Назад

Андрэй Унучак (Інстытут гісторыі НАН, Менск)
кандыдат гістарычных навук

Да пытаньня інтэрпрэтацыі ідэйнай спадчыны Кастуся Каліноўскага*

Асоба і дзейнасьць, а таксама ідэйная спадчына Кастуся Каліноўскага зьяўляюцца аднымі з самых вострых пытаньняў сучаснай беларускай гістарыяграфіі. Асаблівасьцю спрэчак вакол паўстаньня 1863 г. і асобы яго кіраўніка ёсьць тое, што гэтыя спрэчкі часта выходзяць далёка за навуковыя рамкі і перакідваюцца ў плашчыню актуальнага грамадзкага жыцьця. Разам з гэтым, можна сьцьвярджаць, што гістарычная постаць славутага паўстанца трывала замацавалася ў культурным каноне Беларусі, і замацавалася ў цэлым са станоўчага боку. Апошняе, нягледзячы на спрэчкі, можна лічыць фактам.

“Узыходжаньне” К. Каліноўскага на гістарычны алімп Беларусі пачалося зь Першай сусьветнай вайны, ці больш дакладна з 1916 г., калі заходнія тэрыторыі Беларусі былі занятыя нямецкімі войскамі. Тады пра яго зрабілася магчымым пісаць легальна. Тут варта прыгадаць вядомы артыкул Вацлава Ластоўскага “Pamiaci Sprawiadliwaho”, зьмешчаны ў газэце “Homan” 15 лютага 1916 г.

Асабліва папулярнай асоба знакамітага паўстанца становіцца ў 1920-я гады ў БССР. Пра яго складаюцца вершы й паэмы, яму прысьвячаюцца спэктаклі й фільмы. 2 лістапада 1923 г. Першы беларускі дзяржаўны драматычны тэатар паставіў п’есу Еўсьцігнея Міровіча “Кастусь Каліноўскі”. У 1926 г. была апублікаваная паэма Анатоля Вольнага “Кастусь Каліноўскі” ў зборніку “Чорнакудрая радасьць”1: “Дапаможа шляхта паўстаньню / Так, як кашаль ліхой хваробе. / Бедната! / Сьмялей шаг! / Ярчэй выгляд! / Зернем буйным галовы раскінуць, / Беларусь – паном ня быдла – / Альбо жыць, / альбо ўсім загінуць! [...] / Мы і сягоньня помнім словы / Што апошнімі сказаў Кастусь: / [...] / Браткі мае, Беларусы, / Ад шыбельніцы маскоўскай / Шлю вам сваё – / Прывітаньне!”2

У гэтым творы адначасова можна адшукаць вельмі моцны антыпольскі і антырасейскі акцэнты з ухілам на “клясавую барацьбу” ў Беларусі якая нібыта разгортвалася пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.

14 жніўня 1928 г. у Менску праходзіць прэм’ера мастацкага фільму “Кастусь Каліноўскі”, зьнятага беларускай кінастудыяй супольна з ленінградзкай фабрыкай “Совкино”.

Але, пачынаючы з 1929 г., “году вялікага пералому”, імя К. Каліноўскага, ці больш дакладна яго станоўчы імідж, трапляе пад патаемную забарону ў БССР. Аднак адначасова ў Менску выходзяць дзьве знакавыя працы, прысьвечаныя паўстаньню 1863 г. у Беларусі3. Гэтыя працы напісаныя яшчэ ў духу 1920-х гг. ужо нясуць у сабе адбітак вульгарнага сацыялістычнага падыходу да інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі. Адначасова тэма паўстаньня 1863 г. і асоба К. Каліноўскага зьяўляецца ў творчасьці шматлікіх прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлектуальнай эліты Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Так, у 1933 г. выходзіць брашура кс. Адама Станкевіча “Kastuś Kalinoǔski, “Mużyckaja prauda” i ideja Niezależnaści Biełarusi”; у 1934 і 1938 гг. у Вільні выходзяць паэмы Міхася Машары4 і Максіма Танка5, прысьвечаныя “дыктатару паўстаньня”; у 1934–1935 гг. друкуецца праца Адама Станкевіча “Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня: з нагоды 70-лецьця сьмерці Кастуся Каліноўскага рэд. “Mużyckaj praudy” (1864) і 50-лецьця “Гоману” (1884)” і г.д.6

Што датычыцца БССР, то легендарны “дыктатар Літвы” зь ценю савецкай забароны выйшаў толькі ў гады Другой сусьветнай вайны. Народны паэт Беларусі Янка Купала ў артыкуле “Народ-мсцівец” (1941)7 параўноўвае значэньне К. Каліноўскага для беларусаў са значэньнем Аляксандра Суворава для расейцаў і Багдана Хмяльніцкага для ўкраінцаў. Менавіта прыклад К. Каліноўскага, на яго думку, павінны натхніць беларусаў на вайну з нацызмам. Беларускія савецкія партызаны выкарыстоўвалі гэтае імя ў антыфашысцкай прапагандзе, імем К. Каліноўскага ў 1943 г. названая адмысловая партызанская брыгада, якая дзейнічала на Гарадзеншчыне і Беласточчыне.

У пасьляваенны пэрыяд асоба К. Каліноўскага ізноў вяртаецца ў культурны пантэон Беларусі. У 1947 г. Беларускі акадэмічны тэатар опэры й балету паставіў опэру “Кастусь Каліноўскі”. У 1963 г. у Беларусі даволі шырока адзначалася 100-годзьдзе паўстаньня 1863 г., і ў лютым таго ж году адна з новых вуліцаў Менску была названая ў гонар К. Каліноўскага. Выходзіць шэраг дакумэнтальных выданняў беларускага і “саюзнага ўзроўню”, прысьвечаных як увогуле паўстаньню 1863 г., так і асобе К. Каліноўскага, у прыватнасьці8. У сярэдзіне 1960-х гг. вобраз героя-паўстанца ўвекавечыў у сваіх творах адзін з самых папулярных у найноўшы час беларускіх пісьменьнікаў Уладзімер Караткевіч.

У цэлым, калі меркаваць па зваротах беларускай мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры да пэўных гістарычных тэмаў, то паўстаньне 1863 г. саступае хіба што Другой сусьветнай вайне.

У 1988 г., калі адзначалася 150-годзьдзе з дня народзінаў К. Каліноўскага, зьявілася некалькі працаў прысьвечаных яму і ягонай дзейнасьці, выйшла адносна падрабязная манаграфія Вячаслава Шалькевіча “Кастусь Калиновский: Страницы биографии”9.

Такім чынам, факт прысутнасьці К. Каліноўскага ў культурнай памяці беларусаў відавочны. Але зь іншага боку, ні беларуская гуманітарная навука, ні гуманітарная эліта ня маюць кансалідаванай пазыцыі адносна інтэрпрэтацыі ідэйнай спадчыны К. Каліноўскага.

Вяртаючыся ў 1916 г., калі ў газэце “Homan” зьявіўся вядомы артыкул В. Ластоўскага10, варта адзначыць некалькі вельмі істотных і важных ідэйных рысаў да палітычнага партрэту К. Каліноўскага, якія вывеў аўтар “Кароткай гісторыі Беларусі”. Па-першае, ён пісаў, што кіраўнік паўстаньня ў Беларусі і Літве “скончыўшы гімназ’яльную навуку (каля 1855 г. – А.У.) паехаў у Маскву у унівэрсытэт, скуль за народнічэскіе пераконаньня і пропаганду скора яго выдалілі”. Тут адразу кідаецца ў вочы пастулат “народнічэскіе пераконаньня”. У зьвязку з гэтым, паўстаюць два пытаньні: першае, што ж канкрэтна маецца на ўвазе пад тэрмінам “народнічэскіе пераконаньні”; другое – калі яны зьявіліся ў К. Каліноўскага, у Беларусі ці ўжо ў Расеі?

На першае пытаньне часткова адказвае сам В. Ластоўскі ў тым самым артыкуле: “У Пецярбурзі Каліноўскі зыйшоўся з расейскімі рэволюц’ёнерамі і стаўся вялікім староннікам навукі Гэрцэна... Каліноўскі быў рэволюц’ёнерам і народнікам і ў гэтым кірунку ішла яго грамадзянская праца. Стараўся ён перш-наперш для сваей працы зьеднаці селян і ў сваей праграме дамагаўся скасаваньня становых прывілеёў... Дзеля сваей справы ён умеў зьеднаць шляхоцкую маладзеж і заахвоціць яе да працы сярод народу”11. Гэтае тлумачэньне ў пэўнай меры праясьняе сытуацыю, але зьяўляецца яўна недастатковым, каб дэталёва высьветліць, які ж сэнс укладваўся ў паняцьце “народнік” інтэлектуаламі “нашаніўскага кола”.

Таму тут, на нашу думку, варта зьвярнуцца да ідэйнай спадчыны Антона Луцкевіча, сучасьніка, і на пэўным этапе супрацоўніка В. Ластоўскага. Ён пісаў на пачатку 1926 году, што “першым песьняром, які разглядае беларускую сялянскую масу, як сілу, актыўнасьць якое можна і трэба разбудзіць (тут і далей курсіў А. Луцкевіча. – А.У.), зьяўляецца Сыракомля. Гэты “вясковы лірнік”, глыбока адчуваючы маскоўскую няволю і бачачы, што без учасьця сялянства ў барацьбе за палітычнае вызваленьне з-пад Расеі нічога паважнага нельга дасягнуць... заклікае беларускіх сялян, каб разам са шляхтай, як роўныя з роўнымі, “вялі раду аб роднай зямлі”, каб на гэтай радзе вырашылі вызваліць свой край з-пад расейскае ўлады і разам з панамі “выгнаць маскаля”12.

У гэтым выпадку, ужо відавочна, што ёсьць адрозьненьне беларускага разуменьня тэрміну “народніцтва” ад расейскага. Вось што пісаў адзін з галоўных ідэолагаў расейскай “Народнай Волі”, удзельнік “паходу ў народ” Леў Ціхаміраў: “Нашыя “пляны” й “летуценьні” былі скрайне няпэўнымі. Ішлі “паглядзець”, “агледзецца”, “памацаць глебу” ...а далей? Магчыма, чыніць бунт, магчыма, прапагандаваць ...Але галоўнае – у паходзе ў народ было штосьці так новае, так заманлівае, цікавае, якое патрабавала гэтулькі дробных клопатаў, якія не затлумляюць галаву... патрабавала гэтулькі фізычных пакутаў (якія задавальнялі маральна, прымушаючы думаць кожнага, што ён зьдзяйсьняе самаахвярны акт)”13. Галоўнай, на нашу думку, зьяўляецца фраза “пляны й летуценьні былі скрайне няпэўнымі”. Відавочна, што ўплыў рамантычнага захапленьня “народам”, якое ішло з Захаду на Ўсход, моцна захапіў расейскую інтэлігенцыю 1860-х – 1870-х гадоў, але гэта было толькі першаснае захапленьне, “знаёмства з народам”. Гэтае “знаёмства” адбывалася ў той час, калі палітыкі і інтэлектуалы беларускіх земляў пакаленьня К. Каліноўскага дакладна акрэсьлілі галоўную задачу “народу” — “разам з панамі выгнаць маскаля”.

Зьвернемся да згаданага А. Луцкевіча: “Сьледам за Сыракомляй ідзе Костусь Каліноўскі. Гэты “дыктатар Літвы”, як яго называлі, ня толькі хоча выкарыстаць беларускую масу як актыўную сілу дзеля вызваленьня ягонае Бацькаўшчыны – Літвы (у гістарычных межах) з палітычнае залежнасьці ад Масквы і Варшавы, але і падгатаўляе грунт дзеля так званае “народніцкае” ідэалёгіі, якая ў Беларусі набіраецца нацыянальных рысаў, маючы корні іменна ў паўстанчай ідэалёгіі Каліноўскага”14. Паводле А. Луцкевіча, у часы К. Каліноўскага “народніцкая ідэалёгія” мае толькі “патрыятычны ідэал”, а ўжо ў апошнія два дзесяцігодзьдзі XIX ст. зьяўляецца яшчэ “ідэал сацыяльны – працоўны15, які найлепш выразіўся ў творчасьці Францішка Багушэвіча.

Амаль адначасова з вышэйцытаванай публічнай лекцыяй А. Луцкевіча, у БССР выходзіць праца Усевалада Ігнатоўскага “Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецьця”16. У гэтай працы вядомы гісторык апісвае фармаваньне палітычных поглядаў К. Каліноўскага наступным чынам: “Творы Герцэна і Бакуніна робяць вялікі ўплыў на яго сьветапагляд. У 1860 годзе Каліноўскі ўжо тыповы рэволюцыянэр-народнік таго часу”17. Паводле У. Ігнатоўскага, правадыр паўстаньня імкнуўся “ўтварыць “мужыцкую” Беларусь, незалежную і ад польскага пана, і ад рускага самаўладзтва”18. Такім чынам, паняцце “народнік”, паводле У. Ігнатоўскага, мае ня столькі сацыяльнае, колькі нацыянальнае вымярэньне, К. Каліноўскі намагаўся стварыць “мужыцкую” Беларусь, таму яго і можна назваць “народнікам”. Зь іншага боку, “народніцтва” К. Каліноўскага таксама мае карані, паводле таго ж гісторыка, у поглядах А. Герцэна і М. Бакуніна, якія ўкладвалі найперш і перадусім сацыяльны зьмест у гэтае паняцьце.

Да пытаньня “народніцтва” К. Каліноўскага зьвяртаўся таксама кс. Адам Станкевіч: “Каліноўскі – гэта быў сапраўды першы беларускі народнік, які першы будзіў народ беларускі пасьля яго доўгай сьпячкі ў няволі палітычнай і сацыяльнай да вольнага жыцьця. Праўда, беларускае яго народніцтва няможна разумець так, як гэта мы разумеем сяньня”19. Усё адрозненьне поглядаў К. Каліноўскага ад поглядаў беларускай інтэлігенцыі 1930-х гадоў, на думку А. Станкевіча, было ў тым, што “ў Каліноўскага ня было – і не магло быць – беларускага нацыяналізму ў сучасным разуменьні”20. А галоўнымі ягонымі мэтамі былі “агулам скончыць з панскай над беларусамі апекай, надзяліўшы беларусаў зямлёй на ўласнасьць і зрабіўшы іх вольнымі сацыяльна, і такжа скончыць з царскім уціскам палітычным, надзяліўшы беларусаў палітычна-грамадзкімі правамі”21.

Такім чынам, на той момант (міжваенны час), у беларускай думцы зьяўляюцца дзве інтэпрэтацыі тэрміну “народнік” у дачыненьні да поглядаў К. Каліноўскага. Па-першае, паводле А. Луцкевіча быць народнікам азначала зьвяртацца да сялянаў, каб тыя “разам з панамі выгналі маскаля”; па-другое, паводле А. Станкевіча – “скончыць з панскай над беларусамі апекай... і такжа скончыць з царскім уціскам палітычным” (ідэі на гэты конт У. Ігнатоўскага знаходзяцца недзе паміж поглядамі А. Луцкевіча і А. Станкевіча).

Забягаючы наперад варта зазначыць, што ў беларускай падсавецкай гістарыяграфіі К. Каліноўскі выступаў у амплюа падобным да таго, якім апісвала расейскага рэвалюцыянэра-народніка 1870-х гг. расейская падсавецкая гістарыяграфія.

Яшчэ адзін істотны момант у інтэрпрэтацыі ідэйнай спадчыны кіраўніка паўстаньня 1863 г. у Беларусі й Літве, гэта сьцьверджаньне, што К. Каліноўскі знаходзіўся пад моцным ідэйным уплывам расейскіх сацыялістаў, найперш А. Герцэна, М. Агарова і М. Бакуніна і нават быў іхнім пасьлядоўнікам.

Менавіта такая характарыстыка К. Каліноўскага ўтрымліваюцца ў вядомай працы расейскага генэрала Васіля Ратча “Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западной России” (1867–1868), які пісаў, што “Каліноўскі быў чысьцейшым прадуктам камуністычнай літаратуры цэнтралізацыі з усімі фэдэратыўнымі трызненьнямі “Колокола”. Ён разумеў справу бунту ў такім сэнсе, што “сякера не павінна спыніцца і над калыскай шляхецкага дзіцяці”, і што “такой бесталковай мазгаўні як Варшава, нельга даверыць будучыню Літвы”22. Нешта блізкае можна сустрэць і ва ўспамінах Якуба Гейштара. Ён пісаў, што К. Каліноўскі “пры гарачым патрыятызме вылучаўся крайнімі тэорыямі, любіў народ, бачыў у ім будучыню Польшчы, але занадта сурова меркаваў пра шляхту, ведаючы яе больш з крайне дэмакратычных часопісаў і расейскіх пісьменьнікаў, чым з жыцьця”23.

Яшчэ адна цытата на гэтую тэму належыць польскаму сацыялісту, гісторыку паўстаньня 1863 г. Баляславу Ліманоўскаму: “Ратч называе яго (К. Каліноўскага. А.У.) “вучнем камуністычнай літаратуры Цэнтралізацыі Дэмакратычнага Таварыства і фэдэратыўных трызьненьняў “Колокола” і мае ў гэтым пэўную рацыю, бо Каліноўскі быў пасьлядоўнікам сацыяльных прынцыпаў, абвешчаных Ворцэлям, прызнаных Лялевелям, разьвітых Герцэнам; што ж да палітычнага накірунку, ён ішоў, галоўным чынам за Мераслаўскім”24.

Як відаць, погляды польскіх і расейскіх аўтараў што да ўплываў на К. Каліноўскага, хоць і ня вельмі значна, але ўсё ж адрозніваюцца. Калі для В. Ратча, кіраўнік паўстання 1863 г. у Беларусі й Літве свае сацыяльныя погляды грунтаваў на літаратуры “цэнтралізацыі” (Польскага Дэмакратычнага Таварыства (1832–1862). – А.У.), а палітычныя – на працах А. Герцэна; то для Б. Ліманоўскага сацыяльныя погляды “дыктатара Літвы” грунтаваліся на ідэях Ст. Ворцэля, Я. Лялевеля і А. Герцэна, а палітычныя – на ідэях Л. Мераслаўскага. Я. Гейштар сьцьвярджаў, што на К. Каліноўскага ўплывалі пэўныя “расейскія пісьменьнікі”. Але ўсе сыходзяцца на адным, што К. Каліноўскі быў чалавекам даволі радыкальных левых поглядаў і знаходзіўся пад уплывам польскіх і расейскіх сацыялістаў.

Беларуская падсавецкая гістарыяграфія падтрымала і распрацавала выказаныя ў XIX ст. ідэі расейскіх і польскіх аўтараў: “Нярэдка нумары “Мужыцкай праўды” дапаўняліся перапісанымі з “Колокола” артыкуламі, прывітаньнямі на адрас А. І. Герцэна, здравіцамі ў гонар рэвалюцыйнага саюзу прыгнечаных народаў. Так адзін з распаўсюджвальнікаў беларускай газэты дапоўніў яе тэкст наступнымі рукапіснымі фразамі: “Голас расейскага народу! Няхай жыве рэспубліка! Няхай жыве вялікі дыктатар Расеі Аляксандар Іскандэр! Няхай жыве ўсеагульны славянскі саюз! Няхай жывуць свабода і адзінства! Далоў чухонска-нямецкую дынастыю ілжэраманавых! Далоў кабальна-нямецкі ўрад, які складаецца з лісьліўцаў, злодзеяў, рабаўнікоў і катаў”25 (спасылка В. Шалькевіча на: – Жукоўскі А. А. Герцэн і “Мужыцкая праўда” // Беларусь. 1956. №9. С. 29. – А.У.).

Падобная думка пашырана і ў сучаснай гістарыяграфіі: “Каліноўскі быў дзіцем свае эпохі і нават як малады энтузіяст і нонканфарміст ня столькі ствараў новыя катэгорыі мысьленьня [...] колькі даводзіў да крайнасьці некаторыя з ужо існых. [...] У беларускую культуру ён унёс ня толькі зацікаўленасьць народам (заўважальную ў Марцінкевіча), але і надзяляў яе моцнымі клясавымі, прэтэнцыёзнымі каштоўнасьцямі, што мела немалое значэньне для яе будучага лёсу”26.

Такім чынам, вынікае, што ўсе ацэнкі К. Каліноўскага як пасьлядоўніка А. Герцэна й расейскіх сацыялістаў сярэдзіны XIX ст. грунтуюцца на ўскосных зьвестках. Сам К. Каліноўскі пра гэта нідзе, наколькі вядома, не казаў і не ўспамінаў ні наўпрост ні ўскосна. У “Лістах з-пад шыбеніцы”, ён пісаў, што “Дзікі маскаль думае, што калі можа народ абдзіраці за ўсякага дабытку, то і патрапіць кажнаму ўбіць у галаву свой дурны розум, дурны для таго, што розум маскоўскі калі не раз харашо кажа (курсіў мой. – А.У.), то ніколі па-людску нічога не робіць, адно людзей абманывае, а перад кнутом царскім гнецца, як астатні валацуга”27.

А тое сьцьверджаньне, што ён хацеў вынішчаць шляхту, базуецца галоўным чынам на ўражаньнях, якія ўзьніклі ў палітычных праціўнікаў ці апанентаў К. Каліноўскага такіх як В. Ратч ці Я. Гейштар і былі падхоплены пазьнейшымі аўтарамі.

У той самы час мы можам прачытаць з “Гісторыі паўстаньня польскага народу...” А. Гілера, што К. Каліноўскі быў “адзін з самых высакародных мужоў Літвы, [...] вялікі патрыёт і вялікі характар [...] яго сьмерць зрабіла ўражаньне на ўсіх сьмеласьцю й верай у будучыню Польшчы”28. Сам А. Герцэн, падаючы ў “Колоколе” інфармацыю пра “Мужыцкую праўду”, спасылаецца на пецярбургскую афіцыйную газэту “Северная пчела”, перадрукаваўшы зь яе фрагмэнт без камэнтару: “Нейкі пан, што называе сябе Яськам гаспадаром з пад Вільны, падладжваючыся пад гаворку беларускага прасталюдзіна, намагаецца рознымі закручастымі сафізмамі і трапнымі слоўкамі ўбіць тутэйшым сялянам у галаву, што яны да таго часу ня будуць вольнымі, пакуль яны, узброіўшыся косамі й сякерамі, ня пойдуць, разам з паўстанцамі біцца з маскалямі і вызваляць айчыну (batkouszczynu)”29.

Важнае месца ў беларускай гістарычнай і палітычнай думцы займаюць пытаньні геапалітычнай і культурнай арыентацыі К. Каліноўскага. Адам Станкевіч правёў параўнаньне “Мужыцкай праўды” з “Гомоном”30. Ён назваў абодва гэтыя выданьні “народніцкімі”, але прыйшоў да высновы пра істотную розьніцу ідэйнага зьместу “Мужыцкай праўды” й “Гомона”. Хоць “Гомон” і называны ідэйным прадаўжальнікам “Мужыцкай праўды”, але розьніца ў пасланьні, якое яны зьмяшчаюць, уразіла А. Станкевіча. Па-першае, геапалітычная арыентацыя. Аўтар “Мужыцкай праўды” арыентаваўся на Польшчу, аўтары “Гомону” – на Расею. Па-другое, пытаньне мовы. Калі для К. Каліноўскага важна, каб свабодна функцыянавалі ўсе мовы краю, то “гоманаўцы” прапануюць пакінуць беларускую мову “аматарам” і заняцца больш “важнымі” справамі сацыяльнага вызваленьня й эканамічнага дабрабыту. У канцы Адам Станкевіч прыходзіць да той высновы, што ў “Гомоне” значна больш “беларускага духу”, чым у “Мужыцкай праўдзе”, бо там канкрэтна пісалася пра Беларусь і беларусаў.

У 1935 г. нешта падобнае выходзіць з-пад пяра Антона Луцкевіча: “Каліноўскі, змагаючыся з запаланіўшай край Масквой, рашуча выступае ўжо і супраць цэнтралістычных тэндэнцыяў Варшавы. Іграе тут вельмі паважную ролю, пэўне ж, старая непрыхільнасьць польскага грамадзянства Беларусі і Літвы да ўсяго, што ішло з Варшавы: і па сягоньняшні дзень пануе тут папросту варожасьць да “варшавякаў”, гэтак далёкіх па сваёй псыхіцы ад “крэсоўцаў” [...] Вось чаму Каліноўскі ў аднэй із сваіх адозваў у вострай форме заяўляе, што не “бязмозглая Варшава”, а “мы самі будзем будаваць мужыцкую Беларусь”, ясна, як складовую частку Польшчы. І з пэўным правам мы можам залічыць Каліноўскага да лічбы прадстаўнікоў беларускага аўтанамізму ў Польскай дзяржаве”31.

Такім чынам, для аднаго з патрыярхаў беларускага руху А. Луцкевіча, К. Каліноўскі – польскі аўтанаміст, а значыць асоба ідэйна досыць далёкая ад беларускага руху пачатку XX ст. Тут вядома паўстае пытанне пра месца “палякаў” у беларускай гісторыі, ці больш дакладна месца рэчпаспалітаўскае спадчыны, як чыньніка, што ўплываў на беларускі рух першай траціны XX ст.

Звернемся зноў да А. Луцкевіча: “Мужыцкую Беларусь” Каліноўскі будаваў заўсёды пад кіраўніцтвам... “ронду Польскага”, дык немагчыма тут дагледзіць ідэю запраўднае незалежнасьці Беларусі. І “мужыцкасьць” Беларусі процістаўляецца тут (А. Луцкевіч кажа пра “адозву”, дзе ёсьць словы “бязмозглая Варшава”. – А.У.) выразна ня Польшчы як дзяржаве, а кіраўнічаму цэнтру паўстаньня ў Варшаве, які хварэў на “панскасьць”32.

З гэтага відаць, ня толькі пэўная нэгатыўная характарыстыка К. Каліноўскага, якому прыпісваецца глыбінны “польскі” (а не рэчпаспалітаўскі) патрыятызм, але й нэгатыўнае стаўленьне А. Луцкевіча да “польскай справы” як такой. Пра гэта патрыярх беларускага руху напісаў без залішніх умоўнасцяў: “Костусь Каліноўскі, па сваёй ідэалёгіі – шчыры народнік, які творыць цэлую паўстанчую літаратуру ў беларускай мове (7 адозваў), заклікаючы беларусаў падпарадкавацца “польскаму ронду” і далучыцца да паўстанчага руху ў імя зьдзейсьненьня польскага дзяржаўнага ідэалу”33.

Сапраўды, у “Лістах з пад шыбеніцы” можна прачытаць наступныя словы: “Хто хоча дазнаці праўдзівага смаку, няхай сам пажыве пад рондам маскоўскім, то і паглядзіць, якое дабрадзейства мужыкі мелі; ось то для чаго кажам: што польскае дзела гэта наша дзела, гэта вольнасці дзела”34. Адначасова ў перадсьмяротнай “Тлумачальнай запісцы”, якую К. Каліноўскі склаў расейскаму сьледзтву 28 лютага 1864 г., занатавана: “Выпрацаванае гісторыяй спачуваньне Літвы да Польшчы, якое найбольш узмацнілася падчас расейскага панаваньня (факт, на які варта зьвярнуць увагу), перамагло ўсялякія акалічнасьці, якія былі супраць паўстаньня, і Літва зварухнулася”35.

Такім чынам, інтэрпрэтуючы ідэйную спадчыну К. Каліноўскага, можна сьцьвярджаць, што для яго была відавочнай наяўнасьць “польскага дзела” і “нашага дзела”, што паўстаньне ў Польшчы і ў Літве – гэта саюзнае паўстаньне двух народаў, а менавіта “Рэчы Паспалітай Польскай” і “Рэчы Паспалітай Літоўскай”. Але беларуска-польская ідэйная барацьба пачатку XX ст. і рэчаіснасьць ІІ Рэчы Паспалітай наклалі адбітак на стаўленьне беларускай інтэлектуальнай эліты да рэчпаспалітаўскага патрыятызму і “польскага пытаньня” як такога.

У 1930-я – пач. 1950-х гг. тэма інтэрпрэтацыі ідэйнай спадчыны К. Каліноўскага ў БССР была настолькі заідэалягізаваная, што пра яе навуковае асэнсаваньне казаць не даводзіцца. Гэта прывяло да таго, што ў другой палове 1950-х – 1980-я гг. тэмай паўстаньня пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага і вытокамі беларускай нацыянальнай ідэі займаліся ў асноўным філёлягі й літаратуразнаўцы36. Яны ажыцьцяўлялі свае дасьледаваньні ў пазытывісцкім ключы з тым, каб пазьбегнуць нажніцаў цэнзуры й абвінавачваньняў у “нацыяналізме”. Гэты, умоўна кажучы, філялягічны этап дасьледаваньня вытокаў нацыянальнай ідэі, да сёньняшняга дня недастаткова асэнсаваны беларускай гістарычнай навукай. А той матэрыял, які назапасілі і апублікавалі “філёлягі”, на нашу думку, усё яшчэ патрабуе засваеньня з боку гісторыкаў.

Іншая сітуацыя назіралася ў інтэлектуальным асяродку беларускай эміграцыі, дзе навукоўцы, у значнай ступені адарваныя ад першакрыніцаў, вымушаныя былі рабіць інтэпрэтацыі на аснове публікацыяў, што выйшлі ў царскай Расеі, выходзілі ў савецкай Беларусі, Польшчы, і г.д. У якасьці прыкладу можна прывесьці публікацыю Янкі Запрудніка і Томаса Бэрда37. Ва ўводзінах, якія займаюць 30 з 70 старонак выданьня, аўтары спрабуюць растлумачыць чаму, на іх думку, у БССР з 1928 г. цалкам не публікавалася “Мужыцкая праўда” пры наяўнасьці вялізнай колькасці інтэрпрэтацыяў зьместу гэтага выданьня. На думку Я. Запрудніка і Т. Бэрда, гэта адбывалася таму, што К. Каліноўскі быў перш за ўсё нацыянальным дзеячам, а пасьля рэвалюцыянэрам, у тым сэнсе слова ў якім яго разумелі камуністычныя ўлады.

Дыскусія ў гэтым пытаньні (толькі па іншых аспэктах) пасьля 1991 г. распачалася ў незалежнай Беларусі. Для сярэдзіны 1990-х гг. характэрнай зьяўлялася спрэчка прафэсійных гісторыкаў, якія выказвалі розныя, часта супрацьлеглыя, пункты погляду на галоўнае, геапалітычна-культурнае пасланьне ідэйнай спадчыны “дыктатара Літвы”. Знакавымі тут зьяўляюцца дэбаты 1997 г. паміж Міхасём Бічом і Уладзімерам Казьберуком у пытаньні грамадзка-палітычных поглядаў К. Каліноўскага38.

Дыскусія Біч-Казьбярук, распачатая яшчэ на пачатку 1990-х у пэрыядычным друку39, мае вялікую цікавасць для асэнсаваньня нашай тэмы. Асноўным “каменем спатыкненьня” ў ёй зьяўляецца пытаньне аб тым, што лічыць беларускай нацыянальнай ідэяй і нацыянальным рухам. У. Казьбярук лічыць, што ў 1863 г. “беларуская нацыянальная сьвядомасьць як гістарычная зьява, як працэс яшчэ не заявіла аб сабе ні ў навуковых трактатах... ні ў дзейнасьці палітычных ці грамадзкіх арганізацый”. Погляды і дзейнасьць К. Каліноўскага У. Казьбярук разглядае выключна як польскія. М. Біч у адказ напісаў, што погляды У. Казьберука надзвычай супадаюць з ацэнкай дзейнасьці К. Каліноўскага савецкай гістарыяграфіяй 1930-х гг. Далей на працягу ўсяго артыкулу М. Біч крытыкаваў адзін за адным аргумэнты У. Казьберука і даказваў, што менавіта ў час паўстаньня 1863–1864 гг. ідэя самастойнасьці “Літвы”, якую можна атаясаміць зь Беларусьсю, была сфармулявана ў нацыянальна-культурных і палітычных катэгорыях.

Сама дыскусія праходзіла амаль выключна ў пазытывісцкім рэчышчы. Галоўным апанэнты лічылі падаць як мага большую колькасьць эмпірычных фактаў (фрагмэнтаў мэмуараў, сьледчых паказаньняў і г.д.) на карысьць свайго пункту погляду. Пры гэтым як адзін, так і другі навуковец абмежаваліся толькі падзеямі паўстаньня, ці часам, які беспасярэдне яму папярэднічаў. Тут варта таксама адзначыць, што гісторыкі пагадзіліся ў тым моманце, што падзеі зьвязаныя з паўстаньнем 1863–1864 гг. і ідэі якія атрымалі жыцьцё ў той час, можна лічыць пачаткам беларускай нацыянальнай ідэі (М. Біч), ці, прынамсі пачаткам пачатку (У. Казьбярук).

У гэтым асноўная розьніца інтэлектуальнага кантэксту дыскусіі Біч-Казьбярук і тых ідэяў, якія выказваюцца пэўнымі гісторыкамі ў апошні час. Для прыкладу можна прывесьці погляды Аляксандра Гронскага40: “Каліноўскі зрабіўся беларускім героем толькі пры канцы Першай сусьветнай вайны, больш чым праз паўстагодзьдзе пасьля сваёй сьмерці. Ідэя пра тое, што польскае паўстаньне 1863–1864 гг. на землях Беларусі было беларускім рухам, зьяўлялася спробай легітымізаваць права на ўладу беларускіх нацыяналістычных груповак, з аднаго боку, і апраўдаць палітычную актыўнасьць беларускіх эмігрантаў, з другога”41.

Наколькі і ў якой ступені гэта стасуецца з рэчаіснасьцю можна меркаваць з вышэйпрыведзенага агляду поглядаў А. Луцкевіча на асобу і палітычны сьветапогляд К. Каліноўскага.

Ці яшчэ адна выснова з аналізу ідэйнай спадчыны К. Каліноўскага, зробленая тым самым аўтарам: “Асноўны зьмест “Мужыцкай праўды” – заклік да барацьбы з расейцамі: ня толькі з прадстаўнікамі ўлады, а з расейцамі ўвогуле, якія паказваліся жорсткім і разумным ворагам”42. Адначасова, А. Гронскі піша, што “Мужыцкая праўда” апелявала да сацыяльнага слою – да сялянства, а не да этнічнай супольнасьці – беларусаў. Той факт, што яна выходзіла на беларускай мове зусім не раўназначны беларускай скіраванасьці выданьня”43.

У выніку мы атрымліваем цікавую сытуацыю. З аднаго боку, К. Каліноўскі гэта польскі патрыёт, для якога найважнейшай мэтай зьяўляецца барацьба з расейцамі, а з іншага, ён зьвяртаецца да беларускіх сялянаў на іх мове і апелюе да іх як да “сацыяльнага слою”. Такім чынам, калі давесьці гэтую ідэю А. Гронскага да лягічнага завяршэньня, то выходзіць К. Каліноўскі быў перакананы, што галоўную сацыяльную праблему сяляне гістарычнай Літвы бачылі ў расейскай уладзе. Іншымі словамі кажучы, А. Гронскі тут “згодны” з А. Луцкевічам у тым, што К. Каліноўскі зьвяртаўся да “народу” з адной мэтай – пазбавіцца ад расейскай улады ў краі. У гэтым ён бачыў галоўную праблему Беларусі.

У якасьці апанэнта А. Гронскага выступіў гісторык, журналіст Анатоль Мясьнікоў, які пры канцы 2008 г. у часопісе “Беларуская думка” апублікаваў артыкул пад назвай “І ўсё ж ён герой”44. У гэтым матэрыяле А. Мясьнікоў абвяргае аргумэнты А. Гронскага наконт ролі К. Каліноўскага ў беларускай гісторыі, даказваючы, што знакаміты паўстанец – “нацыянальны герой Беларусі”.

На думку А. Мясьнікова, “падчас вучобы ў Пецярбургу Кастусь Каліноўскі пазнаёміўся з рэвалюцыйнай публіцыстыкай часопісаў “Полярная звезда”, “Колокол” і “Современник”, многімі творамі В. Бялінскага, А. Герцэна, М. Дабралюбава, М. Чарнышэўскага, М. Агарова, у якіх выкрывалася царскае самаўладзьдзе й прыгонны лад. ...Усё гэта канчаткова й адназначна сфарміравала погляды і перакананьні маладога чалавека, завяршыла выпрацоўку ўласных жыцьцёвых пазыцый, падыходаў, адзнак...”45 Атрымаўшы такую сьветапоглядную падрыхтоўку, К. Каліноўскі вяртаецца на Гарадзеншчыну, стварае “падпольны рэвалюцыйны гурток” і піша палітычную праграму, якая, паводле А. Мясьнікова, “прадугледжвала зьвяржэньне самадзяржаўя, зьнішчэньне прыгонніцтва, дасягненьне нацыянальнай самастойнасьці Беларусі, а ў аснову ўсёй барацьбы быў пакладзены канстытуцыйны і парляманцкі вопыт дэмакратычных краінаў сьвету”46.

У найноўшы час з катэгорыямі, якімі характарызаваўся вобраз К. Каліноўскага спрабаваў разабрацца ўзгадваны вышэй прафэсар Рышард Радзік, які пісаў у сваім артыкуле, прысьвечаным ідэйным поглядам кіраўніка паўстаньня 1863 г.: “Я апісваю К. Каліноўскага (што зразумела) у катэгорыях яго эпохі, укладаючы ў яго тэрміны той сэнс, які яны мелі амаль паўтара стагодзьдзя таму”47. Паводле таго ж Р. Радзіка “польскасьць” у часы К. Каліноўскага мела некалькі значэньняў. Па-першае, гэта асацыяцыя з былой Рэччу Паспалітай; па-другое, з “Кангрэсоўкай”, якая апынулася за Бугам; па-трэцяе з мовай і культурай, якая панавала ў асяродзьдзях беларускай шляхты, апазыцыйных царызму. На думку Р. Радзіка, К. Каліноўскі вызнаваў клясавую, ненацыянальную ідэалёгію, якой запаліўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце48.

Такім чынам, нягледзячы на назапашаны факталагічны матэрыял, справа інтэрпрэтацыі ідэйнай спадчыны К. Каліноўскага перажывае яўны крызіс. Тыя катэгорыі, пастуляты, якія былі закладзеныя ў першай траціне XX ст. В. Ластоўскім, А. Луцкевічам, У. Ігнатоўскім, А. Станкевічам да нашага часу застаюцца базавымі для сучасных дасьледчыкаў праблемы. Прытым гэта датычыцца беларускіх гісторыкаў практычна ўсяго спэктру гістарычных школаў і поглядаў.

На нашу думку, асноўнае праблема тут палягае ў тым, што Рэч Паспалітая яшчэ не ўпісана ў беларускі гістарычны кантэкст як супольная спадчына многіх народаў паміж Балтыйскім і Чорным марамі, у тым ліку й беларусаў. Таму адказ на пытаньне, ці азначала для беларусаў змаганьне за вяртаньне Рэчы Паспалітай на палітычную мапу барацьбу за ўласную дзяржаўнасьць вісіць у паветры. Пры гэтым цяжка ігнараваць, што крыніцы, якія датычаць ідэйнай спадчыны й асобы К. Каліноўскага сьведчаць пра тое, што віленскі паўстанцкі цэнтар узьнік незалежна ад варшаўскага49, а гэта значыць, што рашэньне ўзьняцца на паўстаньне супраць Расейскай імпэрыі было прынята людзьмі той зямлі, што сёньня называецца Рэспубліка Беларусь. Менавіта К. Каліноўскі, як кіраўнік паўстаньня 1863 г. у Беларусі й Літве прымусіў і расейцаў і палякаў ня проста ўзмоцнена цікавіцца беларускімі землямі, а па новаму на іх паглядзець50.

Зь іншага боку, сацыяльнае пытаньне ў Беларусі XIX ст. гісторыкі зьвязваюць з сялянскай праблемай, праблемай постпрыгоннага ўладкаваньня. І тут большасьць дасьледчыкаў выносяць адназначны вэрдыкт: К. Каліноўскі быў чалавекам скрайніх левых поглядаў і ледзьве не камуністам. Паўстае лягічнае пытаньне, а ці быў вызвольнік рабоў, заснавальнік Рэспубліканскай партыі ЗША Абрагам Лінкальн чалавекам левых поглядаў, чалавекам які схіляўся да камунізму? Ён жа таксама марыў пра свабоду да чарнаскурых нявольнікаў, марыў іх зрабіць грамадзянамі, грунтуючыся на Божым Законе. Да Божага Закону апелявала й “Мужыцкая Праўда”, спасылалася яна і на імя Тадэвуша Касьцюшкі, які ваяваў за свабоду ЗША, і імкнуўся, паводле К. Каліноўскага вызваліць “мужыкоў”51.

Востра стаяць перад сёньняшняй навукай і пытаньні вытокаў палітычнай думкі К. Каліноўскага, уплываў на яго. Дзеля гэтага неабходнае ня толькі вывучэньне ідэйнай спадчыны самога “дыктатара Літвы”, але й новага асэнсаваньня кантэксту скасаваньня прыгону ў Беларусі, працэсу разбору шляхты, грамадзка-палітычнай атмасфэры ў часе “аляксандраўскай адлігі” (1856–1861 гг.) і г.д.

Хоць у цэлым усе спрэчкі вакол асобы й спадчыны К. Каліноўскага – сьведчаньне пэўнай слабасьці беларускай гістарыяграфіі, палітычнай думкі ў цэлым і тэарэтычнай нераспрацаванасьці праблемаў зьвязаных з гісторыяй беларускай дзяржаўнасьці. Вялікая навуковая праца ў дадзеным кірунку яшчэ наперадзе, тым больш асноўны корпус крыніцаў ужо апрацаваны й чакае на ўвядзеньне ў навуковы гістарыяграфічны ўжытак.


[*] Захаваная аўтарская арфаграфія
[1] Вольны А. Чорнакудрая радасьць. Мн., 1926.
[2] Тамсама. С. 9, 19.
[3] Ігнатоўскі У. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930; Віткоўскі І. Паўстаньне 1863 году і расейскі рэволюцыйны рух пачатку 1860-х гадоў. Мн., 1931.
[4] Машара М. Сьмерць Кастуся Каліноўскага: Поэма: У 70-тыя ўгодкі яго сьмерці (1864-1934). Вільня, 1934.
[5] Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966. С. 204-205.
[6] Станкевіч А. З Богам да Беларусі: Збор твораў. Вільня, 2008.
[7] Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. С. 207.
[8] Кісялёў Г. Сейбіты вечнага: Артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў і дзеячоў рэвалюцыйнага руху 1863 года. Мн., 1963; Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966; Смирнов А.Ф. Кастусь Калиновский. М., 1959; Яго ж. Кастусь Калиновский 1963; Восстание в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг. Москва, 1965; За нашу и вашу свободу. Герои 1863 года. Москва, 1964 і інш.
[9] К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988; Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биографии. Мн., 1988.
[10] Swajak. Pamiaci Sprawiedliwaho // Homan. 1916. 15 lut. №1. S. 3.
[11] Тамсама.
[12] Луцкевіч А. Эвалюцыя беларускае адраджэнскае ідэалёгіі і адбіцьцё яе ў літаратуры (Паводле публічнае лекцыі чытанае ў Вільні) / Луцкевіч А. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва. Мн., 2006. С. 189.
[13] Цыт. па: Радзинский Э. Александр ІІ: жизнь и смерть: документальный роман. Москва, 2007. С. 303.
[14] Луцкевіч А. Эвалюцыя беларускае адраджэнскае ідэалёгіі... С. 189.
[15] Тамсама. С. 190.
[16] Ігнатоўскі У. Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецьця. Выд. другое. Мн., 1926.
[17] Тамсама. С. 125.
[18] Тамсама. С. 125-126.
[19] Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня // Станкевіч А. З Богам да Беларусі: Збор твораў. Вільня, 2008. С. 162.
[20] Тамсама.
[21] Тамсама.
[22] Цыт па: Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. Мн., 1999. С. 150.
[23] Тамсама. С. 156.
[24] Тамсама. С. 162.
[25] Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский... Мн., 1988. С. 160.
[26] Радзік Р. Канстанцін Каліноўскі ў сьвятле дакумэнтаў // Arche. 2009. №1-2. С. 127.
[27] Цыт па: Каліноўскі К. За нашую вольнасць... Мн., 1999. С. 43.
[28] Тамсама. С. 210.
[29] Тамсама. С. 214.
[30] Станкевіч А. “Mużyckaja praǔda” і “Гомон” / Станкевіч А. З Богам да Беларусі: Збор твораў. Вільня, 2008. С. 162. С. 177-180.
[31] Луцкевіч А. Нарадавольцы-беларусы і іх орган “Гомон”. К 50-лецьцю выхаду “Гомона”/ Луцкевіч А. Барацьба за вызваленьне. Вільня-Беласток, 2009. С. 449.
[32] Тамсама. С. 448.
[33] Тамсама.
[34] Каліноўскі К. За нашую вольнасць... Мн., 1999. С. 43.
[35] Тамсама. С. 142.
[36] Гл. Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Мн., 1971; Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966; Яго ж. Пачынальнікі: З гіст.-літар. матэрыялаў ХІХ ст. / Укл. Г.В. Кісялёў. Мн., 1977; Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навуковай сістэматызацыі дакументаў і матэрыялаў. Мн., 1988 і інш.
[37] Паўстаньне на Беларусі 1863 году. “Мужыцкая праўда” й лісты “з-пад шыбеніцы” (Тэксты й камэнтары) / Укл. Я. Запруднік і Т.Э. Бэрд. Нью-Ёрк: Выд. Фундыцыі ймя П. Крэчэўскага, 1980.
[38] Казбярук У. Загадка Каліноўскага // Беларуская мінуўшчына. 1997. №5. С. 32-36; Біч М. “...І думаў аб самастойнасці Літвы” // Беларуская мінуўшчына. 1997. №5. С. 38-41.
[39] Казбярук У. Маякі і міражы // Літаратура і мастацтва (ЛіМ). 1990, 7 ст.; Біч М.В. Хай народзіцца ісціна // ЛіМ. 1991, 22 лют.; Ён жа. У крывым люстэрку. К.Каліноўскі: праўда і вымыслы // Настаўніцкая газета. 1991, 17, 24, 27 ліп.; Ён жа. Нацыянальнае і аграрнае пытанне ў час паўстання 1863-1864 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 3.
[40] Гронский А.Д. Конструирование образа белорусского национального героя: В.К. Калиновский // Белоруссия и Украина. История и культура. Ежегодник 2005/2006. Москва, 2008. С. 253-265.
[41] Тамсама. С. 254.
[42] Тамсама. С. 258.
[43] Тамсама. С. 259.
[44] Мяснікоў А. І ўсё ж ён герой // Беларуская думка. 2008. №11. С. 104-110.
[45] Тамсама. С. 104-105.
[46] Тамсама. С. 106.
[47] Радзік Р. Канстанцін Каліноўскі ў сьвятле дакумэнтаў // Arche. 2009. №5. С. 119.
[48] Тамсама. С. 128-129.
[49] Авейдэ А. Літвіны ставяць умовы Варшаве / Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. Мн., 1999. С. 174-178 і інш.
[50] Пыпин А. История русской этнографии. Т. 4. Мн., 2005. С. 34.
[51] Каліноўскі К. За нашую вольнасць... С. 29.