Аляксандр Радзюк (Гародня)
кандыдат гістарычных навук
Рэпрэсіўная дзейнасць уездных ваенных начальнікаў у 1863–1864 гг.
(на прыкладзе Гарадзенскай губ.)
Пасады ваенных уездных начальнікаў былі ўведзены ў некаторых уездах Гарадзенскай губ. у студзені 1861 г. віленскім генерал-губернатарам Уладзімірам Назімавым у сувязі з увядзеннем у гэтых мясцовасцях ваеннага становішча1. У жніўні гэтага ж года адмысловым царскім указам былі вызначаныя их асноўныя правы і абавязкі. На падставе гэтага ўказа была распрацавана асобная інструкцыя для уездных начальнікаў Гарадзенскай губ.2 Наогул, дзейнасць ваенных начальнікаў зводзілася да камандавання падпарадкаванымі ім вайсковымі часткамі, а таксама ўзмацнення ваенна-паліцэйскага нагляду за цывільным насельніцтвам. З пачаткам узброенай барацьбы на землях Беларусі, Літвы і Украіны ў 1863 г. ваенныя начальнікі набылі амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы ў межах уездаў.
На этапе разгортавання і пашырэння паўстанцкага руху да асноўных абавязкаў уездных начальнікаў належала непасрэднае задушэнне нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У адпаведнасці з дыслакацыяй расейскіх войскаў па Гарадзенскай губ. у падпарадкаванні кожнага начальніка уезду знаходзіліся ад 7 да 12 рот інфантэрыі (пяхоты), казакі, а таксама ўланы і артылерыя3. Акрамя таго, пад іх камандаванне аўтаматычна траплялі ўсе іншыя вайсковыя фармаванні, якія дыслацыравалися ў межах уезду. Ваенныя начальнікі самастойна вызначалі месца размяшчэння падпарадкаваных ім войскаў.
З мэтаю аказання дапамогі гэтаму органу ўлады, а таксама дзеля пашырэння вайсковага кантролю за мясцовым насельніцтвам па загаду У. Назімава ў сакавіку 1863 г. быў створаны інстытут г. зв. “станавых ваенных начальнікаў”. На гэтыя пасады прызначаліся афіцэры, у падначаленні якіх знаходзілася пэўная колькасць салдатаў і казакоў4. Абапіраючыся на вайсковыя сілы, уездныя начальнікі павінны былі праводзіць прэвентыўныя мерапрыемствы з мэтай недапушчэння фармавання паўстанцкіх атрадаў на падуладнай тэрыторыі.
Вельмі важнае значанне надавалася г. зв. рэкагнасцыроўцы мясцовасці ў “прафілактычных” мэтах. Акрамя таго, з уезднага цэнтра (у некаторых мясцовасцях штодзённа) выпраўляліся гэтак званыя “лятучыя” атрады дзеля агляду лясоў, выяўлення паўстанцкіх базаў, сховішчаў і месцаў збораў. Дзейсную дапамогу вайскоўцам па меркаванню вышэйшай улады павінны былі аказваць мясцовыя жыхары (г. зв. “панятыя”) з ліку сялянаў. Апошнія абавязваліся выконваць “нарады” разам з сваймі конямі і фурманкамі дзеля павышэння мабільнасці інфантэрыі, а таксама дзеля выканання ў выпадку неабходнасці функцый праваднікоў5.
Адначасова з патруляваннем тэрыторыі уезду ваенныя начальнікі маглі вырашаць і шэраг іншых задач не толькі ваеннага характару. Так, у сакавіку 1863 г. пасля выхаду царскага маніфеста аб скасаванні часоваабавязаных адносінаў паміж памешчыкамі і прыватнаўласніцкімі сялянамі менавіта вайсковыя начальнікі уездаў займаліся распаўсюджваннем і давядзеннем да мясцовага насельніцтва акта “царской ласки”. Таксама да іх абавязкаў належала ліквідацыя “каналаў” пастаўкі зброі, выяўленне нядобранадзейных жыхароў, “успокоение мирных граждан” і г. д.
Значнае месца ў дзейнасці ваенных уездных начальнікаў адводзілася вайсковым аперацыям супраць паўстанцаў. Аб гэтым сведчаць загады па расійскай арміі, “Журналы ваенных дзеянняў”, іх непасрэдныя рапарты і перапіска. Няма сэнсу пералічваць шматлікія факты баявых сутычак паміж урадавымі войскамі і інсургентамі. Цікаўнасць у дадзеным выпадку прадстаўляе погляд расійскага камандавання на ход баявых дзеянняў. Справа ў тым, што поспехі ці няўдачы паўстанцаў вышэйшыя ўлады звязвалі не столькі з іх актыўнасцю ці яе адсутнасцю, колькі з здольнасцю ці няздольнасцю канкрэтнай асобы, якой гэты уезд быў падпарадкаваны. Гэты факт, напрыклад, засведчаны ў нататцы тагачаснага гарадзенскага губернатара графа У. Бабрынскага, які тлумачыў моцнае развіццё паўстанцкага руху ў Ваўкавыскім уездзе “слабасцю і няздольнасцю былых ваенных начальнікаў”, а задушэнне ўзброенай барацьбы прыпісваў руплівасці новых уладаў6. Аналагічны падыход прасочваецца і ў ацэнцы дзейнасці начальніка Бельскага уезду палкоўніка Барэйшы. Паводле меркавання камандавання, выключна дзякуючы яго асабістым якасцям узброеная барацьба ва ўзедзе ўвосень 1863 г. пайшла на спад7. Падобнае разуменне сітуацыі расійскім камандаваннем было адной з прычынаў даволі частай замены ваенных уездных начальнікаў. Так, напрыклад, атрымаў вымову і ў хуткім часе быў зменены слонімскі ваенны начальнік палкоўнік Клавер за “нерашучасць і нераспарадчасць” падчас найбуйнейшай на тэрыторыі Беларусі Мілавідскай бітвы8.
Мерапрыемствы уездных начальнікаў супраць паўстання і паўстанцаў не абмяжоўвалася выключна вайсковымі аперацыямі. З прызначэннем на пасаду віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва ў іх дзейнасці пачынае выразна дамінаваць рэпрэсіўная складовая. З гэтага часу ваенныя начальнікі становяцца галоўнымі праваднікамі палітыкі новага генерал-губернатара на месцах. Аб той ролі, якую адводзіў М. Мураўёў гэтаму інстытуту ўлады сведчыць хаця б той факт, што ў сваёй “Справаздачы па кіраванню Паўночна-Заходнім краем” ён паставіў іх дзейнасць на другое месца ў пераліку сваіх мерапрыемстваў па задушэнню паўстання9. На гэта ж указвае і факт падпісання ім 24 траўня 1863 г. новай інструкцыі, якая не толькі ўдакладняла пералік іх правоў і абавязкаў, але і значна пашырала іх. Акрамя таго, па меры з’яўлення новых прававых падставаў іх дзейнасці, сярод якіх найбольш важнымі з’яўляліся “Інструкцыя па арганізацыі ваенна-цывільнага кіравання” і “Інструкцыя для фармавання сялянскай узброенай варты”, кола гэтых абавязкаў і адпаведна прававое поле дзейнасці пастаянна пашыралася. Таксама на аснове гэтых палажэнняў была распрацавана за подпісам губернатара графа У. Бабрынскага адмысловая інструкцыя для ваенных уездных начальнікаў Гарадзенскай губ., у якой сярод іншага вялікая ўвага надавалася “маральным прынцыпам”, якімі павінны кіравацца ў сваёй дзейнасці падобныя кіраўнікі10. Як вынік, гэтыя органы вайсковай улады набылі амаль што неабмежаваныя паўнамоцтвы на падуладнай ім тэрыторыі.
У адпаведнасці з гэтымі дакументамі ваенным начальнікам акрамя вайсковай сферы была падпарадкавана ўся цывільная і паліцэйская ўлада ва уездзе. Сярод іншага гэта выяўлялася ў тым, што яны маглі (хаця гэта і не было акрэслена ніводнай інструкцыяй) па свайму жаданню здымаць чыноўнікаў рознага ўзроўню з універсальнай на той час фармулёўкай “за палітычную нядобранадзейнасць”. Так, у г. Бельску па ініцыятыве палкоўніка Барэйшы былі заменены на “истинно русских чиновников” наглядчык паштовай станцыі і адзін з асэсараў. Падобны лёс спасціг і гарадскога галаву11. Захаваліся ўспаміны аб тым, як на самым пачатку паўстання брэсцкі уездны маршалак А. Вільчэўскі спрабаваў пярэчыць палкоўніку Дзяконскаму, за што без суда быў высланы ў Вятку12.
Наогул, ваенныя начальнікі маглі актыўна ўмешвацца ва ўсе сферы грамадскага жыцця, якія нават не адносіліся да іх кампетэнцыі. Паказальна ў дадзеным выпадку рэакцыя вышэйшых улад на падобныя факты злоўжывання. Калі да паўстання ўлады прымалі пэўныя меры, каб прывесці дзейнасць ваенных начальнікаў у адпаведнасць з законам, то падчас паўстання гэтага ўжо не было. Напрыкалад, у 1861 г. жыхары г. Брэста закідалі губернскую канцылярыю скаргамі аб злоўжываннях тагачаснага ваеннага начальніка маёра Казанлі. Яго абвінавачвалі ва ўмяшальніцтве ў судовыя справы, увядзенні незаконных грашовых збораў і г. д. Улады былі вымушаны прымаць меры. У горад для праверкі быў накіраваны віцэ-губернатар, які, не абвяргаючы прадстаўленых фактаў, зазначыў у апраўданне Казанлі, што “маёр прывык паважаць вайсковую дысцыпліну, а не грамадзянскія законы … і таму ён дазволіў сабе некаторае ўмяшальніцтва ў справы, якія да яго не адносяцца, што законам апраўдана быць не можа”13. А вось у 1863–1864 г. вышэйшае начальства не толькі не пераслядоўвала падобныя ініцыятывы уездных начальнікаў, але, наадварот, заахвочвала іх. І начальнікі актыўна карысталіся прадстаўленай ім магчымасцю. Архіўныя матэрыялы сведчаць, што яны фактычна ператварыліся ў орган апошняй інстанцыі, за якім заставалася канчатковае слова ў вырашэнні амаль кожнага пытання ў межах падпарадкаванага ім уезду. Нават перавыбары міравых пасрэднікаў адбываліся пад непасрэдным кантролем з боку ваенных начальнікаў, якія сачылі за недапушчэннем на гэтыя пасады “нядобранадзейных асобаў”.
У лік падначаленых трапляла ўсё цывільнае насельніцтва уезду “без различия званий и сословий”14. Абмяжоўвалася і кантралявалася іх перамяшчэнне нават у межах уездаў. Была змененая ўся ранейшая сістэма выдачы дазволаў на выезд з месца жыхарства. Калі раней права на выдачу “білетаў” мелі валасныя і сельскія праўленні, гарадскія думы і іншыя мясцовыя органы ўлады, то з сярэдзіны 1863 г. падобнае права перайшло ў кампетэнцыю ваенных начальнікаў. Усім саслоўям, акрамя сялянскага, забаранялася без адпаведнага пісьмовага дазволу пакідаць месца свайго жыхарства. За парушэнне гэтых правілаў пагражала пакаранне ў выглядзе адпраўлення ў рабочыя роты ведамства шляхоў зносінаў тэрмінам ад 6 месяцаў да 1 году альбо штраф ад 50 да 500 руб. срэбрам у залежнасці ад сацыяльнага становішча “парушальніка”15. З мэтай выяўлення і пакарання асобаў, якія мелі дачыненне да паўстання, па загаду віленскага генерал-губернатара на месцах былі заведзены г. зв. “обывательские книги”, у якія ўпісваліся ўсе жыхары (за выключэннем сялянаў) той ці іншай мясцовасці. У выпадку выяўлення парушальнікаў пашпартнага рэжыму яны падвяргаліся арышту. Абавязак па складанню і праверцы падобных кніг быў зноў-такі ўскладзены на уездных начальнікаў16.
Важным элементам рэпрэсіўнай палітыкі на землях Беларусі ў 1863–1864 г. з’яўлялася дзейнасць уездных следчых камісій. Гэта былі органы папярэдняга следства, якія займаліся першапачатковым разглядам справаў паўстанцаў. Хаця яны не маглі самастойна вызначаць ступень пакарання таго ці іншага падследчага, але ў іх кампетэнцыі было прыняцце рашэння аб іх віноўнасці ці невіноўнасці. Таксама да адной з галоўных задачаў камісій можна аднесці выяўленне асобаў (на падставе паказанняў), якія мелі дачыненне да паўстання, дзеля далейшага іх затрымання і пакарання.
У працэсе стварэння і працы падобнага тыпу следчых органаў узніклі пытанні аб іх узаемаадносінах з уезднымі ваеннымі начальнікамі. Дзеля дакладнага вызначэння гэтых адносінаў спатрэбілася ўмяшальніцтва самога М. Мураўёва, які растлумачыў, што “уездныя камісіі прызначаны ў дапамогу ваенным начальнікам і павінны знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаванні ваенных начальнікаў”17. Між іншым органы мясцовай вайсковай улады прызначалі старшыню камісіі і яе сяброў у большасці выпадкаў з ліку афіцэраў таго фарміравання, у якім служылі самі18. Акрамя таго, уездныя начальнікі адыгрывалі значную ролю падчас следства. Іх удзел пачынаўся з таго, што многія (але не ўсе) ваенныя начальнікі сумесна з сябрамі камісіі ўдзельнічалі ў допытах арыштаваных асобаў.
Ад пазіцыі ваеннага начальніка ў адносінах да падследчага шмат у чым залежаў і канчатковы прысуд. А паўплываць на яго начальнік мог рознымі спосабамі. Па-першае, ён мог у заключэнні справы прадставіць сваю асабістую думку з прапановай, напрыклад, улічыць некаторыя абставіны пры вынясенні канчатковага вердыкту19. Па-другое, у іх кампетэнцыі знаходзілася такая далікатная справа, як вызначэнне “паўнаты пакаяння”, з якім паўстанец звяртаўся да расійскіх уладаў20. Ад ацэнкі шчырасці ў дадзеным выпадку залежала вызваленне ад следства ці далейшая перадача ваенна-палявому суду. Па-трэцяе, справы пасля заканчэння папярэдняга следства зноў-такі прадстаўляліся на разгляд кіраўніка уезда. І нарэшце, залежны стан следчых камісій не выключаў магчымасці прамога ціску на іх. Аб тым, што вышукальна-следчая дзейнасць была адной з прыярытэтных, сведчыць дакладная нататка пружанскага уезднага начальніка палкоўніка Эліса, датаваная кастрычнікам 1863 г., у якой ён зазначаў, што на працягу чатырох тыдняў пасля заняцця пасады “затрыманы ў горадзе следчымі справамі, я не магу быць ва уездзе… дзе мая прысутнасць неабходна”21.
Як адзначалася вышэй, на аснове паказанняў людзей, якія былі прыцягнутыя да следства, адбывалася далейшае затрыманне згаданых асобаў. У камісіях былі заведзены адмысловыя алфавітныя спісы, куды ўносіліся прозвішчы ўсіх тых, каго падследчыя ўзгадвалі на допытах. І тут не абыходзілася без актыўнага ўдзелу ваенных начальнікаў. Напрыклад, аналіз спісу асобаў, якія знаходзіліся пад следствам у г. Бельску ў жніўні 1864 г. сведчыць, што кожны чацвёрты (усяго 160 вязняў) быў арыштаваны палкоўнікам Барэйшам22. Гэты вялікі працэнт, можна часткова растлумачыць тым, што многія былыя паўстанцы, спадзяючыся на “царскую ласку”, маніфесты і амністыю, самі звярталіся непасрэдна да вайсковага начальства. У выніку яны аказваліся за кратамі. Разам з тым, дакументальныя крыніцы сведчаць, што ваенныя начальнікі даволі часта ажыццяўлялі арышты непасрэдна падчас сваіх паездак. Пры гэтым у адпаведнасці з прадпісаннем камандуючага войскамі па Гарадзенскай губ. генерала Манюкіна ім загадвалася арыштоўваць падазроных людзей “не зважаючы на асобу …асабліва памешчыкаў і ксяндзоў” 23.
Праз уездных начальнікаў царскія ўлады ажыццяўлялі пошук рэвалюцыйных сувязяў і арганізацый, найбольш актыўных паўстанцаў. Захаваліся сотні прадпісанняў аб выяўленні і арыштах канкрэтных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху.
Сярод іх звяртае ўвагу цыркулярнае прадпісанне гарадзенскага ваеннага губернатара Скварцова уездным ваенным начальнікам, датаванае канцом кастрычніка 1863 г., аб росшуку К. Каліноўскага, наступнага зместу:
Вследствие требования Виленской следственной коммисии, предлагаю Вашему Высокоблагородию принять деятельныя меры к разысканию, не окажется ли где либо во вверенном Вам уезде дворянина Волковыского уезда Константина Калиновскаго, подозреваемого между прочим в разбрасывании печатных брюшюр возмутительнаго содержания по почтовой дороге от Гродно до Волковыска, и в случае если бы таковой был отыскан, то заарестовав его, доставить ко мне в Гродно за надлежащим караулом24. |
Той жа Скварцоў у студзені 1864 г. загадваў арыштаваць іншага “злачынцу” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча:
Начальник Минской губернии... уведомил меня что подлежащий, на основании распоряжений бывшаго Главнаго Начальника здешняго края аресту дворянин Минской губернии Викентий Марцынкевич, издавший при начале появления в здешнем крае политическаго движения, на простом языке несколько возмутительных возваний к простолюдинам Гуторка и других ныне переодеваясь в крестьянское платье и пользуясь особенным знанием простонароднаго Минскаго наречия появляется между крестьянами и старается поселять между ними возмутительные толки, возбуждая к злонамеренным действиям против Правительства. В следствие сего, предлагаю Военным Начальникам в случае появления Марцинкевича в Гродненской губернии немедленно арестовав его со всеми найденными при нем бумагами препроводить под строгим караулом к Минскому Начальнику губернии, а мне о том донести. При этом припроваждаю описание примет Марцинкевича... Лет 53. Роста средняго. Глаза голубые. Волосы светлорусые седые. Нос, рот, подбородок умеренные. Лицо круглое. Особыя приметы: небольшой горб и правое плечо выше леваго25. |
Ілюстрацыі 1-2.
Далейшы этап следства, які звычайна наступаў (але не заўсёды) пасля затрымання, абвінавачаны праводзіў пад арыштам. Дадзены эпізод рэпрэсіўнай палітыкі нельга абысці ўвагай, паколькі зняволеныя і месцы іх ўтрымання таксама знаходзіліся ў падпарадкаванні ваенных начальнікаў. На гэта ўказваюць як распараджэнні начальства, так і іх уласныя рапарты. Сярод іншага праводзіліся штомесячныя рэвізіі палітычных арыштантаў і складаліся справаздачы аб іх колькасці. Апошні абавязак быў ускладзены на уездных начальнікаў у верасні 1864 г., паколькі следчыя камісіі дакладнай інфармацыі прадставіць не маглі26.
Добра вядома, у асноўным дзякуючы мемуарнай літаратуры, што ўяўлялі сабой вязніцы часоў паўстання 1863–1864 гг. Даследаванне дзейнасці ваенных уездных начальнікаў цалкам пацвярджае ацэнку мемуарыстаў. Масавыя арышты прывялі да таго, што ў астрогах не хапала месцаў для ўтрымання зняволеных. З мэтай пашырэння магчымасцяў мясцовай пенітэнцыярнай сістэмы вайсковыя камандзіры уездаў з уласнае ініцыятывы і часта без згоды на гэта ўладароў займалі звычайныя хаты, у якіх размяшчаліся падследчыя. Так, у Ваўкавыску па загаду палкоўніка Казанлі ў 1863 г. быў заняты дом Т. Шчыгельскай толькі па той прычыне, што ён быў найбліжэйшы да астрога. У ім утрымоўвалася пад вартай 44 асобы27. У сваім лісце ў вышэйшыя інстанцыі Шчыгельская скардзілася на велізарную шкоду, якую нанесла ёй такая колькасць “кватэрантаў”. Падобным чынам паступіў і пружанскі начальнік фон Крэмер, які пад вязніцу заняў 3 хаты, але месца ўсё роўна не хапала28. Яшчэ больш востра падобная праблема стаяла ў Бельску, дзе колькасць арыштантаў па ацэнцы палкоўніка Барэйшы, даходзіла да 500 асобаў. Ім быў уведзены парадак, паводле якога “злачынцы слабога целаскладу” здымалі сабе кватэру ў горадзе і знаходзіліся пад пастаяным наглядам жандарскага афіцэра і паліцэйскіх29. Ёсць звесткі, што ў Беластоку палітычных арыштантаў падчас іх вялікага наплыву размяшчалі ў палатках за горадам30.
Захады ваенных начальнікаў сітуацыю не змянілі. Гэты факт павінны былі прызнаць яны самі. Часткова шматлікія парушэнні ўтрымання палітычных вязняў былі выяўлены вышэйшым вайсковым начальствам (нават пры ўсім жаданні на многае заплюшчыць вочы) падчас рэвізій. У тым жа Бельску праверка ўстанавіла факты, што ў астрозе з-за недахопу месца арыштанты вымушаны спаць пад нарамі. А ў іншым месцы іх утрымання не было нават нараў, і людзям прыходзілася дзень і ноч праводзіць на падлозе. І ўсё гэта ў абсалютна антысанітарных умовах. Не здзіўляе факт, што бельскі астрог быў першым па паказчыках смяротнасці сярод палітычных вязняў31.
Да таго ж у гэтым горадзе былі выяўлены шматлікія факты ўтрымання людзей пад вартай нават пасля вынясення прысуду: “Арыштанты, якія павінны былі быць высланыя ў Расію ў лютым, адпраўлены толькі падчас маёй прысутнасці (кастрычнік 1864 г.)”, – адзначаў рэвізор маёр фон Брадке. І дадаваў: “А можа і не былі б адпраўленыя і надалей, калі б я не ўказаў”32.
У Гародні жыхар спаленай ваколіцы Ян Шчука больш за год (ліпень 1863 – верасень 1864 г.) за кратамі чакаў вырашэння свайго лёсу. Аказалася, што змена ваеннага начальніка прывяла да ўзмацнення блытаніны ў судова-следчым працэсе і яго справай ніхто не займаўся33. Былі і такія арыштанты, якія па некалькі месяцаў знаходзіліся за кратамі нават пасля апраўдальных прысудаў. Аб тым, што гэта быў не адзінкавы факт, сведчаць таксама данясенні пружанскага вайсковага начальніка. Ён канстатаваў, што паветра ў мясцовым астрозе літаральна “смяротнае” і, што большасць зняволеных знаходзіцца ў ім болей за 2 месяцы34. Харчаванне паўсюдна арыштанты былі вымушаны здабываць сабе самастойна. Рабілі яны гэта праз “падрадчыкаў”. Пры гэтым грошай, якія выдзялялі ўлады (па 10 кап. для “привиллегированного” і 6 кап. “для непривиллегированного” саслоўя ў суткі), выразна не хапала. Злоўжыванні з боку чыноўнікаў, адказных за палітычных вязняў, вяли да таго, што часта і гэтыя мізерныя сродкі не даходзілі па прызначэнню.
У ліпені 1863 г. пасля выхаду чарговага ўдакладнення М. Мураўёвым “Інструкцыі па арганізацыі ваенна-цывільнага кіравання” ваенныя уездныя начальнікі былі надзеленыя новымі паўнамоцтвамі. Гэта быў адказ уладаў на змену тактыкі паўстанцкай барацьбы. Калі раней асноўным спосабам задушэння нацыянальна-вызваленчага руху былі вайсковыя аперацыі, то пасля пераходу паўстанцаў да дзейнасці невялікімі атрадамі армейскія дзеянні страцілі былую эфектыўнасць. Адпаведна віленскі генерал-губернатар зрабіў выразны ўхіл у бок рэпрэсій з мэтай яшчэ большага запалохвання, як удзельнікаў паўстання, так і ўсяго мясцовага насельніцтва.
У прыватнасці, ваенныя начальнікі атрымалі права ваенна-палявога суда над паўстанцамі ў 24 гадзіны, канфірмаванне яго пастановы і прывядзенне ў выкананне35. У выніку яны аказаліся ў сітуацыі маральнага выбару, коштам якога часта было чалавечае жыццё. Можна сцвярджаць, што выбар кожнага начальніка быў індывідуальны. Адныя спасылаліся на тое, што ў іх няма ні ваенна-крымінальнага кодэкса, ні афіцэраў для выканання функцый аўдытара (хаця гарадзенскі губернатар І. Скварцоў дазволіў начальнікам праводзіць суд без аўдытараў) і прадстаўлялі падобныя справы на канфірмацыю вышэйшаму начальству, іншыя ў імкненні зрабіць кар’еру не спыняліся ні перад якімі маральнымі перашкодамі.
Аналіз спісу паўстанцаў, якія былі пазбаўлены жыцця ў 1863–1864 гг. на тэрыторыі падпарадкаванай М. Мураўёву, які прыводзіцца ў даследаванні Вацлава Студніцкага, сведчыць, што 41 асоба (22,7% ад агульнай колькасці) прыгаворана да вышэйшай меры пакарання па канфірмацыі ваенных начальнікаў уездаў36. Што тычыцца Гарадзенскай губ., то тут мелі месца толькі 4 падобныя выпадкі: 29 лістапада 1863 г. у Беластоку па судовай справе, якая была зацверджана мясцовым ваенным начальнікам, быў расстраляны Ян Канопка, і ў Кобрыне 5 кастрычніка таго ж года былі павешаныя 3 паўстанцы. На апошнім эпізодзе хацелася б спыніцца больш падрабязна.
Смяротнае пакаранне была праведзена па ініцыятыве і канфірмацыі кобрынскага уезднага начальніка палкоўніка Поля. 28 верасня ім быў створаны палявы суд, у які была ўнесеная справа селяніна Люблінскай губ. Ф. Трафімчука. Апошні абвінавачваўся ва ўдзеле ў забойстве паўстанцамі адстаўнога салдата ў Пінскім уездзе. У гэты ж дзень Поль звярнуўся да ўладаў у Берасце з просьбай выслаць кáта, хаця канчатковага рашэння палявога суда яшчэ не было37. 4 кастрычніка Поль падпісаў распараджэнне па войсках, што былі размешчаныя ў г. Кобрыне, у якім дэталёва апісаў працэдуру смяротнага пакарання: калі пачынаць і дзе выконваць экзекуцыю, якой роце, дзе і якое месца займаць, як павінен быць апрануты ксёндз, і што ён павінен рабіць, на якім транспарце, і ў якім парадку дастаўляць ахвяраў да шыбеніцы, на якім этапе павінна быць барабаннае суправаджэнне і г. д. Некалькі разоў у дакуменце змянялася месца ажыццяўлення пакарання. Калі на пачатку быў абраны плац, які знаходзіўся па-за горадам, то ў канчатковым варыянце фігуравала плошча на Аградніцкай вуліцы38.
Дакумент цікавы яшчэ і тым, што ў ім адлюстраваўся працэс эвалюцыі працэдуры пакарання. Калі ў першапачатковым варыянце размова паўсюдна ішла толькі аб адной ахвяры, то ў канчатковай версіі адзіночны лік ва ўсіх месцах, якія тычыліся асуджанага, быў зменены на множны. Аказваецца, што ў апошні момант дадаліся яшчэ дзве ахвяры – Ф. Пятроўскі і Ф. Грушэўскі (Гарушэўскі), якія тым жа складам ваенна-палявога суда і па канфірмацыі кобрынскага ваеннага начальніка былі прысуджаны да вышэйшай меры пакарання39. Ва ўсіх трох выпадках Поль, у межах Міхаілам Мураўёвым традыцыі, замяніў расстрэл на павешанне. Экзекуцыя адбылася 5 кастрычніка 1863 г. а першай гадзіне. Неверагодна, але гэта факт, што абавязкі кáта былі ўскладзены кобрынскім начальнікам на аднаго з арыштантаў. Невядома, ці рабіў ён гэта пад прымусам ці з уласнае ахвоты. Не выключана, што нехта падобным чынам спрабаваў выкупіць сабе свабоду.
Прыведзеным тут прыкладам выкананне смяротных пакаранняў на тэрыторыі Гарадзенскай губ. не абмяжоўваецца. Але ў іншых выпадках прысуды выконваліся па канфірмацыі больш высокага начальства, хаця іх непасрэднае ажыццяўленне, нярэдка, зноў жа ўскладалася на вайсковых начальнікаў уездаў40.
Напэўна, найбольш заўважны след у памяці мясцовага насельніцтва ваенныя уездныя начальнікі пакінулі знішчэннем шляхецкіх ваколіцаў. Яшчэ ў 1831 г. Міхаіл Мураўёў, які на той час займаў пасаду гарадзенскага губернатара, звяртаў увагу вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў на гэты сацыяльны слой, як на “галоўную зброю бунту”. У якасці аднаго з сродкаў барацьбы ён прапанаваў высяленне ўсёй шляхты, якая на працягу года не магла пацвердзіць сваёй дваранскай годнасці на “лінію” (Арэнбургская губ. ці Каўказ)41. Але Камітэт заходніх губерняў у той час адхіліў прапанаваныя ім дзеянні. Але праз 30 гадоў яму ўжо нішто не замінала ў рэалізацыі ранейшых ідэяў барацьбы з шляхецкімі ваколіцамі.
Ліпеньскае дапаўненне да “Инструкции” дазваляла ваенным начальнікам накладваць на шляхецкія ваколіцы кантрыбуцыю (ад 10 да 25 руб. срэбрам з двара) у выпадку выяўлення фактаў удзелу ў паўстанні альбо аказання дапамогі паўстанцам. Але гэта мера падалася М. Мураўёву не дастаткова эфектыўнай. Таму віленскім генерал-губернатарам былі прапанаваны больш рашучыя крокі. Сярод іншага ён запатрабаваў “некалькі селішчаў, асабліва шляхецкіх ваколіцаў, жыхары якіх будуць выяўлены вінаватымі ў садзейнічанні мяцежнікам, знішчыць… жыхароў, браць пад варту для перасялення іх з сем’ямі ва ўнутраную Расію”42. Улады не хавалі, што ідуць на падобныя беспрэцэндэнтныя меры, каб застрашыць, навесці паніку, паказаць, што ніхто не застрахаваны ад падобнага лёсу, “для примера другим”. Канешне, увядзенне прынцыпу калектыўнай адказнасці, калі за дзеянні некалькіх асобаў караліся сотні, паўплывала на далейшае звужэнне сацыяльнай базы паўстання. Падобныя карныя аперацыі мелі вялікі рэзананс не толькі ў наваколлі, але і далёка за межамі той мясцовасці, дзе адбываліся. Пасля знішчэння некалькіх ваколіцаў уладам дастаткова было толькі перапісаць жыхароў таго населенага пункта, які падазраваўся ва ўдзеле ці аказанні дапамогі паўстанню, каб жыхары імгненна выказалі сваю лаяльнасць і пакорлівасць43.
На жаль, недахоп крыніцаў не дазваляе ўстанавіць дакладнай даты з’яўлення гэтага распараджэння. Храналагічная рэканструкцыя падзеяў сведчыць, што яно пачало выконвацца ў Гарадзенскім уездзе на пачатку ліпеня44. Але разаслана па астатніх уездах і адпаведна ваенным начальнікам з канцылярыі гарадзенскага губернатара яно было толькі на пачатку жніўня.
Магчыма, затрымка была звязана са зменай на губернатарскай пасадзе, якая адбылася ў гэты час. У сярэдзіне ліпеня 1863 г. замест графа У. Бабрынскага, які ў знак нязгоды з палітыкай М. Мураўёва падаў у адстаўку, быў прызначаны больш згаворлівы І. Скварцоў. Менавіта з яго імем звязваецца ўзмацненне карнай палітыкі ў рэгіёне. Менавіта за яго подпісам на вайсковых начальнікаў быў ускладзены абавязак па вызначэнню ваколіцаў для ўзорнага пакарання. Не ўсе з іх пагадзіліся браць на сябе выкананне азначанага распараджэння. Напрыклад, начальнік Ваўкавыскага уезда палкоўнік Казанлі нават пасля паўторнай просьбы-ўказання І. Скварцова даслаць заключэнне, ці “не патрабуе ваколіца Карэвічы прыняцця супраць яе адмыслова строгія меры”, адказаў адмовай45. Падобны дакумент (“звярнуць асаблівую ўвагу на шляхецкія ваколіцы і прадставіць свае меркаванні”) быў накіраваны ў Бельск. Але генерал-маёр Амонтаў ці не зразумеў, што ад яго патрабуецца, ці не пажадаў гэтага рабіць. У хуткім часе ён быў заменены на палкоўніка Барэйшу. Адступіўся ад свайго першапачатковага намеру выслаць усіх жыхароў ваколіцы Эйсманты Надтабольскія гарадзенскі уездны начальнік палкоўнік Брант.
У 1863–1864 г. з тэрыторыі Гарадзенскай губ. былі высланыя жыхары Явароўкі (Беластоцкі уезд), Лукавіцаў і Прушанак-Баранак (Бельскі), Шчука (Гарадзенскі), Пеняшак (Пружанскі) і часткова Эйсмантаў Надтабольскіх (Гарадзенскі). Магчыма, гэты спіс патрабуе далейшага ўдакладнення. Знішчэнне шляхецкіх ваколіц – гэта асобная старонка гісторыі паўстання, якая вымагае асобнага даследавання. У гэтым артыкуле мы закранем толькі некаторыя аспекты гэтага працэсу.
Як адзначалася вышэй, вызначэннем населенага пункта для высялення яго жыхароў у Расію займаліся непасрэдна ваенныя уездныя начальнікі. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што большасць з іх на момант выканання гэтага распараджэння знаходзіліся на сваіх пасадах непрацяглы час. Гэта азначае, што яны не маглі валодаць сітуацыяй па свайму уезду ў дастатковай ступені. Можна меркаваць, што пакаранню падвергліся першыя ваколіцы, якія трапілі пад “гарачую руку” пасля выхаду мураўёўскага прадпісання. Яскравым пацверджаннем таму з’яўляецца прыклад палкоўніка Барэйшы, які змяніў свайго папярэдніка на пасадзе 7 верасня 1863 г., а ўжо 9 верасня (!) выступіў з ініцыятывай аб знішчэнні дзвюх ваколіцаў (Лукавіцы і Фалькі). Падобную аператыўнасць можна растлумачыць тым, што хутчэй за ўсё перад уступленнем у свае абавязкі ён атрымаў адпаведныя інструкцыі падчас асабістай сустрэчы з М. Мураўёвым ці І. Скварцовым. Яго беластоцкі калега, генерал Беклямішаў расправіўся з Явароўкай праз месяц пасля прызначэння на пасаду (рэальна ён прыняў справы яшчэ пазней). Трохі больш за месяц выконваў абавязкі уезднага начальніка маёр фон Крэмер на момант ліквідацыі Пеняшак.
Карныя аперацыі па знішчэнню ваколіцаў адбываліся прыкладна па адной схеме з некаторымі асаблівасцямі. Звычайна той ці іншы начальнік уезда звяртаўся да губернатара з рапартам аб тым, што ім выяўлены “рассаднік зламысных намераў і дзеянняў”, які ў адпаведнасці з апошнім распараджэннем генерал-губернатара патрабуе тэрміновай ліквідацыі. У выпадку згоды, І. Скварцоў загадваў: “Сабраць як мага больш мясцовых жыхароў… прачытаць маё прадпісанне і спаліць усю ваколіцу і пасля цалкам знішчыць усе напаміны былога селішча, аддаць зямлю суседняй сялянскай грамадзе”46. Адначасова з гэтым губернатар накіроўваў паведамленне разам са спісам жыхароў ваколіцы ў Вільню, дзе вызначалася канчатковае месца высылкі кожнай асобнай сям’і. Атрымаўшы дазвол ад губернскага начальства, ваенныя начальнікі абкружалі падпарадкаванымі ім войскамі вызначанае паселішча, праводзілі высяленне жыхароў разам з апісаннем іх маёмасці. Пасля, адначасова з некалькіх бакоў, ваколіца падпальвалася. “У Бельску было відаць полымя… сялян ахапіў жах…”, – апісваў гэты момант палкоўнік Барэйша47. У храналагічнай паслядоўнасці знішчэнне ваколіцаў адбывалася ў наступным парадку: 12–13 ліпеня 1863 г. Шчука, 6 жніўня – Явароўка, 8 верасня – Пеняшкі, 23 верасня – Лукавіцы і ў сярэдзіне сакавіка 1864 г. – Прушанкі-Баранкі.
Арыштаваныя жыхары ваколіцаў размяшчаліся пад вартай (у астрозе, у палатках за горадам, у карчме, па кватэрах) да вырашэння іх канчатковага лёсу. Прашэнні ваколічнай шляхты падчас знаходжання пад вартай, а таксама і з месца ссылкі сведчаць, што яны не разумелі, у чым іх віна. У іх свядомасці не ўкладвалася, за што і чаму высылаюцца ўсе без разбору: і немаўляты, і старыя, і цяжарныя жанчыны. Не ўсе вытрымлівалі падобны ўдар лёсу. Яшчэ да адпраўкі некаторыя паміралі. Былі такія, што вар’яцелі. Па-свайму сацыяльнаму складу гэта была пераважна тая шляхта, якая здолела даказаць сваю прыналежнасць да прывілеяванага стану.
Сялянскія сем’і, якія пражывалі ў межах ваколіцаў М. Мураўёў загадваў пакідаць на месцы, але некаторыя з іх праз неўважлівасць мясцовых уладаў і блытаніну ў справаводстве былі ўсё ж такі высланыя на ўсход. Падчас перапісу Лукавіцаў у пасямейныя спісы былі ўключаныя слугі, якіх таксама як членаў сямей выслалі разам са сваімі гаспадарамі.
Ілюстрацыя 3.
Першыя старонкі спісу жыхароў знішчанай ваколіцы Лукавіцы |
Прынцып калектыўнай адказнасці распаўсюджваўся і на тых, хто ўжо нават на працягу некалькіх гадоў (месяцаў) не жыў у спаленай ваколіцы. Пасля гэтых падзеяў мясцовыя ўлады на працягу яшчэ некалькіх гадоў працягвалі арыштоўваць сваякоў, якія пражывалі альбо працавалі ў іншай мясцовасці. Пасля кароткага разбіральніцтва ўсе яны накіроўваліся “для злучэння з сваёй сям’ёй”. Паказальны ў гэтым выпадку лёс Антона Явароўскага, які ў 1863 г. працаваў на фабрыцы ў Харошчы, але ў лютым 1865 г. ён быў накіраваны па этапе ў Самарскую губ., дзе знаходзіліся яго сваякі48. У Пеняшках арышту былі падвергнуты і 2 жыдоўскія сям’і. Але высланыя былі толькі старэйшыя мужчыны. У адрознені ад іншых жыхараў ваколіцаў для іх быў абраны іншы від пакарання. Іх накіравалі ў арыштанцкія роты ваеннага ведамства.
Даволі цяжка ўстанавіць дакладную лічбу жыхароў ваколіцаў, якія былі высланыя. Ведамасці, што складалі уездныя начальнікі, дакладнасцю не адрозніваюцца. Некаторым удавалася збегчы падчас самой экзекуцыі ці з месца зняволення (тым не менш насупраць іх прозвішча ставілася адметка аб адпраўцы). Ваенны начальнік ці іншы заступнік мог хадайнічаць за тую ці іншую асобу (сям’ю), каб пакінуць яе на месцы жыхарства. Усё гэта ўскладняе вызначэнне колькасці рэпрэсаваных. Тым не менш, абапіраючыся на тыя дадзеныя, якія прысутнічаюць у афіцыйным справаводстве, атрымліваецца лічба больш за 500 асобаў (разам з шасцю сем’ямі ваколіцы Эйсманты Надтабольскія). Узроставых абмежаванняў на высылку амаль што не існавала. У спісах сустракаюцца немаўляты, якім споўнілася некалькі тыдняў, і старэйшыя за 70 гадоў. Далейшае справаводства па гэтых справах паказвае, што многія апынуліся на новых месцах “абсалютна голымі”, “без усялякіх сродкаў для існавання”, паколькі “ўсё адбылося так хутка, што мы не паспелі ўзяць ні грошай, ні самай неабходнай вопраткі”49. А ў Бельску ў дадатак да ўсяго ў жыхароў Лукавіцаў былі адабраны ўсе наяўныя грошы.
Спаленых і высланых ваколіцаў магло быць куды больш. Раней ужо ўзгадвалася прапанова Барэйшы разам з Лукавіцамі разабрацца і з Фалькамі. Але тады не атрымалася дакладна ўстанавіць, якія канкрэтна Фалькі бельскі начальнік меў на ўвазе (існавала некалькі ваколіцаў з падобнай назвай). Беластоцкі ваенны начальнік напрыканцы жніўня 1863 г. звярнуўся за дазволам выслаць яшчэ чатыры ваколіцы (Зайкі, Рагоўка, Ленцы, Куляшы – больш за 500 жыхароў)50. Той жа палкоўнік Барэйша ў студзені 1864 г. выступіў з ініцыятывай высялення ў глыб Расіі жыхароў 8 вёсак і ваколіцаў: Асмолі, Талвіня, Верцені, Выганава, Ясяноўкі, Клапоты Станіславога, Альшова Старога, Гарнава (усяго 1055 асобаў)51.
Гэтыя прапановы не былі прынятыя. Чаму? Прычыны маглі быць розныя. Напрыклад, у Мінскай губерні падчас абмежавання колькасці шляхты, якую планавалася выселяць з ваколіцаў, на першае месца ставіўся матэрыяльны фактар. Мясцовыя губернскія ўлады палічылі, што высылка такой вялікай колькасці людзей прывядзе да значных грашовых выдаткаў52. Але ў Гарадзенскай губ. харчаванне, утрыманне і транспартыроўка жыхароў ваколіцаў адбывалася за іх уласныя сродкі, а дакладней, за тыя грошы, якія ўлады атрымлівалі пасля продажы іх маёмасці. Можна выказаць меркаванне, што ўлады звярнуліся да законнасці ці хаця б здаровага сэнсу. Аб гэтым нібыта сведчыць адказ гарадзенскага губернатара задаволіць прашэнне беластоцкага начальніка аб высылцы 4 ваколіцаў, у якім адзначалася, “што нядобранадзейнасць адной асобы не можа прывесці да адказнасці іншых членаў яго сям’і, а тым больш цэлых паселішчаў”53. Але як тады растлумачыць высылку ваколіцы Прушанкі-Баранкі ў сакавіку 1864 г.?
Відавочна, што ўлады выкарыстоўвалі такі тып рэпрэсій у якасці аднаразовага акта запалохвання жыхароў таго ці іншага уезда. Якраз таму не была цалкам высланая ваколіца Эйсманты Надтабольскія, бо падобны лёс у гарадзенскім уездзе спасціг ваколіцу Шчукі. Гэтую заканамернасць можна ўбачыць таксама ў іншых мясцовасцях. Выключэннем з’яўляюцца толькі тыя ж Прушанкі-Баранкі. Расправа з імі была ажыццяўлена ў той момант, калі ў суседнім Каралеўстве Польскім з надыходам вясны пачаў аднаўляцца паўстанцкі рух і ўзнікла пагроза яго распаўсюджвання на сумежныя тэрыторыі. Падобная акцыя была выканана ўладамі ў якасці прэвентыўнай меры, каб не дапусціць узнаўлення нацыянальна-вызваленчай барацьбы Гарадзенскай губ.
Высылкай ваколіцаў рэпрэсіўная дзейнасць уездных начальнікаў не абмяжоўвалася. Шырокае ўжыванне ўладамі адміністратыўнай высылкі, для прымянення якой не патрабавалася ні судовага рашэння, ні доказу віны, давала моцныя “козыры” ў рукі вайсковых камандзіраў уездаў. Нягледзячы на тое, што яны не валодалі правам непасрэднага прыняцця рашэння аб выкарыстанні дадзенага віда пакарання ў адносінах да той ці іншай асобы, менавіта яны вызначалі “нядобранадзейных”, якія падлягалі высылцы. Пры гэтым нядобранадзейнасць магла выяўляцца ў чым заўгодна. Так, брэсцкі уездны начальнік палкоўнік Дзяконскі ў жніўні 1863 г., прадстаўляючы спіс жыхароў г. Брэста, якія, на яго думку, заслугоўваюць выдалення з краю, аргументаваў сваю пазіцыю наступнымі фармулёўкамі: “па свайму розуму мае вялікі ўплыў на польскае грамадства”, “скрытным характарам выклікае моцнае падазрэнне”, “фанацік”, “сваім дурным кірункам шкодны для краю” і г. д.54
Падобныя аргументы для адміністратыўнай высылкі ў той час былі не выключэннем, а правілам. Іх можна сустрэць (і значна дапоўніць) у перапісцы губернскіх уладаў з іншымі уезднымі начальнікамі. Усё гэта дазваляе сцвярджаць, што прычынай высылкі магло з’яўляцца суб’ектыўнае меркаванне ваеннага начальніка, якое не правяралася ні фармальным следствам, ні нават папярэднім расследаванем. У сваім імкненні пазбыцца ад няўгодных асобаў вайсковыя камандзіры здзіўлялі нават губернскае начальства. Так, пружанскі начальнік маёр Бубноў нават пасля таго, як невінаватасць некаторых асобаў была даказана гарадзенскай следчай камісіяй, прасіў не вяртаць іх у Пружаны, а выслаць разам з сем’ямі, бо лічыў іх “шкоднымі”55. Атрымаў адмовы і палкоўнік Барэйша за тое, што некалькі разоў прасіў губернскія ўлады выслаць у Сібір былога чыноўніка бельскага уезднага суда без усялякага расследавання толькі на падставе таго, што “ў яго няма сродкаў для жыцця і ён нядобранадзейны ў палітычных адносінах”56.
Сярод іншых відаў рэпрэсіўнай дзейнасці ваенных начальнікаў можна вылучыць наступныя:
- заснаванне і ажыццяўленне кантролю за дзейнасцю г. зв. сялянскай варты, якая стваралася дзеля барацьбы з паўстаннем;
- правядзенне вобыскаў, як у асобных людзей, так і ў прысутных месцах, у гандляроў, у каталіцкіх кляштарах, касцёлах, капліцах і нават на могілках;
- спагнанне г. зв. “працэнтнага збору”. Пры гэтым меркаванні уездных начальнікаў улічваліся як пры яго “раскладцы” па уезду, так і ў выпадках змяншэння гэтага віду грашовага спагнання ў дачыненні да некаторых асобаў. Невыкананне запланаваных фінансавых паказчыкаў вяло да жорсткай вымовы з боку начальства57;
- забеспячэнне войскаў харчаваннем і фуражом коштам мясцовых жыхароў на працягу пэўнага тэрміну58;
- закрыццё касцёлаў і кляштараў. Ваенныя начальнікі уездаў у некаторых выпадках выступалі з ініцыятывай закрыцця, скасавання ці ператварэння ў праваслаўныя храмы каталіцкіх культавых пабудоў. Але разам з тым, начальства цыркулярна прадпісвала ім выказваць свае асабістыя меркаванні адносна “новай арганізацыі рымска-каталіцкіх прыходаў.” На падставе гэтых прапаноў адбываўся далейшы працэс “памяншэння шкоднага ўплыву касцёла”;
- спрыянне пераходу мясцовага каталіцкага насельніцтва ў праваслаўе. Аднойчы дзейнасць ваеннага начальніка стала нават прадметам разбіральніцтва ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Пружанскі начальнік палкоўнік Эліс (рэфарматар па веравызнанню), імкнучыся выслужыцца перад М. Мураўёвым, у 1864 г. распрацаваў адмысловы “план па далучэнню каталікоў да праваслаўя” ў сваім уездзе. У адпаведнасці з ім яму ўдалося “навярнуць у праваслаўе” 388 шляхціцаў, сялянаў і мяшчанаў59. Аднак у сталіцы ўзніклі сумненні адносна выкарыстаных метадаў. Падазравалі, што ў якасці галоўнага аргумента Эліс выкарыстаў алкаголь. Пазней некаторыя з новых праваслаўных падалі скаргі на яго дзеянні.
Асобна хацелася б закрануць пытанне прававога аспекта дзейнасці ваенных уездных начальнікаў. Юрыдычныя падставы, якія вызначалі іх нарматыўнае становішча былі закладзены некалькімі адмысловымі інструкцыямі 1861 і 1863 г. Пазней прававое поле іх дзейнасці неаднаразова пашыралася, як праз прыняцце М. Мураўёвым новых інструкцый і прадпісанняў, так і праз іх дапаўненне, а таксама праз распараджэнні гарадзенскага губернатара.
Паколькі падобныя акты выходзілі за рамкі прававой традыцыі і практыкі імперыі і грунтаваліся на адмысловых паўнамоцтвах, якія атрымаў віленскі генерал-губернатар у тым ліку і ў заканадаўчай сферы, то самі уездныя ваенныя начальнікі могуць быць аднесены да органаў надзвычайнай улады з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. Заслугоўвае ўвагі праблема законнасці іх дзейнасці нават у межах гэтага надзвычайнага заканадаўства. Тым больш, што нават у асяродку вышэйшай улады не было адзінага падыходу да вырашэння гэтай праблемы. Так, з аднаго боку, гродзенскі губернатар гр. У. Бабрынскі сваю інструкцыю для уездных начальнікаў завяршаў патрабаваннем абавязковай законнасці іх дзеянняў60. З іншага, “нататкі для ваенна-уездных начальнікаў”, якія былі створаны пазней (аўтарства іх выявіць не ўдалося) прадпісвалі ім “не абмяжоўваць сябе фармальнасцю”61.
Факты сведчаць, што выбар начальнікамі быў зроблены выразна на карысць другой мадэлі. Нягледзячы на тое, што ў тыя часы любая скарга на мураўеўскую адміністрацыю магла прывесці да самых сур’ёзных наступстваў, захаваліся шматлікія сведчанні свавольства і злоўжыванняў вайсковых камандзіраў уездаў і іх падначаленых. Некаторыя прыклады ўжо прыводзіліся вышэй. Сярод іншых абмяжуемся прывядзеннем фактаў толькі адносна Бельскага уезда. Гэта самавольная перлюстрацыя паштовай карэспандэнцыі, канфіскацыя грашовых сродкаў у арыштантаў, пераслед, зневажанне некаторых асобаў і іх сем’яў, збіццё бізуном з мэтаю атрымання патрэбных паказанняў, прымус падпісання чыстых папераў, на якіх пасля фабрыкаваліся сведчанні і г. д.
Зразумела, што ваенныя начальнікі не маглі асабіста выконваць усе абавязкі, якія ўскладваліся на іх уладамі. І таму ў сваёй дзейнасці яны акрамя вайска абапіраліся на станавых ваенных начальнікаў, жандарскія каманды, следчыя камісіі і мясцовыя органы кіравання. Нельга атаясамляць пасаду ваеннага начальніка уезда ў азначаны перыяд з нейкай канкрэтнай асобай. Справа ў частых зменаў па прычыне пераводу вайсковых частак, у якіх яны неслі службу, у іншыя мясцовасці. Акрамя таго ўлады часта змянялі ваенных начальнікаў. У сярэднім за два гады ў кожным уездзе змянілася па 4 начальнікі. Выключэнне тут, пэўна, складае постаць бельскага ваеннага камандзіра палкоўніка Барэйшы, які заставаўся на сваёй пасадзе 2 гады...
Трэба адзначыць, што ваенныя уездныя начальнікі з’яўляліся адным з найбольш значных элементаў рэалізацыі рэпрэсіўнай палітыкі М. Мураўёва. Пры гэтым яны ўласнымі ініцыятывамі непасрэдна фармавалі некаторыя элементы гэтай палітыкі. Разам з тым, іх дзейнасць у залежнасці ад асобы уезднага начальніка мела шэраг спецыфічных рысаў, што прывяло да фармавання рэгіянальных адметнасцяў “мураўёўскай сістэмы”. У залежнасці ад часу і ступені ўздыму нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў іх дзейнасці дамінавалі розныя віды рэпрэсіўнай дзейнасці. Надзеленыя неабмежаванай уладай, ваенныя начальнікі, фактычна, ператвараліся ў “мураўёвых” уезднага маштабу.
[1] Виленский временник. Книга VI, ч. II. Архивные материалы муравьевского музея относящиеся к польскому восстанию 1863–1864 г.г. в пределах Северо-Западного края. Вильна, 1915. С. 7.
[2] НГАБ у Гародні. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 172, арк. 12.
[3] Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад. з. 2, арк. 161.
[4] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 2, арк. 4.
[5] Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад. з. 4, арк. 3.
[6] Тамсама. Ад. з. 7, арк. 112.
[7] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 2564, арк. 109.
[8] Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад. з. 2, арк. 13-14.
[9] Отчет графа М.Н. Муравьёва по управлению Северо-Западным краем с 1 мая 1863 г. по 17 апреля 1865 г. С. 4.
[10] НГАБ у Гародні. Ф. 970, воп. 2, ад. з. 16, арк. 10-15.
[11] Тамсама. Ф. 1624, воп. 2,ад. з. 3, арк. 324; Ф. 974, воп. 1, ад. з. 7, арк. 679.
[12] Berg M. Zapiski o polskich spiskach i powstaniach. Cz. X., Warszawa, 1906. S. 129.
[13] НГАБ у Гародні. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 14, арк. 33.
[14] Цылов Н. И. Сборник распоряжений графа Михаила Николаевича Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863–1864. Вильна, 1866. С. 102.
[15] НГАБ у Гародні. Ф. 974, воп. 1, ад. з. 2, арк. 103.
[16] Тамсама. Арк. 2.
[17] Тамсама. Ад. з. 13, арк. 346.
[18] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 170, арк. 45; Ф. 1, воп. 35, ад. з. 1, арк. 4.
[19] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 1068, арк. 22, 28.
[20] Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад. з. 7, арк. 60.
[21] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 170, арк. 154–155.
[22] Тамсама. Ф. 1, воп. 13, ад. з. 1400, арк. 16–65.
[23] Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад. з. 1, арк. 70.
[24] Тамсама. Ф. 974, воп. 1, ад. з. 2. Арк. 110 (Дакумент друкуецца на мове арыгінала з захаваннем тагачаснай пунктуацыі).
[25] Тамсама. Арк. 82 (Дакумент друкуецца на мове арыгінала з захаваннем тагачаснай пунктуацыі).
[26] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 823, арк. 38.
[27] Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад. з. 17, арк. 127, 128.
[28] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 170, арк. 85, 154.
[29] Тамсама. Воп. 13, ад. з. 1400, арк. 69.
[30] Тамсама. Воп. 34, ад. з. 542, арк. 16.
[31] Тамсама. Ф. 3, воп. 1, ад. з. 39, арк. 14.
[32] Тамсама. Ф. 1, воп. 13, ад. з. 1400, арк. 169.
[33] Тамсама. Воп. 34, ад. з. 456, арк. 131–132.
[34] Тамсама. Ад. з. 170, арк. 154.
[35] Цылов Н. И. Сборник распоряжений графа Михаила Николаевича Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863–1864. Вильна, 1866. С. 125.
[36] Studnicki W. Rok 1863. Wyroki śmierci. Wilno. S. 3-53.
[37] НГАБ у Гародні. Ф. 1159, воп. 3, ад. з. 21, арк. 334, 344.
[38] Тамсама. Арк. 328-330.
[39] Тамсама. Ад. з. 13, арк. 37.
[40] Тамсама. Ф. 1, воп. 31, ад. з. 72, арк. 41, 49.
[41] РДГА. Ф. 1266, воп. 1, ад. з. 8, арк. 32.
[42] Тамсама. Ф. 78, воп. 1, ад. з. 100, арк. 62; НГАБ у Гародні. Ф. 1624, воп. 2, ад. з. 3, арк. 71.
[43] НГАБ у Гародні. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 1746, арк. 3.
[44] Тамсама. ад. з. 456, арк.2.
[45] Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад. з. 7, арк. 84.
[46] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 456, арк. 4; Ф. 1, воп. 31, ад. з. 57, арк. 3; Ф. 974, воп. 1, ад. з. 12, арк. 67.
[47] Тамсама. Ф. 1, воп. 6, ад. з. 372, арк. 10.
[48] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 542, арк. 166, 168.
[49] Тамсама. Ад. з. 456, арк. 105; Ф.1, воп. 6, ад. з. 829, арк. 140; Ф.1, воп. 6, ад. з. 372, арк. 197.
[50] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 676.
[51] Тамсама. ад. з. 1746.
[52] Горбачёва В. В. Восстание 1863–1864 гг. и репрессивные мероприятия царизма в Беларуси // Powstanie Styczniowe 1863–1864. Walka i uczęstnicy. Represje i wygnanie. Historiografia i tradycja: Zb. art.; Pod redakcją W. Cabana, W. Śliwowskiej. Kielce: Wydawnictwo Akademii Świętokrzyskiej, 2005. S. 115.
[53] НГАБ у Гародні. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 676, арк. 38.
[54] Тамсама. ад. з. 667, арк. 2.
[55] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, ад. з. 2425, арк.2.
[56] Тамсама. Ф. 3, воп. 1, ад. з. 39, арк. 48.
[57] Тамсама. Ф. 974, воп. 1, ад. з. 7, арк. 583.
[58] Тамсама. Ф. 1715, воп. 1, ад. з. 2, арк. 147.
[59] Комзолова А. А. Политика самодержавия в Северо-Западном крае в эпоху великих реформ. М., Наука, 2005. С. 187.
[60] НГАБ у Гародні. Ф. 970, воп. 2, ад. з. 16, арк. 15.
[61] Тамсама. Ф. 1624, воп. 2, ад. з. 3, арк. 133.
Пытанні:
Алесь Смалянчук (Гародня): Што рабілі з целамі пакараных смерцю паўстанцаў? Ці не было адпаведных інструкцый? Вядома, што ваенна-палявы суд прысудзіў Каліноўскага да расстрэлу, а Мураўёў замяніў яго на павешанне. Гэта звязана з інструкцыямі ці гэта было асабістае рашэнне галоўнага чыноўніка Віленскага генерал-губернатарства?
Адказ: Гэта пакідалася цалкам на волю уездных начальнікаў. Што тычыцца спробы вызначыць магілу Кастуся Каліноўскага, поспех мне падаецца малаверагодным. Хачу прыгадаць, што ў бытнасць графа Мураёва гарадзенскім губернатарам па яго загаду магіла расстрэлянага Міхала Валовіча была знішчаная, каб не дапусціць ператварэння ў месца пакланення і паломніцтва. Магчыма, гэтая традыцыя працягвалася...
Аляксандр Ільін (Пінск): Мяне цікавяць “палескія уезды” – Пружанскі, Кобрынскі і Берасцейскі. Як бы Вы ахарактарызавалі начальнікаў гэтых уездаў?
Адказ: Ніякіх асаблівасцяў там не было. Ваенныя уездныя начальнікі – гэта расейскія афіцэры, які камандавалі пэўнай вайсковай часткай, а калі яе пераводзілі ў іншае месца, адбывалася замена ваеннага начальніка.
Іван Сацукевіч (Менск): Ці ўваходзіла ў функцыянальныя абавязкі уездных ваенных начальнікаў вызначэнне месцаў у гарадах Беларусі для публічнага пакарання паўстанцаў?
Адказ: Што тычыцца Кобрына, начальнік неаднаразова мяняў рашэнне, дзе праводзіць месца пакарання, спачатку планаваў правесці экзэкуцыю за межамі горада, а ў канчатковым варыянце – гэта цэнтральная гарадская плошча. Гарадзенскі губернатар Скварцоў паведамляў тэлеграмай Мураўёву, што на гарадской плошчы ў Гародні будзе расстраляны такі-та. Начальнікі і губернатары самастойна вызначалі месца пакарання.
Юрась Бачышча (Менск): Вы знаёмілі з рознымі рапартамі жандараў. Ці сустракалася ў гэтых рапартах апісанне асобы Каліноўскага?
Адказ: У рапартах гэтае апісанне ёсць. Наогул, прыкметы Каліноўскага былі добра вядомыя. Дарэчы, доўгі час паліцэйскае апісанне Каліноўскага знаходзілася на стэндзе Гістарычнага архіва ў Гародні.
Андрэй Унучак (Менск): Вы не параўноўвалі дзейнасць ваенных начальнікаў у Беларусі і Каралеўстве Польскім? Калі так, то якія адрозненні існавалі?
Адказ: У Каралеўстве Польскім не было ваенных уездных начальнікаў, за выключэннем Аўгустоўскай губерні і Ломжынскага уезда, якія былі непасрэдна падпарадкаваныя віленскаму генерал-губернатару Мураўёву. Можна казаць пра асаблівасці розных рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, на тэрыторыі Магілёўшчыны і Меншчыны аднаму уезднаму начальніку былі адразу падпарадкаваныя некалькі уездаў, а на Гарадзеншчыне жорстка дзейнічаў прынцып: адзін начальнік – адзін уезд.
Вольга Гарбачова (Менск): Якім быў лёс высланых жыхароў ваколіцаў?
Адказ: Вельмі цікавая, але і вельмі складаная тэма, якую я толькі пачаў даследаваць. Часта жыхароў ваколіцаў высылалі не ў тыя месцы, куды прадпісвалася. Напрыклад, павінны былі накіраваць у Астраханскую губерню, а людзі апынуліся ў Іркуцкай. Шмат блытаніны, і каб высветліць сітуацыю, патрэбны час.
Дыскусія
Вольга Гарбачова:
Сістэма пакарання пачала распрацоўвацца пасля паўстання 1831 г. Як цэльная сістэма, яна склалася дзесьці напрыканцы 50-х гг. ХІХ ст. Пазней толькі ўносіліся змены.
Што тычыцца лёсу жыхароў ваколіцаў... Вядомая польская даследчыца Хлябоўска, якая даўно займаецца ссыльнымі прыйшла да высновы, што менавіта тыя, хто высылаўся адміністратыўным чынам, караліся найбольш жорстка. Адпраўленыя на пасяленне, на працу ў рудніках, праз нейкі час вярталіся. Большая частка высланых вярнулася дзесьці каля 1883 г. А вось высланыя адміністратыўна, паводле Хлябоўскай, ніколі не вярнуліся на ранейшае месца жыхарства. Прашэнні, якія гэтыя людзі пасылалі да ўладаў, заставаліся без разгляду. Ім папросту не дазвалялі вяртацца. Сітуацыя гэтых людзей была сапраўды трагічнай.
Яшчэ адно невялікае ўдакладненне наконт параўнання пакаранняў на тэрыторыі Каралеўства Польскага і Беларусі. Усяго высланых у сувязі з удзелам у паўстанні налічваецца дзесьці каля 36–40 тыс. чалавек. Ёсць дадзеныя пра высланых з тэрыторыі Беларусі, у тым ліку Віленшчыны – каля 24 тыс. чалавек. Гэта значыць, удзельнікі паўстання з беларуска-літоўскіх тэрыторый караліся больш жорстка і ў большай колькасці траплялі ў ссылку. У Каралеўстве Польскім было больш мягкае пакаранне. Таксама трэба звяртаць увагу, каго і за што каралі, бо нават удзел у паўстанцкіх атрадах караўся не заўсёды аднолькава. Мне трапляла інфармацыя, што больш заможныя часта атрымлівалі больш лёгкае пакаранне. Сярэдняя і дробная шляхта каралася больш жорстка.
Яўген Мірановіч (Беласток):
У польскай гістарычнай літаратуры ёсць згадкі, што вялікі адсотак афіцэраў у царскай арміі складалі палякі па нацыянальнасці.
Паўстанне на Украіне даследаваў вядомы французскі гісторык Даніэль Бавуа. Ён сцвярджае, што паўстанцы – гэта найперш клопат не для царскай адміністрацыі, а для мясцовай арыстакратыі. Якраз па яе ініцыятыве ліквідаваліся ўсе сацыяльныя крыніцы гэтага паўстання. Таксама Д. Бавуа падкрэслівае, што большасць вышэйшых афіцэраў у вайсковых частках належаді да той самай арыстакратыі.
Аляксандр Радзюк:
Згодны, што адміністратыўная высылка была больш жорсткім пакараннем. Доказу віны не патрабавалася, суд не адбываўся. Адміністратыўна пакараныя ў месцах ссылкі былі ў больш невыгодным становішчы, бо ўтрымлівался уласным коштам. Калі высылка адбывалася паводле судовага рашэння, то асуджаныя атрымоўвалі да 15 капеек у дзень (залежала ад рэгіёну) дапамогі з скарбу. Адміністратыўная ссылка не прадугледжвала такой магчымасці. Калі ж яны звярталіся з просьбай аб дазволе вярнуцца, то ўлады не маглі знайсці іх справы, не маглі даведацца пра прычыны высылкі.
Што датычыць нацыянальнасці... Калі меркаваць па прозвішчах, то ваенныя уездныя начальнікі былі пераважна немцамі. Я склаў прыблізны спіс ваенных начальнікаў уездаў Гарадзенскай губ., дзе сярод іх было шмат праваслаўных і пратэстанцаў.
- Гарадзенскі уезд: палкоўнік Вернер (звесткі са студзеня па ліпень 1863 г.), палкоўнік Брант (з 23 ліпеня 1863 г. па лістапад 1863 г), капітан Фельдман (з лістапада 1863 г.).
- Слонімскі уезд: падпалкоўнік Грыгароўскі (прызначаны ў студзені 1863 г.), палкоўнік Клавер (звесткі з лютага па ліпень 1863 г.), маёр Чартоў (прызначаны ў ліпені 1863 г.), падпалкоўнік Мэрдэр (звесткі са снежня 1863 г. па жнівень 1864 г.).
- Ваўкавыскі уезд: маёр Духноўскі, палкоўнік Калакольцаў (звесткі за травень 1863 г.), палкоўнік Казанлі (прызначаны ў траўні 1863 г.).
- Кобрынскі уезд: палкоўнік фон дэр Брынкер (Брынкін) (прызначаны ў люты 1863 г.), палкоўнік Драгапулаў (прызначаны ў чэрвені 1863 г., але да выканання абавязкаў не прыступаў), палкоўнік Поль (прызначаны ў жніўні 1863 г.).
- Пружанскі уезд: маёр Бубноў (звесткі за травень 1863 г.), маёр фон Крэмер (прыняў абавязкі 17 ліпеня 1863 г.), палкоўнік Эліс (звесткі за верасень, снежань 1863 г.), капітан Нікіфаракі (прыняў абавязкі 4 лістапада 1864 г. па сакавік 1865 г.).
- Брэсцкі уезд: падпалкоўнік Казанлі (звесткі за 1861 г.), палкоўнік Дзяконскі (прызначаны ў сакавіку 1863 г., звесткі да жніўня 1863 г.), палкоўнік Прохараў (да кастрычніка 1864 г.), палкоўнік Лявонаў (прызначаны 2 кастрычніка 1864 г.).
- Беластоцкі уезд: палкоўнік Суркоў (прызначаны ў студзені 1863 г.), генерал Беклямішаў (прызначаны 27 чэрвеня 1863 г.).
- Бельскі уезд: капітан Баранаў (звесткі за люты 1863 г.), маёр Корф (прызначаны ў лютым 1863 г.), палкоўнік Молер (прызначаны ў сакавіку 1863 г.), генерал Амонтаў (выконваў абавязкі да 7 верасня 1863 г.), палкоўнік Барэйша (з 7 верасня 1863 г. па верасень 1865 г.).
- Сакольскі уезд: палкоўнік Цэге фон Мантэйфель (з чэрвеня па ліпень 1863 г.), палкоўнік Эліс (з жніўня 1863 г.), капітан Нікіфаракі (з лістапада 1863 г. па верасень 1864 г.), палкоўнік Маноцкі (з верасня 1864 г.).
На матэрыялах Гарадзеншчыны нельга сцвярджаць, што арыстакратыя выступала супраць паўстання. Наадварот, яна збірала сродкі, распаўсюджвала адозвы паўстанцаў і таксама была жорстка пакараная за ўдзел у паўстанні. Не сустракаў нідзе згадак пра “арыстакратычны клопат”, як падавіць паўстанне...