Год 1863. Смяротныя прысуды
Раздзел 2. Аб рукапісе
§12.
Апісанне рукапісу "Спіс палітычных злачынцаў..."* і яго паходжанне.
Рукапіс налічвае 39 аркушаў канцылярскага фармату (памерамі 35,5х20,5 см.), старонак, спісаных поўнасцю ці часткова, налічваецца 38 — не пераплецены і не пазначаны ніякімі лічбамі або подпісамі; стварае ўражанне чарнавіка, зважаючы як на горшы гатунак паперы*, выкарыстаны для гэтага дакумента*, так і на вялікую колькасць дапаўненняў у ім, а таксама яўна праведзеную праўку.
Усе 38 старонак рукапісу, усе графы, былі спачатку напісаны адным почыркам, не выключаючы нават апошняй графы: "Калі і дзе выкананы смяротны прысуд, праз павешанне ці расстрэл". Да гэтае графы пазнейшы папраўшчык дадаў словы: "і за што менавіта", а затым пад адказам на першае пытанне (калі, дзе і якім спосабам страчаны) прыпісваў звесткі па дададзеным ім пытанні (за што менавіта).
Параўнаўшы даслоўны змест згаданых дапісак з тым, што знаходзім у Алфавіце №198 пад назвай "Палявы аўдытарыят за 1863 г." у графе "злачынства"*, можна пераканацца, што інфармацыя, якую падаюць абедзве гэтыя крыніцы, — ідэнтычная, і нават сфармулявана аднымі і тымі словамі.
Сугучная інфармацыя гэтых двух дакументаў мела агульную крыніцу — акты ваенных судоў і следчых камісіяў, што выносілі прысуды*.
Пры далейшым параўнанні дзвюх вышэйзгаданых крыніц са зместам "Журнала" Часовага Палявога Аўдытарыята, мы пераканаліся, што першапачатковай крыніцай, з якой непасрэдна або ўскосна (праз Алфавіт №198) чэрпаў звесткі рэдактар рукапісу, былі акты Палявога Аўдытарыята.
У сувязі з гэтым з'явілася меркаванне, што не толькі рэдактар, але і першастваральнік рукапісу мог мець нейкае дачыненне да канцылярыі ваенных судоў, мог быць канцылярыстам, пісарам пры штабе войскаў віленскай ваеннай акругі ў судовым аддзеле або ў канцылярыі палявога аўдытарыята.
Звярнуўшы пільную ўвагу на некаторыя характэрныя асаблівасці і даволі індывідуальны спосаб напісання аўтарам рукапісу асобных літараў, мы знайшлі, найперш, у Журнале палявога аўдытарыята цэлыя старонкі, а потым, у алфавітах* палявога аўдытарыята №№187, 188 і 222 з часу 1863–1866 гг., — цэлыя групы прозвішчаў, напісаныя, несумнеўна, той самой рукой, што і асноўная частка рукапісу "Списка политическим преступникам..."; той самай рукой напісаны таксама некаторыя справаздачы палявога аўдытарыята, падпісаныя іншым почыркам аўдытара і справаводцы.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што аўтар рукапісу быў канцылярыстам палявога аўдытарыята, а сам рукапіс — гэта кампіляцыя, зробленая ў справаздачных мэтах са службовых папераў палявога аўдытарыята*.
§13.
Прыватныя спісы страчаных за ўдзел у паўстанні
Складанне спіса з прозвішчамі асоб, страчаных на Літве за ўдзел у паўстанні, без грубых памылак — было рызыкоўным, пакуль не адкрыўся дзяржаўны архіў у Вільні.
Можна было складаць вельмі сумнеўнай вартасці спісы на аснове вусных расповедаў, перапіскі і ўспамінаў, у той час, калі з урадавых матэрыялаў былі даступныя толькі падшыўкі афіцыйных газет: "Кур'ера Віленскага" і "Рускага Інваліда"*, а акрамя іх — знойдзеныя ў асобных калекцыях афіцыйныя зводкі з пералікам асоб, у якіх за ўдзел у паўстанні была канфіскавана маёмасць.
Адзін з ветэранаў 1863 г. Стэфан Акуліч каля 1910 г. (пад уражаннем наведвання Львова, Лычакаўскага цвінтара28 з магіламі паўстанцаў і мемарыяльнай дошкай, на якой напісаныя імёны павешаных, расстраляных і загінуўшых інсургентаў) вельмі дбайна заняўся зборам [звестак] і складаннем спіса асобаў, страчаных у Вільні і б. віленскай ваеннай акрузе падчас паўстання 1863 г.
Спіс з 93 страчаных і палеглых, прозвішчы якіх змешчаны на мемарыяльнай дошцы ў Львове пад штандарам харунжага зямлі віцебскай Сымона Візунаса Шыдлоўскага29, аўтар "Аркушаў з вандроўкі" (с. 71–72) дапоўніў на падставе атрыманых з краю звестак наступным чынам:
"У Вільні акрамя вышэйпамянёных* было страчана 37 асоб30, а менавіта:
Адамовіч Ігнат, Александровіч Францішак, Апановіч Францішак, Бянькоўскі Ян, Чаплінскі Эдвард, Чахановіч Якуб, Фляркоўскі, Гейняровіч, Яблонскі Юзаф, Янчэўскі, Карповіч Геркулян, Галышка Баляслаў, Лясковіч Войцех, Ласінкевіч Вінцэнт, Мацкевіч Пётр, Макавецкі Генрык, Малеўскі Ўладзіслаў, Марчэўскі Ян, Мікалай Уладзіслаў, Раўкоўскі Юзаф, Раўкоўскі Аляксандр, Рычук Казімір, Сіповіч Караль, Станевіч Эдвард, Станішэўскі Міхал, Сычук Казімір, Здановіч Ігнат, Зямацкі Райманд.
У правінцыі — 100 чалавек31, гэта наступныя:
Бараноўскі Юзаф, Белазор Вінцэнт, Багдановіч Паўлін, Бразуліс Казімір, Будзіловіч Ігнат, Бугень Бенядзікт, Харэвіч Эдвард, Холем Тэлесфор, Цюхна Матэуш, Гаргас Антоній, Гілеўскі Антоній, Гансеццы, Цюндзявіцкі Міхал, Цынгер, Чэрвінскі Павел, Чыжэўскі Антоній, Даманскі Нікадзім, Даўнаровіч (селянін), Грыневіч Тамаш, Ёзафат (садоўнік з Багушэвічаў), Ёх Людвік, Юшкевіч Фелікс, Качкоўскі Тэафіл, Кабылінскі, Канопка Ян, Карэва Клет, Корсак, Карыцкі, Казакоўскі, Купрыянка, Квяткоўскі Яўстах, Ляскоўскі Міхал, Людгайла Браніслаў, Ласінскі Вінцэнт, Мацэвіч, Мачкевіч, Масальскі Казімір, Малушэвіч Казімір, Мічкевіч Юльян, Мілашэўскі Сымон, Міцэвіч, Няшокас, Нарэйка Ісідар, Навакоўскі, Алендскі Антоній, Аскерка Міхал, Акуліч, Асвяцімскі Вінцэнт, Пашкоўскі, Паўловіч Багуслаў, Паўлоўскі, Пежа Дамінік, гр. Плятэр Леон, Пранайціс Ежы, Праневіч Зыгмунт, Пугачэўскі Канстанцін, Пуслоўскі Адам, Рачкоўскі Тэафіл, Радзянткоўскі Фелікс, Раеўскі, Рагоўскі Ян, Разянтоўскі, Розга Ігнат, Саламон Аўгуст, кс. Сямашка, Сілевіч Уладзіслаў, Сівецкі Іпаліт, Снацкі Адрыян, Солуб Аляксандр, Сташыц Юзаф, Святарэцкі (Свентаржэцкі) Ян, Шаблевіч Дамазій, Шумгайла Канстанцін, Таўловіч, Талінскі Дамінік, Тыльчэўскі, Ундрэвіч Юстын, Валінскі Ян, Вашкевіч Тамаш, Верблюгевіч Альбін, Вількевіч Марцэль, Вайтулевіч Андрэй, Валодзька Геліядор, Урублеўскі Ігнат, Захарчук, Запаснік, Завадскі, Завістоўскі, Зельміс, Жыбарс, Жаброўскі Канстанцін, Жыцкі Антоній".
Дастаткова пераправерыць гэтыя прозвішчы з дапамогай рукапісу "Списка политическим преступникам...", каб пераканацца ў наяўнасці тут вялікае колькасці памылак. Пры дапамозе таго ж рукапісу нескладана высветліць, што шмат паўстанцаў, нібыта страчаных у Вільні, былі расстраляны або павешаны ў правінцыі: Ашмянах, Гальшанах, Смаргоні, Вількаміры etc., а вялікая колькасць прозвішчаў перакручана. Напрыклад, побач з Казімірам Сычуком упісаны Казімір Рычук — несумнеўна, той жа самы Сычук; Ласінкевіч Вінцэнт — гэта, напэўна, Вінцэнт Ласінскі; Мацэвіч і Мачкевіч — гэта, верагодна, Ян і Міхал Манцэвічы, а Тыльчэўскі, Таўловіч, Фляркоўскі, Гейняровіч — напэўна, скажоныя Цяльшэўскі, Таўтовіч, Фалькоўскі, Даўнаровіч...
На палях паасобніка сваёй працы, ахвяраванага Таварыству Сяброў Навук у Вільні, аўтар "Аркушаў з вандроўкі" ўласнаручна дапісаў прозвішчы: А. Казакевіч, Пшэмыслаў Колб, Я. Лабаноўскі, кс. Ішора*, а таксама Мінота, Бачэліс*, Усас*.
Спіс страчаных у той форме, у якой ён быў надрукаваны годным ветэранам св. п. Стэфанам Акулічам, не мае навуковае вартасці і з'яўляецца доказам таго, што само стварэнне гэткага спіса без доступу да архіваў было ўтопіяй.
Большую за цяжкую працу Стэфана Акуліча вартасць для ўстанаўлення прозвішчаў страчаных мае апублікаваны др. Ул. Загорскім фрагментарны перадрук у перакладзе на польскую мову афіцыйнага выдання п. н. "Алфавитный список политическим преступникам, лишенным по суду прав состояния, имущества коих подлежат конфискации в казну, по 1 октября 1864 года"* з выбаркай прозвішчаў страчаных.
Гэтая крыніца, апублікаваная др. Загорскім упершыню ў артыкуле "Крывавыя лічбы"*, не была ім выпраўлена, што мы і робім, пры выпадку зазначаючы, што ўсе расейскія афіцыйныя справаздачы патрабуюць уважлівай карэктуры, бо амаль нідзе не пазбаўленыя ад памылак, часам вялікіх, але найчасцей, як у дадзеным выпадку, — дробных, што паходзяць ад няўважлівасці. Спіс д-ра Загорскага налічвае 82 прозвішчы, але два з іх — Буйкі і Талвінскага — патрапілі ў "крывавыя лічбы" памылкова, і яшчэ два — паўтараюцца двойчы.
Той жа Станіслаў Казакоўскі, сын Караля, адстаўны падпаручнік артылерыі, што пражываў у бацькавым маёнтку Кураны Вількамірскага павета, фігуруе ў спісе два разы: як абывацель Вількамірскага павета і як адстаўны падпаручнік Вількамірскага павета; Чэрвінскі Павел пададзены двойчы — як Павел і Браніслаў; Дарманоўскі атрымаў памылкова імя Венчыслаў замест уласнага Мечыслаў; і, нарэшце, дробная карэктарская памылка, паўтораная д-рам Загорскім следам за расейскім выданнем — замена прозвішча Завістоўскага на "Заветоўскі". Памылку расейскага тэксту ў прозвішчы Духлоўскі д-р Загорскі слушна выправіў на Духноўскі, а ўжо пасля надрукавання свайго артыкула таксама адпаведным чынам выправіў прозвішча Пралевіч на Праневіч. Таксама прозвішча Харэвіч, пададзенае ў спісе праз "о", і па-рознаму пісанае ў расейскіх афіцыйных дакументах, павінна, здаецца, пісацца праз "а"32.
Нягледзячы на гэтыя хібы ў працы д-ра Загорскага і памылкі, паўтораныя следам за расейскім афіцыйным выданнем, трэба прызнаць, што шлях, якім хацеў кіравацца д-р Загорскі, але не змог пайсці досыць далёка з прычыны недаступнасці архіваў, — звяртанне да урадавых дакументаў — даў хаця і менш эфектныя вынікі (менш прозвішчаў!), але быў больш блізкім да мэты, чым вельмі сумнеўныя і з запалам праведзеныя ветэранамі і сучаснікамі падзеяў 1863 г. апытанні пра страчаных асобаў.
§14.
Каштоўнасць "Списка политическим преступникам…" у параўнанні з іншымі крыніцамі
Усвядоміўшы, што адзіны пэўны шлях да складання спіса страчаных на Літве за ўдзел у паўстанні 1863 г. абапіраецца на афіцыйных дакументах і правядзенні пошукаў у Дзяржаўным Архіве ў Вільні, мы ў першую чаргу заняліся супастаўленнем і параўнаннем прозвішчаў у "Списке политическим преступникам…"* са згаданым у папярэднім параграфе алфавітным спісам і аналагічным выданнем з такой самай назвай, толькі з выняткам першага слова Алфавитный*.
Назавём алфавітны спіс літарай А, а той другі — літарай B.
B33 складаецца з васемнаццаці ў розныя часы (1863–1864) выданых спісаў*, кожны з якіх мае ад некалькіх да дзесяткаў друкаваных старонак, а ў суме іх налічваецца 94.
Пасля пошуку ў A і B прозвішчаў асуджаных на смерць і страчаных мы пераконваемся, што ў A знаходзяцца некалькі прозвішчаў, якіх няма ў B і наадварот.
Гэтыя адрозненні паказваюць, што спісы A і B не зусім супадаюць, але тое не мае значэння для вызначэння магчымых хібаў у пераліку прозвішчаў "Списка политическим преступникам…", бо ў ім, як аказалася, не было прапушчана ні адно прозвішча* асоб, якія былі страчаны на тэрыторыі віленскай ваеннай акругі, згаданае ў спісах A і B.
Заслугоўвае ўвагі тое, што пералік страчаных паводле "Списка политическим преступникам…" складае 180 чалавек, у той час як у A і B. ледзьве можна знайсці каля 80 страчаных*.
Звернемся цяпер да ўрадавых паведамленняў пра смяротныя выракі, апублікаваных у афіцыйным раздзеле органа віленскай адміністрацыі "Кур'ер Віленскі".
Прагледзеўшы гадавыя падшыўкі гэтае газеты перыяду 1863–1865 гг. мы пераканаліся, што друкаваныя там паведамленні аб выкананых смяротных прысудах часам давалі недастаткова дакладныя звесткі (у параўнанні з тымі, якія можна знайсці ў дакументах Дзяржаўнага Архіва*) і не пра кожны выпадак.
За выключэннем некалькіх прозвішчаў, пададзеных у абвестцы "Кур'ера Віленскага"*, мы не знайшлі больш нікога з людзей, страчаных у т. зв. Заходніх губернях і губерні Аўгустоўскай, пра якіх бы не было звестак у "Списке политическим преступникам…".
"Список политическим преступникам…", на падставе вышэйсказанага можна, здаецца, лічыць важнай і амаль поўнай крыніцай, датычнай да пераліку асобаў, павешаных ці расстраляных на тэрыторыі б. віленскай ваеннай акругі. Для таго, каб сфарміраваць канчатковае меркаванне аб гэтым рукапісе, патрэбны дэталёвы аналіз, звязаны з грунтоўным азнаямленнем з адпаведнымі справамі дзяржаўнага архіва (з часоў паўстання аж да канца 1865 г.), а менавіта: фондамі генерал-губернатара, ваенных губернатараў, начальнікаў і актамі палявога аўдытарыята*.
Пасля дбайнага і, наколькі толькі нам дазваляюць пакінутыя падчас эвакуацыі архіўныя матэрыялы, грунтоўнага аналізу ўсіх пададзеных у "Списке политическим преступникам…" звестак, мы ў гэтым выданні прыводзім пералік страчаных у 1863–1865 гг. палітычных злачынцаў, настолькі поўны, наколькі тое магчыма ў сённяшніх умовах.
§15.
Даступнасць "Списка политическим преступникам…" на мове арыгінала
Рэдакцыя не сумняваецца, што ў нармальных варунках рукапіс належала б перадрукаваць на мове арыгінала, у дадзеным выпадку — расейскай, і што пераклад ніколі не заменіць арыгінальнага тэксту. Але з-за празмерна адрозных коштаў на друк і непрапарцыянальна малой, налічваючай нават не дзесяткі, а адзінкі, колькасці навукоўцаў, што займаюцца гісторыяй паўстання 1863 г., мы вырашылі замест надрукавання арыгінала "Списка политическим преступникам…" падрыхтаваць дзве настолькі дакладныя копіі рукапісу, наколькі тое можна зрабіць з дапамогай друку, і перадаём адну з іх у зборы Акадэміі Мастацтва, а другую — у віленскі Дзяржаўны Архіў з папярэджаннем, што копія можа і павінна перадавацца ў часовае карыстанне універсітэцкім бібліятэкам і дзяржаўным архівам па жаданню навукоўцаў.
§16.
Польскі пераклад "Списка политическим преступникам…"
Расейскі рукапіс, створаны ў канцылярыі ва ўмовах жандарскай атмасферы расейскага ваенна-палявога суда (Палявога Аўдытарыята), не прыдатны для даслоўнага перакладу на польскую мову з прычыны сваёй спецыфікі: стылю, тону і псіхалагічнага настрою аўтараў, іх палярна адрозных ад нашых адносінаў да паўстанцаў, якіх яны называлі злачынцамі і бандытамі.
Мы імкнуліся здзейсніць пераклад максімальна дакладным, блізкім да арыгінала, што звязана з небяспекай ужывання не толькі ідэалагічных, але і стылістычных русізмаў. Аднак мы нідзе не дазволілі сабе вольнага перакладу, за выключэннем толькі замены стэрэатыпных выразаў "бунтоўная банда" ("шайка мяцежнікаў") на "паўстанцкі атрад". Пра гэтае мы ў кожным выпадку нагадваем, каб чытач мог пры патрэбе скарэктаваць гэтую адзіную вольнасць перакладу34.
Аб усіх сумнеўных выпадках, звязаных з перакладам, а таксама ўнутраных асаблівасцях рукапісу, чытач знойдзе звесткі ў заўвагах.