Віктар Кахновіч (Менск)
Беларускі дзяржаўны універсітэт
Эканамічныя наступствы падаўлення паўстання 1863-1864 гг. на Берасцейшчыне
Студзеньскае паўстанне 1863–1864 гг. апроч важных палітычных мела таксама і істотныя эканамічныя наступствы. Загінулі тысячы паўстанцаў – прыхільнікаў ідэі і каштоўнасцяў Рэчы Паспалітай абодвух народаў, амаль 40 тыс. было выслана ў Сібір. У Царстве Польскім было канфіскавана звыш 1600 маёнткаў, у г.зв. “Заходнім краі” – звыш 18001. Істотная значэнне мелі таксама “працэнтны збор-кантрыбуцыя” і прававое абмежаванне мясцовых землеўласнікаў “польскага паходжання”. Спынімся толькі на адным аспекце праблемы – эканамічных наступствах паўстання для Берасцейшчыны (поўдзень Гарадзенскай губерні, частка Палескага рэгіёну).
Па шэрагу агульных знешніх паказчыкаў Берасцейшчына ў сярэдзіне ХІХ ст., як і Гарадзенская губерня, беларускія, літоўскія і ўкраінскія землі ў цэлым, мела структурнае сацыяльнае падабенства з еўрапейскай часткай Расіі ў большай ступені, чым з Царствам Польскім. Так, калі ў еўрапейскай частцы Расіі без Царства Польскага ступень урбанізаванасці складала 10,5%, то ў 5 заходніх губернях (т. зв. беларускіх) – 11,6% (прычым, у Гарадзенскай губ. – 12,9%), у 3-х губернях Правабярэжнай Украіны – 8,5%, у той час як у 10 губернях (да 1864 г. іх было 5) Царства Польскага – 25,2%2. Амаль удвая меншай была таксама шчыльнасць насельніцтва ў беларуска-украінскіх губернях Заходняга краю, чым у Царстве Польскім: 19,32 і 37,11 супраць 54,4 чал./км2 адпаведна3.
Асабліва моцнае падабенства ўяўляла сабой Берасцейшчына з геаграфічна выразным рэгіёнам Палесся, часткай якога яна складалася. Агульным жа з Царствам Польскім было тое, што дамінавала тут каталіцкае ("польскае" за распаўсюджаным тагачасным вызначэннем) дваранскае землеўладанне, а сацыяльна, культурна і палітычна адасобленая група буйных землеўласнікаў-дваран была найбольш заможнай і дамінуючай групай у краі. Так, паводле А.П. Жытко, у 1862 г. у межах 5 заходніх ("беларускіх") губерняў з 9929 памешчыкаў, што валодалі населенымі маёнткамі 9261 ці 93,3% складалі дваране-каталікі4. У той жа час у межах гэтых губерняў было ў 1863 г. 229 495 асоб дваранскай саслоўнай прыналежнасці (5,1% насельніцтва)5. Такім чынам, з улікам сем’яў колькасць памешчыкаў сярод усяго дваранства ў краі можна ацаніць у 12–15%; рэшта ж, відаць па ўсім, складалася з дробнай шляхты, асабістага дваранства, пасэсараў і іншых беззямельных прадстаўнікоў дваранскага саслоўя. Аднак, адносна невялікая група насельніцтва – памешчыкі – валодалі не меней 3/5 ад усёй зямлі на тагачасных беларускіх землях. Бадай, гэта былі ці не лепшыя землі.
Супастаўленне колькасці зямлі ў маёнтках, паводле Вальтэра Шмідта, і дваранскай зямлі па пазямельнаму перапісу 1877 г. дазваляе акрэсліць маштабы зямянскага землеўладання на Берасцейшчыне і ў Гарадзенскай губерні на 1862–1865 гг. (Табліца 1).
Табліца 1.
Стан землеўладання ў маёнтках
Тэрыторыя | Доля землеўладання ў маёнтках (усе землі 100%) | у т. л. маёнткі ўласнікаў-каталікоў |
Гродзенская губерня | 66,4% | 64,5% |
Бельскі павет | 61,2% | 60,9% |
Брэсцкі павет | 94,3% | 91,6% |
Кобрынскі павет | 83,4% | 79,7% |
Пружанскі павет | 55,4% | 54,9% |
4 пазначаныя паветы разам: | 75,4% | 73,4% |
Крыніцы: Schmidt W. Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej w b. gubierniach Wileńskiej, Grodzieńskiej i Mińskiej (1793–1875). Warszawa: Głowny Urzęd Statystyczny, 1922; Статистика поземельной собственности и населенных мест Европейской России: в 5 вып. Вып. 5. СПб.: Тип. Мин-ва внутр. дел, 1882.
Як бачым, значэнне памешчыкаў-каталікоў было выключным у мясцовым землеўладанні. Доля апошняга ў агульным землеўладанні хісталася (напрыклад, адносна меншай яна была ў Пружанскім павеце, што тлумачылася значным абшарам наяўных у павеце лясных валоданняў Белавежскай удзельнай акругі), але складала звыш 3/5 ад усёй зямлі. Вышэйшай была доля гэтага землеўладання ў палескіх паветах. Якім жа чынам адбілася на дадзенай катэгорыі канфіскацыя, секвестр і распродаж маёнткаў пасля Студзеньскага паўстання?
На падставе прыведзеных вышэй крыніцаў былі прасочаныя вага і роля канфіскаваных уласнасцей у агульнай структуры памешчыцкага землеўладання ў губерні і на Берасцейшчыне (Табліца 2).
Табліца 2.
Уплыў усціску ўрада на стан землеўладання. 1864–1873 гг.
Губерня, паветы, край | прымусова прададзеныя | усе прададзеныя | ||||||
маёнткі | у% да ўсіх маёнткаў | дзес. зямлі | у% да ўсёй зямлі | маёнткі | у% да ўсіх маёнткаў | дзес. зямлі | у% да ўсёй зямлі | |
Гродзенская губ. | 59 | 1,1% | 67209 | 3,4% | 326 | 5,8% | 287323 | 14,3% |
Бельскі павет | 11 | 0,4% | 4468 | 3,1% | 34 | 1,4% | 11994 | 8,2% |
Берасцейскі павет | 10 | 5,0% | 25841 | 7,7% | 42 | 20,8% | 87709 | 26,0% |
Кобрынскі павет | 11 | 2,5% | 13240 | 3,8% | 52 | 11,6% | 45666 | 13,0% |
Пружанскі павет | 1 | 0,4% | 207 | 0,1% | 21 | 7,8% | 29778 | 16,1% |
4 пазначаныя паветы разам: | 33 | 1,0% | 43756 | 4,3% | 149 | 4,4% | 175147 | 17,2% |
Крыніцы: Schmidt W. Geneza prywatnej rosyjskiej własności ziemskiej w b. gubierniach Wileńskiej, Grodzieńskiej i Mińskiej (1793–1875). Warszawa: Głowny Urzęd Statystyczny, 1922. – 104 s.; Статистика поземельной собственности и населенных мест Европейской России: в 5 вып. Вып. 5. СПб.: Тип. Мин-ва внутр. дел, 1882. – 208 с.
З прыведзеных падлікаў відаць, што значэнне менавіта канфіскаваных і прададзеных маёнткаў было зусім невялікім. Але нельга не заўважыць істотнае змяненне ў землеўласнасці на Берасцейшчыне, што было звязана з абмежавальнай палітыкай і ўціскам ураду на мясцовы памешчыцкі асяродак. Так, на 26% зямлі паменшылася ў сувязі з адзначаным ціскам дзяржаўных устаноў землеўладанне памешчыкаў у Кобрынскім павеце. Наогул, на Берасцейшчыне адносна больш зямлі, чым па губерні было страчана мясцовым зямянскім асяродкам. Пры гэтым трэба засяродзіць увагу на наступнай акалічнасці: калі зямлі у прададзеных маёнтках было, сапраўды, досыць шмат – 175 147 дзес. (ці 61% па чатырох паўднёвых палескіх паветах да усёй губерні), то вось зусім іншую сітуацыю можна назіраць з колькасцю прададзеных маёнткаў (149 ці 45,7% з 326 у губерні) і атрыманай сумай грошай ад іх продажу (3 027 850 руб. ці ўсяго 22,7% да ўсёй губерні).
Заўважна адна характэрная рэч: маёнткі на Палессі былі вялікія, але малакаштоўныя. Калі сярэдні кошт адной прададзенай дзесяціны па губерні складаў 46,43 руб., то ў 4-х палескіх паветах – 17,29 руб. ці ў 2,7 разы саступаў па вартасці сярэдняму губернскаму паказчыку. Яшчэ больш выразная паўстае гэтая розніца датычна 59 прымусова прададзеных пасля канфіскацыі ва ўдзельнікаў паўстання маёнткаў. Падлічана, што 10,3% маёнткаў (33 да 59 па губерні), 65,1% зямлі (43 756 да 67 209 дзес.) складалі ўсяго 6,7% таварнай вартасці гэтай катэгорыі прададзеных маёнткаў. Такім чынам, сярэдні кошт дзесяціны ў гэтых маёнтках у 9,7 разоў саступаў па вартасці сярэдняму паказчыку па губерні (14,28 да 138,11 руб. за 1 дзес.). У найбольшай ступені гэта тычылася Кобрынскага і Берасцейскага паветаў, што на фоне ўсёй губерні адрозніваліся істотнай доляй маёнткаў, страчаных мясцовымі памешчыкамі пасля Студзеньскага паўстання. Разам з тым, звернем увагу, што пераважная большасць гэтых маёнткаў было прададзена самімі землеўласнікамі, а не дзяржаўнымі ўстановамі пасля канфіскацыі ці секвестру. Цікава і тое, што перыяд продажу гэтых маёнткаў быў працяглы.
Больш дакладна прасачыць стан канфіскаваных і прымусова прададзеных маёнткаў дазваляе рукапіс ведамасці 1863 г. Гэтая ведамасць ёсць і ў друкаваным выглядзе, але першакрыніца дазваляе больш поўна прасачыць стан асобных гаспадарчых аб’ектаў у маёнтках (Табліца 3).
Табліца 3.
Склад канфіскаваных маёнткаў. 1863 г.
Павет, рэгіён | Маёнткі | Зямля, дзес. | Млыны | Корчмы | Сады | Віна- курні | Піва- варні | Шкіпінарна-дзягц. з-ды | Цагельныя заводы | Суконныя фабрыкі | Гадавы даход, руб. |
Пружанскі | 11 | 4867,5 | 0 | 6 | 7 | 0 | 0 | 0 | 1 | 0 | 2362,6 |
Кобрынскі | 7 | 18068,2 | 1 | 9 | 5 | 1 | 0 | 0 | 0 | 0 | 3337,0 |
Бельскі | 4 | 2233,2 | 1 | 4 | 1 | 0 | 0 | 1 | 1 | 0 | 2044,3 |
Берасцейскі | 10 | 9207,5 | 2 | 6 | 4 | 1 | 0 | 0 | 0 | 0 | 4280 |
Разам: | 32 | 34376,4 | 4 | 25 | 17 | 2 | 0 | 1 | 2 | 0 | 12024 |
Гродзенская губерня | 59 | 56578,7 | 16 | 53 | 22 | 7 | 1 | 1 | 2 | 3 | 25412 |
4 павета ў% да ўсёй губ.: | 54,2% | 60,8% | 25,0% | 47,2% | 77,3% | 28,6% | 0,0% | 100% | 100% | 0,0% | 47,3% |
Крыніцы: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гародні (НГАБ у Гародні). Ф. 42, воп. 1, ад.з. 33. Арк. 1-34.
З прыведзенай табліцы бачна, што маёнткі на Палессі істотна саступалі па прыбытковасці сярэдняму узроўню па губерні. І гэта пры тым, што заўважаецца пэўнае канцэнтрацыя прамысловасці ў палескіх маёнтках. Не змяняе агульную сітуацыю і пашырэнне ў палескіх маёнтках садоў. Відаць, больш цёплыя паўднёвыя ўмовы лепш адпавядалі патрэбам садаводства ў гэтай частцы губерні, але дасягнуць выніковасці ў гэтай сферы не дазвалялі. Чаму? Адказ не цяжка знайсці ў геаграфічных умовах палескай мясцовасці – празмерна ўвільготненай, забалочанай, з цяжкадаступнымі ўгодзямі ды інш. Так, святар Крупчыцкай царквы (Кобрынскі павет) Ніканор Катовіч пісаў у снежні 1913 г.: “По качеству земли Полесье самая бедная, неплодородная страна во всей России. Даже при самом сильном удобрении своих тощих полей навозом жители Полесья едва собирают 3-4 копны ржи с десятины. А без удобрения здешняя почва не возвращает даже семян”6.
Добра дазваляе патлумачыць мясцовую сітуацыю характарыстыка асобных маёнткаў з ліку канфіскаваных у 1863 г. Так, найбуйнейшым з такіх валоданняў быў маёнтак Калесанцыя Анджэйкавіча “Горкі” ў Кобрынскім павеце, што меў 9211 дзес. зямлі. Аднак, ворыва ў маёнтку было толькі 534 дзес. або 5,8%, сядзіба (разам з агароднай, пад пабудовамі і іншай гаспадарчай зямлёй) займала 12 дзес., было 2 карчмы. У маёнтку пераважалі балотныя сенакосы – 7408 дзес. (80,4%) і лес – 1257 дзес. (13,6%). Аналагічная сітуацыя была таксама ў іншых буйнейшых маёнтках (“Баландзічы” Яраслава Анджэйкавіча, “Рудавец” і “Каляды” Уладзіслава Калерадскага, “Востраў” Траўгута і Бенклеўскага, “Радванавічы Царкоўныя” Даскопскіх, “Чаі” графа Генрыха Залуцкага). Трохі лепш выглядала сітуацыя ў меншых маёнтках, што мелі ад 77 да 730 дзес. Асабліва вылучаўся маёнтак “Доўгае” (326 дзес.) Крашэўскіх у Пружанскім павеце.
Эканамічны стан большасці маёнткаў на Берасцейшчыне нельга назваць паспяховым. Так, у секвестраваным маёнтку Бездзеж знаходзім па стану на 1864 г. “совершенную ветхость…” гаспадаркі7. Тое ж тычыцца секвестраваных маёнткаў Івана Скіндруха, Клеафаса Мыслоўскага, Паўла Шыраева і інш. у Кобрынскім павеце. Як па стану на 1860-я, так і ў жніўні 1883 г. яны мелі слабую вытворчую базу і былі абцяжараны вялікай запазычанасцю ўласнікаў перад крэдыторамі8.
На карысць выказанага меркавання таксама сведчаць яшчэ два нюанса. Па-першае, добраахвотна было прададзена звыш паловы маёнткаў і да 7/10 зямлі, якія належалі да публічнага і абавязковага продажу. Па-другое, нягледзячы на відавочнае жаданне самім пазбыцца сваіх маёнткаў, працэс продажу істотна зацягнуўся, а кошты на зямлю былі адносна нізкімі. Магчыма, землеўласнікі добра разумелі сітуацыю, у якой знаходзіліся іх маёнткі, і імкнуліся іх збыць. У параўнанні з суседнімі, больш спрыяльнымі па ўмовах мясцовасцямі, гаспадарка на Палессі была менш канкурэнтаздольнай. Асабліва востра гэта адчувалася пасля адмены прыгону, калі памешчыкі не маглі больш разлічваць на эксплуатацыю таннай працоўнай сілы прыгонных.
Пацверджанне гэтаму знаходзім у паведамленні земскага начальніка першага ўчастка Берасцейскага павета, які разважаў пра росквіт малочнай фальваркавай гаспадаркі ў сярэдзіне ХІХ ст. і канстатаваў шырокі заняпад усіх праяваў гаспадарчай дзейнасці ў краі ў другой палове ХІХ ст.9 Высокі ўзровень выдаткаў вытворчасці, звычайна, кампенсаваўся эксплуатацыяй прыгоннай рабочай сілы (замяшчэнне капітала працай), але ў новых умовах гэта не магло больш дзейнічаць.
Трэба звярнуць увагу і на іншыя эканамічныя наступствы разгромленага Студзеньскага паўстання. З шэрагу сітуацый па матэрыялах НГАБ у Гародні выразна прасочваецца ціск мясцовай адміністрацыі на “польскіх” памешчыкаў. Так, нават для таго, каб сабрацца на вяселле да родзічаў, мясцовыя землеўласнікі былі абавязаны атрымоўваць асаблівы дазвол. Перамяшчэнні па-за маёнткамі былі абмежаваныя, што мела і прамыя эканамічныя наступствы, бо знікала магчымасць наведваць рынкі, кірмашы, гандлёвыя ўстановы. Асаблівае значэнне мела дзяржаўнае заканадаўства, якое забараняла набываць мясцовым памешчыкам новыя землі і маёнткі. Гэтая праблема даўно і рознапланава разглядаецца ў гістарыяграфіі, але магчымасці вывучэння архіўных фондаў тут яшчэ далёка не вычарпаны.
Істотным эканамічным фактарам быў “кантрыбуцыйны збор”, што дзейнічаў з 1863 па 1897 г. і адцягваў істотныя сродкі (10, затым 7 і 5% ад зафіксаванай даходнасці маёнткаў). З улікам нізкай даходнасці гаспадарак у краі гэты збор станавіўся для іх адчувальным цяжарам. Разам з тым, выяўляецца яшчэ адзін фактар эканамічнага ўціску, што дзейнічаў на “нізавым узроўні”. Гэта злоўжыванні мясцовай адміністрацыі. Так, Людвіку Гутоўскаму з Берасцейскага павету замест збору з 333 дзес. давялося сплочваць яго з 422,5 дзес., што налічылі чыноўнікі10. І гэта не адзінкавы выпадак.
Падводзячы вынікі, можна заўважыць імкненне расійскага ўраду падарваць эканамічную моц мясцовага памешчыцкага асяродку пасля паўстання. Аднак непасрэдныя вынікі наступу на землеўладанне “нядобранадзейнага” мясцовага земянства былі менш істотныя, чым складаныя прыродныя ўмовы краю. Вялікае значэнне для ўласнікаў пачалі набываць лясныя масівы; з’яўлялася новая перспектыва ў гаспадаранні.
[1] Нарыс гісторыі Польскай дзяржавы і народа. Х–ХХІ стст. / рэд. і укл. тэксту М. Семаковіч. 2-е выд. Варшава: Demart Sp. z o.o., 2006. С. 149–151.
[2] Западные окраины Российской империи / под ред. М.Д. Долбилова и А.И. Миллера. М.: Новое литературное обозрение, 2006. С. 554, табл. 2.
[3] Тамсама.
[4] Жытко, А.П. Дваранства Беларусі перыяду капіталізму 1861–1914 гг. Мінск: БДПУ, 2003. С. 85.
[5] Тамсама. С. 42.
[6] НГАБ у Гародні. Ф. 31, воп. 1, ад.з. 208. Арк. 252.
[7] Тамсама. Воп. 2, ад.з. 1855. Арк. 1 адв.–3.
[8] Тамсама. Воп. 1, ад.з. 36. Арк. 1–14 адв.
[9] Тамсама. Ад.з. 213. Арк. 1–4 адв.
[10] Тамсама. Ф. 42, воп. 1, ад.з. 11. Арк. 68–68 адв., 84–84 адв.