Назад

Каміла Янушкевіч, Язэп Янушкевіч

"Трэці" Кастусь Каліноўскі не падцвердзіўся

Меркаваны фотаздымак Кастуся Каліноўскага на крыміналістычнай экспертызе

На пачатку ХХІ стагоддзя дзіўным чынам даводзіцца канстатаваць: гісторыя беларускай фатаграфікі пазамінулага XIX ст. не напісаная. І не раскрытая аніякім чынам, аніякай манаграфіяй (у адрозненне, скажам, ад гісторыі айчыннай архітэктуры, жывапісу і інш., не кажучы пра няблага вывучаныя гісторыі беларускай літаратуры і мовы, дзе налічваецца сотні даследаванняў).

Адзін з відавочных момантаў такога занядбання бачыцца ў тым, што на бальшыні ацалелых фотаадбіткаў XIX стагоддзя — стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Кастуся Каліноўскага, Рамуальда Траўгута, Ігната Грынявіцкага — захаваліся абрысы "не тых герояў": пад савецкай акупацыяй яны блага ўкладаліся ў канцэпцыю адмірання беларускай мовы і пабудовы адзінай "савецкай нацыі".

Наогул, належыць памятаць, што ХІХ ст. — гэта й стагоддзе Джузэпе Гарыбальдзі, Шымана Канарскага, Адама Міцкевіча. У тыя паднявольныя часы сам факт захавання твораў і фотаадбіткаў правадыроў нацыянальна-вызвольных рухаў пагражаў жыхарам Паўночна-Заходняга Краю высылкай "у нялюдскую зямлю".

Найбольшая колькасць рукапіснага і фатаграфічнага матэрыялу захоўваецца ў архівах Летувы і Польшчы. Нашая архіўная Мекка — гэта, бясспрэчна, Дзяржаўны гістарычны архіў Летувы, дзе амаль у некранутым выглядзе ацалеў "Архіў музея графа М. М. Мураўёва". Зборы яго, паводле гісторыка Вольгі Гарбачовай, налічваюць каля 600 фотаздымкаў перыяду 60-х гадоў ХІХ — пачатку ХХ ст. Менавіта ў ім знаходзіцца неаднатаваны фотаздымак русявага дзецюка, з пазнакай алоўкам на адвароце з "пытальнікам": "К. Каліноўскі", які, на думку дацэнта В. Гарбачовай, "вельмі падобны на К. Каліноўскага"1.

Такім чынам, нам прапаноўваецца, "трэці фотапартрэт" правадыра паўстання — пасля класічных адбіткаў: Кастуся Каліноўскага ў поўны рост (ля люстэрка) і пагруднай выявы Кастуся ("з чорным гальштукам").

Сапраўды, побач з адзначаным здымкам2 знаходзяцца выявы выключна паўстанцаў: Людвіка Звяждоўскага, Ігната Здановіча, Зыгмунта Серакоўскага, Аляксандра Скірмунта, Баляслава Свентаржэцкага, Багуслава Семірадскага, Альфрэда Ромэра, Браніслава Залескага, Ціта Далеўскага, графа Лявона Плятэра, Эдуарда Чыжэўскага і іншых3. Аднак навукова пацвердзіць (або адкінуць) гіпотэзу адносна "трэцяга фота Каліноўскага" можа толькі судовая экспертыза. Нагадаем, што ўжо аднойчы гісторыкі прамахнуліся — памылкова прыпісаўшы правадыру нацыянальна-вызвольнага супраціву фатаграфію паўстанца са стрэльбай-ружжом4.

Таму да пытання экспертызы трэба падысці паважна.

7 сакавіка 2014 года мы звярнуліся з адпаведнай заявай у Галоўнае ўпраўленне крыміналістычных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь у Менску. У якасці матэрыялу на экспертызу былі аддадзеныя тры фотаздымкі:

  1. Здымак Ахілеса Банольдзі (Каліноўскі ў поўны рост);
  2. Здымак пагрудны (з чорным гальштукам);
  3. Здымак, які В. Гарбачова прапануе лічыць за фота Каліноўскага.

Цікава, што ўсе здымкі, зробленыя прыкладна ў адзін час (перад паўстаннем), у апісанні эксперта-крыміналіста былі вызначаныя з розніцай у дзясятак (і больш!) гадоў.

№1 "…На здымку выяўлены мужчына ў поўны рост. Мужчына — антрапалагічнага тыпу, еўрапеоід, узрост на выгляд — каля 35 гадоў. Галава яго павернутая да аб'ектыва левым паўпрофілем. У мужчыны цёмныя валасы. На твары ў мужчыны маецца расліннасць у выглядзе вусоў і барады цёмнага колеру…"

"Фотаздымак №2 чорна-белы, прастакутнай формы. На здымку пагрудным мужчына... антрапалагічнага тыпу, еўрапеоід, узрост на выгляд — каля 30-ці гадоў. Ракурс здымка — блізкі да анфаснага. У мужчыны цёмныя валасы…"

"Фотаздымак №3 чорна-белы, прастакутнай формы. На здымку мужчына ў поўны рост. Мужчына — антрапалагічнага тыпу еўрапеоід, узрост на выгляд — каля 20 гадоў. Галава ў яго павернутая да аб'ектыва левым паўпрофілем. У мужчыны цёмныя валасы…"

 

Павялічыць Павялічыць Павялічыць
Фота №1 Фота №2 Фота №3

Выснова крыміналістычнай экспертызы — наступная:

1. На фотаздымку №1 і №2 выяўлены адзін і той жа чалавек.

2. Вызначыць, ці з'яўляецца чалавек на фотаздымку №3 тым жа чалавекам, што і на фотаздымках №№1, 2, не ўяўляецца магчымым"5.

Апошняя няпэўнасць — нібыта з прычыны нездавальняльнай якасці прапанаванага фота. Але, што важна на дадзеным этапе, станоўчага адказу пра падабенства таксама няма. Таму "пытальнік", пастаўлены нейкім мураўёўскім падручным, застаецца, пакідаючы прастору для розных версій6.

Разгледжаны "пытальнік" на адвароце паўстанцкага фота — адзін з нешматлікіх прыкладаў, калі подпіс не дадае інфармацыі, а наадварот, заблытвае. Большасць падпісаных паўстанцкіх фота нясуць найкаштоўнейшыя звесткі, якіх не сустрэнеш часам і на дзясятках архіўных аркушаў:

"Дмитрий Базанов, отставной юнкер Староингермандского полка. Отобрано от мятежника в шайке Нарбута"7;

"Вельчинский. По показанию пленных бывший поручик Русской службы, а в шайке Капитан (ранен, в плену и доставлен в крепость)"8;

"Ксендз Александрович. Начальник Новоалександровского уезда, член Революционной организации. —1864"9;

"Доктор Мечислав Оттонович Глиндзич — Начальник Волковыского уезда, член Революционной организации. — 1864. Mieczysław Glindzicz"10;

I калі пра праваслаўнага Змітра Базанава з Гарадзеншчыны (найбліжэйшага паплечніка Кастуся Каліноўскага) або каталіцкага святара Александровіча ў гістарычных даследаваннях можна адшукаць нейкія звесткі, дык пра Вяльчынскага ці Гліндзіча — няма аніякіх. Зрэшты, усе названыя персаналіі адсутнічаюць у айчыннай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі"... А калі насур'ёз — дык перад айчыннымі гісторыкамі ў поўны рост паўстае неабходнасць стварыць капітальнае энцыклапедычнае выданне, прысвечанае паўстанню 1863–1864 гадоў.

Узіраючыся ў фотаадбіткі паўстанцаў належыць таксама памятаць: бальшыня здымкаў хоць і зроблена ў ХІХ ст., але героі ўжо апынуліся ва ўзросьце. Бязвусыя дзецюкі парабіліся барадатымі катаржнікамі… Таму ў позірках сібірскіх ссыльных зусім іншая настраёвасць...

...Наколькі кожнаму з нас хочацца адшукаць свайго продка на гэтых сотнях здымкаў, заўважыць хоць нейкае візуальнае падабенства ў рысах абліччаў сваіх крэўных! Зразумець, што ж перажывалі яны, перш чым адышлі на Неба, спаўна адпакутаваўшы тут і не трацячы надзеі, што "адно з праўдай у грамадзе згодна дажджэш, Народзе, старасцi свабодна"...

Публікацыя паводле: Аўтарскі дакумент
Першапублікацыя: Наша Ніва. – 2015, №11.11