Назад

1863 год на Меншчыне

Прадмова

Гісторыя паўстання 1863 г. на Беларусі дагэтуль яшчэ недастаткова вывучаная і асветленая аўтарамі, якія пішуць пра Студзеньскае паўстанне. Прычына ў тым, што калі даследчыку былі даступныя не ўсе крыніцы, датычныя Кангрэсавага Каралеўства, дык яшчэ больш царскі ўрад быў зацікаўлены, каб праз прызму ягонай палітыкі асвятлялася паўстанне ў г. зв. "заходніх губернях". Таму, напрыклад, калі датычна да падзеяў у Каралеўстве паказанні Караля Маеўскага і Аскара Авейдэ былі даступныя з пэўных прычынаў толькі некаторым высокапастаўленым чыноўнікам, дык наконт Літвы і Беларусі належала схаваць ад грамадскай увагі, а асабліва ад еўрапейскай думкі значна больш матэрыялаў. Каб удзел гэтых земляў у паўстанні выставіць у фальшывым святле.

З-за гэткай практыкі не дзіўна, што ў гістарыяграфіі паўстання, як у Каралеўстве, гэтак жа і ў Беларусі, ёсць моманты, грунтаваныя на чутках, домыслах, падазрэннях і да т. п. Якія, хутчэй, варта было б аднесці да баек. І хаця літаратура пра Студзеньскае паўстанне множыцца, хаця Гансяроўскі зафіксаваў аж 4 168 публікацыяў, тым не менш, тэма дадзеная дагэтуль не вычарпаная. Гэта сведчыць, што гістарыяграфія яшчэ не змагла дабрацца да ўсіх першакрыніц. Прынамсі, да асноўных, найбольш аўтарытэтных, што б паклалі канец спрэчкам мемуарыстаў і аўтарскім домыслам.

Безумоўна, шмат матэрыялаў першачарговай значнасці загінула: іх знішчалі нават самі паўстанцы, каб не патрапілі ў рукі паліцыі. Аднак усё не знішчана. Найважнейшай крыніцай з'яўляецца тайны архіў былой царскай канцылярыі, жандармерыі і паліцыі.

Прадстаўляючы ўвазе грамадства неапублікаваныя дагэтуль дакументы, мяркуем, што дапаможам прасвятліць у гісторыі паўстання шмат момантаў да гэтага часу няясных або невядомых. З іншага боку, усведамляючы, што крыніцы гэтыя да сёння былі недаступныя для грамадскасці, спадзяемся, што гэткім чынам паспрыяем, нарэшце, напісанню гісторыі Студзеньскага паўстання, прынамсі, у дачыненні да Беларусі. Бо дагэтуль, як трапна заўважыў у адной са сваіх шматлікіх прац апошні сябра Нацыянальнага ўрада М. Дубецкі, мы мелі шмат гісторыкаў паўстання, але не мелі гісторыі; бо многія ўспаміны і аповеды ўдзельнікаў ці сведкаў паўстання, якія станавілася асноўнымі падмуркамі ранейшых распрацовак, належаць, уласна кажучы, да эпізадычнай літаратуры. Слушна сказаў Ян Чубек ва ўступе да ўспамінаў Данілоўскага: "Гарызонт мемуарыстаў, натуральна, вузкі, прыземлены, не дазваляў ім ахапіць цэласці з'явы, а таксама зразумець рух таемных спружынаў канспірацыйна-паўстанцкай машыны ў векапомныя 1861–64 гады".

Нават такія аўтары, як А. Гілер і Прыбароўскі, якія, безумоўна, могуць быць залічаны менавіта да гісторыкаў, бо грунтаваліся на першакрыніцах, не засцерагліся, аднак, ад памылковых тлумачэнняў і дапушчэнняў — у большасці выпадкаў менавіта з прычыны недахопу неабходных дакументальных матэрыялаў.

Таму Польскі аддзел Інстытута Беларускай Культуры, распачынаючы сваю дзейнасць на дзялянцы гісторыі польскага народа на Беларусі, перадусім, мае мэтай дапоўніць працу і пошукі шматлікіх даследчыкаў паўстання шляхам публікацыі матэрыялаў Трэцяга аддзялення былой царскай канцылярыі, што адносяцца да гісторыі паўстання 1863 г. на Беларусі. Матэрыялы гэтыя настолькі багатыя, што мы былі вымушаны абмежавацца толькі найбольш характэрнымі. У першым томе "1863 год на Меншчыне" падаецца, свайго роду, шэраг ілюстрацыяў, якія прадстаўляюць розныя бакі дзейнасці царскага ўраду ў тую эпоху і разам з тым — даюць уяўленне пра характар захаваных матэрыялаў.

Улічваючы, што нашае выданне мусіць быць дапаўненнем да матэрыялаў, ужо вядомых адмыслоўцам з іншых крыніцаў, мы лішне не стрымліваліся ў падборы дакументаў, паколькі кожны з іх, ужыты на сваім месцы, — аднолькава важны і патрэбны.

Урэшце, параўноўваючы матэрыялы цэнтральных і мясцовых архіваў, мы прыйшлі да пераканання, што поўнае адмежаванне адных ад другіх у некаторых выпадках непажаданае, бо яны звычайна ўзаемна дапаўняюцца і растлумачваюцца. Таму ў адным з дадаткаў намі падаюцца вытрымкі з актаў менскага губернскага маршалка шляхты.

Найперш, адмысловыя ўмовы працы ў цэнтральных архівах, а таксама мясцовыя выдавецкія ўмовы вымусілі нас, з аднаго боку, задаволіцца копіямі, атрыманымі з Ленінградскага архіва, а з другога — друкаваць матэрыялы паводле новага правапісу.

Дадзены том нашага выдання мусіць прадэманстраваць: што менавіта, у якой форме і ў якім аб'ёме мы можам даць гісторыі. З іншага ж боку, з гэтага выдання акадэмічная моладзь зможа ў агульных рысах пазнаёміцца з асаблівасцямі колішняга грамадскага ладу — не паводле сведчанняў трэціх асоб, але непасрэдна з першакрыніц.

***

З масіву матэрыялаў, датычных Гародзенскай, Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай, Менскай і часткова Ковенскай губерняў, а таксама іншых сумежных тэрыторыяў, мы пачынаем друкаванне з былой Менскай губерні. У гісторыі паўстання гэтая губерня адносна астатняй Беларусі заняла асаблівае месца: тут найперш прагучаў фармальны заклік да паўстання — праз прыняцце на з'ездзе шляхты ў Менску ў лістападзе 1862 г. вядомага пратакола. Тут жа паўстанне атрымала апошні, найцяжэйшы ўдар, які жандарам забяспечыў найвышэйшую царскую ласку, а паўстанцкім кіраўнікам — шматлікія шыбеніцы на фоне вядомых мураўёўскіх кантрыбуцый. Зрэшты, тут пры дапамозе жандармерыі было ўведзенае адмысловае заканадаўства і распараджэнні, што да найвышэйшай ступені паглыбілі супярэчнасці паміж паўстанцамі і народам.

Са шматлікіх дакументаў, датычных Менскай губерні, мы адабралі і друкуем, уласна, толькі дзве справы (фармальна дзве часткі адной справы), а менавіта т. зв. "частку" 16 і 428 справы 23-й з 1863 г. Аднак і іх друкуем толькі часткова, пакідаючы астатняе на потым, паколькі памеры дадзенага тома не дазваляюць змясціць большую колькасць матэрыялаў.

Мы не маглі таксама змясціць тут дакументаў, што ілюструюць гісторыю ўсіх кіраўнікоў паўстання, усіх паўстанцкіх атрадаў, бо архіў Трэцяга аддзялення, сфармаваны не навуковымі адмыслоўцамі, а адміністрацыяй. У пэўнай ступені яго можна параўнаць з архівам князёў Радзівілаў у Нясвіжы, пра які доктар Яўген Барвінскі ў 1909 г. пісаў у "Collectanea" 1 Кракаўскай Акадэміі вучонасці2, што "на першы погляд ўяўляецца як непраходны лес".

У Трэцім аддзяленні, праўда, усе дакументы змяшчаюцца ў папках. Аднак улічваючы, што кожны жандарскі афіцэр дасылаў у Трэцяе аддзяленне не толькі ўласныя рапарты, але і копіі сваёй карэспандэнцыі з усімі іншымі ўстановамі; што ў Трэцім аддзяленні адначасна збіраліся матэрыялы з усіх міністэрстваў, не выключаючы сінадальнай іерархіі, — у такія часы, як, напрыклад, 1863 г., калі падзеі развіваліся з маланкавай хуткасцю, штораз ахопліваючы ўсё большыя абшары дзяржавы, там мусіла панаваць вялікая канцылярская паспешлівасць. Не дзіўна, што з-за гэтага, напрыклад, у віцебскай папцы палова знойдзеных дакументаў адносіцца да Гародзенскай губерні etc. Адпаведна, каб з гэтай шматтысячнай масы дакументаў вылучыць шуканыя, патрэбны час, бо адных каталогаў тут недастаткова, і трэба адмыслова зазірнуць у кожную папку, таму што сістэматычных і дакладных вопісаў не існуе — над імі толькі вядзецца праца.

Хаця некаторыя даследчыкі 1863 года імкнуцца прадставіць паўстанне толькі як збройную дэманстрацыю, і паўстанне на Меншчыне належала б, уласна, назваць не студзеньскім, а сакавіцкім, бо агульны выступ паўстанцаў тут адбыўся толькі 19 сакавіка (пад знакам св. Юзафа), усё ж са зместу шматлікіх аб'ёмістых папак Трэцяга аддзялення відавочна, што расейскі ўрад ні ў якім разе не разглядаў паўстанне як дробную нязначную падзею, але цалкам уважліва разглядаў кожную дэталь. Учытваючыся ў стосы прашэнняў асуджаных і турэмныя дакументы, можна усвядоміць, наколькі значнай падзеяй у гісторыі барацьбы з царызмам быў 1863 год.

Такім чынам, не апускаючы ніводнай акалічнасці з гісторыі паўстання, а з другога боку, жадаючы палегчыць працу даследчыка, мы размясцілі дакументы ў гэтым томе згодна з храналагічным парадкам, нягледзячы на тое, што дзеля гэтага давялося спалучыць дзве вышэйзгаданыя менскія справы (хутчэй, дзве часткі — 16 і 428) у адну. У адсылках мы адмыслова пазначаем, да якой справы (г. зн. часткі 16 ці 428) адносіцца кожны дакумент. Нумарацыю дакументаў падаем уласную. Нумарацыя старонак захаваная згодна арыгіналу, яна менавіта такая, якую маюць дакументы ў папках Трэцяга аддзялення ў абедзьвюх частках справы 23.

Да спалучэння дзвюх менскіх спраў у адну нас падштурхнула прыгаданая вышэй канцылярская паспешлівасць у Трэцім аддзяленні, з-за якой дакументы, што адносяцца да адной справы, часта траплялі ў розныя папкі, нярэдка ніякім чынам з гэтымі матэрыяламі не звязаныя. Зноў жа, храналагічны парадак дае мажлівасць супаставіць падзеі на Меншчыне з агульнай гісторыяй паўстання ў Польшчы і, разам з тым, растлумачыць асаблівасці паўстанцкага руху ў Беларусі ды яго падзелу на перыяды. Таксама мяркуем, што храналагічны парадак найбольш прыдатны да паступальнага вывучэння тэмы. Зрэшты, мы былі вымушаныя пайсці гэткім шляхам і з увагі на змест абедзвюх спраў: частка 16 адлюстроўвае паўстанне ад яго пачатку, г. зн. ад студзеня 1863 г. (першы дакумент датаваны 19 студзеня), частка ж 428 з'явілася значна пазней, на што паказвае нават яе нумар і назва. Але з іншага боку, дзейнасць Лосева ў Менску асвятляецца спачатку ў частцы 428 (данясенні ад 2.01.1864–17.03.1864–17.04.1864). У 16-й жа частцы па гэтай тэматыцы дакументы пазнейшыя, датаваныя 22.04.1864–26.04.1864–4.06.1864.

Па-за тэкстам дакументаў мы падаем усялякія надпісы (найчасцей зробленыя алоўкам) і рэзалюцыі. Яны важныя з таго гледзішча, што з іх можна меркаваць, якімі справамі імператар Аляксандр II цікавіўся больш за ўсё, як рэагаваў на іх за спінамі жандармерыі, якія справы, урэшце, зусім не даходзілі да яго. Шкада толькі, што супрацоўнікі цэнтральнага архіва пры капіяванні дакументаў не пазначылі прозвішчы аўтараў гэтых надпісаў і наогул не перадалі шмат надпісаў, якія не змаглі прачытаць. З гэтае прычыны ў тэксце ўзніклі некалькі дробных пропускаў. І мы не мелі магчымасці іх пазбегнуць.

Некаторыя дакументы, на першы погляд, не маюць акрэсленай сувязі з агульным характарам нашай справы. Напрыклад, дак. №№48 і 49 аб арышце доктара Міхала Аскеркі, Алімпіі і Юзэфы Святарэцкіх; дак. №№55 і 56 аб высылцы бацькоў Баляслава Святарэцкага; дак. №66 аб Вандаліне Свяцкім, Юзафе Ляснеўскім, Алімпіі і Юзафе Святарэцкіх і некалькі іншых, прыналежных, уласна кажучы, да бязмежнай колькасці прыватных спраў удзельнікаў паўстання 1863 года. Аднак, публікуем іх тут, паколькі якраз яны падаюць агульную карціну паўстання ва ўсіх яго нават найдрабнейшых падрабязнасцях. З шэрагу гэтых эпізодаў, што яскрава апісваюць ці то цяжкія пакаранні — часцяком толькі за ўяўную віну, ці то адчайнае становішча высланых (прашэнні імператару), ці то помсту старым і малым etc., — гісторыя паўстання набывае выразныя рысы і насычаецца праўдзівым каларытам.

______________

Да менскай справы мы далучаем тры дадаткі: а) мемарыял Сямашкі 1859 г., б) 2 сакрэтныя лісты Мураўёва 1864 г. і в) адрас менскай шляхты цару 1864 г. Гэтыя тры дадаткі надаюць аб'ёмнасць фону, на якім узгарэлася і згасла паўстанне ў Беларусі і на Меншчыне. У іх святле гісторыя паўстання набывае асаблівую выразнасць і рэльефнасць.

Перадусім, яны паказваюць надзвычайную нянавісць, крывадушнасць і цынізм царскіх уладаў у дачыненні да палякаў увогуле, а да польскага насельніцтва Беларусі ў прыватнасці.

Мемарыял Сямашкі (як і два астатнія дадаткі да менскай справы) ужо неаднакроць друкаваўся. Аднак, як для цэласнасці карціны паўстання, так і для палягчэння вывучэння яго гісторыі, друкуем яго зноў. Гэты ўнікальны дакумент, які загадзя рыхтаваў глебу для падзеяў 1863 г., мае для Беларусі невымерна важнае значэнне. Тым больш, дагэтуль мы ведалі яго з крыніц, якія паходзілі ад самога Сямашкі, але не з урадавых сфер, куды гэты дакумент як раз і быў пададзены.

Пецярбургская Акадэмія навук у 1883 г. надрукавала мемарыял Сямашкі разам з іншымі яго творамі пад агульнай назвай "Записки Иосифа Митрополита Литовского" (Т. II, 1883, с. 558–564), але неўзабаве гэты мемарыял стаў з'яўляцца ў іншых выданнях у больш-менш адрозных рэдакцыях.

Напрыклад, С. Шалковіч у выданні пад назвай "Сборник статей раз'ясняющих польское дело по отношению к Западной России" (выпуск 1, Вільня 1885, с. 90), акрамя адвольна ўведзенага курсіву, апускае фрагмент тэксту ад слоў: "Император Александр I etc." да слоў "во-первых", а пасля слоў "не ничтожная противу России равнодушной, дремлющей" устаўляе "причины влиятельности в Западных губерниях польской партии, ничтожной по своей численности"; урэшце канчае мемарыял словамі: "Сам Император Николай не имел в Западных губерниях надежных исполнителей своих предначертаний".

Падобна А. Бялецкі, публікуючы ў першым томе "Сборника документов музея графа Муравьева" (Вільня, 1906) мемарыял Сямашкі ў акадэмічнай рэдакцыі, таксама ўжывае нічым не абумоўлены курсіў, а Сідараў у манаграфіі пад назовам "Польское восстание 1863 г." (1903) на старонцы 72 нават згадвае пра гэты дакумент пад 1857 годам. Акрамя таго, Сямашка ў сваіх успамінах запэўнівае, што Аляксандр II падзякаваў яму за гэты мемарыял (тамсама).

У сувязі з гэтым, для вырашэння ўсіх непаразуменняў, як датычна тэксту дакумента, так і суправаджаючых яго акалічнасцей, мы друкуем яго ў арыгінале з уласнаручнай імператарскай рэзалюцыяй, змацаванай подпісам шэфа жандараў. З дадзенай рэзалюцыі відочна, якое было сапраўднае стаўленне да палякаў у 1859 г. таго, хто ў Варшаве гэтак урачыста папярэдзіў: "Point des réveries, messieurs!" 3, і на што магло спадзявацца польскае насельніцтва Беларусі ад імператара, які не апрабаваў хіба "явных гонений" на палякаў.

Некаторыя думкі і меркаванні, што ўтрымліваюцца ў двух сакрэтных лістах Мураўёва, якія мы друкуем у другім дадатку, таксама знаходзілі пэўны водгук у прэсе (напрыклад, у "Русской Старине" і іншых). Другі ліст ад 7 сакавіка 1863 г.4 быў апублікаваны цалкам у часопісе "Голос Минувшего" (1913 г, №12 — снежань). З лістоў відаць, якім цынікам і паляканенавіснікам быў услаўлены пэўнай часткай расейскай грамадскасці Мураўёў, і як далёка сягалі ягоныя намеры адносна палякаў у Беларусі.

У гэтых лістах Мураўёў з аднаго боку падае сведчанне ўпартага імкнення палякаў да аднаўлення незалежнасці, а з іншага — мы даведваемся з іх пра чынны ўдзел сялян у паўстанні 1863 г. і пра адмысловыя распараджэнні ўлады адносна іх, чаго з дакументаў, датычных Меншчыны, зусім не відаць. Урэшце, тут прысутнічаюць і аргументы Мураўёва, на якія ён абапіраўся ў сваёй палітыцы ў дачыненні да палякаў, як падчас паўстання, так і пасля яго падаўлення. Прыватны ліст шэфу жандараў, захаваны ў менскай папцы пад №47 (гл. с. 70), зрывае з Мураўёва маску ў пытанні кантрыбуцый, якія ён так адстойваў у лісце ўжо апублікаваным рэдакцыяй "Голоса Минувшего". Увогуле гэтыя лісты Мураўёва падаюць таксама цікавы матэрыял да ягонай біяграфіі.

Польская графіка ў карыкатуры выставіла помнік Мураўёву на высокім пастаменце з чалавечых чарапоў, царскі жа ўрад бачыў апафеоз Мураўёва ў шматтысячных подпісах шляхты, што кленчыла перад Мураўёвым з вернападданіцкім адрасам да імператара, молячы яго аб забыцці і дараванні. Герцэн у свой час назваў гэта "палітычным скандалам".

У Дадатку III мы прыводзім некаторыя характэрныя вытрымкі з папкі менскага губернскага шляхецкага маршалка за 1863 г., датычныя згаданага факта з подпісамі шляхты, якія мы там знайшлі. З дадзеных дакументаў гісторыя і грамадскасць можа зрабіць выснову: хто ў гэтым пытанні меў рацыю — Герцэн ці царскі ўрад, і як, уласна кажучы, належыць разумець тыя подпісы.

З пададзенай пад №124 нататкі маршалка шляхты відаць, што на Меншчыне сабрана звыш 6 000 подпісаў. Першыя з іх, прадстаўленыя да 5 кастрычніка 1863 г., у папцы шляхецкага маршалка адсутнічаюць. Агульная колькасць (2 734) выяўлена ў папках менскай справы Трэцяга аддзялення пад адрасам да імператара (гл. №50, с. 73), які ў свой час быў апублікаваны вядомым Гаворскім*. У той жа час у папцы шляхецкага маршалка выяўленыя 3 820 дадатковых подпісаў, сабраных паміж 5 кастрычніка 1863 г. і 15 кастрычніка 1864 г.

Уласна, з саміх подпісаў і з дадаткаў, надрукаваных разам з імі, відаць, з чыёй ініцыятывы, кім і як гэтыя подпісы збіраліся; за які час і ў якой паслядоўнасці паступалі і калі былі прадстаўленыя Мураўёву. З іх найбольш характэрная заява Калянкевіча, што як верны падданы расейскага імператара лічыў удзел у подпісах абразай для сябе.

Подпісы сведчаць таксама, якая частка і хто менавіта з польскай шляхты на Меншчыне станоўча не вызначыўся ў паўстанні. Прычым, у параўнанні з імі, колькасць чынных інсургентаў нязначная.

Імёны і прозвішчы у спісах шляхты падаюцца намі дакладна згодна арыгіналам са згаданай папкі маршалка шляхты, нягледзячы на тое, што напісанне некаторых дужа нязвыклае. Адпаведнасць подпісаў і іншых дакументаў III Дадатку арыгіналам гарантуецца сакратарыятам Польскага аддзелу Інстытута Беларускай Культуры, адпаведнасць астатніх дакументаў — цэнтральным архівам.