Удзел праваслаўнага насельніцтва Беларусі ў паўстанні 1863–1864 гг.
У апошнія гады істотна ўзрасла цікавасць да айчыннай гісторыі. Гэта ў першую чаргу звязана з ростам самасвядомасці грамадзян Рэспублікі Беларусь. Аднак многія падзеі беларускай гісторыі празмерна ідэалагізуюцца і выкарыстоўваюцца як сродкі для падагравання напружанасці ў міжэтнічных і міжканфесійных узаемаадносінах. Адзін з такіх прыкладаў — паўстанне 1863–1864 гг.
Ідэалагізацыя самога паўстання закладалася яшчэ паўстанцамі з ліку заможнай шляхты (Якуб Гейштар)1 і расійскімі ўладамі (перш за ўсё Міхаілам Мураўёвым)2. У выніку акцэнт рабіўся не столькі на сацыяльных канфліктах, незадаволенасці шырокіх колаў насельніцтва сваім становішчам і іх імкненні да сацыяльнай справядлівасці, колькі на ідэях аднаўлення былой Рэчы Паспалітай і міжканфесійных канфліктах. Пры гэтым апошнія моцна абсалютызаваліся і перараслі ў стэрэатып не проста памылковы, але і шкодны для айчыннай гістарыяграфіі: сцвярджалася, што ў гэтай барацьбе паўстанцы былі каталікамі, а праваслаўныя выступалі на баку расійскіх улад.
Насамрэч, як сярод тых, хто падтрымліваў расійскія ўлады, выдаваў паўстанцаў, пісаў даносы, былі каталікі3, так і сярод паўстанцаў былі праваслаўныя, якія ўдзельнічалі ў бітвах, паказвалі тым дарогу і перадавалі інфармацыю пра перамяшчэнне войскаў, хавалі ў сваіх хатах параненых, дапамагалі ежай і г. д. Сярод іх былі нават праваслаўныя святары, на што першым у 1930-я гады звярнуў увагу адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Янка Пазняк4.
Аднак ужо расійскі палкоўнік Аляксандр Гейнс, які змагаўся супраць паўстанцаў у баях пад Коцкам, пры Калішы і Сямяцічах, у асабістым лісце да свайго сябра Канстанціна фон Каўфмана, аднаго з паслядоўнікаў М. Мураўёва на пасадзе генерал-губернатара "Паўночна-Заходняга краю" Расійскай імперыі, пісаў, што афіцыйныя данясенні замоўчваюць факты "ўпартай абыякавасці да нас сялян ва ўвесь час барацьбы" і што "гэты недавер ішоў так далёка, што, не ў дакор афіцыйным данясенням, многія рускія [праваслаўныя. — В. Г.] сяляне бралі ўдзел у паўстанні", а ў маі 1863 г., напярэдадні Мілавідскай бітвы ў Слонімскім павеце, "сяляне цэлымі станамі прымалі праваслаўную прысягу на вернасць мяцяжу"5.
Зразумела, такія выказванні, што змяшчаліся ў перапісцы вышэйшых асоб Расійскай імперыі, заставаліся ў межах кабінетаў. Гэта было звязана з выбранай лініяй на прадстаўленне паўстання міжканфесійным канфліктам і "польскай справай", пад якой разумелі "прэтэнзіі [палякаў. — В. Г.] на першынство ў славянскім свеце і ўжываныя імі сродкі дасягнення сваіх намаганняў"6. І ўсё ж нават у Расійскай імперыі час ад часу з’яўляліся думкі, якія выпадалі з прынятай ідэалагічнай схемы. Даследчык жыцця М. Мураўёва А. І. Мілавідаў адзначаў: "Наконт мяцяжу 1863 года існуе перакананне, што сельскае насельніцтва Паўночна-Заходняга краю з самага пачатку руху было цалкам на баку рускага законнага ўрада. Гэта магчыма казаць толькі пра беларускія губерні, з пераважным рускім, праваслаўным насельніцтвам, і тое, якое не цалкам праяўляла сваю адданасць7.
У перыяд існавання СССР ва ўмовах негатыўнага стаўлення афіцыйных улад да царквы і існавання класавай дзяржаўнай ідэалогіі рэлігійны аспект рэдка станавіўся аб’ектам увагі з боку навукоўцаў. Гэта адбівалася і на працы з архіўнымі дакументамі. У паказаннях арыштаваныя паўстанцы амаль заўсёды называлі сваё веравызнанне, але гісторыкі засяроджвалі ўвагу перш за ўсё на сацыяльным стане асоб, іх непасрэдным удзеле ў паўстанні і атрыманых за гэта пакараннях. Выключэннем тут з’яўляецца даследаванне В. М. Зайцава, дзе адзначаецца, што сярод рэпрэсіраваных паўстанцаў у Літве і Беларусі пераважную большасць складалі каталікі — 95,11%, 1,21% былі іудзеі, 0,53% іншыя веравызнанні, а праваслаўныя толькі 3,15%8. Дадзеныя лічбы адносяцца толькі да рэпрэсіраваных паўстанцаў, прычым з тэрыторыі Беларусі і Літвы разам узятых. Таму іх нельга пераносіць на канфесійную структуру паўстанцаў, паколькі справы далёка не ўсіх з іх дайшлі да суда. Змякчаючымі абставінамі былі раскаянне, добраахвотная здача, сацыяльнае паходжанне (селянін або мешчанін) і веравызнанне (праваслаўе). Тым больш лічбы В. М. Зайцава зроблены з улікам рэпрэсіраваных не толькі з Беларусі, але і з тэрыторыі Літвы, дзе амаль усё насельніцтва было каталіцкім.
Згодна з архіўным матэрыялам, праваслаўныя Беларусі ўдзельнічалі ўжо ў маніфестацыйным руху ў 1861 г. Жандарамі ў Гродна пры спяванні патрыятычных гімнаў у Бернардынскім касцёле 12 чэрвеня 1861 г. былі заўважаны праваслаўныя чыноўнікі Кулакоў з Гродзенскай казённай палаты і Вышчэловіч з Гродзенскай грамадзянскай палаты9, а 31 ліпеня ў Фарным касцёле — Палькоўскі з канцылярыі Гродзенскага губернскага праўлення і Фядзюшка10.
Праваслаўныя сяляне з самага пачатку паўстання ў студзені 1863 г. былі шырока прадстаўлены ў атрадах Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў, удзельнічалі ў захопе горада Сураж (23 студзеня) і бітве пад Сямяцічамі (6–7 лютага). У атрадзе ваеннага начальніка Мазавецкага ваяводства Каятана-Віктара Старжынскага ваяваў 18-гадовы Сымон Якубавіч Казлоўскі з вёскі Жаўткі Беластоцкага павета11. Касінерам у атрадзе Святлінскага (Пяруна) быў 25-гадовы Севярын Аўгусцінавіч Талочка з вёскі Чэхі12, у атрадзе Дзікоўскага два месяцы правёў 17-гадовы Маркел Ільіч Дзямянчык з вёскі Лысы13 (абодва — Бельскага павета). З вёскі Студнякі Сакольскага павета адразу некалькі праваслаўных сялян уступілі ў атрад ваеннага начальніка Гродзенскага ваяводства Ануфрыя Духінскага, у тым ліку 18-гадовы Васіль Мацвеевіч Сінкевіч14, які таксама змагаўся пад кіраўніцтвам Фелікса Улодака і Валерыя Урублеўскага.
Некалькі дзясяткаў праваслаўных змагаліся ў атрадзе падпалкоўніка Аляксандра Лянкевіча (Ляндэра), які здзейсніў паспяховы напад на кватэру лясніцтва ў мястэчку Азёры Гродзенскага павета. Сярод іх 17-гадовы панскі батрак Міхаіл Аляксеевіч Кучынскі з вёскі Талочкі, які ў сваіх паказаннях пасля амаль пяці месяцаў змагання адзначыў: "Мэтаю майго паступлення ў атрад было толькі тое, што абяцалі даваць грошы і вольнасць"15. Аснову атрада Лянкевіча складалі ў большасці сваёй маладыя людзі 16–30 гадоў, незадаволеныя сваім сацыяльным становішчам, як, напрыклад, праваслаўныя 16-гадовы Адам Восіпавіч Кашатук з вёскі Гліняны16 і 17-гадовы Міхаіл Аўгусцінавіч Аўсейнікаў з вёскі Галавачы17.
Аднак вайсковыя здольнасці паўстанцаў заставаліся на нізкім узроўні, пра што сведчыў праваслаўны Антон Андрэевіч Бартанчук, 30-гадовы селянін з вёскі Гуціца: "Лянкевіч <…> даў мне старую стрэльбу, і, прабыўшы некалькі дзён, я быў пастаўлены на пікет. І калі я стаў баявой стрэльбай песціцца, але, не ведаючы як са стрэльбай абыходзіцца, неспадзявана выстраліў, і стрэльба разарвалася. З ёй вярнуўся ў атрад, і ўжо стрэльба была ў мяне забрана, а прыстаўлены да абозу, для пераношвання цяжару і ўвесь час насіў на сабе валізку з аптэчкамі, медыкаментамі. А так, пры атрадзе знаходзячыся, брадзяжыў па розных невядомых мне лясах. І аднойчы, калі атрад быў нагнаны расійскімі войскамі, і ўцёк, быў нагнаны расійскімі двума жаўнерамі, з якіх адзін мяне параніў штыком у правае плячо, то я, адчуўшы боль, валізку, якую нёс, кінуў і сам ратаваўся ўцёкамі і, праходзячы па лесе, сустрэўся з атрадамі Гідва [магчыма, Антонія Гедройця. — В. Г.] і Астрогі [Аляксандра Парадоўскага. — В. Г.], якія мяне ў сувязі з атрыманай ранай у атрад не прынялі"18.
Расійскія ўлады для прадухілення пашырэння паўстання ў Гродзенскім павеце тэрмінова перакінулі вайсковае падмацаванне. Ужо 4 мая паўстанцы былі разбіты ў баі ва ўрочышчы Святыя Балоты Гродзенскага павета супраць расійскага атрада на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Мантэйфелем у складзе дзвюх рот Калужскага пяхотнага палка і 30 казакоў. Пасля паражэння ў атрадзе Лянкевіча засталося ўсяго 25 чалавек, да якіх 5(17) мая далучыліся добраахвотнікі з Ваўкавыска. Яны рухаліся ў лагер каля вёскі Мілавіды Слонімскага павета, дзе 22 мая (3 чэрвеня) адбылася самая буйная на тэрыторыі Беларусі бітва паўстання 1863–1864 гг. У ёй праваслаўныя з’яўляліся значнай часткай паўстанцкага войска. Так, у слонімскім атрадзе пад камандаваннем Францішка Юндзіла іх было як мінімум трэць. Значная частка дарослага мужчынскага насельніцтва сучаснага цэнтра праваслаўя ў Беларусі — мястэчка Жыровічы — далучылася да паўстанцаў разам з чатырма прадстаўнікамі духавенства Жыровіцкага манастыра, якія сталі касінерамі і пазней далучыліся да атрада ваеннага начальніка Гродзенскага ваяводства Валерыя Урублеўскага. Сярод іх быў 19-гадовы Іван Шышко з вёскі Добрая Воля Ваўкавыскага павета, што служыў пры жыровіцкім архімандрыце19.
У паўстанцкі лагер на мяжы Гродзенскай і Мінскай губерняў сышліся некалькі атрадаў, у тым ліку ваўкавыскі пад кіраўніцтвам Густава Стравінскага (паўстанцкая мянушка Млотак), у складзе якога ў чатырох сутычках удзельнічаў праваслаўны 23-гадовы Восіп Восіпавіч Кірэйда з вёскі Горны Ваўкавыскага павета20. Уваходзілі праваслаўныя сяляне і ў іншыя атрады, сабраныя ў паўстанцкім лагеры на мяжы Гродзенскай і Мінскай губерняў. Адным з іх быў 27-гадовы Міхаіл Сямянчук з вёскі Шчэчыцы (у цяперашні час — Мастоўскі р-н Гродзенскай вобл.). У сваіх паказаннях, як і большасць паўстанцаў, для захавання ўласнага жыцця ён сцвярджаў пра прымусовае далучэнне да атрада, у той жа час пазначыўшы, што "ў шайку вярбоўшчыкі людзей не дастаўлялі, але некаторыя з’яўляліся добраахвотна"21. М. Сямянчук быў узброены аднаствольнай стрэльбай і пісталетам. Пераважная ж большасць сялян былі касінерамі і мелі двувострыя косы з круком унізе ляза, насаджаныя на дрэўка і абматаныя вакол яго дротам, знятым з тэлеграфнай лініі.
Кіраўніком адной з частак касінераў у Мілавідскай бітве быў 20-гадовы праваслаўны мешчанін Аляксандр Унгэбаўэр22, які да паўстання працаваў сталяром у родным Навагрудку. Даведаўшыся пра адыход жыхароў горада ў Налібоцкія лясы, добраахвотна падаўся туды разам з братам, каб далучыцца да атрада Вітальда Міладоўскага і ксяндза Феліцыяна Лукашэвіча, затым удзельнічаў у сутычках пад Сяльцом, Крывошынам, Ігнатавам і Львоўшчынай. Паводле загаду В. Міладоўскага, ён кіраваў павешаннем селяніна, западозранага ў шпіёнстве на карысць царскіх улад. Сам Міладоўскі, які выдаў імёны ўдзельнікаў той акцыі і шмат іншых паўстанцаў, застаўся жывы. У адрозненне ад схопленага Унгэбаўэра, які быў расстраляны ў Навагрудку 20 студзеня 1864 г.
Тады ж на пляцы за горадам расійскімі ўладамі быў расстраляны і 22-гадовы праваслаўны мешчанін Уладзіслаў Смыслоў з Навагрудка23, які да ўступлення ў атрад працаваў фельчарам у мястэчку Крошын Навагрудскага павета, на радзіме паэта Паўлюка Багрыма. У атрадзе Міладоўскага Смыслоў даглядаў параненых, але запляміў сябе ўдзелам у павешанні селяніна, здзейсненага групай на чале з Унгэбаўэрам. Генерал-губернатар М. Мураўёў адхіліў рэкамендацыю суда аб замене смяротнага пакарання ссылкай на катаргу.
Ні праваслаўнае веравызнанне, ні юнацкі ўзрост не перашкаджалі ў вынясенні жорсткіх пакаранняў за ўдзел у Мілавідскай бітве, у якой царскія войскі вымушаныя былі адступіць. У Сібір адправілі нават 16-гадовага Лявона Рыгоравіча Дудзіноўскага з вёскі Гавінавічы Навагрудскага павета24 і 18-гадовага Лявона Пракопавіча Рачко з маёнтка Альбярцін Слонімскага павета, як і дзясяткі іншых праваслаўных паўстанцаў.
Да паўстання заклікаў 43-гадовы праваслаўны святар Мікалай Мароз25, настаяцель Параскеўскай царквы ў сяле Лапацін Пінскага павета. Пасля набажэнства ён збіраў на сваёй кватэры праваслаўную шляхту з ваколіц вёскі Колбы Пінскага павета, чытаў маніфест паўстанцкага ўрада і ўгаворваў далучацца да атрадаў. Калі ж шляхта не згадзілася, сказаў: "За гэта можна атрымаць і кулю ў лоб". Спрабаваў айцец Мікалай пераканаць і свайго дыякана Пракаповіча: "Няма чаго баяцца паўстанцаў, я і сябе, і вас змагу абараніць". На Мароза ў паліцыю данёс святар Страховіч з суседняга сяла Мясяцічы таго ж павета, з якім у айца Мікалая былі напружаныя асабістыя адносіны. У выніку па патрабаванні М. Мураўёва Сінод пазбавіў Мароза духоўнага звання, пасля чаго той быў адпраўлены ў ссылку на 10 гадоў катаржных прац у крэпасцях26. У адрозненне ад пінскай праваслаўнай шляхты, якую айцу Мікалаю Марозу не атрымалася прыцягнуць да ўдзелу ў паўстанні, на суседняй Слонімшчыне такія выпадкі сустракаліся. 21-гадовы праваслаўны дваранін Іпаліт Восіпавіч Карацінскі27, які вучыў сялянскіх дзяцей у ваколіцах мястэчка Быцень, у маі 1863 г. далучыўся да атрада Ф. Юндзіла, у складзе якога прыняў удзел у бітве пад Мілавідамі. Аднак найбольш шырокую падтрымку з боку праваслаўнай шляхты паўстанцы мелі на Беласточчыне, дзе ім дапамагалі нават матэрыяльна, як у выпадку ўладальніка вёскі Янава Сакольскага павета надворнага радцы Шчэрбы28.
Некалькі праваслаўных святароў за сваю падтрымку паўстання былі пакараны накіраваннем у манастыр, як у выпадку былога ўніяцкага святара Мікалая Лойкі29, якога адправілі ў Калугу. Ён быў настаяцелем царквы ў вёсцы Грабёнка Ігуменскага павета Мінскай губерні. 22 красавіка 1863 г. айцец Мікалай паводле рашэння паўстанцкага атрада прачытаў сялянам у царкве маніфест пра паўстанне і добраахвотна перадаў паўстанцам прадукты. У адказ на абвінавачванні на следстве і судзе М. Лойка адзначыў: "Калі б на маім месцы быў толькі адзін афіцэр або генерал, то таксама са страху перад паўстанцамі загад выканаў"30. У той жа час улады даведаліся, што святар прапаноўваў сялянам узяць на парукі верагоднага ўдзельніка паўстання селяніна Весіка, размаўляў у хаце і са шляхтай па-польску, а з сялянамі "па-сялянску" (па беларуску), насіў пад рызай сутану каталіцкага ксяндза, забараняў называць сябе "бацюшка" або "свяшчэннік", толькі ксяндзом і панам, а таксама затрымаў у сябе замест таго, каб адаслаць да кансістора для знішчэння 46 пячатак былых уніяцкіх цэркваў дадзенага дэканата. Акрамя гэтага, М. Лойка забараняў сялянам браць удзел у паланенні паўстанцаў, гаворачы: "Для гэтага ўрад мае даволі ўзброеных жаўнераў, а селянін — безабаронны, і паўстанец можа яго забіць або пакалечыць"31. На бацьку таксама данёс і сын Міканор, якога Мікалай Лойка ўгаворваў уступіць у паўстанцкі атрад.
Сёння вядомы прозвішчы 14 праваслаўных святароў, якія былі рэпрэсіраваны за падтрымку або ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. Сярод іх 42-гадовы манах Супрасльскага манастыра Феадосій Дымінскі32, які дзейнічаў у атрадзе Каржанеўскага. Ён паходзіў з сям’і спадчынных святароў, у 1847 г. паступіў у Віленскі Свята-Духаў манастыр пад імем Іосіфа, дзе быў паслушнікам. Праз пяць гадоў пастрыжаны ў манахі праасвяшчэнным вікарным Філарэтам з імем Феадосія. Жыў у некалькіх манастырах Літвы, пакуль у лютым 1859 г. не быў пераведзены ў Супрасльскі манастыр, адкуль 26 жніўня 1863 г. атрымаў перавод у Жыровіцкі манастыр, па дарозе ў яго і трапіў у паўстанцкі атрад.
У той жа час неабходна падкрэсліць, што ў выпадку праваслаўных святароў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні, важным з’яўлялася іх былая прыналежнасць да скасаванага ў 1839 г. уніяцтва, да аднаўлення якога прызывала "Мужыцкая праўда" (№6). Аднак у паказаннях іншых паўстанцаў, якія пазначаны як "праваслаўныя", асноўнай падставай для выступлення супраць улад Расійскай імперыі пазначаецца сацыяльная несправядлівасць і незадаволенасць умовамі аграрнай рэформы 1861 г.
Немагчыма абысці ўвагай і тое, што да паўстанцаў далучаліся таксама праваслаўныя рускія, як у выпадку прапаршчыкаў Новаінгерманландскага палка Люцыяна Рэмішэўскага і Фёдара Ельчанінава, якія далучыліся да паўстанцаў у Мінскай губерні. Пасля паражэння яны здолелі эмігрыраваць у Парыж і сталі вучнямі майстра гадзіннікавых спраў33.
Увогуле ў Польшчы планавалася фарміраванне расійскага легіёна ("дружыны"), ідэю якога выношваў Міхаіл Бакунін34. З іншага боку ў колах радыкальных "чырвоных" сярод паўстанцаў фарміравалася ідэя пра тое, што паўстанне пры дапамозе расійскай рэвалюцыйнай арганізацыі "Зямля і воля" і атрадаў з беларускіх зямель на чале з Людвікам Звяждоўскім (мянушка Тапор) павінна будзе ахапіць тэрыторыю Расійскай імперыі аж да Волгі і прынесці вызваленне ад сацыяльнага прыгнёту расійскім сялянам35.
Нават гэтыя прыклады паказваюць, што думка, быццам у паўстанні 1863–1864 гг. паўстанцы былі выключна каталікамі, а праваслаўныя выступалі толькі на баку расійскіх улад, не адпавядае рэчаіснасці. Таксама архіўныя дакументы даводзяць, што рэлігійны фактар не з’яўляўся вызначальным у паўстанні. У выпадку звычайных удзельнікаў тых падзей з ліку сялянства (як праваслаўных, так і каталікоў) асноўнай прычынай далучэння іх да барацьбы была незадаволенасць існуючым сацыяльным становішчам і жаданне палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт. Выключэннем з’яўляліся свядомыя прадстаўнікі рэпрэсіраванага за ўдзел і падтрымку паўстання праваслаўнага духавенства, якія захоўвалі памяць аб уніяцтве, ліквідаваным на беларускіх землях у 1839 г., і спадзяваліся на яго аднаўленне.