Назад

1863 год на Меншчыне

№16. Цэнтральны Камітэт як Часовы Нацыянальны Ўрад

Нягодны захопніцкі ўрад, раз'юшаны супрацівам катаванай ім ахвяры, вырашыў нанесці ёй вырашальны ўдар — схапіць [Арк. 32] некалькі дзясяткаў тысяч найбольш мужных, адданых яе абаронцаў, апрануць у ненавісны маскоўскі мундзір і гнаць тысячы міль на вечнае гора і пагібель. Польшча не хоча і не можа бязвольна скарыцца гэтаму бессаромнаму гвалту пад пагрозай пакарання ганьбай ад нашчадкаў, яна павінна аказваць энергічны супраціў. Атрады змагарнай моладзі, самаахвярнай моладзі, натхнёныя гарачай любоўю да айчыны, непахіснай верай у справядлівасць і Божую дапамогу, пакляліся зрынуць праклятае ярмо або загінуць. Таму за ёй, Польскі Народ, за ёй! Пасля жахлівай ганьбы няволі, пасля неймаверных пакутаў прыгнёту Цэнтральны Нацыянальны Камітэт, адзіны цяпер законны Твой Народны Ўрад, кліча Цябе на поле ўжо апошняй бітвы, на поле славы і перамогі, якую Табе дае і імем Бога на Небе даць клянецца, бо ведае, што Ты, які ўчора быў пакаян­нікам і мсціўцам, заўтра мусіш быць, і будзеш героем і волатам. Так, ты волю Тваю, незалежнасць Тваю здабудзеш веліччу гэткай мужнасці, святасцю гэткіх ахвяр, якіх яшчэ ні адзін народ не запісаў на старонках сваёй гісторыі. Паўсталай Тваёй айчыне Ты аддасі без жалю, слабасці і вагання ўсю кроў, жыццё і маёмасць, якая ад Цябе запатрабуецца. У сваю чаргу, ЦНК абяцае, што сіла мужнасці Тваёй не будзе змарнаваная, натхненне не будзе страчанае, бо стырно, якое ён прымае, будзе трымаць моцнай рукой. Зломіць усе перашкоды, раструшчыць усе загароды, а любую непрыхільнасць да святой справы, нават недахоп руплівасці, будзе пераследаваць і караць перад суровым, але справядлівым трыбуналам абражанай айчыны. У першы ж дзень адкрытага выступу, у першую ж хвілю святой барацьбы, ЦНК абвяшчае ўсіх сыноў Польшчы, без розніцы веры і роду, паходжання і саслоўнага становішча вольнымі і роўнымі грамадзянамі краю. Землі, якімі люд сялянскі дагэтуль валодаў на правах чыншу або паншчыны, ад гэтага часу становяцца безумоўнай яго уласнасцю на правах вечнай спадчыны.

Уласнікі, што панясуць страты, будуць узнагароджаныя з агульных скарбаў дзяржавы. Усе беззямельныя і найманыя працаўнікі, якія ўступяць у шэрагі абаронцаў краю, а ў выпадку ганаровай смерці на полі славы — іх сем'і, атрымаюць з народных абшараў надзел абароненай ад ворагаў зямлі. Такім чынам, да зброі, Народзе Польшчы, Літвы і Русі, да зброі! Бо час супольнага вызвалення ўжо прабіў, наш стары меч выняты, святы сцяг Арла, Пагоні і Арханёла разгорнуты. А цяпер звяртаемся да Цябе, Маскоўскі Народ: традыцыйным дэвізам нашым ёсць свабода і братэрства Народаў, таму мы даруем Табе нават забойства нашай айчыны, нават кроў Прагі і Ашмянаў, гвалт вуліц Варшавы і катаванні сутарэнняў Цытадэлі. Даруем Табе, бо і Ты — бедны і катаваны, сумны і змучаны, целы дзяцей Тваіх гайдаюцца на царскіх шыбеніцах, прарокі Твае мерзнуць на снягах Сібіры. Але калі ў гэты вырашальны час Ты не адчуеш у сабе дакору за мінулае і светлых імкненняў да будучыні, калі ў барацьбе з намі падтрымаеш тырана, які забівае нас, а Цябе топча, — гора Табе. Бо перад абліччам Бога і ўсяго Свету праклянем Цябе на ганьбу вечнай залежнасці і пакуту вечнага рабства, і выклічам на страшны бой вынішчэння, апошні бой Еўрапейскай Цывілізацыі з дзікім варварствам Азіі.

Варшава, 22 Студзеня 1863 г.

Згоднасць арыгіналу сведчыць Літоўскі Камітэт як Часовы Правінцыйны Ўрад у Літве і Беларусі.

(Месца пячаткі)

Народная Арганізацыя. Літоўскі Пр[авінцыйны]. Кам.[ітэт]