Назад

Зміцер Кузменка, Вольга Сямашка

Ялоўская "Хроніка",

або У якім касцёле быў ахрышчаны Кастусь Каліноўскі

На старой каралеўскай дарозе з Беластока ў Менск, вёрстаў дванаццаць не даязджаючы да Свіслачы, разлеглася старадаўняе мястэчка Ялоўка. Колісь яно належала да Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губерні. Зараз — гэта тэрыторыя Польшчы. Але напрасткі да сучаснай беларускай мяжы тут лічаныя кіламетры.

Выгоднае транзітнае размяшчэнне спрыяла хуткаму росту паселішча. Прызнаннем яго значнасці і адначасна дадатковым штуршком да далейшага развіцця стала наданне Ялоўцы ў 1545 г. Магдэбургскага права.

Аднак праз стагоддзі стары каралеўскі шлях згубіў сваё былое значэнне. Будаўніцтва чыгункі і больш зручнай шашы прывяло да яго паступовага заняпаду. Канчаткова ён абязлюдзеў, калі быў перарэзаны дзяржаўнай мяжой. Гэта не магло не адбіцца на лёсе Ялоўкі. Сёння гэта ціхае мястэчка з багатай лакальнай гісторыяй, у якой натуральным чынам адбілася ўся супярэчлівая і неадна­значная мінуўшчына беларуска-польскага памежжа.

Але для беларусаў Ялоўка адметная ня толькі гэтым.

6 лютага 1838 г. менавіта тут, у мясцовым парафіяльным касцёле, ксёндз Францішак Каранеўскі ахрысціў немаўлятка ўладальніка недалёкага маёнтка Мастаўляны. Хлопчык атрымаў імя Вінцэнт. Праз два месяцы, 4 красавіка, быў праведзены дапаўняльны абрад хросту, і да першага імя было дададзена другое — Канстанцін, пад якім сыну Сымона і Веранікі Каліноўскіх і было суджана ўвайсці ў гісторыю.

Сённяшні ялоўскі мураваны касцёл Божага Ператварэння многімі якраз і лічыцца месцам хрышчэння Кастуся Каліноўскага. Аднак гісторыя храма сведчыць, што ў 1859 г. ён толькі пачынаў будавацца, і прыняць хрост у ім будучы кіраўнік беларуска-літоўскіх паўстанцаў ніяк не мог.

Тым больш, не мог ён хрысціцца ў касцёле св. Антонія, руіны якога захаваліся ва ўсходняй частцы мястэчка, бо гэты храм узводзіўся яшчэ пазней — у 1910–1915 гг.

Вынікае, што Кастусь Каліноўскі не мог быць ахрышчаны ні ў адным з абодвух вядомых нам ялоўскіх касцёлаў! Дык дзе ж яго хрысцілі?

Адказ на гэтае пытанне дае "Хроніка парафіяльнага касцёла ў мястэчку Ялоўка", складзеная ў 1849 г. мясцовым ксяндзом Віктарам Кулешам. Дарэчы, у 1841 г. ён быў капеланам Свіслацкай гімназіі1, у якую праз шэсць гадоў паступіць вучыцца Кастусь Каліноўскі. Калі а. Віктар быў пераведзены ў Ялоўку — дакладных звестак няма. Вядома, што праз нейкі час яго выслалі ў Сібір, дзе сляды Віктара Кулешы губляюцца.

Трэба заўважыць, што ялоўская "Хроніка" не была арыгінальным творам у прывычным нам разуменні. І ініцыятыва яе складання не належала мясцоваму каталіцкаму святару. Звесткі пра парафіяльныя касцёлы ў сярэдзіне XIX ст. збіраліся цэнтралізавана біскупскай курыяй. Дзеля гэтага з Вільні па парафіях рассылаўся адмысловы друкаваны фармуляр-апытальнік "Хронікі". Ён утрымліваў 10 разнастайных пытанняў, якія тычыліся гісторыі касцёла, яго знешняга выгляду і ўнутранага аздаблення, легендаў, звязаных з храмам, etc. Парафіяльныя ксяндзы мусілі даць на кожнае прапанаванае пытанне разгорнуты адказ і адаслаць запоўнены фармуляр назад. Безумоўна, каштоўнасць кожнага такога дакумента наўпрост залежала ад таго, наколькі падрабязна той ці іншы святар адказваў на прысланыя з Вільні пытанні.

Такім чынам, быў утвораны цэлы комплекс касцельных "Хронік", якія цяпер захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта. Сярод іх — і ялоўская "Хроніка"2.

Запаўняючы атрыманы з Вільні фармуляр, Віктар Кулеша засведчыў што ў 1747 г. у Ялоўцы на сродкі старасты Казіміра Сапегі замест старога драўлянага храма пабудавалі новы парафіяльны касцёл Міхала Арханёла. Гэта і быў той касцёл, у якім хрысцілі Кастуся Каліноўскага.

Новы храм таксама ўзвялі з дрэва. Ён стаяў галоўным фасадам на поўдзень, звонку быў ашаляваны і меў прыблізна 27-29 м. у даўжыню і 14-16 м. у шырыню. Унутраная прастора касцёла бялілася. Падрабязных звестак пра знешні выгляд будынка не захавалася, але ён, верагодна, меў пэўныя агульныя рысы з іншымі драўлянымі касцёламі, якія будаваліся на Гарадзеншчыне ў сярэдзіне XVIII ст. і дайшлі да нашага часу. У якасці прыкладу можна разглядаць Траецкі касцёл у в. Струбніца Мастоўскага раёну.

Траецкі касцёл у в. Струбніца (фота А. Дыбоўскага)
Траецкі касцёл у в. Струбніца (фота А. Дыбоўскага)

Каля храма традыцыйна быў цвінтар, дзе хавалі пераважна ксяндзоў. Сёння ад тых магіл нічога не засталося. Падчас апошняй вайны помнікі з іх былі скінутыя ў раку для ўмацавання броду. Паводле мясцовага краязнаўцы Мар'яна Гайдучэні, да нядаўняга часу захоўвалася адна надмагільная пліта, але і яна знікла. Па іроніі лёсу, той апошні каменны надгробак са старога касцельнага цвінтара ў Ялоўцы належаў памерламу ў 1842 г. вікарыю Францішку Кара­неўскаму. Ксяндзу, які хрысціў Каліноўскага...

Спадар Мар'ян упэўнена паказвае месца, дзе стаяў колішні драўляны касцёл: праз дарогу ад сучаснага мураванага. Зараз на тым месцы будынак плябаніі. Побач на маленькім пагорку ўсталяваная скульптура Божай Маці. Магчыма, гэты пагорак — тое, што засталося ад падмурку старой святыні.

Відавочна, што ў сярэдзіне XIX ст. касцёл Міхала Арханёла ўжо знаходзіўся ў стане заняпаду. Стогадоваму драўлянаму будынку патрабаваўся значны рамонт, і замест гэтага было вырашана пабудаваць новы храм. Гэтым разам — мураваны. Стары касцёл, які памятаў хрост Кастуся Каліноўскага, прастаяў як мінімум да 1866 г.3, і быў, паводле некаторых звестак, разабраны на гаспадарчыя пабудовы.

Прапаноўваем увазе чытачоў поўную публікацыю "Хронікі" ялоўскага парафіяльнага касцёла 1849 г. у перакладзе на беларускую мову. Першапачат­ковы друкаваны тэкст фармуляра-апытальніка падаецца намі тлустым, а звесткі, унесеныя ад рукі Віктарам Кулешам — звычайным шрыфтам. Значэнне спецыфічных і малавядомых слоў тлумачыцца ў заўвагах.

Аўтары выказваюць шчырую падзяку выкладчыку Вышэйшай духоўнай семінарыі, доктару гісторыі, а. Тадэвушу Крагелю (Беласток) за неацэнную дапамогу ў пошуку арыгінала "Хронікі", а таксама краязнаўцу Мар'яну Гайдучэню (Ялоўка) і архітэктару Андрэю Шулаеву (Менск) за карысныя звесткі і кансультацыі.

 

Павялічыць Павялічыць Павялічыць
Хроніка Ялоўскай парафіі (арыгінал)

 

Хроніка
парафіяльнага касцёла ў
мястэчку Ялоўка, размешчанага ў дыяцэзіі Віленскай, губерні Гарадзенскай, павеце і дэканаце Ваўкавыскім.
1849

Калі і кім закладзены, драўляны ці мураваны, і ў якім часе вымураваны, калі перад тым быў драўляны? Пад імем якога святога? Ці ёсць пры касцёле шпіталь і кім заснаваны?

1. Ялоўскі драўляны парафіяльны касцёл, заснаваны невядома якім з польскіх каралёў, пасля зруйнавання першага [быў] за кошт ялоўскага старасты яснавяльможнага Казіміра Сапегі наноў адбудаваны ў 1747 г. з дрэва пад тытулам святога Міхала Арханёла.

Пры касцёле маецца драўляны шпіталь, заснаваны ў 1844 г. вяльможным ягамосцем, панам Леонам Златніцкім — паручнікам войскаў польскіх4, парафіянінам ялоўскага касцёла.

2. Нараўкаўскі філіяльны касцёл, размешчаны над ракой Нараўкай у трох мілях5 ад ялоўскага парафіяльнага касцёла. Драўляны, на падмурку. Фундаваны ў 1777 г. пад тытулам святога Яна Хрысціцеля святой памяці найяснейшым Станіславам Аўгустам Панятоўскім, каралём польскім.

Якімі валодаў фундушамі6 зямельнымі або ў капіталах ці ануатах7, кім і калі наданымі? Колькі ёсць філіяў, прыналежных да гэтай парафіі, і як [яны] называюцца? Якія былі і ёсць абавязкі парафіяльнага і філіяльнага касцёлу?

Фундушу зямельнага, [якім] валодаў гэты касцёл, і цяпер валодае, агулам зямлі 269 маргоў8, 249 прутоў9.

Ануаты былі наступныя.

1-я завешчаная сума рублёў ср.[эбрам]: сто пяць у 1702 г. ягамосцем ксяндзом Якулоўскім, плябанам ялоўскім адпісаная і заснаваная на фальварку Каласы10 ў Ваўкавыскім павеце абшарнікаў Буткевічаў, укладзеная імі ж у 1840 г. у гарадзенскі Прыказ11.

2-я завешчаная сума рублёў ср.[эбрам]: сто дваццаць у 1736 г. Францішкам Лапатам адпісаная і на Мсцібаўскім12 кагале размешчаная.

3-я завешчаная сума рублёў ср.[эбрам]: шасцьсот яснавяльможным Сапегам, старастам ялоўскім, невядома ў якім годзе была адпісаная, размешчаная на спадчынных ўладаннях яснавяльможнага Тымана [ў] Дзярэчыне13 ў Слонімскім павеце. З тога ўкладання ягамосць ксёндз Міхал Грабавецкі, плябан ялоўскі, [суму] зняў, не адклаў, і [яна] тым парадкам загінула.

4-я сума рублёў ср.[эбрам]: семдзесят пяць тэстаментам Міхала Адамовіча, дзедзіча фальварка Бліскоўшчына14, тым жа [фальваркам] закладзеная.

5-я сума рублёў ср.[эбрам]: пятнаццаць на фальварку Клярынава15 шляхціца Грымянца16 заснаваная.

Усе гэтыя сумы адышлі да скарбу17.

Абавязкі ялоўскага парафіяльнага касцёла: апроч нядзельных і святочных дзён, у якія святая спяваная Імша18 за жывых і памерлых парафіян павінна адпраўляцца, яшчэ ёсць фундышавых святых службаў сто пяцьдзесят дзевяць.

Нараўкаўскі філіяльны касцёл, як відаць з прывілею святой памяці Станіслава Аўгуста, караля польскага, выданага 21 лістапада 1793 г., меў фундушам нададзеную Весь Заблочына19, хат чатыры, а таксама дзесяць валок20 і шэсць маргоў зямлі. Але ў пазнейшым часе ягамосць ксёндз Міхал Карповіч, учыніўшы 6 чэрвеня 1841 г. дамову з вяльможным ягамосцем панам Стэфанам Карчэўскім, паручнікам войск рас.[ейскіх], меў толькі забеспячальнага фундушу рублёў ср.[эбрам]: сто дваццаць, а таксама шэсць шанкоў21 жыта, шэсць шанкоў аўсу, шанок грэчкі і паўшанку гароху.

Абавязкаў жа нараўкаўскага філіяльнага касцёлу, апроч святой спяванай Імшы [адпраўлянай па днях] нядзельных і святочных за парафіян жывых і памерлых, ніякіх іншых няма.

Якія надгробкі ёсць у касцёле або найбольш адметныя на цвінтары? Надпісы [на надгробках] прадставіць у дакладных копіях. Дзе ёсць ці былі крыпты для фундатараў і якія, пазначыць.

Надгробкаў у касцёле і на цвінтары, а таксама крыптаў для фундатараў ніякіх няма. Пры самым нараўкаўскім філіяльным касцёле на цвінтары ёсць шэсць мураваных надгробкаў з цэглы, на якіх, хаця і былі надпісы, але з-за даўнасці яны сцёртыя. Крыптаў для фундатараў таксама ніякіх няма.

Колькі званоў? Якія на іх надпісы? Кім урачыстым абрадам або толькі святой вадой і малітвай асвечаныя і калі нададзеныя касцёлу? Колькі прыкладна важаць пудоў22?

Званоў пры парафіяльным касцёле чатыры, надпісаў на іх няма, і невядома кім [яны] былі асвечаныя. Першы з іх важыць прыкладна пятнаццаць пудоў, другі, меншы — пудоў дзесяць. Абодва нададзеныя касцёлу яснавяльможным Антоніем Лапатам, лідскім лоўчым, 25 сакавіка 1738 г. Трэці і чацвёрты важаць пудоў па пяць, няма ніякіх звестак, кім яны ахвяраваныя Касцёлу.

Званоў пры філіяльным касцёле тры, першы з якіх важыць (паводле інвентара) пудоў дванаццаць. Іншыя два — па шэсць пудоў. Гэтыя званы асвечаныя ягамосцем ксяндзом Францішкам Дуброўскім23, першым пробашчам нараўкаўскім, за кошт якога [і] былі вырабленыя ў 1770 г. Надпісаў на іх няма.

Гістарычныя памяткі, якія згадваюць гэты касцёл ад найдаўнейшых часоў аж да нашых дзён — ці з вусных паданняў, ці з дакументаў, ці ў памяці старых людзей захаваныя сабраць і апісаць.

Гістарычныя памяткі, якія згадваюць гэты касцёл ад найдаўнейшых часоў аж да нашых дзён, такія: што, як выяўляецца [з] вусных паданняў народу, перад гэтым драўляны касцёл быў меншы за цяперашні. А гэткае паданне аб існаванні папярэдняга касцёла пацвярджаюць Акты парафіяльныя хросных метрык, якія пачынаюцца з 1635 г.

Скарбніца альбо закрысція24 якія прадметы вартыя згадкі мае? І, хаця візітамі25 [яны ўжо] адзначаныя, пазначыць тут.

Скарбніца альбо закрысція гэтага касцёлу не мае такіх прадметаў, якія маглі б звярнуць [на сябе] асаблівую ўвагу. У скарбніцы ж нараўкаўскага філіяльнага касцёлу знаходзіцца французскі ядвабны дыван незвычайнай прыгажосці — наўкруг кветкі, а пасярэдзіне персанажы, невядома што азначаючыя. Мае даўжыні восем локцяў26, а шырыні — пяць. Ахвяраваны яснавяльможным Гутоўскім з Варшавы.

Якія фэсты, святы і брацтвы звязаныя з гэтым касцёлам і якімі паўнамоцтвамі?

Фэстаў у гэтым касцёле — два: святога Антонія Падуанскага27 і святога Міхала Арханёла28 як патрона касцёла.

Брацтва да спявання святога Ружанца29 ў касцёле хаця і ёсць, але без ніякага [акрэсленага] паўнамоцтва.

У нараўкаўскім філіяльным касцёле ёсць толькі адзін фэст: святога Яна Хрысціцеля30 як патрона касцёла. Брацтва пры тым касцёле ніякага няма.

Пералічыць касцельнае аздабленне, якое можа звярнуць увагу з прычыны мастацкай ці гістарычнай адметнасці. Пазначыць найбольш выдатных пробашчаў, якія навукай, парадкаваннем касцёла або дабрачыннасцю славіліся.

Касцельнага аздаблення як ялоўскага парафіяльнага касцёла, так і нараўкаўскага філіяльнага касцёла, такога, якое магло б звярнуць [на сябе] ўвагу з прычыны мастацкай ці гістарычнай адметнасці, няма.

Прысяжных пробашчаў такіх, якія б навукай або парадкаваннем касцёла славіліся, як сведчаць касцельныя візіты, не было. Але былі [ў] нядаўнім часе два адміністратары31, а менавіта: вялебны ягамосць ксёндз Антоній Кіткевіч32, былы капелан Свіслацкай гімназіі і разам [з тым] адміністратар ялоўскага касцёла, а цяперашні рэктар Віленскай дыяцэзіяльнай семінарыі, які навукай славіўся і дужа шмат садзейнічаў рамонту ялоўскага касцёла і адбудаванню наноў некаторых гаспадарчых будынкаў. А наступнік ягоны — святой памяці Францішак Каранеўскі33 ордэну Камендулаў34, планы свайго папярэдніка, як што да касцёла, так і [да] будоўлі гаспадарчай, давёў да поўнага ажыццяўлення.

Да чыйго ўладання належыць вёска або мястэчка, дзе знаходзіцца касцёл? Як і калі маёнтак гэты з рук у рукі пераходзіў?

Мястэчка Ялоўка, у якім знаходзіцца парафіяльны касцёл, сягоння скарбовае, але даўней мястэчка з маёнткам той жа назвы і сёламі, да яго прыналежнымі, належалі каралям польскім як сталовыя маёнткі35, якія ўвесь час аддаваліся гэтымі ж каралямі ў 50-гадовае трыманне асобам за ваенныя і грамадзянскія заслугі ў краі36, як то: спачатку Гараінам, потым Сапегам і, урэшце, Булгарынам.

Мястэчка Нараўка, дзе знаходзіцца філіяльны касцёл, сягоння таксама скарбовае, але папярэдне мястэчка з маёнткам той жа назвы і сёламі, да яго прыналежнымі, належалі каралям польскім як сталовыя ўладанні, якія ўвесь час аддаваліся гэтымі ж каралямі ў 50-гадовае трыманне асобам [за] ваенныя і грамадзянскія заслугі ў краі, як то: Бенкінам, а потым Карчэўскім.

Колькасць парафіян абодвух палоў. Знешні выгляд будынка касцёла. Аблічча ваколіцы. Характарыстыка парафіян.

Агульная колькасць парафіян ялоўскага касцёла мужчынскага полу 2 436, жаночага — 2 280. Знешні выгляд парафіяльнага касцёла: даўжыні 45 локцяў, шырыні — 25. Звернуты на поўнач фронтам, на поўдзень галоўным фасадам. Унутры пабелены, звонку наўкруг дошкамі ашаляваны.

Знешні выгляд нараўкаўскага філіяльнага касцёла: мае даўжыні 32 локці, шырыні — 18. Звернуты на поўнач фронтам, на поўдзень жа галоўным фасадам. Унутры ўвесь пафарбаваны, звонку наўкруг дошкамі ашаляваны.

Аблічча ваколіцы — па большай частцы ўзгорыстае і пясчанае; шмат зарасніку і лясоў, прыдатных да будоўлі.

Характарыстыка парафіян ялоўскага касцёла: да касцёла свайго прыхільныя, набожныя і часта на набажэнства ў вялікай колькасці збіраюцца, а таксама прыстойныя, і ў дамах сваіх простыя і гасцінныя.

Гэткія сведчанні, часткова з візітаў касцёла пазычаныя, а часткова з вусных паданняў народу, якія ёсць праўдзівыя і верныя, уласнаручным подпісам сцвярджаю.

Даў у плябаніі 1 снежня 1849 г.
ксёндз Віктар Кулеша, адміністратар ялоўскага касцёла.

Публікацыя паводле: Аўтарскі дакумент
Першапублікацыя: Наша Ніва. – 2017, №5.37