Назад

Год 1863. Смяротныя прысуды

Уступнае слова ад рэдакцыі публікацыі "Крыніц"

§1.

Гэтая кніга ў шэрагу дакументальных выданняў па гісторыі паўстання 1863-1864 гг. на Літве (ужываем яе паводле даўняй тэрміналогіі1) з'яўляецца храналагічна першай польскай публікацыяй*), якая грунтуецца на расейскіх архіўных крыніцах, вылучаных з віленскіх архіваў, што толькі нядаўна сталіся даступнымі для польскай навукі*.

Дзяржаўныя архівы Вільні, нягледзячы на іх збядненне падчас расейскай эвакуацыі 1915 г., утрымліваюць скарбы па гісторыі польскіх паўстанняў і іншых падзеяў на тэрыторыі былога віленскага генерал-губернатарства пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.

Адкладаючы на недалёкую будучыню апублікаванне спецыяльнай працы аб віленскіх архіваліях часоў расейскага панавання*, мы абмяжуемся сёння выданнем з адпаведнымі каментарамі дакумента пад назвай "Спіс палітычных злачынцаў (список политическим преступникам…), страчаных у губернях віленскай, ковенскай, гарадзенскай, менскай, віцебскай, магілёўскай ад часу выбуху на Літве паўстання (мятежа) да 1 кастрычніка (ст. ст.) 1864 г.

Большая частка каментараў складаецца з дакументаў: законаў, распараджэнняў, рэскрыптаў, цыркуляраў і інструкцыяў расейскіх цэнтральных і мясцовых уладаў па справах ваеннага палажэння, а таксама узаканенняў розных уладаў па пытаннях, так або іначай звязаных з вынясеннем і выкананнем смяротных прысудаў. За выняткам некалькіх, надрукаваных у Поўным Зборы Законаў, амаль усе дакументы былі аднесены расейскім урадам да катэгорыі сакрэтных і таму невядомыя шырокай грамадскасці. Такога роду дакументальныя каментары падаюцца намі ў 1-м раздзеле (уводзінах). 2-і раздзел утрымлівае некаторыя падрабязнасці аб вышэйзгаданым "Спісе палітычных злачынцаў", які, уласна, уяўляе сабой раздзел 3-і. Пасля публікацыі Рукапіса месцяцца некаторыя звесткі пра асуджаных, пераважна біяграфічнага плану, адшуканыя ў дакументах2. Яны грунтуюцца выключна на афіцыйных крыніцах (Дзярж. Архіва ў Вільні, пераважна актаў аўдытарыята і штаба) і маюць на мэце адначасова падаць усе найважнейшыя асаблівасці рукапісу і ўдакладніць тэкст рукапісу праз дадаванне звестак, якіх бракуе ў 2-й графе: узросту, адукацыі ды іншых біяграфічных падрабязнасцей (наколькі яны знойдуцца ў дакументах справы), датычных страчаных асобаў, і толькі ў выключных выпадках — іншых акалічнасцей. Увесь ход следства і судовага разбіральніцтва, а таксама вынікаючыя з дакументаў падрабязнасці, датычныя арганізацыі і дзеянняў вайскоўцаў, тут цалкам апускаюцца з той прычыны, што гэта — толькі першы выпуск віленскіх архіўных першакрыніц. Далей падаюцца храналагічныя і тапаграфічныя паказальнікі страчаных асоб і мясцовасцей, дзе адбываліся страты. Дэталёва смяротныя прысуды, а таксама матэрыялы судовых разбіральніцтваў не прыводзяцца. Мы абмежаваліся толькі ўказаннем нумароў і спраў, пад якімі неабходны дакумент можна лёгка адшукаць у віленскім дзяржаўным архіве.

УВАГА! Пры транскрыбаванні расейскага алфавіту на лацінскі мы паўсюдна замяняем расейскае "е" лацінскай літарай "e" (не так, як тое найчасцей распаўсюджана ў польскіх выданнях, калі кірылічнае "е" транскрыбуецца як "ie"); расейскае " ѣ " паўсюль перадаецца намі праз "ie".