Назад

Сяргей Токць (Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт)
кандыдат гістарычных навук

Нацыянальны і сацыяльны дыскурсы ў тэкстах “Мужыцкай праўды” і "Разсказов на белорусском наречии”

Калі б у тэкстах знакамітай “Мужыцкай праўды” Кастусём Каліноўскім замест тэрмінаў “польскі ронд” былі выкарыстаныя тэрміны “беларускі ронд” ці “літоўскі ронд”, дыскусія вакол яго постаці мела б сёння зусім іншы характар. А яшчэ калі б ужо ў менш вядомым шырокаму колу аматараў нашай гісторыі “Пісьме ад Яські-гаспадара да мужыкоў зямлі польскай” мы маглі б прачытаць: “Мы, што жывемо на зямлі Беларускай, што ямо хлеб беларускі, мы Беларусы з векоў вечных”, дык ніхто не змог бы паставіць пад сумненне ролю Кастуся Каліноўскага, як пачынальніка беларускага нацыяналізму.

Прафесійны гісторык, які займаецца даследаваннямі гэтага перыяду айчыннай гісторыі, добра разумее, што Каліноўскі мог напісаць толькі так, як напісаў, але, напрыклад, уяўнага шатландскага гісторыка, што толькі збіраецца даследаваць гісторыю беларускага нацыяналізму і які прачытаў усяго некалькі сінтэтычных апрацаванняў гісторыі Беларусі, названыя вышэй тэксты могуць напачатку збянтэжыць. Прычына хаваецца ў тым, што Кастусь Каліноўскі з’яўляецца культавай постаццю ў сучасным беларускім нацыянальным каноне, сімвалам змагання супраць Расійскай імперыі і русіфікацыі беларусаў у ХІХ–ХХ стст. Менавіта вакол гэтага і разгортваюцца сённяшнія дыскусіі, якія часта маюць больш ідэалагічны, чым навуковы характар.

Беларускія гісторыкі доўга не звярталі ўвагі яшчэ на адзін тэкст, створаны на беларускай мове ў той самы час, як і “Мужыцкая праўда” К. Каліноўскага, і таксама адрасаваны беларускім сялянам. Гэта “Разсказы на белорусском наречіі”, выдадзеныя ў Вільні ў 1863 г.1 У апошнія гады пра гэты твор пісалі Уладзімір Казбярук і Алег Латышонак2. Напісаныя былі “разсказы”, напэўна, у 1862 г., паколькі цэнзура выдала сваё адабрэнне ў снежні таго года. Ініцыятарам выдання з’яўляўся папячыцель Віленскай навучальнай акругі князь Шырынскі-Шыхматаў, а планавалася яно ў якасці кнігі для чытання ў народных вучылішчах і як сродак контрпрапаганды антырасійскім беларускамоўным выданням, такім, як “Мужыцкая праўда” К. Каліноўскага.

Галоўнай увагі ў гэтым зборніку, які складаецца з чатырох апавяданняў і адной казкі, заслугоўвае самае першае апавяданне “Кто булы наши найдавнiйшы диды и якая ихъ була доля до унiи?”. Гэты тэкст, напісаны невядомым аўтарам на заходнепалескім дыялекце, з’яўляецца першым прапагандысцкім беларускім нацыяналістычным тэкстам, адрасаваным шырокім сялянскім масам. Прычым, як мне ўяўляецца, гэты тэкст нават нельга назваць “заходнерускім” у тым значэнні, якое сёння надаецца азначанаму тэрміну ў беларускай гістарыяграфіі (у адрозненне ад іншых апавяданняў гэтага зборніка). Тут амаль зусім не ўзгадваюцца Масква і Расійская імперыя, вялікарусы і “цар-бацюшка”. За адным хіба выключэннем: “Короли польскыи воёвалы зъ Московскимы царямы, и кажная такая война мусыла конэчнэ спустошиты Литву и Билую Русь”3. Інакш кажучы, усходні сусед беларусаў амаль не фігуруе ў гэтым апавяданні як важны актор гістарычных падзей, што паўплывалі на лёсы Беларусі. Затое галоўным адмоўным акторам тут выступае Польшча, якая, паводле аўтара, увесь час намагалася зрабіць беларусаў і літвінаў каталікамі і палякамі: “Нэ дай Божэ нам потэрпиты того, що пэрэтэрпилы наши диды и батькы за виру Православную”4. Такім чынам, апавяданне “Кто булы наши найдавнiйшы диды и якая ихъ була доля до унiи?” можна лічыць першым прыкладам беларускага гістарычнага наратыву, узорам для пазнейшага фармавання беларускага нацыяналістычнага дыскурсу.

Аповед абрываецца на трагічных для беларусаў, з пункту гледжання аўтара апавядання, часах Рэчы Паспалітай. Пра сучаснасць і будучае беларусаў тут зусім нічога не гаворыцца, што выглядае нават дзіўна, бо напрошваецца, калі зважаць на варункі выдання, пахвала ў адрас цара і братоў-вялікарусаў, якія прынеслі беларусам вызваленне ад палякаў і шчаслівае жыццё пад імперскім скіпетрам. Так, прынамсі, рабіў трохі раней вядомы фалькларыст Павел Шпілеўскі, якога таксама, на маю думку, можна лічыць беларускім протанацыяналістам. Апошні пісаў, напрыклад, у сваёй кнізе “Путешествие по Полесью и белорусскому краю” пра далучэнне беларускіх земляў да Расійскай імперыі: „После тяжких годов иноплеменного ига потомки кривичей, минские белорусцы, наконец, вздохнули свободно и зажили жизнью родной – белорусской”5. Але аўтар разгледжанага вышэй апавядання гэтага ні робіць. Чаму? Пытанне застаецца без адказу. Дарэчы, “Разсказы на белорусском наречіі” так і не трапілі ў бібліятэкі народных вучылішчаў, а самое іх выданне было прызнанае расійскімі ўладамі палітычнай памылкай.

Цікава, што ў разгледжаным намі вышэй апавяданні “Кто булы наши найдавнiйшы диды...” практычна цалкам адсутнічае сацыяльны дыскурс. Тут не ўзгадваюцца паны і мужыкі, а выступаюць толькі беларусы, палякі і літвіны. У гэтых адносінах першы нумар “Мужыцкай праўды” з’яўляецца ўзорам менавіта сацыяльнага дыскурсу. Словы “мужыкі”, “мужыцкая” паўтараюцца тут 10 разоў, а слова “паны”, “панскага” – 5 разоў. “Ад маскаля і паноў няма чаго спадзявацца, бо яны не вольнасці, а глуму і здзёрства нашага хочуць”6, – гаворыць Яська-гаспадар. Упершыню ў гісторыі грамадскай думкі Беларусі мужыкі разглядаюцца не як патэнцыйны саюзнік шляхты, якім трэба апякавацца, якіх трэба выхоўваць, прасвятляць і далучаць да высокай культуры, але як сіла, здольная самастойна вырашыць свой лес: “А калі паны схочуць трымацца з намі, так няхай жа робяць па свентай справядлівасці: бо калі іначай – так чорт іх пабяры!”7. Ужо толькі за адно гэтае, на маю думку, Кастусь Каліноўскі заслугоўвае на пачэснае месца ў пантэоне нацыянальных герояў Беларусі.

У другім нумары “Мужыцкай праўды” таксама чытаем: ”Цар кажа, што ён добра нам думае, а паны кажуць, што яны добра думаюць нам зрабіці, а мужык бедны ад іх дабросці як прападаў, так і прападае”8. І тут, каб “расталкаваць людзям, у чом праўда”, Яська-гаспадар звяртаецца да гісторыі і сцвярджае, што “быў то калісьці народ наш вольны і багаты”9. Прычым ён адзначае, што бацькі і дзяды гэтага ўжо не помняць, але ён сам вычытаў у “старых ксёнжках”. Паншчыны ў той шчаслівы час не было, паколькі ўсім хапала зямлі, “но ў суседстве з намі жыў Немец і Маскаль”, каторым “багацтва нашае калола ў очы”. Каб бараніцца ад немцаў і маскалёў, частка народу мусіла ісці на вайну, і за гэта “Кароль Польскі да і Літоўскі” даў ім шляхецтва, а астатнім загадаў абрабляць “поле гэтым, што б’юцца за вольнасць і шчасце ўсіх”10. Такім чынам, Яська-гаспадар тлумачыць паходжанне паншчыны і трохі, як бы прылагоджвае сацыяльныя супярэчнасці паміж панамі і мужыкамі, якія востра акрэсліў у першым нумары.

Гістарычны наратыў “Мужыцкай праўды” непараўнальна бяднейшы, чым у апавяданні “Кто булы наши найдавнiйшы диды и якая ихъ була доля до унiи?”. “Нашаму народу” тут супрацьстаўляюцца немцы і маскалі і зусім не ўзгадваюцца палякі і літвіны, як і тэрмін “беларусы” у “Мужыцкай праўдзе” ўвогуле адсутнічае. Апелюючы да знакамітага маніфеста Касцюшкі, выдадзенага ў 1794 г., Яська-гаспадар сцвярджае, што ўзброенае змаганне за вольнасць аўтаматычна робіць мужыкоў “на век вякоў” вольнымі ад паншчыны11.

Рэаліі падрыхтоўкі паўстання, а потым і яго выбух адсоўвалі на другі план сацыяльныя супярэчнасці паміж шляхтай і сялянствам. У пяцёх астатніх нумарах “Мужыцкай праўды” слова “пан” увогуле не ўзгадваецца. Ворагамі мужыкоў застаюцца чыноўнікі, папы і маскалі: “Дзяры з нас, цар, дзярэце з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры, но памятайце, што і на нас прыйдзе пара, памятайце, што калі мужык разгуляецца, то, як свет шырокі, кроў ваша пальецца”. У пятым нумары чытаем: “Помняць яшчэ нашыя дзяды, паказываюць яны, што за іх часоў мужыкі рэкрута і не зналі. Было войска, то праўда, но войска польскае ўсё было зэ шляхты, а калі мужыкі часамі захацелі ісці на вайну, так зараз з іх знімалі мужыцтва, ды і паншчыну, давалі зямлю, а ўсю вёску рабілі шляхтаю. Стуль то ў нас і парабіліся аколіцы шляхецкія”12.

Аднак стаўленне сялян да паўстання і паўстанцаў аказалася не такім, на якое спадзяваўся Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі. Неўзабаве выявілася, што прапаганда паўстанцаў выразна прайграе расійскай прапагандзе ў ідэалагічнай вайне. Галоўным ворагам для селяніна, як аказалася, выступаў усё ж блізкі пан і яго падпанкі, а не далёкія чыноўнікі і маскалі, якіх сяляне ў рэчаіснасці бачылі толькі зрэдку. А паўстанцкія аддзелы ў большасці сваёй якраз складаліся са шляхты і дваровых людзей. Бацька паэта Максіма Багдановіча Адам Багдановіч так тлумачыў у сваіх успамінах факт, што сяляне не падтрымалі паўстанцаў 1863 г.: “Крестьяне ясно видели или чутьем угадывали, что это движение прежде всего классовое, а потом – национальное. Кто формировал отряды или “банды”, как их называли царские власти? Помещики, вчерашние владельцы крепостных душ. Из кого комплектовались отряды? Из тех же помещиков, мелкой шляхты и дворни, т.е. “подпанков” и “панят”, – вчерашних непосредственных и злейших врагов крестьянства, их самых жестоких притеснителей (…) Среди крестьян ходили слухи, что движение имеет целью восстановление крепостной зависимости. И по составу участников было похоже на то. То, что шли дворовые камандующей части, было понятно: их интересы были тесно связаны с интересами пана, и с падением крепостной зависимости – крестьян, они много теряли в своем полупривиллегированном положении”13.

Станавілася відавочна, што ідэі польскага патрыятызму і адпаведныя лозунгі таксама не ўспрымаюцца беларускімі сялянамі, якія ў большасці выразна супрацьстаўлялі сабе паноў-палякаў. 3 мая 1863 г. быў выдадзены Маніфест Нацыянальнага польскага ўрада, адрасаваны менавіта беларусам: “...Усе рауны, усе сыны одной Польшчы, Ойчызны нашэй... Усе што пойдуць в войско польское доецься шляхэцтво на век. Вера для усех свободная, як кто хочэ. Оніаты, которых пэрэвярнулі ў праваслав’е могуць вярнуць да своей веры. Браты Бёлорусы, прышла пора добрая... бараніце волі, зямлі і веры вашэй, а бог вам допоможэ”14.

А ўслед за Маніфестам выходзіць апошні сёмы нумар “Мужыцкай праўды”, у якім Яська-гаспадар распавядае сваім чытачам, як падняліся мужыкі ў Польшчы і “пайшлі дабівацца зямлі да праўды, а іншы і святой уніяцкай веры”. “От і дабілісь – сцвярджае Яська-гаспадар – выйшаў ужэ Польскі Маніхвэст”15. Прычым з тэксту вынікае, што Польшча дзесьці там, а тыя, каму ён адрасаваны, жывуць не ў Польшчы. Адначасова з апошнім нумарам “Мужыцкай праўды” з’яўляецца і беларускамоўны прыказ Ронду Польскага “Да народу зямлі Літоўскай і Беларускай”, у якім аўтар, напэўна, таксама Кастусь Каліноўскі, выгаворвае сялянам за тое, што яны дапамагаюць “маскалям”. Расчараванне і адчай, выкліканы пасіўнасцю і часта нават варожасцю да паўстанцаў з боку беларускамоўнага сялянства выяўляецца тут фразай: “Што вы сігодня дурныя як авечкі”16. А ў перадсмяротных пісьмах з-пад шыбеніцы Яська-гаспадар жадае, каб “знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць”17. Тут упершыню таксама ён гаворыць пра магчымасць навучання ў школах на беларускай мове. Але адначасова Яська-гаспадар атаясамляе сябе з палякамі: “Доўга палякі чакалі памоцы з заграніцы, народы чужаземныя крычалі многа і да гэтай пары нічога для нас не зрабілі”18.

Вяртаючыся да параўнання тэкстаў К. Каліноўскага і невядомага аўтара апавядання “Кто булы наши найдавнiйшы диды и якая ихъ була доля до унiи?” можна з упэўненасцю сцвердзіць, што толькі апошні тэкст паводле зместу можна назваць беларускім нацыяналістычным тэкстам. Чаму Каліноўскі не мог ужыць тэрміну “беларускі ронд”, чаму не бачыў у мінулым асобнай беларускай супольнасці? Тут, на маю думку, можна пагадзіцца з аўтарам кнігі “Гісторыя беларускага нацыяналізму” Валеркам Булгакавым, што ў самасвядомасці тагачаснага адукаванага шляхецкага грамадства Беларусь атаясамлялася з таямнічай, амаль казачнай правінцыяй на ўсходзе былой Рэчы Паспалітай, якую насяляў несапсаваны цывілізацыйнымі ўплывамі вельмі добры і наіўны народ, які, аднак, ніколі не меў уласнай палітычнай волі і патрабаваў апекі з боку больш цывілізаваных суседніх народаў19.

Найбольш яскрава гэта сфармуляваў Адам Міцкевіч у студзені 1841 г. у сваіх лекцыях польскай літаратуры у Парыжы: „Гэты край, спрадвечна славянскі, не мае сваёй назвы, бо не становіць (асобнай) дзяржавы, але хіліцца то да ляшскай сістэмы, то пад рускі скіпетр. Землі гэтыя былі заваяваныя Рурыкавічамі і ад той заваёвы маюць назву рускіх земляў. Літвіны захавалі ім назву, якая нагадвае пра тую заваёву, а Палякі, паклаўшы на іх сваю руку, адрозніваюць ў сваёй мове рускія землі ад дзяржавы Расіі (...) Гэтая велькая краіна была відовішчам барацьбы паміж Польшчай і Расіяй. На гэтым абшары сутыкаліся дзве рэлігіі, каталіцкая і праваслаўная. Шляхецкая Рэч Паспалітая Палякаў і сістэма самаўладства Расіі вялі тут зацятыя баі”20.

І выйсці за рамкі такога дыскурсу прадстаўніку гэтага шляхецкага грамадства, якім быў і Кастусь Каліноўскі, было вельмі складана, хаця і магчыма, калі ўзгадаць чыноўніка Гарадзенскай губерні Ігната Кулакоўскага, які паходзіў з мясцовай шляхты. У 1834 г. Кулакоўскі даслаў на імя міністра народнай асветы грунтоўную запіску, дзе прапанаваў увесці ў навучальныя курсы мясцовых дзяржаўных устаноў „ясное, систематическое изложение (...) истории Западных губерний под исключительным названием истории Края”, паколькі „события, относящиеся к Западным губерниям, обыкновенно или совершенно поглощены историею поляков или едва упомянуты в истории России, а потому доселе составляют в наших училищах науку, слабо занимающую юношество”21. Апроч таго Кулакоўскі таксама выступаў за „тщательное изучение наречий”, бо „простонародный язык – это граница, природою начертанная между народами”.

У заходнерускім дыскурсе, прадстаўнікамі якога адносна сярэдзіна ХІХ ст. можна назваць Паўла Шпілеўскага, Міхала Каяловіча, Паўла Баброўскага, Беларусь набывае больш высокі сімвалічны статус, калі карыстацца тэрмінам Валеркі Булгакава, прыгнечанай этнічнай калоніі, а беларусы – статус прыгнечанай этнічнай супольнасці. Заходнерускі дыскурс тварылі пераважна выхадцы з асяроддзя уніяцка-праваслаўнага духавенства, якія стваралі маргінальную, а часта нават пагарджаную групу ў польскамоўным адукаваным грамадстве Літвы і Беларусі. Таму яны лёгка ўспрымалі гэтакі альтэрнатыўны да пануючага інтэлектуальны праект. Іншая справа, што адсюль часцяком заставаўся ўсяго адзін крок да поўнай русіфікацыі і прыняцця расійскай нацыянальнай самасвядомасці, і многія з заходнерусаў без асаблівых ваганняў гэтакі крок рабілі.

Але, гэта быў, на маю думку, неабходны этап для фармавання ідэі беларускага нацыяналізму. Аўтар апавядання “Кто булы наши найдавнiйшы диды и якая ихъ була доля до унiи?” выразна выходзіць за рамкі заходнерусізму, паколькі апошні немагчымы, як слушна адзначыў у свой час Алег Латышонак, без суаднясення да расійскасці ці вялікарускасці22, а ён абыходзіцца без іх, зрабіўшы беларусаў самастойным акторам гістарычнай сцэны. Сапраўды, прываблівай выглядае ідэя Алега Латышонка, што гэтым аўтарам мог быць Ігнат Кулакоўскі23. У кожным выпадку, як мне здаецца, гэта мусіў быць нехта “свой сярод чужых”, той, хто мог пераступіць праз прынятыя ў тагачасным грамадстве Беларусі рамкі і стэрэатыпы.

Такім чынам, у 1860-я гады былі акрэсленыя рамкі нацыянальнага дыскурсу, у межах якога пазней Францішак Багушэвіч, Вацлаў Іваноўскі і іншыя аўтары тварылі канон беларускай нацыянальнай ідэалогіі. Тэксты Кастуся Каліноўскага ў гэтым плане ў канцы ХІХ – на пачатку ХХ ст. былі малапрыдатнымі. Але яны сталі запатрабаванымі ў той момант, калі беларускі нацыяналізм адчуў патрэбу ў героях-ваярах. І постаць Каліноўскага становіцца сімвалам нязломнага беларускага змагара супраць імперыі, сімвалам, які адыграў і адыгрывае надалей вялізную ролю ў беларускай культуры і ў беларускім нацыянальным руху.


[1] Разсказы на белорусском наречіи. Вильно: В типографии А.Сыркина, 1863. 33 с.
[2]  Казбярук У. Заняпад і адраджэнне: Беларуская літаратура ХІХ ст. / Укл. У.Казберука, Мінск: „Мастацкая літаратура”, 2001. С. 320-321; Латышонак A. Гутарка “царкоўнага старасты Янкі” з “Яськам гаспадаром з-пад Вільні” // Дзеяслоў. 2004. № 9. С. 200.
[3] Разсказы на белорусском наречіи... С. 9.
[4] Тамсама. С. 13.
[5] Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Минск: „Беларусь”, 2004. С. 105.
[6] Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад. Г. Кісялёў. Мінск: Беларускі кнігазбор, 1994. С. 28. Глядзі таксама фотакопіі нумароў “Мужыцкай праўды” у кнізе: К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследния / Институт истории партии при ЦК КП Белоруссии – фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КП КПСС. Мн.: Беларусь, 1988. 208 с.
[7] Каліноўскі К. За нашую вольнасць... С. 28.
[8] Тамсама.
[9] Тамсама. С. 28.
[10] Тамсама. С. 29.
[11] Тамсама.
[12] Тамсама. С. 34.
[13] Богданович А. Мои воспоминания // Неман. 1984. № 5. С. 53..
[14] Каліноўскі К. За нашую вольнасць… С. 241.
[15] Тамсама. С. 38.
[16] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне. Ф. 1, воп. 34, ад.з. 169. Арк. 166.
[17] Каліноўскі За нашую вольнасць… С. 40.
[18] Тамсама. С. 44.
[19] Валер Булгакаў. Гісторыя беларускага нацыяналізму. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. С. 119.
[20]  Цытую па: Bazyli Białokozowicz. Między wschodem a zachodеm. Z dziejów formowania się białoruskiej świadomości narodowej, Białystok 1998, s.29 (“Ten kraj rdzennie słowiański nie ma swojej nazwy, bo nie stanowi (odrębnego) państwa, ale nachyla się to do systemu lechickiego, to pod berło ruskie. Ziemіе te zostały podbite przez Rurykowiczów i od tego podboju noszą nazwę ziem ruskich. Litwini zachowali im miano przypominające dawny podbój, a Polacy, poloźywszy na nich swe piętno, odróżniają w swym języku ziemie ruskie оd państwa Rosji. (...) Ta wielka kraina była widownią walk między Polską a Rosią. Na tym obszarze ścierali się dwie religie, katolicka i prawosławna. Rzeczpospolita szlachecka Polaków i sistemat samowładztwa Rosji toczyły tutaj zawzięte boje”).
[21] Антология педагогической мысли Белорусской ССР. Москва, 1986. С. 173-175.
[22] Łatyszonek O. Krajowość i „zapadno-rusizm”. Tutejszość zideolgizowana // Krajowość – tradycje zgody narodów w dobie nacjonalizmu. Materjały z międzynarodowej konferencji naukowej w Instytucie Historii UAM w Poznaniu (11-12 maja 1998) / Pod red. J.Jurkiewicza. Poznań: Instytut Historii UAM, 1999. S. 39.
[23] Пра Ігната Кулакоўскага, праўда, мы ведаем усё ж вельмі мала. Алег Латышонак вылучыў гіпотэзу, што менавіта ён мог быць аўтарам “Разсказов на белорусском наречіи”, але пазней адмовіўся ад яе пад уплывам аргументаў лінгвістычнага характару.