Валянціна Яноўская (Інстытут гісторыі НАН, Менск)
кандыдат гістарычных навук
Акадэмік Уладзімір Перцаў аб ролі Кастуся Каліноўскага ў беларускай гісторыі: змена поглядаў пад уплывам савецкай рэчаіснасці
“Первоисточники являются той фактической опорой исторических исследований, без которой невозможна правдивая, объективная историческая наука” (З даклада У. М. Перцава на агульным сходзе Аддзялення грамадскіх навук АН БССР 19 снежня 1956 г.
У Цэнтральным навуковым архіве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў фондзе №3, што ўтрымлівае дакументы Інстытута гісторыі НАН Беларусі з моманту яго ўтварэння да сённяшняга дня, захоўваюцца матэрыялы асабістага фонду акадэміка Уладзіміра Мікалаевіча Перцава. Падчас знаёмства з гэтымі дакументамі ў мяне нарадзіліся дзве ідэі: першая – падрыхтаваць артыкул і паразважаць пра тое, што прымусіла акадэміка Перцава, вядомага гісторыка Сярэднявечча, звярнуцца да праблемаў гісторыі Беларусі ХІХ ст. Тым больш, што айчынныя гістарыёграфы, як правіла, абыходзяць маўчаннем гэтую старонку ягонай дзейнасці. Таксама з’явілася ідэя вывучэння крыніцазнаўчага аспекту паўстання 1863–1864 гг. па матэрыялах беларускіх архівасховішчаў.
Уладзімір Мікалаевіч Перцаў належаў да гісторыкаў г.зв “першага паклікання” або “першай падсавецкай генерацыі”1. Ён прыехаў у Беларусь у пачатку 1920-х гг., быў адным з першых беларускіх універсітэцкіх прафесараў (з 1922 г. – прафесар і загадчык кафедры гісторыі сярэдніх вякоў БДУ) і вучоных-акадэмікаў (з 1940 г. – акадэмік АН БССР, з 1943 г. па 1959 г. – акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР)2. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час ён меў шэраг навуковых публікацыяў і падручнік па старажытнай гісторыі. Што ж тычыцца беларускай гістарыяграфіі, то яго імя звычайна згадваецца з 1930-х гадоў. Праўда, адразу трэба сказаць, што адносна паўстання 1863–1864 гг. гэтыя згадкі вельмі сціплыя, і належаць яны да пасляваеннага перыяду.
У артыкуле “Гістарыяграфія гісторыі Беларусі XIX – пач. XX ст. ў працах 1920–1990-х гг.”, змешчаным у Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, сцвярджаецца: “У 1939 – 46 (гадах – Аўт.) шэраг прац па гісторыі Беларусі апублікаваў Пічэта. Адначасова да распрацоўкі праблем айчыннай гісторыі звярнуўся У. М. Перцаў, прычым з пазіцый нацыянальна беларускіх (вылучана намі – Аўт.)”3. Згадваецца імя Ул. Перцава ў шэрагу прац, прысвечаных паўстанню 1863 г. і ролі ў ім Кастуся Каліноўскага, ва ўступным слове Алеся Смаленчука ў сувязі з публікацыяй артыкула Івана Цвікевіча ў Беларускім гістарычным часопісе (2003, №7), а таксама ў артыкуле Яноўскага А. А. і Яноўскай В. В.4 На жаль, аб змене канцэптуальных падыходаў гісторыка і прычынах, што спарадзілі гэта ў дадзеных творах нічога не сказана. Праўда, у апошнім артыкуле аўтары пазначылі праблему, але, улічваючы юбілейную “афарбоўку” нумара, вырашылі не засяроджвацца на гэтым аспекце.
Да праблематыкі паўстання 1863–1864 гг. Ул. Перцаў звярнуўся яшчэ ў гады вайны (1943), калі, паводле аўтабіяграфіі, якая захоўваецца ў архіве Беларускага дзяржаўнага універсітэта, узнавіў працу ва універсітэце і Інстытуце гісторыі АН БССР5. У планы адноўленага інстытута была ўключана падрыхтоўка "серии политических брошюр, имеющих военно-оборонное, политико-воспитательное значение и направленных к целям мобилизации всех сил нашего народа на борьбу против гитлеровской тирании"6. У серыю працаў "Замечательные люди Белоруссии" (або “Замечательные люди белорусской земли" – згодна з планам 1945 г.), якая выконвалася пад кіраўніцтвам У. І. Пічэты і мела на мэце "возбуждение любви к замечательным деятелям", былі ўключаны нарысы аб дзеячах ХІХ ст., сярод якіх узгадваўся і Кастусь Каліноўскі7. Аўтарам гэтага нарыса быў пазначаны У. Перцаў8.
У 1944 г. у часопісе “Беларусь” выйшаў невялікі артыкул Ул. Перцава9. У артыкуле акадэмік характарызаваў Кастуся Каліноўскага “самым яскравым, самаадданым і самым таленавітым дзеячам беларускага паўстання ў часе польскай рэвалюцыі 1863 года”10. У дачыненні да палітычнай платформы К. Каліноўскага, аўтар сцвярджаў, што той “адстойваў з незвычайнай энергіяй дзве асноўныя ідэі, якія і раней былі асноўным зместам яго рэвалюцыйнай дзейнасці: надзяленне сялян зямлёй шляхам падзелу памешчыцкіх уладанняў і ўтварэнне незалежнай літоўска-беларускай рэспублікі (вылучана намі – Аўт.)”11.
Праз год у двух нумарах часопіса “Полымя” быў надрукаваны яшчэ адзін артыкул Ул. Перцава “Кастусь Каліноўскі”. Першапачатковая назва гэтага артыкула была іншай і яскрава паказвала канцэптуальны погляд аўтара – "Кастусь Калиновский как национальный герой Белоруссии". Відаць, праўка ў назву была ўнесена ў ходзе падрыхтоўкі артыкула да друку і без узгаднення з аўтарам. Бо і пасля выхаду артыкула з друку Ул. Перцаў працягваў указваць яго у сваіх справаздачах пад першапачатковай назвай12. У гэтым артыкуле Ул. Перцаў яшчэ больш дакладна вылучыў палітычную кампаненту: “У той час, як велізарная большасць дзеячаў польскай рэвалюцыі 1863 г. патрабавала аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г., значыць уключэння ў яе склад Беларусі, Літвы і Украіны, Каліноўскі стаяў за стварэнне самастойнай Літоўска-Беларускай рэспублікі, незалежнай і ад панскай Польшчы, і ад самадзяржаўна-чыноўніцкай царскай Расіі”13.
Як магло стацца, што ў тыя часы, якія характарызуюцца беларускімі гістарыёграфамі як перыяд “манапольнага становішча марксісцка-ленінскай метадалогіі, спалучанай з мадэрнізаванай расійскай вялікадзяржаўнай канцэпцыяй”14 з’яўляліся падобныя меркаванні? Відаць, у гэтым на першы погляд адзіным працэсе, ваенныя гады трэба вылучаць асобна, калі вядзецца размова аб гістарыяграфіі. На дадзены аспект звярнуў сваю ўвагу А. Кіштымаў на адной з навуковых канферэнцый. “В годы войны 1941–1945 гг., — адзначаў ён, — путёвку в советскую жизнь, наряду с идеологически вывереным списком героев революции и гражданской войны, получил и ряд исторических персонаженей минувших веков. Среди них оказался и Кастусь Калиновский”15.
Праўда, гэты перыяд хутка скончыўся і, кажучы словамі Райнэра Лінднэра, “разбуральная кадравая палітыка 30-х – 40-х гг. абрынулася на мінскіх гісторыкаў…”16 Што тычылася Ул. Перцава, то адзін з першых беларускіх гісторыкаў-акадэмікаў быў заўсёды запатрабаваны і савецкай навукай, і адукацыяй, і ўладай. Яму ўдалося ў многіх выпадках "пройти по лезвию бритвы", каб захаваўшы аўтарытэт вучонага, захаваць і сваё жыццё. Калі ж прытрымлівацца дакументаў і той праблемы, якая сёння абмяркоўваецца, то змена поглядаў Ул. Перцава яскрава праявілася пад час працы над распрацоўкай “Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР”. Неабходнасць выпрацоўкі адзіных канцэптуальных падыходаў да інтэрпрэтацыі ключавых момантаў беларускай гісторыі была выклікана тым, што праца па стварэнню сінтэтычнай гісторыі Беларусі зацягвалася. Таму ў пачатку 1948 г. была ўтворана камісія ў складзе “правераных” гісторыкаў (У. Перцаў, М. Нікольскі, А. П’янкоў, Н. Каменская, Я. Карнейчык, А. Воранава, К. Шабуня). Падрыхтаваныя тэзісы былі надрукаваныя для грамадскага абмеркавання17.
У дачыненні да перыяду канца ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. перш за ўсё быў адзначаны прагрэсіўны характар уз’яднання Беларусі з Расіяй. Паўстанне 1863 г. на тэрыторыі Беларусі было вызначана як сялянскае, яно “супала па часу з паўстаннем у Польшчы, якое насіла нацыянальна-вызваленчы характар і мела сваіх паслядоўнікаў на Беларусі сярод польскай шляхты”. Характарызуючы погляды Кастуся Каліноўскага, які, на думку складальнікаў тэзісаў, “не меў яшчэ ясных, чотка сфармуляваных палітычных ідэалаў”, падкрэслівалася, што “заклікі да рэволюцыйна-дэмакратычнай барацьбы за “зямлю і волю”, барацьба супроць прыгонніцтва былі галоўным зместам яго дзейнасці… Але Каліноўскі не змог спалучыць класавую барацьбу сялянства, накіраваную супроць памешчыкаў і самадзяржаўя, з правільным вырашэннем нацыянальнага пытання”18.
30 верасня – 1 кастрычніка ў Акадэміі навук БССР адбылося грамадскае абмеркаванне тэзісаў. Даючы ацэнку тэзісам, Ул. Перцаў, як сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР, падкрэсліў іх значэнне дзеля “установления, основанного на марксистско-ленинском учении, понимания хода исторического развития Белоруссии”19. Акрамя таго ён адзначыў, што, пры выпрацоўцы канцэптуальных падыходаў аўтары перш за ўсё сканцэнтравалі сваю ўвагу на пераадоленні “тех неправильных и вредных, чуждых марксистко-ленинской методологии исторических концепций, которые лежали в основе многих буржуазных и националистических работ, посвящённых истории Белорусии”20.
Што крылася за гэтымі словамі, і які ўнёсак ў гэтае “пераадоленне” зрабіў Ул. Перцаў, раскрываюць матэрыялы з асабістага фонду акадэміка, што захоўваюцца ў Цэнтральным навуковым архіве Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. У справе пад №21 сярод рукапісаў артыкулаў і варыянтаў главы па паўстанню 1863–1864 гг. для двухтомнага выдання “Истории Белорусской ССР” ёсць матэрыял з рукапіснымі паметкамі пад назвай "Очистить образ Кастуся Калиновского от реакционных наслоений"21. Галоўнае скажэнне пры характарыстыцы вобраза Кастуся Каліноўскага Ул. Перцаў угледзеў у “прыпісванні яму дагматычнага лозунга аддзялення ад Расіі і ўтварэння незалежнай Літоўска-Беларускай рэспублікі”22. На самой жа справе, заўважае далей Ул. Перцаў, гэта "…легенда, созданная врагом народа. Это реакционный лозунг, приписываемый Калиновскому, агульное охаивание и неверие в силу не только русского освободительного движения, но национально освободительного движения в Польше"23.
Такім ворагам, па словах Ул. Перцава, быў Іван Трызна, ён жа І. Цвікевіч (у дакуменце, відаць, памылкова пазначана А. Цвікевіч), які “приводя последние письма Калиновского, вместо слов: "браты мои, мужики родные!" написал: "Белорусы, браты мои родные!"... Этот предатель, – працягвае далей Ул. Перцаў, – чувствовал, что он под мужицкий народ не подходит и в братья Калиновскому не годится… Если у Калиновского под братьями понимались мужики не только белорусские, но и других народов, ибо он в этом же письме пишет о революционной Польше, и в это же время называет русский народ братским народом, в противовес московскому (?) правительству, царю с сенатом, одинаково чуждым как русскому, так и белорусскому крестьянству, то у Тризны и в "Белорусском сцяге" и в "Полыме", №2 за 1924 год все белорусы объявляются братьями, а все не белорусы врагами"24.
Апошнім матэрыялам (не лічачы двухтамовых выданняў “Истории Белорусской ССР" 1954 і 1961 гг.) быў артыкул Ул. Перцава “Кастусь Каліноўскі (Да 90-годдзя з дня пакарання смерцю)”, надрукаваны ў сакавіку 1954 г. у ЛіМе. У гэтым артыкуле акадэмік аднёс Кастуся Каліноўскага да ліку “слаўных імён, якімі заслужана ганарыцца беларускі народ”. Імкнучыся надаць сваім поглядам сугучнасць з патрабаваннямі часу, Ул. Перцаў адзначыў: “Каліноўскі жыў і дзейнічаў як сялянскі рэволюцыянер, які засвоіў перадавыя ідэі рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў. Пазней беларускія буржуазныя нацыяналісты імкнуліся вытлумачыць барацьбу Каліноўскага супраць царскага ўрада як барацьбу супраць рускага народа і зрабіць з яго прыхільніка адрыву Беларусі ад Расіі. Але ў сапраўднасці, як відаць, з паказанняў Каліноўскага Віленскай следчай камісіі, ён змагаўся толькі з царскім урадам, а не з рускім народам і верыў, што вызваленая ад самадзяржаўнага і памешчыцкага прыгнёту Расія дасць свабоду і беларускаму народу. Таму погляды Каліноўскага былі сугучныя даўнім імкненням беларускага народа – уз’еднацца з вялікім рускім народам”25.
Ці магчыма сказаць адназначна, калі, на якім этапе сваёй працы над праблемай словы гісторыка (друкаваныя або рукапісныя) адпавядалі яго сапраўдным уяўленням? Я не кажу адпаведна рэчаіснасці, бо гэтае пытанне больш складанае і адказаць на яго можна толькі сумеснымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых даследчыкаў. Гісторык не пакінуў уласных сведчанняў. А можа яны нам проста невядомыя, як былі невядомыя да апошніх дзён успаміны У. Пічэты аб тым як прыходзілася прыстасоўвацца гісторыкам, каб не толькі застацца ў жывых, але і захаваць прафесійную годнасць. Адно можна сцвярджаць адназначна: пытанне аб тым, як прайсці паміж ідэалагічнымі патрабаваннямі “зверху” і навуковай аб’ектыўнасцю, не заўсёды вырашалася на карысць гістарычнай навукі. І вытрымаць тыя навуковыя пастулаты, што былі ўзятыя для эпіграфа дадзенага даклада, і застацца “на плаву”, было не проста цяжка, а, хутчэй за ўсё, немагчыма.
[1] Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ – ХХ ст. / Пер. з ням. Л. Баршчэўскага; нав. рэд. Г. Сагановіч. Выд. 2. СПб.: Неўскі прасцяг, 2005. С. 308.
[2] Перцаў Уладзімір Мікалаевіч // ЭГБ. Т. 5. Мінск: “Беларуская Энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі., 1999. С. 468.
[3] Касцюк М. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі XIX – пач. XX ст. ў працах 1920–1990-х гг. // ЭГБ. Т.3. Мн.: “Беларуская Энцыяклапедыя” імя Пятруся Броўкі, 1996. С.24.
[4] Три источника о трех историках в трех периодах одной эпохи: В.И. Пичета, В.Н. Перцев, Л.М. Шнеерсон / В.В. Яновская, О.А. Яновский (сост., преисл.) // Славянские и российские исследования. Вып. 4. 2009. С. 338 – 349.
[5] Архіў БДУ. Спр. 59 Опись личных дел преподавательского состава с учеными степенями и званиями до 1975 г. Арк. 9.
[6] Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі (далей – ЦНА НАНБ). Ф. 1. Воп. 1. Спр. 91. Арк. 1.
[7] ЦНА НАНБ. Ф. 1, Воп. 1, ад.з. 91. Арк. 4.
[8] Тамсама. Ф. 3., Воп. 1, ад.з. 52. Арк. 49.
[9] Перцаў В. Кастусь Каліноўскі (Да васьмідзесяцігоддзя з дня смерці) // Беларусь. 1944. №2. С. 22 – 25.
[10] Тамсама. С. 22.
[11] Тамсама. С. 24.
[12] ЦНА НАНБ. Ф. 3, Воп. 1, ад.з. 60 (Отчет о работе института истории АН БССР за 1945–1946 гг.). Арк. 17.
[13] Перцаў У. Кастусь Каліноўскі // Полымя. №10. С. 140.
[14] Міхась Біч. Станаўленне нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі // ЭГБ. Т.3. Мн.: “Беларуская Энцыяклапедыя” імя Пятруся Броўкі, 1996. С. 21.
[15] Киштымов А.Л. Симон Калиновский отец повстанца: штрихи к биографии // Паўстанне 1863 года і яго гістарычнае значэнне.Брэст: Лаўроў, 2004. С. 37-38.
[16] Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс… С. 308.
[17] Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР. Частка І. Гісторыя беларускага народа да Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюцыі // Большэвік Беларусі. 1948. №8. С. 36–71.
[18] Тамсама. С. 53.
[19] Общественное обсуждение тезисов по основным вопросам истории БССР // Советская Белоруссия. 6 окт. 1948 г.
[20] Тамсама.
[21] ЦНА НАНБ. Ф. 3, Воп. 1, ад.з. 21. Статьи и другие работы академика В. Н. Перцева по истории революционно-демократического движения в Белоруссии в ХІХ в., деятельности К. Калиновского и восстанию 1863 г.
[22] ЦНА НАНБ. Ф. 3, Воп. 1, ад.з. 21. Арк. 28.
[23] Тамсама. Арк. 35.
[24] ЦНА НАНБ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 21. Арк. 34.
[25] Перцаў В. Кастусь Каліноўскі (Да 90-ддзя з дня пакарання смерцю) // ЛіМ. 20 сак. 1954 г.