Уладзіслаў Малахоўскі
Паўстанец, які спрычыніўся да "кодака"Уладзіслаў Малахоўскі нарадзіўся ў 1827 годзе ў маёнтку Маце Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскі раён на Брэстчыне). Яшчэ калі быў навучэнцам Свіслацкай гімназіі, яго апанавалі ідэі свабодалюбства, барацьбы за пераўтварэнне грамадства. Паступіўшы ж у Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін, у сталіцы знайшоў яшчэ больш аднадумцаў, наладзіў кантакты з тайнай рэвалюцыйнай арганізацыяй разначынцаў “Зямля і воля”. У канцы 1862 года да яе далучылася ваенна-рэвалюцыйная суполка “Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы”, што мела немалы ўплыў у часцях расійскай арміі на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны.
Невыпадкова Малахоўскі звярнуў увагу менавіта на гэтыя дзве арганізацыі. Ён ужо зблізіўся з Кастусём Каліноўскім, а праграма і “Зямлі і волі”, і Камітэта ў чымсьці была блізкая ім абодвум. І абодва не памыліліся ў сваіх меркаваннях. Калі пачалося выступленне прыхільнікаў Каліноўскага супраць царызму, члены арганізацыі “Зямля і воля” ўступілі ў саюз з партыяй “чырвоных” і прыкладалі шмат намаганняў, каб ператварыць гэтае выступленне ва ўсерасійскае сялянскае паўстанне за зямлю і волю. Да “чырвоных” ідэйна прымыкалі і “камітэтчыкі”, выступаючы за ліквідацыю прыгоннага права. А Уладзіслаў Юльянавіч нават прымаў намаганні, каб дапамагчы “землявольцам”. Дзеля гэтага ён звярнуўся да Варшаўскага камітэта паўстання з просьбай выдзеліць на мэты “Зямлі і волі” 500 рублёў і набыць для яе пішучую машынку...
Будучы чалавекам таварыскім, добразычлівым, ён, калі гаворка заходзіла аб узброеным выступленні, рэзка мяняўся і пачынаў даводзіць, што на поспех можна спадзявацца толькі ў выпадку няўхільнай цвёрдасці і валявых дзеянняў, бо мяккацеласць можа дорага каштаваць. Падобная бескампрамісная пазіцыя і паўплывала на прызначэнне Малахоўскага начальнікам аддзела па вынясенні і выкананні прыгавораў. На яго плечы легла страшная, нечалавечая адказнасць за вырашэнне лёсаў тых, каго паўстанцы лічылі найбольш вінаватымі перад народам.
Свайго роду такая “зачыстка” спярша праводзілася ў Вільні, дзе начальнік аддзела, а потым і паўстанцкі начальнік усяго горада Малахоўскі ўключыў у спіс тых, да каго нельга было заставацца спагадлівым, прадвадзіцеля віленскага дваранства Дамейку. Гэта, безумоўна, была бязлітасная жорсткасць — у адказ на жорсткасць улад.
Менавіта ў намечаны дзень народнай помсты маршалку Малахоўскі нанёс візіт самому Мураўёву, каб пільны “вешальнік” мог упэўніцца, што паўстанцкі гораданачальнік гатовы кантактаваць з уладамі. А 29 ліпеня 1863 года выканаўцы прысуду прабраліся ў дом Дамейкі. Праўда, гаспадар дома пасля замаху на яго застаўся жывым, а нападаўшых на яго затрымалі ажно ў Варшаве, спешна канваіравалі ў Вільню, дзе пачаліся жорсткія катаванні. Не вытрымаўшы іх, абодва прызналіся, хто быў “заказчыкам”. Вядома, яны не ведалі прозвішчаў ні самога Малахоўскага, ні ягоных паплечнікаў, але назвалі людзей, з якімі тыя кантактавалі і праз якіх яны атрымалі заданне. Клубок паступова пачаў разблытвацца, а з ім пачаліся і шматлікія арышты. Тых, каго падазравалі, лавілі не толькі ў Вільні, а і далёка за яе межамі. Шчупальцы ахранкі дасталі нават да Смаленска.
Праз тыдзень за кратамі апынуўся не адзін дзесятак чалавек. Мураўёў адразу ж загадаў сямёра з іх, каго асабіста палічыў асабліва вінаватымі, публічна павесіць. Сам Малахоўскі, аднак, у яго не выклікаў падазрэння, бо Уладзіслаў Юльянавіч у гэты дзень і прыкладна ў той жа час, калі быў паранены Дамейка, знаходзіўся ў губернатара.
Але Малахоўскі добра разумеў, што яму заставацца далей у Вільні вельмі небяспечна. Ён тэрмінова з'ехаў у Пецярбург, а адтуль у жніўні 1863 года быў адпраўлены за мяжу. Аднак там доўга не прабыў і зноў наведаўся ў сталіцу, каб пасля паехаць у Кёнігсберг, дзе, з'яўляючыся прадстаўніком Каліноўскага, удзельнічаць у выпуску газеты “Глос Літвы”. А яшчэ займаўся закупкай зброі для паўстанцаў і нават асабіста дастаўляў яе.
Праз некаторы час пасля разгрому паўстання Малахоўскі асмеліўся вярнуцца ў Пецярбург, дзе з неймавернай цяжкасцю атрымаў англійскі пашпарт на імя Леона Варнеркі. Верагодней за ўсё тыя, хто падтрымаў яго, знаходзіліся і ва ўладных структурах, інакш немагчыма растлумачыць, чаму яму ўсё ж удалося пазбегнуць арышту) і даў сабе слова на мінулым паставіць крыж. Прыбыўшы ў 1866 годзе ў Лондан, вырашыў заняцца фотасправай.
Для гэтага, безумоўна, неабходны былі грошы. Грошы ў Малахоўскага знайшліся. Верагодней за ўсё, знайшоўся нехта, хто Малахоўскаму значна дапамог стварыць уласную фірму. Ужо праз пяць гадоў фірма атрымала шырокую вядомасць у Заходняй Еўропе. Перш за ўсё дзякуючы вынаходніцтвам і наватарству ўладара фотафірмы. Так Уладзіслаў Юльянавіч вынайшаў спецыяльную прыладу, якая пачала называцца сенсітометрам. Нічога падобнага дагэтуль у свеце не было...
Але сапраўдную славу Уладзіславу Юльянавічу ўсё ж прынёс не сенсітометр, хоць і гэтае адкрыццё па-ранейшаму асацыіруецца з ягоным імем. Куды важней тое, што Малахоўскі значна ўдасканаліў сам працэс фатаграфавання.
Вывучыўшы працэс атрымання адбітку на светаадчувальным матэрыяле, Уладзіслаў Юльянавіч прыйшоў да высновы, што пласцінкі можна замяніць спецыяльнай плёнкай, загадзя апрацаваўшы яе неабходнымі хімічнымі рэактывамі. Шляхам шматлікіх доследаў ён спыніўся на тым, што для гэтага найлепш падыходзіць бромсрэбранае пакрыццё на каладыйнай аснове. Плёнка з нанесеным на яе такім матэрыялам лёгка скручваецца ў рулон, таму на ёй можна рабіць некалькі кадраў.
Гэтае адкрыццё Малахоўскага выклікала сапраўдны пераварот у сусветнай фотасправе. Але першым, хто выкарыстаў яго на практыцы, стаў сам вынаходнік, якому ўжо было цесна ў Англіі. Малахоўскі ўсё часцей пачаў выязджаць у розныя краіны, дзе прапагандаваў свае адкрыцці, асабліва тыя выгоды, якія нясе з сабой ролікавая плёнка. Не абмінуў ён і Расію. Англійскі пашпарт надзейна ахоўваў яго ад падазрэнняў з боку паліцыі.
Узяўся ён за пашырэнне фотасправы ў Расіі. Першым крокам у гэтым накірунку стала заснаванне ім фоталабараторыі “Варнерка і Ко”, якая распачала сваю работу настолькі паспяхова, што ў хуткім часе ператварылася ў свайго рода школу, для іншых ўстаноў адпаведнага тыпу. Уладзіслаў Юльянавіч ахвотна дзяліўся сваім вопытам, знаходзячы ўсё больш прыхільнікаў, прыцягваючы да сябе яшчэ большую ўвагу і ўзнімаючы ўласны аўтарытэт. Калі ў 1882 годзе ў Маскве праходзіла Усерасійская выстава, яго лабараторыя была адзначана сярэбраным медалём.
У шэрагу яго прыхільнікаў быў і выдатны расійскі вучоны-хімік Дзмітрый Мендзялееў. Калі ў Дзмітрыя Іванавіча з'явілася ідэя аб заснаванні секцыі фатаграфіі Расійскага Імператарскага тэхнічнага таварыства, адным з першым, з кім ён папярэдне абмеркаваў гэтае пытанне, быў Малахоўскі. Уладзіслаў Юльянавіч ахвотна падтрымаў пачынанне, і хутка секцыя была адкрыта.
Па вяртанні ў Лондан Уладзіслаў Юльянавіч яшчэ больш разгарнуў сваю дзейнасць ды так, што пачаў адкрываць філіялы ўласнай фірмы не толькі ў іншых гарадах, а і ў краінах. Адзін з іх з'явіўся ў Марселі. Ды ў 1898 годзе ў дзейнасці філіяла “ўсплылі” фальшывыя расійскія рублі. Відаць, знайшліся тыя, хто падобным чынам захацеў яго падставіць. Верагодней, гэта былі ягоныя канкурэнты. Праўда, сустракаюцца меркаванні і іншага кшталту.
Як і ў выпадку са з'яўленнем у Малахоўскага немалых грошай для таго, каб распачаць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць, сёй-той гатовы бачыць у з'яўленні фальшывых рублёў след царскай ахранкі, якая, маўляў, раней падтрымліваючы Уладзіслава Юльянавіча, зразумела, што ён абвёў яе вакол пальца, таму падобным чынам вырашыла адпомсціць яму. Забываюць пры гэтым, што ахранка, калі на тое была б патрэба, магла неаднойчы разабрацца з ім, калі Малахоўскі неаднаразова наведваўся ў Пецярбург і нават Маскву.
Ды самому Уладзіславу Юльянавічу ад гэтага было не лягчэй. Ён вельмі перажываў з-за беспадстаўных абвінавачванняў. А што яны з'яўляліся надуманымі, пацвердзілі судовыя працэсы. Віна Малахоўскага ў з'яўленні фальшывых грошай у судзе так і не была даказана. Але след ад нанесенай маральнай раны ў душы яго застаўся, хаця ён не лічыў неабходным ні з кім дзяліцца сваімі перажываннямі. Завяршылася гэта тым, што 7 кастрычніка 1900 года ў Жэневе Малахоўскі скончыў жыццё самагубствам.
На гэтым можна было б і кропку паставіць, аднак чытача, безумоўна, цікавіць, адкуль узялося аўтарскае сведчанне наконт таго, што знакамітая фірма “Кодак”, фотаапараты якой сёння карыстаюцца папулярнасцю ва ўсім свеце, у тым ліку і на Беларусі, мае дачыненне да Малахоўскага. Ды пры тым, што “Кодака” без нашага земляка не было б!
Калі ў ХІХ стагоддзі з кожным годам павялічвалася цікаўнасць да фатаграфіі, не застаўся ў баку ад гэтага і сціплы служачы аднаго з банкаў Нью-Йорка Джордж Істмэн, які ў 1879 годзе ў Англіі запатэнтаваў машыну для пакрыцця шкляных пласцінак светаадчувальным элацінам, а праз год і ў сябе на радзіме. Даведаўшыся аб тым, што англічанін Варнерка ў якасці светаадчувальнага матэрыялу вынайшаў ролікавую плёнку як пачатковы светаадчувальны матэрыял для атрымання адбітку, узяўся сканструяваць для яе ўласны апарат. Такі апарат з'явіўся ў 1886 годзе. Праз два гады Істмэн распрацаваў новую аматарскую фотакамеру. Ён жа ўвёў ва ўжытак і слова “кодак”, што стала сінонімам “камера”. А паколькі гэтая камера тады была немагчыма без ролікавай плёнкі, адкрытай Малахоўскім, то і атрымліваецца, што Уладзіслаў Юльянавіч і спрычыніўся да “Кодака”...
Пра Уладзіслава Малахоўскага можна прачытаць:
- Без подпісу. Загадчык аддзела выкананняў. “Звязда”, 2003, 4 верасня.
- Авейде О. Показания и записки о польском восстании 1863 г. М., 1961.
- Поллак Т. Из истории фотографии. Пер. з англ. М., 1983.
- Чибиссов К., Шеберстов В., Слуцкин А. Фотография в прошлом, настоящем и будущем. М., 1988.