Назад

Лявон Вольскі. Саўка ды Грышка: вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі найноўшага часу (2010–2012)

Накшталт рэцэнзіі

Цягам амаль двух з паловай гадоў на хвалях незалежнага беларускага радыё гучаў Лявон Вольскі. Штотыдзень з новай песняй. Гэткай "хуткастрэльнасці" мог бы пазайздросціць любы музыка. Але самае галоўнае тут не ў гэтым. А ў тым, што Вольскі выступіў перад слухачамі ў новым, зусім нязвыклым абліччы. Настолькі нязвыклым, што пасля прадстаўлення кожнай новай песні ў сеціве побач з ухвальнымі сталі з'яўляцца і рэзка крытычныя каментары. Маўляў, такі таленавіты чалавек, а займаецца прымітыўнымі сатырычнымі песенькамі-аднадзёнкамі. Аўтару прыгадвалі ягоны альбом "Куплеты і прыпевы", нават папікалі дэградацыяй творчасці. Такая вось безапеляцыйнасць. Калі сатыра — значыць усё, дэградацыя.

"Саўка ды Грышка"
"Саўка ды Грышка"

Услухацца ў песні праекта, удумацца ў ягоны сэнс здолелі не ўсе. Так, менавіта ўсяго праекта цалкам, бо адна песня, праслуханая па-за сувяззю з астатнімі, не можа даць поўнага ўяўлення пра цэласны музычны прадукт.

На першы погляд, "Саўка ды Грышка" Лявона Вольскага — гэта цыкл вонкава простых песень-дыялогаў, песень-спрэчак. Напэўна, самая вядомая на постсавецкай прасторы песня гэткага кшталту — славуты "Дыялог у цырку" Ўладзіміра Высоцкага. І там, і тут артыст спявае рознымі галасамі за абодвух персанажаў. І там, і тут слухачу смешна. Але на гэтым падабенства заканчваецца. Бо калі песня Высоцкага чыста жартоўная, бытавая, дык песні Вольскага пра Саўку з Грышкам — вострая сатыра. А жарт і сатыра гэта, як кажуць, дзве вялікія розніцы.

Героі беларускага фальклору, сябрукі, якія некалі разам "ладзілі дуду", пасталелі, уладкаваліся ў жыцці і... апынуліся, так бы мовіць, па розныя бакі фронту. Савелій стаўся дробным выканкамаўскім чыноўнікам і, вядома ж, зацятым прыхільнікам улады, а Рыгор — гэткім жа "махровым" апазіцыянерам. Але ж яны беларусы. І супрацьлеглыя палітычныя погляды ніколькі не перашкаджаюць ім сябраваць далей, сустракацца, абмяркоўваць апошнія навіны, спрачацца наконт іх.

Натуральна, Саўка гаворыць на трасянцы, а Грышка чыста па-беларуску. І спрэчкі ў іх атрымліваюцца гарачыя, часам ледзьве не да бойкі:

— А я табе з нагі заеду ў плечы!
— А ты січас тычка палучыш в печань!

Але заканчваецца ўсё мірна. І неўзабаве сябры-спрачальнікі сустракаюцца зноў, каб абмеркаваць чарговую падзею ў жыцці краіны.

Кожная больш-менш значная навіна знаходзіць сваё адлюстраванне ў размовах Саўкі ды Грышкі. Абмяркоўваюць яны ўсё. Ад прыёму Беларуссю былога кіргізскага прэзідэнта Бакіева да ўвядзення негалосных "чорных спісаў" дзеячаў мастацтва. Ад масавых судзілішчаў-пасадак, што адбываліся пасля 19 снежня 2010 года, да эканамічнага крызісу і маўклівых акцыяў лета 2011-га...

Паводле песень Саўкі ды Грышкі фактычна можна вывучаць гісторыю Беларусі 2010–2012 гадоў. Важна тое, што яны не проста фіксуюць падзею, але і раскрываюць стаўленне да яе з боку розных пластоў беларускага грамадства. Саўка выказвае ідэі кансерватыўнай часткі, якую ўсё задавальняе і якой не патрэбныя ніякія перамены. Грышка ж наадварот на баку прыхільнікаў нацыянальных каштоўнасцяў і еўрапейскага шляху развіцця Беларусі. Найбольш яскрава гэтыя супярэчнасці выяўляюцца ў адносінах да палітычна матываваных прысудаў. Калі абураны Грышка выказвае ўпэўненасць у адэкватным адказе на беззаконне ў Беларусі з боку цывілізаванага свету, Саўка з'едліва парыруе:

Ой-ёй-ёй-ёй-ёй, цывілізаваны!
Адны арабы, туркі, негры і цыганы!
А есьлі хто-та заляцеў па угалоўке,
Дык што яго нам – гладзіць па галоўке?

Усякія каментары тут будуць лішнія. Многія беларусы сапраўды лічаць, што палітычных зняволеных у нас няма. Як жа, яны ж усе сядзяць па крымінальных артыкулах...

Не менш красамоўны момант, калі даўнія сябрукі пачынаюць размаўляць пра "рэканструкцыю" беларускіх старадаўніх храмаў, падчас якой замест аўтэнтычных шатровых дахаў на вежы-званіцы ставілі тыповыя для Расіі цыбулепадобныя купалы. Абурэнню патрыёта-Грышкі няма межаў. А Саўка ў адказ яму:

Рыгор, не перадзёргівай і не прэувелічывай
Напялілі цыбуліну на цэркаў – і атлічна.
Зато ані ня ўзялі нічыво із госбюджэта.
Спасіба вам, царкоўныя страіцелі, за эта!
[…]
Ты што-та, Грыша, сільна рукамі замахал…
А чэм цібе ня нравіцца, к прымеру, Тадж-Махал?
А в обшчэм-та ня стоіт нам дзяржацца за стар’ё,
А лучшэ строіць новае, красівае, сваё,
Красівае сваё… мнагакварцірнае жыльё.

Вядома, у такіх спрэчках аўтарская сімпатыя на баку Рыгора. Але, відавочна, не заўсёды. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. сябры абмяркоўваюць кандыдатаў і закранаюць тэму нібыта забойства адным з іх кацяняці. Тут бескампраміснага апазіцыянера-Грышку і "панесла":

І правільна мяркуюць у народзе —
З катазабойцам нам не па дарозе...

У адказ з вуснаў Саўкі ўжо без ценю з'едлівасці і здзеку гучыць ісціна, якая чамусьці ніяк не дойдзе да многіх беларускіх палітыкаў:

А я скажу вам, што адзін мужчына
Сьмяёцца ад вазьні вашай мышынай.
Он з вамі паіграецца, як коцік,
А потым возьме ў роцік і праглоціт.

Як бачым, праект "Саўка ды Грышка" — не проста вострая сатыра, не проста хроніка падзеяў у жыцці нацыі за два гады. Гэта яшчэ і праўдзівы зрэз настрояў у грамадстве. Часцей за ўсё Саўка з Грышкам зацята спрачаюцца, але ў некаторых выпадках іх погляды на падзеі збліжаюцца. І... нават супадаюць.

У песні, прысвечанай выхаду Рыгора са следчага ізалятара КДБ, Саўка, відаць, шчаслівы, што сябра выйшаў на волю, гатовы разам з ім заспяваць рэфрэн:

Амерыканка...

Аднак боязь згубіць працу, відавочна, бярэ верх, І мы чуем толькі "м-м-м-м" у такт мелодыі.

Збліжаюцца сябры і ў стаўленні да серыялу "Хросны бацька", паказанага НТБ. Але сапраўднае яднанне адбываецца ў час газавага канфлікту з Масквой. Апазіцыянер і выканкамаўскі чыноўнік раптам адзінадушна (!), заўзята, з запалам спяваюць:

Расея, зараза,
Ня хоча падзяліцца газам.
Быкуе, казьліцца,
Ня хоча газам падзяліцца.

Абедзве песні, прысвечаныя "газавай вайне", я б назваў найлепшымі ў праекце. Тут і бліскучы гумар, і выдатнае музычнае афармленне. Чаго вартае адно выкарыстанне старой рэвалюцыйнай песні "Неба ранішняга сцяг". Не магчыма не згадаць таксама пра артыстычнае майстэрства аўтара. Тая ж песня "Гуд-бай, Яўропа", дзе скарыстаныя матывы "Муркі", без крымінальна-блатняцкіх інтанацыяў Саўкі слухалася б зусім па-іншаму. Але сапраўдны шэдэўр выканаўчага майстэрства — гэта "Byelorussia", дзе Саўка спявае па-ангельску з тыпова беларускім вымаўленнем. Ужо сам па сабе гэты спеў — сатыра. Вострая. Знішчальная:

Byelorussia
Crazy and so fine
Byelorussia
Vodka and cheap wine
Red and green and constitution
We don’t need a revolution!

У звязку з той сітуацыяй, у якой апынулася Беларусь пасля снежня 2010 года, можа паўстаць пытанне: а ці не блюзнерства гэта — смяяцца ды сцябацца, калі людзі — толькі за тое, што любяць сваю краіну і хочуць ёй шчасця — атрымоўваюць здзеклівыя ярлыкі, пазбаўленыя магчымасці нармальна працаваць, зведваюць пераслед, сядзяць у турмах... І ўсё ж, не. Здаровы смех — не блюзнерства. Ён лечыць. Ён дапамагае людзям жыць у самыя цьмяныя, чорныя часы. Выжываць і захоўваць людскасць.

Лявон Вольскі прэзентуе "Саўку ды Грышку" ў Менску. Фота Юрыя Бондарава
Лявон Вольскі прэзентуе "Саўку ды Грышку"
ў Менску

Вядома, не ўсе штотыднёвыя выпускі "Саўкі ды Грышкі" аднолькава ўдалыя. Але чакаць гэтага было б неразумна, бо ў прыродзе не бывае нічога аднолькава бліскучага. Гэты праект, безумоўна, стаўся падзеяй. І стаўся гісторыяй.

Лявон Вольскі завяршыў "Саўку ды Грышку", заклаўшы на ўсякі выпадак магчымасць працягу. Цікава, што ў ЗША з'ехаў не Грышка, які ўжо разглядаў варыянт эміграцыі, а Саўка. З'ехаў, расчараваны ў беларускай рэчаіснасці пасля таго, як яго ледзь не звольнілі з выканкама:

Ілюзіі быстра маі уляцелі,
Кагда cь іспалкома уволіць хацелі.

Ці будзе працяг — вырашаць аўтару. А нам, удзячным слухачам, застаецца час ад часу пераслухоўваць выбраныя песні праекта. І... разбіраць яго на цытаты.

Ілюстрацыі: RL, Юры Бондараў.

Тузін найлепшых спеваў ад Саўкі ды Грышкі
з суб'ектыўнага гледзішча аўтара артыкула

  1. Газ
  2. Газавая вайна
  3. Маналог Саўкі
  4. Byelorussia
  5. Дайце дзенег
  6. Рэпрэсіі
  7. Фермеры
  8. Цыбуліны
  9. Чорныя спісы
  10. Пляваць мы хацелі
  11. Мат
  12. Туды-сюды — суды, суды

Саўка ды Грышка. 100 песень