
Сьмерць Кастуся Каліноўскага
Паэма1.
Паўстаньне згашана, зламана,
Надзея згублена ізноў.
Па краю ўсім крывавяць раны
Пад дзікі рогат казакоў.
Гуляюць царскія найміты,
Гуляюць каты і прымус!
Літва і Польшч крывёй заліта,
Ляжыць стаптанай Беларусь.
У замець сьнежнаю, уночы,
І там, і тут сьмяротны крык —
Няшчотай жорсткаю ласкочыць
Ізноў маскоўскі штык.
І там, і тут — пажары сьвецюць
На доўгі-доўгі сьнежны шлях.
Ідуць па ім паўстаньня дзеці,
Апошні раз — у ланцугах.
Казак і кат...
Пятля і куля,
На згашшых вогнішчах — крывёй
Спраўляюць п'янае разгульле
Над "усьмірэннай" стараной.
І трупаў, трупаў — Божа слаўны!
Хто не расстрэлян — той — вісіць,
Хто не павешан — той сасланы,
Або за кратамі сядзіць.
2.
Паўстаньне згашана, зламана,
Крывавы цешся Мураўёў:
Літва і Беларусь зламаны
Ляжаць памочаны ў кроў.
Усюды кат і бат маскоўскі
Здавілі грудзі ўсім жывым.
І на'т сам слаўны Каліноўскі
Ужо ня страшны болей ім.
І імя грознае "дыктатар",
Ня страшна болей маскалём.
Хаця ня з бою, — а праз здраду,
За кратай звоніць ланцугом.
Пануры мур — вастрог... і краты
У лёху цёмным і сырым:
Сядзіць зьняможаны зусім.
О лёхі!
Як страшна чуць сябе між вамі,
І знаць, — што згінеш тут адзін.
Тады, як сонца .над палямі,
Прастору шыр і неба сінь!
Чаргой праходзяць успаміны.
У сумных думах змагара:
— Нястрашна гінуць...
— Трэба — згіну!
— Але каб згінуць не дарма!
— О, мой народ!
— О, Край мой сонны,
— Цябе я — слабы ня збудзіў!
— Ты сьпіш, як спаў, душой пакорны
— І сонны блудзіш, як блудзіў.
— І на'т ня чуеш мукі сына,
— Якога выдаў сам на крыж,
— За грэх які?
— Якія віны?
— За што бязвінны ты цярпіш?
— Дакуль-жа будзеш спаць, народзе,
— Дакуль у блудзе і цямрэ,
— Чужынец у дзікім карагодзе,
— Таптацца будзе па табе?
— Душу атравіла няволя,
— У паняверцы зьніч твой згас,
— Цярпеньня гора і нядоля
— У хаце сталі на папас.
3.
Маўчаць муры... маўчаць нямыя, —
Нічым ня ўзрушаны вастрог.
Нядолі сьведкі векавыя, —
Што ім увесь боль людзкіх зьнямог?!
Адзін змагар па. лёху ходзіць,
З ім дум яго гульлівы рой
Як-бы праверыць шлях свой хочыць,
Ці суд трымае над сабой.
— Кастусь, Кастусь, ты згінеш, брат.
— Ты лішні стаў у людзкой сям'е.
— Каму свой сьцяг пакінеш спадкам
— І думы вольныя свае? —
— І тыя дробныя зярняты,
— Што ў ноч кідаў з размаху ты,
— Ці ўзойдуць там, ля шэрай ;хаты,
— У краіне сну і цемнаты?
— Замоўкне кліч "Мужыцкай Праўды",
— Загасьне душ бунтуючых аўтар,
— Бо вы загінеце абодва, —
— І ты — і Яська-Гаспадар.
— Усіх другіх малую жменю,
— Як лісьце вецер разьнясе.
— Мо толькі ў новым пакаленьню,
— Пра вас хтось песьню пранясе.
— Прыму ўсё!..
— Зьнясу пакорна і лагодна,
— І нават моладасьць маю
— Аддам як дар Краіне роднай,
— І сэрца жар,
— І ўсю бунтарную душу!
— Аднога толькі ня выбачу,
— Адно з сабой я панясу, —
— Табе, народ, — нярупнасьць нашу.
— І веру чыстаю маю!
4.
Заласкатаў засоў іржавы.
Вартаўнік дзьверы адчыніў:
— Там клічуць вас на суд дзяржаўны,
— Ідзём са мной, — прагаварыў.
— На суд, на зьдзек, на глум крывавы!
— На суд апошні йдзём, Кастусь!
— Аўтар дыміцца — трэ ахвяры
— За сонны грэх твой, Беларусь.
— Літву і Польшч крывавай шматай
— Пакрые сёньня шмат сыноў.
— Яны ішлі з Табой, дыктатар, —
— Ісьці за імі будзь гатоў.
5.
Пакой вялікі і шырокі,
У муры панурым і старым
Заняў сялібай суд высокі, —
Вайсковы суд сабраўся ў ім.
Тры заслужоных гэнэралы
Яго вялічаства, цара,
У парчу і золата прыбраны
Судзіць сабралісь бунтара.
Навокал столу селі чынна,
На ўзбоччу — грозны пракурор
І слугі ўсе, як быць павінна,
Як увялося з даўных пор.
А на сьцяне арол двухглавы,
Карона царская над ім —
Сымбол тыраніі праклятай
І перамога над слабым.
Як быццам жартамі над праўдай —
Сымболям праўды лёг на стол
Перад судзьдзямі — сьмех дапраўды —
Хрыста расьпятага сымбол.
І так вясёлы гэнэралы,
Як бы спадкалісь на піру.
Ня дзіў — сышлісь крывавай справай
Служыць крываваму цару.
Старэйшы з іх рукою тлустай
Махнуў таўпе пакорных слуг.
Таўпа варушыцца паслушна
Згадаць яго ўладны рух.
І адчынілі дзьверы з кратай.
У таўпе жандармаў-вусачоў
Ідзе на суд "Літвы дыктатар" —
Патомак слаўных Крывічоў.
І скрыжаваліся пагляды
Вачэй судзьдзі і вязьняра. —
У вязьня думная пагарда,
А люта злосьць — у судзьдзі была.
Жандармы шчыльнаю таўпою
Вядуць і садзяць змагара
І, шашкі выняўшы, канвоем
На варце сталі бунтара.
6.
Судзьдзя, адкашляўшыся, і паважна
Вялізну кнігу расхрыстаў,
І тонам строгім і выразным
Свой суд пытаньнем распачаў:
Судзьдзя:
— З якога роду?
Дзе жыў —
І як завуць?
Кастусь:
— Я з беларускага народу,
Яму служыў,
А імя — унукі ўспамянуць.
Судзьдзя:
— Ня будзьце вы такім упартым,
Пазвалі вас тут па загаду
Вышэйшай ўлады, — не пара
На жарты. —
Вы бунтавалі проці ладу
І волі бацюшкі-цара?
Кастусь:
— Але, я бунтаваў! Вы — правы,
У гэтым шчыра прызнаюсь!
Падняў я першы сьцяг крывавы
За працы люд! — І Беларусь.
Ня трэ' нам ласкі прымусовай!
Ня трэба нам апякуноў.
Ваш цар — крывавы гнёт вяковы
Пад вывескай — славян братоў! —
Сабраўшы нацыяў бязьліку,
У Расею-матушку сваю,
Вы аддалі сям'ю вяліку
На жор хіжацкі маскалю.
І кожны рух "самазашчыты"
Плямён славянскае сям'і
Вы, каты, — царскія найміты,
У пажарах топіце й крыві.
Ужо блізак, блізак дзень расплаты
Для вас — народаў грабары.
Штыхамі й петлямі вы, каты,
Той ня стрымаеце пары.
Судзьдзя:
— Маўчы! Бо дорага заплаціш,
Так нас абразіўшы й цара.
Ты, ты бунтар! — мяцежнік дзікі!
Ты — абаронца мужыка?!
На лад магутны і вялікі
Як паднялась твая рука?
Дык знай: заплаціш нам багата,
Дыктатар хамаў і рабоў!
Ты згінеш марна ў лапах ката,
У пятлі вяроўкі між стаўпоў.
Кастусь:
— Так, ізноў вы правы, правы!
Я ня збудзіў народных мас,
Прайграў я справу, гэнэралы,
Заплатай сьмерць прыму ад вас,
Ня страшна сьмерць і вашы кпіны!
Даўно аддаў я справе ўсё,
А сёньня толькі для Краіны
Аддам — жыцьцё!
Пракурор:
— Яшчэ ня страчана надзея,
Яшчэ ня згублена ўсё.
Адкрый намеры нам і дзеі —
Даруем мы табе жыцьцё.
Судзьдзя:
— Падумай...
Наш цар ёсьць міласьцівы,
А за цябе папросім мы,
І будзеш ты ізноў шчасьлівы,
Вясёлы, вольны і жывы.
Адкрый нам толькі бяз утойкі
Ліхіх памоцнікаў сваіх,
І главароў мяцежнай шайкі
Літоўскіх, польскіх і сваіх.
Кастусь:
— Такой агіднаю цаною
Жыцьцё сабе я ня куплю.
Таргуйце вы, паны, сабою —
Я кроў братоў не прадаю.
Судом ня вашым я асуджан,
Ад вас я толькі сьмерць прыму,
Бо кожны слаб [з] вас і заблуджан
Судзіць мяне — й маю віну.
Ёсьць суд патомкаў, ёсьць і Бога:
За шлях пражыты на зямлі.
Ня вы, — яны асудзяць строга.
Вы-ж — гістарычныя нулі.
Ня вам, ня вам судзіць, паверце,
Народнай волі змагароў:
Ахвотна мы ўсе памерці
І рэдка хто — прадаць гатоў.
Вы памылілісь, гэнэралы!
Дармо спакусы... Я — ня ваш!
І вашых "срэбранікаў" мала,
Я — барацьбіт, а ня Юдаш.
Усё прыму... на'т мукаў болі.
І толькі тутака зьмірусь,
Адно — ня здраджу я ніколі
Працоўны люд і Беларусь!
Няхай — памру!
Вы — сьмерць расславіце маю.
З крывавых мукаў
У сэрцах унукаў
Я ў помсьце жорсткі і багаты,
Як агняцьветам, расьцьвіту
На гібель вашу, каты!
Судзьдзя:
— Маўчы! Даволі гэтых думаў.
Ня сьмей рабіць нам прыгавор,
Мы над судом ня сьцерпім глумаў.
За вамі слова, пракурор.
Пракурор:
— Я доўга гаварыць ня буду,
Высокі суд, — тут ясна ўсё,
Я дамагаюся прысуду
Сьмяротнай кары для яго.
Ён дзіка йшоў супроць улады
І волі рускага цара,
Са сьцягам помсты і пагарды,
З вар'яцкай мэтай бунтара.
І пакананы — прад вамі
Гразіць асьмельваецца тут,
І робіць гордамі славамі
Усёй манархіі прысуд.
Мяцежнай думаю заняты,
Прыгатаўляў ён гібель нам.
Няхай-жа сяньня, у дзень расплаты,
Высокі суд! — ён згіне сам.
Судзьдзя:
— Што скажаш ты на абарону
Сваіх сьмяротна цяжкіх він?
Свой тон, мяцежнага разгону
Пакінь!
Ты пакананы і адзін!
Кастусь:
— Мяне асудзіця, я знаю
І згіну я — няхай.
Цаной жыцьця распачынаю
Я барацьбу за родны край.
Са мной ня згінуць мае дзеі
І дух народнай барацьбы:
Не пераможаце ідэі
Вялікай праўды на зямлі.
Судзьдзя:
— Пакінь мяцежныя пагрозы,
Дарма нас помстаю ня страш.
Мы праўду вашу пераможам,
Як кожды рух і протаст ваш.
А лепш, дыктатар разьвянчаны,
Главар бунтуючых рабоў,
І нашай праўдай пакананы,
Спадкацца з сьмерцю будзь гатоў!
Кастусь:
— О я даўно гатоў!.. памру...
А вам прыпомняць сьмерць маю!
Судзьдзя:
— Маўчы!
Даволі глуму слухалі твайго!
Жандармы! — вывесьці яго!
7.
І лёха зноў у сырой вязьніцы,
І ў ёй Кастусь адным адзін,
І думы яго крынічуць
У сьмяротным ходзе каляін.
— Памру, памру!.. няхай... ня шкода
Пражытых дзён і на'т жыцьця,
Бо ёсьць патрэбнай для народу
Ахвяра гэтая мая.
О, Беларусь! — мая Марыська!
Каханьне шчырае маё.
Бывай! — расстаньне надта блізка,
Бывай, змаганьне і жыцьцё!
Бывай, нядоля і пакута,
Народ, засьмягшы у паўсьне,
Яшчэ ня скора скінеш путы
І жыць пачнеш сабой сабе.
Народзе, устанеш! — і парукай
За лёс твой сяньня сьмерць мая.
З няволі зьдзеку, крыўд і мукаў
Паўстанеш да жыцьця!
Ня вер, ты толькі, мой народзе,
Ні дабрадзеям, ні паном,
Куй новы лёс з сабою ў згодзе
І вер — сабе і мазалём.
Спаткае чорны час — ня гніся,
У буру моцным будзь — ня трусь!
Мяне ўспомніш — памаліся,
А я з-за сьвету адклікнуся.
І не прадам цябе, ня здраджу,
Ні на гары, ні ў лагу,
А зблудзіш ноччу — я дараджу,
Знайсьці дарогу памагу.
Бывайце й вы, сябры змаганьня
З-пад знаку белага арла,
Мы разам йшлі аж да расстаньня,
Хоць мэта розная вяла.
О, сьмерць, прыходзь! Я ўжо гатовы
І ня бунтую — ня крычу.
Здымай-жа, кат, мае аковы,
Памерці вольным я хачу.
Усё аддаў!
Нічога не пакінуў,
Парваў з жыцьцём я ніткі ўсе —
Адно засталась толькі — згінуць,
Трэба — згіну!
Зямелька, маць, прымі мяне!..
8.
У Вільні рух маскоўскіх падхалімаў,
Лукіскі пляц людзьмі.занят.
І шыбелніца паміж імі.
Пад шыбелніцай — царскі кат.
Зігцяць, блішчаць штыхі жаўнераў,
Грыміць сярдзіта барабан,
Праз іх паходкай цьвёрдай сьмелай
Ідзе наш Каліноўскі сам.
І з ім яго сябры змаганьня,
Героі Польшчы і Літвы.
Разьбіткі грознага паўстаньня,
Народу верныя сыны.
На эшафот Літвы дыктатар
Усходзіць цьвёрдаю нагой,
Навокал ціш... а пракурор
Прысуд чытае прад таўпой:
— Мяцежнік, шляхціц Каліноўскі
На сьмерць асуджаны за бунт.
І, па загаду Мураўёўскім,
Павешан сёньня будзе тут.
Кастусь:
— Ня шляхціц я!..
У нас паноў няма!
У нас ёсьць толькі працы люд,
І за яго я гіну тут!
::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::::
І згінуў ён — ахвярны і вялікі
Пад шум таўпы і бубна гук,
Павіс — змагар Кастусь.
І з тых ніхто ня чуў, каго ён клікаў
У апошні час сьмяротных мук,
Бо спала Беларусь!
Таболы, 1934