Год 1863. Смяротныя прысуды
Ад перакладчыка
Шаноўны чытач!
Прапануем Вашай увазе беларускую інтэрнэт-версію кнігі "Rok 1863. Wyroki śmierci". Яна выйшла пад рэдакцыяй Вацлава Студніцкага ў Вільні ў 1923 г. і, зразумела, даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Разам з тым яна мае для нас немалую каштоўнасць, бо менавіта ў ёй быў апублікаваны так званы "Спіс палітычных злачынцаў", дзе ўтрымліваюцца імёны асоб, страчаных на беларуска-летувіскіх землях за ўдзел у паўстанні 1863–64 гг.
Створаны ў атмасферы жорсткіх мураўёўскіх рэпрэсій, "Спіс палітычных злачынцаў", натуральна, нясе на сабе адбітак эпохі, адлюстраванне настрояў тагачасных расейскіх службоўцаў. Паўстанцкія атрады называюцца ў ім не іначай як "бандамі" або "шайкамі", а самі інсургенты — амаль выключна "мяцежнікамі". І часта абвінавачваюцца (паводле матэрыялаў судова-следчых спраў) у цяжкіх злачынствах: грабяжах, разбоях, забойствах... Наколькі справядлівымі былі расейскія следчыя і суддзі ў дачыненні да паўстанцаў, і колькі інсургентаў былі рэальна вінаватымі ў злачынствах супраць мірнага насельніцтва — гэта асобная тэма для грунтоўнага і аб'ектыўнага даследавання. Зазначым толькі, што ўжо В. Студніцкі у сваіх заўвагах, грунтуючыся за рэдкім выключэннем толькі на матэрыялах віленскага архіва, паставіў пад сумненне ці наогул абверг справядлівасць шэрага абвінавачанняў.
Зразумела, у ідэале варта было б ажыццявіць рэпублікацыю самога "Спіса палітычных злачынцаў" (пажадана, на мове арыгінала) з адпаведнымі беларускімі каментарамі. Але з прычыны цяжкасці доступу да летувіскіх архіваў мы вырашылі менавіта перакласці на беларускую мову кнігу "Rok 1863. Wyroki śmierci". Зразумела, у дачыненні да "Спіса..." гэта ўжо падвойны пераклад: спярша з расейскай на польскую, а потым з польскай на беларускую, што, безумоўна, не надае перакладу дакладнасці і стварае пагрозу скажэння першапачатковага тэксту крыніцы. Аднак з увагі на сухі, афіцыйна-канцылярскі стыль арыгінала можна меркаваць, што колькасць такіх скажэнняў будзе мінімальнай, і яны не будуць значнымі.
Структурна "Rok 1863. Wyroki śmierci" складаецца з некалькіх частак (падрабязна пра гэтае — ва ўступным слове ад рэдакцыі выдання). Непасрэднай публікацыі рукапісу "Спіса палітычных злачынцаў" там папярэднічаюць два раздзелы, дзе падаюцца, па-першае, даволі разгорнутыя "дакументальныя каментары", якія адлюстроўваюць агульную карціну дзейнасці расейскіх карных органаў часоў паўстання, і, па-другое, апісанне і некаторыя характарыстыкі самога Рукапісу. Акрамя таго, непасрэдна пасля апублікаванага "Спіса палітычных злачынцаў" рэдактар выдання Вацлаў Студніцкі змясціў дадатковыя звесткі амаль на кожнага згаданага ў тым дакуменце чалавека. Там жа фіксаваліся і некаторыя асаблівасці Рукапісу (змена почыркаў, закрэсліванні etc.).
У рэдактарскім тэксце раз-пораз праяўляецца і грамадзянская пазіцыя В. Студніцкага.
Будучы даволі вядомым у Вільні дзеячам (гісторыкам, архівістам, выдаўцом), Вацлаў Студніцкі (Гізберт-Студніцкі) актыўна ўдзельнічаў у жыцці віленскай польскай супольнасці. Відавочна, яму не былі чужыя ідэі польскага нацыяналізму. Вельмі яскрава гэта выяўляецца, калі Студніцкі гаворыць пра "крэсы", саступленыя Расеі, і тэрыторыі, што апынуліся пад летувіскім і латышскім панаваннем. Паўстанцаў ён атаясамлівае выключна з палякамі, ігнаруючы беларуска-летувіскі складнік руху. Характэрна таксама даволі скептычнае стаўленне Студніцкага да вызначэння мовы "Мужыцкай праўды" як беларускай.
Аднак у цэлым праца Студніцкага заслугоўвае высокай адзнакі, гэтае пацвярджаецца і тым, што яна не згубіла навуковае вартасці да сённяшніх дзён.
Рыхтуючы беларускую версію, мы (у дачыненні да "Спіса палітычных злачынцаў") стараліся, наколькі тое магчыма пры перакладзе з перакладу, перадаць стылістыку і дух арыгінала. Гэтак, мы вярнулі ў тэкст "шайки" або "банды мятежников", спрэс замененыя Вацлавам Студніцкім на "oddziały powstańczy". У той жа час пераклад на беларускую мову і падрыхтоўка інтэрнэт-версіі выдання абумовілі некаторыя змены ў структуры тэксту. Размяшчэнне і валавая нумарацыя запісаў "Спіса палітычных злачынцаў" зроблены намі ў адпаведнасці з беларускім алфавітам, і таму не супадаюць з размяшчэннем і нумарацыяй В. Студніцкага.
Польскія розначытанні ў прозвішчах, якія не маюць значэння паводле беларускага правапісу, намі ў заўвагах не фіксаваліся. Напрыклад, Staszys ці Staszis па-беларуску адназначна падаецца як Сташыс, а Chorewicz ці Charewicz — адназначна як Харэвіч.
Рэдактарскія заўвагі Вацлава Студніцкага ў тэксце пазначаны зорачкамі, а заўвагі перакладчыка — лічбамі.
Пераход да заўваг, дадатковай інфармацыі, роўна як і карыстанне навукова-даведачным апаратам выдання падтрымліваецца праз сістэму гіперспасылак.
Кузменка Зміцер.