Буду шчаслівы памыліцца...
Наша мова ў смяротнай небяспецы. Падсвядома многія беларусы гэта разумеюць, але ў той жа час самі сабе не даюць веры. Бо гэта занадта непрыемная думка. Бо ў нашых вузкіх сямейных і сяброўскіх колах, напоўненых літаратурнымі, навуковымі або проста будзённа-побытавымі інтарэсамі, нярэдка ўсё выглядае не так і страшна.
Аднак трэба глядзець праўдзе ў вочы.
Напярэдадні чарговага перапісу насельніцтва нам нагадалі вынікі папярэдніх. І яны няўмольныя. Калі ў 1999 г. беларускую сваёй роднай мовай назвалі 73,6% жыхароў краіны, дык у 2009 – толькі 53,2%. Усяго за 10 гадоў для пятай (!) часткі нашых грамадзянаў беларуская мова перастала быць роднай. Прытым, што пра масавы ўезд на сталае жыхарства ў Беларусь іншаземцаў у гэтыя гады гаварыць не даводзіцца.
Гэта нацыянальная катастрофа.
Я буду шчаслівы памыліцца, але добра, калі ў перапісе 2019 г. беларуская мова набярэ 30%.
Мы можам абурацца выпадкамі, калі сённяшнія перапісчыкі ставяць усім аўтаматам рускую мову; калі просяць абавязкова перакласці на рускую імёны, названыя па-беларуску. Мы можам крытыкаваць фармулёўкі моўных пытанняў у анкетах і выказваць недавер афіцыйным вынікам перапісу.
Але гэта будзе толькі самасуцяшэннем. Бо хібнасць у 5 і нават 10% насамрэч нічога не мяняе. І ўсе мы стаім перад жахлівым фактам: беларуская мова імкліва становіцца беларускаму народу чужой і непатрэбнай. Для вельмі многіх яна ўжо не матчына, а (у лепшым выпадку) бабуліна. І барані яе Бог стаць прабабчынай...
У апошнія гады шмат гаворыцца пра рост прэстыжу беларускай мовы, пра тое, што яна становіцца элітарнай, папулярнай сярод адукаванай моладзі. Гэта, безумоўна, надае аптымізму. Але ці не спяшаемся мы тут з высновамі? Ці не выдаем жаданае за рэальнае?
Баюся, увесь уздым зацікаўленасці моладзі беларушчынай трымаецца на адным пакаленні. На тых, чыё сталенне прыйшлося на кароткія 5-7 гадоў нацыянальнага адраджэння ў 1990-х. Менавіта іх крэатыўнасцю і пасіянарнасцю створаны многія сённяшнія культурніцка-асветніцкія праекты. У тым ліку – бясплатныя моўныя курсы. Зараз гэтае пакаленне знаходзіцца на піку актыўнасці, і нам здаецца, што насуперак усяму беларушчына будзе жыць. Але ці будзе? За пікам актыўнасці непазбежна ідзе спад. Хто прыйдзе на змену сённяшнім 30-40-гадовым?
Калі паглядзець на сённяшніх студэнтаў? На падлеткаў? Што – там?
У свой час Пімен Панчанка ў балючым пранізлівым вершы пра беларускую мову пісаў:
Хто за намі? Пакаленне прагавітых.
Халуёў я чую галасы.
Нашыя наступнікі – зусім не халуі. У многім яны лепшыя за нас: больш мэтанакіраваныя і разняволеныя. Але яны – прагматыкі, і беларуская мова іх мала цікавіць. Згадайце тых жа перапісчыкаў – сённяшніх студэнтаў – якія без пытанняў ставяць усім рускую мову і шчыра здзіўляюцца, калі ім пярэчаць.
Дзеці не вінаватыя, што амаль нідзе не чуюць беларускай мовы. Што без яе ў сённяшняй Беларусі можна спакойна атрымаць адукацыю, і пабудаваць кар'еру. Што пры дэклараваным дзвюхмоўі, фактычна, у нас адна дзяржаўная мова – руская.
Мы бясконца гаворым пра тое, што за апошнія 25 гадоў дзяржаўныя ўлады выцеснілі беларускую мову з усіх сфераў грамадскага ўжытку. Што беларуская мова ў Беларусі заціснутая ў гета і належным чынам не развіваецца. Але гэта толькі паўпраўда.
Уся праўда ў тым, што нашая мова зараз, у суверэннай Рэспубліцы Беларусь, знаходзіцца ў непараўнальна горшым становішчы, чым была ў Савецкім Саюзе і нават Расійскай імперыі. Бо за ёй ужо няма шматмільённай вёскі, якая пранесла родную мову праз стагоддзі здзекаў і забаронаў. І справа тут не толькі ў фізічным выміранні. У тым ці іншым выглядзе наша вёска будзе існаваць у будучыні. Бяда ў тым, што ўжо зараз яна амаль спрэс – рускамоўная.
Тое, што не здолела зрабіць чужое войска, чужая школа і чужая царква – зрабіла чужое тэлебачанне. Проста і эфектыўна. Ад магутнага вясковага субстрату, дзякуючы якому беларуская мова выжывала вякамі, не засталося нічога.
На жаль, сённяшні хісткі ўздым папулярнасці беларушчыны, які адбываецца насуперак усім акалічнасцям, характэрны толькі для адносна нешматлікіх асяродкаў гарадской патрыятычнай моладзі. Ці будзе гэты ўздым працягвацца, каб атрымаць сапраўды ўсенародны маштаб? Ці не станецца ён астатняй яркай успышкай у гісторыі існавання беларускай мовы? Адказ наўпрост залежыць ад таго, ці падтрымаюць ідэі і памкненні рамантыкаў 1990-х гадоў наступныя пакаленні беларусаў.
Шанец на гэта з'явіцца толькі ў тым выпадку, калі нашы дзеці будуць штодня чуць і судакранацца з беларускай мовай, калі яна будзе часткай іх жыцця. А для гэтага неабходна рэзка павялічыць яе прысутнасць у публічнай прасторы.
Ганак сярэдняй школы №202 ў Менску |
Гэта ганьба, калі на ўсю шырыню ганка сталічнай школы вісіць вялізная шыльда, аформленая выключна па-руску. Беларускай мове тут адводзіцца сціплае месца на невялікай дзвюхмоўнай таблічцы ля дзвярэй.
Гэта ганьба, калі сайт нацыянальнай архіўнай службы больш як за 15 гадоў існавання так і не займеў беларускай версіі, а супрацоўнікі архіваў на беларускамоўныя пісьмовыя звароты адказваюць толькі па-руску.
Гэта – ганьба, бо менавіта ўстановы адукацыі, навукі і культуры ў любой краіне павінны быць фарпостам абароны мовы тытульнай нацыі.
У нас – іначай. Нібыта Беларусь – не суверэнная краіна, а ўсяго толькі правінцыя або суб'ект федэрацыі. І нічога зрабіць немагчыма, бо ўсё – па законе. Беларуская мова стала дармаедкай ва ўласнай хаце – па законе.
Міністр замежных спраў У. Макей адкрыта заявіў пра неабходнасць падтрымкі беларускай мовы, і гэта цешыць. Але адных словаў тут мала. Адвесці нашу мову ад небяспечнай мяжы могуць толькі канкрэтныя дзеянні на дзяржаўным узроўні.
У першую чаргу, у моўным заканадаўстве трэба прыбраць злучнікі "або". Беларуская мова мусіць рэальна быць першай з дзвюх дзяржаўных моў. І прыярытэт гэты належыць непарушна замацаваць дзяржаве.
Усе афіцыйныя пастановы і дакументы павінны спачатку выдавацца на беларускай, а потым, пры неабходнасці, на другой дзяржаўнай мове.
Вулічныя шыльды, унутранае афармленне, інфармацыйныя стэнды, надпісы і падобнае – у дзяржаўных установах павінны ў першую чаргу выконвацца на беларускай мове, і пры неабходнасці дублявацца на другой дзяржаўнай. Роля беларускай мовы ў афармленні ў абавязковым парадку мусіць быць вядучай. Асабліва гэта датычыць установаў адукацыі, навукі, культуры.
Інтэрнэт-сайты ўсіх дзяржаўных устаноў павінны абавязкова мець раўназначныя версіі на абедзвюх дзяржаўных мовах, аднак, менавіта беларускамоўная версія мусіць быць асноўнай, і адкрывацца пры заходзе карыстальніка на сайт.
Неабходна, нарэшце, спыніць ганебную дыскрымінацыю беларускай мовы ва ўніверсітэтах краіны і забяспечыць магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі цалкам па-беларуску, у тым ліку на тэхнічных спецыяльнасцях. Усе адсылкі на адсутнасць беларускай навуковай тэрміналогіі даўно наспеў час пакінуць у мінулым.
Упакоўка ўсёй прадукцыі беларускіх вытворцаў мусіць у першую чаргу афармляцца па-беларуску, а затым, пры жаданні вытворцы, інфармацыя пра тавар можа дублявацца на другой дзяржаўнай мове і мовах іншых краінаў, куды экспартуецца дадзеная прадукцыя. Паверце, акрамя ўсяго іншага, гэта будзе дадатковай асаблівасцю, "разынкай" айчынных брэндаў. Асабліва на расійскім і украінскім рынку.
Нацыянальная тэлерадыёкампанія мусіць вярнуць беларускую мову ў эфір і забяспечыць яе ўжыванне як мінімум нароўні з рускай. Неабходна вярнуцца да практыкі каментавання трансляцый топавых спаборніцтваў па футболе, хакеі, баскетболе, гандболе выключна па-беларуску. А ў перспектыве – распаўсюдзіць гэтую практыку і на астатнія віды спорту, зрабіўшы спартыўны тэлеканал "Беларусь-5" беларускамоўным. Бо менавіта спартыўны кантэнт айчыннага тэлебачання найбольш запатрабаваны і цікавы для моладзі.
Таксама належыць увесці квоту на беларускамоўную музыку ў эфіры радыёстанцый краіны. Падкрэслю, не беларускую, а менавіта беларускамоўную. Прычым, квота гэтая не павінна абмяжоўвацца начнымі гадзінамі, але безумоўна распаўсюджвацца і на прайм-тайм. Гэткі крок прывядзе не толькі да росту папулярнасці многіх ужо напісаных песень, але і стане дадатковым стымулам для беларускамоўнай творчасці айчынных музыкаў.
Трэба зрабіць усё магчымае для беларусізацыі сучаснага лічбавага асяроддзя. Дамагацца, каб глабальныя сеткавыя платформы поўнасцю падтрымлівалі беларускую мову, а найбольш папулярныя праграмы і прыкладанні мелі беларускую версію. Гэта велізарнае поле дзейнасці не толькі для дзяржаўных інстытутаў, але і для неабыякавых грамадзян. Бо ў многіх выпадках праца па перакладзе можа выконвацца бясплатна, намаганнямі валанцёраў. Каардынацыяй гэтай дзейнасці, адсочваннем якасці перакладу, яго адпаведнасці тэрміналагічным нормам можа займацца Таварыства беларускай мовы або іншая аўтарытэтная грамадская (дзяржаўная) арганізацыя ці ўстанова.
І нарэшце. Усе нашы чыноўнікі павінны ў аднолькавай ступені валодаць і карыстацца абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Гэта можа пацвярджацца здачай іспыту з атрыманнем адмысловага сертыфікату. Але экзамен мусіць быць сапраўды аб'ектыўным, і не ператварацца ў фармальнасць ці прафанацыю.
Канешне, гэткая праграма многім падасца наіўнай і ўтапічнай, а яшчэ большая колькасць чытачоў палічыць яе нацыяналістычнай. Хаця, насамрэч, ніякага нацыяналізму тут няма.
Руская мова мае велізарны арэал распаўсюджання, і яе існаванню ды развіццю абсалютна нішто не пагражае. А вось мова беларуская, якая можа існаваць толькі ў межах Беларусі, блізкая да поўнага выцяснення са свайго жыццёвага арэалу. І за гэтым ідзе толькі адно – смерць.
Трэба, нарэшце, зразумець, што сапраўдны нацыяналіст – гэта не той, хто абараняе родную мову ад гібелі, а той, хто, выступаючы на баку былой імперыі або метраполіі, гэтую мову забівае.
Гаворачы пра "элітарнасць" беларускай мовы, не варта перабольшваць ды захапляцца.
Эліты – заўсёды малалікія, пераменлівыя і нярэдка – хутка і незваротна сыходзяць са сцэны. Я не хачу, каб беларуская мова была элітарнай. Я хачу, каб яна была патрэбнай кожнаму грамадзяніну нашай краіны. Не толькі ў духоўным, але і ў практычным плане. Каб веданне беларускай было абавязковай умовай высокага кар'ернага росту ў Беларусі. Толькі ў гэтым выпадку мова нашая будзе жыць.
Усе прыведзеныя вышэй захады могуць прыпыніць працэс моўнага памірання. Аднак каб цалкам спыніць яго і назаўсёды засцерагчы беларускую мову ад знікнення, патрэбна большае. Я быў бы шчаслівы памыліцца, але праз 20-30 гадоў можа быць ужо позна. Калі мы сапраўды хочам захаваць сваю мову, то ў недалёкай перспектыве нам усё ж належыць усвядоміць памылковасць увядзення дзвюхмоўя і вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай. Бо гэта адзіны шлях для яе выратавання.
Іншага ў нас папросту няма.
Артыкул надрукаваны ў газ. "Народная воля", №88(4443) ад 9.11.2019
з невялікімі скарачэннямі.