Андрэй Вашкевіч (Гародня)
Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт
Кастусь Каліноўскі і беларускі нацыянальны рух у XX стагоддзі
Апошнім часам у перыёдыцы, навуковых выданнях і на інтэрнэт-блогах нярэдка ўздымаецца пытанне аб неабходнасці разбурэння “міфа” пра Кастуся Каліноўскага як беларускага нацыянальнага героя. Але найбольш уразіла публікацыя ў часопісе “Беларуская думка”, які ёсць афіцыйным грамадска-палітычным і філасофскім выданнем. Публікацыі “Беларускай думкі” – гэта сёння, мабыць, афіцыйная ідэалагічная лінія беларускай улады па тым ці іншым пытанні. Такім чынам атрымоўваецца, што ідэя “дэканструкцыі” Каліноўскага, зрабіла сур’ёзную заяўку на тое, каб выйсці на дзяржаўны ўзровень.
Па вялікаму разліку высновы А. Гронскага аб Каліноўскім – не больш чым “рэанімэ” старых тэарэтычных палажэнняў савецкага гісторыка Самуіла Агурскага, выказаных яшчэ ў далёкім 1928 г. у кнізе “Нарысы па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі (1863–1917)”, якія ў сваю чаргу ў крыху камунізаваным выглядзе паўтаралі высновы работы Васіля Ратча аб Каліноўскім як “самолюбивом безумном мятежнике”, фанатычна настроеным рэвалюцыянеры, які адначасова быў свядомым палякам. Спрабуе А. Гронскі расшыфраваць таксама гісторыю стварэння міфа пра Каліноўскага, якая, на яго думку, была мэтанакіраванай акцыяй тых, каго ў савецкі час ахрысцілі “нацдэмамі”, а зараз больш любяць здзекліва называць “адраджэнцамі”.
Праўда, і ў гэтай публікацыі даецца заўважыць тыя самыя супярэчнасці, якія былі ўласцівыя папярэднікам А. Гронскага. Напрыклад, у адным месцы А. Гронскі піша пра Каліноўскага як пра “рэвалюцыянера-фанатыка”, які хацеў бачыць Літву краінай сялян, што спавядаюць утапічны сацыялізм, у другім месцы падкрэслівае, што выразна сялянскія, антыпрыгонніцкія матывы Каліноўскі выкарыстоўваў выключна ў дэмагагічных мэтах. Адным словам, высновамі аўтара кіруюць не столькі факты, колькі факты падбіраюцца да загадзя падрыхтаваных высноў. У гэтым аўтар сам становіцца падобным да В. Ластоўскага, змагаючыся з яго падкрэслена не навуковай, публіцыстычнай публікацыяй пра Каліноўскага.
Пра такое ж “падцягванне” фактаў да сваіх уласных высноў сведчаць таксама сцверджанні аб этнічным польскім паходжанні Каліноўскага і яго рэлігійнай індэферэнтнасці.
Галоўнай прычынай неабходнасці “дэканструкцыі” міфа пра Кастуся Каліноўскага А. Гронскі абвяшчае той факт, што “исторические мифы опасны своей поразительной способностью искажать национальное самосознание и менталитет.” Маўляў, нацыя міфаў мець не павінна. На першы погляд надзвычай смелы і, я бы нават сказаў, амбітны мэсэдж. Адно толькі, што мала звязаны з гістарычнай рэальнасцю. Еўрапейскімі гісторыкамі даўно даказана, што адным з галоўных элементаў нацыянальнай свядомасці любога народа з’яўляюцца больш-менш міфалагізаваныя ўяўленні аб той ці іншай падзеі, асобе ці часе ў жыцці сваёй Радзімы. Адсюль вядуць свой пачатак легенды пра “залаты век” у сярэднявечным мінулым ўсходнееўрапейскіх народаў, якія ў XIX ст. змагаліся за сваю незалежнасць. На міфах будуецца імперская і нават рэлігійная свядомасць (узяць хоць бы цэлы атрад расейскіх праваслаўных святых, пачынаючы ад Аляксандра Неўскага і заканчваючы былым царом Мікалаем ІІ). На міфах, прычым куды больш нядаўняга часу (узяць хоць бы перыяд 1941–1944 гг.), пабудавана “ідэалогія беларускай дзяржавы”. Такім чынам, нацыянальны міф – не такое ўжо і страшнае пудзіла, якім падае яго сп. Гронскі. Выглядае на тое, што словы аб неабходнасці барацьбы з нацыянальнымі міфамі ўвогуле з’яўляюцца толькі спробай завуаляваць сапраўдныя матывы з’яўлення гэтага артыкула. Першы такі сапраўдны матыў, тое, што ляжыць на паверхні – канчатковы вывад асобы Кастуся Каліноўскага з кантэксту беларускай нацыянальнай ідэі і дзяржаўнасці.
“Навуковая” і грамадская матывацыя падобнага кшталту памкненняў зразумелая. Каліноўскім занадта актыўна карыстаецца апазіцыя, што не можа не выклікаць негатыўнай рэакцыі ва ўлады. У дадатку, улада не надта прыхільна ставіцца да ідэяў, прапагандаваных Каліноўскім. Чалавек, які змагаўся з панаваннем Расейскай імперыі, выступаў супраць праваслаўя, занадта моцна падкрэсліваў суверэнітэт грамадзяніна ў межах любой дзяржавы (“не народ для ўрада, а ўрад для народа”) натуральна ўспрымаецца як антыдзяржаўнік і сёння.
У дыскусію адносна пытання, кім насамрэч лічыў сябе Кастусь Каліноўскі, якім імем сябе называў, якой бачыў будучыню Беларусі і ці існавала для яго Беларусь як нейкая асобная тэрытарыяльная, нацыянальная і палітычная катэгорыя, умешвацца пакуль не лічу патрэбным. Паколькі пры наяўных сёння, ужо даўнавата адшуканых і усяляк даследаваных крыніцах нешта лепшае за “канцэптуальны” артыкул А. Гронскага (дзе на шасці старонках тэксту добры тузін разоў сустракаюцца выразы кшталту “судя по всему”, “видимо”, “скорее всего”, “во всяком случае”) наўрад ці атрымаецца. Сёння хочацца звярнуць увагу на іншае. У першую чаргу на тое, кім паспеў стаць для беларусаў Каліноўскі ўжо ў XX ст., залежна ці незалежна ад таго, не прызнаваўшага свайго шляхецтва шляхціца, жыццё якога спынілася на Лукішскім пляцы вясной 1864 г.
Упершыню пра Каліноўскага як беларускага патрыёта сапраўды напісаў Вацлаў Ластоўскі ў 1916 г. у газеце “Гоман”. Пра асобу правадыра паўстання ён, канешне, ведаў і раней, можа быць, праўда не ў 1910 г. калі друкаваў сваю “Кароткую гісторыю Беларусі”, аднак “Наша Ніва” зусім не надавала ўвагі асобе Кастуся Каліноўскага2. Каліноўскі стаў патрэбен беларусам найперш тады, калі Першая сусветная вайна і глабальныя палітычныя змены на Еўрапейскім кантыненце прадэманстравалі той факт, што нягледзячы на незавершанасць працэсу “культурнага накаплення”, у беларусаў на першы план выходзіць неабходнасць змагацца за незалежнасць палітычным і збройным шляхам. Найбольш яскрава гэтую думку можна пацвердзіць цытатай з артыкула Івана Трызны (Івана Цвікевіча), упершыню надрукаванага ў 1922 г.: “Ён [Каліноўскі – А.В.] быў першым беларусам, каторы зразумеў, што нашыя ўсходныя і заходныя суседзі, некалькі вякоў ваеваўшыя паміж сабой і праліўшыя не адну раку крыві за ўладаньне беларускай тэрыторыяй, за права панаваньня над беларускім народам, – што яны нізашто і ніколі дабравольна ня вызнаюць права беларускаму народу распараджацца ўласным сваім лёсам. Асабістыя досьледы Каліноўскага даканчальна пераканалі яго ў гэтым і таму ён першы голасна і адважна выказаў думкі, да якіх беларускі народ дайшоў толькі праз 50 гадоў пасьля смерці Каліноўскага, перажыўшы трагедыю ўсесьветнае вайны, перажыўшы Берасьцейскі мір, і, ўрэшце, зьведаўшы польска-расійскую вайну і пачуўшы на целе сваім нож Рыжскага міру.
Каліноўскі першы заявіў што калі народ хоча быць вольным – ён павінен заваяваць гэту волю. Кінуўшы гэтую думку, паказаўшы шлях усім адважным духам, Каліноўскі сам стаў на гэты шлях: падняў аружнае паўстаньне супраць маскоўскага і варшаўскага дзяржаўна-нацыянальнага гнёту”3.
Неабходна ў сваю чаргу звярнуць увагу на акцэнтацыю змагання Каліноўскага як з польскім, так і з царскім расейскім прыгнётам. Такім чынам, Каліноўскі ўзводзіцца ў ролю агульнанацыянальнага сімвала, рысы героя ўсё больш прыстасоўваюцца пад патрэбы бягучага моманту.
Рашаючую ролю ў папулярызацыі асобы Каліноўскага ў Савецкай Беларусі 1920-х гг. адыграла выдатная драма Еўсцігнея Міровіча “Кастусь Каліноўскі”, якая больш пяці гадоў з нязменным поспехам ішла на сцэне БДТ-1. Па матывам п’есы ў 1927 г. быў зняты кінафільм “Кастусь Каліноўскі”, прэм’ера якога адбылася ў жніўні 1928 г. (у той час, калі ўжо пачыналі гучаць першыя галасы супраць ідэалізацыі Каліноўскага як “нацдэмаўскага” героя). Пераказваць сюжэт фільма не лічым патрэбным, падкрэслім толькі некалькі найбольш характэрных момантаў. Па-першае – Каліноўскі ў фільме змагаецца ў роўнай ступені як з царскімі жандарамі і войскам, так і з польскімі панамі, якія выглядаюць нават больш агідна, чым жандары, паколькі з’яўляюцца здраднікамі (галоўныя адмоўныя героі, апрача, канешне Мураўёва, гэта магнаты з характэрным прозвішчам Велькапольскія). Па-другое – цікава гучаць апошнія словы Каліноўскага, сказаныя ім перад шыбеніцай. Схоплены нацыянальны герой кажа: “Чуеш, Беларусь! Веру – будзе вольная Беларусь працоўных, рабочых і сялян!” “Чуем!” – гучыць у адказ голас маўклівага дагэтуль беларускага народа4.
Такім чынам Каліноўскі ўзводзіўся ў ранг сімвала народнага гневу і хуткай расправы над ненавіснай панскай Польшчай, якая паняволіла ды прыгнятала заходніх беларусаў5.
Спатрэбіцца таксама нямала часу, каб проста пералічыць мастацкія творы, прысвечаныя Каліноўскаму беларускімі паэтамі ў 1920-х гг. Няма сумніву, што Каліноўскі быў адным з любімых вобразаў у маладой беларускай творчай інтэлігенцыі (тут, дарэчы, ці не першая роля належыцца згаданай пастаноўцы Е. Міровіча). Аднак яшчэ раз падкрэслім самае важнае – Каліноўскі ў гэты час быў сімвалам аб’яднання Беларусі, вызвалення заходняй яе часткі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Вось, напрыклад, кавалачак з верша Алеся Дудара 1925 г. фактычна з адкрытым заклікам да вызвалення Заходняй Беларусі:
Не сягоння было і не ўчора,
Бо сягоння загоены раны.
Ты не плач, Наваградскае ўзгор’е,
не журыся тугой саматканай:
кінуў дзень залатыя кроплі
над заводам, над полем, над лугам...
Кастуся Каліноўскага покліч
сёння зноў – ад Вяллі да Буга.
Выйдуць войска сярмяжнага ўзводы,
выйдуць важыць жыццё і смерць...
Дык гучней гудзіце, заводы,
Каб нудою жыцця не мераць...6
Аднак жа неўзабаве, ужо ў 1929–1931 гг., у ходзе гучных пагромаў беларускіх “нацдэмаў” ранейшае ўзвялічванне асобы Кастуся Каліноўскага было ацэнена як “нацыяналістычная фальсіфікацыя беларускай гісторыі”. Пра правадыра паўстання 1863 г. належала, такім чынам, як мага хутчэй забыцца, бо патрыятычна настроеныя беларускія камсамольцы пачыналі ўспрымаць яго як сімвал змагання ня толькі з польскімі панамі, але і з русіфікатарамі. Нездарма ўжо ў 1928 г. аўтар цытаванага вышэй верша А. Дудар прапаноўваў накінуць “мураўёўскі гальштук” на шыі бальшавіцкім камісарам, што дзялілі Беларусь у Берасці і Рызе, называючы іх нашчадкамі Мураўёва.
Адмовіцца ад Каліноўскага аказалася ня так проста. Асабліва там, дзе беларусы вялі зацятую барацьбу за свае нацыянальныя правы. Такім месцам у перадваенныя дзесяцігоддзі была найперш Заходняя Беларусь. Пры гэтым трэба адзначыць, што Каліноўскага пазітыўна ацэньвалі прадстаўнікі бадай што ўсіх заходнебеларускіх палітычных плыняў.
Некалькі прац прысвяціў Каліноўскаму адзін з лідэраў беларускай хрысціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч. Акрамя таго, беларускія хрысціянскія дэмакраты ў 1933 г. урачыста адзначылі юбілейныя даты, звязаныя з жыццём Каліноўскага.
Найбольш цікава аднак тое, што на вышыню сапраўды ідэйна-паэтычнага абагульнення Каліноўскага ўзвялі акурат заходнебеларускія камуністы. Тлумачэнне простае – менавіта камуністы ў літаральным і пераносным сэнсе былі найбліжэй да Лукішак. З кім, як не з Каліноўскім было параўноўваць сябе маладому паэту-камуністу Максіму Танку, які, толькі выпушчаны з турмы, блукаў паміж вітрынамі начных віленскіх рэстаранаў. У сувязі з гэтым можна прыгадаць дыялог паміж Максімам Танкам і сакратаром ЦК камсамола Заходняй Беларусі Мікалаем Дворнікавым, які адбыўся на віленскім бруку летам 1936 г. і які М. Танк занатаваў у сваіх “Лістках календара”: “Неспадзявана ён [Дворнікаў] запытаўся, што я ведаю пра Каліноўскага.
– Пацікаўся больш гэтым героем, – параіў мне. – Трэба адбіць яго ў хадэкаў. Каліноўскі – ня іх сьвяты і дарма яны лезуць да яго ў сваякі”7.
Словы сябра-падпольшчыка выклікалі ў маладога паэта шчырае здзіўленне: “Няўжо ж ён не чытаў разгромных артыкулаў пра паўстанне 1863 году, пра Каліноўскага, якія друкаваліся ў Менску?” Думаецца, што Дворнікаў гэтыя артыкулы ўсё ж чытаў і добра ведаў афіцыйную лінію КП(б)Б па асобе Кастуся Каліноўскага, паводле якой той лічыўся шляхецкім рэвалюцыянерам і польскім нацыяналістам, які зусім ня быў абаронцам правоў сялянства. Аднак разуменне бягучых патрэбаў рэвалюцыйнай барацьбы змушала заходнебеларускіх камуністаў адыходзіць ад ідэалагічных штампаў, што накідаліся Менскам. Беларускаму народу, які змагаўся за свае правы ў польскай дзяржаве, для ўздыму нацыянальнага духу былі відавочна патрэбныя нацыянальныя героі-сімвалы, і Каліноўскі на гэтую ролю выдатна падыходзіў. Менавіта таму галоўны герой знакамітай “Песні пра сухар” Валянціна Таўлая камуніст Паўлюк параўноўваецца з міфалагізаваным Каліноўскім-Світкай, які хоча разлічыцца з “белымі”, здрадзіўшымі паўстанне і зараз засеўшымі ў Бельведэры8.
Мікалай Дворнікаў загінуў у пачатку 1938 г. у гарах Іспаніі, змагаючыся з фашызмам у інтэрнацыянальных брыгадах, і там ён, паводле сведчанняў ягоных баявых паплечнікаў, да апошніх дзён свайго жыцця марыў стварыць асобную беларускую нацыянальную роту імя правадыра паўстання 1863 г.9
Ва Усходняй Беларусі пра Кастуся ўспомнілі ў гады Другой сусветнай вайны. Мабыць усе са школьных хрэстаматый добра помняць верш Пятруся Броўкі, які пачынаўся радкамі: “На Беларусі па вёсках ідуць пагалоскі, з’явіўся Кастусь Каліноўскі”. Кастусь Каліноўскі ў вершы – збіральны вобраз блакітнавокага партызана-антыфашыста, мсціўца, які з’яўляўся ў самых нечаканых месцах і нёс акупантам заслужанае пакаранне. І імя Каліноўскага не было пустым гукам. Напісаны ў 1943 г., гэты верш перадрукоўваўся партызанскімі газетамі. Асобная старонка ў вяртанні імя Каліноўскага – дзейнасць партызанскай брыгады імя правадыра паўстання 1863 г. Брыгада імя Кастуся Каліноўскага пад началам ленінградскага інжынера камбрыга Вайцяхоўскага была ці не самым актыўным партызанскім злучэннем на Гарадзеншчыне і Беласточчыне ў другой палове 1943-га – 1944-га гг. Дзесяткі пушчаных пад адхон нямецкіх цягнікоў, сотні забітых гітлераўцаў, такі рахунак дзеянняў беларускіх партызан, ажыццёўленых з імем Кастуся Каліноўскага.
Як бачым, “канструяванне” Каліноўскага як нацыянальнага героя не было прадуктам чыйсці свядомай міфатворчасці. Хутчэй наадварот, ідэя Каліноўскага зноў і зноў набывала актуальнасць акурат у часы ўзнікнення рэальнай пагрозы для існавання беларусаў. І, трэба сказаць, нямала дапамагала ім. У чым жа тут “небяспека” міфа пра Каліноўскага, пра якую гаворыць А. Гронскі?
Гэта становіцца зразумелым, калі больш уважліва ўчытацца ў тэкст артыкула: “Для существования нации нужны национальные герои, причём такие, которыми можно законно гордиться. А если этих героев нет – их создают”. Пасыл аўтара вельмі просты, каб была нацыя – трэба герояў. Няма герояў – іх трэба стварыць. А калі наадварот, то калі няма герояў, няма і нацыі. Такім чынам, асноўны глыбінны матыў развянчання ідэі Кастуся Каліноўскага як беларускага нацыянальнага героя – гэта, фактычна, спроба даказаць неіснаванне або беларускай нацыі наагул, або прынамсі, беларускай нацыі ў такім сэнсе, у якім мы прывыклі яе разумець.
Спробы хуткай і бескампраміснай расправы з Каліноўскім, ды яшчэ і на старонках афіцыйных ідэалагічных выданняў, можна расцэньваць не іначай, як выкопванне беларускай уладай ямы, у якую ў перспектыве павінна ўваліцца ў першую чаргу сама гэтая ўлада. Баючыся павесіць у сваіх кабінетах партрэт Кастуся з лозунгам: “Не народ для ўрада, а ўрад для народа”, чыноўнікі адмаўляюцца ад магчымасці стаць пераемнікамі дзесяцігоддзяў дзяржаўных, патрыятычных і вайсковых традыцый, звязаных з асобай Каліноўскага ўжо ў XX ст., і на якіх у значнай ступені трымаецца менавіта беларуская нацыянальная ідэя, бо Каліноўскі – гэта адна з нешматлікіх постацяў нашай гісторыі, якую нам не прыходзіцца ні з кім дзяліць. Апроч нас, беларусаў, Каліноўскі не патрэбны ні палякам, ні літоўцам, ні тым больш расейцам.
Варта падкрэсліць, што размовы з некалькімі дзясяткамі беларускіх студэнтаў, праведзеныя ў 2008–2009 гг., пераканалі аўтара ў тым, што для большасці з іх Кастусь Каліноўскі працягвае існаваць як бясспрэчны нацыянальны герой. Пры тым галоўнай станоўчай рысай асобы правадыра паўстання 1863–1864 гг. называюцца не “беларускасць” ці ваенныя і арганізатарскія здольнасці, а рашучасць у справе абароны сваіх перакананняў і інтарэсаў народа. Цікава таксама, што рашаючым фактарам пераўтварэння Кастуся Каліноўскага ў нацыянальнага героя ў вачах як мінімум некалькіх пакаленняў беларусаў, сталі не падручнікі па гісторыі Беларусі, а найперш творы Уладзіміра Караткевіча і асабліва яго раман “Каласы пад сярпом тваім”.
А што ж сам Каліноўскі? Думаецца, што яго месцу ў “беларускай ідэі” нічога не пагражае. Ён працягвае існаваць у рамантычным арэоле шляхецкага хлопца, які пераадолеў стэрэатыпы свайго сацыяльнага асяроддзя і змог, першы і, мабыць, адзіны ў сваім часе, сказаць аб “мужыцкім народзе”, яшчэ не беларусах, але ўжо не “тутэйшых”, як аб людзях з гісторыяй, гонарам і правам. А дзяржава і тыя, хто сёння яе ўвасабляюць, пра Каліноўскага ўспомняць адразу, калі рэальная небяспека для незалежнай беларускай дзяржаўнасці прымусіць перакідваць масткі ў мінулае.
Ускосным доказам выказанай думкі з’яўляецца той факт, што ўжо ў лістападаўскім нумары “Беларускай Думкі” за 2008 г. быў надрукаваны артыкул кандыдата гістарычных навук Анатоля Мяснікова “І ўсё ж ён герой” (на беларускай мове). У гэтым артыкуле, які з’явіўся праз дзесяць месяцаў пасля публікацыі А. Гронскага і праз два месяцы пасля з’яўлення рэакцыі на яе ў “ARCHE”, аўтар абараняе тэзы, якія на 100% супярэчаць пазіцыі А. Гронскага. Няма сумніву, што рэдакцыі “БД” бліжэйшыя ідэі А. Гронскага, аднак выказаныя ім тэзы аб штучнасці стварэння беларускай нацыі супярэчаць галоўным палажэнням сучаснай “ідэалогіі беларускай дзяржавы”, таму рэдакцыя “БД” і надрукавала артыкул А. Мяснікова ў якасці палемічнага матэрыялу. Фактычна, Кастусь Каліноўскі і гэтым разам змусіў прызнаць сябе беларускім нацыянальным героем. Падобны паварот у “справе Каліноўскага” можна ў нейкай ступені патлумачыць таксама ўзмацненнем “незалежніцкай рыторыкі” прадстаўнікамі ўлады на фоне чарговых нафтагазавых канфліктаў з Расейскай Федэрацыяй.
Нацыянальных герояў ствараюць не палітычныя тэхнолагі і не “канструктары” неіснуючых нацый, як спрабуе паказаць А. Гронскі. Гэта псеўдааб’ектывісцкі міф, які насамрэч куды далейшы ад рэальнасці, чым нават прывідная беларускасць Каліноўскага. Нацыянальных герояў ствараюць абставіны, калі хочаце, нават ворагі. У патрэбе змагацца за сваю Радзіму і часам нават аддаць жыццё за яе ў сітуацыі, калі ёй здрадзілі кіраўнікі, военачальнікі, і ў вецер пераўтварыліся словы прыгожых песняў пра бясконцае квітненне і вечную перамогу, чалавек шукае апору найперш у сваім мінулым, якім бы неадназначным і супярэчлівым яно не было. Ці ж не з’яўляецца асоба Кастуся Каліноўскага, з імем якога змагаліся беларусы ў XX ст. і з палякамі і з немцамі, найлепшым доказам гэтага сцверджання?
[1] Дадзены артыкул з’яўляецца перапрацаваным варыянтам водгука на артыкул А. Д. Гронскага “Кастусь Калиновский: конструирование героя” (Беларуская Думка. 2008. №2. люты. С. 82–87). Упершыню гэты водгук пад назвай “Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім” быў надрукаваны ў часопісе “ARCHE” (2008 год, №7-8).
[2] У надрукаваным у “ARCHE” тэксце гэты абзац гучаў наступным чынам: “Упершыню пра Каліноўскага як беларускага патрыёта сапраўды напісаў Вацлаў Ластоўскі ў 1916 г. у газеце “Гоман”. Пра асобу правадыра паўстання ён, канешне, ведаў і раней, можа быць, праўда не ў 1910 г. калі друкаваў сваю “Кароткую гісторыю Беларусі”. Аднак “Наша Ніва” ў свой час не пісала пра Каліноўскага не таму, што В. Ластоўскі (паводле А. Гронскага) чакаў, пакуль памруць усе ўдзельнікі паўстання, а таму, што роля Каліноўскага ў беларускай гісторыі ў той момант не была належным чынам асэнсавана бадай што нікім. Ды і ці забыліся мы, што “першая беларуская газэта з рысункамі” выдавалася ў тыя гады, калі ў гарадах Беларусі ўзводзіліся помнікі Мураўёву і называліся вуліцы ў яго гонар?” Вывучаючы глыбей ролю асобы Кастуся Каліноўскага ў гісторыі беларускагага нацыянальнага руху ў XX ст. аўтар, аднак, прыйшоў да высновы, што цікавасць да асобы Каліноўскага ў “нашаніўцаў” адсутнічала найперш таму, што канцэпт “героя-барацьбіта” не адпавядаў патрэбам бягучага моманта. У перыяд палітычнай стабільнасці беларусам найбольш патрэбен быў вобраз выдатнага культурнага дзеяча, якім ужо з самага пачатку XX ст. стаў Францішак Скарына.
[3] Трызна, Іван. Кастантын Каліноўскі (гістарычны нарыс) // Беларускі Сьцяг. 1922. №4. С. 10. Дарэчы, менавіта з гэтым артыкулам варта было б палемізаваць А. Гронскаму, паколькі не артыкул В. Ластоўскага, а менавіта праца І. Трызны (І. Цвікевіча), перадрукаваная ў 1924 г. у часопісе “Полымя”, стала праграмным артыкулам у папулярызацыі асобы Каліноўскага ў БССР у 1920-х гг.
[4] Інфармацыя з сайта http://www.kino-teatr.ru/kino/movie/sov/9305/annot/. Дата доступу: 10.02.2010 г.
[5] Гэты фільм вось ужо восемдзесят год застаецца адзінай экранізацыяй гісторыі жыцця Кастуся Каліноўскага. У пачатку 2009 г. у электронных СМІ з’явіліся звесткі аб тым, што здымкі фільма пра Каліноўскага запланаваныя галівудскім рэжысёрам Мэлам Гібсанам, а ў ролі галоўнага героя павінен выступіць вядомы акцёр Леанарда ды Капрыё. Падкрэслівалася нават знешняе падабенства апошняга да беларускага нацыянальнага героя (http://community.livejournal.com/by/948885.html?thread=4598677). Звесткі гэтыя, на жаль, не пацвердзіліся, аднак сам факт іх з’яўлення і хуткага распаўсюджання яскрава паказвае на запатрабаванасць такога кінафільма ў беларускім грамадстве.
[6] Душа мая тужлівая...: вершы, паэмы. Уклад. В. Шніп. Мн., 2005. С. 81.
[7] Танк Максім. Лісткі календара. Мн., 1970. С. 96-97.
[8] Таўлай Валянцін. Творы. Мн., 1961. С. 57-58.
[9] Драбінскі Я. І. Ад Гомеля да Эстрэмадуры. Мн., 1975. С. 129.