Назад

Алесь Дудар

Шанхайскі шоўк

Урывак з паэмы1

Ой, ня плачце вы, песьні баянаў, —
вам ня выплакаць волі сьлязамі:
наш напеў — вясельлем буяным,
мы сягоньня сьпяваем самі.

Што мне, што мне чужы Вера-Круц2,
акіянаў бязьмежныя сіні...
Хай сабе канцавосьсяў круг
самкнецца ў лясох Бразіліі...

Я ніколі ня бачыў Рыма,
а можа ніколі ня ўбачу.
Я кажу, што мая краіна
сягоньня зусім інакшая.

Хто сказаў, што ў сягонешні дзень
я краіне чужой малюся?..
Не забыць мне ніколі, нідзе,
што я сын маладой Беларусі.

Здраднік той, хто ня хоча ісьці
пуцінамі роднага краю...
Не затым сягоньня ляціць
мая песьня пад неба Кітаю.

І у нас былі дні такія...
Ты скажы, беларуская вёска,
ці ты помніш, як покліч кінуў
да цябе Кастусь Каліноўскі...

Помнніш,
помніш пажараў зарава?..
Сёньня зноў гэткі час настаў,
бо тады Беларусь партызаніла,
як цяпер партызаніць Кітай.

Моцна зерне Кастусь засеяў —
аж сягоньня яшчэ відаць...
Мне здаецца —
Кастусь Сун-Ят-Сэну3
даводзіцца родным бацькам.

Толькі мы —
на другой пуцявіне,
мы іначы глядзім на сьвет...
Што нам ворагаў злых павучыньне
у вялікай краіне Саветаў!..

Камяністым Ленінскім шляхам
мы прышлі да сваіх лятуценьняў...
Дык даволі, баяны, плакаць,
ды наводзіць на сонца цені...

Хай налётчык белы піруе...
Ўстане,
ўстане кітайскі Кастусь...
Вось затым пра Кітай пяю я,
што кахаю сваю Беларусь...

 

Чэрвень 1925 г., Полацак

Публікацыя паводле: Дудар А. Шанхайскі шоўк, – Мн., 1926.