Назад

Алесь Чобат

Час касінераў

Ты цяпер не адзін –
да народа вяртаецца вера
у другое жыццё.
Прэч маўклівасць і згоду сваю!
І да нашых мясцін набліжаецца час касінераў,
і наступіць на горла аднойчы мой люд гадаўю!

Нам не трэба дазволу...
Мільёны забітых за намі.
Гэта наша зямля,
гэта нашы лясы і палі.
І гудуць у нябёсах
паўстанцкія душы званамі,
а нашчадкі паўстанцаў
збіраюцца зноў на зямлі...

Зноў нас будуць душыць
з дапамогай глухіх ды спакойных.
Мы яшчэ павандруем
далёка за Нёман і Сож,
калі час касінераў
заменіцца часам бяззбройных,
калі час безгаловых
цялём папляцецца пад нож.
Зноў "шалёных" няма!
Без гарантыі кроку не ступяць
і не вераць нікому,
і слова сказаць не даюць.
Гэта наша зямля,
гэта наша адданасць і тупасць,
калі ў збітыя душы
яшчэ дадаткова плююць.

Толькі нам не канец.
Мы працяг да другіх пакаленняў.
Грамадзяне з натоўпу
рабіцца людзьмі пачалі,
бо Кастусь Каліноўскі
застаўся ў душы і сумленні,
а не ў голым граніце
застаўся на гэтай зямлі.

 

Публікацыя паводле: Новы Час, 2003. №2(7)