Назад

Вольга Сямашка

Апошні "каліновец": невядомыя факты з жыцьця

Многім вядомая асоба апошняга "каліноўца" Ігната Абрамовіча. Імя гэтае для грамадзкасьці адкрыў напачатку 2000-х краязнаўца зь вёскі Краснае Алесь Харытон. Абрамовіч спачыў апошнім з паўстанцаў Каліноўскага на Беларусі. Але дагэтуль заставаліся невядомымі цікавыя факты зь ягонай біяграфіі. Іх атрымалася ўзнавіць пры дапамозе нашчадкаў паўстанца.

Блытаніна з датай нараджэньня

Ігнат (Ігнацы) Абрамовіч нарадзіўся ў 1839 годзе ў ваколіцах роднае вёскі Зянона Пазьняка Суботнікі (Іўеўскі раён, Гарадзенская вобласьць). Хлопчык быў ахрышчаны ў мясцовым касьцёле Сьв. Юрыя Пакутніка. Цікава, што фундуш на пабудову гэтага касьцёла даў верагодны сваяк Ігната, Юры Абрамовіч з Варнянаў у 1774 годзе.

Касьцёл у Суботніках (малюнак Казіміра Ляхновіча), 1898 г.
Касьцёл у Суботніках (малюнак Казіміра Ляхновіча), 1898 г.

У розных крыніцах называюцца розныя даты нараджэньня Ігната Абрамовіча: 1836 і 1839 гады. Апошняя дата пазначана на надгробку паўстанца. Але Дзяржаўны занальны архіў г. Маладзечна лічыць слушнай першую дату. Акром таго, унучка "каліноўца" сьцьвярджае, што Абрамовіч памёр у 106 год. Мажліва, што блытаніну з датамі сьвядома зладзіў сам Ігнат Абрамовіч, каб пасьля падаўленьня паўстаньня заблытаць карныя органы.

Паўстаньне і высылка

Ігнат трапіў ў паўстаньне Каліноўскага ў 24 гады (калі пагадзіцца з датай нараджэньня на помніку). Маёмасьць ягонае сям’і падчас баявых дзеяньняў была канфіскаваная, а будынак радавое сядзібы царскія войскі спалілі разам зь целамі забітых сваякоў. За ўдзел у паўстаньні Ігнат Абрамовіч быў сасланы ў сібірскую катаргу на 12 год.

Ігнат Абрамовіч з сынам і дачкой, 1891 г.
Ігнат Абрамовіч з сынам і дачкой, 1891 г.

Пасьля вяртаньня з Сібіры "каліновец" атабарыўся ў ваколіцах Чэнстахова, дзе неўзабаве ўладкаваўся ўпраўляючым маёнтка. Ігнат самавукам атрымаў належную адукацыю і ажаніўся зь дзяўчынай з роду Шаблоўскіх. На жаль, жонку Ігната напаткаў трагічны лёс. Яна патрапіла пад цягнік. Празь некаторы час Абрамовіч перабраўся ў вёску Краснае, што пад Маладзечнам, дзе й дажыў да самае сьмерці ў 1944 годзе.

Лейтэнант паўстаньня

У 1933 годзе польскія ўлады ўзнагародзілі Ігната Абрамовіча Памятным Крыжам да 70-годзьдзя Студзеньскага паўстаньня. У 1938 годзе ён быў запрошаны ў Варшаву на 75-я ўгодкі паўстаньня. Ветэрану выдалі за кошт вайсковага бюджэту 16 злотых на дарогу. У тым жа годзе Абрамовіч атрымаў Бронзавы Крыж Заслугі. Захавалася пасьведчаньне на гэты конт за подпісам прэм’ера апошняга ўраду даваеннае Польшчы генерала Феліцыяна Славой-Складкоўскага. Ігнат Абрамовіч, як і ўсе астатнія жывыя паўстанцы, быў падвышаны да першага афіцэрскага званьня (лейтэнант).

Памятны крыж да 70-годзьдзя паўстаньня Пасьведчаньне да Бронзавага Крыжа Заслугі
Памятны крыж да 70-годзьдзя
паўстаньня
 Пасьведчаньне да Бронзавага Крыжа Заслугі

Кажуць, што да самага скону жыцьця Абрамовіч заўсёды хадзіў у паўстанцкай канфедэратцы. Як выявілася, па загадзе Пілсудскага належала салютаваць сустрэчнаму ветэрану. Таксама для іх уводзілася парадная форма, па якой можна было адразу вызначыць героя. Захаваўся фотаздымак Ігната Абрамовіча 1930-х гадоў, дзе ён адпаведна апрануты ў цёмна-сіні сурдут і шапку-рагатоўку (канфедэратку).

Ігнат Абрамовіч у ветэранскай форме, 1930-я гг.
Ігнат Абрамовіч у ветэранскай форме,
1930-я гг.

Нашчадкі і памяць

Вядома, што Абрамовіч меў дачку і чатырох (як мінімум) сыноў. Усе дзеці сталі тэхнікамі ды інжынерамі. Праўнук паўстанца Зьдзіслаў Абрамовіч жыве ў польскім Баляслаўцы. Менавіта ў ягоным архіве захоўваюцца ўзнагароды і дакументы Ігната Абрамовіча, фотаздымкі і жывапісны партрэт, выкананы Станіславам Абрамовічам (унукам Ігната).

Ёсьць зьвесткі, што у 30-х гадох мінулага стагодзьдзя Ігнат Абрамовіч ўдзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцьці помніка ў гонар паўстанцаў у в. Краснае. Мемарыял знаходзіўся насупраць касьцёла праз дарогу і ўяўляў сабою стэлу. На жаль, ад яе застаўся толькі падмурак. Паводле Алеся Харытона, рэшткі стэлы былі перададзеныя ў майстэрню Заіра Азгура. Яны сталіся пастаментам для бюста Мікалая Гастэлы ў Радашковічах. Сапраўды, на баку каменнага куба можна пабачыць дзьве замазаныя адтуліны. Верагодна, да іх мацавалася канструкцыя стэлы.

Фрагмент помніка М. Гастэлу ў Радашковічах
Фрагмент помніка М. Гастэлу ў Радашковічах

Зараз кожны ахвочы можа наведаць магілу Ігната Абрамовіча ў Красным. Надгробак знаходзіцца на старых каталіцкіх могілках. Ня будзьма забывацца на нашых герояў!

Магіла Ігната Абрамовіча
Магіла Ігната Абрамовіча

Каардынаты каталіцкіх могілак: 54°14'56.16"N, 27°5'29.85"E

Публікацыя паводле: Аўтарскі дакумент
Матэрыял даслала: Вольга Сямашка