Назад

Генрык Масціцкі

Апошні дыктатар Літвы ў 1863 г.

(Да 65-х угодкаў страты)

Акрамя Траўгута1 і Серакоўскага2 постаць апошняга дыктатара Літвы Канстанціна Каліноўскага выступае на сумным фоне адчайнай барацьбы і надчалавечай ахвярнасці Студзеньскага паўстання з асаблівай моцай, выразнасцю і прыцягальнай прывабнасцю, нягледзячы на ўсю неадна­значнасць характару.

Шляхціц па паходжанні, нашчадак той суворай шарачковай мазурскай шляхты, што спрадвеку несла польскую культуру ў першабытныя літоўскія пушчы3, Канстанцін Вінцэнт Каліноўскі нарадзіўся 21 студзеня 1838 г. у Мастаўлянах Ваўкавыскага павета4 ад бацькі Сымона і маці Веранікі з Рыбінскіх. Выхоўваўся Канстанцін разам з чатырма малодшымі братамі і сёстрамі ў сціплых хатніх умовах, пры ткацкай фабрычцы, якой кіравалі бацька і мачыха. Ягоныя дзіцячыя гады прайшлі ў змрочныя часы пераследу, спрычыненага выкрыццём змовы Сымона Канарскага5. Гучнае імя пакутніка за народную справу, яго жахлівая віленская страта, пра якую з трывогай шапталіся шырока па ўсёй Літве, пэўна не аднойчы дасягала вушэй цікаўнага да краёвых справаў маладога хлопца. Можа, абудзіла ў ім прагу помсты. Можа, менавіта Канарскага выбраў сабе ўзорам для для пераймання будучы дыктатар Літвы, у поглядах якога на народную справу мы знаходзім шмат агульнага з поглядамі і памкненнямі Канарскага.

Пасля заканчэння пяці класаў у свіслацкай вучэльні Каліноўскі скіраваўся ў Маскву, а потым у Пецярбург, дзе яго старэйшы брат Віктар быў служачым у публічнай бібліятэцы. Дзякуючы нястомнай працы і здольнасцям, хутка падрыхтаваўся ва ўніверсітэт, здаў уступныя экзамены і, нават атрымаўшы стыпендыю, паступіў на юрыдычны факультэт, які скончыў у 1860 г. са ступенню кандыдата права6. У Пецярбургу Каліноўскі пазнаёміўся з Зыгмунтам Серакоўскім, Авейдэ7 і Яраславам Дамброўскім8, праз якіх увайшоў у кантакт з расейскімі рэвалюцыянерамі. Шмат чытаў, абмяркоўваў, спрачаўся. Добра вывучыў эмігранцкую літаратуру, асабліва найбольш радыкальную. Стаўся перакананым прыхільнікам сацыяльных асноў, абвешчаных Мераслаўскім9 і Ворцэлем10, і развіваных таксама вядомым расейскім пісьменнікам Герцэнам11. Натура гарачлівая, але сумленная, без найменшай крывадушнасці, струменіў з яе дух безумоўнай адданасці народнай справе і свабодзе. Дасканалы канспіратар з прыхільнасцю да дэмагогіі, але ў жыцці даволі наіўны: не разбіраўся ў людзях і лішне ім давяраў. Зацяты праціўнік шляхты, але дысцыплінаваны выканаўца вайсковых распараджэнняў12.

Моцнага целаскладу з суворым, поўным выразнасці і рашучасці тварам. Шатэн. Насіў кароткія, зачасаныя назад валасы. Без вусоў і барады. Апранаўся звычайна з нейкай аскетычнай прастатой і пэўнай неахайнасцю.

Адразу пасля заканчэння вучобы вярнуўся ў родную Літву і кінуўся ў вір тагачасных спраў. Не верыў у паўстанне, на чале якога стане шляхта. Сцвярджаў, што толькі "мужыцкія спіны" могуць узняць Польшчу і Літву, і таму не хацеў належаць ні да адной арганізацыі, кіраванай прадстаўнікамі шляхты. Распачаў уласную агітацыю. Здзяйсняючы пешыя вандроўкі пра краі, начаваў і гасцяваў у сялянскіх хацінах, сеяў там зерне рэвалюцыі, мажліва, нават уладкаваўся на пасаду валаснога пісара. Але, як падаецца, неўзабаве пераканаўся, што адна справа тэорыі, народжаныя ў дыскусіях змоўшчыкаў, а іншая справа — суворая праўда жыцця13. Паходзячы з незаможных колаў блізкіх да простага народа, добра ведаў яго гаротнае становішча і ўсёй душой прагнуў аблегчыць суворую долю беларускіх сялян. Прамаўляў да іх іхняй моваю, простымі словамі, пераконваючы, дакранаючыся да сэрцаў і розуму. Да гэтага ж часу адносіцца яго папулярны вершаваны твор "Гутарка двух суседаў" (датаваны 26 траўня 1862 г.), у якім ён востра паказвае ўціск расійскім урадам сялянствв і заклікае да барацьбы пад лозунгам "Няхай Польска будзе знову"14.

Пераканаўшыся ў складанасці індывідуальнай дзейнасці, зблізіўся з сябрамі тагачаснага Камітэту руху15 на Літве і неўзабаве, пасля аб'яднання гэтай радыкальнай арганізацыі (чырвоных) з памешчыцкай арганізацыяй (белых) у Аддзел кіравання правінцыямі Літвы16, стаўся найбольш дзейсным, а адначасова і найбольш радыкальным яго сябрам. Захоплены федэралі­стычнымі тэорыямі Герцэна, Каліноўскі лічыў, што Літва мусіць разам з Польшчай змагацца за незалежнасць, але ўяўляе сабой асобную частку, зусім незалежную ад Польшчы і звязаную з ёй толькі федэрацыйнымі сувязямі17. Згодна з вышэйзгаданым поглядамі, Каліноўскі быў гарачым праціўнікам падначалення Нацыянальнаму ўраду18, з якім хацеў толькі супрацоўнічаць у сумеснай барацьбе з захопнікамі. З Расеяй якой бы там ні было еднасці, пагаднення ці аб'яднання не прызнаваў. "Сетка, якая ахоплівае нас ва ўсіх класах і злучае з Польшчай", — напіша ён пазней у сваіх адважных паказаннях, разам з тым як бы прыглушаючы сваю сацыяльную прадузятасць, — "мае столькі падстаў у традыцыях і нават прымхах, што разблытванне яе і стварэнне чагосьці новага складае разлічаную на стагоддзі, сістэматычную і разумную працу"19.

У паўстанні Каліноўскі найперш бачыў незалежнасць Літвы, а ўжо потым — сацыяльную рэвалюцыю. Перадусім дамагаўся поўнага надзялення сялян зямлёй. Даводзіў, што ўдзел у паўстанні шляхты і памешчыкаў не толькі не патрэбны, але і шкодны. Народ сам заваюе сабе незалежнасць і запатрабуе ўласнасць ад памешчыкаў20. Непаразуменні, якія ўзнікалі на фоне падобных спрэчак у аддзеле Літвы, аслаблялі яго энергію і стрымлівалі дзейнасць, аднак, не змяншалі імпэту самога Каліноўскага. Як памочнік начальніка г. Вільні А. Аскеркі21, як дзейсны арганізатар у Менску, Гародні і Коўне — паўсюль ён прадэманстраваў надзвычайныя канспіратарскія здольнасці. Не ставала яму толькі ведання людзей. Гарачлівы, рэзкі, ён не любіў пярэчанняў. Памяркоўнасць у саслоўных дачыненнях і пытаннях унутраных гэты напаў-Марат22 уважаў за недахоп патрыятызму. "Да яго мелі падыход лісліўцы самай горшай натуры", — сказаў пра Каліноўскага добра знаёмы з ім Гейштар23. Стаўся ахвярай гэтай жа легкадумнасці, калі ў выніку здрады аднаго з неабачліва выбраных сябраў арганізацыі трапіў у пастку паліцыі.

Каліноўскі быў аўтарам выдаваных у патаемнай друкарні нацыянальнага ўрада беларускіх паўстанцкіх адозваў (надзвычай рэдкіх цяпер), да прыкладу: "Прыказ ад Ронду Польскага над цэлым Краем Літоўскім і Беларускім да Народу зямлі Літоўскай і Беларускай", "Пісьмо ад Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай", у якім, заклікаючы да барацьбы, усклікаў: "Мы жывемо на зямлі польскай… мы палякі з вякоў вечных… хто за рондам польскім, таму праўдзівая вольнасць"24. Выдаваў газетку пад назвай "Мужыцкая праўда" (наколькі мне вядома, выйшла сем нумароў). Каліноўскаму таксама прыпісваецца "Пісьмо з-пад шыбеніцы"25, дзе змяшчаецца яго апошні зварот да беларускага народа, і цікавы адвольны пераклад песні "Jeszcze Polska nie zginęła"26 ("Яшчэ Польшча не прапала, Калі мы жывём, Бо што нам погань забрала, Назад адбяром. Мераслаўскі ў маршы. Мужыкі з панамі. Не глядзі, хто старшы, Выпрам погань самі"27 і г. д.).

Пастаянна гуляючыся з небяспекай, прысутнічаў на кожнай экзекуцыі ў Вільні з пашпартам Вітальда Вітажэнца28, дзейнічаў увесь 1863 год. І пасля сыходу, эмігравання, арышту або пакарання смерцю астатніх быў, урэшце, адзіным прадстаўніком цэнтральнай паўстанцкай улады на Літве. Расейцы называлі яго дыктатарам Літвы, і ён сапраўды быў маральным дыктатарам сярод тых, хто не губляў яшчэ веры ў поспех народнай справы.

Каліноўскі быў схоплены толькі ў студзені 1864 г. праз паказанні, дадзеныя ў Менску нейкім Вітальдам Парафіяновічам29. Сцвярджалася, што Каліноўскі жыў у Святаянскіх мурах, але не было вядома, у якім дакладна месцы. А паколькі забудова касцёла св. Яна займае шырокую прастору, то былі накіраваныя дзве роты пяхоты, якія разам з паліцыяй атачылі ўвесь квартал. Два месяцы ішло следства пад кіраўніцтвам генерала Сабалеўскага30. У паказаннях Каліноўскі не хаваў пагарды да нягоднага ўрада і прадказваў, што "агітатары, збіраныя з усіх краёў Расеі нічога ў нас не зробяць у справе аб'яднання (з Расеяй), падмануць толькі сабе і ўрад, а мэты не дасягнуць, давядуць адно край да новых ахвяраў, да новых народных бедстваў… Слова Расіі не знойдзе водгуку ў сэрцах літоўцаў". У сваіх учынках прызнаваўся адкрыта, але не выдаў нікога. Камісія неаднакроць заклікала яго да праўдзівых прызнанняў, аднак, Каліноўскі рашуча адказваў, што "назваць сваіх паплечнікаў не можа, уважаючы гэткі ўчынак за шпіёнскі і супярэчлівы яго перакананням"31.

Палявы суд пад старшынствам палкоўніка Глейнінга32 засудзіў Каліноўскага на смерць праз расстралянне. Мураўёў на прысудзе напісаў: "Згодны, але пазбавіць жыцця ("казнить") праз павешанне". З прычыны гэткай рэзалюцыі "Вешальніка" 10 сакавіка 1864 г. быў выдадзены новы прысуд, які асуджаў Каліноўскага на павешанне33. Выкананне яго адбылося 22 сакавіка34, а палове на адзінаццатую раніцы на Лукішскім гандлёвым пляцы.

"Гэта была ясная і халодная раніца", — піша расеец Масалоў35, відавочца экзекуцыі. — "Каліноўскі ішоў на смерць адважна і, стаўшы на месцы страты, павярнуўся тварам да шыбеніцы, і толькі час ад часу кідаў позіркі ва ўсхваляваны натоўп. Чытанне прысуду слухаў уважліва і часам рабіў свае заўвагі. Гэтак, калі яго назвалі "шляхціцам", усклікнуў: "Шляхты няма, мы ўсе роўныя". Паміраў з усёй рашучасцю і спакойнай душой".

"Незвычайнай стойкасці і асабістай ахвярнасці, быў найцудоўнейшым, найчысцейшым прыкладам выдатнага канспіратара. Гэты чалавек адзін быў варты сотні. Бо ўмеў працаваць, хавацца і ахвяраваць сабой. Тэорыі ягоныя часам залішне кідкія і непрактычныя. Скрыўленая, рэзкая логіка. Але была ў ім вялікая моц і сіла пачуцця…" — такое сведчанне пакінуў пра Каліноўскага яго перакананы праціўнік Якуб Гейштар.

Найпершы будзіцель народнай сілы з духу Канарскага. І апошні, хто стаў ахвярай тэрору "Вешальніка" ў імя народнай справы і вольнасці!

Пераклад з польскай.

Ад перакладчыка

Генрык Станіслаў Масціцкі (1881–1952) — польскі гісторык, прафесар Варшаўскага і Ягелонскага ўніверсітэтаў, сябра Польскай акадэміі ведаў. Сфера навуковага інтарэсу — гісторыя Польшчы ў XIX ст., ўзаемадачыненні паміж уласна польскімі тэрыторыямі і тэрыторыямі былога Вялікага княства Літоўскага. Акрамя асноўных сваіх прац "Гісторыя Літвы і Русі пасля падзелаў", "Генерал Ясінскі і касцюшкаўскае паўстанне" etc, стаўся аўтарам шэрагу біяграфій гістарычных дзеячаў, у тым ліку, Ю. Выбіцкага, Т. Касцюшкі, С. Канарскага. Артыкул, прысвечаны К. Каліноўскаму быў надрукаваны ў "Варшаўскім кур'еры" ад 17 сакавіка 1929 г. і прымеркаваны да 65-х угодкаў яго страты на Лукішскай плошчы ў Вільні. З пункту гледжання факталагічнага матэрыялу тэкст не нясе вялікіх навуковых адкрыццяў, паколькі большай часткай з'яўляецца механічнай кампіляцыяй сведчанняў Я. Гейштара, А. Масалова, В. Прыбароўскага, добра вядомых сучаснаму даследчыку. Аднак ён адметны поглядам на асобу кіраўніка беларуска-літоўскіх паўстанцаў з боку польскага інтэлігента перыяду санацыі. А таксама спробай прыпісаць К. Каліноўскаму аўтарства беларускамоўнай версіі польскага нацыянальнага гімна. Артыкул публікуецца ў перакладзе на беларускую з неабходнымі заўвагамі і каментарамі.

Зміцер Кузменка.

Публікацыя паводле: Kurjer Warszawski. – 1929, №75.