Юрась Бачышча (Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, Вільня)
кандыдат гістарычных навук
Постаць Кастуся Каліноўскага ў друкаванай спадчыне беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў
Апошнім часам назіраюцца спробы выдаліць асобу кіраўніка паўстання 1863-1864 г. у Літве і Беларусі Вікенція Канстанціна Каліноўскага з пантэону беларускіх нацыянальных дзеячаў і пачынальнікаў беларускага нацыянальнага Адраджэння. У часопісе “Беларуская думка” за 2008 г. з’явіліся публікацыі Аляксандра Гронскага і Аляксандра Бендзіна1, у якіх Каліноўскі лічыцца палякам, у дзейнасці якога нібыта не было нічога беларускага. Адначасна апошнім аўтарам робіцца спроба “адмыць” Міхаіла Мураўёва, ад тых адмоўных ацэнак, якія ён заслужыў сваёй рэпрэсіўнай дзейнасцю ў Беларуска-Літоўскім краі. У адным з пазнейшых нумароў вышэйзгаданага часопіса Анатоль Мяснікоў напіша пра Каліноўскага, што “Усё ж ён герой”2, аднак сам тэкст артыкула не вельмі пераканаўчы. Тым не менш, для большасці беларускіх гісторыкаў пытанне беларускасці Кастуся Каліноўскага, не выклікае сумніву. Аб гэтым сведчыць вялікая колькасць публікацый, пачынаючы з артыкула Вацлава Ластоўскага “Памяці Справядлівага” у самым першым нумары “Гомана” за 1916 г.3
Адным з першых пытаннем “Хто быў Костант Каліноўскі?” зацікавіўся і беларускі ксёндз Уладзіслаў Талочка4. Каліноўскі паўстае ў яго артыкуле як чалавек, які любіў свой народ і змагаўся за яго адраджэнне. Талочка быў першым хрысціянскім дэмакратам, які прамовіў сваё слова пра беларускага кіраўніка паўстання. Калі, праўда, не лічыць Вацлава Ластоўскага хрысціянскім дэмакратам, бо ён хаця і не з’яўляўся чальцом Хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці, якая паўстала ў 1917 г., але належаў да сяброў Хрысціянскай злучнасці, якая існавала ў Вільні ў 1915 г.5
У далейшым асоба Каліноўскага, яго дзейнасць і спадчына выклікала да сябе ўвагу шэрагу аўтараў – літоўскага гісторыка Аўгустынаса Янулайціса, беларусаў Івана Цвікевіча і Усевалада Ігнатоўскага. Але з усіх прац міжваеннага перыяду вылучаецца сваёй значнасцю брашура Адама Станкевіча “Кастусь Каліноўскі, “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі”6. Уладзімір Конан, найлепшы знаўца спадчыны А.Станкевіча, лічыць ягоны біяграфічны нарыс пра Каліноўскага “узорным даследаваннем гэтай тэмы”7.
Між іншым, ніводны са згаданых вышэй аўтараў “Беларускай думкі” пры падрыхтоўцы сваіх артыкулаў не скарыстаў гэтую публікацыю лідэра беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, якая з’яўляецца першай і найбольш грунтоўнай манаграфіяй пра асобу Каліноўскага, якая выйшла ў свет у першай палове XX ст. У пазнейшы час хіба толькі Генадзь Кісялёў і Вячаслаў Шалькевіч здолелі дасягнуць такога ж узроўню глыбіні аналізу жыцця, асобы і поглядаў лідэра паўстанцаў. Па многіх пытаннях брашура А.Станкевіча да сённяшняга часу застаецца актуальнай і без яе прачытання і аналізу губляецца важная частка гістарыяграфічнай спадчыны. Аднак неабходна заўважыць, што аналізу твораў Станкевіча не надавалі пакуль значнай увагі.
Само імя Адама Станкевіча, выдатнага стваральніка і шматгадовага ідэйнага, духоўнага і арганізацыйнага кіраўніка беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў да 90-х гг. заставалася амаль невядомым не толькі звычайным чытачам, але і гісторыкам. Яго творчая навуковая і публіцыстычная спадчына хавалася ў “спецсховішчах” архіваў, а імя яго не згадвалася ў савецкіх энцыклапедыях ці нейкіх іншых даведніках8. Неабходна, сказаць, што публікацыямі Станкевіча не карысталіся ў 1988 г. яшчэ ні В.Шалькевіч пры напісанні сваёй біяграфіі Каліноўскага, ні гісторыкі, якія сабраліся ў гэтым годзе ў Гародні на навуковую канферэнцыю, прысвечаную 150-годдзю з дня нараджэння беларускага паўстанца. І толькі пачынаючы з 90-х гг., дзякуючы намаганням Беларускай каталіцкай грамады, гісторыка і філосафа Уладзіміра Конана, гэтае імя і творы Кастуся Каліноўскага пачалі вяртацца да беларускага чытача. Нарэшце, 2008 г. стаўся проста выключным, бо на свет з’явіліся адразу два зборніка твораў беларускага ксяндза9, якія ахапілі амаль усю яго друкаваную творчую, навуковую і духоўную спадчыну.
Чаму важна аналізаваць творы Станкевіча, прысвечаныя Каліноўскаму? Ідэолаг хрысціянскай дэмакратыі меў сфармаваны цэласны погляд на гісторыю Беларусі і на тое, як неабходна фармаваць беларускую нацыю. Гэты погляд значна адрозніваўся ад сацыялістычнага, распаўсюджанага сярод многіх беларусаў. Станкевіч адмаўляў класавы падзел і неабходнасць барацьбы класаў, на беларускі народ глядзеў як на адзіны арганізм і лічыў, што фармаванне беларускай свядомай эліты і нацыі мусіць адбывацца эвалюцыйным шляхам праз арганічную працу над развіццём беларускай культуры.
У адрозненне ад погляду хадэкаў, большасць літаратуры, якая выходзіла ў савецкай Беларусі, несла ў сабе пэўныя ідэалагічныя штампы. А пачынаючы з 1928 г., з публікацыі “Очерков по истории революционного движения в Белоруссии (1863-1917 гг.)” С. Агурскага, увогуле распачалося вяртанне да ацэнак расейскай гістарыяграфіі, што паўстанне было арганізавана выключна палякамі, да якіх адносілі і Каліноўскага. Менавіта ў Агурскага прысутнічае думка, падхопленая пазней Гронскім, што “Мужыцкая Праўда”, фактычна, з’яўлялася польскім выданнем, адзінай задачай якога было ўцягнуць у барацьбу беларускіх сялян за інтарэсы кіраўнікоў польскага паўстання, а беларуская мова была выкарыстаная толькі ў прапагандысцкіх мэтах.
У 30-я ж гады пісаць пра беларускае нацыянальнае стала жыццёва небяспечным ва Усходняй Беларусі, таму нейкіх навуковых даследаванняў пытання там проста не магло быць. І вось, менавіта ў гэты час, у 1933 г., прысвячаючы сваё выданне 70-годдзю беларускай прэсы і 15-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларусі, Адам Станкевіч выдаў кнігу пра Каліноўскага. На гэтым фоне, важнасць працы напісанай Адамам Станкевічам мае выключнае значэнне. Ён змог адлюстраваць хіба не толькі свае думкі, але погляд усяго беларускага руху на многія аспекты беларускай гісторыі. Нездарма, на адным з асобнікаў кніжкі беларускага ксяндза пра Каліноўскага, на сымбалічным бел-чырвона-белым тытульным аркушы, кімсьці з камуністычных катаў быў пастаўлены прысуд “Уничтожить”10.
Тэкст брашуры ўзнік з рэферату, прачытанага ксяндзом Станкевічам на ўрачыстай імпрэзе. Лідэр хрысціянскіх дэмакратаў мог пісаць пра Каліноўскага ўсё, што думаў і гэта яго выгодна адрознівала ад становішча гісторыкаў на ўсходзе. Станкевіч выкарыстоўваў усю даступную літаратуру пра Каліноўскага. У бібліяграфіі выдання Станкевіча знаходзім творы на польскай, літоўскай, беларускай і расейскай мовах, успаміны сучаснікаў, прыхільнікаў і ідэйных апанентаў Каліноўскага. Найбольш важным было тое, што Станкевіч упершыню выкарыстаў віленскія архіўныя матэрыялы, датычныя справы Каліноўскага.
Ужо ў самім прысвячэнні сваёй кнігі Адам Станкевіч яднае Кастуся Каліноўскага з абвяшчэннем незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г., падкрэсліваючы, што менавіта гэты чалавек больш за паўстагоддзя да важнай для беларусаў даты зрабіў першыя крокі да палітычнага вызвалення свайго народу.
Крытычна ацэньваючы высновы польскай і расейскай гістарыяграфіяў адносна асобы Каліноўскага, дзе ён паўстае або як “самолюбивый безумный мятежник”, або як “polski bohater narodowy”, Станкевіч адзначае як сапраўдны навуковец, што некаторы фактычны матэрыял з гэтых прац усё ж можа быць скарыстаны.
Станкевіч заўважае, што пра беларускія і літоўскія землі Каліноўскі “разважаў як адно цэлае”. Таму лідэр БХД лічыць задачай беларускіх і літоўскіх гісторыкаў (а не польскіх ці расейскіх) даць належнае тлумачэнне асобе Каліноўскага і яго дзейнасці. Станкевіч дае высокую ацэнку працы літоўскага гісторыка Аўгустынаса Янулайціса11, які адным з першых паказаў “праўдзівы твар Каліноўскага”. Менавіта гэты прафесар заўважыў, што ў паўстанні, якое раней лічылася выключна польскім, важную ролю на кіруючых пасадах адыгрывалі таксама літоўцы і беларусы, у прыватнасці, ксёндз Антон Мацкевіч і Кастусь Каліноўскі, якія змагаліся за палітычную самастойнасць свайго краю12.
Сярод беларускіх гісторыкаў Станкевіч згадаў Усевалада Ігнатоўскага, які “з шматлетніх плесьняў на сьвятло дзённае пачаў выдабываць слаўную асобу нашага народнага героя Каліноўскага”13.
Да важных здабыткаў Станкевіча ў сферы ацэнкі спадчыны Каліноўскага варта аднесці тое, што ён першым заўважыў некарэктнасць прыпісвання беларускім народным героям 70-цігадовай даўнасці сучасныя14 беларускія ідэалы. Ён лічыў няправільнай спробу сфармаваць у беларускай навуцы вакол Каліноўскага легенду, “як аб барацьбіце за незалежнасьць Беларусі, і прытым у сучасным разуменьні”15. Гэтым ён перасцерагаў беларускіх гісторыкаў ад скрыўленага тлумачэння месца асобы Каліноўскага ў беларускай гісторыі. Станкевіч падкрэсліваў федэралізм Каліноўскага, што той імкнуўся да “роўнага суіснавання народаў унутры федэрацыяў” з Польшчай, альбо нават з Расеяй, калі там перамогуць дэмакраты-народнікі. Каліноўскі, на думку Станкевіча, магчыма яшчэ не бачыў ідэала – цалкам незалежнай і самастойнай беларускай дзяржавы. Аднак тое бачанне нацыянальнай ідэі, якое меў Каліноўскі на той час, Станкевіч лічыў вельмі прагрэсіўным і вартым павагі. Вядома, што і на Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 г. большасць дэлегатаў яшчэ не ўяўляла сваю краіну цалкам незалежнай, выказваліся думкі пра аўтаномію ці федэрацыю з Расеяй, і нават перад самым падпісаннем 25 сакавіка 1918 г. Трэцяй устаўной граматы БНР гэтыя спрэчкі працягваліся.
Станкевіч узняў праблему стварэння вакол Каліноўскага пэўнай легенды і неадпаведнай ацэнкі яго дзейнасці, але, у адрозненне ад Гронскага, не адмаўляў беларускасці Каліноўскага і яго дзейнасці на карысць свайго народу. Толькі ён зазначаў, што імкненні Каліноўскага не зусім падпадаюць пад сучасныя тэрміны і не могуць ацэньвацца з пункту гледжання сучаснага разумення нацыі, нацыяналізму, дзяржаўнай незалежнасці, бо тады быў іншы час. У сваёй працы Станкевіч і ставіў задачу разабрацца ў сутнасці “самастойніцкай ідэі” Каліноўскага, вызначыць яе межы і тэрыторыю, на якой збіраўся пашырыць свае ідэалы гэты беларус16. Як вынік, на думку У. Конана, менавіта А. Станкевіч “упершыню дакладна вызначыў сутнасць ідэалогіі К. Каліноўскага і ягонай “Мужыцкай праўды” – ідэю адраджэння Вялікага Княства Літоўскага як складовай часткі федэрацыі двух народаў”17.
Станкевіч апісаў варункі, у якіх пачынаў сваю дзейнасць Каліноўскі. Гэта быў час, калі “вясна рамантызму лунала над галавой Беларусі” і “прыходзіла да беларускага народу ... яго нацыянальнае адраджэньне”. Гэта быў час, калі з муроў віленскага універсітэту з’явіліся і беларускія рамантыкі-пісьменнікі і навукоўцы. А таксама – “гэта час палітычных нацыяналізмаў, час народных рэвалюцыяў, час будаваньня нацыянальных дзяржаў і тварэньня нацыянальных культураў...”18 Гэта таксама час фармавання і распаўсюджання народніцкіх ідэяў, сфармаваных Герцэнам і Бакуніным у Лонданскім часопісе “Колокол”. Аднак Станкевіч не проста згадвае гэты часопіс, але падрабязна разглядае тыя погляды, якія пашыраліся на яго старонках і асабліва датычылі беларускіх зямель. Аўтары “Колокола” выступалі з ідэяй палітычнай самастойнасці розных народаў і фармавання імі федэратыўных дзяржаў на падставе роўнасці народаў. Сфармаваўся там і ідэал для будучай Польшчы, якая бачылася “не шляхоцкай і не адзінай суцэльнай дзяржавай”, а “павінна стварыць зь земляў даўнейшай Польшчы саюз вольных народаў, злучаных вольнай фэдэрацыяй”. Прычым, да гэтай федэрацыі мусіла далучыцца і Расея.
Станкевіч падкрэслівае значны ўплыў гэтых ідэй на “беларускую дэмакратычную інтэлігенцыю”, сярод якой таксама зараджаўся палітычны рамантызм у выглядзе розных незалежніцкіх ідэяў. У пачаткаў беларускага палітычнага рамантызму, Адам Станкевіч і ставіць асобу Кастуся Каліноўскага. Ён на думку беларускага ксяндза, марыў не толькі “аб волі беларускага народу, а такжа аб волі народаў усяго быўшага Вялікага Княства Літоўскага”19.
Станкевіч, у адрозненне ад гісторыкаў-сацыялістаў, не трактаваў Каліноўскага як класавага барацьбіта. Ён адзначаў, што Каліноўскі не ўскладаў надзеяў на буйную шляхту, а лічыў, што “паўстанне маюць рабіць сяляне і дробная абяднелая шляхта”. Пры гэтым ён дапускаў і буйную шляхту да ўдзелу ў паўстанні у тых месцах, дзе сяляне не маглі іх ведаць з кепскага боку20. У Станкевіча няма такога жорсткага размежавання ўдзельнікаў паўстання на паноў і сялян, як гэта прасочваецца ў многіх савецкіх даследаваннях.
Станкевіч ацэньваў Каліноўскага як “чыстай вады палітычнага рамантыка”, які любіў народ і “безгранічна ў яго верыў”21. Пэўна такая вера ўспрымалася ксяндзом за рамантызм, бо сам ён разумеў, што, найперш, надзея мусіць ускладацца на Бога і толькі потым на людзей. Станкевіч сам усё жыццё паклаў, каб зрабіць беларусаў свядомай нацыяй і відавочна ўсведамляў усе цяжкасці гэтай працы і працэсу фармавання свядомасці народа, якая не ўзнікае раптоўна, але кшталтуецца дзесяцігоддзямі.
Станкевіч падкрэсліваў, што Каліноўскі не быў непасрэдным вайсковым правадыром, а больш займаўся кіраваннем паўстання ў сэнсе палітычным і ідэйным.
Лідэр беларускай хадэцыі звяртаў увагу, што аднадумцам Каліноўскага быў “вялікі патрыёт народу літоўскага кс. Антон Мацкевіч”, якога Каліноўскі назначыў ваяводам “зямель этнаграфічна літоўскіх”22. Як бачым у апошнім выразе, Станкевіч усведамляў таксама, што пад тэрмінам “Літва” у той час разумеліся абшырныя тэрыторыі, якія ўключалі і беларускія і літоўскія землі. Пра тое, што пад Літвой разумелі таксама Беларусь паведамляе сучаснік ксяндза А. Цьвікевіч: “Паняцьце “Літвы” (у адрозненьні ад этнографічнай Літвы...) ... абыймало, такім чынам, апроч этнографічнай Літвы і ўсю этнографічную Беларусь”23. Літоўскі гісторык Аўгустынас Янулайціс яшчэ ў 1923 г., пішучы сваю кнігу пра паўстанне, называў цяперашнія літоўскія землі жмудзкімі, ксяндза Мацкевіча жмудзкім лідэрам, ды і саміх літоўцаў жмудзінамі24. Відавочна, што гісторыкі 20-х гг. XX ст., а ўслед за імі і Станкевіч, не сумняваліся, што тэрміны “Літва”, “літоўскі” у часы Каліноўскага распаўсюджваліся і на беларускія землі і народ.
Адам Станкевіч падкрэсліваў супольную барацьбу літоўцаў і беларусаў, агульнасць іх інтарэсаў, што было вельмі блізка беларускаму ксяндзу, бо ў першай палове XX ст. ужо ён сам імкнуўся паяднаць паміж сабой літоўскі і беларускі нацыянальны рух, усталяваць паміж імі шчыльныя сувязі.
Адам Станкевіч, як святар, цытаваў найбольш трапныя выказванні Каліноўскага, якія адлюстроўвалі ўсю веліч і ахвярнасць яго маральнага выбару. Гэта бачна праз цытаванне словаў Каліноўскага, калі ён адмаўляецца данасіць на сваіх сяброў (“прапазіцыю гэту вязень адкінуў з пагардай”), кажучы “што калі асабістая грамадзкая мужнасьць ёсьць цнотай, то шпіёнства ёсьць маральна абрыдлым, і што грамадзянства збудаванае на шпіёнстве, ня варта назовы грамадзянства...” А калі следчая камісія падштурхоўвае яго задумацца аб смерці, ён прамаўляе: “Прычыны і скуткі я добра абдумаў, а сьведамасьць уласнай дастойнасьці і таго становішча, якое я займаў у грамадзянстве, не пазваляюць мне ісьці іншай дарогай”25.
Далей цытуецца вельмі станоўчая характарыстыка Каліноўскага з боку Якуба Гейштара, які быў між іншым яго палітычным апанентам. Апошні падкрэсліў выключную “асабістую самаахвярнасьць” Каліноўскага і яго любоў да народа, назваў яго “найпрыгажэйшым, найчысьцейшым” і падводзячы вынік кажа, што “гэты адзін чалавек варт быў сотняў”26. Такім чынам, Станкевіч фармаваў годны прыклад для беларускай моладзі.
Разам з тым, акцэнтуецца жорсткасць і амаральнасць М. Мураўёва. Станкевіч падкрэсліў, што менавіта, генерал-губернатар сваім уласным загадам змяніў прысуд ваенна-палявога суда з расстрэлу Каліноўскага на павешанне.
Разважаючы далей над сутнасцю незалежніцкай ідэі Каліноўскага, Станкевіч тлумачыць, што гэта “беларускі народнік, які змагаўся перадусім за сацыяльныя правы беларускага народа, а такжа за яго волю палітычную ў сэнсе... фэдэрацыі з Польшчай, як сапраўды “вольныя з вольнымі і роўныя з роўнымі”27.
Такая выснова была зроблена А. Станкевічам на падставе грунтоўнага аналізу тэкстаў, напісаных Каліноўскім у “Мужыцкай праўдзе”. Гісторык шляхам супастаўлення звестак з розных крыніц паспрабаваў датаваць паасобныя нумары “Мужыцкай праўды”, а таксама вызначыць месца іх захавання на той час. Ён падкрэсліў памылку, распаўсюджаную ў тагачаснай беларускай літаратуры, што пачатак выдання “Мужыцкай праўды” звязваюць з 1863 г., хаця пачала яна выдавацца ў 1862 г.
Аналізуючы газету, ён пісаў, што яна выдавалася лацінкай на даволі чыстай беларускай мове “з горадзенскімі асаблівасьцямі”. Станкевіч цалкам перадрукаваў №2 “Мужыцкай праўды”. Ён імкнуўся паказаць, што Каліноўскі дамагаўся вольнасці “народна-палітычнай”. Звярталася ўвага на тое, што Каліноўскі не толькі падкрэсліваў адметнасць свайго народу ад маскалёў, але і ўважаў “гэты народ і край агулам як нешта цалкам самастойнае, рознае ад палякаў і Польшчы”28. Як доказ таму цытаваліся фрагменты згаданай паўстанцкай газеты: “...Пад маскалём забыці трэба, што ёсць у нас бацькаўшчына”, “...У Польшчы мужыкі таксама, як і вы, спадзяваліся на цара ...” і інш.
Станкевіч шчыра прызнаваўся, што не бачыў №1 і №4 “Мужыцкай праўды”, але адзначаў падобнасць агульнага пасылу ўсіх іншых нумароў. Ён звяртаў увагу на асаблівасць №6, дзе разглядалася рэлігійнае пытанне, і лічыў цалкам слушным заклік Каліноўскага да праваслаўных беларусаў вяртацца ў унію. Даследчык вызначаў дзве магчымыя прычыны ўзняцця Каліноўскім гэтай праблемы на старонках “Мужыцкай праўды”. Па-першае, імкненне скарыстаць гэтую балючую тэму, дзеля ўзбунтавання народу супраць царскага панавання. Таксама даследчык дапускаў, што Каліноўскі мог бачыць у уніі трывалы грунт для духоўнага паяднання беларускага народа, разарванага на дзве варожыя часткі.
Паколькі Станкевічу прыходзілася спатыкацца з закідамі, што “Мужыцкая праўда” – гэта ніякая не газета”, то ён спрабаваў даказаць, чаму гэтае выданне сапраўды можна лічыць першым перыядычным беларускім выданнем. Сярод такіх доказаў ён называў перыядычнасць выхаду і парадкавы нумар на кожнай газеце, адну і тую ж назву “Мужыцкая праўда”, якая захоўваецца з нумару ў нумар, а таксама “высокаідэйны грамадзкі і – апрача самай мовы беларускай – агулам беларуска-нацыянальны зьмест”29. Станкевіч прыгадаў, што і некаторыя польскія аўтары (як Я. Гансяроўскі) называлі яе газетай ці “часопісяй”. Напрыканцы, лідэр хадэкаў заўважыў, што той з беларусаў, хто адносіўся б да “Мужыцкай праўды” без належнай пашаны, “быў бы тым біблійным Хамам, які сьмяяўся з свайго бацькі”30. Паводле Адама Станкевіча, “Мужыцкая праўда” – гэта зародак, пачатак, маці беларускай сучаснай прэсы”.
Станкевіч адзначаў, што некаторыя польскія аўтары прыпісваюць Каліноўскаму таксама выданне іншай беларускай газеткі “Гутаркі двух суседаў”, якой, па вядомых яму звестках, выйшла тры нумары.
У асобным раздзеле характарызаваў беларускі ксёндз “Пісьмы з-пад шыбеніцы”. Сярод важных назіранняў Станкевіча, тое, што ў гэтых лістах значна выразней выступаў “элемэнт беларускі, нацыянальны”. Калі ў “Мужыцкай праўдзе” Каліноўскі ніколі не называў беларусаў “беларусамі”, то ў лістах ён ужо называе іх “мужыкі-беларусы” [курсіў Станкевіча – Ю.Б.]31. Ксёндз вылучыў некалькі ключавых думак, выказаных лідэрам паўстанцаў. У першую чаргу, гэта заклік і далей змагацца за сваю волю разам з палякамі, не чакаць дапамогі з-за мяжы, але самім здабываць вольнасць. Відавочна, што Кастусь Каліноўскі дапускаў магчымасць здабыцця беларусамі беларускай школы пры дапамозе Польшчы, падкрэсліваў саступкі, якія былі зробленыя палякамі ў сваім Маніфесце. Мелася на ўвазе абяцанне “самаўрадаў” і надзялення сялян зямлёй, роўнасці ўсіх і прызнанне за народамі Літвы і Русі злучанымі з Польшчай “найшырэйшага разьвіцьця нацыянальнасьці і мовы”32.
Адам Станкевіч даводзіў, што Каліноўскі – беларус. Ён не прымаў аргумент, што шляхецкае паходжанне Каліноўскага далучала яго да палякаў, бо і беларусы былі шляхціцамі, “нават цэлыя беларускія вёскі”. Станкевіч сцвярджаў, што перагледзеў шляхецкія радаводы Каліноўскіх у некалькіх польскіх даведніках і не знайшоў там ніякіх польскіх каранёў. Але нават, дапускаючы, што яго продкі паходзілі з Польшчы, Станкевіч перакананы, што гэта ніколькі “не перашкаджае беларускасьці Каліноўскага”, бо гэтыя продкі ўжо прынамсі некалькі пакаленняў жылі на Беларусі і былі “зьбеларушчаны”33.
Найбольш выразнай адзнакай, па якой неабходна вызначаць нацыянальную прыналежнасць чалавека, Станкевіч лічыў, яго самасвядомасць, “духовае асабістае пачуцьцё чалавека да якой[сьці] нацыянальнасьці і канкрэтная праца для дабра яе”34. Даследчык нагадваў, што Каліноўскі “не любіў шляхты”, “ніколі нідзе не называў сябе палякам, а называў часта гістарычным назовам – літвін, як тады называлі ня толькі самых літвінаў, але такжа і беларусаў, якія ў гісторыі разам зь літвінамі ды і з украінцамі збудавалі супольную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае”35.
Такім чынам, абвяргаючы аргументы польскіх гісторыкаў, Станкевіч паказваў Каліноўскага як беларуса, які добра ўсведамляў уласную адметнасць ад палякаў і імкнуўся да адасобленасці, аб чым кажуць многія згадкі пра яго “сепаратызм”, як ва ўспамінах сучаснікаў, так і ў саміх польскіх аўтараў.
Найбольш грунтоўна імкненне Каліноўскага да самастойнасці ад Польшчы даводзіцца ў восьмым раздзеле, які называецца “Каліноўскі – змагар за палітычную самастойнасць Беларусі”. Тут Станкевіч прыводзіць успаміны сучаснікаў Каліноўскага, якія якраз сведчаць пра ягонае імкненне адасобіцца ад Польшчы. Гэта словы Я. Гейштара, які ўважаў Каліноўскага за “літоўскага сепаратыста” і пісаў пра праект Літоўскага камітэта, які “быў сапраўды незалежным урадам ад Варшавы, варшаўскі ў ім камісар меў голас толькі дарадчы”36. Станкевіч цытаваў расейскага афіцыйнага гісторыка і сучасніка тых падзеяў генерала В. Ратча: “Каліноўскі з настроем герцэнаўскай школы, на чале самалюбных асобаў з чырвоных літвінаў, стойка праводзіў ідэю самастойнасці Літвы”37. Пры гэтым Станкевіч неаднаразова падкрэслівае ў сваёй кнізе, што “літвін” і “Літва” павінны таксама ўспрымацца як “беларус” і “Беларусь”. Паводле польскага гісторыка В. Пшыбароўскага, таксама цытаванага ў брашуры, Каліноўскі лічыў, што “Літва павінна разам з Польшчай дабівацца незалежнасці,... але павінна станавіць адзінку асобную, цалком незалежную ад Польшчы і звязаную з ёй толькі вузламі федэрацыйнамі... У паўстанні Каліноўскі бачыў перадусім незалежнасць Літвы, а пасля сацыяльную рэвалюцыю...”38 Станкевіч сцвярджаў, што ў такім святле паўстае Каліноўскі і ў працах іншых расейскіх, літоўскіх і беларускіх гісторыкаў.
З гэтых звестак Станкевіч вымалёўваў палітычную ідэалогію Каліноўскага, які “імкнуўся да незалежнасьці Беларусі і Літвы ў федэрацыйнай лучнасьці з Польшчай, і, што ў гэную федэрацыю Беларусь зь Літвой мелі ўвайсьці як сапраўды вольныя, роўныя, палітычна самастойныя дзяржавы”39. Далейшыя погляды Каліноўскага на федэрацыйнае ўладкаванне Станкевіч звязваў з поглядамі тагачасных украінскіх (Кастамаравым, Драгаманскім, Антановічам) і расейскіх (Герцэнам) народнікаў.
Такім чынам, Станкевіч прыходзіў да высновы, што Каліноўскі – першы “вялікі барацьбіт за вольнасьць сацыяльную і за самастойнасьць народна-палітычную беларускага народу”, які змагаўся за гэтую “вялікую ідэю” і склаў “на алтыры любові да бацькаўшчыны і народу... маладое жыццё сваё”40. Станкевіч падкрэслівае, што Каліноўскі ўваскрасіў “дзяржаўніцкую федэрацыйную ідэю зямель быўшага ВКЛ”, якая “замёрла разам зь вялікім Львом Сапегам”41.
Беларускі ксёндз адносіў Каліноўскага да людзей, якія мелі вялікі дух. Ён паказаў Каліноўскага як пакутніка за свой народ , што “завіс на шыбеніцы як ахвяра сваёй любові да народу, да праўды вышэйшай і справядлівасці”.
Як бачна, Каліноўскі быў вельмі блізкім па духу героем для Адама Станкевіча, які таксама ўсё пакладаў на алтар служэння сваёй Айчыне. Каліноўскі не быў матэрыялістам, але быў чалавекам ідэі, які хадзіў у страху перад Богам. Гэта пэўна выклікала асаблівую прыхільнасць у лідэра беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, бо ўсё сваё жыццё ён імкнуўся паяднаць хрысціянскую веру з служэннем Беларусі. Два цэнтральныя пастулаты хадэкаў “Бог і Бацькаўшчына”, відавочна былі і сярод каштоўнасцяў, якія раздзяляў Кастусь Каліноўскі. Уся яго публіцыстыка імі прасякнута, а дзейнасць сведчыць пра гэта на справе. І Каліноўскі, і Станкевіч прыхільна ставіліся да уніі, спадзеючыся што яна зможа вярнуць цэласць беларускаму народу. Адзінае, што іх адрознівала – гэта погляд на шляхі дасягнення сваіх мэтаў. Каліноўскі лічыў, што неабходна ўзброенае паўстанне, а хрысціянскія дэмакраты выступалі за арганічную эвалюцыйную працу над узгадаваннем нацыянальнай свядомасці сярод беларусаў, рыхтуючы такім чынам эліту беларускага грамадства.
Станкевіч праводзіў біблейскую аналогію з жыцця і смерці Каліноўскага, які “стаўся зярнём ускрашэньня нашага народу”42. Беларускі святар паказаў пераемнасць ідэйнай спадчыны Каліноўскага ў далейшых пакаленнях, і, што яго смерць не была дарэмнай, але выклікала да жыцця многія маладыя і ахвярныя ў сваім служэнні Бацькаўшчыне душы. Ідэі Каліноўскага, паводле Адама Станкевіча, увасобіліся ў Акце Незалежнасці Беларусі, абвешчаным 25 сакавіка 1918 г.
Характарызуючы кнігу Станкевіча, неабходна ўлічваць, што яно паўстала з рэферату, чытанага на ўрачыстасці і таму мае пэўную папулярную форму. Разам з тым, вялікая праца з даступнай тагачаснай літаратурай і першакрыніцамі ўводзіць гэту кнігу і ў шэраг навуковых. Многія пытанні былі пастаўленыя А. Станкевічам упершыню ў беларускай навуцы і ён паспрабаваў на старонках сваёй кнігі знайсці на іх адказы. Можа, не заўсёды гэта атрымалася, але было зроблена шмат новага для айчыннай думкі.
Завяршаў сваю працу Станкевіч выказваннем, што ён “зрабіў, што мог, няхай, хто можа, зробіць лепш”43. Спадзяваўся ён, што гэтая яго праца не будзе дарэмнай, але з карысцю паслужыць разам са змешчанай ніжэй бібліяграфіяй наступным беларускім даследчыкам спадчыны Каліноўскага. Сапраўды, працы Станкевіча вяртаюцца да беларускага даследчыка і нясуць карысць, але на жаль гэтае вяртанне зацягнулася на некалькі дзесяцігоддзяў у сувязі з рэпрэсіўнай палітыкай савецкай улады. Праўда, як ужо адзначалася, не ўсе даследчыкі і зараз лічаць неабходным звяртацца да гэтай манаграфіі, ці мо не ведаюць пра яе?
Дарэчы, ксёндз Станкевіч праз нейкі час сам быў пастаўлены ўровень з героем сваёй брашуры. Ужо ў 1940 г. на 25-я ўгодкі святарскай дзейнасці Адама Станкевіча, Язэп Найдзюк параўнаў ксяндза з К. Каліноўскім. Пішучы аб яго шырокай выдавецкай дзейнасці, ён адзначыў, “што праца гэта нялёгкая, а да таго і адказная, аднак кс. Адам Станкевіч яе праводзіў і праводзіць далей, бо ён так як і Скарына, так як і К.Каліноўскі, знае добра вартасьць друкаванага слова”44.
Такім чынам, для беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў ніколі не ўзнікала пытанне ці з’яўляецца Каліноўскі беларускім нацыянальным героем! Ніколі беларускія хадэкі не забывалі адзначыць памятныя даты, звязаныя з Каліноўскім. У 1933 г. хадэцкая прэса разразілася цэлым дажджом юбілейных публікацый прысвечаных 70-годдзю беларускай прэсы і 15-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Адмысловыя тэксты прысвечаныя Каліноўскаму і яго газэце “Мужыцкая Праўда”, з’явіліся ў “Беларускай крыніцы”, “Хрысьціянскай думцы”, “Шляху моладзі”, Бюлетэні беларускіх студэнцкіх арганізацыяў (АБСА) ў Празе. Ва ўсіх гэтых перыядычных выданнях, па сутнасці, перадрукоўваліся тэксты А. Станкевіча.
Да 70-годдзя смерці Кастуся Каліноўскага і 50-годдзя народніцкага часопісу “Гоман” было прысвечана выданне манаграфіі А. Станкевіча “Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення”, якая з 1934 г. друкавалася часткамі ў “Шляху моладзі”, а ў наступным годзе выйшла асобнай брашурай45. У гэтай кнізе асобны раздзел прысвечаны К. Каліноўскаму, і ён утрымлівае новы аналіз і новыя думкі.
Станкевіч пісаў, што Каліноўскі паходзіў з “беларускай спольшчанай шляхты”, а бацька яго быў з Рэплі Ваўкавыскага павету. Кастусь атрымаў на пачатку хатнюю адукацыю і толькі потым вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Станкевіч падкрэслівае прыналежнасць Каліноўскага да руху польскіх дэмакратаў-народнікаў, а таксама яго пастаянную варожасць да “польскага цэнтральнага нацыяналістычна-захопніцкага камітэту”, па прычыне ідэйных разыходжанняў.
Станкевіч называў Каліноўскага першым беларускім народнікам і федэралістам. Ён зноў падкрэсліваў, што ў Каліноўскага не было і не магло быць беларускага нацыяналізму ў сучасным разуменні слова, як поўнай незалежнасці для свайго народа і дзяржавы, а, у тых умовах, толькі як федэрацыі самастойных і роўных Польшчы, Літвы і Беларусі.
Станкевіч крытыкаваў С. Агурскага за выказаную ім думку, што Каліноўскі не меў дачынення да выдання “Мужыцкай праўды”. Недаверліва ставіўся беларускі ксёндз да адозвы “Да мужыкоў зямлі польскай”, лічыў яе хутчэй падробкай з боку ідэйных апанентаў Каліноўскага – “белых”, якія проста скарысталі ў подпісе яго мянушку “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. У падсумаванні Станкевіч назваў Каліноўскага “сапраўдным апосталам беларускага народу”46.
Нарэшце, у 1938 г. у 100-я угодкі ад нараджэння Каліноўскага хадэцкі часопіс “Хрысціянская думка” на ўвесь тытульны аркуш друкуе рэдакцыйны артыкул “Кастусь Каліноўскі – вялікі сын беларускага народу”. У гэтым артыкуле, які хутчэй за ўсё складаўся Станкевічам, бо пераклікаецца ў сваіх ацэнках з ранейшымі тэзісамі гэтага аўтара, сцвярджаеца, што “Каліноўскі ёсць беларускім нацыянальным героем, нацыянальным барацьбітом”. У якасці аргументаў сцвярджалася: “1) Ён быў беларусам, бо з беларускім народам быў заадно, для яго пасвячаў усе свае сілы і жыццё аддаў; 2) Выдаваў першую беларускую газетку “Мужыцкая Праўда”, якой выйшла сем нумароў, прынамсі аб гэтулькі сёння ведама; 3) Каліноўскі стаяў за тое, каб Беларусы мелі свае беларускія школы; 4) Бароўся ня толькі проціў царскай няволі, але так-жа і проціў паншчыны; 5) Жадаў для Беларускага народу самастойнасці палітычнай у федэрацыйнай лучнасці з Польшчай, разумеючы гэну федэрацыю, як саюз вольных і самастойных народаў; 6) Сёлета прыпадала 75 гадоў польскага паўстання 1863 г. Польскае грамадзянства, святкуючы гэтыя гістарычныя ўгодкі, каля асобы Вялікага Кастуся Каліноўскага праходзіла маўчком, як-бы выракаючыся яго і пакідаючы яго нам Беларусам, як нашу нацыянальную ўласнасць і гордасць”47. А на пятай старонцы часопісу змяшчаўся партрэт кіраўніка паўстання на Беларусі і Літве.
Такім чынам, у хадэцкай друкаванай спадчыне належнае месца адводзілася асобе Кастуся Каліноўскага, які адназначна паўставаў як беларускі нацыянальны герой, пачынальнік барацьбы за палітычнае вызваленне беларусаў, чалавек надзвычайных якасцяў і высокага непахіснага духу, які нібыта прарок з’явіўся ў свае маладыя гады на беларускай зямлі, каб прамовіць словы праўды, “мужыцкай праўды” і ускалыхнуць свой народ да разважання над сваім лёсам і да здабыцця лепшай долі.
[1] Гронский А. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. 2008. №2; Бендин А. Без ярлыков и штампов // Беларуская думка. 2008. №6.
[2] Мяснікоў А. І ўсё ж ён герой // Беларуская думка. 2008. №11. С. 104-110.
[3] Swajak. Pamiaci Spraviadlivaha // Homan. 1916. №1.
[4] Tałočka Uł. Chto byǔ Kostant Kalinoǔski? (Pavodle J.Giejštara) // Biełaruskaje Žyćcio. 1919. №10.
[5] Янушкевіч Я. Ластоўскі Вацлаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4. Мн.: БелЭн. С. 336.
[6] Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі, “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі. Вільня, 1933.
[7] Конан У. Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі. Мн., 2003. С. 43.
[8] Як піша Уладзімір Конан, доступ да навукова-папулярных даследаванняў Станкевіча да 90-х гг. “абмяжоўваўся спецыяльнымі дакументамі, забаранялася іх перавыдаваць, цытаваць, аб’ектыўна аналізаваць, дазвалялася і заахвочвалася толькі ганьбаваць і “выкрываць”. (Конан У. Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае Адраджэння ў Беларусі. Мн., 2003. С. 37)
[9] Станкевіч Адам. З Богам да Беларусі. Зб. тв. / Укл. А.Пашкевіч, А.Вашкевіч; Рэд. С.Петрыкевіч. Вільня: Інстытут Беларусістыкі, 2008; Адам Станкевіч. Выбранае // Укл. У. Конан. Мн.: Кнігазбор, 2008.
[10] Вашкевіч А., Пашкевіч А. Званар Незалежнасьці // Станкевіч Адам. З Богам да Беларусі. Зб. тв. / Укл. А.Пашкевіч, А.Вашкевіч; Рэд. С.Петрыкевіч. Вільня, 2008. С. 17.
[11] Маецца на ўвазе артыкул: Janulaitis A. 1863 metų sukilimo vejkėjaj Lietuvoje: Kanstantinas Kalinauskas // Švietimo Darbas. 1921. №1-2.
[12] Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі, “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі // Станкевіч Адам. З Богам да Беларусі. Зб. тв. / Укл. А.Пашкевіч, А.Вашкевіч; Рэд. С.Петрыкевіч. Вільня, 2008. С. 217.
[13] Тамсама.
[14] Слова “сучасныя” адносіцца да 30-х гг. XX ст., калі пісаў сваю кнігу А.Станкевіч. Аднак гэтая выснова аўтара пра некарэктнасць пераносу сучаснага разумення беларускай нацыянальнай ідэі на часы Каліноўскага, актуальна і сёння ў пачатку XXI ст.
[15] Тамсама. С. 218.
[16] Тамсама.
[17] Конан У. Рыцар беларускага Адраджэння // Адам Станкевіч. Выбранае // Укл. У. Конана. Мн.: Кнігазбор, 2008. С. 15.
[18] Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі,... С. 218-219.
[19] Тамсама. С. 220.
[20] Тамсама. С. 221.
[21] Тамсама.
[22] Тамсама. С. 222.
[23] Цьвікевіч А. Адраджэньне Беларусі і Польшча. Мн., 1921. С. 27-28.
[24] Janulajtis A. Powstanie w Litwie 1863-1864 r. Wilno, 1923. S. 43.
[25] Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі,... С. 222.
[26] Тамсама. С. 233.
[27] Тамсама.
[28] Тамсама. С. 225.
[29] Тамсама. С. 226.
[30] Тамсама. С. 227.
[31] Тамсама. С. 228.
[32] Тамсама. С. 228-229.
[33] Тамсама. С.230.
[34] Тамсама.
[35] Тамсама.
[36] Тамсама. С. 231-232.
[37] Тамсама. С. 232.
[38] Тамсама. С. 233.
[39] Тамсама. С. 234.
[40] Тамсама.
[41] Тамсама. С. 235.
[42] Тамсама
[43] Тамсама. С. 237.
[44] Найдзюк Я. Кс. Адам Станкевіч і беларускі друк у Вільні // Станкевіч Адам. З Богам да Беларусі... С. 911-912.
[45] Станкевіч Ад. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1935.
[46] Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення // Станкевіч Адам. З Богам да Беларусі... С. 167.
[47] Kastuś Kalinoǔski – vialiki syn Biełaruskaha narodu // Chryścijanskaja dumka. 1938. №4(152). S. 1.