
Паплечнікам Каліноўскага
1
Такім быў век, такім быў час.
І абывацель адзначае,
Што гэты выклік быў для Вас
Пустой надзеяй і адчаем.
Цяпер саромяцца вякі,
Але ж занесена ў скрыжалі,
Што беларусы-мужыкі
Вас за рублёўкі выдавалі.
Расстрэл, павешаньне або
Выгнаньне з ганьбаю з Радзімы…
І міма царская любоў,
Чыны і ўзнагароды – міма.
І ўсё жыцьцё – пад хвост кату.
А мо, вышэйшае ёсьць штосьці,
За свой утульненькі катух?
Дык назавіце, ягамосьці!
2
Мы ўсё маўчым. Нясьпешна мы
Ядзім нявольніцкія стравы.
І, не вылазячы з турмы,
Сваім жыцьцём умела правім.
Усё нясём у сьвет бяду,
Жывём у страшнай паняверцы,
І пад скарынкай чэрствых душ
Спакойна, тупа б'юцца сэрцы.
Я ўздоўж і ўпоперак прайшоў –
О, не змяніўся, родны Край, ты!
І праз сто пяцьдзясят гадоў –
Даносчыкі і эмігранты…
3
Эх, беларуская зямля,
Няўжо цябе так лёгка кінуць?
Няўжо цябе любіць здаля,
Лягчэй, чым за цябе загінуць?!
Калі ж прачнешся, родны Край,
І назавеш сваіх герояў?
Калі напішуць ў букварах
Імёны іхнія з любоўю?
4
Ад нас таілі Вашых дум,
Высокіх Вашых дум імкненьне –
Ды не схаваеш роднасьць душ
І сэрцабіцьцяў ў пакаленьнях.
Час пройдзе, і міне адчай,
Што сёньня цісьне нашы грудзі.
Вас не забудзе вольны Край,
І Ваша праўда нашай будзе.
2013