НазадУвага

Увага! Для карэктнай працы старонкі можа спатрэбіцца абнаўленне Вашага браўзера.
Рэкамендуецца выкарыстоўваць Google Chrome, Opera, Mozilla Firefox або Microsoft Edge апошніх версіяў.
Зміцер Кузменка

Крый божа рабіць дурнямі ворагаў...

40 гадоў таму ў віцебскім Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Я. Коласа была пастаўленая трагедыя Уладзіміра Караткевіча "Кастусь Каліноўскі. Смерць і неўміручасць".

На эшафот звычайна выходзяць дзве катэгорыі людзей: кáты і злачынцы.

Дакладней — тыя, каго кáты назавуць злачынцамі.

Для адных — злачынец. Для другіх — герой. Гэты водападзел часта непазбежны. Асабліва ў свеце, дзе злачынцам можна стаць за крытычнае слова ў адрас тырана ці сшытак вершаў на роднай мове. А па абодва бакі водападзелу цячэ будзённае чалавечае жыццё — няспынная барацьба белага і чорнага. І белае ў гэтай барацьбе перамагае далёка не заўсёды.

Сцэна са спектакля "Кастусь Каліноўскі"
Сцэна са спектакля "Кастусь Каліноўскі"

Сцэна — як эшафот.

На далёкім плане — словы "Мужыцкай праўды".

Дэкарацыі ў шэрых колерах.

Што ёсць шэрае? Усяго толькі адценне белага або чорнага? Ці ўзаемнае пранікненне белага і чорнага адно ў адно?

"Настаў час"... "Дасць волю"... Ці пачутыя былі гэтыя словы? Чаму яны такія цьмяныя? Мабыць, пажоўклі ад часу... А можа, гэта яны дагараюць? Грэбліва кінутыя ў агонь старанным імперскім службоўцам... Ці абыякавым беларускім мужыком...

Гістарычная трагедыя "Кастусь Каліноўскі. Смерць і неўміручасць" была напісаная ў 1963 г., да стогадовага юбілею паўстання супраць Расейскай імперыі. Але пастаўлена яна будзе толькі праз 15 гадоў — на сцэне віцебскага тэатра імя Я. Коласа. І стане значнай падзеяй у тэатральным жыцці Беларусі. Тым больш, што ў савецкі час спектаклі на сюжэты нацыянальнай гісторыі можна было літаральна пералічыць па пальцах. Прэм'ера адбылася ўвосень 1978 г. Выпадкова так сталася ці не, але год гэты таксама быў юбілейны: мінала 140-я гадавіна ад нараджэння Каліноўскага.

Малады рэжысёр Валеры Мазынскі ўжо меў досвед працы з гістарычнай драматургіяй. За два гады да гэтага ён ужо паставіў "Званы Віцебска" — яшчэ адзін выбітны твор Уладзіміра Караткевіча.

Караткевічавы п'есы для ўвасаблення на сцэне няпростыя. Крытыкі наракаюць на іх завялікі аб'ём. Гавораць пра празмерную паэтычнасць і рамантызм. Але ў той жа час тут прысутнічае галоўнае — праўда. Аўтар рашуча ўзнімаецца па-над прымітыўнай традыцыяй паказваць "нашых" прыгожымі і разумнымі, а "ворагаў" — агіднымі і дурнымі. Традыцыяй, якая добра нагнала аскому ў літаратуры, тэатры і кінематографе.

"Крый божа рабіць дурнямі ворагаў", — адмыслова заўважае Караткевіч акторам. — "Мураўёў, магчыма, нават разумнейшы за Кастуся. Іначай перамога не далася б яму так параўнаўча лёгка".

Аўтар пісаў свой твор як руну, паданне. І таму прасіў актораў быць стрыманымі ў сваіх ролях. Гледачы мусілі ўбачыць не вострасюжэтную драму, а легенду. Баладу з мінулых часоў, якая б прымусіла іх суцішыцца і задумацца.

Спектакль, натуральна, атрымаўся не пазбаўленым пафасу. Але пафас той не быў гучнагалосай казёншчынай. У пастаноўцы вельмі добра паказвалася супрацьстаянне двух лагераў. Двух светапоглядаў. Палярных пачаткаў чалавечага жыцця. Кожнае з якіх мае сваю логіку, сваю ідэйную структуру і абгрунтаванне.

На адным баку — Кастусь Каліноўскі ў выкананні Уладзіміра Куляшова. На другім — Міхаіл Мураўёў, увасоблены Фёдарам Шмакавым. Гэта ключавыя фігуры пастаноўкі. Менавіта праз іх супрацьборства яскрава высвечваецца вечны канфлікт двух згаданых цывілізацыйных пачаткаў. Волі і Рабства.

Уладзімір Куляшоў (Кастусь Каліноўскі) Фёдар Шмакаў (Міхаіл Мураўёў)
Уладзімір Куляшоў (Кастусь Каліноўскі) Фёдар Шмакаў (Міхаіл Мураўёў)

Каліноўскі робіць свой выбар. Мураўёў той выбар ужо даўно зрабіў. У маладосці ён быў у падобным становішчы. І выбраў сваё. У выніку — цяпер яны па розныя бакі барыкадаў. Амаль у літаральным сэнсе. А на іх фоне — нібы выпісаныя на вялікім палатне рэзкімі мазкамі — акрутная подласць палкоўніка Цапліна, чыстае каханне Караліны Яцыны, класічная sancta simplicitas сялянства. І невядома, хто тут у большай ступені сімвалізуе беларускі народ: бахарэвіцкія мужыкі, гатовыя ў першай карціне ўчыніць самасуд над камандзірам паўстанцаў, ці Нямы Ян, які пасля перажытага не ў стане слова вымавіць у сваю абарону.

Напружанасць і трагізм дзеі выразна падкрэсліваліся музыкай Сяргея Картэса, асобныя фрагменты якой В. Мазынскі пазней скарыстае ў дакументальнай стужцы "Каліноўскі. Апошнія дні".

Музычны фрагмент спектакля

Рэжысёру-пастаноўшчыку ўдалося па-сапраўднаму раскрыць на сцэне адну з гераічных старонак беларускай гісторыі. Спектакль быў прыхільна прыняты гледачамі і крытыкай. У прэсе публікаваліся ўхвальныя водгукі. Неўзабаве пасля прэм'еры выканаўца ролі Каліноўскага атрымаў званне Народнага артыста Беларусі, а Беларускае радыё зрабіла аўдыёверсію спектакля.

Гэта быў несумнеўны поспех.

Пастаноўка В. Мазынскага і цяпер прызнаецца "найбольш арыгінальным увасабленнем вобразу Каліноўскага ў беларускім тэатры"1. З перапынкамі яна ішла на Коласаўскай сцэне каля дзесяці гадоў, паказвалася на гастрольных пляцоўках. У 1986 г. віцебскі "Кастусь Каліноўскі" быў прадстаўлены літоўскай публіцы на фестывалі ў Коўне.

Спектакль сышоў з падмосткаў напярэдадні вялікіх грамадскіх пераменаў, перадаўшы нябачную эстафету новым героям і вобразам. І стаўшы прадвеснікам з'яўлення ўжо ў незалежнай Беларусі цэлай серыі гістарычных пастановак сталічнага Купалаўскага тэатра: "Князя Вітаўта", "Чорнай панны Нясвіжа", "Саламеі".

Публікацыя паводле: Аўтарскі дакумент