, 15 чыноўнікаў, восем дваран, два рабочыя чыгункі, восем сялян, мяшчане. На станцыі і вакол вакзала, па інфармацыі губернатара, знойдзена кінутая зброя (13 розных ружжаў, пяць пісталетаў), дзве касы, тры шаблі, сем сякер, адзін пуд 32 фунты пораху, 10 фунтаў свінцу, пяць фунтаў пістонаў, 10 тапаграфічных карт, папера, медыкаменты, рознае адзенне.
Следства аб падзеях 2 сакавіка ў Гродне вяла Гродзенская следчая камісія па палітычных справах пры Калужскім пяхотным палку. У ходзе разбіральніцтва выявілася, што "мятежники были разделены на три партии и собирались одна у вагонов на станции, другая — у Бригидского моста, а третья — в деревне Каплица". Аб гэтым рапартаваў губернатару праз чатыры дні гродзенскі паліцмайстар і паведамляў, што да "дела" датычны і чыноўнік Э. Заблоцкі, які днём 2 сакавіка прагульваўся па бульвары з Самулінскім і Кульчыцкім.
Следчая камісія закончыла разбор справы 29 мая 1863 года, і ўсе матэрыялы былі накіраваны ў Вільню генерал-губернатару М. Мураўёву для прыняцця канчатковага рашэння. 17 верасня 1863 г. ён падпісаў канфірмацыю, згодна з якой 25 чалавек былі пакараны і высланы ў Сібір, 38 з-за недастатковасці доказаў пакінуты на радзіме, але ўсе ўзяты пад нагляд паліцыі, некаторыя звольнены з пасад.
Поўны іх спіс змешчаны ў ІІІ частцы агульнага спісу ўдзельнікаў паўстання.
Баявыя дзеянні
Праз дзесяць дзён пасля выступлення Варшавы 1 лютага 1863 г. Літоўскі правінцыяльны камітэт заклікаў да паўстання ў Беларусі і Літве. (Гл. дадатак №№1, 2.) Баявыя дзеянні паўстанцаў планавалася Гродзенскім ваяводскім ваенным начальнікам Ануфрыем Духінскім пачаць у лютым 1863 г., але да гэтага не ўсе паветы падрыхтаваліся. У лютым 1863 г. на Гродзеншчыне пачалі дзейнічаць першыя паўстанцкія атрады. У канцы лютага на тэрыторыі Гродзенскага павета ў Рускай пушчы каля Берштаў і Парэчча з'яўляюцца аддзелы з атрада Людвіка Нарбута з Лідскага павета. І многія жыхары горада і павета маладога і сярэдняга ўзросту пачалі рыхтавацца да уступлення ў я го.
Аб з'яўленні атрада Л. Нарбута недалёка ад Парэчча паведамляў гродзенскі губернатар фон Галер у Беласток камандзіру 2-й дывізіі генералу З. Манюкіну 31 сакавіка:
"Сегодня в 6 утра было дело с шайкою Нарбуга около деревни Дубичи за станцией Поречье. Там действовала гвардия...".
Але поспехаў, відаць, не мела, таму што тут жа паведамляў генерал-губернатару ў Вільню: "Неизвестно, куда после того шайка направилась...". Нягледзячы на баі з карнымі камандамі, атрад Л. Нарбута працягваў знаходзіцца ў Гродзенскай (Рускай) пушчы, перамяшчаючыся на поўнач павета. Да яго далучаліся ўсё новыя і новыя жыхары павета. Як прызнаваўся пазней Міхаіл Эйсмант, былы рабочы Парэцкай чыгуначнай станцыі, толькі ў ноч на 24 красавка збеглі да паўстанцаў з Парэчча 13 чалавек. Схоплены карнікамі Восіп Высоцкі, былы наглядчык вартаўнікоў на чыгунцы ў раёне м. Парэчча, прызнаваўся следчай камісіі, што ён 29 красавіка ў 4 вярстах ад вёскі Салацце паступіў у атрад Л. Нарбута, які стаяў на хутары Анэлькі. Разам з ім пайшлі ў атрад яго брат Уладыслаў, былы наглядчык работ пры станцыі Ільцэвіч, рабочыя Восіп і Іван Клімовічы, Іван Саўка і іншыя. Пасля бою з царскімі войскамі атрад рушыў праз Нёман у Свентаянск, дзе злучыўся з атрадам Віктара Гласкі, які і ўзначаліў яго. Неўзабаве атрад накіраваўся да вёскі Кадыш, дзе ў баі з карнікамі пацярпеў паражэнне.
На пачатку сакавіка 1863 г. паўстанцкія атрады з'яўляюцца на левабярэжнай частцы Гродзеншчыны — у Сапоцкінскай зоне, пранікаючы з Царства Польскага, хаця расійскія ўлады прымалі меры для іх недапушчэння. Пра гэта паведамляў тэлеграмай губернатар фон Галер міністру ўнутраных спраў 3 сакавіка 1863 г. у С.-Пецярбург:
"По вновь полученным сведениям через лазутчиков, большие шайки мятежников собираются в Царстве Польском около Липска с намерением, как говорят, идти на Гродно. Навстречу войскам, посланным Августовским губернатором, послал... колонну по железной дороге до Поречья, а оттуда переходом в 10 верст к Ротнице для огорожения берегов Немана и препятствия к переправе. В Гродно спокойно".
У той жа дзень сваю дэпешу генерал-губернатару У. Назімаву ў Вільню ён дапоўніў інфармацыяй аб сілах воінскай каманды: "Посланная сего числа подвижная колонна к Ротнице по железной дороге из Поречья, а оттуда переходом в 10 верст состоит из Калужского батальона, дивизиона артиллерии, эскадрона уланов и 20 казаков под командой подполковника Мантейфеля". Праз дзень губернатар рапартаваў у Вільню: "...Подполковник Мантейфель сообщил, что мятежники устраивают плоты около Друзгеник для переправы. Полковник Вернер... за Неманом".
Мясцовыя ўлады апасаліся захопу паўстанцамі Гродна і іншых гарадоў губерні. Губернатар фон Галер з трывогай паведамляў 5 сакавіка ў Вільню, што "партия мятежников в семи верстах от Гродно, я выступил с отрядом остановить их", што "конные разъезды одной (шайки) лазутчик сам видел на 5-й версте от Гродно, за Неманом. Другая, говорят, идет по Скидельскому тракту... Намерение напасть на Гродно было с вчерашнего дня... На Скидельский тракт послан разъезд улан, а за Неман небольшой отряд".
Невялікія групы і атрады, аб якіх дакладваў губернатар, маглі быць з атрадаў А. Духінскага або Вавера, якія ў сакавіку перамясціліся ў Аўгустоўскую пушчу і канцэнтраваліся паміж Ліпскам і Сапоцкінам.
Сюды, у паўстанцкія атрады, збіралася навакольная шляхта, мяшчане, вучнёўская моладзь, сяляне. Сюды ад навакольных памешчыкаў падвозілася харчаванне, адзенне, іншая дапамога. Лазутчыкі інфармавалі губернатара: "Прошлой недели Дзеконский из Бальи послал бочку водки и живого вола, а также 12 булок хлеба мятежникам. Извозчиками были Иозеф Сецко с сыном из Бальи, при них был и мятежник. Ехали на Липск, потом через лес на Ясеново. Там они... видели множество мятежников, расположенных на протяжении версты, и их оружие: ружья, косы и проч.". Другі інфарматар дадаваў: "...около Липска и Голынки большие скопища мятежников... Слепой Валлович (граф, уладальнік Свяцка. – І. Б.) сам ездил к ним и доставил две брички с провизиею. Помещики со всех сторон день и ночь посылают продукты".
Маючы такую інфармацыю, расійскае камандаванне таксама сцягвала свае войскі, каб не дапусціць аб'яднання паўстанцаў з Аўгустоўскай і Гродзенскай пушчаў. На пачатку красавіка ў раён Ліпска — Галынкі былі пасланы тры роты Лібаўскага палка, эскадрон уланаў і 10 казакаў пад камандаваннем палкоўніка Пенхяржэўскага. Але палкоўнік не быў упэўнены ў сіле сваёй каманды, тры дні заставаўся ў Конюхах і прасіў падмацавання з пяхоты і артылерыі. Адсюль ён дакладваў 4 красавіка: "В Липск не пошли. Но говорят, что около Липска есть большие шайки, туда посылают провизию и собирается с разных сторон шляхта". Толькі атрымаўшы падмацаванне, воінская каманда палк. Пенхяржэўскага выступіла з Галынкі супраць паўстанцаў. Паблізу вёскі Ястржэмбка (цяпер у Польшчы) адбыўся жорсткі бой рэгулярных войскаў з паўстанцамі, якія страцілі звыш 24 чалавек забітымі і параненымі, 2 палоннымі і адступілі ў глыб пушчы. Адступілі, але не былі разбіты, аб чым дакладваў 14 красавіка губернатар у Вільню, што ў бок Сапоцкіна з поўначы рухаецца атрад Камінскага. Ваенны начальнік г. Сувалкі генерал Менгдэн таксама інфармаваў губернатара фон Галера аб атрадзе Камінскага і прасіў паслаць войскі.
Жорсткія баі паўстанцкіх атрадаў Духінскага і Вавера з рэгулярнымі войскамі адбываліся пазней на мяжы Гродзенскага ўезда, Царства Польскага і сучаснай Літвы. У канцэнтрацыі паўстанцкіх сіл на гэтай тэрыторыі бачыла вялікую небяспеку камандаванне Віленскай ваеннай акругі і пасылала воінскія каманды з Беластока, Сувалак, Сейнаў, Аўгустова, каб акружыць і знішчыць гэтыя атрады. 20 мая атрад Вавера знаходзіўся ў раёне вёскі Грушкі на поўдзень ад Аўгустоўскага канала, дзеючыя сумесна з ім атрады Брандта і Віктара Гласкі — на другім беразе канала ў раёне Ігоркі па абодва бакі дарогі з Копцева (суч. Капчамяйціс) у Кадыш. Прывядзём апісанне бою гэтых трох атрадаў з царскімі карнікамі па кнізе Станіслава Зеліньскага "Bitwy i potyczki powstania styczniowego", ласкава дадзенага Ю. Пажэцкім:
"Пасля паведамлення аб руху непрыяцеля (капітана Кулакова з Сейнаў з дзвюма ротамі пяхоты і гусарамі. — І.Б.) Брандт і Гласка аб'ядналіся і прасунуліся да Кадыша з мэтай недапушчэння захопу мастоў каля в.Чарток на канале і пад Кадышам на Чорнай Ганчы. Тым часам сейненская калона ў ноч на 21 мая, пакінуўшы Падліпкі, рушыла на поўдзень і заняла Кадыш. Брандт і Гласка, вырашыўшы атакаваць Кулакова ў Кадышы, занялі абарону пры дарозе з Копцева да Сапоцкіна: атрад Гласкі заняў правы фланг, размясціўшы стралкоў па краі лесу; Брандт з сваімі стралкамі кантраляваў шашу з левага боку; касінеры абодвух атрадаў, пастаўленыя паміж узгоркаў, складалі цэнтр.Раз'езд з трох кавалерыстаў, пасланы Гласкам, атакаваў перадавую ахову маскавітаў, і зразу пачаўся бой на ўсім правым крыле, дзе маскалі кінулі гусараў, жадаючы выцесніць стралкоў Гласкі з занятых пазіцый. Двухразовую атаку аплацілі гусары стратай афіцэра і некалькіх радавых і адступілі, але адначасова ланцуг стралкоў, ударыўшы па цэнтры пазіцый паўстанцаў, прымусіў касінераў адступіць да левага крыла, адсякаючы 18 стралкоў пад камандаваннем афіцэра Іосіфа Гласкі. Асноўныя сілы атрадаў вымушаны былі адступіць да Падліпак, пакідаючы адсечаных на волю лёсу. Невялікая жменька іх пасля гадзіннага бою здолела прабіцца да прыбываючага на дапамогу Вавера, пакінуўшы на полі бою 7 забітых: Гласку, Пронашку, Буткевіча, Верпахоўскага і 3 іншых; агульныя страты Брандта і В. Гласкі склалі 14 забітых і таксама 2 узятых у палон (Казлоўскага, напалеонаўскага салдата, і другога — невядомага па прозвішчы).
Тым часам Вавер, апавешчаны аб намерах Брандта і Гласкі перакрыць дарогу непрыяцелю, фарсіраваным маршам перайшоў канал і Чорную Ганчу і затрымаўся для адпачынку жаўнераў пасля 18-гадзіннага пераходу. Атакаваны ў 7 гадзін раніцы ротай пяхоты і атрадам казакаў, ён пасля кароткай сутычкі прымусіў іх адступіць да Кадыша, падтрымліваючы адыходзячых на левае крыло Брандта і Гласку, якія змагаюцца з маскалямі, і такім спосабам вызваляючы іх ад пераследу, а потым рушыў на Кодзі".
І да сёння ў лесе каля вёскі Кадыш захоўваюцца магілы загінуўшых у тых баях паўстанцаў, імёны якіх заставаліся невядомымі.
У сярэдзіне красавіка пачаў дзейнічаць паўстанцкі атрад у паўднёва-ўсходняй і ўсходняй частках павета, на чале якога стаяў Аляксандр Лянкевіч (псеўданім Ландэр, Ляндэр). Атрад фарміраваўся з навакольнай шляхты, аднадворцаў, мяшчан, дваровых людзей з навакольных вёсак і шляхецкіх ваколіц, памешчыцкіх маёнткаў Абуховічы, Талочкі, Юравічы, Эйсманты Надтабольскія, Шчукі, Вільянова, Задуб'е, Кашубінцы і многія іншыя. Гродзенскі земскі спраўнік рапартаваў губернатару 21 красавіка, што 19 красавіка пайшлі ў інсургенты жыхары ваколіцы Абуховічы Аляксандр Абуховіч, Іван Радзіваноўскі, Фелікс Абуховіч, Кандрат Абуховіч, а з ваколіцы Талочкі далучыліся да "мяцежніцкай шайкі" чацвёра дваран, шэсць аднадворцаў, шэсць сялян. Сярод іх быў і сын уладальніка маёнтка Талочкі Уладыслаў Канеўскі, беглы юнкер Вялікалуцкага палка, які ў атрадзе стаў ад'ютантам А. Лянкевіча. Аб дзейнасці А. Лянкевіча губернская следчая камісія дакладала генерал-губернатару Мураўёву:
"В апреле 1863 г. Ленкевич начал формировать свою шайку из всех сословий, забирая в оную людей частью силой, а более обманом, под угрозой смерти... В апреле Ленкевич был в имениях помещиков Гродненского уезда Толочки (Б. Коневского), Вельянове (Л. Валицкого). У Коневского Ленкевич говорил речь для возбуждения к восстанию: Вся молодежь Царства Польского, Литвы и Малороссии вышла на поле брани против нашего неприятеля, который заграбил наше отечество и рубит нашу Божию матерь в костелах. Будем сражаться за отечество, веру и свободу!".
Ішлі ў атрад добраахвотнікі, хаця пазней некаторыя з іх, трапіўшы ў палон, заяўлялі карнікам, што былі ўзяты прымусова. Аб непрымусовым знаходжанні ў паўстанцкіх атрадах сведчыць і тое, што яны маглі збегчы адтуль, але не рабілі гэтага, пакуль не былі захоплены ў палон. Як бы царскія ўлады ні гаварылі аб прымусе пры фарміраванні атрадаў, але такім шляхам на працягу трох дзён ён не вырас бы да 200 чалавек, з якімі Лянкевіч размясціўся ў лесе за Азёрамі.
Дрэнна ўзброеныя, кепска забяспечаныя прадуктамі, фуражом, транспартам, слаба арганізаваныя паўстанцы шукаюць зброю і неабходныя сродкі ў лясніцтвах, валасных управах, іншых дзяржаўных установах, у памешчыцкіх маёнтках. Першай баявой аперацыяй толькі што арганізаванага атрада А. Лянкевіча, невялікага, узброенага толькі пяццю ружжамі, быў разгром 20 красавіка лясніцтва і валасной управы ў Азёрах. Гродзенскі земскі спраўнік даносіў, што "появились... инсургенты до 200 человек и произвели следующие беспорядки: у лесничего... сожгли казенные бумаги, забрали казенных денег 316 руб. за продажу леса, 134 руб. на построение дома и 25 руб. 30 коп. остаточных с 1862 г. и собственных 125 руб., ружьев стрелецких 55, 2 тесака, 2 ружья со штыками, 2 двуствольные ружья и 1 одноствольное, 2 пистолета, 1 револьвер, пороху 22 фунта и пуль за 25 фунтов..." . У фальварках Вільянова і Задуб'е графа Леапольда Валіцкага мяцежнікі забралі 9 коней, 2 фургоны, "наклав на оные съестные припасы и овес для лошадей". Разам с паўстанцамі пайшлі 10 чалавек дваровай прыслугі і батракоў, а з саміх Азёр з імі сышло каля 20 чалавек жыхароў мястэчка. Атрад Лянкевіча хутка папаўняўся і часова размясціўся ў цяжкадаступным месцы Гродзенскай пушчы — ва ўрочышчы "Святое балота", дзе заняўся ўмацаваннем лагера, арганізацыяй, прывядзеннем да прысягі, навучаннем, вырабам зброі. Новае папаўненне атрада прысягала ў прысутнасці яго камандзіра Аляксандра Лянкевіча. Па словах паўстанца — батрака з вёскі Талочкі Міхаіла Кучынскага, да прысягі прыводзіў вікарны свяшчэннік Азёрскага касцёла Янушэвіч адразу 60 чалавек новага папаўнення.
Колькасны склад атрада А. Лянкевіча, як і іншых, не быў пастаянны, хутка папаўняўся. Праз дзень тысяцкі з м. Азёры даносіў у Парэчча, што ў мястэчку знаходзіўся з "шайкой в 500 человек Ленкевич". Яго шукала і пераследавала воінская каманда падпалкоўніка Мантэйфеля. У раёне "Святога балота" адбыўся першы бой толькі што створанага атрада з рэгулярным войскам, у якім паўстанцы, дрэнна ўзброеныя, слаба абучаныя, былі разбіты і панеслі вялікія страты: адны загінулі ад куль ворага, другія прапалі ў топкім багністым балоце. Рэшткі атрада адступілі ў бок Парэчча і ў Ваўкавыскі павет. Падпалкоўнік Мантэйфель устрымаўся ад пераследу, баючыся загінуць у балоце, і паспяшаўся адрапартаваць "наверх", што "шайка мятежников в 200 человек во главе с Ленкевичем разбита".
Мястэчка Азёры і далей з'яўлялася нейкай апорай у паўстанцаў. Усе слаі грамадства мястэчка: і ўладальнік маёнтка граф Леапольд Валіцкі, і шляхта, і дваровыя служачыя, і сяляне, і мяшчане, і святары — падтрымлівалі паўстанцаў, дапамагалі і спачувалі ім. Дзясяткі жыхароў мястэчка папоўнілі атрад А. Лянкевіча, сярод іх быў і ксёндз Янушэвіч, які прыводзіў новых байцоў да прысягі. Былы ўніяцкі свяшчэннік Сцяпан Германовіч пасылаў сваіх дачок у лес з прадуктамі для паўстанцаў. Іх вазілі ў атрад і пляменніца Л. Валіцкага Людвіка і дачка панскага аканома Шмігера Амелія, а сын аканома быў начальнікам невялікага атрада паўстанцаў.
Паўстанцкія камандзіры выкарыстоўвалі своеасаблівую тактыку ў час сутыкненняў з моцнай воінскай камандай: атрад зараней быў падзелены на невялікія групы па 20–25 чалавек і па камандзе начальніка ў час найбольшай небяспекі "знікаў", рассейваўся, каб праз дзень-другі зноў сабрацца ў прызначаным месцы. Так было пазней і з атрадам А. Лянкевіча. Ужо праз дзень земскі спраўнік рапартаваў губернатару, што "сего числа (23 апреля. – І.Б.) шайка появилась в околице Котра в 4 часа ночи, 24 человека, побывали у дозорцы Фомы Гомулецкого... ушли по дороге в м. Каменку". У другім рапарце ён дапаўняе, што ў той жа дзень у 2 гадзіны папаўдні ў маёнтку Чарлёна з'явілася ўзброеная шайка і ўзяла з канюшні князя Друцкага-Любецкага пяць коней са збруяй і вазамі і два верхавыя кані з сёдламі і рушыла па дарозе да Мількаўшчыны на Віленскі тракт. У гэты дзень лунненскі станавы прыстаў пасля абеду бачыў атрад мяцежнікаў каля вёскі Дубна, і накіроўваўся ён на Зяльвяны ў Ваўкавыскі ўезд. Частка атрада А. Лянкевіча перайшла ад Парэчча да Друскенік і пераправілася праз Нёман у Аўгустоўскую пушчу, дзе з атрадам Вавера ўдзельнічала ў баях з царскімі войскамі.
Атрад А. Лянкевіча ў поўным складзе або асобнымі групамі дзейнічаў як у Гродзенскім павеце, так і ў суседніх — Ваўкавыскім, Слонімскім, Аўгустоўскім і на поўдні Літвы, падтрымліваючы сувязі з тамашнімі атрадамі. У маі каля вёскі Мілавіды Слонімскага павета сабраліся асноўныя паўстанцкія сілы Гродзенскага (А. Лянкевіч), Ваўкавыскага, Слонімскага (Ф. Юндзіл) паветаў, каб аб'яднанымі сіламі даць бой расійскім карнікам. Агульнае камандаванне прыняў на сябе найбольш спрактыкаваны ў ваеннай справе падпалкоўнік царскай арміі А. Лянкевіч. У лагер пад Мілавідамі змаглі прыехаць, нягледзячы на небяспеку быць арыштаванымі па дарозе, К. Каліноўскі з Э. Заблоцкім з мэтай навядзення парадку ў арганізацыях Ваўкавыскага і Слонімскага паветаў і пашырэння паўстання. Тут Каліноўскі правёў агляд паўстанцкіх сіл. На наступны дзень, 22 мая, каля тысячы паўстанцаў, узброеных стрэльбамі, пісталетамі, косамі, паспяхова змагаліся з рэгулярнымі войскамі. Ім процістаялі пад камандай палкоўніка А. Чартова тры роты Стараінгерманландскага пяхотнага палка, сотня казакаў, артылерыя. Паўстанцы нанеслі праціўніку значныя страты, і царскі палкоўнік запрасіў падмацавання. Паўстанцы пакінулі поле бою і сышлі ў суседнія паветы.
Аб баявых дзеяннях паўстанцкіх атрадаў мы можам меркаваць толькі па рапартах начальнікаў воінскіх каманд, якія ваявалі з паўстанцамі, дакладах паліцэйскіх, што адсочвалі іх перамяшчэнні, прызнаннях тых, хто трапіў у палон паўстанцаў. Акрамя таго, у раёне захавалася шмат памятных месцаў, звязаных з баявымі дзеяннямі паўстанцаў 1863 года. Такімі з'яўляюцца калектыўныя магілы паўстанцаў, што загінулі ў лесе каля в. Кадыш, у Мінявіцкім лесе, на "Святым балоце", Канюхоўскі роў каля в. Віцькі, Коматаўская пераправа. Мінявіцкі лес — уладанне Івана Каменскага, які, будучы акруговым начальнікам, арганізаваў у сваім маёнтку ўсебаковую дапамогу паўстанцам: прадуктамі харчавання, фуражом, адзеннем, вырабам пікаў, адліўкай куль і г. д. Аб яго дзейнасці данёс уладам адзін з яго былых залежных сялян.
Коматаўская пераправа знаходзілася каля вёскі Коматава і выкарыстоўвалася паўстанцамі ў дзеяннях супраць царскіх войск. На крутым левым беразе Нёмана, насупраць Коматава, вёсачка Пескі і яе лясныя ваколіцы былі зручным прыстанішчам для паўстанцаў: тут у глыбокім і доўгім рове (Канюхоўскім) яны хавалі і падкоўвалі ў кузні сваіх коней, рыхтаваліся да баёў. Мясцовыя жыхары расказвалі, што ў гэтым месцы адбыўся крывавы бой паўстанцаў з казакамі, якія непрыкметна пераправіліся праз раку, захоўваліся магілы і курганы загінуўшых (Гарадзенскія запісы, вып. 1, Гародня, 1993 г., с. 90). Недалёка адсюль знаходзілася Панямунская каталіцкая капліца, дзе паўстанцы часам знаходзілі прытулак і падтрымку. Аб гэтым стала вядома станавому прыставу з м. Індура Смарагдаву, і ён з атрадам казакаў зрабіў налёт на капліцу. Учынены імі вобыск прывёў да таго, што ксёндз Ігнатовіч не мог болей праводзіць у ёй набажэнствы і закрыў яе.
Мясцовыя жыхары дапамагалі паўстанцам і далучаліся да іх. Аб гэтым сведчыць і факт вяртання з сібірскай ссылкі некаторых тутэйшых жыхароў. У снежні 1884 г. на аснове царскай амністыі ад 15 мая 1883 г. у вёску Жукевічы Горніцкай воласці вярнуліся з Сібіры Дамінік Іванавіч Гілюк і Якаў Восіпавіч Гасперскі, сасланыя за ўдзел у паўстанні. Толькі пакарыстацца "дараваным правам" ім не дазвалялі паліцэйскія ўлады, імкнучыся выдаліць з губерні: былым паўстанцам забаранялася пражываць у Паўночна-Заходнім краі. Вясной 1863 г. у паўстанцы пайшлі сыны ўладальнікаў невялікага маёнтка Пескі Соф'і і Вікенція Гласкаў — Іосіф і Юльян. Іосіф Гласка ўдзельнічаў у нападзе на чыгуначную станцыю Гродна 2 сакавіка 1863 г., быў арыштаваны, ваяваў у паўстанцкіх атрадах Аўгустоўскага павета і загінуў у канцы мая каля Кадыша ў бітве з царскімі карнікамі. А яго брат Юльян, па сведчанні ваенна-следчай камісіі, "у 1863 г. паступіў у мяцежніцкую шайку, якая была пад начальствам Ваўра і дзейнічала ў Сувалкаўскім павеце, але ў сувязі з хваробай... сышоў за граніцу".
Самы дзейсны ўдзел у паўстанні прыняў спадчыннік маёнтка Жукевічы той жа Горніцкай воласці Віктар Гласка, які, не маючы ў той час 25 гадоў, у валоданне маёнткам уступіць не паспеў, і ў ім гаспадарыла яго сястра. Перабраўшыся ў Царства Польскае, ён узначаліў паўстанцкі атрад у 150–200 чалавек і паспяхова змагаўся з расійскімі карнікамі ў маі 1863 г. пад Кадышам у Сапоцкінскай зоне, у Свентаянскіх лясах, пад Алітай, у Аўгустоўскім і Сейненскім паветах. Аб дзейнасці яго атрада і жорсткіх баях з войскамі расказвалі на допытах захопленыя ў палон паўстанцы Іван Семяноўскі з маёнтка Вільянова пад Азёрамі, Іван Бура, казённы селянін з в. Яскілевічы, Восіп Высоцкі, аднадворац з-пад Парэчча, якія знаходзіліся ў гэтым атрадзе. Літоўскім рэвалюцыйным камітэтам яму было нададзена званне маёра. Паўстанцкі атрад В. Гласкі змагаўся "до окончательного уничтожения мятежа" (так дакладаў губернатар у Вільню), пасля чаго яго начальнік падаўся ў эміграцыю. А калі добраахвотна вярнуўся ў 1872 г. у Варшаву, быў арыштаваны і адпраўлены ў турму. Толькі цяпер маёнтак Жукевічы быў секвестраваны і перададзены ў дзяржаўнае кіраванне, а пасля быў прададзены расійскаму чыноўніку.
У чэрвені – ліпені паўстанцы яшчэ актыўна дзейнічалі на тэрыторыі павета: каля ст. Парэчча, лясных вёсак Узбераж, Глушнева, Бабіна, Баброўня, Бандары, вакол Скідзеля, Мількаўшчыны, Каменкі, у Сапоцкінскай зоне Аўгустоўскага павета. Яны нападалі на канторы лясніцтваў, паштовыя станцыі, валасныя ўправы, уступалі ў схваткі з карнымі камандамі. Паўстанцкія атрады і асобныя групы ў многіх месцах карысталіся падтрымкай мясцовых жыхароў. Аб гэтым сведчаць і прадстаўнікі ўлады. Так, палкоўнік Шчарбацкі, які служыў у штаце пры губернатары, дакладаў 5 ліпеня ў Гродзенскую следчую камісію, што ён ужо тры дні рухаецца разам з воінскай камандай па паўднёвай частцы павета і не можа атрымаць "от многих жителей какие бы то ни было сведения о шайках мятежников, безвыходно находящихся в этих местах уже несколько недель, и несмотря на то, что на каждом шагу встречаются здесь несомненные и свежие следы шайки, до сих пор она не могла быть открыта и истреблена, хотя для этой цели постоянно направляются отряды из Гродно, Лиды и Волковыска".
Паўстанцкія атрады і іх камандзіры набывалі баявы вопыт, удасканальвалі тактыку, праяўлялі стойкасць і вынаходлівасць. Камандзір 3-га батальёна Неўскага пяхотнага палка маёр фон Крэмер адзначаў у сваім рапарце 3 чэрвеня, што, пераследуючы атрад А. Лянкевіча, ён паспрабаваў яго атакаваць каля Ваўкавыска. У лесе шайкай была арганізавана абарона. Войскі паспрабавалі пайсці ў атаку і былі адбіты, пасля адступілі, каб выманіць мяцежнікаў і разбурыць іх абарону. "Мятежники 8 раз бросались вперед с криком "Ура!", но всё же отступили в непроходимые болота... Партия эта числом до 700 человек пеших и 40 конных... имела правильную организацию, т.е. рассчитана на роты" і мела вайсковых камандзіраў.
Меры па падаўленні паўстання
Супраць паўстанцаў у Гродзенскім і суседніх паветах вялі баявыя дзеянні пяхотныя палкі: Калужскі, Неўскі, Пскоўскі, Велікалуцкі, Стараінгерманландскі, лейб-гвардыі Сямёнаўскі, Курляндскі полк уланаў, Данскі 33-і казацкі полк. З іх складаліся воінскія каманды, куды ўключалі 2–3 пяхотныя роты, роту ўланаў, паўсотні або некалькі дзясяткаў казакаў, некалькі гармат. Такі склад карных камандаў дазваляў весці як абарончыя, так і наступальныя дзеянні, забяспечваць ачыстку тэрыторыі і пераследаванне "мяцежнікаў" у конным страі.
Дысцыплінаванай, добра ўзброенай і абучанай камандзе рэгулярнага войска не маглі процістаяць слаба арганізаваныя, неабучаныя, не нюхаўшыя пораху сялянскія хлопцы і шляхціцы, узброеныя косамі і зрэдку ружжамі, хаця і праяўлялі гераізм і стойкасць.
У сярэдзіне 1863 г. у выніку рэпрэсій і карных вайсковых аперацый, прапагандысцкіх мер з боку ўрада адбываецца спад баявых дзеянняў паўстанцкіх атрадаў. Некаторыя з членаў Гродзенскай паўстанцкай арганізацыі былі арыштаваны і знаходзіліся ў турме, пад ціскам рэпрэсій частка шляхты і памешчыкаў пачала адыходзіць ад паўстання. У сувязі з арыштамі членаў віленскага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы на пачатку чэрвеня ў Вільню быў выкліканы К. Каліноўскі і ўведзены ў яго склад. Адначасова адбыліся змены і на Гродзеншчыне: на месца ваяводскага камісара Кастусь Каліноўскі, прыехаўшы ў Гродна, прапанаваў прызначыць Эразма Заблоцкага, цывільным ваяводскім начальнікам быў намінаваны Станіслаў Сільвестровіч, павятовым начальнікам — Іван Каменскі. "Чырвоныя" ў Вільні зноў узмацнілі свой уплыў на ход паўстання, а сваімі зваротамі да сялянства імкнуліся актывізаваць яго ўдзел у барацьбе.
Царскія ўлады ў цэнтры і на месцах, выкарыстоўваючы тактыкі "бізуна і перніка", "падзяляй і ўладар", прымалі ўсе меры, каб не дапусціць пашырэння паўстання, утрымаць сялянскую масу ад выступлення. 1 сакавіка 1863 г. імператар Аляксандр ІІ выдаў указ, згодна з якім адмяняліся ў Беларуска-Літоўскіх губернях часовыя павіннасці сялян на карысць памешчыкаў, уводзіўся абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, выкупныя плацяжы за атрыманую зямлю зніжаліся на 20%. Цар выступаў у якасці абаронцы сялян ад памешчыкаў і клапатлівага бацькі сваіх падданых, што паўплывала на паводзіны сялян.
У канцы месяца, 31 сакавіка 1863 г., з'явіўся новы ўказ, разлічаны ўжо на ўсіх удзельнікаў паўстання: цар абяцаў памілаванне ўсім, хто да 1 мая пакіне "мяцежніцкія шайкі" і складзе зброю, з'явіцца да мясцовага начальства. Гэтыя ўказы вясной і на пачатку лета слаба яшчэ спрацоўвалі, таму што паўстанне было на ўздыме, і дапаўняліся жорсткімі карнымі мерамі. Генерал-губернатарам у Вільню з надзвычайнымі паўнамоцтвамі быў прызначаны Міхаіл Мураўёў — з тых Мураўёвых, па яго словах, "якія вешаюць, а не з тых, каго вешаюць". Ён прыняў энергічныя і бязлітасныя меры па задушэнні паўстання і заслужыў мянушку "вешальнік". Гэтыя меры датычыліся як сялян, так і шляхты, памешчыкаў.
Зразу пасля прыбыцця ў Вільню М. Мураўёў 15 мая 1863 г. накіраваў гродзенскаму губернатару графу Бобрынскаму дасканала распрацаваныя і зацверджаныя царом правілы аб парадку накладання спагнанняў на мяцежнікаў. Усе паўстанцы: ад кіраўнікоў і асоб, захопленых са зброяй у руках, да саўдзельнікаў — падзяляліся на 5 катэгорый. І кожнай з іх была вызначана мера пакарання: ад расстрэлу да адпраўкі ў арыштанцкія роты. Удзельнікі паўстання, захопленыя ў палон у час баявых дзеянняў, расстрэльваліся без суда на месцы. Усім сельскім жыхарам, дзяржаўным службоўцам, памешчыкам было строга загадана выяўляць і неадкладна паведамляць уладам аб з'яўленні "мяцежніцкіх шаек", іх перамяшчэнні, аб асобых паўстанцах. У выпадку невыканання загада накладваліся штрафы на ўсіх жыхароў вёскі. Суровыя меры прымяняліся да памешчыкаў, якія дапамагалі паўстанцам харчаваннем, фуражом або інфармацыяй аб карніках ці не дакладвалі аб з'яўленні атрадаў у іх маёнтках.
Генерал-губернатар распарадзіўся, каб "...к помещикам, которые снабдят когда-либо продовольствием мятежнические шайки или не предупредят ближайшие команды о нахождении шаек в их имениях, был со всей строгостью применен параграф 19 Инструкции для устройства военно-гражданского управления, т. е. чтобы на имения их немедленно был налагаем секвестр, а находящиеся в этих имениях хлеб, овес и прочие запасы были обращаемы на продовольствие войск, лошади и повозки на устройство перевозных средств. Самих же помещиков и управителей их брать под стражу и предавать военному суду, а семейства их немедленно удалять из имений".
Пры адыходзе сялян у паўстанцкія атрады ад іх адымалася зямля на карысць сельскай абшчыны, аб чым было аб'яўлена ва ўсіх валасцях з царкоўных амбонаў. У вёсках была арганізавана за грашовую плату начная варта жыхароў для папярэджання прыходу паўстанцаў і ўстаноўлена паштовая сувязь для перадачы інфармацыі аб іх з'яўленні.
У небяспечны і трывожны час асноўная сялянская маса, знаходзячыся пад наглядам паліцэйскіх чыноў, праваслаўных святароў, вагалася і чакала. Да яе з цяжкасцю даходзілі звесткі аб планах, рашэннях паўстанцкага кіраўніцтва. А мясцовыя ўлады, карыстаючыся недасведчанасцю сялян, настройвалі іх супраць "мяцежнікаў", "польскіх паноў", сеялі рэлігійную і нацыянальную варожасць. Ад іх патрабавалася сачыць за шляхтай, аканомамі, дворняй і даносіць начальству. Улада заахвочвала сялян на пошук і вылоўліванне паўстанцаў, за што ўстанавіла шчодрую плату: за выдадзенага начальству "мяцежніка" — 3 руб., за ўзброенага — 5 рублёў. Свае "срэбранікі" (па 3 руб.) атрымалі ў верасні 1863 г. жыхары вёскі Каўбасін Ф. Казукевіч і Стаповіч за тое, што злавілі і перадалі карнікам аднаго паўстанца. У гэты ж час у іншым месцы павета, паміж Луцкаўлянамі і Ярмолічамі, часоваабавязаныя сяляне памешчыка Пуслоўскага І. Нярэль, Я. Ярусейка, А. Кабарда, І. Ярусейка вылавілі чатырох узброеных паўстанцаў і нядрэнна "зарабілі" (па 20 руб.). Такое ж адбывалася каля Сапоцкіна і ў іншых месцах.
Пад пільным наглядам расійская ўлада трымала каталіцкую шляхту, чыноўнікаў, вучнёўскую моладзь. Распараджэннем М. Мураўёва і гродзенскага губернатара было ўведзена абмежаванне на паездкі і перамяшчэнне жыхароў у межах павета і губерні. Ім было забаронена пакідаць месца свайго пастаяннага пражывання, а для паездкі патрэбна звяртацца па дазвол да ваеннага начальніка павета, указаўшы мэту паездкі, яе працягласць і месца накіравання. Забаронены былі і прыватныя грашовыя і матэрыяльныя зборы, сходы памешчыкаў і шляхты без адпаведнага дазволу. Нават на вяселлі пры выдачы замуж ці жаніцьбе дзяцей патрэбна было атрымаць дазвол для запрашэння сваякоў і суседніх памешчыкаў.
Але ўрад лічыў важнейшым эканамічны ціск на землеўладальнікаў: канфіскацыя зямельнай і нерухомай уласнасці, увядзенне штрафаў, пастойнай павіннасці, секвестр (забарона на карыстанне). Па царскім указе ад 15 сакавіка 1863 г. зямельныя ўладанні ўдзельнікаў паўстання або тых, хто дапамагаў "мяцежнікам", падлягалі канфіскацыі або секвестру без судовага рашэння. Так, тэрмінова былі канфіскаваны маёнткі
- графа Леапольда Валіцкага — Азёры, 9140 дзес. зямлі;
- Уладыслава Спірыдовіча — Навасёлкі, 703 дзес.;
- Севярына Ромера — Губінка, 170 дзес.;
- Аляксандра Абуховіча — Мігова, 480 дзес.;
- Рудольфа Мантовіча — Астапкоўшчына, 141 дзес.;
- Пятра Пакубяты — Заблаць і Русота, 393 дзес.,
- Канстанціна Сапоцькі — Ласосна Сакольскага п., 294 дзес.;
- хата ў Антона Качынскага, жыхара м. Азёры;
- сядзіба і зямля (2,7 дзес.) Паўла Канстанціновіча ў ваколіцы Абуховічы.
Аб'яўлена аб канфіскацыі непадзеленых маёнткаў — тых частак, якія належалі "мяцежнікам":
- Аляксандра Лянкевіча — Панюкі (сумеснае ўладанне з сям'ёй памерлага брата Антона);
- Станіслава Сільвестровіча — Гожа і Пералом (сумеснае ўладанне з братам Казімірам);
- Івана Каменскага — Мінявічы (сумеснае ўладанне з сёстрамі).
"Зачысткі"
Царская ўлада прыбегла і да спецыфічнай меры пакарання — "зачысткі" тэрыторыі ад "мяцежных элементаў" з мэтай не толькі пакараць адных і запалохаць другіх, але і падрыхтаваць месцы для перасялення надзейных з цэнтральнай Расіі. Гэтая мера паспяхова выкарыстоўваецца і сучаснымі расійскімі ўладамі на Каўказе. Жорсткую расправу ў ліпені 1863 г. учынілі царскія карнікі з ваколіцай Шчукі Каменскай воласці Гродзенскага павета. Многія жыхары Скідзельскай, Каменскай, Мастоўскай валасцей спрыялі, дапамагалі паўстанцам атрада А. Лянкевіча, уступалі ў яго шэрагі, паведамлялі яму аб знаходжанні расійскіх войскаў, каралі здраднікаў за даносы карнікам. Аб падтрымцы жыхарамі паўстанцаў дакладаў у рапарце губернатару камандзір 3-га батальёна Неўскага пяхотнага палка маёр Крэмер, што 1, 2 і 3 ліпеня зборышча мяцежнікаў не адшукана. Па звестках, іх каля 120 чалавек з самых адчайных і добра узброеных, і больш тыдня яны канцэнтруюцца ў ваколіцах м. Каменка.
"Несмотря на настойчивое и совокупное преследование трёх отрядов невозможно было отыскать означенную шайку... мятежники пользуются как продовольствием, так равно всем необходимым для них из окрестных имений".
Актыўнасць паўстанцкага атрада, садзеянне яму насельніцтва выклікала ў расійскіх карнікаў і ўлады лютае жаданне расправіцца як з мяцежнікамі, так і з іх памагатымі, і яны шукалі для гэтага якую-небудзь падставу. І яна з'явілася. За супрацоўніцтва з карнікамі быў пакараны паўстанцамі селянін з вёскі Сарокі Іван Макарэвіч, якога яны ўжо папярэджвалі. Але тут ішла вайна, у якой гінулі яе ўдзельнікі з абодвух варагуючых бакоў, у тым ліку і іх памочнікі.
Улады выкарысталі гэты трагічны выпадак, каб расправіцца "для прыкладу другім" з шляхтай ваколіцы Шчукі, якую ўсю яны абвінавачвалі ў падтрымцы "мяцежнікаў" і расправе з селянінам Іванам Макарэвічам. Падазрэнне выпала на шляхціца Івана Шчуку, і ён быў арыштаваны і адпраўлены ў Гродна, але следства яго віны не раскрыла. Улады асабліва і не стараліся ў гэтай справе, яны рыхтавалі расправу. У Скідзель разам са следчай камісіяй накіраваўся ваенны начальнік г. Гродна і павета палкоўнік Вернер для разгляду інфармацыі аб паводзінах шчукінскай шляхты. У ваколіцу Шчукі ён паслаў скідзельскага прыстава з сялянамі "з загадам даставіць у м. Скідзель усіх дваран названай ваколіцы", але яны не выканалі загада: шляхта, што касіла сенажаць, з пагрозамі збегла ў лес, а вёска пуставала, у ёй засталіся толькі чатыры старыя бабкі ў апусцелых хатах.
Палкоўнік Вернер тут жа 11 ліпеня праінфармаваў губернатара графа Бобрынскага аб удзеле ўсёй шчукінскай шляхты ў мяцяжы і на наступны дзень атрымаў строгае прадпісанне:
"...предписываю Вашему Высокоблагородию самим... с ротою отправиться в Щуки и, убедившись в вчерашнем упорстве... собрать соседних крестьян, дворян, шляхту и в присутствии отряда прочесть сие мое предписание. Сжечь всю околицу Щуки, потом уничтожить решительно все следы бывшего селения, отдать земли соседним крестьянским обществам... Я особенно настаиваю на том, чтобы следов околицы Щуки не оставалось бы никаких... После сего, составив облаву из крестьян, следовало бы переловить бежавших".
З гэтым загадам губернатара палкоўнік Вернер на наступны дзень з ротай салдат і 15 казакамі рушыў са Скідзеля ў Шчукі, куды сабраў суседніх памешчыкаў, іх прыказчыкаў, сялян з суседніх вёсак Грамовічы і Сяльвяны, старшыну Каменскай воласці. Тут ён зачытаў вылаўленым шчукінскім жыхарам прадпісанне губернатара, патрабаваў пакаяцца і выдаць "мяцежнікаў". Але не дачакаўся пакаяння і загадаў салдатам падпаліць вёску. Калі некалькі хат рухнулі ў агні, адпусціў памешчыкаў і сялян, а сам з войскам стаў лагерам паблізу, "абклаўшы паселішча ланцугом казакаў". А ў недалёкім лесе плакалі ад страху жанчыны і дзеці шчукінскай шляхты, назіраючы з жахам за пажарам, у якім гінулі ў полымі іх родныя хаты і шматгадовыя набыткі. Неўзабаве ўсе яны былі вылаўлены, далучаны да сваіх сем'яў, перапісаны і ўсе змешчаны як злачынцы пад варту пры Калужскім пяхотным палку.
У спіс для высылкі на пастаяннае жыхарства на казённых землях у цэнтральныя і ўсходнія губерні Расіі былі ўключаны (указаны галава сям'і, яго жонка, колькасць членаў сям'і, месца высылкі):
- Шчука Мікалай, ж. Разалія, 5 чалавек — у Арэнбургскую губерню;
- Шчука Разалія, удава, 7 — Самарскую;
- Шчука Восіп, ж. Міхаліна, 7 — Пермскую;
- Шчука Вікенцій, ж. Міхаліна, 7 — Аланецкую;
- Шчука Восіп, ж. Саламея, 5 — Наўгародскую;
- Шчука Сымон, ж. Антаніна, 6 — Кастрамскую;
- Шчука Станіслаў, ж. Разалія, 4 — Валагодскую;
- Шчука Ігнат, ж. Вікторыя, 5 — Самарскую;
- Шчука Станіслаў, ж. Антаніна, 6 — Кастрамскую;
- Шчука Вінцэнт, ж. Тэафілія, 8 — Саратаўскую;
- Шчука Фадзей, ж. Антаніна, 6 — Тамбоўскую;
- Кузьміцкі Аляксандр, ж. Марцэля, 4 — Саратаўскую;
- Амбрусевіч Ігнат, ж. Марцыяна, 2 — Арэнбургскую;
- Амбрусевіч Антон, ж. Ганна, 10 — Пермскую;
- Шчука Мартын, ж. Францішка, 3 — Пензенскую;
- Шчука Ян, ж. Тэафілія, 4 — Томскую (сам Ян Шчука, абвінавачаны ў забойстве І. Макарэвіча, знаходзіўся ў Гродзенскай турме).
Спешна закруцілася рэпрэсіўнае кола бюракратычнай машыны, і 31 ліпеня 1863 г. былі адпраўлены ў С.-Пецярбург 76 чалавек, жыхароў ваколіцы Шчукі, а астатніх, пасля адшукання, высылалі пазней.
А на месцы, у спаленай вёсцы, па загадзе баявога палкоўніка Вернера салдаты і сяляне рыліся на папялішчах, шукаючы прыхаваныя ў ямах скарбы зняволенай шляхты, у лесе і наваколлі збіралі бяздомную жывёлу. Улада хацела паказаць, што яна не толькі карае, але і клапоціцца аб.сваіх несвядомых грамадзянах. І таму ўсё сабранае на папялішчах: і жывёла, і гаспадарчы інвентар, і адзенне, і зерне — было прададзена на аўкцыёне, а выручаныя грошы (1748 руб. 94 кап.) перададзены ў Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў для размеркавання пароўну паміж вывезенымі сем'ямі. Праўда, улада выкарыстала трэцюю частку гэтых грошай для аплаты праезду высланых на новае месца жыхарства. І тут павінна панаваць справядлівасць: не можа дзяржава вазіць за свой кошт дзяржаўных злачынцаў. Няхай яны плацяць самі!
Трэба дадаць, што адасланыя грошы доўга не маглі адшукаць некаторых гаспадароў з-за блытаніны, дапушчанай чыноўнікамі пры адпраўцы. У спіс на высылку ўключылі толькі 13 сем'яў, а не былі унесены туды
- Шчука Разалія (збегла з-пад арышту з малым дзіцём);
- Шчука Ян (знаходзіўся ў турме);
- Кузьміцкі Аляксандр (хаця вывезлі ўсю сям'ю).
Іх маёмасць таксама была распрададзена на аўкцыёне. Адасланыя ў Міністэрства дзяржмаёмасцяў грошы размяркоўвалі толькі праз год паміж 13 сем'ямі (згодна са спіскам). Але і праз два гады, у кастрычніку 1865 г., дачка Разаліі Шчукі Марыя беспаспяхова спрабавала адшукаць у Міністэрстве, у Саратаўскай і Гродзенскай губернях грошы за адабраную маёмасць і гаспадарку яе маці, якая памерла два гады таму па дарозе ў высылку. А Аляксандр Кузьміцкі яшчэ і ў 1874 г. шукаў у Міністэрстве ўнутраных спраў і ў Гродзенскай губерні грошы за сваю маёмасць, але грошай і станоўчага адказу ад улады не атрымаў. Для рэпрэсіўнай улады галоўным было чым хутчэй "для прыкладу іншым" жорстка расправіцца з непакорным народам, а не ўладкоўваць яго на новым месцы.
Не менш крывадушна паводзіла сябе ўлада і ў пытанні зямлі, адабранай у шчукінскай шляхты. У сваім прадпісанні палкоўніку Вернеру 12 ліпеня 1863 г. узорна пакараць жыхароў губернатар дадаваў: "...отдать земли соседним крестьянским обществам". Гэтае распараджэнне двойчы зачытаў баявы палкоўнік праваслаўным сялянам з суседніх вёсак перад падпалам вёскі Шчукі. Няхай радуюцца, што зямля каталіцкай шляхты пяройдзе ў іх рукі, радуюцца і дапамагаюць у расправе!
І вось прайшоў месяц з таго часу, як вывезены ў глыб Расіі "мяцежнікі", і гродзенскі губернатар 1 верасня звяртаецца ў Вільню да М. Мураўёва з запытам, што рабіць з адабранай зямлёй, якую навакольныя сяляне хочуць узяць у арэнду. Неўзабаве прыходзіць ад генерал-губернатара распараджэнне: канфіскаваную зямлю перадаць палаце дзяржаўных маёмасцяў "для водворения на этой земле русских хлебопашцев". І праз тры гады 170 дзесяцін зямлі ваколіцы Шчукі былі прададзены на льготных умовах тром рускім і чатыром нямецкім сем'ям. Такая "зачыстка" праводзілася акупантамі на нашай зямлі пры падтрымцы памяркоўных абдураных паслугачоў.
Аднак "русские хлебопашцы", на якіх рабіла апору улада, не вельмі самі клапаціліся аб упарадкаванні атрыманых зямель, уладкаванні гаспадаркі, а патрабавалі ад улады, каб тая прымусіла навакольных сялян вывезці з лесу бярвенні для іх гаспадарчых пабудоў. Тры сям'і, што пераселены з Пскоўскай губерні, прывезлі з сабой і нездаровыя звычкі. Пра гэта дакладаў 18 мая 1866 г. у палату дзяржаўных маёмасцяў чыноўнік для асобых даручэнняў В. Шпеер:
"...не могу умолчать, что русские переселенцы ежечасно замечаются в п[ь]янстве, нисколько не заботятся об устройстве хозяйств, и из них Егор Федоров был мною за то арестован, а потому я внушил сельскому старшине следить за их нравственностью и настаивать, чтобы они занимались хозяйством".
Расійскія карнікі не задаволіліся адной акцыяй — расправай з жыхарамі ваколіцы Шчукі, каб спыніць пашырэнне паўстанцкага руху. Штодня атрымліваючы ад паліцыі інфармацыю аб сыходзе жыхароў павета ў "мяцежніцкія шайкі", новы ваенны начальнік г. Гродна і павета палкоўнік лейб-гвардыі Сямёнаўскага палка Брант 31 ліпеня 1863 г. рапартаваў губернатару, што дасылае спіс шляхты, "имеющей жительство на собственной земле в околице Эйсмонтах Надтобольских... из числа которой бежавших 8 человек в мятежнические шайки... Околица Эйсмонтов Надтобольских заслуживает в пример прочим строгого наказания" і прапанаваў "переселить в русские губернии эти семейства". Адчуваецца, што новаму ваеннаму начальніку не даюць спакою лаўры яго папярэдніка, палкоўніка Вернера, які спаліў Шчукі. І закруціўся рэпрэсіўны махавік па распараджэнні генерал-губернатара і гродзенскага губернатара. У спіс ненадзейных занесены 22 сям'і шляхты і 2 сям'і мяшчан, а для высялення ў глыб Расіі вызначаны 8 сем'яў, моладзь з якіх пайшла ў паўстанцкі атрад. Гэта:
- Чарняўскі Іван Сцяпанавіч, 69 гадоў, валодаў 17 дзес. зямлі;
- Чарняўскі Адольф Іванавіч, жанаты яго сын, які жыў сумесна, 26 г., 4 дзес.;
- Эйсмант Кацярына, удава, 50 г., 10,2 дзес.;
- Эйсмант Мартын Іванавіч, 30 г., зямлі не меў;
- Чарняўскі Сцяпан Якаўлевіч, 30 г., 10,7 дзес.;
- Яблонскі Антон Міхайлавіч, 30 г., 3 дзес.;
- Марцыеўскі Вікенцій, мешчанін, 60 г., зямлі не меў;
- Марцыеўскі Юры В., мешчанін, яго жанаты сын, 27 г., зямлі зв. 1 морга.
Па распараджэнні губернатара ўсе небагатыя пабудовы і маёмасць "ненадзейных у палітычных адносінах" жыхароў Эйсмантаў Надтабольскіх былі прададзены на аўкцыёне. Зямля спачатку знаходзілася ў распараджэнні палаты дзяржаўных маёмасцяў і здавалася ў арэнду. А ў 1868 г. прададзена, як таго патрабаваў царскі ўказ 1865 г., рускім па паходжанні Івану Прохараву з Чарнігаўскай губерні і адстаўному штабс-капітану Варфаламею Філарэтаву, які пражываў у вёсцы Грандзічы.
Пакараным без следства і суда жыхарам ваколіцы Эйсманты Надтабольскія распараджэннем гродзенскага губернатара была вызначана высылка ў Самарскую губ. (сем'ям Антона Яблонскага і Сцяпана Чарняўскага) і Астраханскую губ. (астатнім шасці сямействам). І ўжо на пачатку лістапада 1863 г. яны былі адпраўлены "па этапу ўстаноўленым для гэтага парадкам" на месца прызначэння, акрамя Адольфа Чарняўскага ў сувязі з хваробай яго жонкі. Аднак не ўсе высланыя трапілі ў вызначаныя ім месцы. Замест Самарскай губерні з-за паліцэйскага самавольства тры сям'і апынуліся ў Сібіры — у Табольскай (Кацярыны Эйсмант і Антона Яблонскага) і Томскай (Івана Чарняўскага) губернях без сродкаў для існавання. Грошы за прададзеную маёмасць блукалі па Сібіры, па Самарскай і Астраханскай губернях, а тыя, каму яны прызначаліся, — Сцяпан Чарняўскі, Антон Яблонскі, Кацярына Эйсмант, Адольф Чарняўскі, — і праз чатыры, і праз пяць, і нават дзевяць гадоў дамагаліся іх ад улад. А яна, улада, была больш зацікаўлена ў пакаранні, а не ва ўсталяванні праўды і справядлівасці. Яна была занята, разбурыўшы "мяцежныя гнёзды", стварэннем умоў для "водворения русских хлебопашцев".
Такія "зачысткі" па загадзе генерал-губернатара графа М. Мураўёва праведзены і ў Берштаўскай воласці. 5 кастрычніка 1863 г. за дзейсную дапамогу паўстанцам высланы ў Астраханскую губерню сялянскія сем'і з вёскі Шумы Івана Сяргейчыка, Казіміра Гудачэўскага, Антона Малевіча і вырашана пасяліць на іх зямлі некалькі сем'яў "русских хлебопашцев". Але ад пасялення тут рускіх сялян улада адмовілася з-за дарагавізны гэтага прадпрыемства і нізкай урадлівасці зямлі. А ў 1864 г. такі лёс напаткаў і 11 сялянскіх сем'яў з вёскі Зуброва за тое, што хавалі ад карнікаў паўстанцаў. Іх пазбавілі маёмасці і зямлі, а саміх рассялілі па Берштаўскай воласці. Праз чатыры гады сяляне прасілі іх вярнуць на ранейшае месца пражывання, але ўлады ім адмовілі.
А колькі нашых землякоў пасля кожнага грамадскага ўзрушэння прымусова выдвараліся ў малаабжытыя раёны бязмежнай Расіі, каб абуджаць іх да жыцця, ствараць багацце гэтай краіны!
Спад паўстанцкага руху
Летам 1863 г. пагаршаюцца магчымасці дзейнасці паўстанцкіх атрадаў, і паўстанцкі рух на Гродзеншчыне скарачаецца. Ва ўмовах, калі вёскі, маёнткі, лясы і дарогі пастаянна кантраляваліся спецыяльна сфарміраванымі камандамі рэгулярнага добра ўзброенага войска, праблематычна перамяшчацца вялікім слаба дысцыплінаваным атрадам паўстанцаў. Таму і віленскі выканаўчы аддзел, і паўстанцкія камандзіры бачылі выйсце з гэтага ў большай мабільнасці атрадаў, у новай тактыцы. У час сутычак ці баёў з карнікамі, калі паўстанцы бачылі перавагу праціўніка, яны раптоўна пакідалі пазіцыі і рассыпаліся дробнымі атрадамі ў розных накірунках, каб праз пэўны час сабрацца ў раней дамоўленым месцы. Воінскія каманды залічвалі гэта на свой рахунак і рапартавалі аб перамогах, але праз дзень-два сустракалі зноў атрад "мяцежнікаў".
Аб няўлоўнасці "мяцежнікаў" дакладваў губернатару на пачатку ліпеня ўжо знаёмы нам маёр Крэмер, які са сваім батальёнам і з воінскай камандай падпалкоўніка Казанлі тры дні безвынікова адшукваў у лясах паміж Скідзелем і Мастамі "зборышча" інсургентаў:
"Несмотря на настойчивое и совокупное преследование трех отрядов, невозможно было отыскать означенную шайку".
З мястэчка Парэчча ў канцы чэрвеня ад паручніка Іванова і маёра Хазбіевіча ішлі губернатару падобныя рапарты. "Сторож на 6-й версте от ст. Поречье ...объявил мне, что ночью приходили мятежники, но ничего не забрали. Тут же от него недалеко в лесу Узбережь появилась шайка человек около 200, как донес мне стрелочник Михаил Грик... Послано 100 человек для преследования на небольшое расстояние", — дакладаў паручнік. А праз тры гадзіны маёр Хазбіевіч дадаў: "Прибыв к стрелочнику Михаилу Грику, где застал роту Астраханского полка, собранную у лесника после имевшей (месца) стычки с мятежниками... которые неизвестно куда скрылись...". А ўжо ноччу сітуацыю патлумачыў генерал Плаксін:
"Сего числа между д. Лушнева (канешне, Глушнева. — І.Б.) и Кабылями в лесу отряд мой встретил и взял 4 мятежников из шайки Ландера... которые показали, что шайка их состояла из 90 человек и разделена на малые части по 20 человек для вербовки в шайку людей. Сам предводитель их остался в Мостовских лесах".
Для поспеху ў барацьбе і пераследу паўстанцкіх атрадаў маскоўскія карнікі прарэджвалі лясы і рабілі роўныя просекі ў адной-дзвюх вярстах адна ад другой, ачышчалі іх ад карчоў, каб зрабіць прыдатнымі для перавозкі артылерыі і перамяшчэння воінскіх каманд. Вышэйназваны паручнік Іваноў інфармаваў губернатара 9 чэрвеня, што ўжо 4 дні каля станцыі Парэчча пілуюць лес і робяць просекі шырынёй у 30 сажняў. Такія лясныя работы праводзіліся і на поўдні Гродзенскай пушчы.
З набліжэннем восені дробныя паўстанцкія атрады перамяшчаюцца ў больш лясістыя месцы, радзеюць іх шэрагі: адны сыходзяць праз мяжу ў Царства Польскае, у эміграцыю; другія — выходзяць з лесу і здаюцца царскім уладам, каб праз нейкі час апынуцца ў ссылцы. У эміграцыю пайшоў і камандзір паўстанцкіх атрадаў у Гродзенскім павеце Аляксандр Лянкевіч (Ляндар), і звесткі аб яго далейшым лёсе адсутнічаюць. Па загадзе генерал-губернатара М. Мураўёва ў лясных масівах Гродзеншчыны, каб забяспечыць "совершенное уничтожение скрывающихся еще по лесам мелких разбойничьих банд", праводзілася таксама "зачыстка": высялялі лясных стражнікаў, а іх жыллё прыводзілі ў непрыгоднасць — разбіралі стрэхі, печы, знімалі дзверы і вокны, каб "мятежники не могли найти в них убежища". Патрабавалася гэтак жа паступаць і з ляснымі паселішчамі шляхты, аднадворцаў і іншых, што забяспечыць поўнае выкараненне мяцежніцкага духу ў краі.
Выканаўчы аддзел у Вільні бачыў "пастаяннае разладжанне арганізацыі і — пры нязмерным збядненні краю людзьмі, здольнымі на нацыянальную працу, — цяжкасці з узнаўленнем арганізацыйнай сеткі" (пісьмо Б. Длускаму за мяжу 4(16) снежня 1863 г.), бачыў немагчымасць далей працягваць барацьбу і разлічваў на аднаўленне паўстання вясной наступнага года пры магчымай замежнай падтрымцы.
Наступствы
Нам застаецца выявіць наступствы нацыянальна-вызваленчага паўстання на Гродзеншчыне. Значнымі былі людскія страты, панесеныя за перыяд паўстання 1863–1864 гадоў. Па няпоўных падліках расійскіх ваенных гісторыкаў, выкладзеных у "Виленском вестнике" (кн. VI, 1915 г.), у паўстанні ў Паўночна-Заходнім краі ўдзельнічала каля 77 тыс чалавек; на падаўленне паўстання была накіравана 90-тысячная расійская армія (69 палкоў: 8 гвардзейскіх, 44 пяхотныя, 6 кавалерыйскіх, 11 казацкіх Данскіх; яшчэ 19 часцей іншых радоў войскаў: артылерыя, памежная стража і інш.).
У бітвах з расійскім войскам загінула каля 6000 паўстанцаў, 733 былі паранены, захоплены ў палон 1361 чалавек, пакараны смерцю 128 чалавек. Ад пачатку паўстання да 1 студзеня 1865 г. з Паўночна-Заходняга краю і Польшчы былі высланы ў Расію на катаргу і пасяленне каля 21 тыс. чалавек, цэлымі вёскамі сасланы больш за 5 тысяч жыхароў. Многія з іх так і засталіся ў тых месцах. Удзельнікі паўстання ўвасаблялі найбольш актыўную, нацыянальна-свядомую частку насельніцтва, якая змагалася за волю і незалежнасць.
Гэты выбух народнага незадаволення быў ужо трэцім за апошнія 70 гадоў. Як папярэднія два, і гэтае паўстанне не прынесла волі і пазбаўлення ад расійскага панавання, якое "нас абдзірае і глуміць" ("Мужыцкая праўда", №3). Але царскі ўрад вымушаны быў пайсці на пэўныя саступкі, каб не дапусціць народнага выбуху. Для жыхароў Гродзеншчыны, як і іншых частак Паўночна-Заходняга краю (чытай: Беларусі), урадам былі скарочаны выкупныя плацяжы за зямлю на 20%; адменены дзевяцігадовы часоваабавязаны стан, які прадугледжваўся Палажэннем ад 19 лютага 1861 г., і запатрабавана ў двухгадовы тэрмін канчаткова падпісаць устаўныя граматы па рэгуляванні адносін з памешчыкамі, прымаць якія раней сяляне адмаўляліся; ствараліся паверачныя камісіі для праверкі складзеных устаўных грамат, і яны атрымалі права надзяляць батракоў і беззямельных сялян надзеламі ў 3 дзесяціны з панскага поля. Адзначаныя меры у некаторай ступені палепшылі становішча былых прыгонных, але былі прыняты царскай уладай, зразумела, не з-за клопатаў аб іх дабрабыце, а з мэтай адарваць іх ад падтрымкі паўстання. Статыстычныя звесткі аб арыштаваных за ўдзел і падтрымку паўстання сведчаць аб значным удзеле сялян у ім. Так, у лістападзе 1863 г. з 180 чалавек, якія ўтрымліваліся ў Гродзенскай турме, сялян было 54 чал. (30%), у снежні 1863 г. з 142 чалавек сялян — 65 чал. (звыш 45%). Але пераважная частка сялян, асабліва праваслаўных, падтрымлівала дзеянні ўрада, была ўдзячная цару-вызваліцелю за дараваную волю, што ўсімі мерамі прапагандавалі ўлады. Таму па даручэнні генерал-губернатара М. Мураўёва ваенны начальнік Гродзенскага павета палкоўнік Брант аб'яўляў падзяку "за похвальные действия и усердие" сялянскім абшчынам, якія найбольш вызначыліся ў пошуку і лоўлі паўстанцаў.
У шматэтнічным, шматканфесійным краі расійская ўлада сеяла нянавісць, варажнечу, супрацьстаянне паміж мясцовым праваслаўным (рускім — па сцвярджэнні ўлады) сялянствам і мясцовай каталіцкай шляхтай (польскай — па словах улады). Мясцовыя ўлады (павятовыя, валасныя) чыталі ва ўсіх сельскіх абшчынах прадпісанне генерал-губернатара, "чтобы не допускали они со стороны крамольной шляхты вероломных поступков", сачылі за ёю, арандатарамі, аканомамі маёнткаў, аднадворцамі, лавілі іх і аддавалі ваенным начальнікам, выносілі прыгавор аб ненадзейнасці; землі ўсіх, хто далучыўся да "мяцежных шаек", прадпісвалася перадаваць сялянскім абшчынам.
Ведучы барацьбу з няскораным насельніцтвам (шматлікай шляхтай, памешчыкамі, аднадворцамі, мяшчанамі і інш.), расійская ўлада імкнулася знішчыць эканамічную аснову яго незалежнасці — адабраць зямлю і іншую маёмасць і перадаць іх у рукі асобам рускага паходжання або праваслаўнай веры, дазвалялася і лютаранам. З гэтай мэтай на аснове царскага указа ад 5 сакавіка 1864 г. пры генерал-губернатары была ўтворана асобая "Канцелярия по водворению русских землевладельцев в Северо-Западном крае", праз якую праходзілі ўсе аперацыі па набыцці зямель, маёнткаў, нерухомасці ў гарадах асобамі рускага паходжання і праваслаўнага веравызнання. У першую чаргу падлягалі продажу канфіскаваныя маёнткі і маёмасць удзельнікаў паўстання або тых, хто падтрымаў яго, і належала іх прадаць на працягу двух гадоў — да 10 снежня 1867 года. У Гродзенскім павеце былі прададзены канфіскаваныя маёнткі:
- Азёры графа Леапольда Валіцкага, 9140 дзес, за аказанне рознабаковай дапамогі паўстанцам — прададзены графу Левашову. У 1867 г. багатая бібліятэка графа Валіцкага, якая складалася з 2850 асобнікаў кніг, рукапісаў, старажытных грамат і ляжала зваленай у хляве, перададзена Віленскай вучэбнай акрузе. Сам уладальнік маёнтка высланы ў найбольш аддаленыя месцы Сібіры;
- Корчыкі Уладыслава Жукоўскага, 1/10 частка з 316 дзес. — свяшчэнніку Рыгору Пранеўскаму ў 1885 годзе;
- Астапкоўшчына Рудольфа Мантовіча, 141 дзес. — чыноўніку Гродзенскага губернскага праўлення Аляксандру Нікуліну;
- Губінка Севярына Ромера, 170 дзес. і
- Мігова Аляксандра Абуховіча 480 дзес. — жонцы генерал-лейтэнанта рускай арміі Паўла Брасэ — Кацярыне Брасэ ў 1867 годзе;
- Навасёлкі Уладыслава Спірыдовіча, 703 дзес. — калежскаму саветніку Яўграфу Курлову ў 1868 годзе;
- Ласосна Канстанціна Сапоцькі, 294 дзес. — калежскаму саветніку Афанасію Ліцвінаву ў 1864 годзе;
- Закрэўшчына і Струпін Міхаіла Юроўскага, 328 дзес. — генерал-маёру рускай арміі Фёдару Фішару ў 1870 годзе;
- Жыдомля — генерал-маёру Пятру Дзяконскаму ў 1868 годзе;
- Масты — княгіні Кацярыне Урусавай у 1868 годзе;
- Дзямідкава — калежскаму саветніку Міхаілу Тафрасу.
Былі канфіскаваны долі нераздзеленых маёнткаў, яны часова знаходзіліся ва ўпраўленні палаты дзяржаўных маёмасцяў. Яны маглі быць прададзены пры выдзяленні іх у асобнае ўладанне або пры пераходзе у спадчыну. Канфіскаваны долі і не прададзены:
- Гожа і Пералом — 1/2 частка, Станіслава Сільвястровіча;
- Заблаць і Русота — 11/28 частка, Пятра Пакубяты;
- Міневічы — 11/14 частка, Івана Каменскага;
- Панюкі — 1/2 доля, Аляксандра Лянкевіча;
- Ласосна і Волкуш — 1/6 доля, Льва Астрамецкага;
- Мішкенікі — 1/3 частка, Антона Явароўскага;
- Ласосна — 1/3 частка, Івана Сержпутоўскага;
- Шымакі — 1/3 частка, Юльяна Тржацяка;
- Верцялішкі, Скраблякі Аляксандра Біспінга — канфіскавана поўнасцю;
- Вярэйкі Станіслава Солтана — канфіскавана поўнасцю;
- Карасоўшчына Аляксандра Эйсманта — канфіскавана поўнасцю;
- Марцынкоўшчына Фелікса Белакоза — канфіскавана поўнасцю.
Землі і нерухомая маёмасць дробнай шляхты, аднадворцаў, мяшчан, якія падтрымалі паўстанне, таксама канфіскоўваліся на карысць дзяржавы для продажу надзейнаму рускаму праваслаўнаму насельніцтву — перасяленцам з Расіі, а іх былых уладальнікаў высялялі ў глыб імперыі або на катаргу.
Эканамічны ціск на маёмасныя саслоўі выражаўся і ў пасылцы воінскіх каманд для пастою ў ненадзейных вёсках, шляхецкіх ваколіцах, маёнтках і ў накладанні штрафаў на ўсіх жыхароў вёсак, мястэчак, маёнткаў, якія хавалі ад улад перамяшчэнні "мяцежнікаў"; ва ўвядзенні кантрыбуцыйных збораў у памеры ад 1,5% да 8,5% ад гадавога прыбытку. Такія зборы былі ўведзены з пачаткам паўстання на памешчыкаў, якія падтрымалі яго, а з 1865 г. — на ўсіх памешчыкаў, шляхту, аднадворцаў, домаўладальнікаў у гарадах каталіцкага веравызнання. У Гродзенскім павеце яго наклалі на 773 асобы, у тым ліку 149 памешчыкаў і 624 — дробнай шляхты і аднадворцаў. Па павеце за перыяд з 1863-га па 1 лістапада 1865 г. спагнана рознага роду кантрыбуцыйных збораў 135 447 руб. 28 капеек. Напрыклад, з маёнтка Мількаўшчына Элізы Ажэшка ён склаў у 1865 г. 324 руб. 80 кап., у 1866 г. — 552 руб. 16 капеек. Гэта былі даволі вялікія грошы; да прыкладу, 1 чвэрць — 102 кг — жыта, ячменю, гароху каштавала 2 руб., бульбы — 75 капеек.
Кантрыбуцыйныя зборы выкарыстоўваліся для ўзнагароджання сельскіх "каравулаў" за вылоўліванне "мяцежнікаў", для выплаты тым сем'ям, што пацярпелі ад паўстанцаў за службу карнікам. Але найбольш — для павелічэння, згодна з царскім указам ад 5 сакавіка 1864 г., на 50% жалавання рускім чыноўнікам, "состоящим ныне на службе в Северо-Западном крае и поступающим на оную, и о выдаче сим последним при отправлении их на службу в Западные губернии прогонных и подъемных денег". Гэтая 50-працэнтная прыманка падштурхнула сотні дробных і буйных клеркаў з цэнтральнай Расіі "на ловлю счастья и чинов" у Беларусь. Нават 35 выпускнікоў Уладзімірскай семінарыі рушылі ў ліпені 1864 г. на Гродзеншчыну на пасады валасных пісараў. Так рэалізоўвалася заява М. Мураўёва пасля падаўлення паўстання: чаго не зрабіў тут рускі штык, давершыць рускі чыноўнік, праваслаўная царква і рускі настаўнік.
Надзвычай сур'ёзным наступствам паражэння паўстання з'явілася татальная русіфікацыя краю, якая датычылася беларусаў і палякаў, праваслаўных і католікаў і якая працягваецца і ў нашы дні. Узмацненне гэтай палітыкі дакладна выказаў цару Аляксандру ІІ генерал-губернатар М. М. Мураўёў у сваіх "Записках по устройству Северо-Западного края". Нельга абысці гэтыя дакументы з-за іх актуальнага гучання і сёння. У "Записке" ад 14 мая 1864 г. ён пісаў:
"Для утверждения Русского владычества в Северо-Западном крае необходимо:1. Упрочить и возвысить Русскую народность и Православие так, чтобы не было и малейшего повода опасаться, что край может когда-либо сделаться Польским. В сих видах в особенности заняться прочным устройством быта крестьян и распространением общественного образования в духе Православия и Русской народности...
Осуществить общие административные меры:
1. Подтвердить окончательно о повсеместном введении Русского языка ...во всех официальных и служебных сношениях, а также и в наружных изображениях всякого рода.
2. Немедленно все высшие служебные должности по всем ведомствам, а также все места, имеющие прикосновение с народом, заместить Русскими чиновниками.
3. Заселять край Русскими сколько возможно сосредоточеннее...".
Праблемы "упрочения в крае нашего владычества" працягвалі турбаваць М. Мураўёва ўсе гады яго знаходжання ў Вільні. Ужо незадоўга да сваёй адстаўкі з пасады генерал-губернатара 5 красавіка 1865 г. ён дапоўніў свае прапановы па поўнай русіфікацыі краю:
"2. Не отменять установленного 5%-ного сбора... надобно, как говорят, бить по карману...З. Не возвращать еще долгое время высланных из Северо-Западного края за политические преступления...
7. Утверждение Православия в крае есть одна из самых необходимых основных мер...
10. Умножить везде русские школы ...
12. Стараться правильным преподаванием истории уничтожить превратное и враждебное нам направление, распространенное бывшими Польскими школами. Надобно всем и постоянно разъяснять, что край Северо-Западный всегда был и есть Русский...".
У нешматлікіх гімназіях, павятовых і народных вучылішчах забаранялася размаўляць па-беларуску, а выкладанне польскай мовы 7 ліпеня 1864 г. было забаронена ва ўсіх навучальных установах — і дзяржаўных, і прыватных. Прыватныя польскія школы, што існавалі да паўстання, забараняліся, а іх стваральнікаў і настаўнікаў прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. Так, напрыклад, адбылося і ў вёсцы Грандзічы ў 1873 годзе. Гродзенскі павятовы спраўнік далажыў губернатару, што шэсць мяшчан вёскі незаконна адкрылі тайную хатнюю школу, дзе навучаў дзяцей польскай грамаце Вікенцій Кушалеўскі. Губернатар распарадзіўся накіраваць справу ў суд для пакарання настаўніка штрафам і пазбаўлення права займаць настаўніцкую пасаду.
Пасля падаўлення паўстання ў 70-я гады ХІХ ст. улады пайшлі на адкрыццё навучальных устаноў розных ступеняў, асабліва для падатных саслоўяў — прыходскіх вучылішчаў і школ граматы пры цэрквах, народных вучылішчаў Міністэрства народнай асветы. Працавалі ў іх рускія настаўнікі па рускіх праграмах і падручніках пад пастаянным наглядам праваслаўных святароў. Папячыцель Віленскай вучэбнай акругі А. П. Шырынскі-Шыхматаў яшчэ ў 1864 г. пісаў у цыркуляры "Некалькі ўказанняў у дапаўненне да інструкцыі для народных настаўнікаў", што галоўная мэта народных вучылішчаў не толькі ў тым, каб навучыць дзяцей рускай граматыцы, але і ў тым, каб "развіць іх разумова і маральна, абудзіць і замацаваць у іх пачуццё адданасці праваслаўнай веры і рускай народнасці".
Знаёмства з "запаветамі" душыцеля паўстання М. Мураўёва сведчыць, наколькі актуальнымі з'яўляюцца і на пачатку ХХІ ст. мэты і ідэі паўстання. І ў апошнія дні перад пакараннем гэтыя ідэі не пакідалі кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага, які хацеў бачыць беларускі народ вольным і шчаслівым:
Бывай здаровы,
мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці,
жыві ў свабодзе.
Спіс удзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. з г. Гродна, Гродзенскага павета і сучаснага раёна
I. Удзельнікі падпольнай рэвалюцыйнай арганізацыі і паўстанцкіх атрадаў:- Абрэмскі Людамір (Любамір) Паўлавіч, 43 г., чыноўнік палаты дзяржмаёмасцяў, у гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі быў ваяводскім касірам. "За принятие деятельного участия в восстании лишен дворянского достоинства и всех прав состояния и сослан в Сибирь на каторжные работы на 8 лет; по признанию неспособным к ношению оков 15 апреля 1866 г. заключен в Тобольскую тюрьму, откуда сослан в Восточную Сибирь. 18 января 1879 г. выехал на жительство в Гродно".
- Багатка Франц Фаміч, 46 г., памешчык, уладальнік маёнтка Котра в. Кашубінцы, рэферэнт апекі, быў касірам і займаўся зборам грошай і іншай дапамогі ад памешчыкаў на паўстанне; восенню арыштаваны і ў 1863 г. высланы ў Тамбоўскую губ., дзе памёр у 1864 годзе.
- Баяроўскі Адольф, 43 г., чыноўнік земскага суда, за захоўванне дакументаў падпольнай арганізацыі, падтрымку паштовай сувязі высланы на жыццё ў Енісейскую губерню.
- Брыерэ дэ Мартэрэ, 24 г., вольнапрактыкуючы ўрач, быў памочнікам ваяводскага начальніка, высланы ў Сібір, пазбаўлены дваранства.
- Вайсятыч Іосіф Цітавіч, 44 г., упраўляючы маёнтка Краснік, у падпольнай арганізацыі быў ваенным рэферэнтам, па канфірмацыі 14 лістапада 1864 г. асуджаны на катаржныя работы ў крэпасцях на 10 гадоў, пазбаўлены правоў, маёмасць канфіскавана.
- Геніуш Ігнат Ігнатавіч, чыноўнік, у паўстанцкай арганізацыі быў начальнікам ваяводскага бюро, арыштаваны восенню 1863 г., распараджэннем М. Мураўёва ад 14 лістапада 1864 г. пазбаўлены дваранства і ўсіх правоў стану і сасланы на катаргу ў крэпасцях на 8 гадоў.
- Заблоцкі Баляслаў Карлавіч, (1835–?), урач, брат Эразма Заблоцкага, у падпольнай арганізацыі быў памочнікам ваяводскага начальніка, арыштаваны восенню 1863 г., сасланы ў Арэнбургскую губерню.
- Заблоцкі Эразм Карлавіч (1831–?), псеўданім Медыёр, чыноўнік губернскага праўлення, з 1861 г. у Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, з 1863 г. цывільны паўстанцкі начальнік, а з чэрвеня — камісар Гродзенскага ваяводства; арыштаваны ў верасні 1863 г., сасланы на катаржныя работы ў рудніках на 15 гадоў па канфірмацыі камандуючага Віленскай ваеннай акругай М. Мураўёва ад 14 лістапада 1864 года.
- Жалкоўскі Уладыслаў, 27 г., чыноўнік канцылярыі губернатара, памочнік цывільных начальнікаў горада Ц. Цэханоўскага, потым — І. Руткоўскага, пасля іх арышту быў цывільным начальнікам, асуджаны на катаржныя работы ў крэпасцях на 8 гадоў, маёмасць канфіскавана.
- Каменскі Іван Восіпавіч, 36 г., міравы пасрэднік, памешчык маёнтка Міневічы, у час паўстання акруговы начальнік у Лунненскай акрузе і рэферэнт па надзяленні сялян зямлёй, пасля С. Сільвестровіча стаў павятовым начальнікам, дапамагаў паўстанцкаму атраду А. Лянкевіча харчаваннем, зброяй. Сасланы спачатку ў Арэнбургскую, пасля ў Омскую губ. на катаржныя работы ў рудніках на 12 гадоў. Яго добра ведала Э. Ажэшка, называла "рыцарам крыштальнай душы", "вельмі заслужаным патрыётам". Вярнуўся ў 1887 г. і жыў у Міневічах. Памёр у 1896 г. і пахаваны ў Лунне.
- Лапінскі Іван, упраўляючы маёнтка Каўбасіно, ажыццяўляў паштовую сувязь паміж паўстанцкімі арганізацыямі Гродна, Саколкі, Беластока, маёмасць канфіскавана, па канфірмацыі ад 14 лістапада 1864 г. сасланы ў аддаленыя месцы Сібіры.
- Лянкевіч Аляксандр Алойзавіч, 40 г., ваенны начальнік Гродзенскага павета, адстаўны падпалкоўнік царскай арміі; Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі надаў яму званне палкоўніка. У красавіку 1863 г. арганізаваў паўстанцкі атрад з шляхты, сялян, мяшчан, чыноўнікаў павета і паспяхова дзейнічаў супраць расійскіх карнікаў у Гродзенскім, Ваўкавыскім, Слонімскім, Аўгустоўскім пав. (псеўданім — Ландэр). Пасля паражэння паўстання эміграваў на Захад, некаторыя гісторыкі лічаць, што загінуў. Завочна ў 1865 г. прыгавораны да смяротнага пакарання.
- Мілевіч Ільдафонс Юр'евіч (1835–?), каморнік, чыноўнік палаты дзяржмаёмасцяў; удзельнік гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, памочнік К. Каліноўскага, у час паўстання быў сакратаром і памочнікам цывільнага начальніка Гродзенскага ваяводства, а з лета 1863 г. — у Вільні памочнік Каліноўскага, арыштаваны ў студзені 1864 г., сасланы на катаргу
- Пакубята Пётр Пятровіч, 30 г., былы чыноўнік, памешчык маёнтка Забалоць (5 км ад Гродна), акруговы начальнік Азёрскай акругі, арыштаваны і высланы ў верасні 1863 г. у Арэнбургскую губ., асуджаны на катаржныя работы ў крэпасцях на 10 гадоў.
- Ромер Севярын Аляксандравіч, 44 г., уладальнік маёнтка Губінка, у паўстанцкай арганізацыі быў касірам, захавальнікам сабраных на паўстанне грошай, зняволены ў Гродзенскую турму, сасланы ў Табольскую губ. разам з жонкай Тэадорай, маёмасць канфіскавана.
- Руткоўскі Іосіф Іосіфавіч, 33 г., працаваў у дваранскім пансіёне, быў памочнікам Ц. Цэханоўскага, пасля яго арышту стаў цывільным начальнікам горада Гродна, арыштаваны ў верасні 1863 г., высланы ў Табольскую губ., асуджаны на катаржныя работы ў рудніках на 15 гадоў.
- Рэдых Эмільян, 33 г., аканом маёнтка Свіслач В. Пуслоўскага, акруговы начальнік Індурскай акругі, зняволены ў Гродзенскую турму, асуджаны на катаржныя работы ў крэпасцях на 10 гадоў.
- Сільвестровіч Станіслаў Іванавіч (1833–1910), памешчык маёнтка Гожа-Пералом (разам з братам Казімірам); пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. сяляне маёнтка Гожа былі пераведзены на самы ўмераны аброк; з красавіка 1863 г. цывільны начальнік Гродзенскага павета, з чэрвеня — ваяводскі начальнік. Арыштаваны 30 ліпеня 1863 г. і ў 1864 г. адпраўлены на катаржныя работы на заводах у Іркуцкую губерню на 8 гадоў, па абвінавачанні ў бунце на Кругабайкальскай дарозе быў закаваны на 1 год у кайданы; у 1874 г. атрымаў права пераехаць ва ўнутраныя губерні Расіі і жыў у г. Ядрыне Казанскай губ. (цяпер у Чувашыі), у 1883 г. вызвалены ад паліцэйскага нагляду, пераехаў у Валынскую губерню.
- Талочка Адольф Іванавіч, 30 г., чыноўнік Гродзенскай казённай палаты, у паўстанцкай арганізацыі выконваў абавязкі ў бюро перапіскі, захоўваў ваяводскую пячатку, па канфірмацыі ад 14 лістапада 1864 г. асуджаны на катаржныя работы на заводах на 8 гадоў.
- Тржацяк Юльян Віктаравіч, 29 г., шляхціц з в. Шымакі, жыў у г. Гродне, у паўстанцкай арганізацыі выконваў кур'ерскія і паштовыя абавязкі, па канфірмацыі ад 14 лістапада 1864 г. сасланы на катаржныя работы ў крэпасцях на 8 гадоў.
- Урублеўскі Сігізмунд, 18 г., студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, стрыечны брат Станіслава Сільвестровіча, памочнік і сакратар павятовага і ваяводскага начальніка, восенню 1863 г. арыштаваны і зняволены ў Гродзенскую, потым Віленскую турмы, высланы ў Табольскую губ., пазбаўлены ўсіх правоў.
- Цэханоўскі Цэлесцін Міхайлавіч, (1835–1906), былы штатны доктар дваранскага пансіёна, у 1863 г. паўстанцкі начальнік г. Гродна, арыштаваны 30 ліпеня 1863 г., поўнасцю адмаўляў свой удзел у арганізацыі і паўстанні, сасланы па канфірмацыі ад 14 лістапада 1864 г. на катаржныя работы ў рудніках на 15 гадоў у Іркуцкую губерню.
- Чаповіч Андрэй, 39 г., ксёндз-пробашч Мастоўскай парафіі, акруговы начальнік Скідзельскай акругі, быў памочнікам камісара Гродзенскага ваяводства Э. Заблоцкага, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе ў Аўгустоўскай губ., сасланы ў Арэнбургскую губерню.
- Аблашэвіч Юльян, 25 г., селянін з в. Каўбасіно, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму, адпраўлены на 3 гады ў Кастрамскую арыштанцкую роту.
- Абуховіч Аляксандр Паўлавіч, памешчык, уладальнік маёнтка Мігова, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Лянкевіча (Ландэра), адпраўлены на пасяленне ўСібір.
- Абуховіч Іван Фаміч, селянін з в. Новая Руда, высланы ўглыб Расіі за палітычную ненадзейнасць.
- Абуховіч Фелікс Сцяпанавіч, 27 г., шляхціц ваколіцы Абуховічы, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Аляксандра Лянкевіча.
- Абухоўскі Іван Фаміч, селянін з в. Новая Руда, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, высланы ўглыб Расіі.
- Абуховіч Кандрат, шляхціц ваколіцы Абуховічы, знаходзіўся ў атрадзе Аляксандра Лянкевіча.
- Адашкевіч Мацвей Фёдаравіч, 44 г., селянін в. Жытомля, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе і схоплены пасля бою каля м. Азёры, высланы ў Арэнбургскую губерню.
- Апрошка Габрыель, 18 г., дваровы работнік памешчыка Валіцкага (м. Азёры), знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Арцішак Фадзей, 30 г., селянін, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, з Гродзенскай турмы адпраўлены ў Смаленскую арыштанцкую роту.
- Багдановіч Уладыслаў Вікенцьевіч, 23 г., аднадворац, в. Сухая Даліна, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, адпраўлены ў Маскву для высылкі ў Сібір.
- Банькоўскі Іван, 22 г., шляхціц, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Бартушэвіч Антон, 25 г., за знаходжанне ў паўстанцкім атрадзе адпраўлены ва Уладзімірскую арыштанцкую роту на 3 гады.
- Бондар Іван Максімільянавіч, 21 г., селянін, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Бура Іван Мацвеевіч, 40 г., казённы селянін з в. Старая Руда, ляснік у Гродзенскай пушчы, уроч. Яскілевічы, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Вавера.
- Валансовіч Іван, жыхар м. Азёры, шавец памешчыка Валіцкага, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Лянкевіча.
- Выдра Адам Фёдаравіч, 24 г., шляхціц, в. Радзівілкі, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, арыштаваны і адпраўлены ў Маскву.
- Высоцкі Восіп Раманавіч, 20 г., аглядчык пуцей на чыгунцы, ст. Парэчча, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Людвіка Нарбута, Віктара Гласкі.
- Высоцкі Уладыслаў Раманавіч, брат Восіпа, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Людвіка Нарбута, Віктара Гласкі.
- Гасперскі Якаў Восіпавіч, селянін з в. Жукевічы Горніцкай вол., за ўдзел у паўстанні высланы ў Сібір.
- Гец Адам Фёдаравіч, 22 г., селянін з в. Азяркі, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, быў паранены і ўзяты ў палон, адпраўлены ў Маскву.
- Гілюк Дамінік Іванавіч, селянін з в. Жукевічы Горніцкай вол., за ўдзел у паўстанні высланы ў Сібір.
- Гласка Віктар Іосіфавіч, 26 г., памешчык, уладальнік маёнтка Жукевічы, камандзір паўстанцкага атрада, які дзейнічаў у Аўгустоўскім павеце ў Сапоцкінскай зоне, маёр, сышоў у эміграцыю, пасля вяртання адпраўлены ў турму.
- Гласка Іосіф Вікенцьевіч, сын памешчыка з маёнтка Пескі Горніцкай вол., удзельнічаў у падзеях 2–3 сакавіка 1863 г. у Гродне, загінуў у баі каля в. Кадыш.
- Гласка Юльян Вікенцьевіч, брат Іосіфа, сын памешчыка з маёнтка Пескі, знаходзіўся ў атрадзе Вавера ў Аўгустоўскім павеце, сышоў у эміграцыю восенню 1863 года.
- Глябовіч Восіп (Іосіф), 29 г., аднадворац з ваколіцы Глябовічы, знаходзіўся ў атрадзе Млотка, адпраўлены на 3 гады ва Уладзімірскую арыштанцкую роту.
- Губарэвіч Карл Філіпавіч, 20 г., праваслаўны, селянін з в. Кашубінцы маёнтка Котра, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Лянкевіча, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Гулецкі Ян, 25 г., селянін, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Дзяконскі Гаўрыла, 52 г., ксёндз касцёла Тэалін, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Дубінскі Лука Хрыстафоравіч, 18 г., селянін з в. Раўкі Гродзенскага павета, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, арыштаваны ў лістападзе 1864 г. (Дзярж. архіў Гродз. вобл., газ."Echo Grodzieńskie", №162, 1921 г.).
- Жук Лявон, 16 г., праваслаўны, селянін з в. Задуб'е (м. Азёры), знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе А. Лянкевіча, зняволены ў Гродзенскую турму, сасланы на пасяленне ў Самарскую губерню.
- Жукоўскі Станіслаў Іванавіч, мешчанін з в. Грандзічы, за палітычную ненадзейнасць высланы ўглыб Расіі.
- Жукоўскі Якаў, 25 г., мешчанін з м. Азёры, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, схоплены пасля бою па дарозе ў Азёры, адпраўлены ў Яраслаўскую арыштанцкую роту на 3 гады.
- Жылінскі Іван, 20 г.. аднадворац з м. Індура, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Вавера, сасланы ў арыштанцкія роты.
- Заверскі Антон, 18 г., селянін з в. Коханава, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, адпраўлены ў Маскву.
- Завістоўскі Люцыян, 31 г., шляхціц, упраўляючы маёнтка Алекшыцы Гродзенскага павета, рэферэнт камунікацый у паўстанцкай арганізацыі, забяспечваў паўстанцаў прадуктамі, пазбаўлены дваранства, сасланы ў Томскую губ., адкуль збег праз 2 гады.
- Залеўскі Каспер, 18 г., шляхціц Гродзенскага павета, за ўдзел у паўстанні пазбаўлены шляхецкіх правоў, сасланы ў Табольскую губерню.
- Зубоўскі (Зубраўскі) Восіп Аляксандравіч, 25 г., селянін з в. Старына, знаходзіўся ў атрадзе Лянкевіча, схоплены пасля бою каля м. Азёры, зняволены ў Гродзенскую турму, адпраўлены ў Разанскую арыштанцкую роту на 2 гады.
- Казлоўскі Людвік, 28 г., мешчанін Гродзенскага павета, за знаходжанне ў паўстанцкім атрадзе адпраўлены ў Яраслаўскую арыштанцкую роту на 3 гады.
- Калышка (Калыска) Васіль Ігнатавіч, селянін з в. Топалева, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, у лістападзе 1863 г. высланы на пасяленне ў Томскую губерню.
- Канановіч Уладыслаў, памешчык, яго маёнтак Дзяміткава быў секвестраваны за ўдзел у паўстанцкім атрадзе.
- Канеўскі Уладыслаў Баляслававіч, 21 г., шляхціц з маёнтка Талочкі, быў юнкерам Вялікалуцкага палка, звольніўся са службы ў 1860 г., з'яўляўся ад'ютантам А. Лянкевіча ў паўстанцкім атрадзе, адпраўлены на катаргу ў Сібір на 6 гадоў.
- Канстанціновіч Павел Паўлавіч, з вольных людзей маёнтка Талочкі памешчыка Б. Канеўскага, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, высланы ў 1864 г. у Калужскую арыштанцкую роту.
- Карловіч Сцяпан, 20 г., селянін, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскай турме.
- Касінскі Дзіяніс, 24 г., шляхціц, служыў у маёнтку Самойлавічы, у атрадзе А. Лянкевіча з чэрвеня 1863 года.
- Касоўскі Леапольд Карлавіч, 31 г., шляхціц Гродзенскага павета, за ўдзел у паўстанні высланы ў Пензенскую губ. ("Echo Grodzieńskie", №168, 1921 г.).
- Качынскі Антон Восіпавіч, 34 г., памешчык Гродзенскага павета, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, арыштаваны ў снежні 1863 г. ("Echo Grodzieńskie", №167, 1921 г.).
- Краснікоўскі Васіль Сцяпанавіч, 19 г., мешчанін з в. Бракава, за знаходжанне ў паўстанцкім атрадзе арыштаваны ў кастрычніку 1863 г. ("Echo Grodzieńskie", №168, 1921 г.).
- Кулікоўскі Канстанцін Міхайлавіч, 19 г., шляхціц, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Кучынскі Міхаіл Аляксеевіч, 17 г., праваслаўны, селянін з маёнтка в. Талочкі, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Лянкевіча.
- Лазавіцкі Валяр'ян Вікенцьевіч, 25 г., аднадворац, Гродзенскі павет, прывозіў прадукты паўстанцам, схоплены ў час бою ў Гродзенскай пушчы, адпраўлены ў арыштанцкія роты.
- Лапінскі Актавій, 16 г., шляхціц з в. Каўбасіно, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Лапінскі Баляслаў, 22 г., брат Актавія, шляхціц в. Каўбасіно, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Маркевіч Іосіф Іванавіч, 29 г., штатны ўрач Гродзенскай гарадской лячэбніцы, збіраў грошы для паўстанцаў і тых, каго высылалі ў Расію.
- Марцыеўскі Міхаіл Вікенцьевіч, 30 г., мешчанін, в. Эйсманты Надтабольскія, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, сасланы ў Астраханскую губерню.
- Марцыеўскі Юрый Вікенцьевіч, 27 г., мешчанін з в. Эйсманты Надтабольскія, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, сасланы ў Астраханскую губерню.
- Марэня Антон Ільіч, 20 г., селянін з м. Азёры, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, узяты ў палон, адпраўлены ў Маскву.
- Мацкевіч Уладыслаў, шляхціц Гродзенскага павета, за ўдзел у паўстанні высланы на пасяленне ў Сібір.
- Мацяевіч Іван, 21 г.. шляхціц Гродзенскага павета, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Мізгер Войцэх, аднадворац, удзельнік паўстання, зняволены ў Гродзенскую турму, адпраўлены ў Смаленскую арыштанцкую роту.
- Палуяноўскі Ігнат, 35 г., шляхціц Гродзенскага павета, удзельнік паўстання, зняволены ў Гродзенскую турму, адпраўлены на пасяленне ў Сібір.
- Панасевіч Міхаіл, 20 г., фельчар, в. Алекшыцы Гродзенскага павета, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, дастаўляў паўстанцам харчаванне, у 1864 г. адпраўлены на 2 гады ва Уладзімірскую арыштанцкую роту.
- Паўловіч Аляксандр Восіпавіч, 28 г., селянін з в. Капліца, знаходзіўся ў атрадах Млотка, потым Влодэка, паранены каля м. Кузніца, у 1864 г. арыштаваны і пасаджаны ў турму, адпраўлены ва Уладзімірскую арыштанцкую роту, адкуль збег праз 4 месяцы.
- Паўлоўскі Міхаіл, шляхціц Гродзенскага павета, удзельнік паўстання, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Пачобут Люцыян Каэтанавіч, 18 г., шляхціц Гродзенскага павета, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, высланы ў Ніжагародскую губ., дзе памёр у 1871 годзе.
- Пачобут Міхаіл, шляхціц Гродзенскага павета, удзельнік паўстання, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Пашкевіч Міхаіл, 20 г., фельчар, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, дастаўляў паўстанцам харчаванне, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Плаўскі Іван, шляхціц Гродзенскага павета, удзельнік паўстання, адпраўлены на пасяленне ў Сібір.
- Пырскі Адам, 18 г., шляхціц Гродзенскага павета, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Радзіваноўскі Іван, шляхціц ваколіцы Абуховічы, знаходзіўся ў атрадзе Аляксандра Лянкевіча.
- Саўка Іван, рабочы-чыгуначнік на ст. Парэчча, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Людвіка Нарбута і Гласкі.
- Семяноўскі Іван Міхайлавіч, 21 г., праваслаўны, садоўнік з маёнтка Вільянава (м. Азёры) памешчыка Л. Валіцкага, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе А. Лянкевіча.
- Семянчук Міхаіл Міхайлавіч, 27 г., праваслаўны, селянін з в. Шчэчыцы Гродзенскага павета, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе А. Лянкевіча.
- Сіповіч Франц Адамавіч, 22 г., аднадворац, в. Прыгодзічы, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, узяты на парукі сельскай грамадой.
- Скаржынскі Вікенцій, 45 г., шляхціц Гродзенскага павета, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Скірмунт Пётр, 23 г., вольны чалавек, Гродзенскі павет, за ўдзел у паўстанні зняволены ў Гродзенскую турму.
- Солтан Станіслаў (1822–1896), граф, памешчык Гродзенскага павета, сын старшыні Літоўскага часовага ўрада 1812 г. і прыхільніка Канстытуцыі 3 мая, скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт, уваходзіў у склад гродзенскай паўстанцкай арганізацыі, удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, дапамагаў паўстанцам зброяй, прадуктамі, пазбаўлены дваранства і ўсіх правоў, высланы ў аддаленыя месцы Сібіры.
- Спірыдовіч Уладыслаў Рыгоравіч, 30 г., памешчык з маёнтка Навасёлкі, забяспечваў сувязь кіраўніцтва ваяводства з іншымі паўстанцкімі арганізацыямі і атрадамі, зняволены ў Гродзенскую турму, высланы ў Томскую губ., маёнтак канфіскаваны ў казну.
- Старжынскі Вікенцій, селянін Гродзенскага павета, перададзены на парукі сельскай абшчыне.
- Сухініч Габрыель, 18 г., праваслаўны, селянін з маёнтка Задуб'е памешчыка Л. Валіцкага, знаходзіўся ў атрадзе А. Лянкевіча, сасланы ў Тульскую арыштанцкую роту.
- Талочка Канстанцін Вікенцьевіч, 25 г., шляхціц ваколіцы в. Талочкі, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, схоплены пасля бою каля м. Азёры, высланы на пасяленне ў Томскую губерню, пазбаўлены ўсіх правоў.
- Талочка Міхаіл, 21 г., шляхціц ваколіцы м. Заполле, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе А. Лянкевіча, зняволены ў Гродзенскую турму, пазбаўлены дваранства, адпраўлены радавым у батальёны Амурскага краю.
- Тароніс Дамінік, 51 г., селянін Гродзенскага павета, за знаходжанне ў паўстанцкім атрадзе адпраўлены ў Разанскую арыштанцкую роту на 2 гады.
- Хлюстаў Мацвей, лясны аб'ездчык Гродзенскага лясніцтва, вызвалены ад пасады, перададзены на парукі.
- Чарняўскі Іван Якубавіч, 27 г., беззямельны шляхціц в. Эйсманты Надтабольскія, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, высланы ў Самарскую губерню.
- Чарняўскі Канстанцін Іванавіч, 20 г., шляхціц в. Эйсманты Надтабольскія, працаваў на чыгунцы, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, высланы ў Астраханскую губерню.
- Шмурло Іван, 21 г.. шляхціц Гродзенскага павета, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму, высланы ў Енісейскую губерню.
- Шобат Васіль Міхайлавіч, праваслаўны, селянін з в. Пыра, за ўдзел у паўстанні адпраўлены ў Разанскую арыштанцкую роту на 2 гады.
- Эйсмант Аляксандр Валяр'янавіч, 20 г., шляхціц, фальв. Каральсоўшчына, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе А. Лянкевіча, зняволены ў Гродзенскую турму, дзе памёр у 1864 годзе.
- Эйсмант Кліменцій, 20 г., шляхціц в. Эйсманты Надтабольскія, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, высланы ў Астраханскую губерню.
- Эйсмант Мартын Іванавіч, 30 г., беззямельны шляхціц в. Эйсманты Надтабольскія, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, высланы ў Астраханскую губерню.
- Эйсмант Міхаіл Вікенцьевіч, дваранін, працаваў на чыгуначнай станцыі Парэчча, у ліку 13 чалавек 24 красавіка 1863 г. далучыўся да паўстанцаў.
- Юдко Міхаіл, 36 г.. фельчар, Гродзенскі павет, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму, перададзены на парукі.
- Юзафовіч (Іазафовіч) Андрэй, 18 г., селянін з в. Карашава, Гродзенскі павет, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму, адпраўлены ў Маскву для высылкі.
- Юшко Аляксандр Іванавіч, 29 г., праваслаўны, селянін, Гродзенскі павет, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, зняволены ў Гродзенскую турму, адпраўлены на 4 гады ў Кастрамскую арыштанцкую роту.
- Яблонскі Антон Міхайлавіч, 30 г., шляхціц в. Эйсманты Надтабольскія, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, высланы ў Самарскую губерню.
- Яблонскі Іван Іосіфавіч, 26 г., шляхціц з в. Эйсманты Надтабольскія, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, прыгавораны да высылкі ў Самарскую, губерню.
- Янулевіч Іван Андрэевіч, селянін, в. Пальніца, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, высланы ў Томскую губерню.
- Астрамецкі Леў, памешчык, яго маёнтак Ласосна секвестраваны за дапамогу паўстанцам прадуктамі.
- Бальцар Мацей Фаміч, 38 г., селянін з в. Лойкі, прывозіў прадукты паўстанцам, дапамагаў ім будаваць лагер; узяты сельскай грамадой на парукі.
- Баневіч Севасцян, 55 г., ксёндз, в. Адамавічы, заклікаў да паўстання, дапамагаў паўстанцам, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Белакоз Фелікс, 26 г., памешчык маёнтка Марцыновічы, прывозіў паўстанцам прадукты, зняволены ў Гродзенскую турму, высланы ў Арэнбургскую губерню.
- Белічанскі Оўзер, мешчанін, м. Сапоцкін, дапамагаў паўстанцам прадуктамі, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Бондар Іван, 26 г., праваслаўны, селянін з маёнтка Алекшыцы, дастаўляў паўстанцам харчаванне, знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе, адпраўлены на 2 гады ў Кастрамскую арыштанцкую роту.
- Бялевіч Павел Янавіч, 25 г., селянін з в. Навасады графа Валовіча, прывозіў паўстанцам прадукты, узяты на парукі.
- Вайнеуш Фелікс, 44 г., ксёндз Кашубінскага касцёла Гродзенскага павета, агітаваў уступаць у паўстанцкія атрады, зняволены ў Гродзенскую турму, высланы ў Пермскую губерню.
- Валіцкі Леапольд, 50 г., граф, уладальнік маёнтка Вільянова (м. Азёры), дапамагаў паўстанцам прадуктамі, адзеннем, фуражом, зняволены ў Гродзенскую турму, высланы ў аддаленыя месцы Сібіры, памёр у Іркуцкай губ. у 1875 годзе.
- Валіцкая Людвіка, 18 г., пляменніца графа Л. Валіцкага, шмат разоў дастаўляла паўстанцам у "Святое балота" прадукты, адзенне, гаспадарчыя рэчы; выслана ў Варонежскую губ. у лістападзе 1863 года.
- Валовіч Вітольд, 35 г., граф, маёнтак Свяцк Аўгустоўскага павета, прывозіў прадукты ў паўстанцкі атрад, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Валовіч Міхаіл, 50 г., граф, уладальнік маёнтка Свяцк Аўгустоўскага павета, прывозіў прадукты ў паўстанцкі атрад, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Валянтовіч Марцэлій, былы аканом, м. Азёры, прывозіў паўстанцам прадукты і фураж, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Верыён Іван, 68 г., памешчык Гродзенскага павета, дапамагаў паўстанцам прадуктамі, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Верыён Станіслаў, 31 г., сын Івана, прывозіў прадукты паўстанцам, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Внароўскі (Ванароўскі) Донат, 46 г., шляхціц з в. Баля Сольная, ляснік у маёнтку Азёры Л. Валіцкага, даваў паўстанцам інфармацыю аб перамяшчэнні карных каманд, "распространял вредные слухи", высланы ў лістападзе 1863 г. у Томскую губерню.
- Германовіч — сёстры Схаластыка (39 г.), Леакадзія (30 г.), Камілія (28 г.), дочкі былога ўніяцкага святара ў м. Азёры Сцяпана Германовіча, забяспечвалі паўстанцаў прадуктамі, у лістападзе 1863 г. высланы ў Казанскую губерню.
- Глябовіч Іосіф, аднадворац, Гродзенскі павет, дапамагаў паўстанцам, адпраўлены ва Уладзімірскую арыштанцкую роту.
- Зуброўскі Іпаліт, 55 г., памешчык, маёнтак Кульбакі, за дапамогу паўстанцам высланы ў Пермскую губ. на жыццё, пазбаўлены дваранскіх правоў.
- Клапатоўскі Іосіф, 32 г., аканом маёнтка Свяцк графа М.Валовіча, в. Валавічоўцы Аўгустоўскага павета, агітаваў уступаць у паўстанцкія атрады.
- Крынскі Моўша Арыевіч, 40 г., мешчанін м. Сапоцкін Аўгустоўскага павета, быў інфарматарам у паўстанцаў, узяты на парукі жыхарамі.
- Лазавіцкі Валяр'ян Вікенцьевіч, 25 г., аднадворац Гродзенскага павета, прывозіў прадукты паўстанцам, захоплены ў час бою, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Літман, кравец, яўрэй з м. Сапоцкін, сувязны.
- Лунеўскі Іван, 24 г., сын ляснічага з м. Азёры, хаваў паўстанцаў, збіраў і прывозіў ім харчы, сасланы ў Табольскую губерню.
- Ляговіч Ян, 30 г., аканом у маёнтку Астапкоўшчына Р. Мантовіча, прывозіў паўстанцам прадукты, высланы ва Уладзімірскую губерню.
- Мазюк Адам Іванавіч, 40 г., казённы селянін лясной варты, в. Лосева, агітаваў у Парэччы ўступаць у паўстанцкія атрады, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Мазюк Мацвей Іванавіч, 42 г., казённы селянін лясной варты, в. Лосева, разам з братам агітаваў у Парэччы ўступаць у паўстанцкія атрады, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Мантовіч Рудольф Іванавіч, 55 г., памешчык, маёнтак Астапкоўшчына, прывозіў паўстанцам прадукты і фураж, высланы ў Табольскую губерню.
- Міхайлоўскі Аляксандр, 52 г., селянін Гродзенскага павета, садзейнічаў паўстанцам, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Мрочак Фелікс, 76 г., шляхціц Гродзенскага павета, прывозіў паўстанцам прадукты, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Нядзвецкі Антон, 51 г., шляхціц, арандатар маёнтка ў в. Кадыш Аўгустоўскага павета, агітаваў уступаць у паўстанцкія атрады, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Панятоўскі Міхаіл, 52 г., чыноўнік Гродзенскай казённай палаты, за захоўванне пораху і куль высланы ў Пензенскую губерню.
- Пташынскі Антон, паштовы экспедытар м. Сапоцкін, падтрымліваў сувязі паміж паўстанцкімі атрадамі, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Пуховіч Іван, 28 г., аднадворац Гродзенскага павета, дапамагаў паўстанцам, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Раслевіч Ян Янавіч, 27 г., селянін з м. Сапоцкін, дапамагаў паўстанцам прадуктамі, узяты на парукі.
- Сакалоў Іван, 57 г., селянін Гродзенскага павета, прывозіў паўстанцам прадукты, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Санкоўскі (Сянкоўскі) Станіслаў Вікенцьевіч, 49 г., фельчар з маёнтка Закрэўшчына Гродзенскага павета, за неданясенне аб вярбоўцы ксяндзом м. Азёры жыхароў у паўстанцкі атрад адпраўлены ў Кастрамскую арыштанцкую роту на 4 г., пражываў у Табольскай губ., дзе памёр у 1876 годзе.
- Сержпутоўскі Адам Эмільевіч, 27 г., памешчык з маёнтка Ласосна, прывозіў харчаванне паўстанцам, маёнтак канфіскаваны, сам высланы ў Табольскую губерню.
- Серкучэўскі Фелікс Іванавіч, 50 г., шляхціц, в. Эйсманты Надтабольскія, вербаваў моладзь у паўстанцкія атрады, адпраўлены ў Маскву.
- Сраброўскі Рамуальд, 73 г., аднадворац Гродзенскага павета, прывозіў прадукты паўстанцам, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Сраброўскі Станіслаў, 33 г., сын Рамуальда, прывозіў прадукты паўстанцам, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Стычынскі Юзаф, 27 г., ямшчык Сапоцкінскай паштовай станцыі, падтрымліваў сувязь паміж паўстанцкімі атрадамі і паўстанцамі, адпраўлены ў Кастрамскую арыштанцкую роту.
- Таўрэль Францішак, 50 г., шляхціц Гродзенскага павета, прывозіў паўстанцам прадукты, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Тукала Валерыян, 30 г., шляхціц, в. Перстунь, дапамагаў паўстанцам прадуктамі, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Чацвярцінскі Георгій, 31 г., князь, м. Скідзель, адстаўны штаб-ротмістр, дапамагаў паўстанцкай арганізацыі грашыма, зняволены ў Гродзенскую турму, пакінуты пад строгім паліцэйскім наглядам.
- Шмігера Юзаф, 57 г., аканом у маёнтку Вільянова (Леапольда Валіцкага), прывозіў паўстанцам прадукты і фураж, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Штарк Іван, былы рэдактар "Гродненских губернских ведомостей", пасыльны па перавозцы пошты і даручэнняў пры Гродзенскім і Брэсцкім ваяводствах.
- Шымборскі Абрам Шэрнавіч, 32 г., мешчанін, м. Сапоцкін, вырабляў паўстанцам боты, пакараны штрафам, узяты на парукі.
- Эйсмант Матэвуш Андрэевіч, 40 г., шляхціц, в. Эйсманты Надтабольскія, прывозіў паўстанцам прадукты, узяты на парукі.
- Эйсмант Самсон Іванавіч, 38 г., шляхціц, в. Эйсманты Надтабольскія, заклікаў сялян да паўстання, адпраўлены ў Маскву.
- Юнг Юзаф, 50 г., упраўляючы маёнтка Вільянова Л. Валіцкага, прывозіў паўстанцам прадукты, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Юроўскі Міхаіл, 52 г., памешчык, яго маёнткі Закрэўшчына і Струпін канфіскаваны за дапамогу паўстанцам, адпраўлены на катаргу ў Табольскую губерню.
- Явароўскі Антон, памешчык, уладальнік маёнтка Мішкенікі, за дапамогу паўстанцам канфіскаваны маёнтак.
- Якубельскі Войцэх, 32 г., мешчанін, сакратар бурмістра м. Сапоцкін, агітаваў уступаць у паўстанцкія атрады, зняволены ў Гродзенскую турму.
- Яткоўскі Вікенцій, 45 г., шляхціц, в. Грандзічы, прывозіў паўстанцам прадукты, зняволены ў Гродзенскай турме.
- Яцунскія (сям'я): Іосіф (58 г.), Юзэфа (54 г.), Аляксандр (18 г.), сяляне, в. Грабяні, прывозілі паўстанцам прадукты і фураж, узяты на парукі.
- Багатырэвіч Антон, 17 г., пазбаўлены дваранства, адпраўлены радавым у Сібірскія лінейныя батальёны,
- Букраба Аляксандр, 19 г., пазбаўлены дваранства, адпраўлены радавым у Сібірскія лінейныя батальёны.
- Гартунг Януарый, 18 г.,
- Жук Іван, 19 г.,
- Ізбіцкі Кліменцій, 17 г.,
- Кашуба Адольф, 16 г.,
- Кашуба Іосіф, 18 г.,
- Крэйбіх Станіслаў, 18 г., з невялікага маёнтка каля в. Грандзічы,
- Кудзінскі Іосіф, 17 г.,
- Ражбіцкі Станіслаў, 18 г.,
- Ржажніцкі Антон, 18 г.,
- Сямашка Антон, 21 г., радавым у батальёны Амурскага краю,
- Шэршаневіч Аўгуст, 19 г.,
- Гамулецкі Іосіф, 18 г., былы гімназіст, радавым у Сібірскія лінейныя батальёны.
- Баяроўскі Юльян, 29 г., чыноўнік палаты грамадзянскага суда, высланы на 2 месяцы ў Дынабургскую крэпасць (суч. Даўгаўпілс), пасля — на пасяленне ў Арэнбургскую губерню;
- Блашынскі Станіслаў, 23 г., рабочы друкарні, высланы ў Валагодскую губерню;
- Красноўскі* Георгій, 17 г., шляхціц, работнік магазіна, адпраўлены радавым у батальёны Амурскага краю;
- Красноўскі** Юльян, 25 г., шляхціц, наглядчык на вакзале, на 3 месяцы ў Дынабургскую крэпасць, пасля высланы ў аддаленыя паветы Пермскай губерні;
- Навакоўскі Станіслаў, 28 г., настаўнік польскай мовы Гродзенскай мужчынскай гімназіі, пазбаўлены ўсіх правоў, высланы ў менш аддаленыя месцы Сібіры;
- Пржыбылка Адам, 18 г., тэлеграфіст чыгуначнай станцыі, адпраўлены радавым у батальёны Амурскага краю;
- Самулінскі Казімір, 21 г., шляхціц, чыноўнік, затрыманы са зброяй у руках, пазбаўлены дваранства, сасланы на катаржныя работы на заводах на 6 гадоў;
- Талочка Казімір, 24 г., шляхціц, чыноўнік дваранскага дэпутацкага сходу, затрыманы са зброяй у руках, пазбаўлены дваранства, сасланы на катаржныя работы на заводах на 6 гадоў;
- Шміт Адольф, 28 г., шляхціц, уладальнік аптэкі ў г. Гродне, пазбаўлены ўсіх правоў, высланы ў Томскую губерню.
- Антушэвіч Іосіф, 19 г., гімназіст,
- Бараноўскі Міхаіл, 19 г., гімназіст,
- Барціцкі Уладзімір, 20 г., служачы аптэкі,
- Бергель Марцін, 19 г., рабочы друкарні, г. Гродна,
- Быстры Іосіф, 17 г., гімназіст,
- Высоцкі Іосіф, 22 г., чыноўнік канцылярыі губернатара,
- Высоцкі Міхаіл, 21 г., чыноўнік Палаты дзяржаўных маёмасцяў,
- Гальконт Антон, 21 г., пісар Палаты дзяржмаёмасцяў,
- Гласка Іосіф, шляхціц з маёнтка Пескі Гродзенскага павета,
- Грабавецкі Уладыслаў, пісар, работнік Друскеніцкіх мінеральных вод,
- Жмуйлоўскі Іван, 41 г., шляхціц, з Кобрынскага павета,
- Жукоўскі Вікенцій, 16 г., сын салдата з г. Гродна,
- Зубраўскі Уладыслаў, шляхціц з маёнтка Кульбакі,
- Ізбіцкі Баляслаў, 34 г., чыноўнік губернскага праўлення,
- Казіміроўскі Іван, 29 г., чыноўнік Палаты дзяржмаёмасцяў,
- Карны Канстанцін, 17 г., гімназіст,
- Карчэўскі Ксаверый, 16 г., гімназіст,
- Квяткоўскі Антон, 18 г., гімназіст,
- Крэвін Казімір, 25 г., селянін, з Сакольскага павета,
- Куроўскі Станіслаў, 19 г., паходзіў з Люблінскай губерні,
- Лапінскі Актавіян, 16 г., гімназіст,
- Немчыневіч Венцаслаў, 16 г., гімназіст, з Лідскага павета,
- Ожэ Іван, гімназіст, з Гродна,
- Пачобут Уладыслаў, 25 г., шляхціц, з Гродзенскага павета,
- Плаўскі Емяльян, 17 г., гімназіст, з Ваўкавыска,
- Пушкарэвіч Юльян, 20 г., мешчанін Гродна,
- Развадоўскі Станіслаў, 18 г., шляхціц, з Люблінскай губерні,
- Ружэ Фёдар, 32 г., паходзіў з Прусіі,
- Філістовіч Іван, 23 г., селянін, з Віленскай губерні,
- Хамічэўскі Сільвестр, 22 г., чыноўнік, з Лідскага павета,
- Чачот Людвіг, 26 г., чыноўнік Крымінальнай палаты,
- Чачот Эдуард, 33 г., адстаўны калежскі сакратар,
- Шантыр Станіслаў, 23 г., шляхціц, з маёнтка Дзяміткава Гродзенскага павета,
- Шыдлоўскі Адольф, 20 г., рабочы друкарні, г. Гродна,
- Эйслер Іван, 22 г., замежны грамадзянін,
- Янкоўскі Карл, 29 г., рабочы друкарні, г. Гродна,
- Ястржэмбскі Любамір, 31 г., машыніст на вакзале, з Радомскай губерні,
- Ястржэмбскі Лявон, 17 г., шляхціц, з Радомскай губерні.
Аб сацыяльным складзе ўдзельнікаў паўстання сведчыць колькасць у 1863 г. арыштаваных і зняволеных у Гродзенскай турме, справамі якіх займалася Гродзенская следчая камісія па палітычных справах.
Знаходзіліся ў турме | ||||
На 1.10.1863 г. | На 1.11.1863 г. | У лістападзе 1863 г. | У снежні 1863 г. | |
Ксяндзоў | 12 | 13 | 3 | 4 |
шляхты-памешчыкаў | 264 | 259 | 75 | 49 |
сялян | 274 | 339 | 54 | 65 |
аднадворцаў | 7 | 2 | ||
афіцэраў | 6 | 4 | ||
чыноўнікаў | 17 | 7 | ||
мяшчан | 9 | 5 | ||
ніжніх чыноў | 3 | 4 | ||
яўрэяў | 2 | 2 | ||
замежных грамадзян | 4 | 1 | ||
Усяго***: | 550 | 661 | 180 | 143 |
"Мяцежнікі" з прынёманскіх вёсак
Вядомы сотні самаахвярных удзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Тут хацелася б павесці размову аб паўстанцах і іх дзеяннях у месцах, прылежных да Нёмана, — ад Віцькоў да Жукевічаў.
У час паўстання 1863 г. гэтыя левабярэжныя пакрытыя лесам месцы ўпадабалі паўстанцы. Сама прырода садзейнічала гэтаму: вялікія звілістыя равы, берагі сухія, незабалочаныя, маюцца спрыялыныя спускі да ракі. Рака не толькі раздзяляла тутэйшых жыхароў, але і яднала іх пераправай.
Прынёманскія тэрыторыі ад Віцькоў і Пескаў да Славічаў на левым беразе Нёмана і каля Мігова — Коматава на правым былі добра асвоены людзьмі з даўніх часоў. Аб існаванні паромнай пераправы каля вёскі Коматава і Мігова сведчыць афіцэр Генеральнага штаба падпалкоўнік Калмберг у "Ваенна-статыстычным апісанні Гродзенскай губерні за 1849 г.". Ён паведамляе аб такой пераправе на 50 чалавек каля в. Мігова, якая дзейнічала з вясны да позняй восені, а перад Першай сусветнай вайной каля в. Пескі пачалі будаваць мост насупраць Коматава, але вайна спыніла работы.
Пра існаванне пераправы праз Нёман каля Коматава — Мігова добра ведалі і паўстанцы 1863 г. і карысталіся ёю, каб знікнуць з поля зроку паліцыі ці карных вайсковых атрадаў. У паўстанцкія атрады ішлі мясцовыя жыхары з навакольных вёсак і шляхецкіх ваколіц Абуховічы, Талочкі, Юравічы, Эйсманты Надтабольскія, Жукевічы, Пескі і іншых.
Тыя, хто пераправіўся на адзін ці другі бераг, меў магчымасць выйсці на Індурскі тракт або на Скідзельскую дарогу. Коматаўскай і мігоўскай пераправай карысталіся і мясцовыя жыхары ў гаспадарчых і жыццёвых мэтах.
Ні крыжа, ні каменя
Лясныя мясціны на левабярэжжы каля Віцькоў і Панямуні на поўначы служылі паўстанцам 1863 г. базай для збору, падрыхтоўкі да паходаў, адпачынку. Берагі Нёмана, зрэзаныя равамі і парослыя лесам і густым хмызняком, уяўлялі зручнае месца, каб у бяспецы рыхтаваць зброю, падкоўваць коней, лячыць параненых, зрэшты, схавацца ад пераследу царскіх карнікаў. Пра такі роў, доўгі, звілісты і глыбокі, які існуе і цяпер паміж былымі Пескамі і Панямунню, апавядаў Сяргей Дрозд у "Гарадзенскіх запісах" (1993 г.). Роў і цяпер захоўвае сваю назву — Канюхоўскі, магчыма, з-за тых падзей, што тут адбыліся. У 60-я гады XX ст. краязнаўцы змаглі пачуць у суседніх Віцьках аповед мясцовай жыхаркі Ганны Баранавай (Баран) пра яе дзеда Лаўрэнція Кроя, сведку бою паўстанцаў з казакамі летам 1863 года. Да гэтага часу паўстанцкі атрад пад камандаваннем былога царскага падпалкоўніка Аляксандра Лянкевіча ад вясны вёў на Гарадзеншчыне паспяховыя баі з войскамі і цярпеў ад іх паражэнні. Паўстанцы ў ходзе няўдалага бою, разбіўшыся на дробныя трупы, паспяхова знікалі, а потым зноў збіраліся ў патаемных месцах. Такім месцам і быў роў каля вёскі Пескі. Тут і адбыліся драматычныя падзеі. Казацкі атрад у некалькі сотняў чалавек, якія пераправіліся праз Нёман каля Мігова — Сіўкава, нечакана напаў на паўстанцаў, і адбылася жорсткая бітва, у час якой загінула многа і паўстанцаў, і расійскіх салдат. Доўгі час у рове жыхары бачылі рэшткі загінуўшых тут людзей. Існавалі тут і некалькі невысокіх курганоў-могілак, але няма ніякіх памятных знакаў аб тых падзеях.
Паўстанцы знаходзілі падтрымку ў навакольных сялян і ўладальнікаў невялікіх маёнткаў Панямунь, Пескі, прытулак у Панямунскай каталіцкай капліцы. Аб гэтым стала вядома павятоваму спраўніку, і па яго загадзе восенню 1863 г. станавы прыстаў Індурскага стану Смарагдаў з казакамі ўчынілі ў капліцы вобыск. Але гэта быў не столькі ператрус, колькі сапраўдны пагром за спачуванне "мяцежнікам", таму што пасля яго набажэнствы і службы ў ёй не праводзіліся. Праз год яна была зачынена, галоўная святыня — візантыйскага пісьма ікона Божай Маці — і касцельныя рэчы перавезены ў Квасоўскі касцёл. Такія жорсткія паводзіны карнікаў тлумачацца адмоўным стаўленнем царскай улады да грэка-ўніяцкіх храмаў, якім была Панямунская капліца да 1839 г., якая цяпер стала каталіцкай. Пазней гэтая капліца была перабудавана ў праваслаўную і адносілася да Коматаўскага прыходу, а пасля ўстанаўлення тут савецкай улады ў 1939 г. і зусім разбурана. На месцы яе існавання ляжыць некалькі камянёў, як кажуць, ад яе фундамента, а ў дзясятку метрах нядаўна пабудавана праваслаўная каплічка.
Мясціны вакол Канюхоўскага рова параслі кустоўем і лесам, падзеі, што адбываліся тут, выветрыліся з памяці людской. Ні каменя, ні крыжа. А падзеі і людзі, хто тут жыў і змагаўся за волю і незалежнасць нашай дзяржавы, заслугоўваюць ушанавання.
"Мяцежнікі"
Аб знаходжанні паўстанцаў у гэтых прынёманскіх мясцінах ведалі жыхары навакольных вёсак і маёнткаў і далучаліся да іх, удзельнічалі ў баявых дзеяннях. Пра двух такіх паўстанцаў, жыхароў вёскі Жукевічы, Дамініка Іванавіча Гілюка і Якава Восіпавіча Гасперскага захаваліся дакументы за 1884 год. За ўдзел у паўстанні 1863 г. яны, трапіўшы ў палон да карнікаў, былі пакараны ссылкай у Сібір. Царскім указам ад 15 мая 1883 г. удзельнікам паўстання было дазволена вярнуцца з ссылкі, і яны з'явіліся ў Жукевічах. Але ў той жа час ім было забаронена пражыванне ў Паўночна-Заходнім краі, і гродзенскі губернатар запатрабаваў ад павятовага спраўніка выдаліць іх у Царства Польскае. Яны вымушаны былі адправіцца ў Сапоцкінскую воласць Аўгустоўскага павета, але зноў і зноў парушалі забарону і з'яўляліся ў роднай вёсцы, дзе жылі іх сем'і.
Царскія ўлады пільна сачылі за паводзінамі памешчыкаў, шляхты, сялян, каб не дапусціць папаўнення паўстанцкіх атрадаў і дапамогі ім. У выпадку падазрэння праводзілі вобыскі. Такі вобыск паліцыя ўчыніла ў маёнтку Мігова ў памешчыка Аляксандра Абуховіча, брата Соф'і Гласка з Пескаў, што ў чатырох вярстах уверх па рацэ на левым беразе. З Мігова сышлі ў "мяцежнікі" некалькі сялян. Паліцыя адшукала пісьмо "предосудительного содержания" ад яго сваяка Вікенція Гласкі з Пескаў. У ходзе допытаў аб змесце эзопавай мовы пісьма выявілася, што два сыны Гласкі — Іосіф і Юльян — вясной 1863 г. сышлі з дому няведама куцы. Следчыя слушна заключылі, што яны пайшлі ў "мяцежнікі". На бацькоў быў накладзены штраф у 300 рублёў, а маёнтак часткова секвестраваны "до отыскания сыновей". Як выявілася пазней, Юльян Гласка перайшоў у Аўгустоўскі павет і ўступіў у паўстанцкі атрад Вавера. У складзе гэтага атрада ўдзельнічаў у баявых дзеяннях з расійскімі карнікамі каля вёскі Кадыш у Аўгустоўскім павеце. У атрадзе ён захварэў, а калі вылечыўся, барацьба пайшла на спад, і ён эміграваў на Захад. Жыў і працаваў у Францыі і ў Аўстрыйскай імперыі і ўсе гады не расставаўся з надзеяй вярнуцца на радзіму. Ён разумеў, што царскі ўрад не даруе яму ўдзел у паўстанні, але гэта яго не спыніла. Праз 18 гадоў Юльян ужо з жонкай і двума дзецьмі прыбыў у Гродна, дзе за ім быў адразу ўстаноўлены паліцэйскі нагляд, з-пад якога ён быў вызвалены пасля царскага указа аб амністыі 1883 года. Іосіф Гласка ўдзельнічаў у нападзе на чыгуначную станцыю Гродна 2 сакавіка 1863 г., быў адпушчаны на парукі, пасля ўступіў у атрад Вавера і загінуў у бітве з расійскімі карнікамі пад Кадышам у маі 1863 года. Невялікі маёнтак Пескі Гласкаў пасля смерці бацькоў быў канфіскаваны і прададзены ўладальніку суседняга маёнтка Гарны Пятру О'Брыен дэ Ласі.
"Мяцежнік" з Жукевічаў
У "мяцежнікі" падаўся і Віктар Гласка, уладальнік маёнтка Жукевічы Горніцкай воласці, што знаходзіўся ў дзвюх вярстах ад Нёмана, па суседстве з Панямунню. Гэтае ўладанне агульнай плошчай у 801 дзес. ён атрымаў у валоданне ад свайго дзядзькі Юльяна Леапольдавіча Гласкі па духоўным завяшчанні ў 1858 г., але ім не распараджаўся, не маючы абумоўленых завяшчаннем 26 гадоў. Усімі справамі ў маёнтку кіравала яго сястра Марыя і яе муж Аляксандр Белаблоцкі.
Калі пачалося паўстанне 1863 г., Віктар Гласка адразу далучыўся да яго і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Аўгустоўскім павеце. Яго атрад у 150–200 чалавек паспяхова змагаўся ў Сапоцкінскай зоне, у Свентаянскіх лясах, пад Алітай, у Сейненскім уездзе, падтрымліваў сувязі з атрадам Вавера. Ва ўсіх баявых сутычках з расійскімі войскамі ён дзейнічаў умела і пазбягаў разгрому. У маі 1863 г. пры ўдзеле атрада В. Гласкі адбылася жорсткая бітва паўстанцаў з расійскімі карнікамі каля вёскі Кадыш. Аб умелых дзеяннях атрада і жорсткіх сутычках з войскамі расказвалі на допытах захопленыя ў палон паўстанцы Іван Семяноўскі з маёнтка Вільянова пад Азёрамі, казённы селянін з в. Яскілевічы Іван Бура, аднадворац з-пад Парэчча Восіп Высоцкі, якія ў розныя часы знаходзіліся ў атрадзе В. Гласкі. У перапісцы гродзенскага губернатара з віленскім генерал-губернатарам знаходзім сведчанне:
"Из дел канцелярии моей видно, что при секретном предложении бывшего генерал-губернатора графа Муравьева от 21 декабря 1863 г. ... препровождена была выписка из приказа революционного комитета от 14 сентября за №12, найденного в бумагах, захваченных в Гродно, в которой показано, что по Августовской губернии произведен тогда Виктор Гласко в майоры и что он поставлен первым после известных начальников мятежных шаек Ландера, Острога и Глеба, произведенных в полковники".
Паўстанцкі атрад В. Гласкі змагаўся "до окончательного уничтожения мятежа", пасля чаго яго начальнік перайшоў на Захад. Усе гады знаходжання ў эміграцыі ён думаў аб вяртанні дамоў. Праз дзевяць гадоў ён добраахвотна вярнуўся ў Царства Польскае, ведаючы, што будзе пакараны як камандзір аднаго з паўстанцкіх атрадаў. У Варшаве ён быў арыштаваны і пасаджаны ў турму. У гэты час і было выяўлена, што ён з'яўляецца ўладальнікам маёнтка Жукевічы. Таму маёнтак па распараджэнні генерал-губернатара быў секвестраваны і аддадзены ў кіраванне губернскаму ўпраўленню дзяржаўных маёмасцяў. Пасля вызвалення з турмы Віктару Гласку было забаронена пражыванне ў губернях Паўночна-Заходнага краю, і ён жыў то ў Сувалках, то ў сваякоў у Сейненскім павеце і беспаспяхова спрабаваў адшукаць нейкія правы на Жукевічы, дзе жыла яго сям'я. А маёнтак пераходзіў то ў адны, то ў другія рукі.
Аднапавярховы панскі дом і гаспадарчыя пабудовы, што размясціліся каля жывой і чыстай рачулкі Горніца, паступова прыходзілі ў заняпад. Сучасныя жыхары Жукевічаў нічога не могуць расказаць пра былых уладальнікаў маёнтка, іх дзейнасці і барацьбе, толькі ўспомняць, што была тут панская сядзіба.
А падзеі заслугоўваюць ушанавання.
Фларэнцій Ажэшка: доктар, паўстанец
Пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху знакамітай асобы мы з увагай прыслухоўваемся да сведчанняў людзей, што былі побач з ёю. У адносінах да нашай вялікай зямлячкі Элізы Ажэшка важным момантам падаецца знаходжанне побач з ёю Фларэнція Ажэшкі, малодшага брата яе мужа Пятра. Калі будучая пісьменніца Эліза Паўлоўская выйшла замуж і пераехала ў 1858 г. з мужам у яго маёнтак Людвінова Кобрынскага павета, яна па-сяброўску сышлася з Фларэнціем, які быў старэйшы за сваю братавую на восем гадоў (нарадзіўся ў 1833 г.). Пасля заканчэння гімназіі ў Мітаве ён паступіў вучыцца ў Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію і штогод прыязджаў летам у Людвінова, дзе на сустрэчах з сябрамі вяліся гарачыя спрэчкі аб вызваленні сялян ад прыгону, аб падзеях у сталіцы. Эліза прысутнічала пры іх размовах, удзельнічала ў спрэчках, спачувала дэмакратычна настроеным маладым людзям. Пазней яна прызналася, што і гэтыя дыскусіі, і падзеі 1863 г. садзейнічалі таму, што яна стала пісьменніцай. Пасля заканчэння акадэміі з адзнакай у 1861 г. поўны энергіі Фларэнцій вяртаецца ў Кобрынскі павет і займаецца прыватнай урачэбнай практыкай, дапамагае Элізе ў адкрытай ёю школе для некалькіх дзясяткаў сялянскіх дзяцей. Яна не разумела абыякавасці свайго мужа Пятра да грамадскіх праблем і яго захапленне картачнай гульнёй і паляваннем.
Тыя гады супалі з уздымам грамадскага руху, звязанага з адменай прыгоннага права і паўстаннем 1863 года. Гэтыя падзеі крута змянілі яго жыццё. Фларэнцій Ажэшка прыняў у іх самы актыўны ўдзел як змагар і як доктар. Ён ездзіў па маёнтках і вёсках і заклікаў шляхту і сялян ісці ў паўстанцкія атрады, збіраў адзенне, прадукты, грошы на паўстанне. Пазней пайшоў у паўстанцкі атрад і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, лячыў параненых. Яго нястомную кіпучую дзейнасць бачыла Эліза Ажэшка і сама дапамагала паўстанцам.
Вывучэнне сацыяльнага складу ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. выявіла значны ўдзел у ім медыцынскіх работнікаў. Урачы, што атрымалі адукацыю ў сталічных навучальных установах і жылі ў дэмакратычным асяроддзі, па родзе заняткаў ведалі настроі грамадства і свядома ўключаліся ў шэрагі барацьбітоў за волю. У час паўстання яны ўваходзілі ў склад Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, знаходзіліся ў паўстанцкіх атрадах, дапамагалі пацярпелым. Так, паўстанцкім начальнікам Гродна быў намінаваны паважаны ў горадзе доктар Цэлясцін Цэханоўскі, павятовым начальнікам Ваўкавыскага павета — Мечыслаў Гліндзіч, павятовым начальнікам Слонімскага павета — Сімановіч, зборам сродкаў для паўстанцаў у Гродзенскім уездзе займаўся доктар Іосіф Маркевіч, у Гродзенскую арганізацыю таксама ўваходзілі ўрачы Баляслаў Заблоцкі, Уладыслаў Брыерэ дэ Мартэрэ і іншыя. Таму невыпадкова далучыўся да паўстанцаў і лекар Ажэшка.
Вось што расказаў у Гродзенскай ваенна-следчай камісіі адстаўны радавы Людгард Беркусевіч.
У час знаходжання яго ў памешчыка Гутоўскага "ў красавіку 24 чысла 1863 г. прыязджаў доктар Фларыян Ажэшка і з ім два маладыя чалавекі... Нагаворвалі ісці ў мяцеж, гаворачы, што прыйдуць французы і англічане... пагражаючы расправай, і тады яго дзеці будуць няшчасныя. Урэшце палажылі крыж і прымусілі прысягнуць, узялі слова, каб прыйшоў заўтра ў Людвінаў лес і далучыўся да іх. На другі дзень ён прыйшоў у назначаны пункт" (НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 35, сп. 1, л. 42).
Названы радавы Беркусевіч атрымаў ад Фларэнція Ажэшкі зброю і ўдзельнічаў у баях з карнікамі, сустракаў доктара ў лагеры пры перавязках параненых паўстанцаў.
Бацькаў маёнтак Оўзічы, дзе жыў Фларэнцій і яго хворы малодшы брат Браніслаў, выкарыстоўвалі паўстанцы для вырабу зброі, адпачынку. У час вобыску вясной 1863 г. тут былі знойдзены волава, кулі, шрот, забароненыя вершы. Старэйшы брат Пётр, муж Элізы, слаба падтрымліваў паўстанне, хаця дапамагаў матэрыяльна, у яго маёнтку Людвінова знаходзіў сховішча паранены Рамуальд Траўгут, адкуль быў вывезены Элізай Ажэшка ў Царства Польскае.
У баях з расійскімі карнікамі атрад Р. Траўгуга панёс вялікія страты і адышоў у пінскія балоты. Пасля гэтага Фларыян Ажэшка накіраваўся ў небяспечную паездку па Кобрынскім павеце, каб сагітаваць новых байцоў для атрада, але ў час яе 5 ліпеня 1863 г. быў затрыманы і арыштаваны. Пацягнуліся доўгія дні следства, допытаў, і нарэшце ў 1864 г. па канфірмацыі гродзенскага ваеннага губернатара ён "лишен всех особенных лично и по состоянию присвоенных прав и преимуществ" і сасланы ў Томскую губерню пад нагляд паліцыі. З гэтага часу ўсё астатняе яго жыццё было звязана з Томскам.
Томскія краязнаўцы ў наш час вывучалі жыццё ссыльных пасяленцаў і папоўнілі нашы веды пра іх. Жыццё палітычных ссыльных у суровай Сібіры было даволі складаным. Да нязвыкла халоднага клімату дадаўся недахоп сродкаў на жыллё, набыццё цёплых вопраткі і абутку. А знайсці працу з добрым заробкам было вельмі цяжка. Ссыльным дваранскага паходжання ад казны выдавалася на пражыццё па 6 руб. у месяц пасля таго, як мясцовыя ўлады атрымлівалі з месца ранейшага пражывання ссыльнага даведку аб адсутнасці ў яго нерухомай маёмасці або іншага даходу. Некаторым з іх родныя ці сваякі прысылалі грашовую дапамогу. Але маёнткі Фларэнція і Пятра Ажэшкаў Оўзель і Людвінова былі канфіскаваны на карысць дзяржавы, а ў 1867 г. прададзены калежскаму саветніку Паўлу Іванавічу Кантараву. Пётр Ажэшка таксама быў высланы ўглыб Расіі — у Пермскую губерню. Дапамогі не было. Прыватнай урачэбнай практыкай займацца забаранялася: улады асцерагаліся дрэннага уплыву палітычных ссыльных. Таму высокакваліфікаваны доктар Ажэшка выпадкова ўладкаваўся "аптекарским мальчиком" за 10 руб. у месяц пры адной аптэцы. Трэба дадаць, што хатнія выдаткі з прыбыццём у Томск узраслі: ён стаў ужо сямейным чалавекам. Па шляху ў Сібір ён узяў шлюб з Геленай Мількевіч, якая добраахвотна рушыла за ім у далёкую ссылку. Вянчанне адбылося ў Цюмені, адкуль кожны з сужэнцаў дабіраўся да Томска сваім шляхам: Фларэнцій пешым этапам, а яго маладая жонка — параходам.
У 1871 г. Фларэнцій Ажэшка быў вызвалены ад паліцэйскага нагляду, а праз год яму дазволілі паступіць на дзяржаўную службу па медыцынскай частцы, толькі з пэўнымі абмежаваннямі, якія не дапускалі свабодную ўрачэбную практыку і атрыманне дзяржаўных заахвочванняў па службе. У тым жа годзе ён атрымаў месца ўрача ў турэмнай бальніцы, а трохі пазней са згоды епіскапа Томскага і Семіпалацінскага зацверджаны доктарам духоўнай семінарыі. Пасля доўгага перапынку ён з усёй нерастрачанай энергіяй прыняўся за працу і выконваў свае службовыя абавязкі старанна і сумленна.
Толькі прыгняталі яго ўстаноўленыя абмежаванні па службе, а выдаткі на ўтрыманне сям'і раслі, як і расла сама сям'я. А тут яшчэ навал навальваліся на сям'ю адно за адным няшчасці: памерлі, нядоўга пражыўшы, дзве дачкі; пасля нараджэння першага сына памерла трэцяя дачка, потым адышла і сама маці ў 27 гадоў, праз некалькі дзён пасля нараджэння другога сына. З Геленай Мількевіч пражыў Фларэнцій 12 гадоў, у іх выраслі два сыны: Уладыслаў-Іван (1868 г.) і Браніслаў-Кліменцій (1870 г.). Добрая душой і клапатлівая, яна перад смерцю прасіла сваю маладзейшую сяброўку 17-гадовую Люцыю Пацалоеўскую, дачку гарадскога ўрача, стаць жонкай Фларыяна і выхоўваць асірацелых хлопчыкаў. Трэба прызнаць да гонару пані Люцыі, што яна годна выканала высакародныя абавязкі і добрай жонкі, і клапатлівай, строгай маці для двух пасынкаў і траіх сваіх дзяцей: дачкі Антаніны-Канстанцыі (1875 г.), сыноў Вікенція-Пятра (1876 г.) і Даменіка-Сцяпана (1878 г.).
Фларэнцій Ажэшка не траціў надзеі на паляпшэнне свайго становішча, хаця даводзілася жыць сціпла і эканомна, але трымаўся ён з годнасцю. І тут склаліся такія абставіны, якія пасадзейнічалі пераменам у яго жыцці. Летам 1873 г. вялікі князь і наследнік прастола Аляксандр Аляксандравіч рабіў паездку па Заходняй Сібіры. Вось да яго і звярнуўся доктар Ажэшка з прашэннем аб змяненні свайго службовага статусу, звярнуўся, напэўна, па падказцы мясцовага начальства, якое падтрымала яго хадайніцтва. Да канца года прыйшло ў Томск рашэнне Яго імператарскай вялікасці "вызваліць Аржэшка ад тых абмежаванняў па службе, якім ён быў падвергнугы", але гэта не было яшчэ дараваннем за яго ўдзел у паўстанні. Толькі ў 1879 г. цар Аляксандр ІІ "всемилостивейше соизволил на несчитанье ему, Оржешко, бытность его под судом препятствием к получению наград и других преимуществ, кроме знака отличия беспорочной службы и ордена Св. Владимира за выслугу лет". Цар мілаваў, але ўсё-такі не дараваў.
З гэтага часу службовае становішча лекара Ажэшкі пачало мяняцца да лепшага. Праз год, у 1880 г., за выслугу гадоў указам Правячага сената ён быў узведзены ў тытулярныя саветнікі (чын 9-га класа), а праз шэсць гадоў — у калежскія асэсары, што давала права на дваранскае званне, пазней прысвоены чыны надворнага саветніка і калежскага саветніка (6-ы клас). Але яго больш усцешыла прэмія ў 1000 руб., атрыманая ад міністра ўнутраных спраў, якая трохі паправіла яго матэрыяльнае становішча.
Уся працоўная дзейнасць доктара Ажэшкі была звязана з турэмнай бальніцай. У Томску існавала цэнтральная перасыльная турма, праз якую прайшлі сотні палітычных ссыльных. Іх абследаваў і лячыў доктар Фларэнцій, які сам памятаў свой шлях палітычнага зняволенага. Яны запомнілі яго як чулага, уважлівага чалавека, які са спачуваннем ставіўся да іх лёсу, і панеслі аб ім добрую пагалоску па Усходняй Сібіры. У турэмным шпіталі ён доўгія гады працаваў простым урачом, а з 1889 г. загадам па Міністэрстве ўнутраных спраў зацверджаны старшым урачом. Адказваючы за стан здароўя бяспраўных зняволеных, ён вёў пастаянную барацьбу за нармальнае забеспячэнне шпіталя патрэбнымі лекамі, чыстай бялізнай, за выкананне санітарна-гігіенічных умоў, таму што час ад часу адбываліся ўспышкі захворвання на тыф. Аб стараннай працы доктара Фларэнція Ажэшкі мы сустрэлі сведчанне і зусім з нечаканага боку. У 70-я гады XIX ст. амерыканскі журналіст Джордж Кенан падарожнічаў па Сібіры і пасля выдаў кнігу "Сібір", у якой адзначаў і турэмную бальніцу ў Томску, дзе служыў доктар Ажэшка:
"...пакоі для хворых былі ў чысціні, ложак чысты, і ўмовы былі значна лепшыя, чым у падобнай бальніцы для ссыльных у Цюмені... Але і тут, нягледзячы на старанні доктара, было вельмі цяжка".
Шматгадовая нястомная праца доктара Ажэшкі была адзначана і ардэнамі. "За отлично усердную службу и особые труды по тюремному ведомству" па хадайніцтве міністра ўнутраных спраў ён быў узнагароджаны ордэнамі Св. Станіслава III ступені, Св. Ганны III і II ступеняў. Але адзнакі і ўзнагароды не дадавалі здароўя, якое было падарвана ссылкай. І ў 1895 г. ён папрасіўся ў адстаўку.
Яму была прызначана "усиленная пенсия" ў памеры 600 руб. у год, але ён не складваў рук і працягваў прыватную практыку. У Томску яго многія ведалі як дасведчанага і бескарыслівага доктара, прыходзілі да яго людзі рознага стану і звання, і нікому ён не адмаўляў. Двойчы самаахвярна ўдзельнічаў у ліквідацыі ўспышкі халеры ў горадзе. За сваю вернасць клятве Гіпакрата, чуйнасць да людзей, бескарыслівасць Фларэнцій Ажэшка карыстаўся ўсеагульнай павагай жыхароў.
За 30 гадоў жыцця ў Сібіры горад і яго жыхары сталі яму сваімі, ён палюбіў гэты прыгожы край і яго людзей, не замыкаўся ў вузкім коле прафесійных інтарэсаў, а ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада, падтрымліваў добрыя сувязі з выхадцамі з Беларусі і Польшчы, высланымі сюды, у яго доме размяшчалася бібліятэка мясцовага польскага таварыства. Яго сяброўства і ўдзел у рабоце Томскага таварыства практыкуючых урачоў, у каталіцкім таварыстве, дабрачынных і асветніцкіх арганізацыях садзейнічалі поспеху ў іх дзейнасці; яго тройчы выбіралі ганаровым міравым суддзёй Томскага акруговага суда. Калі яго не стала ў 1905 г., праводзіць у апошні шлях выйшла паўгорада ўдзячных яму жыхароў. Пахаваны Фларэнцій-Дыяніс Ажэшка на каталіцкіх могілках у Томску, які стаў для яго другой радзімай.
Члены яго сям'і, як і ён, далучаліся да актыўнай працы на карысць растучага горада, годна працягвалі справу бацькі. Жонка Люцыя Ажэшка знаходзіла час і для выхавання сваіх дзяцей, і для грамадскай працы. Яна з'яўлялася членам праўлення каталіцкага таварыства ў Томску, апякала прытулак для бедных дзяцей пры гэтым таварыстве. На карысць абяздоленых дзяцей члены таварыства ладзілі ў горадзе дабрачынныя спектаклі, канцэрты, вечарыны. Да гэтай дзейнасці яна прыцягвала ўсіх сваіх дзяцей, і выраслі яны паважанымі людзьмі. Малодшы сын Фларэнція і Люцыі Ажэшкаў Вікенцій стаў вядомым томскім архітэктарам, некалькі яго будынкаў упрыгожылі горад. А яго "дом з драконамі", пабудаваны ў 1917 г., урадам Расіі аб'яўлены помнікам драўлянай архітэктуры федэральнага значэння.
Пасля смерці Фларэнція Ажэшкі яго сям'я працягвала жыць у Томску. На пачатку XX ст. усе сыны Фларэнція паспрабавалі вярнуць дваранскае званне і звярнуліся з адпаведным прашэннем у Гродзенскі дваранскі дэпутацкі сход, але адказ ў дакументах адсутнічае. Хутчэй за ўсё ён быў адмоўны, таму што праз дзесяць гадоў яго старэйшы сын Уладыслаў зноў звяртаўся ў гэты сход з прашэннем аб далучэнні яго і ягоных сыноў Вітольда-Фларэнція і Аляксандра да дваранскага роду. Жыла яго сям'я на станцыі Асіповічы Бабруйскага павета, дзе працаваў ён лекарам. У адмоўным адказе прыводзілася некалькі прычын такога рашэння, але галоўнай была адсутнасць дакумента аб несудзімасці яго бацькі Фларэнція. А тут і вайна пачалася — Першая сусветная.
Калі скончыліся войны, рэвалюцыі і грамадскія ўзрушэнні ў Расіі, Люцыя Ажэшка з унукам Георгіем, сынам Даменіка, на пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя пакінула Томск і пераехала ў Польшчу. За вялікую работу сярод польскіх ссыльных у Сібіры ўрад Польшчы ўзнагародзіў яе ордэнам. Яшчэ адзін сын доктара Фларэнція — Браніслаў (ад першага шлюбу) пасяліўся ў Ружаным Стоку Сакольскага павета Беластоцкага ваяводства і ў 1923 г. адшукваў правы на бацькоўскую вотчыну, адабраную расійскімі ўладамі пасля паўстання 1863 года. Як бы ні было на чужыне, але бацькоўская зямля кліча да сябе.
Дадатак №1
МАНИФЕСТ ЦЕНТРАЛЬНОГО КОМИТЕТА В КАЧЕСТВЕ ВРЕМЕННОГО НАРОДНОГО ПРАВИТЕЛЬСТВА**** Подлое грабительское правительство, разъяренное сопротивлением мучимой им жертвы, постановило нанести ей удар: схватить несколько десятков тысяч самых лучших и ревностнейших ее защитников, облечь в ненавистный московский мундир и погнать за тысячи миль на вечную нищету и погибель. Польша не хочет, она не может подчиниться этому позорному насилию и, под карою позора перед потомством, должна оказать энергичное сопротивление. Сонмы храброй молодежи, молодежи самоотверженной, одушевленной горячею любовью к отечеству, с непоколебимой верою в правосудие и помощь Божию, дали клятвенное обещание свергнуть проклятое ярмо или погибнуть. За нею поэтому Польский народ, за нею! После ужасного позора рабства, после невообразимых мук угнетения Центральный Комитет, в настоящее время единственное законное твое Народное Правительство, призывает тебя на поле борьбы — уже последней, на поле славы и победы, которую даст тебе и во имя Бога на небесах клятвенно обещает дать, ибо знает, что ты, вчерашний покаянник и мститель, завтра должен быть и будешь героем и великаном. Так! Ты завоюешь свою свободу, свою независимость таким величием мужества, святостью таких жертв, каких ни один из народов еще не записал на страницах своей истории. Возрождающемуся своему отечеству ты без сожалений, слабости и колебания отдашь свою кровь, жизнь и имущество, которых оно потребует от тебя. Взамен этого Центральный Народный Комитет обещает тебе, что усилия твоей храбрости не пропадут бесследно, пожертвования твои не будут потеряны, ибо он, принимая кормило правления, будет держать его сильною рукой. Он сокрушит все препятствия, разметает все запоры, всякое недоброжелательство к святому делу и даже недостаток усердия будет преследовать и наказывать пред суровым, хотя и справедливым судилищем оскорбленного отечества. С первого же дня открытого выступления, с первого момента начала святой борьбы Центральный Народный Комитет объявляет всех сынов Польши, без различия веры и рода, происхождения и состояния, свободными и равными гражданами края. Земля, которою пахари владели па правах чинша или барщины, с настоящего момента становится безусловною их собственностью, на правах вечного наследования. Понесшие убыток владельцы будут вознаграждены из общих средств государства. Безземельные и поденщики, вступающие в ряды защитников края, или, в случае доблестной их смерти на поле чести, семейства их получат наделы из защищенных ими от врагов земель государства. Итак, к оружию, народ Польши, Литвы и Руси! К оружию! Ибо час общего освобождения уже пробил, старый меч наш обнажен, священное знамя Орла, Погони и Архангела уже развернуто. А теперь мы обращаемся к тебе, Московский народ! Наш традиционный пароль — свобода и братство народов. Поэтому мы прощаем тебе даже убийство нашего отечества, прощаем даже кровь Праги и Ошмян, насилия на улицах Варшавы и пытки в крепостных подземельях. Прощаем тебе, ибо и сам ты, бедный, подвергаешься мучениям; трупы твоих детей качаются на царских виселицах, пророки твои мерзнут в снегах Сибири. Но если ты в этот решительный момент не почувствуешь внутри себя угрызения за прошлое, не почувствуешь святой жажды о лучшем будущем, если в нашей борьбе ты окажешь помощь тирану, который нас убивает, а тебя топчет, то — горе тебе! Ибо мы пред лицом Бога и всего света проклянем тебя на позор вечного подданства и вечную муку рабства: мы вызовем тебя на страшный бой уничтожения, последний бой европейского просвещения с диким варварством Азии! Варшава. 22 Января 1863 г. Верность с подлинным свидетельствует Литовский Комитет в качестве Временного Провинциального Правительства в Литве и Беларуси. |
Дадатак №2
ПРОКЛАМАЦИЯ ЦЕНТРАЛЬНОГО НАРОДНОГО КОМИТЕТА***** Центральный Народный Комитет, как временное народное правительство, сообразив о том, что, чтобы сбросить чуждое иго, нужно много народа и никто от исполнения военной службы отговариваться не может. Сверх сего, сообразив, что каждый обыватель, содержащий себя трудами, коль скоро отправится на войну, обязан обеспечить свое и своих родных существование, постановил и постановляет: 1. Однодворцы, батраки и прочие и вообще все помещики, содержащие себя единственно с заработков, призванные к оружию в ряды народного войска отчизны, будут сражаться, получают они, а в случае их смерти жены и дети в собственность с окончанием войны с народных имений надел не менее по крайней мере 3 морга. 2. Объявление и проведение в исполнение настоящего постановления Центральный Комитет поручает местным и воеводским начальникам. Дан в Варшаве 22 января 1863 г. |
Дадатак №3
ПРЕДПИСАНИЕ ВОЕННОГО МИНИСТРА КОМАНДУЮЩЕМУ ВОЙСКАМИ ВИЛЕНСКОГО ВОЕННОГО ОКРУГА ОБ ОХРАНЕ ЛИНИЙ ЖЕЛЕЗНЫХ ДОРОГ 12 Января 1863 года, №81. Государь Император по случаю возникающих вновь в Царстве Польском волнений Высочайше повелеть соизволил: обратить особенное внимание Вашего Высокопревосходительства на предупреждение и пресечение беспокойств, могущих отозваться между населением вверенного Вам края, и принять неотлагательно самые действительные меры к охранению линий железной дороги и телеграфного сообщения, и для сего употребить вверенные Вам войска. В случае же появления в каких-либо местностях шаек злоумышленников, имеющих целью нарушить спокойствие края, объявлять эти местности на военном положении, на основании существующих правил; самих же виновных предавать Полевому Уголовному Суду. К сему имею честь присовокупить, что для командования отрядами, которые будут сформированы Вами с целью охранения дорог, назначаются по Высочайшему повелению по линии от Вильно до границы Царства Польского Генерал-Лейтенант Веселитский, а по линии от Вильно до Прусской границы Свиты Его Величества Генерал-Майор Волков. Независимо постоянных отрядов вблизи станций железной дороги, небесполезно посылать от времени до времени отряды по самой дороге в полной готовности к действию в тех местах, где окажется нужным. О всех распоряжениях, какие будут по сему предмету делаемы, я буду ожидать уведомлений Вашего Высокопревосходительства. Генерал-адъютант Д. Милютин. |