Назад

Прадмова

У апошнія гады постаць Вікенція Канстанціна (Кастуся) Каліноўскага надзвычай актуалізавалася ў грамадскім і навуковым жыцці краіны. У 2006 г. імя “героя нумар адзін нашага нацыянальнага эпасу” (Сяргей Дубавец) прагучала як сімвал сучаснага палітычнага разняволення і дэмакратызацыі краіны. Магчыма якраз гэта і справакавала тую кампанію “развянчання міфа Каліноўскага”, у авангардзе якой апынуліся прадстаўнікі сучаснай “дырэктыўнай гістарыяграфіі”. Фактычна, яны намагаюцца адрадзіць ідэалогію “заходнерусізму” і вярнуць у беларускую гістарыяграфію паўстання 1863 г. імперскі наратыў. Зразумела, што без чарговага “смяротнага” пакарання Кастусю Каліноўскаму ім не абысціся… Зрэшты, гэтыя намаганні не маюць нічога агульнага з гістарычнай навукай.

Адначасна варта заўважыць, што канец ХХ – пачатак ХХІ ст. яшчэ не стаў значным прарывам у навуковым даследаванні постаці Каліноўскага і падзеяў паўстання. Найбольш важным здабыткам нацыянальнай гістарыяграфіі апошніх гадоў можна лічыць выданне Генадзем Кісялёвым зборніка “За нашую вольнасць” (Мінск, 1999), які стаўся пэўным падсумаваннем зробленага. Нескладана заўважыць, што асноўныя палажэнні навуковай трактоўкі постаці Кастуся Каліноўскага і ягонага месца ў беларускай гісторыі амаль не змяніліся з 20-30-х гг. мінулага стагоддзя. Між тым патрэба ў навуковым пераасэнсаванні асобы аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 г. відавочная.

Прыйшоў час правесці свайго роду рэвізію нашых ведаў пра Каліноўскага, прасачыць эвалюцыю ягонага вобраза ў нацыянальным дыскурсе і культурнай традыцыі (у першую чаргу ў культурнай памяці, якая пашыраецца з дапамогай мас-медыя і замацоўваецца ў помніках, назвах вуліц, школ і г. д.; гістарыяграфіі, падручніках і літаратуры), ацаніць комплекс крыніцазнаў даследавання, вызначыць далейшыя яго накірункі.

Менавіта гэта і стала галоўнай задачай міжнароднай навуковай канферэнцыі “Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі”, якая прайшла ў верасні 2009 г. Матэрыялы канферэнцыі склалі аснову гэтага навуковага зборніка. Таксама ў зборнік былі ўключаныя артыкулы і дакументальныя матэрыялы даследчыкаў, якія ўсведамляюць навуковую і грамадскую важнасць даследавання асобы Каліноўскага і яго эпохі. Прыемна, што гэтае разуменне прысутнічае таксама сярод польскіх і расейскіх калегаў.

Галоўнымі арганізатарамі канферэнцыі выступілі Беларускае гістарычнае таварыства (Аляксандр Краўцэвіч) і Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту (Алесь Смалянчук).

Выказваем шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні канферэнцыі, а таксама за выданне навуковага зборніка кіраўніцтва Польскага інстытута ў Менску і Беларускага інстытута правазнаўства.

Аляксандр Краўцэвіч

Алесь Смалянчук