Вольга Гарбачова (Беларускі дзяржаўны універсітэт, Менск)
кандыдат гістарычных навук
Фотаздымак як крыніца па гісторыі паўстання 1863 г.
У пачатку 60-х гадоў ХIX ст. фатаграфія становіцца досыць распаўсюджанай з’явай на Беларуска-Літоўскіх землях. У гэты час фотамайстэрні дзейнічалі ва ўсіх губернскіх беларускіх гарадах. У Гародні гэта – фотаатэлье І. Штумана, Э. Менцэля і Доўнар-Запольскага. У Менску – майстэрні Антонія Прушынскага, Якава Брафмана, Альфонса Дэпласэ (вул. Захар’еўская, 16), Эмерыка Адамовіча і К. Бжэскага. У Віцебску – майстэрня Серабрына (вул. Замкавая). У Магілёве – майстэрня братоў Прасольных1. Што тычыцца Вільні, то там колькасць майстэрняў была больш значнай. Гэта – майстэрні Вальдэмара Борхарта (вул. Вялікая, 3, дом Вагнера), Абдона Карзона2, Альберта Свейкоўскага3, атэлье Прывальскага і Рамке (знаходзілася за Вострай брамай, у доме Баркенберга), Ахіла Банольдзі4, Івана Трутнева і К° (дзейнічала пры мастацкай школе на Вялікай вуліцы, 14, у будынку гімназіі), атэлье Бржазоўскага і Аколава (дзейнічала пад кіраўніцтвам мастака Аляксандра Страуса5, размяшчалася ў доме Адамовіча), майстэрня Яна Бржазоўскага і Аляксандра Страўса6, А. Друэ (вул. Нямецкая, дом Ходзькі), Hetzschold, І. Лявіцкага (Палацавы сад, 14)7.
Тым не менш, на сённяшні дзень фотаздымак не знайшоў адпаведнага выкарыстання як ўвогуле ў даследчыцкай практыцы, так і ў дачыненні да гісторыі паўстання 1863–1864 гг. У межах дадзенага артыкула ставіцца мэта даказаць неабходнасць вывучэння гэтай крыніцы ў дачыненні пазначаных падзей, а таксама ахарактарызаваць найбольш значныя зборы фотаздымкаў, апрацоўка якіх пашырыць уяўленні аб паўстанні і яго дзеячах.
У польскай гістарыяграфіі гэтая крыніца пачала выкарыстоўвацца даволі даўно. Трэба адразу адзначыць выданні ўспамінаў саміх паўстанцаў, дзе друкаваліся здымкі з прыватных збораў. І перш за ўсё гэта мемуары Апалінарыя Свентаржыцкага і Якуба Гейштара8, якія змясцілі значную колькасць здымкаў беларускіх паўстанцаў. Багата ілюстраванны таксама ўспаміны Бенедзікта Дыбоўскага9. Выданне музейных фотазбораў распачынаецца з 60-х гг. ХХ ст. У гэты час выходзяць каталогі матэрыялаў паўстання у фондах Музея польскай арміі і Музея гісторыі польскага рэвалюцыйнага руху (сучасны Музей незалежнасці)10. Але гэтыя выданні мелі больш шырокія мэты, у сувязі з чым калекцыі фотаздымкаў былі прадстаўлены ў іх толькі часткова.
На пачатку ХХІ ст. з’яўляюцца навуковыя выданні, да якіх можна аднесці публікацыю збора фотаздымкаў, падрыхтаваную Лешэкам Махнікам на падставе вроцлаўскага збору11, а таксама двухтомны каталог са збораў Гістарычнага музея Варшавы, падрыхтаваны Крысцінай Лейко і Эльжбетай Камінскай12. Для нас гэтыя выданні прадстаўляюць дваякі інтарэс. Па-першае, крыніцазнаўчы, бо ўтрымліваюць здымкі беларускіх паўстанцаў. А, па-другое, выступаюць свайго рода стымулам ў накірунку далейшага даследавання гэтай крыніцы, а таксама апрацоўкі і выдання беларускіх матэрыялаў.
Фотаздымак 50–60-х гадоў ХІХ ст., нягледзячы на сваю пэўную статычнасць, мае высокую інфарматыўную каштоўнасць. Дзякуючы яму ўдалося захаваць выявы не толькі вядомых дзеячаў свайго часу, але таксама шырокага кола звычайных людзей. Фотаздымкі выступаюць каштоўнай крыніцай у даследаванні матэрыяльнай культуры ХІХ ст., уносяць карэктывы ў даследаванне сацыяльнай структуры грамадства і г. д. Пэўнае месца ў фотамастацтве адзначанага часу займаюць таксама фотакопіі розных мастацкіх твораў, шэраг з якіх на сённяшні дзень мажліва аднавіць толькі дзякуючы фатаграфіі. А яшчэ большую значнасць для нас мае фіксацыя на здымках гістарычных падзеяў, што адбываліся з сярэдзіны ХІХ ст.
Адным з першых фатографаў, які зразумеў важнасць выкарыстання фотаздымкаў у прапагандысцкіх мэтах становіцца варшавянін Караль Байер. Падчас маніфестацыі, якая адбылася 11 чэрвеня 1860 г. у Варшаве ў сувязі з пахаваннем удавы паўстанца 1830 г. Кацярыны Савінскай, Байер зрабіў пасмяротны здымак, які ў далейшым стаў выкарыстоўвацца з патрыятычнымі мэтамі. Яшчэ большую ролю адыгралі здымкі пяці палеглых на Рынку Старога горада ў Варшаве падчас маніфестацыі 27 лютага 1861 г., якія зноў жа былі выкананы К. Байерам13. Пазначаныя здымкі распаўсюджваліся сярод насельніцтва і заклікалі да барацьбы.
Гэтую ідэю падхапілі іншыя майстры. Як прыклад, пасмяротны здымак Уладзіслава Сыракомлі, выкананы ў верасні 1862 г.14 На жаль, ён не ўтрымлівае інфармацыі пра фатографа.
У большасці выпадкаў фатографы паступалі не настолькі смела. Шырокае распаўсюджванне атрымлівае ўвядзенне ў здымкі нацыянальнага каларыта, што таксама забаранялася афіцыйнымі ўладамі. Пацверджаннем гэтаму з’яўляецца разбіральніцтва па справе Рамана Бохвіца15, які сфатаграфаўся ў нацыянальным аддзенні. Здымак, выкананы ў 1860 г. у кракаўскай майстэрні Валенція Ржевуцкага (вул. Каперніка, 29), на якім Бохвіц апрануты ў кунтуш, становіцца прычынай правядзення даследавання аб дачыненні апошняга да паўстанцкіх падзей 1863 г. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе патрыятычных выяваў16.
Выкарыстанне патрыятычнай сімволікі мажліва прасачыць ў дзейнасці фатографа Антонія Прушынскага. Станіслаў Антоній Прушынскі (1826–1895) паходзіць з падляшскай шляхты герба Любіч. Ягонымі бацькамі былі шляхціц Менскай губ., якому належаў маёнтак Асінцы, Антоній Прушынскі (п. каля 1873) і Роза Станьская.
Фотамайстэрствам Прушынскі пачаў займацца каля 1850 г. Ягоныя радыкальныя погляды, прыналежнасць у 1844–1845 гг. да дзейнасці тайных таварыстваў, а таксама жаніцьба на беднай шляхцянцы Пелагеі Кулаковай, становяцца прычынамі пазбаўлення яго права на спадчынны маёнтак17. Пасля гэтага А. Прушынскі перабіраецца ў Менск, дзе праз нейкі час адчыняе на вуліцы Францысканскай фотамайстэрню18. Для Менска яе статус быў падобны на той, які мела варшаўская майстэрня Караля Байера, размешчаная на Кракаўскім прадмесці №389. Прушынскім выконваліся партретныя здымкі. У якасці прыклада мажліва ўзгадаць групавы партрэт з альбома Уладзіслава Міцкевіча, дзе побач з самім уладальнікам майстэрні Антоніем Прушынскім бачым Міхала Дабравольскага19, Багуслава Семірадскага20, Валерыя Валодзьку21, Яна Навакоўскага22, Юзафа Любічанкоўскага23, Караля Станкевіча24, Юзафа Барташэвіча25 і Мікалая Караткевіча26.
Выконваліся Прушынскім таксама фотарэпрадукцыі абразоў27, што адначасова з тыражыраваннем мастацкіх твораў з’яўлялася досыць распаўсюджанай з’явай для XIX ст. Адначасова з гэтым ў майстэрні Прушынскага рабіліся здымкі патрыятычнага зместу.
Прушынскі дзейнічаў досыць рызыкоўна. У сваёй майстэрні ён захоўваў крэсла, на спінцы якога змяшчаўся герб з Арлом і Пагоняй. Захаваўся шэраг фотаздымкаў, на якіх асобы здымаюцца ў згаданым крэсле. У якасці прыклада мажліва ўзгадаць здымкі маці Антонія Прушынскага Розы Станьскай, змешчаны ў кнізе С. Лявіцкага28, паўстанца Валовіча са збораў Літоўскага гістарычнага архіва29, наваградскага шляхціца Уладзіслава Гацыскага30. У пачатку 60-х гг. ХIX ст. адпаведныя паводзіны фотамайстроў прыводзілі да судовых разбіральніцтваў з боку афіцыйных уладаў.
У перыяд паўстання 1863 г. кантроль над дзейнасцю фотаатэлье і ўладальнікаў узмацніўся. У адпаведнасці з прадпісаннем ад 12 ліпеня 1863 г. праводзіліся рэвізіі ва ўсіх фотамайстэрнях на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губ. Пры адсутнасці афіцыйнага дазволу на дзейнасць майстэрні ці з прычыны недабранадзейнасці іх уласнікаў такія майстэрні падпадалі пад забарону, а фотамашыны пад канфіскацыю. Пад дадатковыя праверкі траплялі таксама і ўсе астатнія майстры. Ім неабходна было на працягу пяці дзён прадставіць паручыцельства не меней, чым ад трох асобаў, а таксама заплаціць залог у залежнасці ад даходаў майстэрні, памер якога мог складаць ад 200 да 600 рублёў. Акрамя гэтага ўладальнікі атэлье павінны былі несці адказнасць за дабранадзейнасць сваіх супрацоўнікаў31.
З развіццём у Беларусі паўстанцкага руху Прушынскі далучыўся да “партыі чырвоных” і ўвайшоў у склад Менскага паўстанцкага камітэта. Аднак у самым пачатку 1863 г. ён быў арыштаваны і 29 кастрычніка 1863 г. высланы на жыхарства ў Сібір32. Пад канфіскацыю павінна была трапіць уся ягоная ўласнасць. Аднак праведзены ў студзені 1864 г. прыставам менскай гарадской паліцэйскай управы вобыск даў нязначныя вынікі. У доме арыштанта была знойдзена толькі фотамашына, на якую адразу прад’явіла правы жонка Пелагея Прушынская, здолеўшая гэта даказаць33. Дадзеныя абставіны не дазволілі канфіскаваць у Прушынскага фотаабсталяванне, што дазволіла заснаваць новую майстэрню.
Пакаранне Антоній Прушынскі адбываў у Каінскай акрузе Томскай губ. У 1864 г. да яго перабралася жонка разам з сынамі Конрадам (19.2.1851–8.7.1908), Максіміліянам і дачкой Зенонай. Ужо ў Томску ў іх нарадзіўся сын Севярын, які памёр каля 1869 г., што стала вялікай трагедыяй для сям’і34.
На працягу 1864-1873 гадоў у Томску Прушынскі таксама ўтрымліваў невялікую фотамайстэрню35. Яе асновай стала абсталяванне, перавезенае з Менска. Аб дзейнасці гэтай майстэрні, практычна, нічога невядома. Мажліва, што афіцыйна яна лічылася пад прозвішчам іншай асобы, у сувязі з тым, што атрымаць дазвол на адкрыццё фотамайстэрні ссыльнаму было немажліва. У нас застаецца яшчэ надзея, што пэўныя звесткі ў гэтым накірунку могуць з’явіцца ў працэсе даследавання ліставання Антонія Прушынскага з сынам Конрадам, перабраўшымся ў 1868 г. з Томска ў Варшаву (збор Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве)36. Тем не менш даследчыкам вядомы шэраг здымкаў Прушынскага, выкананых у томскі перыяд. На адным з іх (датаваны 25 мая 1868 г.) сам Антоній Прушынскі з сынам Конрадам напярэдадні ад’езду апошняга ў Варшаву37.
З 1873 г. сям’я Прушінскіх жыла ўжо ў Варшаве. Там на працягу 1874–1895 гадоў А. Прушынскі зноў кіруе фотамайстэрняй, якая пачаткова з-за адсутнасці афіцыйнага дазволу на яе заснаваннне лічылася за Анастазіем Пуцятай, цестем сына Конрада. Фотаздымкі гэтага перыяду знаходзяцца ў Аддзеле іканаграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Варшавы і зборах Гістарычнага музея Варшавы38. Сярод іх трэба пазначыць партрэт бацькоў Антонія Прушынскага, выкананы 1871 гг., а таксама фотаздымак сям’і Прушынскага з жонкай Пелагеяй і дзецьмі.
Па сведчанню Ядвігі Астраменцкай, якая добра ведала А. Прушынскага і яго сям’ю ў ссылцы, пры сустрэчы з ім у Варшаве ў 1891 г. ён, “нягледзячы на страту зроку, захаваў бадзёры настрой і добра ўзгадваў сібірскія часы, калі складаныя бытавыя ўмовы, цяжкія перажыванні і аддаленасць ад радзімы аб’ядноўвала людзей быццам у адну сям’ю”39.
Адной са змястоўных крыніц з’яўляецца фотаальбом са збораў Польскай бібліятэкі ў Парыжы пад назвай “Альбом фотаздымкаў, падараваных У. Міцкевічу ліцвінамі з Менска ў 1861 г.”40 Аксамітавы, карычневага колеру з залатым цісненнем, альбом без пагінацыі памерам 26х20 см уключае выявы Наваградка і яго ваколіц, а таксама здымкі, выкананыя ў канцы 50 – пачатку 60-х гг. ХІХ ст., у тым ліку і паўстанцаў 1863 г.41
Усяго ў альбоме размешчана 36 здымкаў, з якіх два прадстаўляюць сабой групавыя фота, шэсть з'яўляюцца сюжэтнымі выявамі, астатнія партрэтнымі фотаздымкамі. На здымках выявы 41 асобы, для большасці з якіх на аверсах пазначаны імёны і прозвішчы. Сямнаццаць з іх маюць дачыненне да паўстання. Да іх адносіцца ўраднік канцылярыі Менскай палаты грамадзянскага суда Юзаф Барташэвіч, сасланы за удзел у паўстанні ў заходнесібірскі батальён ў Табольскую губ.42; сын вядомага рэлігійнага пісьменніка Фларыяна Бохвіца Раман43; удзельнік паўстання 1831 г., чыноўнік па асобных даручэннях пры Віленскім генерал-губернатары, cябра Віленскай археалагічнай камісіі, ганаровы куратар Наваградскай бібліятэкі, маршалак Наваградскага павета Уладзіcлаў Казімір Гіпаліт Брахоцкі44; памешчык Менскай губ., аўтар шэрагу ўспамінаў Валерый Валодзька45; старэйшы сын мастака Валенція Ваньковіча Адам46; выпускнік Віленскага універсітэта, лекар з Наваградка, які ў 1831 г. выратаваў жыццё цяжка хвораму М. Мураўёву, Пётр Гнаінскі-Міткевіч47; сябра менскай паўстанцкай арганізаціі, дзе выконваў абавязкі памочніка начальніка горада, сасланы ў Іркуцкую губ., Міхал Дабравольскі48; сын вядомага дзеяча 1831 г. Юзафа Кашыца, сасланы за ўдзел у паўстанні ў Казанскую губ., Канстанцін Ян Казімір Яўстафій Кашыц49; памешчык Наваградскага павета Станіслаў Маліноўскі, сасланы ў Табольскую губ.50; сябра наваградскай паўстанцкай арганізацыі з абавязкамі павятовага кіраўніка Адольф Мікульскі, сасланы на жыхарства ў Томск51; выпускнік Пецярбургскага універсітэта, адвакат менскага суда, сябра менскай паўстанцкай арганізацыі Ян Навакоўскі, сасланы пасля паўстання на жыхарства ў Вяцкую губ.52; вядомы грамадскі дзеяч, мемуарыст, мастак Эдвард Баніфацы Паўловіч, які за “знойдзеныя ў яго творы злачыннага зместу і забароненыя лісты” з 8 сакавіка 1863 г. трапіў пад следства Менскай следчай камісіі і па выніках следства быў сасланы на жыхарства ў Аланецкую губ.53; сябра Адама Міцкевіча, член навагрудскай паўстанцкай арганізацыі з абавязкамі акруговага кіраўніка Канстанцін Туганоўскі54; чыноўнік канцылярыі Менскага дваранскага дэпутацкага сходу Антоній Зыгмунт Станіслаў Пуцята55; менскі шляхціц, лекар, сасланы за ўдзел у паўстанні ў Ноўгарадскую губ., Праспер Багуслаў Семірадскі56; выпускнік Горы-Горацкага сельскагаспадарчага інстытута, сябра менскай паўстанцкай арганізацыі Караль Станкевіч, сасланы пасля паўстання ва Усходнюю Сібір57; шляхціц Наваградскага павета Канстанцін Урублеўскі, сасланы на пасяленне ў Пермскую губ.58; лекар, ардынатар шпіталя старавераў у Менску Міхал Караль Янкоўскі, сасланы ў Тамбоўскую губ.59
Вялікую каштоўнасць для даследчыкаў паўстання 1863 г. мае збор фотаздымкаў Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва. Каля 600 фотаздымкаў перыяду 60-х гадоў ХІХ – пачатку ХХ ст. утрымлівае фонд пад назвай “Архіў музея графа М.М. Мураўёва”60. Найбольш каштоўнымі з’яўляюцца адзінкі захавання 147 і 148, якія ўтрымліваюць здымкі ўдзельнікаў паўстання61. Тут знаходзяцца фота К. Каліноўскага. Адно з іх, выкананае ў майстэрні Ахіла Банольдзі, вядомае даследчыкам62. Акрамя яго тут знаходзіцца неаднатаваны здымак, на якім выява мужчыны вельмі падобнага на К. Каліноўскага63. На рэверсе здымка алоўкам пазначаецца пад пытальнікам ініцыял і прозвішча64. Побач з гэтым здымкам знаходзяцца выявы Людвіка Звяждоўскага, Ігнацыя Здановіча, Зыгмунта Серакоўскага, Аляксандра Скірмунта, Баляслава Свентаржэцкага65, Багуслава Семірадскага, Альфрэда Ромэра, Браніслава Залескага, Медарда Кончы, Ціта Далеўскага, Леана Плятэра, Эдуарда Чыжэўскага і інш.66
Адначасова з гэтым частка справаў разглядаемага фонду сфармавана не толькі па тэматычнаму, але таксама і па алфавітнаму прынцыпу. Сярод разнастайных здымкаў сустракаюцца і ўдзельнікі паўстання. Так, напрыклад здымак Б. Свентаржэцкага, паўстанцкага камісара Менскай губ.67, паўторна размяшчаны побач са здымкамі духоўных асобаў і прадстаўнікоў афіцыйных уладаў68.
Даследаванне фотаздымкаў 60-х гадоў ХІХ ст. пацвярджае тэзіс, што фатаграфія на гэты час з'яўлялася дастаткова распаўсюджанай з’явай у шляхецкім асяроддзі. Практычна кожная сям’я мела пэўную калекцыю здымкаў. Здымкі рабіліся пры наведванні сталічных гарадоў, вандроўках у замежжа і г. д. У майстэрнях заказчыкам прапаноўвалася ад пяці да шасці аднолькавых здымкаў, якія пазней як каштоўны падарунак распаўсюджваліся сярод сяброў і сваякоў. Для вывучэння гісторыі паўстання 1863 г. фотаздымкі з’яўляюцца надзвычай каштоўнай крыніцай.
[1] Пералік майстэрняў зроблены на падставе наступных крыніц: Lіetuvos valstybinis istorios archyvas (далей – LVIA). F. 439, ap. 1, b. 147-149; Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей (далей – ГДГАМ). КП №2842.
[2] Абдон Карзон (1826–1865), нарадзіўся ў Расіенскім павеце Ковенскай губ., жыў у Вільні. Фотамастацтва вывучаў у Парыжы. Каля 1859 г. на вуліцы Вялікай адкрыў фотастудыю. Меў дачыненне да паўстання, за што ў красавіку 1863 г. быў арыштаваны і сасланы ў Енісейскую губерню. Памёр у ссылцы.
[3] Альберт Свейкоўскі, прускі грамадзянін. Ягоная фотамайстэрня, размешчаная ў Вільні на вуліцы Нямецкай у доме Мюлера, дзейнічала на працягу 1861-1866 гг. У чэрвені 1863 г. яна была зачынена і аднавіла сваю дзейнасць праз месяц пасля ўплаты залогу ў памеры 300 рублёў. У ліпені 1866 г. Свейкоўскі пераехаў у Тулу.
[4] Джузэпэ Ахіл Эльмір Банольдзі (п. каля 1871), нарадзіўся ў Барселоне, італьянец па паходжанню. З 1842 г. жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам спеваў у Віленскім Дваранскім інстытуце, заснаваў фотамайстэрню. Сябра Станіслава Манюшкі, да якога неаднаразова прыязджаў у Мінск. У 1862 г. увайшоў у склад Літоўскага правінцыяльнага камітэта. З пачаткам паўстання быў высланы, пасля чаго дзейнічаў як прадстаўнік віленскага паўстанцкага цэнтра за мяжой. Пазней займаўся фатаграфіяй у Парыжы. Удзельнік Парыжскай камуны, служыў капітанам у атрадзе В. Урублеўскага. Памёр ад ран.
[5] Аляксандр Уладзіслаў Страус (1834–1896), віленскі тэатральны дэкаратар і фатограф, скончыў Санкт-Пецярбургскую мастацкую акадэмію, з 1860 г. выкладаў у Віленскім Дваранскім інстытуце.
[6] Гэтая майстэрня была заснавана ў 1864 г. і з’яўлялася адной з самых вялікіх у Вільні. Размяшчалася яна ў доме Шмідта на вуліцы Вялікая. Пасля смерці А. Страуса атэлье перайшло да яго жонкі і праіснавала да 1915 г.
[7] Пералік віленскіх фотамайстэрняў даецца на падставе аналізу фотаздымкаў са збораў “Мураўёўскага музея” LVIA, што зразумела не адлюстроўвае ўсяго развіцця фотамайстэрства ў Вільні. Гэты збор пераважна ўтрымлівае здымкі паўстанцаў і прадстаўнікоў урадавай адміністрацыі. Гл.: LVIA. F. 439, ap. 1, b. 147, l. 6, 23, 56, 98, 125; b. 148, l. 146; b. 149, l. 1, 6, 22, 38, 40, 80.
[8] [Świętorzecki Apolinary]. Ze wspomnień wygnańca / Spisała Z. Kowalewska. Wilno, 1911; Gieysztor J. Pamiętniki z lat 1857–1865. Wilno, 1913. Т. I-II.
[9] Dybowski B. Pamiętnik od roku 1862 zacząwszy do roku 1878. Lwów, 1930.
[10] Bigoszewska W., Słoniewska M. Powstanie styczniowe w zbiorach Muzeum Wojska Polskiego. Warszawa, 1966; Wórkiewicz H., Ozyra H., Andrzejewska B. Powstanie styczniowe. Katalog zbiórów Muzeum Historii Polskiego Ruchu Rewolucyjnego. Nabytki z lat 1957–1975. Warszawa, 1982.
[11] Machnik L. Fotografie powstańców styczniowych w zbiórach Gabinetu Grafiki Zakładu Narodowego im. Ossolińskich. Wrocław, 2002.
[12] Powstanie styczniowe i zesłańcy syberyjscy. Katalog fotografii ze zbiorów Muzeum Historzcznego m. st. Warszawy. Сz. 1. Powstanie styczniowe / Oprac. K. Lejko. Warszawa, 2004; Powstanie styczniowe i zesłańcy syberyjscy. Katalog fotografii ze zbiorów Muzeum Historzcznego m. st. Warszawy. Cz. II. Zesłańcy syberyjscy / Oprac. E. Kamińska. Warszawa, 2005.
[13] Powstanie styczniowe i zesłańcy syberyjscy. Katalog fotografii ze zbiorów Muzeum Historzcznego m. st. Warszawy. Сz. 1. S. 5.
[14] LVIA. F. 439, ap. 1, b. 161, l. 18–18 v.
[15] Раман Бохвіц (каля 1843–1939), шляхціц з роду Бохвіцаў герба Радван, сын Фларыяна (1799–1856), знакамітага рэлігійнага пісьменніка і Паўліны Маеўскай, пляменніцы маці Адама Міцкевіча. З красавіка да сярэдзіны чэрвеня 1863 г. знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Янкі Каваля, потым пакінуў паўстанцаў. 22 верасня 1863 г. добраахвотна здаўся ўладам. Па рашэнню Часовага палявога аўдытарыяту ад 15.3.1865 г. і канфірмацыі галоўнакамандуючага віленскай ваеннай акругі быў асуджаны на 4 месяца турэмнага зняволення і далейшы нагляд паліцыі. Гл.: НГАБ. Ф. 1081, воп. 1, ад.з. 2. Арк. 19; LVIA. F. 1248, ap. 2, b. 1460; Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Т. 2. Województwa nowogródzkie, brzesko-litewskie. Wrocław, 1993. S. 314, 393; Mienicki R. Ziemia nowogródzka w dobie porozbiorowej (1793–1915). Wilno, 1935. S. 55; PSB. T. 2. S. 175-176.
[16] LVIA. F. 1248, ap. 2, b. 1460, l. 2–3.
[17] Lewicki S. Konrad Prószyński. Warszawa, 1987. S. 11-12.
[18] Фотографіческая іллюстрація. №8/9. Мінск, 1863. C. 10; Кісялёў Г. Імгненне і вечнасць // Мастацтва Беларусі. 1984. №6.
[19] Міхал Дабравольскі (29.11.1831–17.8.1898), шляхціц Менскай губ., сын Міхала, праваслаўны. У 1863 г. чыноўнік канцылярыі менскага губернатара, калежскі рэгістратар. Уваходзіў у склад менскай паўстанцкай арганізацыі. Па канфірмацыі галоўнакамандуючага войскамі Віленскай ваеннай акругі ад 19 чэрвеня 1864 г. асуджаны на 12 гадоў працы на рудніках са стратай шляхецкіх правоў. Пакаранне адбываў у Іркуцкай губ. 13 мая 1871 г. Дабравольскаму вярнулі адабраныя правы. Пасля вяртання з ссылкі жыў у брата ў г. Влацлавэк Варшавскай губ. Гл.: НГАБ. Ф. 299, воп. 1, адз. 579, арк. 171 адв.; Ф. 299, воп. 2, ад.з. 6062, арк. 28 адв.; Ф. 299, воп. 2, ад.з. 6063, арк. 16 адв.; Ф. 319, воп. 2, ад.з. 929; Mickiewicz W. Pamiętniki. T. 2. 1862–1870. Warszawa, 1927. S. 53, 54; Powstanie styczniowe i zesłańcy syberyjscy. Katalog Fotografii ze zbiorów Muzeum Historycznego m. st. Warszawy. Cz. II. S. 252, 254; Rok 1863 na Mińszczyźnie. Mińsk, 1927. S. 95, 105; Śliwowska W. Syberia w życiu i pamięci Gieysztorów – zesłańców postyczniowych. Wilno – Sybir – Wiatka – Warszawa. Warszawa, 2000. S. 172; [Świętorzecki Apolinary]. Ze wspomnień wygnańca. S. 81.
[20] Праспер Багуслаў Семірадскі (н. 13.11.1838), шляхціц з Менска, сын Стэфана (н. каля 1800), паводле сведчання Якуба Гейштара, доктар. За ўдзел у паўстанні быў сасланы на жыхарства ў Наўгародскую губ. Паводле інфармацыі Клюкоўскага, атруціўся па дарозе ў ссылку. Гл.: НГАБ. Ф. 319, воп. 2, ад.з. 2946, арк. 22, 95, 117 адв.; Gieysztor J. Pamiętniki z lat 1857–1865. Wilno, 1913. Т. I. S. 405; Klukowski Z. Lekarze zesłańcy po powstaniu 1863 r. // Lekarz Wojskowy. 1927. Т. IX. S. 20; Mickiewicz W. Pamiętniki. T. 2. S. 53.
[21] Валерый Вaлодзькa, памешчык Менскага і Бабруйскага паветаў Менскай губ., уладальнік маёнтка Забалацце, жыў у Менску. У паўстанні 1863 г. дзейнічаў пад прозвішчам Вацлаў Кошчыц, быў у атрадзе Паўла Дыбоўскага. У пасляпаўстанцкі перыяд знаходзіўся ў Турцыі, дзе займаўся будаўніцтвам мастоў. Аўтар шэрагу ўспамінаў, у тым ліку і аб паўстанні. Гл.: НГАБ. Ф. 299, воп. 2, ад.з. 6062, арк. 16-16 адв.; Ф. 299, воп. 2, ад.з. 6063, арк. 4 адв.; Ф. 320, воп. 1, ад.з. 331, арк. 204 адв.; Кісялёў Г. На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990. С. 20; Mickiewicz W. Pamiętniki. Т. 2. S. 53, 54.
[22] Ян Навакоўскі (н. каля 1835), шляхціц Менскай губ., сын Отана. Скончыў Пецярбургскі універсітэт. У паўстанні ўваходзіў у склад менскай паўстанцкай арганізацыі. Арыштаваны за ўдзел у выступленнях, якія адбываліся ў Менску ў лістападзе 1862 г. Па рашэнню ад 12 студзеня 1863 г. сасланы на жыхарства ў Вяцкую губ. 18 красавіка 1868 г. Навакоўскі быў вызвалены з-пад паліцэйскага нагляду без мажлівасці вяртання на месца жыхарства. Праз нейкі час перабраўся ў Варшаву. Гл.: Fajnhauz D. 1863. Litwa i Białoruś. Warszawa, 1999. S. 70; Mickiewicz W. Pamiętniki. T. 2. S. 53, 54; [Świętorzecki Apolinary]. Ze wspomnień wygnańca. S. 81.
[23] Юзаф Леапольд Любічанкоўскі (н. 13.12.1835), шляхціц Рэчыцкага павета Менскай губ., сын Яна. Гл.: НГАБ. Ф. 319, воп. 2, ад.з. 1898; Mickiewicz W. Pamiętniki. T. 2. S. 53; Na nieznane losy. Między Ołońcem a Jadryniem. Dwa pamiętniki z zesłania po powstaniu styczniowym / Оprac. A. Brus. Warszawa, 1999. S. 96.
[24] Караль Станкевіч (1833 (1834)–1898), шляхціц Ковенскай губ., сын Іллі. Скончыў Горы-Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. У пачатку 60-х гг. працаваў у Менскай палаце дзяржаўных маёмасцяў. Распаўсюджваў у сялянскім асяроддзі польскамоўныя падручнікі, сам з’яўляўся аўтарам шэрагу прац па сацыяльнай праблематыцы. Падчас візіта Уладзіслава Міцкевіча прымаў удзел у канспіратыўным сходзе, які адбываўся ў Менску ў доме Аляксандра Валіцкага. У 1863 г. з’яўляўся членам менскай паўстанцкай арганізацыі. Быў пакараны ссылкай “у найбольш аддаленыя раёны Сібіры”. 7 лютага 1865 г. прыбыў у Табольск, адкуль 3 сакавіка гэтага ж года быў перапраўлены далей ва Усходнюю Сібір. На падставе маніфеста ад 17 мая 1868 г. быў переведзены пад паліцэйскі нагляд у Вяцкую губерню. Жыў у Вятцы, працаваў бухгалтарам у купца А. Красоўскага. 16 ліпеня 1883 г. выехаў у Варшаву, где працаваў архівістам у Гандлёвым банку. Памёр у Варшаве. Гл.: Gieysztor J. Pamiętniki Т. 2. S. 305; Mickiewicz W. Pamiętniki. T. 2. S. 54; PSB. T. XLII. S. 188-189; Rok 1863. S. 31, 47, 75, 104; Śliwowska W. Syberia. S. 327; [Świętorzecki Apolinary]. Ze wspomnień wygnańca. S. 81; Кісялёў Г. На пераломе... C. 9.
[25] Юзаф Барташэвіч (н. каля 1838), шляхціц, сын Ануфрыя, служыў у канцылярыі Менскай палаты цывільнага суда. У 1863 г. абвінавачваўся ва ўдзеле ў палітычных маніфестацыях. Адбываў пакаранне ў заходнесібірскіх батальёнах Табольскай губ. Пасля звальнення са службы жыў у Цюмені, где займаўся юрыдычнай практыкай. У 1873 г. жыў у Табольскай губерні, сям’і не меў. Гл.: Дзяржаўны архіў Арэнбургскай вобласці ў г. Омску. Ф. 3, воп. 6, ад.з. 9081, арк. 31-33, 42; Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі. Ф. 109, 1 эксп., 1863, адз.з. 23, ч. 228, арк. 190-190 адв.; тамсама: ч. 416, арк. 103; Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1286, воп. 34, ад.з. 1096, арк. 2. (Інф. Магды Міціньскай); Mickiewicz W. Pamiętniki. Т. 2. S. 54.
[26] Мікалай Караткевіч (п. каля 1865), шляхціц Рэчыцкага павета Менскай губерні, сын Яна. Аўтар беларуска- і польскамоўных вершаў. У альбоме Вярыгі-Дарэўскага змешчаны ягоны беларускамоўны верш, датаваны 4 лістапада 1858 г. Гл.: НГАБ. Ф. 319, воп. 2, ад.з. 1523, арк. 106, 118 адв., 124-125, 135, 149, 151, 174, 188, 192; Пачынальнікі. З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Уклад. Г.В. Кісялёў. Мн., 1977. С. 259-260; Mickiewicz W. Pamiętniki. Т. 2. S. 53, 54; Zienkewicz T. Śladami ojca. Władysław Mickiewicz na Białorusi w roku 1861 // Acta Polono-Ruthenica. T. 2. Olsztyn, 1997. S. 344.
[27] Biblioteka Polska w Paryżu (далей – BPP), akc. 2305, k. 1, 4; LVIA. F. 439, ap. 1, b. 148, l. 85.
[28] Гл.: Lewicki S. Konrad Prószyński. Po s. 81.
[29] Гл.: LVIA. F. 439, ap. 1, b. 147, l. 57.
[30] Гл.: ГДГАМ. КП №2842, арк. 24.
[31] НГАБ. Ф. 1416, воп. 4, ад.з. 11800, арк. 5адв.–7, 28–29 адв.
[32] На жаль, не атрымалася азнаёміцца з яго следчай справай і вызначыць дакладную прычыну арышта.
[33] НГАБ. Ф. 299, воп. 1, ад.з. 576, арк. 648–649 адв.
[34] Biblioteka Narodowa (далей – BN), rkps II. 5966.
[35] Ostromęcka J. Pamiętnik z lat 1862–1911 / Оprac. A. Brus. Warszawa, 2004. S. 42.
[36] BN, rkps II. 5966; rkps I. 5977.
[37] Гл.: Lewicki S. Konrad Prószyński. Рo s. 81.
[38] BN. F. 10452/W; F. 10467/W; F. 10470/W; F. 10474/G; Powstanie styczniowe i zesłańcy syberyjscy. Katalog fotografii ze zbiorów Muzeum Historycznego m. st. Warszawy. Сz. II. S. 19, 323.
[39] Ostromęcka J. Pamiętnik z lat 1862–1911. S. 43.
[40] BPP, akc. 2305. “Album z fotografiami ofiarowany Wł. Mickiewiczowi przez Litwinów z Mińska w 1861 r.”
[41] Надпісы і фотаздымкі размешчаныя ў альбоме на 22 стар. Шэраг старонак альбома чыстыя. Пагінацыя адсутнічае. Намі выкарыстоўваецца ўмоўная пагінацыя, пры якой пустыя старонкі не ўлічваюцца.
[42] BPP, akc. 2305, k. 4.
[43] Ibid., k. 22.
[44] Ibid., k. 16.
[45] Ibid., k. 4.
[46] Ibid., k. 7.
[47] Ibid., k. 19.
[48] Ibid., k. 4.
[49] BPP, akc. 2305, k. 18.
[50] Ibid., k. 18.
[51] Ibid., k. 19.
[52] Ibid., k. 4.
[53] Ibid., k. 19.
[54] Ibid., k. 13.
[55] Ibid., k. 19.
[56] Ibid., k. 4.
[57] Ibid.
[58] Ibid., k. 22.
[59] Ibid., k. 4.
[60] LVIA. F. 439, ap. 1.
[61] LVIA. F. 439, ap. 1, b. 147, 148.
[62] LVIA. F. 439, ap. 1, b. 147, l. 125-125 v.
[63] LVIA. F. 439, ap. 1, b. 147, l. 126.
[64] LVIA. F. 439, ap. 1, b. 147, l. 126 v.
[65] У справе знаходзяцца тры здымкі Баляслава Свентаржэцкага. На дзвух з іх знаходзіцца ён сам, а трэці здымак – гэта партрэт паўстанца з жонкай. Гл.: LVIA. F. 439, ap. 1, b. 148, l. 3, 4, 126.
[66] LVIA. F. 439, ap. 1, b. 147, l. 4, 58, 74, 90, 99, 149; b. 148, l. 3, 4, 9, 121, 122, 123.
[67] Гл.: НГАБ. Ф. 299, воп. 1, ад.з. 582, арк. 57, 340.
[68] LVIA. F. 439, ap. 1, b. 161, l. 4-4 v.
ДАДАТАК
Уладзіслаў Сыракомля Верасень1862 г. (LVIA, f. 439, ap. 1, b. 161, l. 18-18 v.) |
Раман Бохвіц 1860 г. Кракаў. Фотамайстэрня В. Ржэвуцкага. (LVIA, f. 1248, ap. 2, b. 1460, l. 112-112 v.) |
Валовіч Канец 50-х – 60-я гг. ХІХ ст. Мінск. Фотамайстэрня А. Прушынскага. (LVIA, f. 439, ap. 1, b. 147, l. 57-57 v.) |
Канстанцін Каліноўскі (LVIA, f. 439, ap. 1, b. 147, l. 126) |
Людвік Звяждоўскі (LVIA, f. 439, ap. 1, b. 147, l. 121-121 v.) |
Аляксандр Скірмунт (LVIA, f. 439, ap. 1, b. 148, l. 99) |
Альфрэд Ромер Пецярбург. Фотамайстэрня А. Вагенгейма. (LVIA, f. 439, ap. 1, b. 148, l. 149-149 v.) |
Леан Плятэр Мінск. Фотамайстэрня А. Дэпласэ. (LVIA, f. 439, ap. 1, b. 147, l. 124-124 v.) |
Эдуард Чыжэўскі Каля 1863 г. Ніжні Ноўгарад. Фотамайстэрня В. П. Васільева. (LVIA, f. 439, ap. 1, b. 148, l. 160-160 v.) |