Назад

Адам Станкевіч

Кастусь Каліноўскі, "Мужыцкая праўда" і ідэя Незалежнасьці Беларусі

(Рэфэрат, прачытаны на ўрачыстай акадэміі 25 сакавіка 1933 г., з прычыны 15-ых угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларусі і 70-ых угодкаў беларускай прэсы)

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе,
I часам спамяні пра Яську твайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго!
 
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тады за праўду станавіся сьмела,
Бо адно праўдай, у грамадзе згодна,
Дажджэш, Народзе, старасьці свабодна...
 
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,
То я з таго сьвету табе адазвуся. З пісьмаў К. Каліноўскага да беларускага народу "3-пад шыбеніцы"

I. Ідэёвая лучнасьць між актам 25 сакавіка 1918 г. і працай К. Каліноўскага ў 1862–1864 гг.

Словамі, якія зьмешчаны на пачатку гэтай працы, слаўны народны барацьбіт наш Кастусь Каліноўскі разьвітваўся зь беларускім народам у адным з прадсьмертных сваіх лістоў, пісаных у астрозе незадоўга перад сваей сьмерцяй1. У пісьме гэтым, як бачым, Каліноўскі жадае, каб беларускі народ, за які хутка меў ён злажыць жыцьцё сваё, помніў аб ім, за што з свайго боку прыракае такжа аб гэтым народзе помніць і нават адгукнуцца з таго сьвету.

Прадсьмертную волю вялікага барацьбіта нашага, сьвяткуючы ўрачыста гэты юбілей, спаўняем як належыцца. Сяньня сьвяткуем 15-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, а разам з гэтым і 70-я ўгодкі першай беларускай часопісі "Мужыцкая праўда", рэдактарам і выдаўцом якой быў Кастусь Каліноўскі2. Лучачы гэтыя два юбілеі ў адзін і разам іх сяньня сьвяткуючы, ні аднаго зь іх не памяншаем, а, наадварот, павялічваем, бо дапаўняем. Тое ўсё, чаго сваей працай агулам, а прадусім "Мужыцкай праўдай", а такжа і сьмерцяй сваей даканаў К. Каліноўскі для беларускага народу семдзесят гадоў таму, змагаючыся за волю і долю гэтага народу, — акт абвешчаньня незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка 1918 г. падабраў, згарнуў у цэласьць, прыкрасіў, дапоўніў і выразіў як яўную — ужо сучасную — волю беларускага народу да вольнага і самастойнага жыцьця. Словам, зярнё, якое на беларускай грамадзка-палітычнай ніве пасеяў Каліноўскі, акт 25 сакавіка 1918 г. зжаў, карыстаючыся пладом гэнага зярняці для сяўбы далейшай. Як бачым, сапраўды між пятнаццатымі ўгодкамі абвешчаньня Беларусі незалежнай і між 70-мі ўгодкамі "Мужыцкай праўды" існуе ідэёвая лучнасьць.

II. Месца К. Каліноўскага ў навуцы

"Калі ты мяне ўспомніш, — кажа Каліноўскі да беларускага народу, — я да цябе з таго сьвету адазвуся". Вось жа народ беларускі аб вялікім барацьбіце сваім сапраўды ўспомніў і сапраўды да яго адазваўся. Сталася гэта, аднак, пасьля цэлага раду дзясяткаў гадоў пасьля мучаніцкай сьмерці яго. У 1864 г. Каліноўскі павіс на шыбеніцы, а народ, за які ён злажыў сябе ў ахвяру на алтары Праўды, далей гібеў у няволі культурнай, эканамічна-сацыяльнай і палітычнай. Няволю гэту над беларускім народам трымалі крэпка суседзі нашы з захаду і ўсходу. На народ наш глядзелі яны выключна толькі праз акуляры свайго народнага самалюбства. Усё тое, што народ наш меў, суседзі гэтыя, выпераджаючы адны адных, або сваім лічылі, або заціралі, зацямнялі і пускалі ў няпамяць. Ішло ім аб тое, каб даказаць, што беларускі народ — гэта "искони русский народ" або што гэта "od wieków polski lud". Такім чынам, беларускі народ для палякаў і для расейцаў у гісторыі стаўся рэчай, стаўся карысным матэрыялам дзеля польскай і расейскай культураў. У гэткіх варунках паказаць праўдзівы свой твар, загаварыць аб сабе сваей мовай, бараніць сваю індывідуальнасьць было нялёгка. Бо калі народ гэты і прагаварваў аб сабе слова праўды, калі выступаў у абарону сябе праз слаўных сыноў сваіх, як Каліноўскі, то тыя ж суседзі голас гэты глушылі або нават, расходзячыся з праўдай, прадстаўлялі яго ў сваім, карысным сабе сьвятле. Вось жа ў гісторыі польскай і расейскай Каліноўскі прадстаўлены звычайна або як "самолюбивый безумный мятежник", або як "polski bohater narodowy o krańcowych nieco poglądach". Аднак польскія і расейскія гісторыкі, па-свойму малюючы Каліноўскага, часта мімавольна або не прыдаючы значэньня пэўным фактам, аб ім многа гавораць чысьцюсенькай праўды.

Вось жа належна прааналізаваць усе тыя дакумэнты, якія адносяцца да асобы Каліноўскага, а такжа выбраць з успамінаў аб ім і апрацаваньняў адпаведныя факты і належнае даць ім асьвятленьне, належа прадусім да гісторыкаў беларускіх, а такжа і літоўскіх, бо Каліноўскі землі гэтых народаў разважаў як адно цэлае. Так яно і сталася. Першым паказаў нам праўдзівы твар Каліноўскага літоўскі прафэсар А. Янулайціс3. Гэта ён зьвярнуў увагу на тое, што між паўстанцамі 1863 г., якіх звычайна залічалі да палякаў, былі сапраўдныя народныя героі літоўскія (кс. А. Мацкевіч), а такжа і беларускія, як Каліноўскі, якія ішлі на паўстаньне проціў цара, проціў паншчыны, сьнілі сны аб волі і долі народу літоўскага і беларускага і змагаліся за свайго роду палітычную самастойнасьць гэтых народаў, за самастойнасьць свайго краю.

Прыйшоў урэшце такжа час, калі, як бы спаўняючы прадсьмертную волю Каліноўскага, успомніла аб ім і беларуская навука. Беларускія вучоныя, як праф. Ігнатоўскі4, зь няпамяці, з шматлетніх плесьняў на сьвятло дзённае пачалі выдабываць слаўную асобу нашага народнага героя Каліноўскага. Дзякуючы беларускай навуцы, асоба яго стала папулярызавацца, весткі аб ім сталі пранікаць у народныя гушчы, асабліва ж у душы беларускай моладзі. У Менску ў беларускай сцэнічнай літаратуры паявілася нават драма "Кастусь Каліноўскі", якая некалькі гадоў таму была ўлюбёнай п'есай Менскага беларускага тэатру. Словам, памяць аб слаўным Каліноўскім сапраўды аджыла ў нас. Зацікаўленьне ім паўстала значнае, асабліва ў гэтых гадох, калі выпалі 70-я ўгодкі "Мужыцкай праўды" і калі ў будучым годзе прыпадаюць такжа 70-я ўгодкі казьні ягонай. Сяньня ў беларусаў аб Каліноўскім, калі яшчэ не стварылася цалком, дык творыцца — нават у навуцы — легенда як аб барацьбіце за незалежнасьць Беларусі, і прытым у сучасным разуменьні.

Так, шмат у гэтым праўды, але да праўды закрадаецца крыха і няпраўды, калі мы мадэрнізуем гісторыю і сваіх сапраўдных народных герояў з-прад 70 гадоў змушаем гаварыць цяперашнім нашым беларускім палітычным языком і прыпісваем ім нашыя сучасныя ідэалы. Дык, як бачым, сапраўднае месца Каліноўскага ў навуцы належна не абазначана дагэтуль ня толькі ў палякаў і расейцаў, што ёсць цалком натуральным, але такжа і ў нас, беларусаў. Даканаць гэтага павінна навука беларуская.

Так, Каліноўскі — гэта сапраўдны беларускі самастойнік, але свайго часу, і маладой беларускай навуцы належа спакойна і вытрывала разьясьніць сутнасьць гэтай яго самастойніцкай ідэі, яе граніцы, тэрыторыю, на якой ідэалы свае жадаў зьдзейсьніць, і, урэшце, варункі, у якіх ён жыў і працаваў, бо за семдзесят гадоў, якія аддзяляюць нас ад таго часу, калі жыў Каліноўскі, у жыцьці нашага народу, а такжа і ў нашым паняцьці, шмат што зьмянілася.

Вось жа, маючы гэта ўсё на памяці, насколькі пазваляюць мне цесныя рамкі гэтага рэфэрату і ўрачыстасьць сяньняшняга дня, складаю я аб Каліноўскім і яго працы свае ўвагі. I калі б гэта скромная праца мая ў беларускай — ды і небеларускай — навуцы выклікала большае зацікаўленьне гэнай слаўнай асобай, паглыбляючы аб ёй веду, і калі б узбудзіла ўдзячнасьць для яе ў нашым народзе, я ўважаў бы, што дапяў сваей мэты.

III. Час, калі жыў К. Каліноўскі

К. Каліноўскі жыў у тым часе, калі Беларусь пасьля даўгавечнай сваей сьпячкі скідала зь сябе няволю паншчыны і прабуджалася да новага жыцьця. Вясна рамантызму лунала над галавой Беларусі, а зь ім прыходзіла да беларускага народу і ягонае нацыянальнае адраджэньне.

У Эўропе панаваў тады рамантызм у літаратуры і ў навуцы, які даходзіў і да нас. Зярняты нацыянальных ідэяў, зроджаных рамантызмам, дзякуючы стычнасьці з Эўропай асьвечаных клясаў нашага краю, дакаціліся і да беларусаў. Дасканальным правадніком гэтых ідэяў быў да свайго закрыцьця (1832 г.) Віленскі ўнівэрсытэт.

З муроў гэтага ж унівэрсытэту або пад яго ўплывам паявіліся беларускія рамантыкі, паэты-пісьменьнікі Ян Баршчэўскі, А. Рыпінскі, Ян Чэчат, а такжа і бацька беларускага краснага пісьменства Вінцук Дунін-Марцінкевіч.

З муроў гэтага ўнівэрсытэту паявіліся такжа беларускія рамантыкі і ў навуцы, якія дасьледвалі беларускую гісторыю, права, мову. Да гэткіх належаць уніяцкія сьвяшчэньнікі праф. М. Баброўскі і Платон Сасноўскі, а такжа праф. Ігнат Даніловіч, Я. Ярашэвіч і інш.

Будзіліся тады такжа да нацыянальнага жыцьця і братнія народы літоўскі і ўкраінскі. Сярод літоўскага народу працаваў тады С. Даўкантас (памёр у 1864 г.), слаўны патрыёт і пісьменьнік, біскуп М. Валанчус (памёр у 1875 г.), Івінскіс (памёр у 1883 г.) і інш. Узноў жа ўкраінскі народ будзіў несьмяротны Шаўчэнка (памёр у 1861 г.), іграючы на кобзе прарочыя песьні яму.

Панаваў тады ў Эўропе і рамантызм палітычны. Палова XIX в. — гэта час палітычных нацыяналізмаў, час народных рэвалюцыяў, час будаваньня нацыянальных дзяржаў і тварэньня нацыянальных культураў, агулам кажучы — гэта час нарадавольства і нарадаслаўя.

Ідэалы гэтыя знаходзілі жывы адгалосак і на нашых землях, дзе панавала царская расейская ўлада, а такжа ідэі гэныя знаходзілі жывы адгалосак і на землях этнаграфічна расейскіх. Паклоньнікі гэтых ідэалаў, сыны Расеі Герцэн, Бакунін, Агароў і інш. за вернасьць гэтым ідэалам былі змушаны пакінуць сваю бацькаўшчыну і скрывацца ад царскай паліцыі за граніцай. Аднак працы дзеля асвабаджэньня ад царскага абсалютызму Расеі, а зь ёй разам і ўсіх тых народаў, што пад Расеяй знаходзіліся, гэныя слаўныя барацьбіты-эмігранты не пакідалі і на чужыне. У 1858–1861 гг. Герцэн выдае ў Лёндане свой слаўны "Колокол", нарадавольскі гул якога нясецца па ўсей Расеі. Часопісь гэта на сваіх старонках шырока і адкрыта разьвівае ідэю вызваленьня народаў, што знаходзіліся пад Расеяй, і збудаваньня ім вольнага жыцьця.

Вось жа ў "Колоколе" выраблялася ідэалёгія палітычнай самастойнасьці ўсіх тых народаў, якія самастойнасьці гэтай зажадалі б. I так Бакунін піша: "Мы любім толькі народ, верым у яго і хочам таго, чаго ён хоча. Чаго, аднак, трэба народу? Паўторым за "Колоколом": зямлі, і волі, і вольнасьці"5.

Бакунін у ўспомненай працы пайменна вылічае ўсе народы царскай Расеі: беларусаў, палякаў, украінцаў, літвінаў, фінаў, латышоў і інш., і прызнае ім права на самастойнасьць у фэдэрацыйнай лучнасьці між сабой або і права на поўную незалежнасьць. Бакунін дамагаецца, каб кожнаму народу была дана свабода ўладзіць лёс свой палітычны, як ён толькі захоча. Гэткіх самых паглядаў трымаўся і Герцэн, выказваючы іх, аднак, больш спакойна і асьцярожна. Фэдэрацыю яны разумелі як вольны саюз вольных народаў.

Праз "Колокол" і іншыя друкі слаўных расейскіх нарадавольцаў падобныя ідэі даходзілі, як мы сказалі, і да Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы, прадусім да студэнцкай моладзі гэтых краёў, якая студыявала пераважна ў Пецярбургу і Маскве, будзячы яе да новага жыцьця.

Думкі палякаў аб паўстаньні іх проціў Расеі і Бакунін, і Герцэн падтрымлівалі ўсей душой. Яны верылі, што з паўстаньнем шляхты паўстане такжа і народ польскі, а зь ім разам паўстануць такжа і народы беларускі, літоўскі і ўкраінскі, і што такім чынам у значнай меры збудуцца іх нарадавольскія, адчасьці самастойніцкія, фэдэрацыйныя ідэалы.

Бакунін верыў, што "польскае паўстаньне сапраўды падыме народы быўшага Вялікага Княства Літоўскага да самаазначэньня ў кірунку поўнай незалежнасьці або прынамсі да фэдэрацыі"6. У палякаў, аднак, ці лепш — у буйной шляхты, нацыяналізм польскі ўзяў верх, і яны паднялі паўстаньне толькі дзеля сябе, Беларусь, Літву і Украіну разумеючы як складовыя часткі адной суцэльнай Польшчы. Факт гэты сымпатыі расейскай дэмакратыі да польскага паўстаньня астудзіў цалком. Лепшыя, аднак, людзі Беларусі — як Каліноўскі, і Літвы — як кс. А. Мацкевіч, пры помачы польскага паўстаньня, нават і пры помачы паўстаньня шляхоцкага, не пакідалі далей надзеі ўзварушыць свае народы такжа да паўстаньня, аднак за іх уласную волю і долю.

Але слаўныя гэныя расейскія дэмакраты мелі проціў польскага паўстаньня і засьцярогі такжа характару сацыяльнага. Яны былі проціў шляхоцкай Польшчы, а стаялі за Польшчу сялянскую. "Аб'явіце Польшчу сялянскай, а тады многа з плямён славянскіх, а бадай усе, за вамі пойдуць"7, — пісаў Бакунін.

Паводле расейскіх дэмакратаў, Польшча павінна быць не шляхоцкай і не адзінай суцэльнай дзяржавай у межах 1774 г., а павінна стварыць зь земляў даўнейшай Польшчы саюз вольных народаў, злучаных вольнай фэдэрацыяй.

Да фэдэрацыі гэтай мела далучыцца такжа і Расея, бо і яна мела быць уцягнута ў паўстаньне проціў царызму, імпэрыялізму і проціў сацыяльнага ўціску. Але расейскаму народу такжа трэба было паказаць, чаму яны маюць ісьці разам з палякамі. "Калі ў Расеі на вашых сьцягох ня ўбачаць падзелу зямлі і волі правінцыям, — кажа Бакунін, — то наш вам спагад нічога не паможа, а нас загубіць"8.

Вось жа вялікія гэтыя ідэі мелі сільны ўплыў і на беларускую дэмакратычную інтэлігенцыю. Палітычны рамантызм сапраўды лунаў над беларускай старонкай у форме свайго роду незалежніцкіх ідэяў.

Пад яго павевам ідэя гэта расла, крэпла і прыбірала штораз выразьнейшыя формы. Урэшце ў другой палове XIX в. беларуская нацыянальная ідэя пачала строіцца ў выразна сацыяльна-палітычную беларуска-народную вопратку. Быў гэта сапраўды беларускі палітычны рамантызм, на чале якога стаў тварэц ягоны на Беларусі, наш слаўны Кастусь Каліноўскі, рэдактар і выдавец першай беларускай часопісі "Мужыцкая праўда".

IV Аб жыцьці К. Каліноўскага

Але хто ж такі Каліноўскі? Прыгледзімся да яго бліжэй. Кастусь Каліноўскі радзіўся ў 1838 г., 21 студзеня ст. ст. у Мастаўлянах Ялаўскай парафіі Ваўкавыскага пав. з дробнай беларускай каталіцкай шляхты, пэўне ж, ужо спольшчанай. Мэтрыка аб ягоных нарадзінах і аб хросьце знаходзіцца ў касьцельным архіве ў Сьвіслачы. Пазьней бацькі яго набылі невялічкі двор Якушоўку, што знаходзіўся за 10 вёрст ад Сьвіслачы, дзе мелі ткацкую фабрыку і дзе Кастусь праводзіў свае маладыя леты. Вучыўся сьпярша ў Сьвіслачы, дзе скончыў пяць кляс прагімназіі. Пасьля прыгатаўляўся прыватна і ў 1855 г. паступіў у Маскоўскі ўнівэрсытэт, дзе прабыў ½ году. Пасьля, з прычыны пераезду з Масквы ў Пецярбург старшага брата яго Віктара (памёр у 1862 г.), туды ж пераехаў і Кастусь і паступіў на права, якое скончыў з стопнем кандыдата ў 1860 г. Вучыўся як стыпэндыст. Будучы студэнтам, Кастусь усей душой належаў да рэвалюцыйных гурткоў моладзі, якая была тады пад сільным уплывам герцэнаўскага "Колокола". Ужо тут ён вырабляў сваю сацыяльную і палітычную ідэалёгію і сьніў сны аб волі беларускага народу, а такжа і аб волі народаў усяго быўшага Вялікага Княства Літоўскага.

Па сканчэньні ўнівэрсытэцкіх навук Каліноўскі шукаў у дзяржаўных установах пасады, але ўжо ў паліцыі быў падазроны і пасады ніякай атрымаць ня мог. У 1861 і 1862 гг. прабываў крыху ў бацькі. Падгатоўчую працу да паўстаньня вёў безупынна. Каб прыкрыцца прад паліцыяй і каб як найбліжэй быць да беларускага народу, Каліноўскі празь некаторы час быў пісарам у аднэй з гмін Горадзеншчыны. Але як падазроны і ўсьцяж шуканы паліцыяй, прымушаны быў пакінуць і гэтае месца. Адзеўшы сьвітку з самадзелу, вандраваў па ўсей Горадзеншчыне ад вёскі да вёскі, горача будзячы народ да вызваленьня. Зваўся тады выдуманай мянушкай Васіль Сьвітка.

Дарэчы будзе тут адзначыць, што Каліноўскі, як гэта відаць з мэтрыкі, зваўся двайным імем: Вінцэнты Канстанты, і што сам ён сябе зваў і падпісваў як Вінцэнты, а ў гісторыі бадай выключна ведамы як Канстанты.

Летам 1862 г. ужо меў ён наладжаную ў Беластоку патаемную друкарню і ўжо выдаваў беларускую часопісь "Мужыцкую праўду". Ужо ў гэтым часе Каліноўскі, дзеля ўзварушаньня народу ў кірунку паўстаньня, меў сваю арганізацыю, да якой належалі людзі, як ён, выгадаваныя ў герцэнаўскай школе і, як ён, носячыя ў сэрцы ідэалы сацыяльнага і палітычна-нацыянальнага вызваленьня народу. Арганізацыя гэтага кірунку сьпярша звалася арганізацыяй "Руху", а пасьля звалася агулам арганізацыяй "чырвоных", ці дэмакратаў, каб адрозьніць яе ад паўстанцкай арганізацыі буйна-шляхоцкай "белых", на чале якой стаялі буйныя земляўласьнікі, што лятуцелі аб Польшчы гістарычнай, як суцэльнай польска-народнай дзяржаве пад іх, ведама, кіравецтвам. Галава дэмакратаў Каліноўскі ня верыў у добрыя вынікі паўстаньня, калі яго будзе рабіць буйная шляхта, на сьцягох якой цалком не было відаць волі для народаў нацыянальнай і палітычнай, а ідэалы сацыяльныя хоць і былі на сьцягох гэтых вывешаныя, то, аднак, вартасьць іх была дужа і дужа сумніўная. Каліноўскі ўважаў, што паўстаньне маюць рабіць сяляне і дробная абяднелая шляхта, а буйныя земляўласьнікі могуць, праўда, прымаць у паўстаньні ўчасьце, але ў тых мясцох, дзе іх народ ня знае, бо многія зь іх мелі на сваім сумленьні часта і дужа цяжкія грахі адносна сялянства, і дзеля гэтага падчас паўстаньня сяляне замест біцца з царскімі наезьнікамі могуць абярнуцца проціў магнатаў, за якіх, ведама, царскія ўлады заступяцца, і гэткім чынам у рэзультаце сяляне апынуцца яшчэ ў большай няволі, як дагэтуль.

Калі ж паўстаньне выбухла і калі на чале яго, карыстаючы з сваей лічбовай, фінансавай і аружнай перавагі, выключна сталі белыя, Каліноўскі ад паўстаньня не адвярнуўся, як бы, здаецца, належылася б зрабіць, але да яго далучыўся. Далучыўшыся ж да белых, ён ніколі не зьмяніў сваіх паглядаў, ані перастаў працаваць далей дзеля сваей ідэалёгіі. Палітычнага розуму ў Каліноўскага хватала даволі. Паўстаньне белых ён рашыў скарыстаць для сваіх мэтаў. Учасьце ў паўстаньні збліжала яго да народу, а там ён быў свой чалавек, там яго шырока зналі, там імя яго слыло вялікім і слаўным, там маглі яго паслухаць. Каліноўскі безгранічна народ любіў і безгранічна ў яго верыў. Каліноўскі сьвята верыў, што ўсё ж такі ўдасца яму падняць народ на ногі падчас агульнай завірухі і што народ гэты, разбуджаны да волі, будзе за яе змагацца аж да пераможнага канца як зь сілай маскоўскай, так і зь сілай польскіх магнатаў. У гэтых сваіх думках і плянах, як бачым, Каліноўскі рысуецца нам як чыстай вады палітычны рамантык.

У канцы 1862 г. Каліноўскага спатыкаем у Вільні, дзе ён пражывае на Зарэччы як Макарэвіч. Калі ж у студзені 1863 г. выбухла паўстаньне, пад прозьвішчам Чарноцкага абняў ён абавязкі камісара Горадзеншчыны, дзе паўстанцкую работу арганізаваў дасканальна, аб чым сьведчаць ягоныя праціўнікі, якія, назначаючы яго туды, мелі, між іншым, на ўвеце пазбыцца яго з цэнтру як шкоднага ў іх разуменьні сэпаратыста, самастойніка. У Горадзеншчыне Каліноўскі некалькі месяцаў будзіў народ і кіраваў паўстаньнем у сэнсе прадусім палітычным, бо трэба ведаць, што вайсковым павадыром ён ня быў.

У траўні месяцы 1863 г. у Вільню на становішча генэрал-губэрнатара зь неагранічанай дыктатарскай уладай прыбыў ведамы Мураўёў. На пляцах Вільні, дый па ўсім краі, замітусіліся віселіцы, край напоўніўся стогнам, палілася багата людская кроў. Фронт паўстанцкі хутка заламаўся. Першыя перапужаліся, бо было й чаго, буйныя земляўласьнікі. Яны першыя далі знакі рознага характару да згоды з урадам.

У пачатку ліпня Каліноўскі ўзноў прыбывае ў Вільню, дзе, бачачы поўны разгром белых, усю цяжасьць паўстаньня бярэ на сябе, становіцца фактычным дыктатарам паўстанцкай акцыі ў краі і вядзе яе да канца. Горадзеншчына, за прыналежнасьць якой да зямель былога Вялікага Княства Літоўскага Каліноўскі так горача змагаўся з Варшавай, адышла пад уладу паўстанцкіх арганізацыяў гэтай жа Варшавы ў жніўні месяцы 1863 г. Цяпер наш дыктатар, крыючыся пад прозьвішчам Чаркоўскага, зьвярнуў усю сваю ўвагу на беларускія часткі Віленшчыны, а такжа на ўсходнія беларускія землі: на Меншчыну, Магілёўшчыну, Віцебшчыну. Справа, аднак, ішла ўжо слаба. Перамога была ўжо яўна на старане Мураўёва, які зручна і не бяз выніку даказваў, што сялян надзяліць як сьлед зямлёй і даць ім належную волю зможа толькі цар расейскі, а не земляўласьнікі, якія асабіста зацікаўленыя ў сялянскай няволі і якія так цяжка сялянам даліся ў знакі. Каліноўскі, аднак, не зважаў на нішто і барацьбу вёў далей. У помач быў яму ягоны аднадумец, вялікі патрыёт народу літоўскага кс. Антон Мацкевіч, які, назначаны Каліноўскім ваяводай зямель этнаграфічна літоўскіх, па-геройску змагаўся за вольнасьць літоўскага народу. Імя дыктатара сталася яшчэ больш слаўным. Звалі яго каралём краю, а ўрад вытучыў усе сілы, каб узяць яго, але доўга яму гэта не ўдавалася. Урэшце адзін зь яго супрацоўнікаў, Парафіяновіч, які працаваў у Меншчыне, злоўлены і абнадзеены абяцанкай уратаваць яго жыцьцё, жандарскаму палкоўніку Лосеву Каліноўскага выдаў — паказваючы, што жыве ён у сьвятаянскіх мурох у Вільні і што крыецца пад імем і прозьвішчам Вітальда Вітажэнца.

29 студня 1864 г. Каліноўскі быў узяты і пасаджаны ў дамініканскія муры ў Вільні, дзе ўрадавала ваенная сьледчая камісія на чале з палкоўнікам Шэлгуновым. Слаўны вязень наш прад камісіяй трымаўся зь вялікай павагай і годнасьцяй. Пад сьледзтвам трымалі яго больш месяца. Камісія дужа жадала дабіцца ад яго выдачы тайнаў арганізацыі. Прапазыцыю гэту вязень адкінуў з пагардай. Ён казаў, што калі асабістая грамадзкая мужнасьць ёсьць цнотай, то шпіёнства ёсьць маральна абрыдлым, і што грамадзянства, збудаванае на шпіёнстве, ня варта назовы грамадзянства, што камісія як адзін з грамадзкіх органаў ня можа адняць ад яго права гэтак думаць і паступаць. "Пракананьне гэткае, — казаў Каліноўскі, — я вырабіў працай і жыцьцём". Калі ж камісія запытала ў яго аб прычынах гэтак думаць і напомніла аб скутках яго гэтых пракананьняў, наводзячы думкі аб сьмерці, ён адказаў: "Прычыны і скуткі я добра абдумаў, а сьведамасьць уласнай дастойнасьці і таго становішча, якое я займаў у грамадзянстве, не пазваляюць мне ісьці іншай дарогай"9.

У рэзультаце, на падставе дадзеных сьледчай камісіі ваенны палявы суд на чале з палкоўнікам Глейнінгам прысудзіў Каліноўскага на сьмерць праз расстраляньне. Мураўёву, відаць, гэта не падабалася, бо пад прысудам знаходзіцца зацемка: "Згода, але казьніць праз павешаньне". Тады суд, на чале з генэралам Фаміным, пастанову першую пераглядзеў нанова і пастанавіў Каліноўскага павесіць. На гэтай пастанове Мураўёў уласнаручна напісаў: "Согласен, исполнить приговор в Вильне". Прысуд споўнены 10 сакавіка ст. ст. 1864 г. а гадз. 10½ на Лукіскім пляцы.

Гэтак скончыў наш вялікі барацьбіт за волю народу, астаючыся верным сваім ідэалам аж да самай сьмерці. Калі чыталі прысуд і назвалі яго шляхціцам, ён крыкнуў: "Няпраўда, у нас няма шляхты, у нас усе роўныя", за што паліцмайстар грозна паківаў яму пальцам10.

А вось крыху характарыстыкі Каліноўскага, прадусім як чалавека, якую падае ў сваіх памятніках Гейштар, галава паўстанцкага камітэту ў Вільні пасьля аб'яднаньня белых з чырвонымі, які, каб пазбыцца нялюбага і грознага для буйной шляхты канкурэнта, назначыў Каліноўскага, як ужо ўспаміналася, камісарам Горадзеншчыны. Паводле Гейштара, Каліноўскі — гэта

чалавек вялікай энэргіі, народнік да шпіку касьцей, да канца верны сваім палітычна-народніцкім ідэалам. Гэта чалавек з закроем на героя. Умеў пасьвячацца без граніц, меў надзвычайна сільны характар. Каліноўскі быў узорам вытрывалага і ўмелага кансьпіратара. Толькі адзін ён умеў працавацьу Вільні падчас найвялікшага тэрору. Ён, каторага старанна шукалі, на кожную экзэкуцыю прыходзіў пад браму дамініканскіх муроў, бачыў ведзеных на сьмерць і пад грозьбай арышту кожны час, ані на хвіліну ня траціў энэргіі. Меў сотні аказіяў уцякаць, аднак астаўся на становішчы. Ён першы падняў сьцяг барацьбы за волю народу, ён апошні і зьлёг ад тэрору Мураўёва11.

Любіў народ, — чытаем у іншым месцы ў Гейштара — у ім бачыў будучыню, але засурова судзіў шляхту, якую знаў больш з прац скрайне дэмакратычных і расейскіх пісьменьнікаў, як з жыцьця. Вытрываласьці недараўнанай, як і асабістай самаахвярнасьці.

Быў найпрыгажэйшым, найчысьцейшым, недасягнутым узорам кансьпіратара. Гэты адзін чалавек варт быў сотняў. Вялікая ў ім была сіла і праўда пачуцьця. Звалі яго хамам, а ён і любіў гэта, заўсёды востра выступаючы проціў шляхты. Каліноўскі быў незвычайным12.

V. "Мужыцкая праўда"

Ужо з таго, што мы сказалі, асабліва з характарыстыкі таго часу і тых варункаў, у якіх жыў Каліноўскі і зь яго кароценькай і дужа павярхоўнай біяграфіі бачым, што Каліноўскі — гзта быў беларускі народнік, які змагаўся прадусім за сацыяльныя правы беларускага народу, а такжа за яго волю палітычную ў сэнсе, яка б гэтым ніжэй убачым, фэдэрацыі з Польшчай, як сапраўды "вольныя з вольнымі і роўныя з роўнымі". Гэты ягелонскі — падчоркнуты Люблінскай уніяй — ідэал у ім жыў, як бачым, яшчэ моцна і меў яшчэ вялікае значэньне.

У гэткім сэнсе, але куды ў ярчэйшых і выразьнейшых формах, прадставіцца нам асоба Каліноўскага, калі мы прыгледзімся да тых друкаваных дакумэнтаў, якія па ім асталіся, і калі прыслухаемся да характарыстыкі яго як палітыка, якую яму даюць тыя асобы, зь якімі ён спатыкаўся, супрацоўнічаў, а нават і змагаўся, адстойваючы свае народніцкія беларускія ідэалы.

Як жа вымоўна аб гэтым сьведча яго беларуская "Мужыцкая праўда", якой сяньня сьвяткуем 70-я ўгодкі, а такжа і яго іншыя беларускія друкі! Прыгледзімся да іх бліжэй. Зачнём ад "Мужыцкай праўды".

У бягучай беларускай літаратуры, а такжа і ў небеларускай дагэтуль звычайна панавала пракананьне, што Каліноўскі пачаў выдаваць сваю "Мужыцкую праўду" ў 1863 г., калі выбухла паўстаньне. Тым часам трэба ведаць, што "Мужыцкая праўда" выходзіла ўжо ў 1862 г. Такім чынам, сёлета летам ёй ужо прыпадае 71 год. Мы сьвяткуем сяньня 70-я ўгодкі гэтай газэты, бо сяньня прыпадаюць 15-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, з чым юбілей "Мужыцкай праўды" і лягічна, і ідэёва так стройна гарманізуе!

I так, №1 беларускай газэты "Мужыцкая праўда", якую выдаваў і рэдагаваў Каліноўскі, быў ужо ў абегу па сёлах Горадзеншчыны ў палове ліпня 1862 г., а №2 там жа курсаваў у пачатку верасьня таго ж году. Аб гэтым даносіў міністру ўнутраных спраў горадзенскі губэрнатар у пісьме 17 верасьня 1862 г. за №12.

Першыя нумары "Мужыцкай праўды" паявіліся ў Берасьцейскім павеце. Аб паяўленьні іх горадзенскі губэрнатар 10 жніўня 1862 г. данёс міністру ўнутраных спраў. Той дужа нецярплівіўся і 22 жніўня 1862 г. трэбаваў ад губэрнатара сьціслых дадзеных: хто "Мужыцкую праўду" пашырае, адкуль бярэ і дзе яна друкуецца. На гэта губэрнатар даў міністру адказ, што сьледства аб гэтым усім не дало ніякіх рэзультатаў, падаў пры гэтым свае домыслы і ўрэшце пісаў гэтак:

...уважаю сваім абавязкам успомніць аб сьвежым данясеньні мне беластоцкага жандарскага штаб-афіцэра, што на днях ён атрымаў сакрэтна далучаныя тут копіі трох брашур, зь якіх два нумары "Мужыцкай праўды" і адозва да палякаў цэнтральнага народнага к[амітэ]ту, што першы нумар (падчыркнута аўтарам) "Мужыцкай праўды", паводле паказаньня годных веры асоб, быў пашыраны сярод сялян каля двух месяцаў13.

Свой гэты данос губэрнатар, як сказана, пісаў 17 верасьня 1862 г., значыць, няма сумніву, што нумар першы "Мужыцкай праўды" сапраўды ўжо быў на сьвеце ў палове ліпня 1862 г.

З сэнсу ж гэнага губэрнатарскага дакумэнту выглядае, што другі экзэмпляр "Мужыцкай праўды" — гэта быў другі яе нумар, які быў ужо пашыраны сярод сялян, калі губэрнатар пісаў сваё данясеньне, — гэта значыць: прынамсі ў першай палове верасьня 1862 г.

№1-ы "Мужыцкай праўды" — гэта сяньня вялікая рэдкасьць. Паводле чутак, ёсьць адзін экзэмпляр яго ў Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы ў Менску.

№2-га знаходзіцца адзін экзэмпляр у Густава Лоўбіс-Бісье (Loubisse-Bissier) у Варшаве (Krakowskie Przedm[ieście], 30)

№3-га — адзін экзэмпляр у бібліятэцы імя Урублеўскіх у Вільні. Час выхаду у сьвет няведамы.

№4-ы такжа дужа рэдкі і мала ведамы. Паводле чутак, ёсьць яго адзін экзэмпляр такжа ў Менску, разам з нумарам першым.

№5-га адзін экзэмпляр знаходзіцца ў успомненай бібліятэцы імя Урублеўскіх, а два ў Дзяржаўным архіве ў Вільні (быўшы Мураўёўскі музэй) пад №18/63 у "Следственном деле" аб "возмутительном листке" "Мужыцкая праўда", знойдзеным паліцыяй у Дзісьненскім павеце. Нумар гэты быў у абегу ў пачатку лютага 1863 г.; на сьледчых актах зазначана, што сьледства пачата 4 лютага 1863 г. Знача, нумары 3 і 4 мусілі выйсьці ў сьвет у канцы 1862 ці ў пачатку 1863 году.

№6-ы "Мужыцкай праўды" — у двух экзэмплярах — знаходзіцца такжа ў Дзяржаўным архіве ў Вільні разам з нумарам пятым у справе аб успомненым "возмутительном листке". Нумар гэты такжа быў найдзены ў пачатку лютага 1863 г. у Дзісьненшчыне.

№7-ы "Мужыцкай праўды", лікам дзесяць штук, знаходзіцца такжа ў Дзяржаўным архіве ў Вільні14. Гэты нумар быў паліцыяй знойдзены аж увосень 1864 г. у Пружанскім павеце, недалёка двара Ківатычы, тады ўласьніцы Багуслаўскай. У сьледчых актах гаворыцца, што гэта "польские революционные прокламации".

"Мужыцкая праўда" друкавана лацінкай, даволі чыстай беларускай мовай, з горадзенскімі асаблівасьцямі, на дзьвюх бачынах аднаго лістка разьмерам васьмёркі. Крыху большы ад іншых №7. Наперадзе "Мужыцкай праўды" заўсёды стаіць №, а ў канцы азначана, што каштуе: грошы 5. Усе нумары падпісаны мянушкай — Ясько Гаспадар з-пад Вільні. Усталена сяньня напэўна, што пад гэтай мянушкай крыецца Кастусь Каліноўскі.

Каб бліжэй запазнацца зь зьместам "Мужыцкай праўды", пазволю сабе тут прытачыць увесь нумар 2, як зь ведамых найранейшы і як набольш характэрны. Вось ён:

№2 Dzieciuki!

Kali Boh stwaryu usich ludziej wolnymi i usim dau adzinakuju duszu, tak skulże heto uziało sia, szto adzin marnuje da i nad ludźmi zbytkuje, a druhi biedny panszczynu służyć, albo abroki u kaznu pdacić. Kożny pa swojemu tałkuje, na swaju storonu ciahnie. Car każe, szto jon dobre nam dumaje, a pany każuć, szto jany dobre dumajuć nam zrabici, a mużyk biedny ad ich dabrości jak prapadau, tak i prapadaje.

Kab rastałkawać ludziam u czom prauda, ja piszu pismo, a pisau budu jak Boh i sumlenie każe, wy adno mienie takoho samaho muzyka, jak i wy, pasłuchajcie dobre. Byu to kaliści naród nasz wolny i bahaty. Nie pomniać hetaho naszyje baćki i dziedy, no ja wyczytau u starych książkach, szto tak kaliści bywało. Panszczyny tahdy nijakoj nie było. I niema czeho tamu dziwowaci sia, bo było lesu szmat, pola kolki choczesz, a ludziej to mało, tak nasztoż służyć panszczynu za ziemlu, kali kożny moh lesu wycierabić, chatu sabie pastawić i mieci swaje pole.

No u susiedztwie z nami żyu Niemiec i Maskal. Adnamu i druhomu bahactwo naszaje kałoło u oczy — kab ich tak kolka schapiła, da i chacieli nas zahnać z naszej baćkouszczyny. Treba było baranici sia, to Karol każe chadziem baranici, a tut nie usie iduć, da i mało naszych paszło. Wyhnali to Maskala i Niemca, no kab żenki da i dzieci hetych, szto chadzili na wajnu mieli za czym prażyci, tak Karol nasz i napisau takoje prawo: Hetyje, szto nie choczuć iści baranici swajej ziemli, niechaj abrablajuć pole hetym, szto bjuć sia za wolnaść i szczaście usich. I hetak było douho: adnie baranili kraju, a druhije to harali, to siejali, to kasili, to żali. Z hetul to i uziałasia heta panszczyna. Sudziecież ciepier sami, czy możno było zrabici sprawiedliwiej jak zrabiu kaliści nasz Karol Polski da i Litouski? No kali Maskal z Niemcom chitrościeju nas padbiu i paszou rąd maskouski, tak i usio zrabiło sia pa czartousku.

Stau zaraz Maskal swój rąd uwodzić u naszom kraju i każe: Muzyk dawaj rekruta, muzyk dawaj padatki, da i panszczynu jeszcze służy albo płaci abrok u kaznu! Tak jakajaż tut uże sprawiedliwość, kali usieńko, szto ciażko zwalajuć na muzyka, kali z jeho dzieruć astatniu szkuru, bjuć i płakać nie dajuć! Aczuniali to byli muzyki, uhledzieli, szto kiepsko, daj dawaj buntawaci sia pad Kaściuszkaju, a Kaściuszko to każe: kali muzyki choczuć uże sami baranici swaju ziemlu, tak niechaj że nie służac panszczyny da i nie płaciać u kaznu abroku za ziemlu. Ot heto tak sprawiadliwość! No sztoż, kali Maskal spyniu Manichwest Kaściuszki, kab nie pabuntawaci usich mużykou. Dla taho to i pabili Maskale Kaściuszku, bo kab muzyki usie razom byli zbuntawali sia i uchapili za sakiery, naży i kosy, takby Maskal musieuby prapaści bez prastania i my na wiek wiekou uże byliby wolnyje. Tak z hetaho pisma i widno, szto muzyki panskije i kazionnyje nie pawinny płacić ani czynszu panom, ani abroku u kaznu za ziemlu, bo heta ziemla da nas należyć, no kali budzie wajna z Maskalom za naszu wolnaść, to toj czas treba usim iści na wajnu prociu Maskala. A to dla taho: kab chuczej prahnać Maskala z jeho sabaczym radom i kab nikoli nijakoj nikomu mużyki panszczyny nie służyli i nijakaho u kaznu abroku nie płacili i kab na wiek wiekou narod nasz byu wolny i szczaśliwy. A kali was chto budzie padmaulać rabici inaczej: czy to Spraunik, czy to Akrużny, czy to Łapsesor, czy to Pan, to wy jeho nie słuchajcie, bo to peuno aszukaństwo, szto za carskije albo panskije hroszy wiecznej naszej zhuby chocze!!

Jaśko haspadar z pad Wilni

Kasztuje hroszy 5.

(З адпіcу п.Рамана Керсноўскага: Пошта Дзераўна каля Слоніма, двор Чамярэшнік.)

З прыточанага нумару "Мужыцкай праўды" бачым, што ў першую чаргу Каліноўскі заклікае беларускіх сялян, каб яны не плацілі падаткаў ані ўраду расейскаму, ані польскім паном, каб не хадзілі на паншчыну, каб не давалі расейцам рэкрута, а рыхтаваліся да паўстаньня проціў расейцаў, каб, як будзе паўстаньне, разам з палякамі ішлі біць маскалёў, бо — кажа — вайна гэна будзе "за нашу вольнасьць", вайна гэна будзе на тое, "каб народ наш на векі векаў быў вольны і шчасьлівы". Пэўне ж, гэтыя частыя думкі ў Каліноўскага аб вольнасьці ў першую чаргу датычаць вольнасьці сацыяльнай, але адначасна падчорківаюцца ідэалы і вольнасьці агулам, знача — вольнасьці свайго роду народна-палітычнай.

Аб імкненьні Каліноўскага да здабыцьця беларускаму народу ў некаторым значэньні народна-палітычнай самастойнасьці ўласнай барацьбой гэтага народу і аб тым, што разважаў ён гэты народ і край агулам як нешта цалкам самастойнае, рознае ад палякаў і Польшчы, бачым, між іншым, такжа з гэткіх выражэньняў у наступных №№ "Мужыцкай праўды". Вось яны:

"...Nam wolnaści treba nie takoj, jakuju nam car schocza daci, no jakuju my sami mużyki pamież saboju zrobimo... Niama czaho żdaci ad niekaha, bo toj tolki żnie, chto pasieje" (№3 "Муж. пр.")

"...Pad maskalom zabyci treba, szto jość u nas nasza baćkauszczyna" (№5 "Муж. np.")

"...U Polszczy muzyki taksama, jak i wy, spadziejaliś na cara..."

"...Pamoh-by i nam Prancuz, jak pamahaje mużykom u Polszczy, ale mużyki mauczać, a car każa, szto jany dawolny..."

"...Nie tak dumali mużyki u Polszczy... Stańmo drużna razom za naszuju wolnaść... A budzie u nas wolnaść, jakoj nia było naszym dziedam i baćkam" (№7 "Муж. пр.")

Сапраўды, гэтыя частковыя выбаркі з "Мужыцкай праўды" вымоўна нам сьведчаць, што Каліноўскі ўважаў беларускі народ за народ самастойны, асобны ад палякаў, бо выразна яго ад палякаў адрозьнівае.

Агулам жа кажучы, зьмест нумароў "Мужыцкай праўды", апрача 1 i 4, якіх бачыць мне не ўдалося, падобны больш-менш да зьместу нумару другога, толькі пераказаны іншымі словамі, ды больш гарача ў ix заклікае Каліноўскі беларускіх сялян не даваць расейцам рэкрута.

Затое нумар шосты "Мужыцкай праўды" становіць свайго роду асаблівасьць — ён увесь цалком пасьвячаны справам рэлігійным ці, сьцісьлей кажучы, справе павароту праваслаўных беларусаў у унію. Гэткага роду заклік Каліноўскага да беларусаў цалком зразумелы. Ліквідацыя уніі (як i яе заводжаньне, аб чым народ забыўся) была злучана з многімі гвалтамі, аб чым у народзе была яшчэ тады жывая традыцыя. Вось жа Каліноўскі жадаў закрануць гэту балючую рану, каб i на адцінку рэлігійнага жыцьця ўзбудзіць у нашым народзе ненавісьць да царскага на Беларусі панаваньня. Урэшце выступленьне нашага паўстанца за рэлігійную унію можна такжа тлумачыць як прынамсі падсьведамае імкненьне беларускай яго душы да шуканьня сынтэзы, да шуканьня моцнага i найбольш адпаведнага грунту дзеля закапаньня рэлігійнага рову, які разьдзёр беларускі народ на дзьве варожыя часткі. Гэткім грунтам, гэткім спосабам у вачах яго сусім шчыра магла рысавацца іменна унія. Гэтая ж самая тэма крыху зачапляецца i ў нумары сёмым "Мужыцкай праўды".

Значэньне "Мужыцкай праўды" для беларусаў сапраўды вялікае. Гэта першая газэтка, якая была пісана па-беларуску i якая будзіла народ наш да вольнасьці сацыяльнай i нацыянальнай.

Праўда, з боку беларусаў, для якіх беларуская нацыянальная справа малое мае значэньне або якія з Каліноўскім мала знаёмыя, можна часам спаткацца з закідамі, што "Мужыцкая праўда" — гэта ніякая не газэта, бо яна выходзіла толькі на дзьвюх бачынках лістка разьмерам больш-менш васьмёркі аркуша. Вось жа закід гэты сусім няслушны. Можна закідаць "Мужыцкай праўдзе" мізэрны выгляд, як i тое, што яна сапраўды не падобна да газэт у нашым сучасным разуменьні, аднак ёсьць яна свайго роду газэткай. Характар газэты надае ёй парадкавы нумар, якіх усіх (ведамых дагэтуль), як я ўжо ўспамінаў, было сем, a такжа характар газэты надае ёй на ўсіх нумарох сталы назоў "Мужыцкая праўда" і, урэшце, высокаідэйны грамадзкі i — апрача самай мовы беларускай — агулам беларуска-нацыянальны зьмест. Словам, "Мужыцкая праўда" — гэта першая беларуская газэтка, выданая ў такой форме i такім спосабам, як гэтага вымагалі рэвалюцыйна-народніцкія мэты яе выдаўца i рэдактара Яські Гаспадара з-пад Вільні — Кастуся Каліноўскага.

Цікава адзначыць, што некаторыя польскія аўтары "Мужыцкую праўду" безь ніякіх засьцярог залічаюць да звычайнай прэсы, да ліку газэт, часопісяў. Так, напрыклад, Гансяроўскі "Мужыцкую праўду" зьмяшчае ў аддзеле прэсы, часопісяў, у аддзеле, які называе: "prasa współczesna"15, хоць мае аддзелы "dokumenty", "druki ulotne", a знача — уважае яе за часопісь.

Тое ж робіць Б. Ліманоўскі, які кажа, што Каліноўскі выдаваў "białoruskie pisemko ludowe" "Мужыцкую праўду"16.

Такжа за часопісь уважае "Мужыцкую праўду" i такі першарадны знаўца беларускай літаратуры, як М. Гарэцкі, які, падаючы сьпіс беларускіх газэт i журналаў, "Мужыцкую праўду" ставіць на чале іх17, a зноў у другім выданьні сваёй "Літаратуры"18 "Мужыцкую праўду" называе беларускай часопісяй.

Так, "Мужыцкая праўда" — гэта першая беларуская часопісь, газэтка, "pisemko", як добра палякі кажуць, або пісьмо, як, напрыклад, у №2 "Мужыцкай праўды" выразіўся аб ёй сам Каліноўскі, бо ж назова "часопісь" сапраўды паходзіць ад слова "пісьмо", што мае характар публічна-грамадзкі i выходзіць час ад часу. "Мужыцкая праўда" іменна i ёсьць гэткім пісьмом, часопісяй. Назове гэтай пэўне ж не перашкаджае той факт, што кожны нумар "Мужыцкай праўды" зьмяшчае ў сабе звычайна толькі адну стацейку, бо лік стацей i прысутнасьць розных бягучых вестак у якой часопісі, сьцісла гаворачы, да істоты самой часопісі не належа. Адозвамі ўрэшце называць "Мужыцкую праўду", іменна дзеля адсутнасьці ў ёй характару часопісі ў сучасным разуменьні, як гэта некаторыя думаюць, такжа няможна, бо адозваў ніхто не нумаруе, ніхто не называе ix адной назовай i ніхто звычайна на прыпадковых адозвах не азначае цаны яе, што бачым у канцы кожнага нумару "Мужыцкай праўды". Словам, характару часопісі "Мужыцкай праўдзе" адмовіць ніяк ня можна, бо яна сапраўды мае ў сабе тое ўсё, што становіць сутнасьць паняцьця часопісі.

Прошлы год літоўцы сьвяткавалі сталецьце сваей прэсы, якую пачаў месячнік "Nusidavimai". Вось жа месячнік гэты, апрача літоўскай мовы, нічога літоўскага ня меў, бо апісваў выключна аб пратэстанцкіх рэлігійных місіях сярод паганскіх народаў; аднак жа літоўцы ад яго выводзяць радавод сваей прэсы.

Праўда, гэны літоўскі месячнік, зьвязаны зь літоўскім народам толькі мовай, формай i пэрыядычным сваім выходжаньнем больш падобны да газэты, як наша "Мужыцкая праўда", затое гэта апошняя зь беларускім народам зьвязана ня толькі мовай, але так жа сама i грамадзка-народным зьместам.

Знача, "Мужыцкая праўда" — гэта наша першая часопісь, гэта вялікай важнасьці наш палітычна-культурны дакумэнт, якога 70-я ўгодкі беларускае грамадзянства сяньня ўрачыста сьвяткуе. Вось жа, калі хто зь беларусаў няўважна i без належнай пашаны адносіўся б да "Мужыцкае праўды" з прычыны яе мізэрнага выгляду, быў бы тым біблійным Хамам, які сьмяяўся з свайго бацькі.

"Мужыцкая праўда" — гэта зародак, пачатак, маці беларускай сучаснай прэсы. Гэта яна працерабіла i паказала дарогу сьпярша "Гомону" (1884), у якім праводзяцца ідэі будаваньня Беларусі ў фэдэрацыі з Расеяй, "Свабодзе" (1903), а пасьля "Нашай Долі" (1906),"Нашай Ніве", "Biełarusu", якія самастойнай палітычнай беларускай ідэі яшчэ ня мелі, і, урэшце, "Вольнай Беларусі", "Biełaruskaj Krynicy" i ўсім тым нашым часопісям, якія выходзілі пасьля "Мужыцкае праўды" i якія выходзяць сяньня.

Але апрача "Мужыцкай праўды", прынамсі, як цьвердзяць некаторыя аўтары, выдаваў Каліноўскі такжа іншую беларускую газэтку: "Гутарку двух суседаў", аб якой ведама сяньня між іншым тое, што вышла яе тры нумары19.

Учасьнік паўстаньня, кіраўнік спраў друкарскіх Гілер цьвердзіць, што Каліноўскі быў тварцом беларускай пэрыядычнай літаратуры. Быць можа, што "Мужыцкая праўда" ці "Гутарка" выходзілі ў роўных адступах часу i сапраўды былі першымі беларускімі пэрыёдыкамі. Устанавіць, аднак, мне гэтага не ўдалося. На "Мужыцкай праўдзе", як ужо ўспаміналася, надрукаваны толькі парадкавы нумар, a даты паяўленьня яе на сьвет няма. "Гутаркі" бачыць мне не ўдалося сусім.

Той жа ўспомнены Гілер кажа, што дух вольнасьці, дзякуючы працы Каліноўскага, у беларускім народзе рос, i трэба было крыху яшчэ часу, каб народ гэты выступіў самадзельна. Ідэя самастойніцкая, як бачым, буджаная Каліноўскім, між іншым, i празь беларускую літаратуру, праяўлялася i сапраўды запушчала карэньні.

VI. Пісьмы "з-пад шыбеніцы"

Апрача "Мужыцкай праўды" i "Гутаркі" выдаваў i пісаў Каліноўскі i іншыя рэчы, зь якіх ведамыя яго пісьмы да беларускага народу "з-пад шыбеніцы": адзін даволі доўгі i два кароценькія20. Пісьмы гзтыя, як я ўжо ўспамінаў, Каліноўскі пісаў у астрозе, чакаючы там сьмерці, адкуль пераслаў да друку. Аб іх Гілер кажа, што гэта "pisma białoruskie do ludu, które Kalinowski wkrótce przed śmiercią napisał i przesłał na nasze ręce do druku "21. У першым лісьце, апрача ўсяго таго, што было ў "Мужыцкай праўдзе", знаходзім крыху i новага. Тут выразьней выступае элемэнт беларускі, нацыянальны. У "Мужыцкай праўдзе", прынамсі ў нумарох апрача 1 i 4, Каліноўскі ніколі беларусаў не называў беларусамі. Гэта i зразумела. У той час, калі ў народзе, ды i сярод інтэлігенцыі, ня лічачы адзінак, не было ніякай нацыянальнай беларускай сьведамасьці, калі ішла крывавая барацьба з расейцамі, беларусаў называць беларусамі — гэта значыла б тое, што рабіць зь ix расейцаў i папіхаць у бок Масквы, а такжа гэта значыла б зрываць з палякамі, якія былі адзінымі Каліноўскага саюзьнікамі. Вось жа тады звычайным назовам у яго беларусаў было слова "мужыкі", "браты-мужыкі". Пасьля ж свайго арышту, калі было ўжо ясным, што паўстаньне ў нашым краі зьліквідавана, Каліноўскі выражаўся ў сэнсе палітычным i беларуска-нацыянальным шмат сьмялей i свабадней. У сваіх друках, пасьля свайго арышту, беларусаў ён называе "мужыкі-беларусы", па-старому заклікаючы іх да паўстаньня разам з палякамі i ў больш аб'ектыўных фарбах малюе польскае ў нашым краі панаваньне: "Kali nam, — кажа Каліноўскі ў адным з сваіх лістоў "з-пад шыбеніцы", — pad polskim rądam nie zausim było dobra, to jak maskal stau nami prawić, zrabiu jon dla mużykou czystaje piekła na świecie". У друках Каліноўскага гэтага пэрыяду спатыкаем i такія выражэньні, што "car z panou pazdymau ciażaru, a na mużykou nałażyu". У гэтых словах чуецца балючы дакор буйным земляўласьнікам, якія ўжо тады дзеля сваіх асабістых інтарэсаў ішлі на ўступкі маскалём, ведама, коштам сялян, i заводзілі з царскім урадам дружбу. Але i ў гэтым часе Каліноўскі, рэч зразумелая, больш мае надзеі для беларускага народу на Польшчу, як на Расею.

Каліноўскі сьцьвярджае, што паўстаньне прымусіла палякаў пайсьці на вялікія ўступкі для беларускага народу, бо іменна дзякуючы паўстаньню палякі выдалі маніфэст, які хоць Польшчу із нашымі землямі ўважае за цэласьць, усё ж такі надзяляе сялян зямлёй, a такжа дае гэтаму народу, як ён выражаецца, "samauradstwa". I сапраўды — маніфэст гэты народам быўшага Вялікага Княства Літоўскага прыракаў свайго роду аўтаномію, самаўрадзтва, у якім было месца i на правы нашы нацыянальныя. У гэным "маніфэсьце" ў арт. 3 польскі паўстанцкі ўрад прыракае:

  1. адваяваньне i поўнае ўцьвярджэньне незалежнасьці зямель Польшчы, Літвы i Pyci;
  2. надзяленьне сялян зямлёй;
  3. роўнасьць усіх;
  4. злучаным з Польшчай братнім народам Літвы i Pyci прызнаньне найшырэйшага разьвіцьця нацыянальнасьці i мовы...

(Dekret Tymczasowego Rządu Narodowego z 10.V.1863).

Узноў жа "Залатая Грамата", выданая палякамі для ўкраінцаў, у §12 прыракала ім права "ўжываць мовы, якой хто захоча".

У друках гэтага пэрыяду Каліноўскі яшчэ раз тлумача, чаму беларусы павінны далей біцца, i то разам з палякамі, падчоркваючы, між іншым, магчымасьць здабыцьця пры помачы Польшчы беларускай для беларусаў школы. "Kali rąd polski, — кажа ён, — usim bratnim narodam daje samauradstwa, moskal mała taho, szto hetak nia robić, no jaszcze tam, hdzie żyli palaki, litoucy i biełarusy, zawodzić maskouskija szkoły, a u hetych szkołach uczuć pa maskousku, hdzie nikoli nie paczujesz i słowa: pa polsku, pa litousku da i pa biełarusku, jak narod taho chocze". У тым жа лісьце Каліноўскі вылічае ўсе тыя зьдзекі, якіх народ дазнаваў ад царскіх уладаў, i ўрэшце так кажа: "Oś to dla czaho każem, szto polskaje dzieło — heto nasze dzieło, heta wolnaści dzieło". Як бачым, Каліноўскі яшчэ верыў у польскае паўстаньне, a разам зь ім верыў i ў зьдзейсьненьне беларускіх народных ідэалаў. Вось дзе рамантык чыстай вады!

Надзея на помач з заграніцы, аб якой лятуцелі палякі, аказалася пустой. Каліноўскі кажа, што чакаць ужо на гэную помач няма чаго, a самім трэба брацца здабываць вольнасьць. "Ty, adnak, Narodzie, — піша ён да беларускага народу, — nie dażydajsia, da z czym możesz idzi wajawaci za swajho Boha, za swajo prawa, za swaju chwału, za swaju baćkauszczynu". Прызывае гвалт адкідаць гвалтам, карыстаючыся ўсімі магчымымі спосабамі. "A kali narody zahranicznyja z dziwa razinuuszy rot skażuć: szalonyja! Ty narodzie Wialiki i Czesny, praudaj im adkaży: szto jany sami pryczynaj, szto heto na ich sumleńnie ciażkim hrecham laże!"

Урэшце ў двух апошніх сваіх лістох, пісаных такжа "з-пад шыбеніцы", Каліноўскі сардэчна разьвітваецца зь беларускім народам, просячы помніць аб ім, a такжа кліча народ гэты да далейшай барацьбы, карыстаючыся з паўстаньня ў Польшчы, якое там яшчэ не было зьліквідаваным. "Narodzie, — піша Каліноўскі, — jak tolki poczujesz, szto braty twaje z pad Warszawy bjucca za praudu i swabodu, tahdy i ty nie astawajsia zzadu, no uchapiuszy za szto zmożesz — za kasu, siakieru i cełaj hramadoj idzi wajawaci za swajo czaławieczaje i narodnaje prawa, za swaju wieru, za swaju ziamlu rodnuju". Тут ужо, як бачым, слаўны наш барацьбіт выразна падчорквае патрэбу барацьбы беларускага народу i за яго народнае права.

VII. К. Каліноўскі — беларус

Кастусь Каліноўскі, як гэта відаць зь яго друкаў, быў, безумоўна, згодна з духам свайго часу, сьведамым беларусам i вёў барацьбу за самастойнасьць беларускага народу, але ў рамках польскай фэдэрацыі, якую ён разумеў як вольны саюз вольных народаў. Аднак сярод многіх польскіх дасьледчыкаў мінуўшчыны нашага краю i сярод польскага грамадзянства ўцёрлася пракананьне, што К. Каліноўскі беларусам ня быў, ня меў ніякіх палітычных плянаў адносна народу беларускага, розных ад плянаў агульнапольскіх, i ня бачыў ніякай розьніцы між палякамі з Польшчы i беларусамі ў гістарычнай Літве.

Да польскай нацыянальнасьці некаторыя з палякаў залічаюць К. Каліноўскага дзеля таго, што ён быў шляхціцам. Вось жа, на наш пагляд, справа шляхоцтва ані трохі яму не перашкаджала быць беларусам, бо ж ведама, што шляхоцтва атрымлівалі ў даўнейшай Польшчы за розныя заслугі ня толькі паасобныя беларусы, але такжа нават цэлыя беларускія вёскі. Ведаў аб гэтым такжа i К. Каліноўскі, аб чым i ўспамінаў у адным з нумароў сваей "Мужыцкай праўды".

Староньнікі польскасьці К. Каліноўскага цьвердзяць такжа, што продкі яго паходзілі з шляхты з этнаграфічнай Польшчы. Вось жа справа гэтага паходжаньня такжа няпэўная. Я перагледзеў шляхоцкія радаводы Каліноўскіх у "Herbarzach polskich" Адама Банецкага (t. IX) i Севярына Урускага (t. VI) i не спаткаў там ніякіх падстаў думаць, што наш К. Каліноўскі — хоць бы ў далёкіх сваіх продках — з паходжаньня быў палякам.

Дапусьціўшы ж, што продкі Каліноўскага паходзілі сапраўды з Польшчы, дык i гэта не перашкаджае беларускасьці Кастуся Каліноўскага. Справа ў тым, што калі б нейкі прапрапрадзед К. Каліноўскага i выйшаў з Польшчы, дык гэта мусіла б быць дужа даўно i той род Каліноўскіх, зь якіх выйшаў наш Кастусь, у XIX ст. ужо быў бы зьбеларушчаны дарэшты, што i было сапраўды з Кастусём Каліноўскім.

Да таго ж мусім памятаць, што аб нечай прыналежнасьці да якой нацыянальнасьці, асабліва калі справа ідзе аб інтэлігенцыі, рашучае i бадай істотнае — як уважаюць сучасныя вучоныя, дасьледчыкі нацыянальнасьці — значэньне мае духовае асабістае пачуцьцё чалавека да якой нацыянальнасьці i канкрэтная праца для дабра яе, a іменна гэта прадусім што да беларускасьці i бачым у Кастуся Каліноўскага, які ўсе свае сілы i жыцьцё нават аддаў беларускаму народу.

Цікава ўрэшце такжа i тое, што К. Каліноўскі не любіў шляхты, нічога зь ёй яго не лучыла, зваў сябе ў "Мужыцкай праўдзе" "мужыком ды йшчэ i ўніяцкай веры", a такжа ніколі нідзе не называў сябе палякам, a называў часта гістарычным назовам — літвін, як тады называлі ня толькі самых літвінаў, але такжа i беларусаў, якія ў гісторыі разам зь літвінамі ды i з украінцамі збудавалі супольную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае.

Польскія некаторыя гісторыкі, залічаючы К. Каліноўскага да палякаў, пераважна паклікаюцца на "Пісьмо Яські гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай", у якім аўтар заклікае беларусаў да паўстаньня разам з палякамі, бо "ту, — кажа, — żywiemo na ziamli polskaj, jemo chleb polski, my palaki z wiekou wiecznych!".

Адозва гэта сапраўды нейкая дзіўная.

Дух гэтай адозвы знаходзіцца ў яўнай супярэчнасьці з усімі іншымі вышэй успомненымі друкамі К. Каліноўскага ў сэнсе прадусім нацыянальным. Магчыма, што ён гэтак прамаўляў да беларусаў-каталікоў, якія тады дзеля аднолькавасьці рэлігіі з палякамі i дзеля агульнай цемнаты, напэўна, лічыліся палякамі i якіх палякі такімі ж лічылі, — каб іх вастрэй проціўставіць маскалём. Мог такжа К. Каліноўскі назваць усіх беларусаў палякамі — i Беларусь зь Літвой зямлёй польскай — у значэньні палітычным што да мінуўшчыны, што на землях тутэйшых панавала калісьці Польшча, каб сялянам прыпомніць, што маскаль тут нявечны. Але сказаць, што "мы ямо хлеб польскі", сказаць да сялян, зь якімі Каліноўскі быў усей душой, якіх так высока цаніў працу, — гэта ня ў дусе Каліноўскага. Ведаем, што беларускія друкі, каб заклікаць сялян да паўстаньня, выдавала такжа i буйная шляхта. Вось жа надта магчыма, што нехта зь яе скарыстаў з папулярнасьці Каліноўскага i зрабіў звычайны падлог, падшываючыся пад яго шырока сялянам ведамую мянушку: Яська гаспадар з-пад Вільні. Быць можа, дакладныя студыі над Каліноўскім, асабліва беларускіх гісторыкаў, выясьняць i гэтую невыразнасьць, кідаючую цень як на нацыянальнасьць, так i на беларускія i агульнакраёвыя самастойніцкія ідэалы яго. Аднак паўтараем — тое ўсё, што мы ў гэтым сэнсе аб Каліноўскім сказалі, служыць нам дастатачным доказам i яго беларускасьці, i яго беларускіх палітычных самастойніцкіх ідэалаў.

Гэта ўсё так ясна ў гісторыі, што, напрыклад, віленскі прафэсар Ст. Касьцялкоўскі, які, апіраючыся іменна на гэну адозву Каліноўскага, прыпісвае яму ідэалы агульнапольскія, a ўсё ж такі заве яго "sui generis separatystom", свайго роду самастойнікам22. A гэна самастойніцкае імкненьне Каліноўскага, імкненьне ў пэўнай меры аддзяліцца ад Польшчы, між іншым, пэўне ж апіралася i на яго беларускасьці.

Некаторыя з польскіх дасьледчыкаў асобы Каліноўскага23, залічаючы яго да палякаў у сэнсе нацыянальным i палітычным, паклікаюцца на яго ўласнаручна напісанае паказаньне сьледчай камісіі i далучанае да ягонай сьледчай справы24. Дасьледчыкі гэныя, так цьвердзячы, апіраюцца на тым месцы гэнага дакумэнту, дзе Каліноўскі прасьцерагае Расею прад далучаньнем да яе без засьцярогаў нашага краю, бо кажа, што край наш з Польшчай лучаць сільныя i многія вузлы і, каб узноў ня выклікаць няшчасьцяў, якім былі паўстаньні, вузлы гэтыя трэба развязаць, працуючы над гэтым доўга, умела i сыстэматычна. Знача, прынцыпова Каліноўскі згадзіўся на разблытаньне вузлоў, што лучылі нас з Польшчай, чаго ніколі не сказаў бы чалавек, які пачуваўся б палякам. Агулам Каліноўскі ў гэтым сваім паказаньні нідзе сваей польскасьці не высоўвае, а, наадварот, высоўвае асобнасьць нашага краю ад Польшчы, калі кажа, што польскае паўстаньне ня брала пад увагу інтарэсаў Літвы (знача, такжа i Беларусі), што Літва цьверазейшая ад Польшчы i што дзеля гэтага край наш не хацеў ісьці на паўстаньне, што ўрад расейскі ня мае спачуцьця ў сэрцах літоўцаў (знача, i беларусаў), i агулам Каліноўскі яўна процістаўляе Польшчы край наш, не як польскую правінцыю якую, але як цалком асобны край з асобнымі ад палякаў народамі, які, аднак, з Польшчай гісторыя сапраўды лучыла, асабліва яшчэ ў той час, многімі вузламі.

Ды i аб сабе асабіста такжа Каліноўскі кажа, што ён не хацеў ісьці на паўстаньне, бо яно, як буйнашляхоцкае, нічога добрага краю прынесьці не магло, але, калі стаўся факт, ён, як сын свайго народу, для дабра яго пасьвяціў сябе цалком. Словам, ніякіх падстаў няма лічыць К. Каліноўскага палякам, a ўсё прамаўляе за тым, што ён беларус, бо ён сапраўды такім быў.

VIII. К. Каліноўскі — змагар за палітычную самастойнасьць Беларусі i Літвы

Аб беларускіх (разам i літоўскіх) палітычных самастойніцкіх імкненьнях К. Каліноўскага можна ўжо праканацца з усяго вышэй сказанага. Але аб гэтай так важнай справе маем яшчэ больш выразныя довады, якіх маўчком прайсьці ніяк няможна. Гэткія доказы маем мы ў розных як сучасных Каліноўскаму, так i пазьнейшых аўтараў, у якіх спатыкаем ягоную характарыстыку як палітыка. Прытачу тут прынамсі некаторых.

Гейштар, сябра правінцыяльнага камітэту нашага краю, у першым томе сваіх успамінаў аб палітычных пракананьнях Каліноўскага гавора гэтак: "усей душой i сэрцам адданы народу i бацькаўшчыне, але прасякнуты скрайнімі тэорыямі, прытым літоўскі сэпаратыста"25.

Узноў жа ў другім томе ўспамінаў таго ж Гейштара, між іншым, так чытаем: "Калі выбухла паўстаньне, пераважна ён [Каліноўскі] спрачаўся з Варшавай за заходнія паветы Горадзеншчыны, бо Каліноўскі пры гэтым быў да пэўнай ступені сэпаратыстам"26. Малахоўскі, правая рука Каліноўскага на адным з нарадаў аб паўстаньні, гэтак заявіў таму ж Гейштару:

"Даволі нам гэтай бязьдзейнай ролі, Варшава не разумее нашых патрэб, мы самі павінны радзіць аб лёсе Літвы, мы ўсе тут сабраныя пастанавілі раз нарэшце сарваць тую залежнасьць, якая нас губіць"27.

Далей быў адчытаны праект новых адносінаў між Польшчай i Беларусяй зь Літвой. Паводле гэтага праекту, Літоўскі камітэт, душой якога быў Каліноўскі, чьггаем далей у Гейштара: "быў сапраўды незалежным урадам ад Варшавы, варшаўскі ў ім камісар меў голас толькі дарадчы"28.

Сэпаратыстам заве Каліноўскага Гейштар, гэта знача такім, які імкнуўся да стварэньня зь Беларусі i Літвы самастойнай, асобнай дзяржавы. Пры гэтым мы не павінны забыцца, што слова "літоўскі" аднолькава азначае i беларускі, бо Беларусь у той яшчэ час (дый цяпер многія гэта яшчэ робяць) называлі звычайна гістарычна-палітычным назовам "Літва", праз увагу на тое, што Беларусь уваходзіла ў склад дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. Дзеля гэтай прычыны такіх жа назоваў для нашага народу i краю трымаюцца i іншыя аўтары, зь якімі тут будзем спатыкацца.

Вялікае ў справе палітыкі Каліноўскага мае значэньне i голас В. Ратча, блізкага чалавека да Мураўёва, які загадаў яму пісаць гісторыю паўстаньня ў нашым краі, карыстаючыся, ведама, з самых сьвежых i аўтэнтычных крыніц i вестак. Дзеля гэтай мэты Ратч нават адведваў турэмныя цэлі вязьняў i распытваў аб тым, чаго сам ня ведаў, a што, пішучы гісторыю, ведаць мусіў. Вось жа гэты гісторык у сваей кнізе "Сведения o польском мятеже в Северо-Западной России 1863 г." аб Каліноўскім піша, між іншым, наступнае.

На пытаньне, як дзеячы варшаўскія i краёвыя думалі падзяліцца ўладай, Ратч прадусім адказвае, што гэтае пытаньне яны разьвязвалі дарогай славянскай фэдэрацыі. Далей зь іроніяй піша даслоўна: "Дзеячы Варшавы i Северо-Западнага краю за ўладу ў сэнсе ўзаемных адносінаў i ў сэнсе залежнасьці будучых славянскіх фэдэратыўных часьцін, літаральна гатовы былі раздор свой паддаць (калі не паддалі) сіле кулака псэўданародных прадстаўнікоў, a такжа кралі адзін у другога цэлыя тэрыторыі"29. Натуральна, як бачым, гэту палітычную барацьбу Каліноўскага за самастойнасьць нашых зямель ад Польшчы Ратч стараецца прадставіць у сьвятле асабістых імкненьняў, але для нас сяньня ясна, што гэныя нібы асабістыя непаразуменьні былі фактычна непаразуменьнямі глыбока ідэёвымі, якія баранілі ад Варшавы самастойнасьць нашага краю i нашага народу. Каліноўскі быў чысьцейшым прадуктам усіх "фэдэрацыйных брэдняў" "Колокола", піша далей Ратч. Але гэта не падабалася белым, i яны гэткіх, якія ішлі за сацыяльную рэвалюцыю i "падымалі справы нацыянальныя" ня польскія, іх зараз прыбіралі да рук. "Каліноўскі з настроем герцэнаўскай школы, на чале самалюбных асобаў з чырвоных літвінаў, стойка праводзіў ідэю самастойнасьці Літвы"30... "Варшаўскі цэнтральны камітэт трэбаваў няўхільна залежнасьці ад сябе Літвы, але Каліноўскі трэбаваў права літвінам распараджацца самім сабою. Нават калі i паўстаньне выбухла, спор гэты між Варшавай i Вільняй не спыніўся"31.

Словам, Ратч малюе Каліноўскага як выразнага i сталага барацьбіта за палітычную самастойнасьць Беларусі i Літвы.

Прыточым у гэтай справе голас яшчэ аднаго польскага гісторыка — В. Пшыбароўскага. Гісторык гэты піша:

...Камітэт літоўскі, складзены з гарачых галоў моладзі, вёў заўзятыя споры аб незалежнасьці Літвы... Найвыбітнейшым у камітэце быў Каліноўскі, постаць якога намаляваная найдасканалейшымі i найбольш здэцыдаванымі рысамі... Вызнаўца тэорыі перавароту сацыяльнага... чалавек, аднак, бясспрэчна чысты, вялікай энэргіі i няўхільнага характару. Быў ён без засьцярогаў вызнаўцам фэдэрацыйных праграмаў герцэнаўскага "Колокола"... каб славянскія народы, пазбыўшыся дэспатычных паноў і чужога ярма, вытварылі фэдэрацыю незалежных дзяржаў, якія вобак сябе свабодна маглі б жыць i разьвіваць усе свае народныя асаблівасьці. Вось жа Каліноўскі гэтую тэорыю ўва усей яе шырыні стасаваў да Літвы. Паводле яго, Літва павінна разам з Польшчай дабівацца незалежнасьці, змагацца, каб пазбыцца чужога наезду, але павінна станавіць адзінку асобную, цалком незалежную ад Польшчы i зьвязаную з ёй толькі вузламі фэдэрацыйнымі. Згодна з гэтай тэорыяй, уходзячы ў Літоўскі камітэт, Каліноўскі не хацеў прымаць ніякіх з Варшавы загадаў, a хацеў, каб гэты камітэт кіраваў паўстаньнем самадзельна i ў адносінах да народнага (польскага. — А. С.) ураду займаў становішча ўлады роўнай i нікому непадлеглай... ...У паўстаньні Каліноўскі бачыў прадусім незалежнасьць Літвы, a пасьля сацыяльную рэвалюцыю... 10 ці 11 сакавіка 1863 г. аддзел (польскага паўстанцкага ўраду, што кіраваў паўстаньнем нашага краю — А. С.) заклікаў літоўскіх чырвоных і азнайміў ім, што Камітэт іх ёсьць разьвязаны i перастаў існаваць. На гэта былі пратэсты, што Варшава ня мае ніякага права вырашаць літоўскіх спраў i што літоўскі Камітэт ліквідавацца i ня думае. Асабліва горача i станоўка пратэставаў К. Каліноўскі. Тады аддзел заявіў, што прозьвішчы іх абвесьціць у загранічных газэтах як здраднікаў краю, a ўжо тады маскалі самі патрапяць зрабіць зь імі належны парадак. Аднак Каліноўскі яшчэ паслаў Тымчасоваму Варшаўскаму ўраду ў Варшаве пратэст, але адказу на яго не было. Літоўскі камітэт існаваць перастаў... 32.

Словы Пшыбароўскага, такім чынам, ясна нам малююць i палітычную ідэалёгію Каліноўскага, i тыя спосабы, якімі палякі зь ім ваявалі.

Характэрныя такжа весткі аб гэтым усім падае нам яшчэ ў сваіх успамінах Ю. К. Яноўскі. "Камітэт варшаўскі, — чытаем тут, — быў цэнтральным толькі для Польшчы... асабліва камітэт віленскі ўпіраўся пры самаўрадзтве i асобнасьці. Гневаўся нават за тое, што цэнтральны камітэт забраў пад сваю ўладу пагранічныя паветы Горадзенскай іубэрні"33. Аб сябрах Віленскага камітэту Яноўскі піша даслоўна: "Былі гэта маладыя людзі, поўныя запалу, любові да сваей Бацькаўшчыны. Найслаўнейшы зь ix Каліноўскі... Адносіны Літвы да Польшчы разумеў ён толькі як фэдэрацыйныя — з поўнай незалежнасьцяй Літвы. Ён сусім не ўзнаваў улады цэнтральнага камітэту"34.

Неадрэчы будзе ўрэшце прытачыць аб характары палітыкі Каліноўскага голас яшчэ аднаго гісторыка паўстаньня 1863 г. Б. Ліманоўскага, у якога чытаем:

Быў ён шчырым народнікам (ludowcem). Трымаўся пракананьня, што толькі паўстаньне сялян дасьць вольнасьць літоўскім народам. Народ для яго ня быў толькі аружжам, але прадусім мэтай. Асвабадзіць сялян, зрабіць іх грамадзянамі — вось галоўная мэта. Але сяляне да гэтага дойдуць толькі ўласным стараньнем, самадзельна ведзенай барацьбой. Любіў ён Польшчу, уважаў, што унія зь ёй была гістарычнай канечнасьцяй i што канечнасьцяй гэтай астаецца далей, але адначасова заздросна прасьцерагаў поўнай роўнасьці i самастойнасьці Літвы. Усьведамленьне i арганізаваньне народу ўважаў за найважнейшую дзейнасьць. Дзеля гэтай мэты супольна з Фэліксам Ражанскім выдаваў у Вільні (?!. — A. C.) беларускую народную (ludową) газэтку пад назовам "Мужыцкая праўда"...35.

Гэтак сама прадстаўляюць Каліноўскага многія іншыя ўспаміны, a такжа i розныя гістарычныя працы польскія (Грабец), расейскія (Бранцаў), беларускія (Ігнатоўскі) i літоўскія (Янулайціс). Але даволі нам гэных першараднай вартасьці галасоў або беспасрэдных учасьнікаў паўстаньня, нават часам знаючых Каліноўскага асабіста i зь ім працуючых, як Гейштар, або галасоў тых, што пісалі сваю гісторыю на падставе першарадных крыніц ці на падставе вестак ад людзей — учасьнікаў паўстаньня i навочных сьведкаў, як гэта рабіў — паводле яго ўласных слоў — Пшыбароўскі.

З усіх прыточаных галасоў розных гісторыкаў аб палітычнай ідэалёгіі К. Каліноўскага ясна бачым, што ён сапраўды імкнуўся да незалежнасьці Беларусі i Літвы ў фэдэрацыйнай лучнасьці з Польшчай i што ў гэную фэдэрацыю Беларусь зь Літвой мелі ўвайсьці як сапраўды вольныя, роўныя, палітычна самастойныя дзяржавы. У чым жа мела выражацца сутнасьць гэнай фэдэрацыі, гэнай лучнасьці з Польшчай — гісторыкі не гавораць, дый зразумела: Каліноўскі аб гэтым найменш думаў. Яго баявым i галоўным заданьнем было адваяваць нашаму краю самастойнасьць, незалежнасьць, a форма лучнасьці з Польшчай — гэта справа была цалком другарадная i неістотная.

Але з гэтага не вынікае, што К. Каліноўскі сусім ня меў канкрэтнага паняцьця аб фэдэрацыі. Такое паняцьце ён меў. Каліноўскі разумеў фэдэрацыю так, як тады разумелі яго сучасьнікі.

За часаў Каліноўскага, ды яшчэ i прад ім, існавала i працавала слаўнае ўкраінскае брацтва сьв. Кірылы i Мяфода. Заданьнем гэтай арганізацыі было шырыць ідэю славянскай еднасьці i фэдэрацыю славянскіх народаў. Кожны народ — паводле ідэалёгіі гэнага брацтва — меў тварыць самадзельную рэспубліку i карыстаць з усіх народных правоў, "мець сваю мову, сваю літаратуру, свой грамадзкі лад". Органам фэдэрацыйнага супольнага ўраду, рашаючым супольныя для ўсіх справы, меў быць сойм, зложаны з паслоў усіх народаў. Арганізацыя сьв. Кірылы i Мяфода імкнулася да агульнай роўнасьці i вольнасьці, да скасаваньня станавых прывілеяў, скасаваньня паншчыны, шырэньня асьветы сярод народу, да агульнага выбарнага права, выбарнасьці ўрадаўцаў i т. п.

Вось жа палітычная праграма брацтва ёсьць выразна дзяржаўна-незалежніцкая, a яе фэдэралізм ёсьць абапёрты на аснове агульнаславянскай.

Сябры брацтва: Кастамараў, А. Марковіч, Білазерскі, Гулак i ідэёва да іх збліжаныя Шаўчэнка i Куліш у 1847 г. былі арыштаваны i асуджаны на ссылку. Але ўкраінская народная думка не памёрла. У 1860 г. у Пецярбургу паўстала новая ўкраінская палітычна-народная арганізацыя "Громада", якая далей працавала ў духу ідэі брацтва Кірылы i Мяфода. Такія ж "Громади" паўсталі i ў іншых гарадох. Найслаўнейшай была "Стара Громада" ў Кіеве, да якой належалі Антановіч, Рыльскі, Драгаманаў, Каніскі i інш.

У падобным да брацтва Кірылы i Мяфода дусе працаваў тады, аб якім было ўспомнена вышэй, Герцэн, выдаючы свой "Колокол", у якім пісаў артыкулы ("Украина", 1860 г.) Кастамараў, разьвіваючы ў успомненым значэньні ідэі ўсеславянскай фэдэрацыі i самастойных народаў36.

З гэтымі ідэямі К. Каліноўскі стыкаўся, імі жыў i іх праводзіў у жыцьцё для дабра беларускага народу.

IX. К. Каліноўскі i далейшы лёс ідэі незалежнасьці Беларусі

І так Каліноўскі — гэта першы наш вялікі барацьбіт за вольнасьць сацыяльную i за самастойнасьць народна-палітычную беларускага народу, a такжка часткова i за вольнасьць народаў, засяляючых быўшае Вялікае Княства Літоўскае. За гэтую вялікую ідэю ён змагаўся, працаваў i на алтары любові бацькаўшчыны i народу злажыў маладое жыцьцё сваё.

Значэньне Каліноўскага для беларускай палітычнай самастойніцкай думкі сапраўды вялікае. Справа палітычнай i грамадзкай самастойнасьці нашага Краю i справа самастойнасьці культурнай народаў гэтага краю, a ў іх ліку i беларусаў, замёрла разам зь вялікім Львом Сапегам, якога сёлета 300-лецьце сьмерці прыпадае, але замёрла часова. Прайшло 230 гадоў, i гэтую справу ўскрасіў іменна К. Каліноўскі i павіс за яе на шыбеніцы. Ён сапраўды ўскрасіў дзяржаўніцкую фэдэрацыйную ідэю зямель быўшага Вялікага Княства Літоўскага, якім яно фактычна было яшчэ пасьля Люблінскай уніі, за часоў Льва Сапегі, але Каліноўскі ўжо прадусім зварочваў увагу на народ беларускі, на яго сацыяльныя i палітычна-нацыянальныя патрэбы паводле сучаснага сабе разуменьня i зачаў такім чынам у яго развіцьці эру змаганьня за поўную незалежнасьць Беларусі.

У той час, калі народ быў яшчэ поўным нявольнікам, бо стагнаў яшчэ ў ярме паншчыны, калі цалком забыўся быў аб сабе самім у сэнсе нацыянальным, калі цярпеў такжа няволю палітычную расейскага на яго наезду, калі, агулам гаворачы, цемра беспрасьветная і, здавалася, безнадзейная залягала Беларусь, у той, кажу, час падняць сьцяг за вызваленьне народу, уступіць у так няроўную барацьбу за волю гэтага народу i мець веру ў сэнс гэтай барацьбы — сапраўды, мог толькі вялікі дух, свайго роду геній. Каліноўскі ж сапраўды быў гэткім.

Праўда, варожыя сілы перамаглі вялікага сына Беларусі i завялі яго на шыбеніцу, трыюмфуючы, што разам зь ім назаўсёды замучылі i ягоную вялікую ідэю аб вольнасьці i самастойнасьці беларускага народу. Так яны думалі, a Каліноўскі інакш i тады думаў. У пісьме сваім з-пад шыбеніцы, пісаным сьлязьмі крывавымі, бо, чакаючы сьмерці, прыракаў яшчэ народу свайму любаму, "мужыком" сваім дарагім "з таго сьвету адазвацца". Адазвацца сваей ідэяй, сваімі думкамі, ускрасіць іх нанова, запаліць імі шырокія народныя масы i весьці іх да поўнага вызваленьня. I ня трэба быць містыкам, каб бачыць, што гэта ўсё сяньня сапраўды робіцца.

Каліноўскі завіс на шыбеніцы як ахвяра сваей любові да народу, да праўды вышэйшай i справядлівасьці, як ахвяра свайго палітычнага рамантызму. Але нічога, гэтак трэба было. Ягоная сьмерць, сьмерць волата, сталася зярнём ускрашэньня нашага народу, сталася дужа плоднай у скутках сваіх. У якіх трыццаць гадоў па сьмерці Каліноўскага ягоны сучасьнік, a магчыма, i знаёмы, патрыярх нашага сучаснага адраджэньня Ф. Багушэвіч павёў далей ідэю Каліноўскага, але, навучаны i натхнёны яго прыкладам, павёў яе іншай дарогай, іншым спосабам, дарогай буджэньня ў народзе сьведамасьці нацыянальнай i сацыяльнай. Гэтым ідэям служылі i сяньня яшчэ адчасьці служаць ягоныя несьмяротныя "Беларуская дудка" i "Смык".

Зараз жа пасьля сьмерці Багушэвіча (памёр у 1900 г.), на самым парозе нашага XX ст., паяўляюцца ўжо ня толькі асобы, што далей будзяць беларускі народ да абароны сваіх грамадзка-эканамічных правоў i што будзяць у ім беларускую нацыянальную сьведамасьць, але паяўляюцца ўжо пачаткі грамадзка-палітычных думак, прадусім дзьвюх: з ідэалёгіі рэвалюцыйна-сацыялістычнай i хрысьціянска-эвалюцыйнай, якія працу сваю праводзяць ужо спосабам арганізаваным, грамадзкім, спосабам фактычна адзіным, што сапраўды вядзе да мэты, да незалежнасьці нашага народу.

Прыйшла ўрэшце сусьветная вайна i Вялікая расейская рэвалюцыя. Расея, турма народаў, упала, i некаторыя з гэтых народаў патварылі свае ўласныя народныя хаты. Да гэтай будовы браліся i беларусы. Волю сваю жыць жыцьцём вольным i самастойным выявілі яны грамагласна на сьвет увесь 25 сакавіка 1918 г. празь сябраў Беларускай Рады Рэспублікі, якая род свой выводзіла ў простай лініі ад Усебеларускага кангрэсу, што адбыўся ў сэрцы Беларусі Менску ў сьнежні 1917 г.

У акце 25 сакавіка 1918 г. аказаўся нам узноў Каліноўскі, ягоныя ідэалы ўваскрэсьлі ўва ўсей сваей красе. Уваскрэсьлі яны з большай ужо сілай, у шырэйшых ужо рамках.

Aкт 25 сакавіка 1918 г., снуючы далей думку вялікага Каліноўскага, але ўжо не аглядаючыся на ніякую лучнасьць, на ніякую фэдэрацыю ані з Польшчай, ані такжа з Расеяй, зрабіў яшчэ крок уперад i выявіў волю беларускага народу, што ён вольны i цалком ад нікога незалежны, што ён сам гаспадар на сваей зямлі.

Праўда, i гэты акт так i астаўся актам на паперы. Правесьці яго ў чын не далі нам самалюбныя суседзі нашы, тыя ж самыя, што змагаліся з Каліноўскім i што завялі яго, разам зь ідэямі ягонымі, на шыбеніцу. Але i гэта ніпачом. Беларусы ня падаюць духам: думку Каліноўскага з-пад шыбеніцы аб волі i шчасьці народу, праз акт 25 сакавіка 1918 г., празь нядаўнюю працу нацыянальнай часткі "Грамады" i праз працу цяперашніх беларускіх культурных i палітычных незалежных арганізацыяў праводзяць у жыцьцё. А скуткі працы гэтай відавочныя: сяньня трэба сьцьвердзіць, што народ наш мае ўжо вялікі запас сьведамасьці i сацыяльнай, i палітычна-нацыянальнай, i што народ гэты мае яўную волю жыць i быць гаспадаром на сваей зямлі. I прыйдзе час — мо ня скора, але прыйдзе, — калі волю гэту сваю ён выявіць i ў чын адзене. Для гэтага трэба толькі адпаведнага часу, адпаведнага правадыра, Каліноўскага новага, сучаснага трэба. Верым, што ён сапраўды прыйдзе!..

Праўда, жывема ў часе, калі грубая сіла пануе на сьвеце, якая i нас душыць i цісьне да зямлі, мы, аднак, ведаем, што панаваньне яе ня вечнае. Мы жывём у часе, калі ня звоніць нам ніякі "Zwon" мілагучны, які званіў палякам, калі яны крывавіліся ў паўстаньні, рвучыся да свае самабытнасьці. Мімавольна пытаем тут — дзе польскія Герцэны, Бакуніны, Агаровы, a такжа дзе гэткія самыя вялікія шляхотныя духі сучаснай Расеі ці чырвонай, там у дому, ці белай — на эміграцыі? Няма адказу на гэта пытаньне. Нам звоняць сяньня не званы спагады i прызнаньня, a званы іншыя, цалком іншыя.

Але i гэта нічога. Справядлівасьць перамагае. Адно толькі больш любові i веры да народу i ахвярнай працы над ім, з народам для народу, як рабіў Каліноўскі, a тады — закончу яго ж словамі — "здабудзем такую вольнасьць у нашай бацькаўшчыне, якой ані нашы бацькі, ані нашы дзяды ня бачылі"...

I тады братом сваім, сяньняшнім нашым пераможцам i валадарам, ад шчырага беларускага сэрца працягнем руку сваю дзеля братаньня, дзеля ўскрашэньня вялікага ідэалу: вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі, аб чым сьніў, дзеля чаго працаваў i за што павіс на шыбеніцы наш слаўны Кастусь Каліноўскі!..

X. Апошнія ўвагі i бібліяграфія

Асоба Кастуся Каліноўскага даўно мяне цікавіла, пацягвала i чаравала. Нагоду ж бліжэй зь ёй пазнацца далі мне 70-я ўгодкі ягонай "Мужыцкай праўды", першай беларускай часопісі, аб якой, як i аб самім Каліноўскім, столькі супярэчных i баламутных натварылася паняцьцяў! Вось жа бліжэйшае знаёмства з "Мужыцкай праўдай" бліжэй мяне пазнаёміла i зь яе рэдактарам Кастусём Каліноўскім, аб якім i аб беларускай народнай працы якога паўстала ў мяне думка напісаць асобную манаграфію. З гэтай мэтай прастудыяваў я ўсе даступныя, датычачыя Каліноўскага крыніцы, як архіўныя, так i розныя апрацаваньні, i сабраў нямала патрэбнага матэрыялу. Тым часам надышлі 15-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, разам зь якімі беларускае грамадзянства ў Вільні пастанавіла адсьвяткаваць i 70-я ўгодкі беларускай прэсы, a галоўны рэфэрат на гэты падвойны рэдкі юбілей даручыла апрацаваць i прачытаць мне. Я выбраў тэму, якая азначана ў загалоўку гэтай кніжыцы, a якую беларускае грамадзянства цалком апрабавала. Калі ж рэфэрат гэты быў апрацаваны i прачытаны, у мяне прапала ўсякая ахвота працаваць далей над асобнай манаграфіяй аб К. Каліноўскім, a гэта затым, што ў сваім рэфэраце я бадай усе галоўныя пытаньні аб Каліноўскім закрануў i ў меру сіл сваіх стараўся нат разьвязаць іх, a перад выпускам рэфэрату ў сьвет друкам асобнай кніжыцай я меў магчымасьць сёе-тое ў ім яшчэ дапоўніць. Пэўне ж, асобная манаграфія аб Каліноўскім была б дужа пажаданай: яна дала б больш мэтадычнае i больш навуковае аб ім апрацаваньне, a такжа мусіла б мець перадрук усіх ведамых i даступных арыгінальных дакумэнтаў, але пытаньне, ці была б i як хутка была б магчымасьць надрукаваць яе ў беларускіх сучасных варунках, да такой працы такжа мяне не заахвочвала.

Словам, зрабіў я, што мог, няхай, хто зможа, зробіць лепш. Думаю, што таму, хто "зможа лепш" i хто прыступе да далейшых студыяў над Каліноўскім, на што ён сапраўды заслужыў, — цалком бескарыснай ня будзе i гэта мая кніжыца, i ніжэй паданая аб Каліноўскім i аб пытаньнях, зь ім зьвязаных, бібліяграфія.

***

  • "Mużyckaja Prauda", №№1–7. Бліжэйшыя весткі аб гэтай часопісі падаў я на сваім месцы гэтай кніжыцы. "Бюлетэнь АБСА", №5, 1933 г. на бач. 12 піша, што "ўсе сем нумароў часопісі "Мужыцкая праўда" знаходзяцца i перахоўваюцца ў справах "Его Императорского величества Собственной Канцелярии, Отделение III Экспедиции I, №320, часть 2. O возмутительных воззваниях". Апрача гэтага на тым жа месцы той жа "Бюлетэнь" сьцьвярджае, што ўсе нумары "Мужыцкай праўды" "поўнасьцю зьмешчаны ў кнізе Агурскага", якую я тут падаю, a якой асабіста спаткаць мне не ўдалося.
  • Пісьмы Яські Гаспадара з пад Вільні (Кастуся Каліноўскага) да беларускага народу з-пад шыбеніцы, якія пачынаюцца ад слоў:
    1. "I da naszaha kutka dalacieta wasza hazetka"... Гэта пісьмо даволі доўгае, мала знанае, мае ў сабе акцэнты выразна беларускія народніцкія.
    2. "Maryśka czarnobrewa halubka maja"... У гэтым пісьме К. Каліноўскі пад імем Марыські, як гэта відаць з тэксту яго, разумее Беларусь.
    3. "Braty maje, muzyki rodnyje".
    Усе тры гэтыя пісьмы падае Гілер (I, 327–335) у сваей працы, якая абазначана на сваім месцы. Гілер называе іх пісьмамі Каліноўскага: "З-пад шыбеніцы". Характэрна, што ў двух апошніх пісьмах словы "Беларусь", "беларусы", "беларускі" не спатыкаюцца, яны замяняюцца словамі "Марыська", "мужыкі", "мужыцкі". Прынамсі, гэтак паданы гэтыя пісьмы ў Гілера, беларусы ж звычайна ўжываюць слоў "Беларусь, "беларусы", "беларускі". Арыгіналу бачыць мне не ўдалося, як не ўдалося даведацца, дзе яны ёсьць i ці ёсьць агулам.
  • "Pismo ad Jaśki Haspadara z pad Wilni da Mużykou Ziamli Polskaj". Гэтае пісьмо, загадкавага зьместу, агулам рэдкасьці не становіць. Між іншым, фатаграфія яго знаходзіцца ў Ігнатоўскага гісторыі, аб якой успамінаецца на сваім месцы.
  • Сьледчая справа №№5 i 6 "Мужыцкай праўды" (Палявы аўдытарыят, №18, 1863 г., у Дзяржаўным архіве ў Вільні).
  • Сьледчая i судовая справа Кастуся Каліноўскага (Палявы аўдытарыят, №280, 1864 г., у Дзяржаўным архіве ў Вільні).
  • Сьледчае паказаньне Сымона Каліноўскага (бацькі Кастуся) (Палявы аўдытарыят, №917, 1864 г., т. II, бач. 388–389 у Дзяржаўным архіве ў Вільні).
  • Odpis metryki urodzenia Wincentego Kalinowskiego, zapisanej w księgach metrykalnych Jałowskiego rzymsko-katolickiej parafii kościoła za 1838 rok, pod ą 22, na str. 59, przechowywanych w archiwum Swisłockiego kościoła.

 

  • Агурский C. Очерки по истории революционного движения в Белоруссии. 1863–1917. Минск, 1928 (У гэтай кнізе мае быць перадрук усіх сямёх нумароў "Мужыцкай Праўды").
  • Брянцев П. Д. Польский мятеж 1863 г. Вильно, 1892.
  • Герцен А. Статьи о Польше. Санкт-Петербург, 1907.
  • Ігнатоўскі У. Гісторыя Беларусі ў XIX i ў пач. XX ст. Менск, 1927.
  • Каліноўскі Кастусь i яго "Mużyckaja Prauda" (да 70-лецыдя беларускай прэсы) // Шлях Моладзі (Вільня). 1933. №2(49).
  • Карский Е. Ф. Белоруссы. Т. III. Кн. 3. Петроград, 1922.
  • Колокол, 1858–1861.
  • Миловидов И. А. Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863–1864 гг. в пределах Северо-Западного Края. Ч. 1. Переписка по политическим делам гражданского управления с 1 января 1862 по май 1863 г. Вильно, 1913.
  • Мосолов A И. Виленские очерки, 1863–1865 гг. (Муравьевское время). Санкт-Петербург, 1898.
  • Никотин И. А. Записки. Санкт-Петербург, 1905.
  • Письма М. A Бакунина к А. Л. Герцену и Н. П. Огареву / С биографическим введением и объяснительными примечаниями М. Драгоманова. Санкт-Петербург, 1906.
  • Прус. Рэцэнзія на "Karo archyvas" // Крывіч. 1925. №1(9). С. 113–114.
  • Ратч В. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Вильна, 1867.
  • 70-ыя ўгодкі першае беларускае часопісі // Бюлетэнь Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў (АБСА) (Прага). 1933. Ліпень. №5.
  • Трызна Іван. Канстантын Каліноўскі (гістарычны нарыс) // Беларускі Сьцяг (Коўна). 1922. №4.
  • Цьвікевіч I. Кастусь Каліноўскі (К 60-ці годзьдзю Яго сьмерці). Біографічна-гістарычны нарыс // Полымя. 1924. № 2 (10).
  • Bakunin M. Do Polski, Rosyi i Słowian (пераклад з расейскай). Lwów, 1905.
  • Dwadzieścia pięć lat Rosji w Polsce (1863–1888). Zarys historyczny.
  • Gąsiorowski J. Bibliografia druków dotyczących powstania styczniowego 1863–65. Warszawa, 1923. ąą 435, 533, 632, 656.
  • Gieysztor J. Pamiętniki z lat 1857–1865. T. I, II. Wilno, 1913.
  • Giller A. Historja powstania narodu polskiego 1861–64. T. I. Paryż, 1867.
  • Grabiec I. Rok 1863. Poznań, 1929.
  • Janowski I. K. Pamiętniki o powstaniu styczniowem. T. I (styczeń – maj, 1863 r.). Lwów, 1923.
  • Janulaitis A. 1863 m. Sukilimo vejkėjaj Lietuvoje: I. Kastantinas Kalinauskas // Švietimo Darbas (Kaunas). 1921. №1–2.
  • Janulaitis A. Powstanie w Litwę 1863–1864 r. (tłumaczenie z litewskiego). Wilno, 1922.
  • Karo archywas / Redagavo V. Steponaitis. Kaunas, 1925. S. 222–225. Kościałkowski St. Рэцэнзія кніжыцы Янулайціса аб паўстаньні // Ateneum Wileńskie. 1923. №3–4.
  • L. A. Dyktator Litwy (W sześćdziesiątą rocznicę zgonu) // Przegląd Wileński. 1924. №6.
  • Licz. Konstanty Kalinowski // Gazeta Wileńska. 1906. №17.
  • Limanowski B. Historja Powstania Narodu Polskiego 1863–64 r. Lwów, 1908.
  • N. Кастусь Каліноўскі // Савецкая Беларусь. 1923. №86.
  • Pamiaci sprawiadliwaha // Biełaruski Kalendar "Swajak" na 1919 h. Wilnia, 1918.
  • Padwojny Jubilej (da 15 uhodkaǔ abvieščańnia niezaležnaści Biełarusi i 70-tych uhodkaǔ bełaruskaj presy) // Chryścijanskaja Dumka. 1933. №3(84).
  • Padwojny Biełaruski Jubilej (15-tyja ǔhodki abwieščańnia niezaležnaści Biełarusi i 70-ja ǔhodki bełaruskaj presy) // Biełaruskaja Krynica. 1933. №13(512).
  • Przyborowski W. Dzieje 1863 roku T. III. Kraków, 1897.
  • 70-lećcie bieł. presy ("Mużyckaja Praǔda", 1863 h.) // Беларуская крыніца. 1933. №6.
  • Studnicki W Rok 1863. Wyroki śmierci. Wileńskie zródła archiwalne. Wilno, 1923.
  • Swajak. Pamiaci sprawiadliwaha // Homan (Wilnia). 1916. №1.
  • Tałočka Uł, ks. Chto byǔ Kostant Kalinoǔski? (Pavodle J. Giejštara) // Biełaruskaje Žyćcio. 1919. №10.
  • Tałočka Uł, ks. Z minułych polska-biełaruskich adnosin // Biełaruskaje Žyćcio (Wilnia). 1919. №9.
  • Zieliński St. Prasa tajna // Świat. 1912. 30 listopada.

Вільня, 15.VIII.1933.


[1] Giller, A. Historja powstania 1863 r. Paryż, 1867. T. I. S.176 і наст. у дапіску.
[2] Карский, Е. Белорусы. Т. III. Кн. 3. Петроград, 1922. С. 83–86; Giejsztor, J Pamiętniki z lat 1857–1865. Wilno, 1913. T. I. S. 370–371.
[3] Janulaitis, A. 1863 metų sukilimo vejkėjaj Lietuvoje: I. Kanstantinas Kalinauskas // Švietimo Darbas. 1921. № 1–2.
[4] Ігнатоўскі, У. Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пач. XX ст. Менск, 1927. Бач. 123–127,138–142.
[5] Bakunin, M. Do Polski, Rosji i Słowian (тлумачэньне з расейскага). Lwów, 1905. S. 29.
[6] Письма М. А. Бакунина к А. Н. Герцену и Н. П. Огареву / С биографическим введением и объяснительными примечаниями М. Драгоманова. Санкт-Петербург, 1906. С. 82.
[7] Bakunin, M. Do Polski, Rosji i Słowian... S. 82.
[8] Письма... С. 88.
[9] Дело Временного полевого аудиториата при штабе войск Виленского военного округа. О дворянине Гродненской губернии и уезда Викентии Калиновском. №280 (у Дзяржаўным архіве ў Вільні). С. 34–35.
[10] Giejsztor, J. Pamiętniki... T. I. S. 370–371.
[11] Тамсама. S. 236–238.
[12] Тамсама. Т. II. S. 48.
[13] Миловидов, А. Н. Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863–1864 гг. Ч. 1. Вильно, 1913. С. 144–145.
[14] Audytoriat Polowy. 1864. T. 1. .№1320–1322. S. 270.
[15] Gąsiorowski, J. Bibliografja druków dotyczących powstania styczniowego 1863–65. Warszawa, 1923.
[16] Limanowski, B. Historja Powstania Narodu Polskiego 1863–64 r. Lwów, 1908. S. 171.
[17] Гарэцкі, М. Гісторыя беларускае літэратуры. Вільня, 1920. Бач. 206.
[18] Гарэцкі, М. Гісторыя беларускае літэратуры. Масква – Ленінград, 1924. Бач. 214.
[19] Zieliński, St. Prasa tajna // Świat. 1912. 30 listopada. S. 21–22; Giller, A. Historja... T. I. S. 176; Wasilewski, L. Litwa i Białoruś. Przeszłość — teraźniejszość i tendencje rozwojowe. Kraków, 1912. S. 274. Гансяроўскі, Ліманоўскі і іншыя цьвердзяць, што "Гутарку" выдавалі Грынявецкі i Шварцэ.
[20] Giller, A. Historja... T. I. S. 327–335.
[21] Тамсама. S. 176, дапісак.
[22] Kościałkowski, St. Рэцэнзія кніжыцы Янулайціса аб паўстаньні // Ateneum Wileńskie. 1923. № 3–4. S.587.
[23] Studnicki, W. Rok 1863. Wyroki śmierci. Wileńskie źródła archiwalne. Wilno, 1923. S. 74–76.
[24] Audytoriat Polowy. №280 (y Дзяржаўным архіве ў Вільні).
[25] Giejsztor, J. Pamiętniki... T. I. S. 221–238.
[26] Тамсама. T.II. S.48.
[27] Тамсама.
[28] Тамсама. S. 63.
[29] Ратч, В. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Вильна, 1867. С. 88.
[30] Тамсама. С. 185.
[31] Тамсама. С. 186.
[32] Przyborowski, W. Dzieje 1863 roku. T. III. Kraków, 1897. S. 1–33.
[33] Janowski, J. K. Pamiętniki o powstaniu styczniowem. T. I. Lwów, 1923. S. 15.
[34] Тамсама. S.426.
[35] Limanowski, B. Historja... S. 177.
[36] Łotocki, A. Ukraińska myśl polityczna // Wschód-Orient (Warszawa). 1932–1933. №1–2. S. 12–13.

Публікацыя паводле: Станкевіч А. З Богам да Беларусі, – Вільня, 2008.