Аляксандр Пагарэлы
(Школа сацыяльных навук ПАН, Варшава)
магістр
Каліноўскі ў пантэоне нацыянальных герояў БХД (1920-30-я гг.)
У міжваенны перыяд ў Заходняй Беларусі адбываўся пошук і прадукаванне рознымі палітычнымі партыямі і групоўкамі сімвалічных сродкаў для мабілізацыі падтрымкі і ўкаранення сваёй версіі беларускай ідэнтычнасці. Такія сродкі павінны былі, з аднаго боку, адлюстроўваць палітыка-ідэалагічныя перакананні той ці іншай групоўкі, а з другога – прапанаваць агульнанацыянальную версію мінулага. Сярод усіх палітычных партый і груповак (паланафілы, камуністы, грамадоўцы, сялянскія групоўкі і інш.) найбольш сістэматычную спробу выкарыстання і інтэрпрэтацыі нацыянальнага мінулага ўяўляе сабой дзейнасць Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Паспрабую на прыкладзе дзейнасці БХД, адной з важнейшых тагачасных палітычных партыяў, вызначыць месца, якое адводзілася постаці Кастуся Каліноўскага ў беларускай гісторыі, і якія асаблівасці і наступствы яго функцыянаванне ў якасці фігуры своеасаблівага нацыянальнага пантэону мела ў кантэксце Заходняй Беларусі. Аналіз будзе абапірацца на матэрыялы блізкай да хадэцыі прэсы ("Biełaruskaja Krynica", "Chryścijanskaja Dumka", "Шлях Моладзі"), якая была прасторай для ўвядзення ў поле грамадскай увагі і пераацэнкі асобы Каліноўскага ў публічнай сферы.
Запатрабаванасць мінулага ў якасці важнага сімвалічнага рэсурсу менавіта гэтым палітычным аб’яднаннем тлумачыцца перш за ўсё спецыфікай БХД, бо каталіцкія святары ў сілу сваёй адукацыі і дзейнасці мелі дачыненне з мінулым, увасобленым ў Старым Запавеце і яго тэалагічнай інтэрпрэтацыяй. На думку брытанскага гісторыка Эдрыяна Хастынгса, Святое Пісанне гэта люстэрка, з дапамогай якога ўяўляецца хрысціянская нацыя, для якой яно забяспечвае першапачатковы ўзор. Вялікая таксама і роля духавенства ў зацвярджэнні ідэі нацыянальнасці праз узмацненне пачуцця агульнай лакальнай, рэгіянальнай ці нацыянальнай ідэнтычнасці1. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што менавіта БХД і ў значна меншай ступені разнастайныя праваслаўныя выданні, палітычныя ўтварэнні і структуры ў міжваенны перыяд прыкладалі значныя намаганні як для фармавання своеасаблівага пантэону нацыянальных дзеячаў, так і яго распаўсюджання сярод беларусаў.
Актуальным быў пошук постацей, якія б увасаблялі сабой не проста розныя перыяды гісторыі беларусаў, але і памкненні, звязаныя з актуальнымі задачамі нацыянальнага руху, а таксама, паводле Энтані Сміта, страчанымі ў сучаснасці каштоўнасцямі і нацыянальным геніем, якія яны ўвасабляюць2.
Самай папулярнай і бясспрэчна аўтарытэтнай фігурай, якая была звязана з "залатым векам" беларускай гісторыі, не выклікала супярэчнасцяў і патэнцыяльна магла аб’яднаць усіх беларусаў, быў Францыск Скарына3. Асветны праект быў звязаны з імем Скарыны. Ён увасабляў і сімвалізаваў страчаную высокую культуру і неабходнасць вярнуць яе беларусам сёння. Сведчаннем папулярнасці фігуры Скарыны з’яўляецца ў т.л. і тое, што друкарня, якая належала БХД, была названа у яго гонар4. Яго ж імя насіла студэнцкая карпарацыя ва Універсітэце Стэфана Баторага.
Сярод дзеячаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (Вітаўт, Канстанцін Астрожскі, Леў Сапега), а таксама пісьменнікаў і паэтаў нацыянальнага адраджэння (Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч, жывыя на той момант класікі Янка Купала і Якуб Колас) фігура Кастуся Каліноўскага сапраўды вылучаецца. У 1916–1922 гг. назіраўся першы ўсплёск цікавасці да яго постаці сярод беларускіх нацыянальных актывістаў у Вільні і Коўне. Яна надавала дынамізм статычнаму да таго часу перыяду XIX ст., які ад пачатку быў аддадзены літаратарам-адраджэнцам. Паўстанне 1863 г. праз фігуру Кастуся Каліноўскага стала па праву адным з эпізодаў нацыянальна-вызвольнай барацьбы. Яго характарызавалі як "першага ідэйнага барацьбіта на беларускіх гонях за лепшы палітычна-сацыяльны лёс беларускага народу"5. У лютым 1938 г. Каліноўскі адназначна характарызуецца як нацыянальны герой6.
Большую частку 1920-х гг. Каліноўскі на старонках хадэцкай прэсы амаль не згадваўся за выключэннем эпізоду палемікі з газетай "Dziennik Wileński" увосень 1927 г. "Biełaruskaja Krynica" у невялікім артыкуле абуралася рэакцыяй польскага выдання на фільм пра Кастуся Каліноўскага, які павінен быў выйсці на экраны ў 1928 г. Пры гэтым сама постаць Каліноўскага не закраналася, гаворка ішла аб прыніжэнні ролі "Мужыцкай праўды" і адмаўленні здрадніцкай ролі польскай шляхты ў паўстанні 1863 г. Беларускае выданне падкрэсліла важнасць "Мужыцкай праўды" абараняючы яе ад непрыязнага польскага выдання7.
Новы ўсплёск цікавасці да Каліноўскага ў 1930-я гг. і вяртанне да абмеркавання ягонай ролі адбыліся пасля працяглага перапынку, калі ў БССР ягоная постаць як дзеяча нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларускага народа апявалася ў нацыянальнай паэзіі і ўзвялічвалася гістарыяграфіяй. У міжваеннай Польшчы ўшанаванне юбілеяў паўстання 1863 г. у 1933 і 1938 гг. прадэманстравала беларусам, што іх удзел у польскай версіі падзеяў мінулага ігнаруецца. Гэта выразна адчувалася менавіта праз замоўчванне ролі Каліноўскага пры святкаванні 75-х угодкаў паўстання 1863 г.8
Адначасова у БССР таксама разгарнулася атака супраць Каліноўскага. Яго імя выкрэслівалася з інстытуалізаванай гістарычнай памяці (акадэмічны дыскурс, школа)9. На глыбейшым узроўні паспрыяла вяртанню і больш вострай актуалізацыі Каліноўскага і тое, што на пачатку 1930-х гадоў магчымасці легальнай парламенцкай барацьбы для беларусаў (як у 1920-х гг.) ужо не існавала10. Нацыянальны рух прымае больш інтравертныя формы ў тым сэнсе, што замест адкрытай палітычнай барацьбы ў рамках польскіх дзяржаўных інстытутаў ён вымушаны заняцца пераасэнсаваннем свайго культурнага і сімвалічнага багажу, шукае легітымізацыі сваіх мэтаў у мінулым і больш актыўным культурным будаўніцтвам11. Як і ў царскія часы магчымасці для палітычнай дзейнасці становяцца моцна абмежаванымі, таму ўсё больш увагі нацыянальныя дзеячы надаюць традыцыям, цырымоніям, звычаям свайго народа12. Патрэбна была фігура, якая кідала б выклік нацыянальнаму прыгнёту, які тады усё больш і больш узмацняўся і меў для нацыянальных дзеячаў выразныя паралелі ў мінулым.
Каліноўскі стаў адным з шэрагу постацей (Вітаўт, Сапега), якія пасля 1930 г. пераасэнсоўваюцца БХД як часткі своеасаблівага нацыянальнага пантэону. Блізкасць даты яго смерці (22 сакавіка) і дня абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка прадвызначылі семантыку вобраза Каліноўскага13. Ён стаў сімвалам імкнення беларусаў да незалежнасці.
Ксёндз Адам Станкевіч падкрэсліў, што ягоная смерць была пакутніцкай14. Рэлігійны матыў аднак не стаў дамінаваць у інтэрпрэтацыі спадчыны і постаці Каліноўскага ў міжваенны перыяд, нягледзячы на тое, што прапагандай яго асобы займаліся дзеячы беларускага каталіцтва. Тым больш Станкевіч, які з’яўляўся ініцыятарам вяртання Каліноўскага на арэну дэбатаў пра нацыянальную ідэнтычнасць у Заходняй Беларусі сваімі артыкуламі і кнігамі пераконваў чытаючую беларускую публіку ў важнасці Кастуся Каліноўскага як папярэдніка ідэі нацыянальнай незалежнасці. Аднак трэба звярнуць увагу на тое, што зыходным пунктам свайго даследавання аб Каліноўскім ён зрабіў праблематызацыю постаці дыктатара паўстання і нават пастаноўку пад сумнеў ідэалізацыі апошняга як беларускага нацыяналіста XIX ст., што азначала б мадэрнізаваць гісторыю15. Рабіў ён гэта ўжо з пазіцыі таго, што міт пра Каліноўскага паспеў укараніцца ў беларускай грамадскасці. Дыскурсіўны і рознабаковы падыход Станкевіча выявіў складанасць фігуры Каліноўскага, якая выходзіла па-за межы яго рамантызацыі.
Нягледзячы на тое, што Каліноўскі, паводле Адама Станкевіча, быў усё ж такі толькі пераходнай фігурай, якая у кантэксце публіцыстыкі "Мужыцкай праўды", сфармулявала сацыяльныя патрабаванні, абапіраючыся на гістарычны вопыт Вялікага Княства Літоўскага, ён адыгрывае важнае сімвалічнае значэнне ва ўкараненні нацыянальнай ідэнтычнасці на беларускай вёсцы ў 1930-я гг. Менавіта сувязь постаці Каліноўскага і дня абвяшчэння незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г. выяўляецца дастаткова выразна ў распаўсюджанні святкавання гэтага галоўнага нацыянальнага свята па-за Вільню. Тэматычныя рэфераты, якія чыталіся ў гуртках БІГіКу на вёсцы і прымеркаваныя да гэтага дня, былі прысвечаны яго жыццю і дзейнасці16.
Каліноўскі ў другой палове 1930-х гг. стаў аўтарытэтам не толькі для БХД. Згадкі пра яго мы знаходзім і ў такіх выданнях, як "25 сакавіка" і "Беларускі фронт"17, сябры рэдакцыяў якіх раней так ці інакш былі звязаныя з БХД (БНА). Тым не менш камуністычны друк як беларуска-, так і польскамоўны ў гэты час пераважна маўчаў на тэму Каліноўскага. Практычна, няма згадак аб ім і ў праваслаўнай прэсе, што выходзіла ў Заходняй Беларусі паміж 1925 і 1936 гг. Яна, калі і звярталася да мінулага, то часцей да цяжкага для беларускага праваслаўя перыяду рэлігійных і палітычных ўніяў, а таксама сярэднявечнай старабеларускай праваслаўнай культуры. Для гэтых выданняў паралелі з сучаснасцю у гэтых падзеях былі відавочнымі як у спробах аднаўлення ўніі, так і ў пэўнай паланізацыі праваслаўя18. Патрабаванне Каліноўскага вярнуць унію выклікáла дыскамфорт у праваслаўных дзеячаў. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што яны мала ўвагі надавалі перыяду XIX ст. і ігнаравалі постаць Каліноўскага. Можна такім чынам казаць пра своеасаблівую сімвалічную манаполію БХД на фігуру Каліноўскага ў рамах яе палітычнай "тэалогіі нацыянальнага вызвалення".
У 1933 г. разам з юбілеем "Мужыцкай праўды" і паўстання 1863 г. на старонках хрысцыянска-дэмакратычнага друку згадвалася 300-годдзе смерці канцлера Льва Сапегі (1633-1933)19 За год перад гэтым адзначалася нават 550-годдзе смерці вялікага князя Кейстута (1932)20. Калі юбілей Сапегі маглі святкаваць як палякі, так і беларусы, то постаць Кейстута магла быць яўна супрацьпастаўленая Ягайлу і парадыгме адзінства гістарычнай Літвы і Польшчы, якую ён сабою ўяўляў. Кейстут і Вітаўт увасаблялі палітычную праграму федэрацыйнага адзінства Беларусі, Літвы і Украіны21. Сапега быў сімвалічна звязаны з Каліноўскім праз вернасць абодвух ідэалам самастойнасці беларускіх зямель22. У адрозненні, аднак, ад Вітаўта, а тым больш фігуры Кастуся Каліноўскага асоба выдатнага канцлера і военачальніка часоў Вялікага Княства Літоўскага не згадвалася па-за кантэкстам пашырэння гістарычнага тэзаўрусу нацыянальна свядомых беларусаў. Сярод вельмі рэдкіх фотаздымкаў і рэпрадукцый дзеячаў, якія сабой персаніфікуюць нацыю, у хадэцкіх газетах і часопісах мы не знаходзім постацей з сярэднявечча і ранняга новага часу, але выявы Кастуся Каліноўскага там ёсць23. Хоць Вітаўту для ўшанавання памяці дзеячы БХД прысвяцілі 1930 г., яго асоба не столькі кідала выклік прыгнёту, колькі была звязана з геапалітычным самавызначэннем беларусаў і перыядам бясспрэчнай незалежнасці беларуска-літоўскіх зямель. Не на карысць вялікіх князёў і дзяржаўных дзеячаў і колькасць вядомай тэматычнай кніжнай прадукцыі перыяду Заходняй Беларусі. Каліноўскаму былі прысвечаныя дзве манаграфіі24. Актывісты і лідэры БХД кідалі свае інтэлектуальныя сілы і абмежаваныя фінансавыя рэсурсы менавіта на прапаганду Каліноўскага.
Маладое крыло блізкіх да БХД дзеячаў, якое гуртаваліся вакол часопіса "Шлях моладзі", таксама брала актыўны ўдзел у пошуках персаналіяў, якія б звязвалі праблемы маладога пакалення з нацыянальным. Цягам 1930-х гг. адзначаліся юбілеі і такіх дзеячаў як Адам Гурыновіч, які памёр нават маладзейшым, чым Каліноўскі. Роля кіраўніка паўстання значна вылучала постаць Каліноўскага на фоне Гурыновіча25. Беларуская моладзь спрабавала адсвяткаваць 100-годдзе нараджэння Каліноўскага на вёсцы па-за Вільняй, і ў некаторых месцах ёй гэта ўдалося: ставілася і разыгрывалася ў ролях паэма Міхася Машары "Смерць Кастуся Каліноўскага"26. Дарэчы, ніводзін са скарынаўскіх юбілеяў (400-годдзе беларускага друку ў 1925 г. і 450-годдзе нараджэння ў 1936 г.) на вёсцы не адзначаўся нават тады, калі там былі тэрытарыяльныя структуры беларускіх арганізацыяў. З гэтага пункту гледжання Каліноўскі значна апярэджваў і першадрукара, і Вітаўта, а тым больш Адама Гурыновіча.
Істотным мінусам у значэнні Кастуся Каліноўскага ў міжваенны перыяд стала тое, што не было знойдзена аднаго канкрэтнага месца ўшанавання памяці яго асобы беларусамі. Ні месца нараджэння ў Мастаўлянах, ні пляц Лукішкі, ні месца яго арышту ў Вільні не сталі мэтамі паломніцтва нацыянальных дзеячаў, інтэлігенцыі і моладзі. Аднак гэта кампенсавалася тым, што Каліноўскі стаў на працягу 1930-х г. героем паэзіі Міхася Машары і Максіма Танка, дзе Вільня замацавалася ў якасці месца, звязанага з лёсам нацыянальнага героя27.
Нацыянальны гістарычны міт павінен быць звязаны з культурным і сацыяльным кантэкстам грамадства, у якім ён функцыянуе28. Трэба звярнуць увагу на некаторыя асаблівасці абставінаў, у якіх адбывалася папулярызацыя постаці Каліноўскага праз друк і дзейнасць БХД. Здольнасць інтэграваць і мабілізаваць з’яўляецца асноўнай функцыяй нацыянальнага героя, а яго здольнасць пераадольваць падзел унутры супольнасці мае нават важнейшае значэнне. Ксёндз Адам Станкевіч у рэфератах і кнігах, дзе асвятлялася роля Каліноўскага, падкрэсліваў яго прыналежнасць да "спольшчанай беларускай дробнай збяднелай шляхты".
Трэба заўважыць, што "Krynica", а ўслед за ёю і "Biełaruskaja Krynica", цягам большай часткі 1920–30-х гг. перш за ўсё ў сваіх вясковых карэспандэнцыях паказвала шляхту як небеларускую, а нават антыбеларускую групу. Значную ролю тут адыгрывалі і спробы польскіх дзяржаўных структураў і грамадскасці ўключыць дробную (заградовую) шляхту ў будаванне польскай нацыі "на крэсах"29. Слова "шляхтун" было сінонімам асобы, якая імкнулася да польскай культуры і мовы, якая імкнулася да поўнай асіміляцыі з палякамі30. Гэта трансфармавала стары сацыяльны стэрэатып у элемент маркіравання нацыянальнай супольнасці на вёсцы.
Аднак ужо ў канцы 1930-х гг. тон хадэцкага друку ў дачыненні шляхты змяняецца. У студзені 1939 г., апісваючы ў дзённіку свае ўражанні ад паездкі ў Радзівіловічы на Гарадзеншчыне, Станкевіч даволі прыхільна паставіўся да тамтэйшай беларускамоўнай шляхты31. Амаль перад самым пачаткам Другой сусветнай вайны ў жніўні 1939 г. ужо "Chryścijanskaja Dumka" ў перадавым артыкуле старалася рэабілітаваць шляхту ў вачах чытачоў, падкрэсліўшы яе прыналежнасць да беларускага народу32. Праўда, у артыкуле Каліноўскі згадваецца ў адным шэрагу з Дуніным-Марцінкевічам, Ігнатам Грынявіцкім, Францішкам Багушэвічам і інш. Ранейшыя выступы Станкевіча таксама сведчаць на карысць таго, што ён стараўся злагодзіць стаўленне чытачоў да гэтай асаблівай групы ўнутры беларускага вясковага соцыюму. Каліноўскі адносіцца да шляхты, з якой распачаўся заняпад беларускага народа і пачалося яго адраджэнне33.
Другі, але не менш важны момант, заключаецца ў актуальнасці матываў паўстання 1863 г. для сітуацыі 1930-х гг. Актуальнасць вастрыні аграрнага пытання для беларусаў зрабіла знаёмымі матывы выступлення супраць паноў і паншчыны, да якіх заклікаў Каліноўскі са старонак "Мужыцкай праўды"34. У сацыяльнай памяці беларусаў міжваеннага перыяду прыгон і паншчына заставаліся эпохай, якая вызначала "да" і "пасля" ў памяці сялян. Гэта быў вельмі выразны падзел на эпохі, які быў моцна ўкаранёны ў свядомасці як мінімум старэйшага пакалення беларускага сялянства35. Юбілей скасавання прыгону быў нават адзначаны ўвесну 1936 г. беларускай грамадскасцю36. Дзякуючы гэтаму постаць Каліноўскага, як героя барацьбы супраць прыгону і паншчыны мела большыя шанцы на ўкараненне ў памяці розных пакаленняў беларускага сялянства як каталіцкага, так і праваслаўнага.
[1] Hastings Adrian. The Construction of Nationhood: Ethnicity, Religion and Nationalism. Cambridge, 1997. Р. 4, 12, 187-188, 191-193.
[2] Smith Anthony. D. The Ethnic Origins of Nations. Oxford, 1986. Р. 199-200.
[3] Я. П-ко. 400-лецьце беларускага друку // Праваслаўны Беларус. №2. С. 5-7.
[4] Найдзюк Я. (Цыпрыяновіч Станіслаў). Беларуская друкарня імя Францішка Скарыны ў Вільні (1926-1940). Лёндан, 1991.
[5] [Кс.] Адам Станкевіч. Да гісторыі Беларускага палітычнага вызвалення // Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі. Збор твораў. Вільня, 2008. С. 162.
[6] Kastuś Kalinoǔski vialiki syn Biełaruskaha narodu // Chryścijanskaja Dumka. 1938. №4.
[7] Jašče ab endeckaj praǔdzie // Biełaruskaja Krynica. 1927. №45.
[8] Kastuś Kalinoǔski - vialiki syn Biełaruskaha narodu // Chryścijanskaja Dumka. 1938. №4.
[9] Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ў XIX-XX ст. Мн., 2003. С. 262-266, 292.
[10] Moroz Ma. Krynica: Ideologia i Przywódcy Białoruskiego Katolicyzmu. Białystok, 2001.
[11] Клімовіч А. І культура, і палітыка. Вільня, 1932.
[12] Звярнуў увагу на гэта ў кантэксце Расейскай імперыі: Каппелер А. Образование наций и национальные движения в Российской империи // Российская империя в зарубежной историографии. Работы последних лет. Москва, 2005. С. 395-434, асабліва С. 408.
[13] На дзень 25. III (70-лецьце сьмерці Кастуся Каліноўскага, 50-лецьце "Гоману", 16-лецьце Абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі) // Biełaruskaja Krynica. 1934. №14.
[14] Stankievič Ad. Kastuś Kalinoǔski, Mužyckaja Praǔda i ideja Niezaliežnaści Biełarusi // Беларуская Крыніца. 1933. №14.
[15] Тамсама.
[16] Miednicki H. Prykładnyja i Prykłady // Biełaruskaja Krynica. 1933. №21; Z dziejnaści Biełaruskaha Instytutu Haspadarki i Kultury // Biełaruskaja Krynica. 1935. №14.
[17] M. K. Kalinoǔski pieršy zmahar za Biełaruś // 25 сакавіка. 1938. №1(3). С. 11-13; Развіццё беларускае незалежніцкае думкі (Гістарычны нарыс) // Беларускі Фронт. 1938. №3.
[18] Гл. напрыклад.: Прычыны падзелу царквы і варункі магчымага злучэння // Беларуская Зарніца. 1929. №1. С. 4 -5.
[19] Leǔ Sapieha (U 300-tyja uhodki śmierci) // Biełaruskaja Krynica. 1933. №19.
[20] M. K. U 550-tyja ǔhodki śmierci Kiejstuta // Biełaruskaja Krynica. 1932. №33.
[21] В. Г. Крыху з нашай гісторыі. Палітычная дзейнасць і мэты В. Князя Вітаўта // Шлях Моладзі. 1932. №6. С. 3-5.
[22] Leǔ Sapieha (U 300-tyja uhodki śmierci) // Biełaruskaja Krynica. 1933. №19.
[23] Čym dla nas vialiki, blizki i darahi Kastuś Kalinoǔski? // Шлях Моладзі. 1938. №7. С. 3 (на старонцы змешчана карціна Пётры Сергіевіча "Кастусь Каліноўскі намаўляе сялян ісці ў паўстанне проціў цара, каб здабыць сабе свабоду").
[24] Turonek J. Książka Białoruska w II Rzeczypospolitej, 1921-1939. Warszawa, 2000.
[25] Šutovič J. Adam Hurynovič (U 40-ja uhodki śmierci) // Шлях Моладзі. 1934. №3. С. 5-7.
[26] Б-рус. Чэсьць маладым культурнікам // Шлях Моладзі. 1938. №4. С. 7; Стаўпецкі. А ўсёж-такі жывём і працуем...// Тамсама. №5. С. 7.
[27] Міхась Машара. Сьмерць Кастуся Каліноўскага. У 70-тыя ўгодкі сьмерці. 1864-1934 // Шлях Моладзі. 1934. №4. С. 16-21; Максім Танк. Вільня (З паэмы "Сілаш Істома") // Калосьсе. 1939 . Кн. ІІ. С. 67.
[28] Шенк Фритьоф Б. Политический миф и коллективная идентичность: миф Александра Невского в российской истории (1263-1998) // Ab Imperio. 2001. №1-2. С. 141-164; Smith Anthony. D. The Nation: Invented, Imagined, Constructed? [in:] Ringrose, Marjorie and Lerner, Adam. J (Eds.). Reimagining the Nation. Buckingham-Philadelphia, 1993. P. 21-22; Idem. National Identity. Reno and Las Vegas, 1991. P. 77-78.
[29] Eberchardt P. Przemiany narodowościowe na Białorusi. Lublin, 1994. S. 94.
[30] Krynica. 1924. №6; Тамсама. 1925. №17; Ciotka Julka. Šlachockaja durnata // Biełaruskaja Krynica. 1927. №2; Biełarus. Vybary ǔ valasny samaǔrad // Шлях Моладзі. 1939. №7. С. 6; але параўн. Krynica. 1921. №2.
[31] [Кс.] Адам Станкевіч. Календарныя запісы [у:] Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі. Збор твораў. Вільня, 2008. С. 842-843.
[32] Ci Biełarus moža być šlachcicam? // Chryścijanskaja Dumka. 1939. №25.
[33] [Кс.] Адам Станкевіч. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. С. 157.
[34] Тамсама. С. 164.
[35] P. Biełaruskija hadai // Biełaruskaja Krynica. 1934. №35; Sielanin z Pastaǔščyny. K našamu bierahu ničoha dobraha nie prystaje // Тамсама. 1933. №13; L. Kimianski (Lida). Astatki panščyny // Тамсама, 1936. №45.
[36] U 75-tyja ǔhodki skasavańnia panščyny // Самапомач. 1936. №1-2. С. 3-6.