Анатоль Трафімчык (Берасце)
кандыдат гістарычных навук
Тадэвуш Касцюшка ў беларускім паэтычным слове канца XVIII–XIX стст.
Літва! Землякі і суайчыннікі мае!
На вашай нарадзіўся зямлі і ў запале праведным для маёй Бацькаўшчыны
адгукаецца ўва мне найасаблівейшая прывязанасць
да тых, спаміж каго распачаў я жыццё.
Тадэвуш Касцюшка
У беларускай літаратуры не існуе, так бы мовіць, “каcцюшкіяны”. Хоць калісьці такія тэндэнцыі назіраліся. Яшчэ пры жыцці героя ўзнікалі і працяглы час бытавалі ў народным асяродку песні, звязаныя з імем Тадэвуша Касцюшкі.
Беларусы шанавалі памяць пра Тадэвуша Касцюшку. У легендах, паданнях, песнях захоўвалі яны светлы ўспамін пра свайго земляка-заступніка: “Касьцюшка зваяваў бы сьвет цэлы, каб паны яго слухаць хацелі, але паны, як паны: гулялі, банкетавалі, Касьцюшкі не слухалі, затым і Польшча прапала”. “Кажуць, што ў Касьцюшкі то быў такі плашч, што кулі яго не прабівалі: аднаго разу маскалі на яго зьнячэўку напалі, так ён не пасьпеў таго плашча злажыць, так яго чыста пасеклі і забралі”1. Народам падкрэсліваецца мудрасць і патрыятызм легендарнай асобы. Так, калі Павел І умоваю вызвалення Т. Касцюшкі паставіў прынясенне прысягі яму на вернасць, апошні, папрасіўшы часу падумаць, звярнуўся да сяброў на волі, каб прывезлі яму зямлі з Радзімы. Зямлю ён таемна засыпаў у свае боты, надзеў іх і, прыклаўшы руку да сэрца, сказаў: “Клянуся быць да смерці верным той зямлі, на якой стаю”, пасля чаго Павел І так расчуліўся, што не толькі вызваліў Т. Касцюшку з няволі, але вярнуў яму яго баявую шаблю, падарыў паліто са свайго пляча і дазволіў выехаць з Расеі, а таксама вызваліў і вярнуў з высылкі ў Сібір многіх яго сяброў2.
Нягледзячы на вузкую сацыяльную базу ваенных канфліктаў часоў падзелу Рэчы Паспалітай, што не спрыяла ўдзелу ў іх шырокіх сялянскіх масаў, у іх асяродку тым не менш Касцюшка дзякуючы асабістым якасцям змог прабудзіць давер і гарачую сімпатыю да сябе, якая дарастала да культу3, ператварыўшыся ўрэшце ў фальклорныя творы.
Ліра-эпічны сказ, умоўна названы даследчыкамі “Беларускай песняй пра Касцюшку”, упершыню быў запісаны і апублікаваны паралельна двума збіральнікамі фальклорнага багацця – П. Шэйнам і нейкім Пламеньчыкам – ва ўсходняй частцы Беларусі (другая палова XIX ст.), што цікава і ў нейкім сэнсе знамянальна ўжо само па сабе, бо сведчыць пра этнічнае адзінства вялікай беларускай тэрыторыі. Як бачна з песні, насельніцтва нават тых земляў, на якіх практычна не вялося ваенных дзеянняў, усведамляла падзеі паўстання як ім блізкія і ў той жа час, не зважаючы на асіміляцыйную палітыку суседзяў, ясна адрознівала сябе ад палякаў і расейцаў (“маскалёў”)4.
Сюжэтна варыянты песень падобныя: жаўнер выязджае “Маскву ваёваць”, развітваецца з каханай, якая пасля пагібелі героя галосіць па ім. Твор выкананы ў класічных традыцыях гэтага жанру. Патэтычнае гучанне яго дасягаецца рознымі сродкамі: танічная рытміка ў звязку з сінтаксічнымі канструкцыямі (інверсіі, паўтарэнні, супрацьпастаўленні) стварае ў песні адпаведны настрой. Гэта дапаўняецца яшчэ і іншымі спосабамі: прыёмамі сімвалізацыі (напрыклад, у шэйнаўскай публікацыі фігуруе “Дунай-рэчанька” як традыцыйны сімвал нейкай мяжы, за якой знаходзіцца няродная зямля5; сімвалічна і спатыканне ў варотах каня Касцюшкі, што з’яўляецца кепскай прыкметай), іншасказання (“Вазьмі, маці, пяску жменю, / Пасей на каменю. / Як той пясок узыйдзець, / Так Касцюшка з вайны прыдзець” – з публікацыі Пламеньчыка), паралелізму (“Ляціць пятух чэраз рэку, / Пяе кукарэку, / Я ня ўвіжу Касцюшэчкі / Ад веку да веку. / Ляціць воран чэраз морэ, / А лятучы крачыць, / А хто ж майго Касцюшэчкі / Магілу аплачыць?” – тамсама) і г.д.
Вобраз Тадэвуша Касцюшкі таксама досыць алегарызаваўся, “зархетыпіўся”, ператварыўшыся ў вобраз напаўлегендарнага, напаўрэльнага гістарычнага змагара. На карысць гэтай думкі сведчыць рэзкае разыходжанне з сапраўднымі фактамі яго біяграфіі: Касцюшку не забілі, як у мастацкіх мэтах падае песня, а ўзялі ў палон, лінія кахання героя – таксама мастацкая выдумка фальклорнага твора. Такім чынам, можна лічыць, што падзеі паўстання сталі глебай для стварэння песні, а кіраўнік паўстанцаў – прататыпам яе галоўнага героя.
Нягледзячы на адносную і геаграфічную, і культурную блізкасць рэгіёнаў, дзе былі запісаны варыянты песні (Барысаўшчына і Лепельшчына), пры інтанацыйнай і экспрэсіўнай тоеснасці іх характар мае адно істотнае адрозненне. У шэйнаўскай публікацыі заўважаецца пэўная сацыяльная і нацыянальная адчужанасць да паўстання як да чыста шляхецкага і польскага6. Гэта магчыма вытлумачыць большым уплывам падзей паўстання на Лепельшчыне. Думаецца, што некаторыя прадстаўнікі гэтага рэгіёна бралі ўдзел у збройным чыне (калі такія факты маюць месца, то ўсё зразумела). У той час, калі Барысаўшчына аказалася ў стратэгічным тыле расейскіх войскаў – за Менскам, якога паўстанцы (атрад С. Грабоўскага) узяць не рашыліся. Яны рушылі на паўднёвы ўсход, да Бабруйска. На паўночным захадзе каля Лепеля, на Браслаўшчыне дзейнічаў атрад славутага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага7, таму і нацыянальны і сацыяльны аспекты ўспрымання падзей, іх мастацкая інтэрпрэтацыя там маглі быць адрозныя.
З “Беларускай песняй пра Касцюшку” цесна звязаны яшчэ адзін кароценькі музычна-паэтычны фальклорны твор “Слаўна Вільня, слаўна Гродна, а слаўней Варшава”, які выконваўся іншы раз у якасці рэфрэну да першай8. Складзены ж ён быў, хутчэй за ўсё, пасля бітвы пад Мацяёвіцамі9. Як мяркуе Пламеньчык, “тон гэтай песні не зусім роўны і мае падобнасць да маларасійскіх думак”10.
Таму ж Пламеньчыку, як ён піша ў “Дзённіку Познаньскім”, давялося таксама чуць – ужо ў іншым месцы, на Дзісненшчыне – кароценькую прыпеўку:
Наш Касцюшка слаўны быў,
Ён маскалёў добра біў.
Як Касцюшкі не стала –
Уся Польшча прапала11.
Можна упэўнена меркаваць, што гэты твор – трохі трансфармаваны Другі марш Касцюшкі, знойдзены Вольгай Дадзіёмавай у зборніку “Песні з музыкай, маршы войска польскага з канца XVIII і пачатку XIX стагоддзя. Сабраў і выдаў Я. Харашкевіч. Выданне другое. Т. ІІ. Кракаў. 1898.” на польскай мове:
Nasz Kościuszko dobry był,
Bo moskali dobrze bił.
Juź Kościuszki nie mamy,
Rady sobie nie damy12.
Пламеньчык гаворыць, што тэкст маршу быў шырока папулярны на Беларусі (у прыватнасці, у Лепельскім павеце) у канцы XVIII і ў XIX ст. і існаваў з рознымі мелодыямі13.
Да касцюшкаўскага паэтычнага цыкла тагачасся (канца XVIII – пачатку XIX ст.) далучаецца “Песня беларускіх жаўнераў 1794 года” – ананімны твор, які, паводле каментарыяў да “Анталогіі беларускай паэзіі14, мае ўкраінскі і польскі аналагі, і ўрыўкамі з якога адкрываецца другое выданне хрэстаматыі “Беларуская літаратура XIX стагоддзя”15. Стасоўна аўтарства “Песні…” усё ж можна выказаць пэўныя меркаванні16. Літаратурна-мастацкія асаблівасці сведчаць, што пачаткова твор пісаўся чалавекам высокаадукаваным, а публіцыстычная энергетыка радкоў наводзіць на думку пра непасрэднае дачыненне аўтара да падзеяў паўстання. Відавочна, арыгінал пісаўся хутчэй за ўсё па-польску, а затым перакладаўся. Аднак гэта не факт. Думаецца, існуе вялікая верагоднасць, што аўтарства песні належыць знакамітаму кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму, які быў адным з военачальнікаў падчас збройнага чыну 1794 г. Да таго ж яго постаць арганічна ўпісваецца ў польскі і беларускі культуралагічныя дыскурсы, таму не выключана магчымасць стварэння ім як мінімум двух моўных варыянтаў (напэўна, спярша польскага, затым беларускага) “Песні...” з прапагандысцкай мэтай пашырэння маштабаў паўстанцкага руху. Да таго ж М. К. Агінскі на тэму паўстання ствараў мастацкія творы, самым вядомым з якіх з’яўляецца марш паўстанцаў.
Складаны лёс “Песні беларускіх жаўнераў 1794 года”. У верасні 1935 г. у сувязі з VІ з’ездам польскіх гісторыкаў бібліятэка Віленскага універсітэта арганізавала выставу, прысвечаную мінуламу літоўска-беларускіх зямель. Адзін з арганізатараў выставы вядомы калекцыянер Міхал Бранштэйн падрабязна апісаў экспанаты выставы ў ІІ томе “Дзённіка VІ агульнага з’езду польскіх гісторыкаў у Вільні”. У якасці аднаго з найбольш рэдкіх экспанатаў ён назваў рукапіс невядомай “Песні беларускіх жаўнераў” з 1794 г. Аднак сам тэкст твора ні тады ні пазней апублікаваны не быў, а сляды яго згубіліся”17. Адаму Мальдзісу з дапамогай Генадзя Кісялёва ўдалося патрапіць на след і адшукаць рукапіс у 21 фондзе аддзела рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літоўскай ССР. Гэта чатыры старонкі створанага лацінскай графікай рукапіснага тэксту, як вызначыў А. Мальдзіс, з яўнымі арфаграфічнымі прыкметамі XVIII ст.
Ідэалагемы савецкага часу, тагачасная метадалогія абумовілі некаторыя моманты тэндэнцыйнасці пры аналізе паважанага даследчыка. Нягледзячы на сцвярджэнне аб патрыятычным і антыімперыялістычным характары песні, А. Мальдзіс, падвяргаючы недарэчным з пазіцый сённяшняга дня нараканням, указвае на шляхецкую абмежаванасць невядомага аўтара са Слонімшчыны, які “яшчэ ўскладае вялікія спадзяванні на боскую дапамогу, на тое, што “вольнасць” беларусам дадуць паны”, і “не зусім разумее розніцу паміж рускім народам і царызмам”18. А. Мальдзіс закрывае вочы на тое, што Касцюшка, аўтарытэт якога быў бясспрэчны ў любых колах, у тым ліку сярод ворагаў, лічыў неабходным адмяніць прыгоннае права, стварыць грамадства вольных людзей19, што і знайшло адлюстраванне ў песні. Вось словы будучага ачольніка паўстання: “Толькі за шляхту ваяваць не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццё”. І ўжо падчас абвяшчэння і разгортвання паўстання Касцюшка ўрачыста прысягнуў, што нададзеную яму ўладу ён выкарыстае для “абароны нашых межаў, для аднаўлення народнага самаўладдзя і ўмацавання ўсеагульнай свабоды”: “Хачу знішчыць непрыяцеля і выканаць справядлівую волю народа. Няхай ён установіць такі ўрад, які будзе яму падабацца”20. Больш таго, сама шляхта не была адназначнай у сваіх адносінах да паўстання, бо многія лічылі Касцюшку ледзь не рабаўніком, які прыйшоў пазбавіць іх шляхецкіх вольнасцей21.
Як сведчыць поўны тэкст без цэнзурных купюр,22 прысутнасць у самой песні яскравейшых контраргументаў тэзе аб братэрстве беларускага і рускага народаў не дазволіла апублікаваць яе цалкам за савецкім часам. Насамрэч яна мае перадусім выразны нацыянальна-патрыятычны беларускі пафас (“Няхай Москаль уступае, / Няхай Беларусаў знае. <...> Дамо сабе рукі ўзаем, / Бацькаўшчыну адзыскаем”.) і з’яўляецца палымяным заклікам адстаяць незалежнасць Айчыны перад прускай і маскоўскай навалай (“Атаманы і Казакі, / Бійма Маскву і Прусакі”). Прычым падкрэсліваецца антырасейскасць паўстання, ачоленага Касцюшкам (“Пойдзем жыва да Касцюшкі, / Рубаць будзем Маскалюшкі”).
Аляксей Пяткевіч бачыць у “Песні…” пэўны момант знакавасці і паказальнасці для станаўлення нацыянальнай ідэі беларусаў у агульным кантэксце паўстання 1794 г., галоўнай мэтай якога, як даволі зладжана (на яго погляд) сцвярджаюць гісторыкі, з’яўлялася адраджэнне Рэчы Паспалітай нібыта без якіх-кольвек сепаратысцкіх імкненняў (тым не менш Анатоль Грыцкевіч лічыць, што “ідэя незалежнасці Беларусі была галоўнай падчас паўстання 1794 г.”23). “Аднак беларуская мова паўстанцкіх песень – вельмі важны паказчык таго, што нараджалася ў гэтым асяродку (шляхецкай інтэлігенцыі – А. Т.) менавіта беларуская свядомасць. <…> [У “Песні…”] адлюстраваны, такім чынам, не дробныя, побытавага ўзроўню клопаты, а кардынальныя пытанні быцця беларускага народу. Ці ж не дзейнічае тут беларуская звышзадача аўтара? Пэўна, што так”24. Хочацца дадаць, што паколькі твор мае ўкраінскую ды польскую версію таксама, невядомы аўтар у дадзеным выпадку свядома выкарыстоўвае беларускую (у тагачасным маркіраванні – ліцьвінскую) мову, дакладна ідэнтыфікуючыся на фоне суседзяў, ужо тады ўсведамляючы нацыянальную дыферэнцыяцыю ў катэгорыях Новага часу, хоць станаўленне мадэрных польскай, украінскай і беларускай нацый адбывалася не сінхронна. Беларусы ў сваім нацыянальным развіцці адставалі ад заходніх і паўднёвых суседзяў, таму так важна, што адзін з варыянтаў песні мае, кажучы словамі А. Пяткевіча, беларускую звышзадачу. Гэта паказчык мінімізацыі разрыву ў развіцці паміж суседнімі народамі, якія ў той гістарычны момант сталі пад сцягі паўстанцаў на чале з Касцюшкам.
Пасля таго як сціхлі бурлівыя падзеі інсурэкцыі, вобраз ачольніка паўстанцаў стаў мастацкім не толькі ў фальклорным дыскурсе. Літаратары таксама яго не абміналі. Але ў сілу сацыяльна-палітычных варункаў многія сыны ліцьвінскай зямлі часта працавалі на культуры суседніх народаў – польскага і расейскага, выкарыстоўваючы пры гэтым адпаведныя мовы, без якіх тады не было магчымасцяў інтэлектуальнага развіцця. Знаходзіліся, аднак, і такія, хто не цураўся і мовы люду паспалітага, стаўшы тым самым, як прынята казаць, польска-беларускімі пісьменнікамі. Іх творчая спадчына, у тым ліку польскамоўная, з’яўляецца неад’емнай часткай і беларускага прыгожага пісьменства. І хаця безумоўная перавага ў колькасці і якасці мастацкіх твораў пра Касцюшку належыць польскай літаратуры, пэўныя здабыткі знаходзяцца і ў нашых землякоў.
Інтымна-лірычная песня “Развітанне Касцюшкі з Юліяй” належыць пяру аднаго з філаматаў Яну Чачоту, паплечніку і сябру Адама Міцкевіча. Як мяркуе Кастусь Цвірка, твор быў напісаны “ў турме, відаць, перад развітаннем паэта з Радзімай – перад уральскай ссылкай. Аўтар адштурхнуўся тут ад папулярнай у той час песні пра развітанне Тадэвуша Касцюшкі з сваёй каханай перад ад’ездам яго ў Францыю, а потым у Злучаныя Штаты Амерыкі. Толькі каханую Касцюшкі звалі Людвікай Сасноўскай. Такі быў тады звычай – мяняць у творах сапраўднае імя героя. Песня спявалася ў рытме паланеза”25.
Інтанацыйна-вобразнымі сродкамі песня атаясамляецца з жанрам раманса. Аўтар перадае глыбіню перажыванняў лірычнага героя ў сувязі з тым, што лёс разлучае яго з каханай. Але “любасць пераможа нават час”26 (і тут, як потым засведчылі біёграфы Касцюшкі, паэт не памыляецца: пад зоркай Венерай таго пачуцця пражылі свае жыцці і Тадэвуш, і Людвіка). На фоне ў асноўным гучнай, рытарычнай грамадзянскай лірыкі з выкарыстаннем вобраза Касцюшкі “Развітанне…” Я. Чачота набывае яшчэ большы драматызм, выклікаючы эмпатыю да лірычнага героя абазнанага ў кантэксце рэцыпіента.
Яшчэ адзін верш Я. Чачота прасякнуты матывамі помсты маскалям за паразу касцюшкаўскага паўстання. Радкі становяцца своеасаблівай прысягай працягваць справу героя, які пакінуў гэты свет27. На беларускую мову, наколькі нам вядома, твор не перакладаўся, дый для тагачаснага кантэксту, прасякнутага падобным грамадзянскім пафасам, яго радкі не мелі ні яркай навізны, ні высокай мастацкай вартасці.
Апошнім дакастрычніцкім зваротам да нацыянальна-вызваленчых матываў з выкарыстаннем імя Касцюшкі як кангеніяльнага сімвалу з’яўляецца верш беларускага адваката (у простым і пераносным сэнсе) Францішка Багушэвіча, напісаны з нагоды сотых угодкаў інсурэкцыі. У канцы XIX ст. з аднаго боку народ яшчэ “спаў” летаргічна-амнезійным сном, але з іншага – на аснове былога ліцьвінскага этнасу нараджалася новагістарычная нацыя беларусаў, нешматлікія прадстаўнікі інтэлігенцыі якой пакрыёма вярталі ў кантэкст беларускага пісьмовага слова слаўныя старонкі нашага мінулага, а, апелюючы да іх, намагаліся “абудзіць” дзесяцімільённую нацыю:
…О, Тадэвушавы ценю,
Абудзі ў сэрцах раны,
Павяртай іх з амярцвення.
<…>
Хай цяпер, перад нягодай,
Кроў з-пад Кракава абудзіць
Сілу нацыі й народа28.
І ці не адным з першых гэты матыў абуджэння, падхоплены ў далейшым самім Янкам Купалам і многімі іншымі, быў выкарыстаны якраз Ф. Багушэвічам29. Прычым у тым ліку менавіта і ў звязку з глабальна славутым грамадскім дзеячам, які і сам ганарыўся такім зямляцтвам і роднасцю. Да таго ж выбар быў наўрад ці выпадковы яшчэ па адной прычыне: фарміруемай нацыі беларусаў патрэбны быў духоўны лідэр, і найлепшага за Касцюшку ўзору, відавочна, не знайшлося.
Праўда, тут знаходзіцца адно “але”. Арыгінал верша быў напісаны паэтам па-польску (пераклад зрабіў Сяржук Сокалаў-Воюш)30, і, паколькі адсутнічае дастасаванне верша да беларускай нацыі, можна засумнявацца ў тым, што твор працуе на беларускую, а не на польскую ідэю. Аднак, відавочна, заўсёды нацыянальна актыўнаму, пасіянарнаму польскаму народу абуджэнне было не патрэбна. У адрозненне ад люду “простага” ці “тутэйшага”, як называлі сябе беларусы. Праўда, сам Касцюшка, які “лічыў патрэбнымі і неадкладнымі прымусовыя меры па паланізацыі беларускага сялянства”31, магчыма, наўрад ці на ўсе сто пагадзіўся б з Багушэвічам. Не выключана, што паэт змадэляваў мастацкі вобраз згодна з неабходнай кан’юнктурай, выкарыстаўшы выбітны “брэнд” у мэтах нацыянальнай ідэі. Аднак заўважана, што ліцьвінскі патрыятызм не супярэчыў патрыятызму Рэчы Паспалітай, але ўсё ж у інтэнцыях Т. Касцюшкі стаяў паперадзе інтарэсаў супольнай дзяржавы двух народаў. Больш таго, паводле А. Латышонка, “у асобе Касьцюшкі мы назіраем столькі праяваў беларускасьці, колькі іх магло быць у дадзеных гістарычных абставінах”32.
Пасля такіх фальклорных і аўтарскіх здабыткаў лагічным быў бы працяг развіцця тэмы паўстання ў мастацкай літаратуры, аднак гэтаму перашкаджала перадусім расейская вялікадзяржаўная палітыка прывівання беларускаму народу нацыянальна-гістарычнай амнезіі, у якой патанулі настаўленні Ф. Багушэвіча:
Знаць Чачота ўсе павінны
І пра Зана дабрачыннасць,
Пра Касцюшку, і Манюшку.
І пра песняроў.
Рукі ім падаўшы, знаю,
Зробім болей мы для краю,
Чымся ў бойках разам стойка
Праліваўшы кроў.
Хай жа ўсе, усе, хто можа,
Возьмуць свой кіёк дарожны,
У край айчынны час ісці нам
Вывучаць свой люд.
Сонцу нашаму свяціцца,
Піць нам са сваіх крыніцаў, –
Вымятаем дружна з краю
Мы замежны бруд!33
Такім чынам, верш Ф. Багушэвіча стаў апошнім у XIX ст. зваротам да нацыянальна-вызваленчых матываў з выкарыстаннем вобраза Касцюшкі як літаратурна-мастацкага канцэпта і кангеніяльнага сімвала. Заходнерусізм, працяг паланізацыі адлучылі мадэрную беларускую нацыю і культуру ад ліцьвінскай глебы і канчаткова нівеліравалі ўспрыманне Рэчы Паспалітай як поліэтнічнай дзяржавы ў тым ліку будучага беларускага народа. Гэта стала адным з чыннікаў маргіналізацыі вобраза Тадэвуша Касцюшкі ў кантэксце беларускай культуры, які напачатку быў у ёй даволі рэпрэзентатыўны. У той час само імя героя на прасторах Расейскай імперыі было ледзь не пад забаронай, што, дарэчы, адлюстравана ў рамане сучаснага пісьменніка Алеся Наварыча “Літоўскі воўк” пра паўстанне 1863–64 гг.: “Цыц! Пра Касцюшку не ўспамінаць… Глядзі, Фогель (жандар – А. Т.) вухі наставіў…”34
Другім фактарам стаў прыход новых герояў у гісторыю, якія выклікалі міфалагізацыю сваёй асобы, перадусім Кастуся Каліноўскага, які да таго ж знаходзіўся ў адным хранатопе з генезісам беларусаў як нацыянальнай супольнасці. У сувязі з гэтым А. Латышонак падкрэслівае сапраўдную народнасць славы Тадэвуша Касцюшкі, што “не мае нічога супольнага са штучным культам асобы Каліноўскага, створаным беларускімі бальшавікамі ў 20-я гг.”35 Менавіта з таго часу ў беларускім дыскурсе адбываецца інтэнсіўнае мастацкае асэнсаванне ягонай фігуры. Не выключана, што легендарызацыя вобразу Кастуся Каліноўскага ў многім адбывалася на пасіянарнай глебе, падрыхтаванай папярэднімі хваляваннямі на зямлі нядаўняга ВКЛ, у тым ліку і перадусім, інсурэкцыі на чале з Тадэвушам Касцюшкам. У выніку ад апошняга мастацтва, вобразна кажучы, пераняло эстафету. Але гэта ўжо тэма для іншага даследавання.
[1] Federowski M. Lud białoruski na Rusi litewskiej. Kraków, 1903. T.3. Сz. 2. S.11. Цытуецца па: Юхо Я., Емяльянчык У. "Нарадзіўся я ліцьвінам...". Менск: Навука і тэхніка, 1994. С. 65-66
(http://knihi.com/Jazep_Jucho/Naradziusia_ja_licvinam_Tadevus_Kasciuska,_1745-1817.html).
[2] Карповіч Л. Успамін пра Касцюшку // Ніва, 2007. 21 кастрычніка //
(http://pahonia.promedia.by/str/2007-10/319.htm)
[3] Гл., напрыклад: Копчевский Я. С. Тадеуш Костюшко. Варшава: Интерпресс, 1972. С. 69; Stępnik K. Legenda Legionów. Lublin: Wydawnictwo Uniwersitetu Marii Curie-Skłodowskiej, 1995. S. 139-160; Kościuszko w kręgu mitologii narodowej / pod redakcją Aliny Barszczewskiej-Krupy. Łódź: Ibidem, 1995. – 126 s.
[4] Пацверджанне апошняй тэзы гл. па “Песні”, запісанай П. Шэйнам: Шейн П. В. Белорусские народные песни, с относящимися к ним обрядами, обычаями и суевериями, с приложением объяснительного словаря и грамматических примечаний. Санкт-Петербург: Типография Майкова, 1874. С. 384.
[5] Салавей Л. М. Дунай // Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1: Акапэла – Куцця / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн.: БелЭн, 2005. С. 450. Гл. таксама падрабязней сімвалізацыю Дунай-ракі ў беларускім фальклорна-культурным дыскурсе: Драздоў Ю., Салавей Л. Дунай // Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. Мн.: Беларусь, 2004. С. 154-156.
[6] Каўка А. Наш Касцюшка // Голас Радзімы. 1990. 3 мая. С. 7.
[7] Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. Мн.: Беларусь, 1994. С. 240; Емельянчык У. Дыверсійныя рэйды ў паўстаньні 1794 г. на Беларусі // Спадчына. 1994. № 3. С. 52-58.
[8] Каўка А. Наш Касцюшка // Голас Радзімы. 1990. 3 мая. С. 7.
[9] Дадзіёмава В. Музыкі паўстання // Маладосць. 1995. № 11. С. 248.
[10] Цытуецца па: Дадзіёмава В. Музыкі паўстання // Маладосць. 1995. № 11. С. 248.
[11] Паведамляецца па: Каўка А. Наш Касцюшка // Голас Радзімы. 1990. 3 мая. С. 7.
[12] Дадзіёмава В. Нарадзілася ў асяроддзі Касцюшкі... // Мастацтва. 1994. № 1. С. 36.
[13] Паведамляецца па: Дадзіёмава В. Нарадзілася ў асяроддзі Касцюшкі... // Мастацтва. 1994. № 1. С. 36.
[14] Анталогія беларускай паэзіі. У 3 т. Т. 1. Мн.: Мастацкая літаратура, 1993. С. 597-598.
[15] Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя / Склад. і аўт. камент. А. А. Лойка, В. П. Рагойша. 2-е выд., перапрац. і дап. Мн.: Вышэйшая школа, 1988. С. 8.
[16] Гл. таксама: Пяткевіч А. Станаўленне беларускай нацыянальнай ідэі ў кантэксце культурнага руху ХІХ ст. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2005. Z. 23. S. 133-134.
[17] Мальдзіс А. З літаратуразнаўчых вандраванняў: Нарысы, эсэ, дзённікі. Мн.: Мастацкая літаратура, 1987. С. 37-38.
[18] Тамсама.
[19] Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік. Мн.: БелЭн, 2001. С. 220-221.
[20] Па: Чаропка В. "Сябар прыгнечаных, вораг прыгнятальнікаў". Тадэвуш Касцюшка // Беларускі гістарычны часопіс. 2004. №12. С. 14.
[21] Тамсама. С. 15.
[22] Гл.: Анталогія беларускай паэзіі. У 3 т. Т. 1. Мн.: Мастацкая літаратура, 1993. С. 133-134.
[23] Грыцкевіч А. Ідэя незалежнасці Беларусі ў гістарычным аспекце // Спадчына, 1996, № 5. С. 22.
[24] Пяткевіч А. Станаўленне беларускай нацыянальнай ідэі ў кантэксце культурнага руху ХІХ ст. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2005. Z. 23. S. 133-134.
[25] Чачот Я. Выбраныя творы. Мн.: МФ "Беларускі кнігазбор", 1996. С. 321.
[26] Тамсама. С. 52.
[27] Цытата па: Błaszczyk A. Kształtowanie się legendy Kościuszki 1815 – 1830 // Kościuszko w kręgu mitologii narodowej / pod redakcją Aliny Barszczewskiej-Krupy. Łódź: Ibidem. 1995. S. 40.
[28] Багушэвіч Ф. Творы: Вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты / Уклад., прадм. Я. Янушкевіча; Камент. У. Содаля, Я. Янушкевіча; Маст. Г. Хінка-Янушкевіч. Мн.: Маст. літ., 1991. С. 102.
[29] Гл. таксама, напрыклад, верш “Лютня айчыны!..”: Тамсама. С. 100.
[30] Тамсама. С. 256.
[31] Нікалаеў М. Папялушкава выдавецтва “Беларусь”. Яшчэ адзін крок да стварэння нацыянальнага пантэону // ARCHE-Пачатак. 2006. № 5. С. 232.
[32] Латышонак А. Наш Касьцюшка слаўны быў // Латышонак А. Нацыянальнасьць – Беларус. Беласток, 2009. С. 393.
[33] Багушэвіч Ф. Творы: Вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты / Уклад., прадм. Я. Янушкевіча; Камент. У. Содаля, Я. Янушкевіча; Маст. Г. Хінка-Янушкевіч. Мн.: Маст. літ., 1991. С. 107-108.
[34] Наварыч А. Літоўскі воўк // Маладосць. 2003. №6. С. 74.
[35] Латышонак А. Наш Касьцюшка слаўны быў // Латышонак А. Нацыянальнасьць – Беларус. Беласток, 2009. С. 394.